Октавіё Пас (1914-1998)

СОЛА ДЛЯ ДВУХ ГАЛАСОЎ

і іншыя вершы (1957-1987)

 

 

Сола для двух галасоў

У ніякай іншай эўрапейскай мове
няма столькіх
словаў-прывідаў...


(Х. Коромінас, Крытычна-этымалягічны
слоўнік гішпанскай мовы)

Але калі сказаць Не
сьвету й сучаснасьці
сёньня (зімовы сонцаварот)
не азначае сказаць
Але
калі сказаць зімовы сонцаварот
сёньня ў сьвеце
Не
Азначае сказаць
Але
калі сказаць сёньняшні сьвет
азначае нічога не сказаць
чым тады
ёсьць Сьвет Сонцаварот Зімовы?
Чым тады ёсьць—казаць?

Ужо некалькі гадзінаў
я чую з чорнага панадворку гук
падзеньня кроплі вады.
Яна падае, я пішу.

Зімовы сонцаварот:
сонцаспын,
ра-згублены сьвет.
Сонца-адлюднік,
нязрушная белая чырвань.
Дрымотнай белай зямлі
чарноцьце,
кінутай сама на сябе, нібы
камень на вылёце.
Душа ў маркоце
за сьвет,
скрыга скаргаў
душа
скрушна скрыгоча ў скрыні.

Невідочная кропля падае
на вільготны цэмент на двары,
а таксама ў маім пакоі.
На палове маёй развагі
я спыняюся, нібы сонца,
бязьдзейны
пасярэдзіне сябе самога,
падзелены.

Сьвет сьведчыць,
сугучча зярнятаў сэнсу:
цнатлівіцы, засьвячоныя
(сьвяточныя,
што ў сьвятаровай сьвіце са сьвечкамі
нясуць Сьвятой Марыі прысьвечаньне)
дзяўчаты вясковыя
што царыцу Цырцэю шануюць хлебам і воскам;
дзяўчаты нібы пшаніца,
што паміж грудзей і вачэй
уздымаюць ушанаваньне,
Вялікодныя Ўваскрэсіны:
Матка боская з Палеткаў,
цябе
вянчае невыдумнай каронай
кош поўны хлябоў.
Да бялюткасьці расьпечаны хлеб,
дзяўчаты, раскоша кашоў,
іржаны хлеб, ячны хлеб,
пчаліны хлеб, квецень-хлеб,
грудзі паўстаюць жывым алтаром,
шклянкі з сонцам па-над зямным сталом:
я ем і п’ю, аз есмь чалавек.

Бразгаўка зь зернем усярэдзіне, верш:
пахаваць у зямлі слова,
вогненнае насеньне,
у целе Цырцэі,
тройчы ўзараным;
пахаваць яе на двары,
прадзяўбаць цэмент
упартаю кропляй,
кропляю чэрні.
Дзеля чорнай багіні,
што пад сьнегам сьніць, бы камень,
накрэсьліць каня вады,
накрэсьліць на гэтай бачыне
каня травы.

Сёньня зімовы сонцаварот:
Певень сьпявае,
ледзь сонца ўстаць пасьпявае.
Сьмех, галасы, скокі, бубны,
па-над зьнямелай зямлёю
пошуг дзявочых спадніцаў
быццам вецер што носіцца ў асацэ,
быццам вада што бруіць з каменю.
Дзяўчаты,
гарластыя гарлачыкі,
вада праліваецца,
віно праліваецца,
вагонь праліваецца,
пранікае ў вантробы,
камень прачынаецца:
ён зацяжарыў сонцам.
Быццам хлеб у пячы,
дзіця распаленага каменя
ёсьць нічыйным дзіцём.

Сам-насам са слоўнікам
абтрасаю сухую квецень,
словы, дзяўчаты, зярняты,
гук каменьчыкаў
па-над белай і чорнай зямлёй,
спустошанаю.
У халодным паветры двара
цнатлівіцы разьлятаюцца.
Толькі цэмэнт і вільгаць.

Сьвет —
ня толькі булка ды каляровы хлеб.
Увесь слоўнік
ёсьць несказаным сьветам:
ад зімовага сонцавароту
да вялікодных уваскрэсінаў,
кіруючыся насустрач
гадзіньнікавае стрэлцы
знойдзеш:”сьцяна, сурочыць, стронга, сафізм,
рошчыны, рондаль, рапуха,
псальм, праклён, парык, Парыж,
опіюм, ныркі, намер, наліўка...”
Прайсьці шлях ад канца,
вярнуцца да першай літары
ў зваротным кірунку
насустрач сонцу,
да камня:
зярнятка,
кропля энэргіі,
зялёны скарб
паміж чорных грудзей багіні.

Я пішу супраць плыні,
супраць загіпнатызаванай стрэлкі,
супраць сафізмаў гадзіньніка:
стрэлка, нібыта цень,
рушыць за сонцам,
бы сонца бязь цела,
ценем ад сонца,
заўжды папярэдняга;
быццам сабака, яна
валачэцца за сонцам,
якое сыйшло,
і растала ў нябыце, за ценем сонца.

Не кругавы рух,
майстра стварэньня прывідаў:
спакой
у цэнтары гэтага руху.
Не казаць казані: выказваць.
Сьвет што запынены ў ценю,
сьвет-чысьцец, голы быццам косьць,
казаць ёсць ачыстай,
абразаньнем дрэва памерлых.
Казаць ёсьць пакаяньнем словаў,
падзелам на белае й чорнае,
вільготны цэмент на двары,
няведаньне аб чым я кажу
паміж адсутнасьцяй і прысутнасьцяй
гэтага сьвету, пакінутага
свайму ўласнаму заняпаду,
сьвету, што ўпаў кропляй чэрні.

Пісьмо не ляжыць на старонцы:
памяць яго ўздымае
паветраным манумэнтам.
А хто ўзгадвае пра саму памяць,
хто ўздымае яе, з чаго яна паўстае?
Тварам да сьветліні, асьветніцтва,
памяць ёсьць корань у мораку.

Яе сілкуе морак,
яе сілкуе нябыт:
ня словы твае, а забытае ў словах
ёсьць іхным значэньнем:
сёньня зімовы
сонцаварот у сьвеце
сёньня ты падзелены
у гэтым сьвеце
сёньня ёсьць сьвет
душа ў маркоце і маркота ў сьвеце


Уводзіны ў матар’ял

Рыканьне рухавікоў
разводзьдзе ракі
сьвістаньне бізуна
тармазовы сковыт
бязглузьдзіца
Пацяруха нэонавых квантаў
электрычнае сьветла й ягоныя пісягі
Шматкаляровая ноч
у аздобах знакаў
падморгваючых літараў
навязныя мігі лічбаў
Ноч зь незьлічонымі цыцкамі
й адной адзінай крыважэрнай зяпай
узбуджаныя каты ўсходжаныя малпы
Ноч заваленая касьцямі
ноч-шкілет
пражэктары мацаюць твае патаемныя месцы
аброчнік цела твайго
каўчэг духу
вусны шнару
імшыстая шчыліна ў прадказаньні

Места
гурба каменьня
ў кішэні зімовага сьпінжаку
Ноч нарастае
расьце ейнае трызьненьне
пахмурныя вежы з жахам на шыях
хаты храмы ратонды
ўкамянелы час
цяжкія малекулы сну й гонару
зіма значыць іх сваёй жосткай зброяй
каменьне прапаленае да касьці
кісьліною стагодзьдзя
безыменнае зло
зло што ў кожным з найменьняў
увагнанае
ўвабранае
нават костнаю мазгаўнёй жалеза
сьляпымі злучвамі каменьня

Места
паміж тваіх сьцёгнаў
вымяральнік часу
занадта позна
занадта рана
У тваім чэрапе
змагаюцца дымістыя эпохі
ў тваім ложку
спарваюцца стагодзьдзі жалобы
Места зь нечытэльным абліччам
памяць што дробіцца на кавалкі
твая прамова слабога розумам
тканая з рацыяў
цячэ ў маіх артэрыях
і ў мяне ўвушшу грукоча водгук складоў
тваёй няскончанай фразы

Нібы хворы, што сьцёк крывёй, паўстае
месяц
па-над высокімі стрэхамі
месяц які
быццам п’яны падае тварам у брук
Вулічныя сабакі
абгрызаюць дарэшты месяцовую косьць
Праязджае канвой вагавозаў
па месяцовых целах
Кот пераходзіць месяцовы мост
Разьнікі ўмываюць рукі
ў месяцовай вадзе
Места губляецца ва ўласных вулках
засынаючы ймгненна ў пустых мясьцінах
места згубілася ў сваіх ускраінах

Вымяральнік часу
час надыйшоў
яшчэ заўчасна
сучаснасьць гэта тое што ў гэты час
на часе парахаваць з часам
сучаснасьць гэта ня час
гэта гэты час а не су-час
час частуецца сучаснасьцяй

Час надыйшоў
зачыняюцца вокны
муры зачыняюцца
зачыняюцца ірты
словы вяртаюцца на свае месцы
зараз мы больш самотныя
Сьведамасьць і ейныя пісарчукі-васьміногі
сядаюць за стол
трыбунал асуджае ўсё тое што я пішу
трыбунал асуджае ўсё тое што я маўчу
Крокі часу што ўваходзіць і кажа
што ён кажа?
што ты кажаш? кажа мая думка
ты ня ведаеш што ты кажаш
пасткі розуму
злачынствы мовы
змарнуй напісанае
напішы змарнаванае
той і гэты бакі гішпанскае мовы часоў артрыту

Яшчэ сёньня я мог бы сказаць усе словы
зьляпіць хмарачос ашчэраны словамі
агромністае й бессэнсоўнае места
грандыёзны неўраўнаважаны помнік
Бабілён бабы лён асобна
іншыя стварылі цябе
майстры
вялебныя несьмяротныя
што сядзяць на сваім пасадзе з аськепкаў
іншыя стварылі цябе чалавечая мова
тлум
словы што распадаюцца

Вярніся да ймёнаў
восяў
шырокіх сьпінаў гэтага сьвету
хрыбтоў што нясуць без намогі час
Імёны
шкло сьцяты лёдам позірк
мур нічыйная маска
кнігі з высокім ілбом
надзьмутым варагуючымі меркаваньнямі
паслужлівы стол на карачках
дзьверы апячаткаваныя дзьверы
Імёны
ісьцізны з выбітым дном

Час не цяжкі
гэта цяжар тугі
Рэчы месьцяцца не на сваім месцы
ў іх няма свайго месца
Нярушныя
й рухомыя
яны распускаюць крылы
запускаюць карані
пазногці зубы
яны маюць вочы й кіпці кіпці кіпці
Яны сапраўдныя прымхлівыя цялесныя
яны тут
да іх нельга даткнуцца

Імёны ўжо не ймянуюць
ня кажуць тое што кажуць
Я б мусіў сказаць што яны ня кажуць
Я б мусіў сказаць што яны кажуць
камень кроў спэрма
шал места гадзіньнікі
паніка ўсьмешка паніка
Я б мусіў сказаць што яны ня кажуць
праміскуітэт усялякага ймя
безыменнае зло
імя ўсялякага зла
Я б мусіў сказаць што яны кажуць
аброчнік цела
каўчэг духу


На досьвітку

Хуткія сьцюдзёныя рукі
адзін па адным размотваюць
бінты начной цемры
Расплюшчваю вочы
Пакуль што
яшчэ я жывы
ў самым цэнтры
незагоенай сьвежай раны


Тут

Мае крокі па мокрым бруку
маюць водгук
у іншым завулку
ў якім
мне чуецца грукат
маіх крокаў у гэтым завулку
ў якім

толькі туман сапраўдны


Азнакі

Сёньня каршук праляцеў
Па-над маёй галавой...


Рубэн Дарыо

Натуральны прадукт, у капсулях, адчыненыя
ці зачыненыя, загадзя збаўленыя душы,
Эльвіра й спадарыня Сонейка;
у кожнай калысцы
Эрас і малако: рахманае страваваньне
бяз тых старагрэцкіх кашмараў;
бальзамы
зь Бібліі ці паводле дыялектыкі, сэдатывы
пры спарахненьні, заняпады гісторыі,
жудасьці каляніяльнай пары,
штуршкі, індэйцы, негры, крэк, сухоцьці,
крызісы, паэты-самотнікі, сама-
крытыка, паслабнае, схізмы, путчы, зацьменьні;
спорт і культура для ўсіх
тутэйшыя дзеці: у палёх не схавацца
усюды адны пахаваньні;
блохі
апранутыя паводле моды мэтраполіяў,
на пляжах малюскі-эратаманы
пад знакам Рака;
вакацыі
ў месяца на рагах;
газ, амнэзія,
выпераасабленьні, выпарэньні,
дасягненьні мэтаў і іншыя матэматычныя
дзеяньні з пурытанскім нулём;
маральная
калянэтыка, лабатамія,
лячэньне сном, аргазмы па тэлефоне,
пераносныя складныя вясёлкі...

Пустэча выхваляе ўголас
абязбольную філянтропію.


Пешаход

Ён ішоў паміж люду
па бульвары Сэбасто
й думаў аб чымсьці сваім.
Чырвоны яго спыніў.
Ён зірнуў угару:
па-над
шэрымі ходнікамі ляцела
між карычневых птушак
пакрытая срэбрам рыбіна.
Сьветлафор паказаў зялёны.
На тым баку вуліцы ў самога сябе
ён спытаўся: аб чым гэта я думаў?


Спын

(памяці П’ера Рэвэрдзі)

Прамільгнула
некалькі птушак
і адна чорная думка.

Шум дрэваў,
шум цягнікоў і матораў,
гэты момант—сыходзіць ці настае?

Сонечная цішыня
пераўзыходзіць усьмешку й стогн,
утыркаючы дзіду
ў каменьне глыбока, да скамянелага крыку.

Сэрца-сонца, камень, які патыхае,
крывавы камень, што ператвараецца ў плён:
раны ўскрываюцца й боль сыходзіць,
і жыцьцё маё толькі здаецца жыцьцём.


Слова напісанае

Нарэшце напісанае першае
слова (як заўсёды іншае, а ня тое,
што падумалася—тая рэч,
што невыказанаму супярэчыць,
што маўкліва яго вымаўляе)
Нарэшце напісанае першае
слова (адно, два, тры—
сонца ўзышло, твой твар
пасярэдзіне калодзежа,
нязрушны бы зьбянтэжанае сонца)
Нарэшце напісанае першае
слова (чатыры, пяць—
каменьчык яшчэ ня ўпаў,
глядзі на свой твар пакуль ён далятае, лічы
велічным учынкам падзеньне)
Нарэшце напісанае першае
слова (угары ёсьць яшчэ
адно, іншае, ня тое што падае—
яно ўтрымвае твар, сонца, час
па-над безданьню: гэтае слова
папярэднічае падзеньню й адліку)
Нарэшце напісанае першае
слова (два, тры, чатыры—
ты ўбачыш твой спляжаны твар,
ты ўбачыш распылёнае сонца,
ты ўбачыш камень у разьбітай вадзе,
і ўбачыш той самы твар, тое самае сонца,
нязрушнае на паверхні той самай вады)
Нарэшце напісанае першае
слова (працягвай далей,
словаў няма—апроч словаў іхнага ліку)

Слова прамоўленае

Слова ўздымаецца
са сьпісанае бачыны.
Слова,
сталяктыт, працай пазначаны,
калюмна, накрэсьленая
рупліва, літара па літары.
На каменнае бачыне—
скрыга водгуку маналітная.

Жывое,
белае бы старонка,
паўстае яно
гонка.
Па нацягнутай ледзьве
нітцы зь цішы да енчаньня
крочыць па лезіве
ўжываньня дарэчнага.
Вуха: хутанка
ці блукальня чутнага.

Сказанае не выказвае
невыказнага: як сказаць
ім нявыказанае?
Скажы
мажліва вясталка нясталая

Розгалас
на дне кратэра які згас:
у іншай якой галяктыцы—
па-якому будзе балякацца?
Вымаўленае вымаўляецца
зьлева направа й наадварот.
Мазгі разьмяклі да мязгі
вата ў мазгох вар’ятаў:
цьвінтар ёсьць сьвіран,
насеньне нясе басянятаў.

Блукальня слыху,
прамоўленае адмоўленае
ад маўчаньня да крыку—
слыхам няўлоўленае.

Цнота а ня цотна-няцотна:
перш чым казаць навучыся маўчаць.


Аракул

Халодныя начныя вусны
сказалі слова
ўзьнялі слуп смутку
ня слова а камень
не камень а цемра
дымістая думка
вада для маіх дымістых вуснаў
слова праўды
прычына ўсіх памылак
як гэта сьмерць то я жыву адзіна ёю
як гэта адзінота я яе агучваю
яна ёсьць памяцьцю адылі я ня помню
не разумею яе але веру ў веду
майго самаспазнаньня
і ў веду як пазбыцца гэтай веды
ў час што расплюшчвае павекі й болей
сябе ня бачыць і глядзіць на нас


Сяброўства

Час надыйшоў чаканы
На стол згары ападае
неперадана доўга
расплецены волас лямпы
Ноч робіць вакно агромністым
Нікога
адно прысутнасьць безыменная навокал


Пэўнасьць

Калі ёсьць праўдай белае сьвятло
Гэтае лямпы, і калі ёсьць праўдай
Рука, што піша, ці ёсьць праўдай вока,
што пазірае на напісанае ёю?

Па слове, ад слова да слова
сказанае мною зьнікае.
Я ўсьведамляю сваё
Існаваньне ў дзьвюх дужках.


Краявід

Дождж і цьвёрды камень,
ня столькі камень, як час,
вечнае рэчыва.

Па ягоных шнарах
нерухома сьцякае
вады непарушная цнота.

Бясконцае ўскладае
камень на камяні
й каменьне на паветра.

Разгортваецца сьвет
такі як ёсьць, як сонца
запыненае ў бездані.

Млосная раўнавага:
скалы важаць ня больш
за нашыя ўласныя цені.


Тоеснасьць

Мяне знадворку вабіць птах,
за ім—манэта ў двух скачках.

Порх—і згубіўся ён, зірні,
бы жменька пер’я ў вышыні.

Магчыма, прымхай зрок цярпеў,
і я—ня той, хто тут цяпер.


Дзяўчынка

Паміж сутоньнем, што ўпарціцца,
і ноччу, што назапашвае моц—
пагляд аднае дзяўчынкі.

Яна спыняе пісаньне ў сшытку,
і ўся ейная істота стаецца парай вачэй,
засяроджаных на выпарэньні сьвятла з мура.

Што яна бачыць—свой пачатак ці скон?
Яна б сказала, што нічога.
Бясконцае ёсьць празрыстым.

Ёй ніколі не даведацца, што яна бачыла.


Сам пан час

Гэта ня вецер
гэта ня крокі сонныя вады
між скамянелымі будынкамі й дрэвамі
наводдаль ад чырванаватай ночы
гэта ня мора, што ўздымаецца па сходнях
Усё спакойна
сьвет прыроды сьпіць
месца схапіць імкнецца ўласны цень
шукаючы заўсёды нечага, сябе,
згубіўшыся ва ўласнай безабсяжнасьці
й ніколі не натрапіць
не пакіне сваіх межаў
Вочы заплюшчу й бачу рух машынаў
што сьвецяцца згасаюць сьвецяцца
згасаюць
ня ведаю, куды яны імкнуцца
Ад сьмерці не ўцячы—
ці нам вядома болей?

Стары на зэдліку гамоніць сам з сабою
Зь кім мы вядзем размову ў адзіноце?
Мінуўшчына забытая
будучыні не даждаць
Яму няведама, хто ён
жывое цела пасярэдзіне ночы
гаворыць, абы гаварыць
Каля жалезнага паркану парачка ў абдымках
яна сьмяецца, штось пытаецца,
ейнае пытаньне ўзьлятае й раскрываецца ўгары
У гэты час на небе—аніводнай моршчыны
з дрэва ўпалі тры лісты
нечы сьвіст на рагу вуліцы
у будынку насупраць запальваецца вакно
Як дзіўна ўсьведамляць, што ты жывы!
Крочыць паміж іншых
хаваючы вядомы ўсім сакрэт тваёй жывосьці

Бязьлюдныя сьвітаньні ў Зокало
толькі нашае трызьненьне
ды трамваі
Такуба Такубайя Хочымілько Сан Анхэль Коёакан
на плошчы што памерам большая за ноч
сьветлы ўключыліся
яны гатовыя нас везьці
у бездань часу
на край сьвету
Чорныя рыскі
зачэпавых штахетаў паўстаюць
супраць каменных нябёсаў
шлейф іхных порскавак, даўгі язык вагню
вугольле што прапальвае цямрэчу
птах
ляціць пяе ляціць
у ценю нечасаных ясеняў
ад Сан Пэдро да Міхоаку ў двайным шэрагу
Чорназялёны небасхіл
маса вільготнай цішы
палае па-над нашымі галовамі
між тым як мы крычым скрозь скрыгат
запозьненых трамваяў
гутарым праязджаючы ўскраінамі
пад грукат руйнаваньня вежаў

Калі я жывы, тады я яшчэ крочу
па гэтых самых брукаваных вуліцах
твань лужынаў трывае з чэрвеня па верасень
пад’езды высокія сьцены дрымотныя гароды
нядрэмны толькі
бела лілова белы колер
водар кветак
бясплотныя суквецьці
У паўзмроку
амаль што жывы ліхтар
насупраць засохлага муру
Сабака брэша
пытаючыся ў начы
Хто йдзе нікога
гэта вецер увайшоў у таполевую алею
Хмары запачацьце разбурэньне й зноўку хмары
зруйнаваныя храмы новыя дынастыі
каменьне й катастрофы ў небе
Горні акіян
хмары па-над узвышшам—дзе ж акіян зямны?

Настаўнікі вачэй
аблокі
дойліды цішы
І зьнянацку бяз дай-прычыны з-за проста так
прыходзіла слова
алебастар
як гонкая празрыстасьць без назову
Ты сказаў
што зробіш зь яе музыку
замкі складоў
І не зрабіў нічога
Алебастар
ня водар і ня кветка
сьцябло бяскроўнае бяз соку
абрэзаная бялюткасьць
горла адзіна горла
сьпеў ня ладу ні складу

Сёньня ўночы я жывы струменіць
без настальгіі ноч
струменіць горад
струменіць бачына, дзе я пішу
і я сплываю з плыняй маіх словаў
Мной не пачаўся сьвет
І мной яму ня скончыцца
Бо я
біцьцё ў біцьці ракі быцьця
Дваццаць гадоў таму Васконсэлос сказаў мне:
“Прысьвяціце сябе філязофіі
Што вам жыцьцё
бараніцеся перад сьмерцю”
І таксама Ортэга й Гассэт
у бары на возеры Родано
“Вучыце нямецкую мову
ды пачынайце думаць
забудзьцеся пра астатняе”

Я не пішу дзеля таго каб забіць час
ані каб уваскрасіць
я пішу каб жывіць сябе й аджываць
Сёньня ўвечары з аднаго мосту
я ўбачыў як сонца ўваходзіла ў воды ракі
Усё навокал палала
палалі статуі дамы парталы
Плённыя гронкі ў вінаградных рошчах
шчыльныя кулі вадкага сьвятла
сьвежасьць сасудаў сонечных
Парасткі порскавак таполевая алея
нярушная гарызантальная вада
пад небам і падпаленыя сьветы
У кожнай кроплі вады
пільнае вока
вага агромністага хараства
ў кожнай адкрытай зрэнцы
Запыненая рэчаіснасьць
на сьцябле часу
бязважкае хараство
Нетаропкі адбітак
час і прыгожасьць ёсьць адным
вадой і сьветлам

Пагляд якім жывая прыгажосьць
час што сябе ня памятае ў воку
бязважкі сьвет
ці ня стане хараства
каб ураўнаважыць цяжар чалавека?
Скуль мне ведаць
Я ведаю чаго зашмат
а не чаго стае
Няведаньне складанае, як гожасьць
аднойчы я пазбуду веданьне й расплюшчу вочы
Магчыма час не мінае
мінаюць вобразы часу
калі час незваротны дык зваротныя прыснасьці
У гэтым жыцьці ёсьць іншае жыцьцё
тая смоква вернецца сёньня ўночы
сёньня ўночы вяртаюцца іншыя ночы

Тымчасам як я пішу, мне чуваць ход ракі
ня гэтай
а той, што здаецца гэтай
Гойданьне імгненьняў і мроіваў
дрозд на шэрым тле камня
ў сьветлай пляме сакавіка
чэрань
цэнтар усіх сьвятліняў
Не прысьнёнае прадчуваньне
адчуваньне прыснага
і нічога больш
нічога больш цэльнага поўнага
Гэта ня памяць
ня думка альбо жаданьне
Гэта ня тыя самыя хвілі
а іншыя
заўсёды іншыя й заўсёды тыя самыя
яны ўваходзяць каб нас выгнаць із саміх сябе
нашымі вачыма яны бачаць нябачнае для нашых вачэй
Усярэдзіне часу ёсьць іншы час
спакойны
без гадзінаў безь цяжару бязь ценю
безь мінуўшчыны й бяз будучыні
толькі жывы
што стары той на зэдліку
адлюднены аднолькавы заўсёдны
Нябачны нам ніколі
Ён—празрыстасьць


Выдыхаючы паветра

1.

Нябёсы суднага дня. Пяць гадзінаў.
Белыя сьцені: птушкі ці галасы?
У скроні маёй пульсуюць маторы.
Час сьветліні: зруйнаваная вежа,
незанятая паўза між сьветлам і сьветлам.

Усе камяні ператварыліся ў думкі,
і горад адрываецца сам ад сябе.
Выасабленьне. Сьвет болей ня бачны.
Сьвятло яго зжэрла. У тваёй памяці—
ці будуць мае косьці разгарачаным часам?

2.

Марнае мармытаньне шкілета
зь бязглуздым полымем і з вадой
што ня мае памяці і зь вятрыскам
што ўсё ў сьвеце блытае і зь зямлёй
што маўчыць і глынае ўласныя словы.

Найбольшае, што ад мяне застанецца:
твае літары, сьлед ад зубоў жыцьця,
пячатка крыкаў й крокаў часу,
чорны апёк, незагойны шнар
ад каханьня на белай, бы косьць, паперы.

3.

Сонца ценю Сонцацень-зьмяя
нябачанае ўбачаць мае вочы
што погляд іхны марна выглядаў—
бачаньня й бачнага зваротны бок

Салют бялюткіх лютняў абсалют
капліцы камяні мякіны мозгу
літасьць бязьлітаснай магільнае пліты
ухвалы пахавальныя ды сьвечкі сьвяткаваньня

Хаўтуры ў Мэксыцы—усё яшчэ
барочныя
Памерці ўсё яшчэ—
памерці, дзе й калі заўгодна

Заплюшчыць вочы сярод бела дня
яшчэ нябачанага дня каторага-любя
што твае вочы ўбачаць а мае ўжо не


Бяссонная ноч

(паэтам Андрэ Брэтону й Бэнжамэну Пэрэ)

А дзесятай вечара ў Cafe d’Angleterre
акрамя нас траіх
не было нікога
Знадворку чуўся вільготны крок восені
крок сьляпога асілка
крок лесу які блізіцца да места
Тысячарукая й тысячаногая ймгла
з дымістым тварам безаблічнае пастаці
восень рушыла да цэнтру Парыжа
упэўненымі крокамі сьляпога
Людзі ішлі па велічным прашпэкце
нейкія зь іх няяўным жэстам прыкрывалі твар
Прыгожая нібы папэсса прастытутка
перайшла на той бок вуліцы й зьнікла ў зелені
мура што зноў за ёю сыйшоўся
Усё ёсьць брамай
дастаткова лёгкага штурханьня думкі
Штосьці рыхтуецца
прамовіў адзін з нас

Хвіліна рашчапілася на дзьве
я прачытаў азнакі на абліччы ймгненьня
Жывыя між жывых
ходзяць сталеюць лётаюць выбухаюць
памерлыя жывыя
о вы яшчэ агорнутыя ліхаманкай косьці
вецер гайдае іх і расьцярушвае
суквецьці падаюць ва ўлоньне ночы
Горад адкрыўся быццам сэрца
нібы плён смоквы які ёсьць таксама кветкай
больш прага чымся ўвасабленьне
ці ўвасабленьне прагі
Штосьці рыхтуецца
сказаў паэт

Тая самая нерашучая восень
той самы хваравіты год
плён-прывід што сьлізгае паміж пальцамі стагодзьдзя
год боязі час чутак і калецтва
Ніхто ня меў аблічча таго дня
ў скляпеньнях лонданскай падземнае чыгункі
Замест вачэй
агіда асьлеплых люстэркаў
Заместа вуснаў
рыса зашытая няўпэўненымі швамі
Ніхто ня меў крыві ніхто ня меў імя
ў нас не было ні цела ані духу
ў нас не было аблічча
Час віраваў і віраваў і не праходзіў
нішто ня сталася адзіна сталае сталеньне часу
Тады зьявілася маладзенькая пара каханкаў
ён быў русы кароткі “Купідонава джала”
у шэрай шапцы адважны бы вулічны верабей
яна была маленькая зь вясьнянкамі рудая
яблык на стале ў бядняцкае хаце
пабляклая квецень у зімовым садзе
Жорсткія дзеці каты-дзікуны
дзьве ўпартыя сплеценыя расьліны
дзьве расьліны з калючкамі й заўчасным плёнам
На ейным паліто колеру клубнікі
зьзяла хлапечая рука
чатыры літары слова “каханьне”: LOVE
на кожным з пальцаў палалі быццам зоркі

Школьная татуіроўка кітайская чэрня й цярплівасьць
пульсуючыя пярсьцёнкі
о рука пацеркі вакол прагнай жыцьця шыі
паланёная птушка конь што пакутуе смагай
відушчая рука ў ночы цела
маленькае сонца й ручай прахалоды
ты дорыш сон і ўваскрашаеш

Усё ёсьць брамай
усё ёсьць дамбай
зараз мы рушым на той бераг цераз мост
зірні ўнізе струменіць плынь вякоў
плынь вехаў
Зірні бруіцца зорная рака
дзе разыходзяцца і зноў злучаюцца сьвяцілы
гавораць між сабой на мове палымянай
спадужаньне між імі і каханьне ёсьць
стварэньнем і зьнішчэньнем сьветаў
Ноч адкрываецца
вялізная далонь
сузор’е знакаў
пісьмо сьпеў цішыні
стагодзьдзі генерацыі эпохі
склады што нехта вымаўляе
словы што нехта чуе
ганкі з празрыстымі калюмнамі
водгукі позвы азнакі блукальні
Імгненьне міргае й штосьці гаворыць
слухае расплюшчвае вочы заплюшчвае
млосьць уздымаецца
Штосьці рыхтуецца

Мы распушчаемся ў ночы
мае сябры аддаляюцца
нясу ў сабе іхныя словы бы нязгасны скарб
Восеньскі вецер дужаецца з рэчкай
восень змагаецца з чарноцьцем забудовы
Год стаўся гурбай
целаў памерлых выкінутых год
і станаў згвалтаванае прыроды
стагодзьдзе скручанае ў стогн
крывавая піраміда
гадзіны выядаюць дзень год стагодзьдзе косьць
Намі прайграныя ўсе бітвы
й штодня мы выйграем адну
Паэзію

Горад разгортваецца
твар ягоны—твар майго каханьня
ногі ягоныя—жаночыя
Гмахі пляцы калюмны аркі вуліцы
рака што апярэзвае і душыць краявід
Горад о Жанчына Сапраўднасьць веер
што адхінае й зноў хавае твар жыцьця
прыгожая нібы паўстаньне немаетных
твой розум трызьніць ды ў вачох тваіх цьвярозасьць
ноч у цябе пад пахамі дзень на тваіх грудзёх
з каменю твае словы але твой язык з дажджу
твая сьпіна—апоўдзень па-над морам
усьмешка сонца што завітвае ў прадмесьці
твае распушчаныя валасы—бура на сьцежцы золку
а чэрава—дыханьне мора й патыханьне дня
імя тваё струмень імя тваё мурог
імя тваё прыліў
усе ймёны вады—твае імёны
Адылі твая іста—безназоўная
іншы бок існага
іншы бок часу
той бок жыцьця
Тут змоўчвае ўсялякая гаворка
тут прыгажосьць стаецца нечытэльнай
цяперашняе робіцца жахлівым
згорнутая ўглыб Сучаснасьць ёсьць пустой
тут бачнага нябачна
Тут бачнае—нябачнае
тут зоркі—чорныя
сьвятло ёсьць ценем а цень ёсьць сьвятлом
Тут час спыняецца
сыходзяцца чатыры канцы сьвету
месца самоты ёсьць месцам сустрэчы

Горад Жанчына Сапраўднасьць
тут заканчэньне часу
тут ягоны выток

Адзін са шматлікіх дзён

Сонечная паводка
мы асьлепленыя адылі ўсё бачым
Бязважкія целы няпэўны дол
куды мы: уніз ці ўгору?

Цела тваё—кляйнот.
Дзе ты?
Дзесьці ва ўласным целе.

Гэты час—бы павольная збаўленая кіпцюроў бліскавіца
у рэшце рэшт мы ўсе браты
сёньня мы маглі б нават даць адзін аднаму дабрыдзень
нават мы, мэксыканцы, дый тое шчасныя
ня кажучы ўжо пра чужынцаў

У аўтамабіляў настальгія па руні
Шпацыруюць гмахі
час запыніўся
Неадчэпная пара вачэй цікуе
за мной: пунсовы пляж на бялюткім поўдні
заціснутае між скалаў мора колеру гневу
яны ёсьць шалам чэрвеня й ягонай пчалярскай сеткай

Сонца нябесны леў
ты што глядзіш на яе
зірні
на мяне, недасяжны, што на нікога не пазірае
на нас
Неба варочаецца мяняецца й застаецца тым самым
Дзе ты?
Я сам-насам з сонцам і натоўпам
ты была целам сталася сьвятлом а зараз зьнікла
Аднойчы ўбачымся пад іншым сонцам

Сыходзіць вечар
вырастаюць горы
Сёньня ніхто не чытае газэтаў
у канцылярыях крыху расхінуўшы ногі
дзяўчаты сядзяць п’юць каву й размаўляюць
Адкрываю стол
ён поўны зялёных крылаў
поўны жоўтае рагавіцы
Друкаркі друкуюць самі
нястомна пішуць адзін палымяны склад
Ноч сочыць з па-за хмарачосаў
час смакаваньня чалавечыны ў абдымках
Ноч з даўгімі пазногцямі
колькі злосьці ў некалькіх прыгаданых паглядах!
Перад тым як сыйсьці
сонца падпальвае ўсюдыпрысутныя рэчы.


Надпіс

Якім кавалкам вугля
зламанаю крэйдай ды чырвоным алоўкам
накрэсьліць імя тваё

імя твайго рота
знак тваіх ног
на нічыйным муры
На забароненым месцы
нашкрабаць імя твайго цела
пакуль лязо маёй брытвы не
скрывавіцца
й камень ня крыкне
й мур не пачне дыхаць, як грудзі


Кранаць

Мае рукі
растульваюць заслоны тваёй істы
апранаюць цябе ў іншую аголенасьць
скідаюць вэлюм зь целаў твайго цела
Мае рукі
іншае цела вынаходзяць з твайго цела


Мост

Паміж зараз і зараз
між табою і мной
слова мост.

Ты стаесься сама сабой,
стаючыся ім:
быццам пярсьцёнак
замыкаецца сьвет.

Берагі назаўсёды
злучае цела:
вясёлка ў небе.

Пад ейнай аркай—прытулак мой.


Інтэр’ер

Ад думак наконт вайны
расколваецца мой чэрап

Шляхамі няўрымсных птушак
пасоўваюцца пісьмёны

Рука разважае ўголас
слова гукае слова

На старонцы перада мною
Ўзьнікаюць, зьнікаюць здані

Кніга й сшытак складаюць
крылы й адпачываюць

Ужо запалілі сьветлы
гадзіна раскладаецца, быццам ложак

У чырвоных панчохах, з абліччам бледным
уваходзіце ноч і ты

Прыход і сыход

Забалочаны лістапад:
на каменьні плямы, зчарнелыя косьці,
няўпэўненыя палацы.

Я прайшоў пад аркамі і мастамі,
я жыў пошукамі жыцьця.

У месяцовай залі
сьвятло сьцякае крывёю. Людзі-
-рыбы абменьваюцца сьцюдзёнымі думкамі.

Я жыў і бачыў шматлікія здані,
усе з плоці й косьці й як адна ўсе жмінды.

Вежа з тапазу й крыві,
чорныя коскі й бурштыновыя цыцкі,
падземная пані.

Тыгр, цялушка, спрут, падпалены плюшч:
спаліў мае косьці й выссаў крывю.

Ложак, плянэта, дзе згасла жыцьцё,
пасткай зь люстэркаў ноч і цела былі,
гурба солі, ды тая пані.

Зьеш мае збыткі, сонца вышыняў:
я жыў у пошуках уласнай сьмерці.


Балкон

Нярушна
пасярэдзіне ночы
ня ўсьлепкі па хвалях стагодзьдзяў
ня ўшыркі
ўвагнанае
нейкай навязнай ідэяй
у цэнтар пякельнай сьпякоты
Дэлі
Двухскладовая ўзьнёсласьць
навокал пяскі й бяссоньніца
шэптам іх вымаўляю

Нічога не варухнецца
але высьпявае гадзіна
напятая
Зараз лета
расплясканыя па беразе хвалі
Я чую вібрацыю нізкага неба
па-над летаргічнай далінай
Вялізныя масы прыцемкі конклаваў
кузуркамі поўныя хмары
ціснуць
на няпэўныя карлікавыя гурбы
(Заўтра дасьць ім імёны
заўтра дамы паўстануць
заўтра яны стануцца дрэвамі)

Нічога не варухнецца
Гадзіна ўсё больш
я ўсё самотнейшы
ўвагнаны
ў цэнтар віхуры
Варта выцягнуць руку
ў паветра грыбападобнае целам
безаблічным і ўсім належным

Аперты локцямі на балкон
Бачу
(Не абапірайся, самотнік,
локцямі на парэнчы,
гаворыць кітайскі аўтар)
Не вышыню ня ноч ды ейны месяц
Ня гэтыя бясконцасьці ўваччу
а памяць і ейныя ўскружныя вышыні
вось што я бачу
Ў гэтым карагодзе
адзіна пагоні й пасткі
й па-за імі няма нічога
толькі даты й іхныя жорны
(Трон касьцяны
Трон паўдзённы
незабыўная выспа
вярхом на скале ільвінай
тады я ўбачыў вобмільгам сапраўднае жыцьцё
ў яго было аблічча сьмерці
яны былі на адзін твар
Распушчаны
ў тым самым палымяным моры)
Усё пражытае адымае жыцьцё ў сёньня
Не ты ня там
Ты тут
Я зараз тут
у маім пачатку
сябе ня вырачаны
сабой трыманы
Абаперты на балкон
бачу
густыя хмары й месяцовую лусту
й астатняе што тут навідавоку
людзей дамы
Цяперашняе—праўда
палоньніца гадзіны
тое што далей
нябачнае
Мой далягляд
Калі гэты пачатак сапраўдны пачатак
ня я пачынальнік
я пачынаюся зь ім
і ў ім назаўжды застаюся
Абаперты на балкон
бачу
далечыню незразумела блізкую
ня ведаю якое ёй знайсьці імя
хаця яе кранаю думкай
Ноч уздымаецца на пік
места бы абрынутая вяршыня
белыя вагні блакітныя жоўтыя
раптоўныя фары на здрадных мурох
і жудасныя суквецьці
людзей і расьлінаў і жывёл на падлозе
й перапляценьне тканак іхных сноў
Старое Дэлі смуроднае Дэлі
вулічкі й плошчачкі й мячэці
бы патыканае нажамі цела
бы пахаваны сад
Стагодзьдзямі йдзе дождж з пылінаў
Ты ў мантыі з хмараў пылу
сьпіш галавой на парэпанай цэгле
ў лісьціку смакаўніцы
смакуеш недаедкі тваіх багоў
твае храмы бы прытоны невылечных
сьпярэшчанае мурашамі
занядбаны падворак
зруйнаваны маўзалей
аголенае
быццам зьнявечанае мёртвае цела
блюзьнеры скралі покрыва й кляйноты
цябе ўсьцілалі паэмы
на тваёй скуры спрэс былі пісьмёны
Апамятайся
Аднаві сэнс слова
Ты хараство
Ты ўмееш размаўляць сьпяваць скакаць
Дэлі
Дзьве вежы
ўзьведзеныя ў лагчыне
двухскладовая ўзьнёсласьць
шэптам іх вымаўляю
абаперты на балкон
ўвагнаны
але ня ў жвір
ва ўскружны вір
у цэнтар нясупыннага падзеньня
Я дзесьці быў
ня ведаю дзе
я дзесьці тут
тут гэта дзе
не не зямля
а час
мяне ў руках сваіх трымае незанятых
Месяц і ноч
Варушацца аблокі
Дрэвы калоцяцца
Прастора ўслупянела
Бясконцасьць і гвалтоўнасьць у паветры
Разьюшаны пыл прачынаецца
Запальваюць вагні ў аэрапорце
сьпеў далятае ад Рэд Форт
Далячыні
Крокі паломніка бадзяньне гуку
На гэтым крохкім мосьціку са словаў
гадзіна мяне ўздымае
час згаладалы ўвасабленьнем трызьніць
дзесьці далёка ад сябе самога
аднекуль выглядаю сам сябе


Магіла Аміра Хусру

Абцяжараныя птушкамі дрэвы
ў руках узважваюць вечар.
Аркі й двары. Між чырвонымі
мурамі зелень атруты, ставок.
Калідор прывядзе ў бажніцу:
жабракі, кветкі, лепра, мармур.

Магілы, два ймёны, іхныя жыцьці:
Нізам Уддын, вандроўны тэоляг,
Амір Хусру, златавуст.
Сьвяты й паэт. Цяжэнны
ліхтар—нібы парастак купалу.
У сажалцы паблісквае бруд.

Амір Хусру, хто б ні быў ты зараз,
папугай ці камар: дзьве паловы ў хвіліны—
бруд жалобы й празрысты голас.
Склады, качэўныя пажары,
падарожныя збудаваньні:
усялякі верш ёсьць часам і вогнішчам.

Маўзалей Хумаюна

Спрэчкам у асіных гнёздах
малпінай дыялектыцы
тлумнай статыстыцы супраць-
стаіць
(гонкая ружа полымя
з каменю й паветра й птаства
час на вадзе спачывае)

архітэктура цішы


Дзень ва Ўдайпуры

Белыя шаты
Белае ў возеры чорным
Лінгам і ёні.

Як бога свайго, мяне
абхапіла ты, ноч-багіня.

Прахалода тэрасы.
Твая бязьмежнасьць, бязьмернасьць
Табе па меры.

Бесчалавечныя зоркі.
Адылі гадзіна наш сябар.

Падаю і ўздымаюся
палаю й згасаю. Няўжо
ў цябе адно толькі цела?

Павець птушыная па-над золатам
вады, золак па-над павекамі.

Самазаглыбленыя,
быццам сьмерць вышынёй,
вырастаюць з мармуру целы.

Палац сеў на мель нібыта?
Белае ў дрэйфе хваляў.

Жанчыны, дзеці
на дарогах, нібы садавіна
параскіданая ўсюды.

Гаротнікі ці грымоты?
Працэсія праз даліну.

Гучнае й халоднае
з лыткаў і локцяў
сьцякае срэбра.

У пазычаных строях
хлапчук ідзе на вясельле.

Памытая бялізна
нацягнутая між каменьнем.
Зірні на яе й заціхні.

На астраўку скуголяць
малпы з чырвонай сракай.
Вісіць на муры панура
цьмянае жарснае сонца,
гняздоўе восаў.

Мой лоб зіхціць гэтаксама
думак маіх чарноцьцем.

Мухі й крывя.
На падворку Калі
хрусь казьлянятка.

Ядуць з аднае талеркі
богі, людзі й жывёлы.

Нагамі на бледным богу
багіня чорная таньчыць
пазбаўленая галавы.

Сьпёка, гадзіна трэснула—
гнілыя манго ўсярэдзіне...

Твой лоб, азёрная роўнядзь:
гладкія, неазмрочныя думкай.
Пляскае пструг хвастом.

Сыходзіць вечар. Паляць
сьветлы па-над вадою.

Хвалістыя абрысы:
расколіна ў жоўтым логу...
Тваё адзеньне паблізу.

Па-над целам тваім у ценю
я схіляюся бы ліхтар.

Жывая раўнавага:
зьяднаныя целы
па-над пустэчай.

Нябёсы нас прыціскаюць,
паверхня вады трымае.

Расплюшчваю вочы:
за ноч нарадзілася
шмат новых дрэваў.

Здабыткі зроку і словаў
адымае белае сонца.


White Huntress*

Непадалёк ад пошты
(bungalow** ў парасьцях бамбуку)
я сутыкнуўся з Артэмідай.
Яна йшла ў поўным баявым рыштунку:
адзін coolie*** цягнуў ейны Holland&Holland****
другі—vanity case***** і валізу з запасам
антыбіётыкаў і прэзэрватываў.

*Белая Паляўнічая
**бунгала
***парабак
****марка зброі
*****рыдыкюль

Залатыя лотусы

(1)

1.

Ня вугаль
ані струменьчык хэрэсу:
разрад электрычнага ската
альбо, дакладней, хрумсьценьне
шоўку
ў месцы разрыву.

2.

На туалетным століку,
на шкляных альвэолах
сьпяць усе рэчы
апроч нажніцаў.

3.

Апоўначы яна
ўлівае
ў вуха свайго чарговага каханка
тры кроплі сьцюдзёнага сьвятла.

4.

Сьлізгае, жоўтая й наэлектрызаваная,
цераз басэйн свайго холлу.
Потым нерухомее,
зьзяе,
дурная, нібы каштоўны камень.

(2)

Танюткая й выгнутая,
бы чарадзейная хварасьцінка.
Русявая й порсткая:
уклейка й шчытнік.
Але таксама няўмольная, як ледакол.
Бы грудкі дзяўчынкі—смальтавыя вочы.
Яна таньчыла ўсюды на зямлі й пад зямлёй,
сузірала сутоньне ў Сан Хосэ ў Коста Рыцы,
засынала на каленях у Гімалаяў,
абрыдла ў барах афрыканскай саваны.
У дваццаць год яна кінула свайго мужа
дзеля нейкага немца;
у дваццаць адзін разыйшлася зь немцам
дзеля афганца;
у сорак пяць цяпер
жыве на Празэрпіна Курт, нумар 2, Бамбэй.
Кожны месяц, у рытуальны дзень,
калі падае жабіны й зьмяіны дождж,
прыслуга шле праклёны дэману-жанчыне,
а ейны каханак-парсі гасіць вагонь.
Сухая залева.
Бялюткі грыф
дзяўбе ейны цень.

(3)

Неўчасаныя сады,
вялізная бы панскі маёнтак хата.
Шмат наогул пустых пакояў,
шмат партрэтаў славутых асобаў,
мне невядомых.
Ліловыя й чорныя,
на выцьвілых шаўках і шпалерах
водціскі пальцаў
віхуры-муссону.
Шык і пыл. Сьпёка, сьпёка.
У хаце жыве сьветлавалосая кабета.
У кабеце жыве марскі вецер.


Іншы

Ён выдумаў сабе твар.
Пад ім
ён жыў, памёр і ўваскрос
шматразова.
Цяпер на ягоным твары
відаць моршчыны таго вынайдзенага твару,
пазбаўленага аблічча.


Каралеўскае паляваньне

Таксідэрміст* сьпяшаецца:
Іхная Вялікасьць замовілі
для сваёй галерэі трафеяў
правяндліць як належыць скуры
свайго бацькі й старэйшага брата.

*гарбар

Ля мысу Комэрын

Адзін на зламаным лэнд-ровэры
ў полі сярод залевы.
Пад небам нованароджаным
па шыю ў вадзе стаяць дрэвы,
безуважныя птушкі бялюткія,
чаплі й буслы, ад плямаў
зелені кідкай чысьцюткія.
Па шыю ў брудным балоце
аглухлыя, бліскучыя буйвалы
жуюць у напаўдрымоце
лілеі танюткія.
Жабрацкі
статак малпаў. Нечалавечы розум
дапамог на вяршыню забрацца
жоўтае козачцы. Па-над ёй лунае
крумкач. Яшчэ адну пагрозу
чуе сэрца, нябачную блізкасьць:
ня кобры ці павука—Безназоўнага,
абыякавую безаблічнасьць,
дзе формы благога й цудоўнага
ў змове, каб зьнікнуць: кіпучыя пусткі.
Два сэрцы ў непахіснасьці прасторы:
сонца і месяц. Дзень загнаны ў вугал.
І птушка-рыбар — бы тапаз, каторы
згубіўся ў сховішчы, дзе пераважна вугаль.
Тапелец-краявід распушчаны ў вадзе.
Душа я марная, ці цела, што блукае?
Лэнд-ровэр спынены растаў няўцямна дзе.


Наступствы хросту

Юнак Гассан,
ажаніўшыся з хрысьціянкай,
пахрысьціўся.
Сьвятар
даў яму ймя старажытнага
вікінга—Эрык.
Зараз
у яго два ймёны
і ўсяго адна жонка.


Кочын

1.

Каб угледзець як мы
пройдзем міма, на дыбачкі
ўстае з па-за какосаў
бялюткі й маленечкі
партугальскі касьцёл.

2.

Колер ветразяў цынамонавы.
Уздымаецца вецер:
надзімаюцца ўздыхам грудзі.


3.

У тканай зь пены мантыльі,
зь язьмінам у валасох,
у золаце завушніцаў
ідуць да імшы а шостай,
ня ў Мэхіко ані ў Кадысу:
у Траванкоры.

4.

Мацней забілася перад
патрыярхам нестарыянаў
маё герэтычнае сэрца.

5.

На цьвінтары хрысьціянскім
пасьвяцца
сьвятарныя каровы,
хіба шываіткі.

6.

Тымі ж вачыма бачу той жа вечар:
шматрукія кусты буганвілеі,
хворы на шызай слановай назе
паміж ружай мора і жоўцю пальмаў.


Апотэоз генерала Дзюпле

Тварам да мора разгорнутае
каменным вятралам паўкола.
Скрадзеных з храму слупоў—
дзевяць, як і плянэтаў.
Пасярэдзіне, на п’едэстале,
падбародзьдзе ўгору, тварам да сонца,
памазаны смалой і маслам стаіць
не Ганэша і не Гануман: у хеўры
багоў яшчэ невядомы бог,
што яшчэ невядомыя рухае сфэры,
рука (правая) ўгору, у кароткіх ласінах і парыку
генерал Дзюпле, пэўна ўсталяваны
між Hotel d’Europe і морам без караблёў.


Мадурай

У бары Брытанскага Клюбу
—без ангельцаў, без алькаголю—
Наш горад сьвяты й нашым гонарам
казаў ён, дапіваючы фанту
ёсьць храм, найбуйнейшы ў Індыі
(цынамонавай багіні Майнакшы)
й гараж T.S.V.
(твае вочы нібы дзьве рыбы)
найбуйнейшы ў цэлае Азіі:
Шры Кэй Джэй Шыдамбарам,
я ёсьць сябрам абедзьвюх установаў
дырэктар магутнай Лінгам Інкарпарэйтэд,
аўтобуснай турыстычнай кампаніі.


Шчасны ў Гераце

Прыйшоў сюды
я, быццам гэты верш, бяз
пэўнай мэты:
блакітная й зялёная мячэць,
шэсьць абкрамсаных мінарэтаў,
якіх дзьве-тры магілы,
памяць аб адным сьвятым паэце,
імя Цімура й ягонага сваяцтва.
Сустрэўся зь ветрам, які дзьмуў сто дзён
і сто начэй занёс пяском ды павярэдзіў
мой лоб, і апаліў мае павекі.
Ужо віднее:
россыпы птушыныя,
і чуцен шум вады між камянямі,
што ўвасабляюць крокі селяніна.
(Але ж тая вада на смак як пыл.)
Мармытаньне логаў,
прывід узьнікне
і адразу ж зьнікне
ў віхуры охры,
утворанай зь нябыту, як і думка.
Ходарам ходзіць
усё ўсярэдзіне гатэльнага пакою й за вакном:
зямля ёсьць цьвінтарам вярблюдаў
і заўжды ў маіх развагах
тыя ж абліччы распадаюцца на часткі.
Ці вецер, пан руінаў, ёсьць адзіным
маім настаўнікам?
Разбурэньне:
меншаньня больш і больш.

На магіле сьвятога
глыбока ў сухое дрэва
я ўвагнаў цьвік,
не
як астатнія, супраць сурокаў:
супраць сябе самога.
(Штосьці мовіў:
аднесеныя ветрам словы.)

Аднога вечара нябёсы былі ў змове.
Бязь зьмены месцаў
крочылі таполі.
Сонца ў валошках
нечаканыя вясьнянкі.
У Дамскім Садзе
я ўзьняўся на турэцкі купал.
Мінарэты ў татуіроўках знакаў:
пісьмёны куфіяў, што болей чым пісьмёны,
зрабіліся празрыстыя.
Не было бясхмарнага трызьненьня,
зьнікненьня формаў у няспынным карагодзе
ці ў нерухомае сьветліні,
і не было бязсутнаснага быцьця суфізму.
Я не пранікся паўнатой пустэчы,
ня ўбачыў трыццаці двух атрыбутаў
дыямантавага цела Бодхісатвы.
Я ўбачыў блакіт неба і ўсе блакіты,
ад белай да зялёнай
усе фарбы ў таполевым вееры,
і на сасне, з паветра а ня з плоці,
сядзела птушка, чорнабелы дрозд.
Я ўбачыў сьвет, заглыблены ў сябе.
Я ўбачыў здані.
І даў імя той паўгадзіне часу:
Дасканаласьць Кончага.


Мроя

Калі чалавек ёсьць пылам,
то тыя што рушаць далінай—
гэта людзі.


Вёска

Каменьне ёсьць часам
Вецер
стагодзьдзі ветру
Дрэвы ёсьць часам
Людзі ёсьць часам
Вецер
вакол сябе абарочваецца й заціхае
на дне каменнага дня

Бляск вачэй замест воднага плёсу


Умяшаньні з Захаду

(1)
Руская песьня

Мы будуем канал:
нас перавыхоўваюць працай.

Вецер хвошча нашыя целы,
нашыя целы б’юцца аб скалы.

Нас было сто тысячаў, цяпер нас—тысяча.
Невядома, ці заўтра я ўбачу сонца.

(2)
Мэксыканская песьня

Мой дзядуля, як сёрбаў каву,
казаў мне аб Хуарэсе й Порфір’ё,
аб пасрэбраных і зуавах,
і порахам пах абрус.

Мой бацька, як сёрбаў з чаркі,
казаў мне аб Сапаце й аб Вільі,
братох Флорэсах й Сото-й-Гаме,
і порахам пах абрус.

А я дык лепей маўчу:
хіба ёсьць мне аб кім казаць?


Гімахал Прадэш

(1)

Я
бачыў ля ўзножжа контрфорсаў
расьцярушаныя далягляды
(У конскім чэрапе вулей
загружаных працай пчолаў)

Я
бачыў укамянелую мляўкасьць
вісячыя сады ўдушнасьці
(Матыль падобны да тыгра
нярушны на гострыве паху)

Я
бачыў горы вучэнцаў
дзе вятры разрываюць арлоў на часткі
(Дзяўчынка й бабулька ў яме
грузілі мяхі, большыя за гэтыя горы)

(2)

Нашая
(голены лоб, брухаты)
Цывілізацыя ёсьць наааай-
(склізкі)
старажытнейшай у
(у статку коз ягонае
шафранавае покрыва палала паходняй)
Сьвеце!
(паказваючы)
Нашая зямля—
(хрумст ягоных сандаліяў
па сухіх сасновых шышках)
Сьвятая:
зямля
(здавалася, ён папірае) Ведаў.
(попел).
Чалавек
(уздымае ўказьнік)
пачаў думаць
(катэгарычна)
пяць тысячаў год таму
(пандыт мне паказваў)
Тут.....
(Гімалаі,
наймаладзейшыя горы нашай плянэты.)

(3)

5 маленькіх паскудзтваў
бачаных, чутых, зьдзейсьненых:

Сьвята грыфаў.
Зжэрлі столькі, што не маглі ўзьляцець.
Непадалёк, на скале
параненая арліца
чакае сваёй рэшты падлы.

На вэрандзе паштовага будана
барыстэр* з Нагпуру чапляе чужынца
і ў саладзенькай ангельскай прапаноўвае чарку,
кош хатніх сьліваў, мапу,
сьняданак, запраўлены кары,
апошнія навіны зь ягонай краіны,
балкон свайго дому зь незабыўным
выглядам... Ягоная жонка назірае за ім, пахмурная,
мармычучы абразы ў мове гіндустані.

Ці то каб выпіць ліманаду альбо засьпець
гэты момант замірэньня,
калі палова месяцу стаецца папраў
дзе белай, але сонца яшчэ ёсьць сонцам,
старэнькая пара выходзіць з хаты.
Разгарачаныя, яны ўваскрашаюць
жорсткую жарсьць жамяры.
Бразготка з сухімі зярняткамі:
час для абвінавачваньняў.

На дворыку клюба шэсьць эўкаліптаў
топяцца ў чымсьці кшталту сьвятла ці лепш мёду,
тры ангельцы, што памятаюць Брытыш Радж**
абмяркоўваюць з адным сікгам крыкетны матч у Сыднэі
колькі індыйскіх матронаў гуляюць у брыдж,
нічыйны сабака седзячы на задніх лапах паліў падлогу
і ўцёк, чорная зорка
выбухае ў маіх мазгох бы граната
(У ПАРЫЖЫ ПАДПАЛЬВАЮЦЬ БІРЖУ,
ХРАМ КАПІТАЛІЗМУ),
цень соснаў пакрывае пагорак.

Пыл і птушыныя крыкі
па-над вечарам спапялёным.
Я пішу гэтыя радкі ганьбы.

*барыстэр—у Індыі: дробны гандляр, комівояджэр (анг.)
**Брытыш Радж—брытанскае панаваньне (анг.-інд. трасянка)

Магіла паэты

Кніга
конаўка
зелень цьмяна сьцябло
дыск
ложак непрабуднай красуні музыка
рэчы адмоўленыя іхнымі ймёнамі
вымавіць іх вачыма
дзесьці там невядома дзе
замацаваць іх
лямпа аловак партрэт
тое што я зараз бачу
ўмацаваць
быццам жывы касьцёл
усталяваць
быццам дрэва
ці бога
каранаваць
несьмяротным
імем
Вянок з праменьнем церня
Мова!

Сьцябло й ад яго неадлучны квет
сонца-род-сонца
безыменная краска
слова
адчыняецца
дзесьці там нідзе
незабруджаная працягласьць
празрыстасьць што ўздымае рэчы
якія ўпалі
ўзьнятыя
позіркам
і запыненыя
адлюстраваньнем

Повязь сьветаў
імгненьняў
полымя квецені
рухомы гушчар сузор’яў
недакладнасьць складоў
млосьць
час усіх часоў дзеяслова
БЫЦЬ
пералом секунды
лямпа аловак партрэт
дзесьці там невядома дзе

Імя
нараджаецца
пасадзіць яго ўмацаваць вымавіць
бы здольны да думкі лес
увасобіць
Радавод пачынаецца
заўсёды зь імя
адам
быццам жывы касьцёл
імя шчэ бязь ценю
ўсталяванае
быццам бог
у гэтым нідзейным дзесьці
Мова!

Заканчваю напачатку
ў тым што я кажу
мой скон
БЫЦЬ
цень імгненнага ймя

МОЙ ПРАЦЯГ МНЕ НІКОЛІ НЯ ЗЬВЕДАЦЬ

Аднаго надвячорку

На чым павісла сьвятло
паўрастуленага зьмярканьня,
што сады наўкол заліло?

Пераможаныя галіны
ў вячэрняй цемры глыбіні
гне сонны цяжар птушыны.

Некранутыя, на паркане
усё яшчэ палымнеюць
імгненьні ў самакапаньні.

Каб цемры хапіла месца,
таполевая алея
сажалкаю стаецца.

Птушка падае, чэзьне
трава, вапняк стаўся чорны,
дзень у далечы вялічэзнай
зьнік, і сьвет—яшчэ менш верагодны.

Канцэрт у садзе
(Віна й Мрыдангам)

Быў дождж.
Гадзіна—вялізнае вока.
У ёй мы рухаемся бы адбіткі.
Музычная рака
ўваходзіць мне ў крывю.
Я кажу: цела, яна кажа: вецер.
Я кажу: зямля, яна кажа: дзе?

Двуквецьце сьвету раскрылася:
журба з таго што сюды прыйшоў,
і радасьць з таго што я тут.

Я згубіўся дзесьці ў цэнтры сябе.

Ліст Лявону Фэліпэ

Леў
пяты знак віруючага неба
Леў, Лявон
Твар сонца
сонца з тварам чалавека
Sol*
Соль пяты гук
Son** соль гучаньня
Пятае сонца
соль снаваньня сноў
Лявон
Фэліпэ дарагі
Дабрыдзень
Сёньня з сонцам прыйшоў твой верш
нібы
леў прыйшоў і сеў
велічна ў самым цэнтры
між гмахамі маўзалеяў Лоды
(Пад некранутым яшчэ небам
чэрань
плянэтаў узараных)
і скокамі Ямуны ў вясёлкавай твані

На Прытгўірай Роўд 13
чытаю твой верш
бы гэтае сьвятло
ад прыроды
ў далоні
ягонай целы колеры формы
скачуць
суймаюцца скачуць
Рэчы
быццам эквілібрысты
крочаць сабе ў паветры
лётаюць парай птахаў
кідаюць выклік руху
й мове самой
зірні на іх!
Вунь паляцелі
Выпраменьваньне некалькіх словаў
нібы пошуг крылаў
Сьвет зазьзяе сьвятлом
толькі каб зноў зьневідочнець

Навучыцца бачыць чуць гукаць
вокамгненнае
такая нашая праца
ўхапіць стрымгалоўнае?
Словы
што тыя папугаі ў гарачыню
разьлятаюцца
Іхны рух
ёсьць вяртаньнем да нерухомасьці

Нам нічога не застаецца сказаў Батай
як толькі пісаць камэнтары
бессэнсоўныя
аб адсутнасьці сэнсу пісаць наогул
камэнтары што сьцяруцца
Пісьмо паэтычнае
сьцірае пісьмёны
яно ёсьць пісаньнем
павыш пісьма
яшчэ непісьмовага
разыграньне “камэдыі” бяз розьвязі
Я ня веру ў адсутнасьць сэнсу калі
сэнс дае ёй сэнс, якога ў ёй няма.

Пісьмо паэтычнае ў тым
каб навучыцца чытаць
у пустэльні словаў
пасярод Слова
не па даўніх сьлядох нашых ног
па шляхох
да таго чым мы ёсьць
Бо паэт—
як ты сам напісаў
што дапытны хлапчук
ён крэсьліць пытаньне
на пустым месцы
а потым накрэсьленае
сьцірае
Паэзія
гэта йрваная рана
што ймгненна загойваецца
й зноў адкрываецца
вачам ужо іншых
Ірваная рана
гэта неперарыўнасьць
Сьмерць командантэ Гэвары
гэта йрваная рана
але не канец
ягоная памяць
не загоіцца шнарам
гэта неперарыўнасьць што разрывае сама
сябе каб не перарвацца
Паэзія
гэта пукатасьць
прастора
між словам і словам
канфігурацыя несканчальнага

Лявон Фэліпэ
Я крочу
па табе невядомым садзе
й гутару з табой і з сабой
Спадае
на гэтую зачараваную зелень
сьвятло няўбольнае
няўмольнае
падае
на літары твайго верша
на сомнамбулічную котку
на кузурку са шкла
на ўкамянелую ў сьпеве выкапень-птушку
на скуру маёй жанчыны паўсоннай-паўнядрэмнай
Цела жанчыны
гэта спыненьне
жахліва
недасяжная блізкасьць
надбытнасьць прысутнасьці
пэўнай
і тым ня меней
надзвычай поўнай
Арка
з вады што даткнуўшыся таго берагу
стаецца паветрам
рабаціньне
лягенькае роўнядзь разгортваецца
пакуль не растане
пакуль не растаньне

Гэтае сьвятло ад прыроды
цураецца сьмерці
цураецца нас
Бывай
Дабрыдзень Лявон Фэліпэ
мы не спаткаліся ў Мэхіко
несустрэча аднак сталася сустрэчай
выпраменьваньнем некалькіх словаў
лёгкасьцю віраваньня складоў
у дзённай зімовай нерушы.

*сонца; назва ноты (гішп.)
**гук; стыль кубінскай народнай музыкі (гішп.)


Пісьмёны

Я малюю гэтыя літары
быццам дзень малюе свае вобразы
дзьме на іх і больш не вяртаецца

Сумоўе
(Карлосу Фуэнтэсу)

Наверсе вада
ўнізе гушчар
вецер па-над шляхамі

Калодзежу незьбянтэжнасьць
Чорны цэбар Неруш вады

Вада спускаецца ўніз, да дрэваў,
Неба ўздымаецца ўгору, да вуснаў

Маладосьць

Скок хвалі якая
мацнее
штоскок
зелянее
штодзень
маладзее
сьмерць


Суцэльны вецер

Цяперашняе непарушнае
Горы яны з косьці яны са сьнегу
вось тут яны ад пачатку
Вецер нарадзіўся без узросту
толькі што
як сьвятло й таксама як пыл
Млын разгалосься
кірмаш карагод сланечны
званочкі рухавікі прыймачы
каменнакапытныя шэрыя восьлікі
сьпеваў і скаргаў спляценьне
ў гандлярскіх вусах і бародах
зіхценьне звыш кавадламі раскрышанае
У правалах зацішшаў
выбухваюць
дзіцячыя крыкі
Прынцы ў рызманах
на беразе рэчкі разьюшанай
моляцца мочацца мэдытуюць

Цяперашняе непарушнае
Дзьверы года прыадчыняюцца
дзень выскоквае
агат
Птушка якая ўпала
Паміж вуліцамі Монталямбэр і Бак
гэта дзяўчо каторае
затрымалася
па-над лівенем позіркаў
Калі вада гэта вагонь
полымя
Пасярэдзіне круглай гадзіны
асьлепленай
гнядое жарабятка
Жменя порскавак
праўдзівая дзяўчынка
між зданямі будынкаў і людзей
Сузірае струмень відавочнасьцяў
я ўгледзеў цераз несапраўднасьць сваіх рухаў

я ўзяў яе за руку
разам мы перасеклі
ўсе чатыры прасторы ўсе тры часы
адлюстраваньняў нетрывалыя сялібы
й вярнуліся ў дзень пачатку

Цяперашняе непарушнае
21-га чэрвеня
сёньня пачынаецца лета
Дзьве ці тры птушкі
ствараюць у думках сад
Ты чытаеш і ясі сьліву
на чырвоным матрацы
аголеная
бы віно ў гарлачы са шкла
Вялікі палёт крумкачоў
У Санта Дамінго браты нашыя паміраюць
Каб быў які парк вас пэўна тут не было б
Мы чухаем сабе локці
У садох свае восеньскае сядзібы
Тыпу-Султан пасадзіў якабінскае дрэва
потым раздаў кавалачкі шкла
ўсім палонным ангельскім афіцэрам
і загадаў ім зрабіць сабе абразаньне
а тое што абрэзалі зьесьці
Стагодзьдзе
запалала і ў нашых краёх
З гэтаю паходняй
у абсмаленых руках
ці ўздымуць сабораў і пірамідаў дойліды
ў вышыні свае празрыстыя будынкі?

Цяперашняе непарушнае
Сьпіць сонца залюлянае між тваіх грудзей
Чырвоны матрац зчарнеў і пульсуе
Плянэта не каштоўнасьць не
садавіна
ты завесься фінік
Дацыя
замак выйдзі калі патрапіш
пунсовая пляма
на камяні ўкамянелая
Галерэі тэрасы лесьвіцы
неашаляваныя шлюбныя залі

скарпіёнавы
Рэха паўтораньняў
эратычны продаж гадзіньнікаў
бязчасьсе
Ты абыходзіш
пахмурныя дворыкі пад няўмольным сутоньнем
дзіравае покрыва на тваіх плячох недаткнёных
Калі вагонь гэта вада
ты ейная чысьцюткая кропля
праўдзівая дзяўчынка
празрыстасьць гэтага сьвету

Цяперашняе непарушнае
Вяршыні
пасяканыя сонцы
скамянялая жоўтая навальніца
Драпае вецер
бачыць балюча
Неба яшчэ адна бездань высока высока
Горла Салянгскай пратокі
чорная хмара па-над чорнай скалою
Крывавы кулак скаланае
каменныя дзьверы
Толькі ў вады чалавецкасьць
у гэтых цясьнінах самоты
Толькі вочы твае з чалавецкай вады
Ўнізе
ў надзьмутым прасьцягу
жарсьць цябе ахінае сваім чорным двукрыльлем
Твае вочы расплюшчыш заплюшчыш
зіхоткія жывыя стварэньні
Унізе
распаленая цясьніна
абрынутая хваля руйнуецца
твае ногі ўрасхон
белы скачок
пена нашых пакінутых целаў

Цяперашняе непарушнае
Пустэльнік паліваў магілку сьвятога
ягоная барада была бялейшая за аблокі
Насупраць шаўкавіцы
на ўзбоччы воднай стромы
ты паўтарыла маё ймя
роскід складоў
Падлетак зь зялёнымі вачыма
падараваў табе гранат
на тым беразе Аму-Дар’і
дыміліся расейскія хаткі
Гук узьбекскае флейты
быццам іншая рэчка нябачная й значна чысьцейшая
На баркасе боцман петрыў кураняты
Краіна ёсьць адкрытай далоньню
чые рысы
знакі нейкага зламанага альфабэту
Каровіныя шкілеты ў даліне
Бактрыя
расьцярушаная статуя
я падабраў з пылу некалькі ймёнаў
Гэтымі складамі што ўпалі
зернем попельнага гранату
клянуся быць зямлёю і ветрам
віхурным
па-над тваймі касьцямі

Цяперашняе непарушнае
Ноч уваходзіць з безьліччу сваіх дрэваў
ноч жамяры электрычнай шаўковых драпежнікаў
ноч траваў распасьцертых па-над памерлымі
зьліцьцё водаў якія прыходзяць здалёк
мармытаньні
сусьветы пазбаўляюцца зерня
валіцца сьвет
загарэлася зернейка
кожнае слова пульсуе
Я чую тваё біцьцё ў цемры
загадка ў форме пясочнага гадзіньніка
сьпіць кабета
Прастора прасторы жывёльныя
Anima mundi*
матчыная матэрыя
несупынна сябе выракаецца
несупыннае паданьне ў ейныя пустыя вантробы
Anima mundi
маці вандроўных радоў
сонечных і людзкіх
Прасторы зьяжджаюць
цяперашняе непарушнае


На самай вяршыні сьвету лашчацца
Шыва з Парваці
Што ні пяшчота стагодзьдзе
што чалавеку што богу
прыблізна той самы час
бездань той самай жарсьці
Лагор
рака чырвоная чорныя чаўны
паміж двух тамарындаў дзяўчынка басаножка
і ейны погляд бяз часу
Аднолькавае біцьцё
сьмерці й нараджэньня
Паміж небам і зямлёй у паветры
некалькі тых таполяў
сьвятло бруіцца а не трымценьне лісьця
уніз ці ўгору?

Цяперашняе непарушнае
Ідзе дождж у маім дзяцінстве
ідзе дождж у запаленым садзе
крамнёвыя кветкі дымістыя дрэвы
У пялёстку смакоўніцы ты кіруеш
па маім твары
Дождж цябе ня мочыць
ты полымя вады
вагню празрыстая кропля
што заліла мае павекі
Я бачу цераз несапраўднасьць сваіх учынкаў
той самы дзень што пачынаецца
Прастора рушыць
сьвет выдзірае карані свае
Ня больш сьвітаньня важаць целы нашыя
на ложку


*душа сьвету (лац.)

Мадрыгал

Празрысьцейшая за
гэтую кроплю вады
паміж сплеценых пальцаў лазы
мая думка цягнецца мостам
ад цябе самой да цябе ж
Зірні
ты сапраўднейшая за ўласнае цела
ў мяне між вачэй нязрушна

Жыхарка бязьлюднай выспы


Прыклад

Грымоты гуляюць па логу
неба хавае ўсе свае птушкі
абскубанае сонца
ў разьвітальным сьвятле
камяні яшчэ больш камянеюць
Шоргат лістоты няпэўны
як сьляпы што намацвае сьцежку
праз колькі ймгненьняў сальюцца
ноч і вада ў адно цела


З заплюшчанымі вачыма

З заплюшчанымі вачыма
асьветленая зьсярэдзіны
ты—быццам камень асьлеплы

Штоночы цябе араю
з заплюшчанымі вачыма
ты—быццам камень сапраўдны

Мы збаўляемся межаў
калі між сабой спазнаемся
з заплюшчанымі вачыма


З табой

Вецер колер індыго
птаства ўцякае парамі
Разьюшанасьць
сьвет палымнее
Дрэва
кіпіць крумкачамі
гарыць неапальнае
Ў цішы
сярод сланечнікаў гонкіх
ты
ёсьць спыненьнем сьвятла
Дзень
ёсьць вялізным выразным словам
хцівым трымценьнем галосных
Грудзі
твае сьпеюць на маіх вачах
Маё летуценьне
лягчэйшае за паветра
Я існы
я бачу маё жыцьцё й маю сьмерць
Сьвет ёсьць насамрэчны
Бачу
агорнуты празрыстасьцю цела


Зброя лета

Пачуй дрымценьне прасторы
гэта крокі сьпякотнай пары
па гарачых вугольлях года

Шоргат крылаў і бразгавак
далёкіх бубноў навальніцы
крышыцца й стогне зямля
пад покрывам жамяры й карэньня

Смага абуджаецца й будуе
свае крышталёвыя клеткі
дзе ты аголеная вада ў ланцугох
што іх пазбаўляецца сьпевам

Узброеная зброяй лета
ты ўваходзіш да мяне ў мае думкі
й выпускаеш мову на волю
зірні ты ў гэтых словах таропкіх

Дзень дагарае памалу
па-над адмененым краявідам
твой цень гэта краіна птушак
разагнаных адным рухам сонца


Нядзеля на выспе Элефанта

п р а к л ё н

Ля ўзножжа ўзьнёслых скульптураў,
пакалечаных мусульманамі й партугальцамі,
шматлюдны натоўп пакінуў сьмецьце ў паласу
крумкачам і сабакам.
Асуджаю іх на сто перараджэньняў
у адстойніку,
тых і гэтых,
хай жыўцом іх пасякуць на эоны
ў пекле для ганьбавальнікаў статуяў.

л і т а н ь н я

Шыва й Парваці:
мы вас шануем
не як багоў,
а як праявы
чалавечае боскасьці.
Вы ёсьць тым што чалавек стварае й чым ня ёсьць,
чым чалавек павінен стаць
калі адбудзе пакараньне цяжкай працай.
Шыва:
твае чатыры рукі як чатыры ракі,
чатыры зьмястоўні.
Уся твая істота ёсьць крыніцай
ў каторай купаецца красуня Парваці,
гайдаецца ў ёй вытанчаным караблём.
Мора дрыжыць пад сонечным сьвятлом:
пульхнымі вуснамі ўсьміхаецца Шыва;
мора—даўжэзны пошуг пажару:
гэта крокі Парваці на воднай паверхні.
Шыва й Парваці:
жанчына што ёсьць маёй
і я сам,
мы нічога ня просім у вас, нічога
ня з гэтага сьвету:
адзіна
сьвятла па-над морам,
сьвятла басанож па-над морам і соннай зямлёю.


З вышыні птушынага палёту

Разьятраная
віруе
па-над адбіткам
падае
старчаком да вады
раўнютка
бялюткая
ўзьлятае
ўжо з акрываўленай дзюбай
сольлю сыпецца
ў радкі няпэўныя
ўпаўшы
старчма
твой позірк
на гэтую вось старонку
раскіданую


Па вуліцы Галеана

Наверсе чуцен грукат кавадлаў
і галасоў пацяруха
Зь вяршыні вечара спускаюцца ўніз
каменшчыкі вэртыкальна

Мы дзесь між дабраначчу й блакітам
дзе пачынаюцца пусткі
У нярушнае лужыне сполах азваўся
ценем агністай калібры

Ледзьве дапяўшы да першых хацінак
лета ўжо іржавее
Хтосьці грукнуў дзьвярыма хтосьці
гутарыць зь ценем уласным

Цямнее на вуліцы больш нікога
нават сабакі якому
боязна бегаць тут аднаму
Страшна заплюшчыць вочы


Колькі словаў у выглядзе слупка пылу

(для Хосэ Эміліо Пачэко)

Адчыняю вакно
каторае
не выходзіць нікуды
Вакенца
што адчыняецца ўсярэдзіну
Вецер
уздымае
ймгненныя бязважкія
вежы віруючага пылу
Яны
вышэйшыя за гэты будынак
Лёгка
зьмяшчаюцца на гэтай старонцы
Падаюць
уздымаюцца зусім нічога
не сказаўшы
па перагортваньні
рассыпаюцца

Віхура водгукаў
прыдыханьне натхненьне
ў самім іхным віраваньні
Яны зараз

адчыняюцца ў іншую прастору
Й кажуць
ня тое што мы сказалі
а штосьці іншае заўсёды іншае
і заўжды тое самае
Вершаванымі словамі
мы не гаворым наогул
верш да нас прамаўляе


Таполевая алея

(Пэру Джымфэррэру)

Шчыльная й агромністая
адылі міготкая,
ветрам злупцаваная
але ў повязі лучнай
шоргат якога мільёна лісьцяў
перад маім вакном.
Паўстаньне дрэваў,
хваляваньне зялёначорных гукаў.
Таполі
раптоўна прыціхлі й сталі
сувоем гальля й ліянаў.
Там-сям палаюць прасягі.
Трапіўшы ў гэты нерат
варочаецца,
уздыхае
бліскучае й разбуральнае рэчыва,
разьятраная й імклівая жывёла,
чыё цела зазьзяла ў зелені:
дзень.

Налева ад іхнага шэрагу,
болей прымха чым колер,
крышку неба й процьма аблокаў,
кволы блакіт басэйну,
абкружанага згрувашчаньнем скалаў,
сыпучы пясок
у варонцы таполевай алеі.
У цэнтральнае частцы
грувасткія кроплі чэрні
распырсканыя
на кавалку паперы, падпаленым захадам,
амаль зусім чорным на ўскрайку, там
дзе паўночны ўсход,
дзе абрываецца небакрай.
Страха будана,
стаўшыся меднай, зіхціць.
Тройка драздоў
пралятае вагнём і ўзьнікае ізноў,
нечапаная,
сярод пусткі, дзе няма ані сьвятла, ані цені.
Хмары
на шляху да свайго распушчаньня.

У хатах паляць сьвятло.
Неба назапашваецца ў вакне.
Падворак,
заціснуты чатырма мурамі,
няўхільна стаецца выспай.
Удасканальвае сьвет навокал.
Кантэйнер на сьмецьце,
клюмба бяз кветкі
ня ёсьць больш нічым
на зчарнелым цэменту,
толькі вопраткай зданяў.
На самой сабе
замыкаецца
прастора.
Паступова стаюцца каменьнем імёны.


Спрадвечны краявід

Вагаецца паветраны
сасьлізгае
між вецьцяў комляў слупоў
куляецца
абібочына
пад электрычнымі гронкамі
падае
блакітны
наўскос
на іншы такі самы сьнег

З той жа
самае нематэрыі што й цені
не адкідвае ніякага ценю
Роўны
шчыльнасьцю цішыні
Сьнег ёсьць
сьнег але спапяляе

Ліхтары
прабіваюць раз-пораз тунэлі
што ўмомант
засыпаюцца друзам
Ноч
яго прасявае
расьце ўсярэдзіне сябе
ўсё больш начная
Едуць
пахмурныя машыны
ў кожнай
свой непаўторны накірунак
у агульнае зь іншымі месца

Аднойчы
ў мэталічных патронах
выбухнуць разам лямпачкі
Аднойчы
рыканьне ракі рухавікоў
павінна заглухнуць
Аднойчы
з хаткаў гэтых будуць узгоркі
ізноўку
вецер між камянямі
размаўляцьме сам-насам
Наўскос
сярод ценяў усіх
няцень
амаль блакітны
ісьціме
па-над зямлёй
той самы што й зараз
сьнег мільёнгадовае даўніны


Trowbridge Street

1.

Сонца ўсярэдзіне дня
Сьцюжа ўсярэдзіне сонца
Вуліцы пустыя ад люду
спыненыя машыны
Пакуль яшчэ няма сьнегу
дзьме вецер вецер
Усё яшчэ палае
ў задубелым паветры
адно чырвонае дрэўца
Пасьля гутаркі з табой гутару зь ім


2.

Я знаходжуся ў памяшканьні пакінутым мовай
Ты ў іншым абсалютна аднолькавым
Ці мы абодва знаходзімся
Пасярод абязьлюдненай тваім позіркам вуліцы
Сьвет
зусім незаўважна руйнуецца
Памяць
занепадае пад цяжарам нашай хады
Я запыніўся на палове гэтага радка
ненапісанага

3.

Дзьверы самі сабой адчыняюцца й зачыняюцца
Паветра
ходзіць туды-сюды па хаце
Паветра
Пасьля гутаркі з табой гутарыць да сябе
Паветра
безыменнае ўдоўж бясконцага калідора
Невядома хто гэта там на тым боку
Паветра
ўсё кружляе й кружляе ў маім чэрапе парожнім
Паветра
паветранымі пальцамі распускае мае словы
Я паветра што ад цябе ўнікае
Не магу расплюшчыць вачэй
Не магу зачыніць дзьвярэй
Паветра сталася гушчай

4.

Выгляд гэтай гадзіны нагадвае паўзу
Выгляд паўзы нагадвае твой
Ты сваім выглядам нагадваеш фантан
дзе заместа вады цячэ час
Струмень фантану падкідае
высока мае кавалкі
я быў я ёсьць я ня ёсьць пакуль што
Маё жыцьцё бязважкае
Мінуўшчына скідае вагу
Будучыня толькі кропля вады ў тваіх вачох

5.

Цяпер удаюць мост твае абрысы
Пад тваймі аркамі бруіцца наш пакойчык
З твайго апірышча мы бачым нас саміх
Ты лунаеш у ветры сьвятло а ня цела
На тым беразе расьце сонца
ўніз галавой
Каранямі глыбока ў небе
Мы маглі б схавацца ў ягонай лістоце
Распалім вогнішча ягоным вецьцем
Дзень можа быць сялібай

6.

Сьцюжа зрабіла сьвет нерухомым
Прастора наскрозь шкляная
Шкло наскрозь з паветра
Паўстаюць з найменшага гуку
скульптуры ў імгненьне вока
Рэха іх множыць і распаўсюджвае
Пойдзе напэўна сьнег
Дрыжыць чырвонае дрэўца
Ноч ужо ўсюды навокал
Гутару з табой пасьля гутаркі зь ім


Вяртаньне

Гоман за паваротам
гоман
паміж сонечных пальцаў
цень і сьвятло
ледзь ня вадкія
Сьвішча цясьляр сьвішча
гандляр ледзівам
сьвішчуць
тры явары на малюткае плошчы
Ўгору
ўздымаецца нябачная
гукавая расьліна
Час
сушыцца нацягнуты на стрэхах

Я ў Міхоаку
Ў паштовых скрынках
лісты згніваюць
На вапне мура
Пляма буганвілеі
прыціснутая сонцам
выведзеная сонцам
з маруднай жарснай каліграфічнасьцю
Я кіруюся назад
там тое што я пакінуў
ці што пакінула мяне
Памяць
самы акрайчык стромы
балкон
па-над бяздоньнем

Крочу ня блізячыся
я абкружаны горадам
бракуе паветра
бракуе цела
бракуе
каменю каторы й падушка й посуд
травы каторая хмара й вільгаць
Душа як згасае
Самы апоўдзень
кулак сьвятліні што лупіць і лупіць
Упасьці ва ўстанове
альбо на асфальт
спруціцца ў якім-небудзь шпіталі
жаданьнем пакутніцкай сьмерці
я не пакутую
Азіраюся назад
той сустрэчны
ўжо толькі смуга

Запачаткаваньне кашмараў
спусташальнае ўварваньне лепрозных прывідаў
ў жывот у мозгі ў лёгкія
ў геніталіі храма й школкі
ў кінатэатары
бясшчыльныя паселішчы юру
ў месцы канвэргенцыі тутэйшага з тым
гэтага й таго
на падмостках гаворкі
ў памяці й ейных прысадах
шыраньне ідэяў з дапамогай іклаў і кіпцяў
множаньне рацыяў у форме кінжалаў
на пляцы і ў сутарэньні
ў калодзежы самотніка
ў люстраным і лязовым ложку
ў дрымотных калюжынах з брудам
ў рэчах за шклом вітрыны
на тронах чужых паглядаў

Высьпяваюць у жвіры
атожылкі гора
Паляць
міліёны мільёнаў старых банкнотаў
у Мэксыканскім Банку
На скрыжаваньнях і плошчах
на высокім падмосьці грамадзкіх месцаў
Сьвятыя Айцы цывільнай Царквы
пахмурны конклаў Бугаёў і Мазгоўняў
не каршукі альбо ягўары
дыплямаваныя кондары
жамяра
крылы з чэрні сківіцы быццам пілы
чэравамоўныя каёты
гандляры цяньком
богаабранцы
тхор какомікстле курыны злодзей
помнік Бразгаўцы й ейнай грымучай зьмяі
аброчнікі маўзэру й мачэтэ
маўзалей каймана з партупеяй
скульптурная рыторыка цэмэнтавых сказаў

Паралітычная архітэктура
кварталы сядзяць на мелю
заняпад і хаос садоў
насыпы сэлітры
пусткі
лягеры гарадзкіх качэўнікаў
мурашнікі ды чарвячнікі
гарады ў горадзе
швы на глыбокіх шнарах
вуліцы ў жывой плоці
Перад вітрынай з трунамі
Хаўтурныя Ўрачыстасьці
шлюхі
слупы змарнаванай ночы
На золку
ў бадзягу-бары
колішні лёд вялізнага люстэрка
дзе самотныя піцюкі
сузіраюць распушчаньне ўласных рысаў
Сонца ўстае са свайго ложку з касьцей
Паветра ня ёсьць паветрам
безруч сьціскае горла
Сьвітанак зрывае засьню
Места
гурба зношаных словаў

Вецер
на скрыжаваньнях пыльных
гартае газэты
Учорашнія паведамленьні
старажытнейшыя
за аськепкі клінападобнай таблічкі
парэпаныя пісьмёны
моўныя троскі
разьбітыя ўдрузгі знакі
альт тлацінольлі*
трэснула
спаленая вада
Няма цэнтру
плошчы для згуртаваньня й асьвянчэньня
няма восі
вэрхал раскіданых гадоў
і даляглядаў на ўцёках
Горад зьмецілі спрэс
што ні дзьверы
што ні лоб
знак $

Навокал аблога
Я вярнуўся адкуль пачынаў
Выйграў я ці прайграў?
(Ты спытаўся
якія законы кіруюць “посьпехам” і “паразай”?
Лунаюць сьпевы лаўцоў рыбы
па-над берагам нерушы.
Ван Вэй да прэфэкта Чанга
са свайго будана над возерам
Але я не хачу
інтэлектуальнага скіту
ў Сан Анхелю ці ў Коёакану)
Усё ёсьць адолай
толькі калі ўсё ёсьць паразай
Кіруюся да самога сябе
да маленькага пляцу
Ў ягоных нетрах прастора
у ім не скажоны распустай рай
у ім пульс часу
Месцы ёсьць зьбегам
патыхаюць крылы прысутнасьцяў
у вокамгненнай прасторы
Сьвішча вятро
паміж ясеняў
вадаёмы
сьвятло й цень амаль вадкія
водныя галасы
зіхцяць бруяць губляюцца
пакідаючы мне ў далонях
жменю адлюстраваньняў
Крочу ня блізячыся
Мы ніколі не набліжаемся
Ніколі не застаемся на месцы
Не мінулае
а цяперашняе ёсьць недасяжным

*спаленая вада (на мове майя)

Тварам да часу

(Мануэлю Альварэсу Браво)

Здымкі,
збаўленыя часу моўныя нізкі:
Чорная гара/ белыя аблокі,
Дзяўчынка глядзіць на птушкі.
Мануэлевы назвы
ня ёсьць неўмацаванымі ніткамі:
гэта моўныя стрэлы,
запаленыя сыгналі.
Вока мяркуе,
меркаваньне бачыць,
позірк кранае,
словы палымнеюць:
Дзьве пары ног,
Пасьлядоўнасьць лесьвіц,
Верабей, хто іншы!,
Жытло лавы.
Вокамгненны
й нетаропкі розум:
зьвеставальная лінза
Ад вока да моўнага вобразу
(туды й назад)
Мануэль здымае
(дае назовы)
гэтую неадчувальную расколіну
паміж вобразам і ягонай назвай,
адчуваньне й успрыманьне:
час.

Страла вока
ўвагнаная
рыхтык у сэрца ймгненьня.
Чатыры стрэлы,
чатыры варыяцыі на тэму белай анучы:
ідэнтычнае і адрознае,
чатыры твары таго самага моманту.
Чатыры напрамкі ў прасторы:
вока ёсьць засяродкам.
Пункт гледжаньня
ёсьць і пунктам канвэргэнцыі.

Аблічча рэальнасьці,
аблічча кожнага дня,
ніколі ня ёсьць тым самым.
Крывавае зацьменьне:
аблічча застрэленага працоўнага,
плянэта разьбітая аб асфальт.
Пад покрывамі ўсьмешкаў
хаваюць твары
Пераасэнсаваныя прачкі,
вялізныя хмары што зьвісаюць са стрэхаў.
Неруш, адзіна момант!
Партрэт вечнасьці:
у цёмным пакоі
гронка порскавак
па-над чорнаю стромай
(пасрэбраны грэбень
электрызуе гладкі чарнявы волас).

Час не спыняе цёку,
час не
стамляецца вынаходзіць,
час нястомна
зьнішчае вынайдзенае ім,
нястрымна
выпраменьвае прымхі.
Рачныя вусьці
вымаўляюць аблокі,
людзкія вусны
выгаворваюць рэкі.
Рэальнасьць мае заўжды іншы твар,
аблічча кожнага дня,
каторага мы ня бачым,
яно—адваротны бок часу.

Мануэль:
пазыч мне свайго драўлянага канька
каб патрапіць на той бок гэтай бачыны.
Рэальнасьць больш рэальная ў чорнабелу.


Раману Якабсону

1.

Між убачаным і прамоўленым,
між прамоўленым і замоўчаным,
між замоўчаным і прысьнёным,
між прысьнёным і ўжо забытым:
паэзія.
На хісткай сьцяжыне
між “так” і “не”:
аб чым я маўчу—
гаворыць,
аб чым я кажу—
маўчыць,
і сьніць
забытае мною.
Ня слова—
кшталт дзеяньня.
Дзеяньня
словам.
Паэзію
мы чытаем і слухаем:
яна сапраўдная.
І ледзь я сказаў:
“сапраўдная”—
яна зьнікла.
Дык больш чым сапраўдная?

2.

Ідэя датыкальная,
слова
недатыкальнае:
паэзія
прыходзіць і сыходзіць
між тым што ёсьць
і чаго няма.
Адлюстраваньні
снуе й разбурае.
Паэзія
засявае вачыма бачыну,
засявае словамі бачаньне.
Вочы гавораць,
словы глядзяць,
позіркі мысьляць.
Чуць
думкі, бачыць
тое
што мы гаворым,
кранаць
цела ідэі.
Вочы
заплюшчваюцца,
словы адкрываюцца.


Басё Ан

Сьвет увабралі
шаснаццаць складоў:
ты ў будане.

Дрэва й салома:
у шчыліны лезуць
духі й інсэкты.

Тканы з паветра,
між скалаў і соснаў
бруіцца верш.

Перапляценьне
галосных і зычных:
сьветабудова.

Косьці стагодзьдзяў,
з гора сталіся горы,
што тут ня маюць вагі.

Словы мае
складуць два-тры радкі:
дом са складоў.


Вецер і ноч

Ветраны час,
ноч паўстала на ноч,
тут, у мяне ўначы.

Вецер, як бык—
імчыць, стане, круціць:
імкнецца кудысьці?

Вецер пахмурны:
на скрыжаваньнях
душу ірве.

Я такі самы, як ён—
назапашаны гнеў
бязвыходны.

Дзе я?
Вецер прыйшоў і сыйшоў.
Ня тут і ня там.

Сьляпое люстэрка.


Неспач

Люстэркаў зрок ня меркне:
за ім цікуе месяц.
На срэбнае паверхні
павук адбіткі крэсьліць.

Прымружыць вочы млява
ўжо сьведамасьць ня можа:
ня прывід і ня ўява—
вартуе сьмерць ля ўзножжа.

Я—між жыцьця і сьмерці
ў пустога вока сэрцы
зьнямеў у паняверцы.

Недацямка

Спадар галавакружнасьці,
у вышыні
самотны ястраб
малюе знак,
каторы адразу ж
зьнікае ў паветры, у сьвятле назаўсёды.
Апантаны, ад досьвітку да зьмярканьня
ён яго паўтарае.
Ён крэсьліць, таго сам
ня ведаючы, пытаньне:
ёсьць улада свабодай,
а свабода—лёсам?
Сьвятло й паветра.


Інтэрвал

Распушчальныя архітэктурныя перлы,
павіслыя ў паўзы на валаску,
не выкліканыя словам ані думкай памерлыя,
увасабленьні ветра зь пяску,
падобныя часу ў нярэчыўным зьмесьце,
што, таксама як час, губляюцца дзесьці.

Зробленыя з часу, яны ім ня ёсьць;
яны—расколіна, яны—памежжа,
прыназоўніка між імгненная млосьць,
што празрыстая кветка пялёсткам рэжа:
са сьцябла адбітку яна паўстае,
каб віхура падзеньня паглынула яе.

Яны—некранутая нікім сьветліня,
што бачыш з заплюшчанымі вачыма:
нараджэньня празрыстая чысьціня
й крышталёвае падзеньне з вышыняў
у імгненьне гэтага ймгненьня, што
ўжо настала, але яшчэ не сыйшло.

За вакном: адзін аднаму наўздагон
па-над пусткай стрэхаў бягуць аблокі.
Дзень згасае, памалу разьдзьмувае агонь
паблізны горад, неверагодна далёкі.
Гадзіна бязважкая. Я дыхаю тым
вечным імгненьнем, у нетры пустым.


Не сысьці й не застацца

Ці сыйсьці, ці застацца—сумняваецца дзень,
у празрыстасьць уласную закаханы.

Вечаровы вір ператвараецца ў гавань:
залюляла калыска ягоная сьвет.

Усё існае—бачнае й хуткаплыннае,
усё—побач, аднак дакрануцца—нельга.

Паперы, кніга, фужэр, аловак
адпачываюць у ценю сваіх назоваў.

У маёй скроні час пульсуе й паўтарае
той самы склад нязьменены крыві.

Сьвятло зьмяняе абыякавасьць мура
на прымхлівае відовішча адлюстраваньняў.

Я ўсьведамляю, што я—пасярэдзіне вока,
што не глядзіць на мяне, адылі я скрозь яго

на сябе. Момант выпарыўся. Нерухомы,
я сыходжу й застаюся: я—толькі паўза.

Братэрства

(У гонар Клаўдыя Пталамея)

Я чалавек: мой век
нядоўгі ў вечнай ночы.
Аднак сузор’яў зьбег
чытаюць мае вочы,
і ясна мне: у нас
таксама сутнасьць тэкста,
што ў гэты самы час
чытаць спрабуе нехта.


Нягледзячы на ноч

І.

Ноч дзівіць шчыльнасьцяй пустога нетра:
усеабдымны зьніч, яна ўзьнікае
на глебе панявечанай, якая
падмуркам ейным ёсьць. Адлегласьць, цемра—
на нас накідваецца служкаў ейных хеўра.
Паразу церпіць вока і ўнікае
ў ноч іншую, дзе розум наш блукае.
Яно—схавалася, адылі не памерла.

Прасьвідраваны голасам матораў
і зрокам ліхтароў, цень важыць меней
складоў, на бачыне накшталт Азораў
раскіданых маёй ашчаднай жменяй.
Гук тармазоў. Мы сутыкнуліся галовамі,
і горад пачаў трызьніць маймі словамі.


ІІ.

Тым часам як я ў Мэхіко чытаю—будзе
каторая ў Маскве? Там час заўжды пазьніцца.
У вечнай ночы люд той момант прамарудзіў,
што ёсьць гісторыяй. Тым часам Салжэніцын
піша, папера чырванее, мова будзіць
па-над касьцямі ўздым пякельнай зараніцы.
Стагодзьдзе апраўдала сваіх судзьдзяў,
мне ж твар зла не адкрыўся, баязьліўцу.
Зло?
Вочы без аблічча, поўная пустэча.

Зло: нейкае ніхто, нікчэмнае нічога.

Быў твар у Сталіна? Разважнасьць, душу, твар
зжэр падазор яму нечалавечы.

Ягоны страх стварыў начных хімераў погань,
і вылюдніў краіну неспачы кашмар.

ІІІ.

Партыя заўжды мае рацыю.
Леў Троцкі

Апроч гісторыі, Сталін ня меў нічога:
бяствары твор, бяздушны Маршал, цэнзар,
слугач нікчэмства. Безаблічны Цэзар
схаваны ў безьлічы абліччаў. Перамога
Нішто, чэрава памяці пустога:
ніхто служыць ягоным інтарэсам.
А безьліч? Зло, бязглуздасьці працэсар,
у выніку ўсіх зьлічыць да аднога:
пакутай і віной усіх надзеле
гісторыя, бы картамі, а потым
сама ж гульцам адмовіць у саўдзеле.
Прамова на лязе нажа халодным:

О, дыялектыкі саліпсыстычнай морак,
створанай тым, хто сам сабе быў вораг!

ІV

Там дзе агонь з вадой гутарыў языкасты
й віхуры ў зарасьцях чароту віравалі,
дактрына на сябе ўзяла ўсё кіраваньне:
зь сябе малююць абразы іконакласты.

Плявузганьне пустое ўладнай касты
тых самых знакаў імітуе рысаваньне:
зло, закаханае ва ўласнае снаваньне,
узводзіць жалю манумэнт ікласты.

Няхай ідэі перайначаць да зьнішчэньня,
ды ў мітах будзе жыць утопіі вялікасьць:
сьпіраль гісторыі ня мае заканчэньня.

Сэнсу няма: адно іронія ды літасьць.
Ёсьць толькі зьменлівасьць нязьменная займеньня:
Я—тваё я, чытач, сакрэт паразуменьня.


Высяканьне вагню

Аднаму факіру

І здабылі вагонь, пацершы два сухія калкі адзін аб адзін.
Сэрвантэс (З “Пэрсылесу”)

Быццам час гуляецца з намі
на ўскрайку вялізнай яміны,
над стромай ночы,
высякаючы два, тры, чатыры, шэсьць—
словаў!
і шпурляе іх порхаць у вышыні з таго боку.
Сонцы, плянэты, месяцы,
зьзяюць, кружляюць, сьпяваюць,
зьнікаюць,
быццам наш сьвет у іншым сьвеце.
Яны вернуцца,
сёньня ўночы ці яшчэ калі:
музыка,
што дрымае ў ракавінцы памяці.


Здольнасьць мовы

У нейкім вершы чытаю:
здольнасьць мовы ёсьць чымсьці боскім.
Але богі яе ня маюць:
ствараючы, зьнішчаючы сьветы,
між тым як людзі гутараць,
яны безь ніводнага слова
гуляюцца ў жахлівыя гульні.

Дух сыходзіць
і разьвязвае языкі
але не гаворыць словамі:
ён размаўляе сьвятлом. Мова,
разьдзьмутая нейкім богам,
ёсьць палымяным прароцтвам
і напаламным зломам
спаленых сугуччаў:
попелам без значэньня.

Чалавечае слова
ёсьць дзіцём сьмерці.
Мы гаворым таму што мы
сьмяротныя: нашыя словы
ёсьць ня знакамі, а гадамі.
Сказаўшы сказанае ў гуках
сказаных намі імёнаў,
яны выказваюць час, гавораць:
мы—ягоныя ймёны.
Здольнасьць мовы ёсьць чымсь чалавечым.


Прабуджэньне

Я быў замураваны ў нетрах сна.
Ягоныя муры ня мелі шчыльнасьць
ані вагу: вагой была ягоная пустэча.
Муры былі гадзінамі й гадзіны
былі трывалай, сьцятаю маркотай,
і іхны час ня быў наогул час.

Я выскачыў скрозь шчыліну: у сьвеце
была чацьвёртая. Пакой быў мой пакой,
і ў кожнай рэчы прывід мой лунаў.
Мяне там не было. Я глянуў у вакно:
пад электрычнасьцю—ніводнае душы.
Начныя ліхтары на варце, брудны сьнег,
машыны сонныя й дамы таксама, неспач
адзінай лямпы, дуб з самім сабой
гутарыў, крэмзаў вецер пісаніну
сузор’яў, нечытэльную ўсяляк.

Самі ў сабе заглыбленыя рэчы
былі й здаваліся майму пагляду
абцяжаранымі існаваньнем, чымсьці
кшталту аголеных назоваў. Мае вочы—
бы дзьве душы, пакутныя за сьвет.
На вылюднелай вуліцы цяперашняе
разьвітвалася й не магло сыйсьці, зьнікала
ў сваіх стварэньнях, зьмянялася нязьменна,
рабілася дамамі, дубам, сьнегам, часам.
Жыцьцё і сьмерць зьліваліся ў адно.

Бяздушны позірк, на мяне сучаснасьць
нічыйнымі вачыма пазірала:
сувой адбіткаў па-над прорвай.
Я азірнуўся: мой пакой быў мой пакой,
мяне ж там не было. Быцьцю нічога не бракуе
—заўсёды поўнаму сябе, заўсёды іншаму—
нават і ў нашую адсутнасьць... На двары,
пакуль яшчэ няўпэўнена, віднела:
між стрэхаў прадзіралася сьвітаньне.
Глынала неба контуры сузор’яў.


Маленькая варыяцыя

Быццам якая ўваскрэслая музыка
—хто абуджае яе там, з таго боку,
хто накіроўвае яе па сьпіралях
нутранога слыху?—,
быццам зьніклы
момант, які вяртаецца
й зноўку стаецца
неадбытым прадчуцьцем,
прагучалі бязгучна
зноў аджылыя словы:
і ў час нашай сьмерці, аман.

У школьнай каплічцы
я іх казаў шматразова
безь перакананьня. Чую іх зараз,
вымаўленыя збаўленым вуснаў голасам,
шоргат пяску, які рассыпаецца,
між тым як часы ў маім чэрапе здвойваюцца,
і жыцьцё бярэ курс на мой захад.
Я ня першы зь людзей
—кажу я сабе на капыл Эпіктэта—
хто памрэ на зямлі.
І парэшткі сьвету сплываюць з маёй крывёй
калі я гэтак кажу.

Несуцешнасьць
Гільгамэша падчас вяртаньня
з краёў, дзе няма паўзмроку:
мая несуцешнасьць. На нашай маркотнай зямлі
кожны чалавек ёсьць Адамам: зь ім пачынаецца сьвет,
зь ім сканчаецца.
Паміж потым і дагэтуль,
у каменных дужках,
я стануся на незваротны міг
як першым, так і апошнім чалавекам.
Пасьля гэтых словаў імгненьне
—недатыкальнае, неспасьціжнае—
расхінаецца ў мяне пад нагамі
й сыходзіцца нада мной: чысты час.


Эпітафія на няісным камяні

Міхоак была мая вёска: тры начныя склады,
чорная маска ценю павыш сонечнага аблічча.
Прыйшла Спадарыня Нашая, пані Віхура-Матухна.
Прыйшла й тую вёску зжэрла. Я бадзяўся па сьвеце.
Мае словы былі мне жытлом, і маёй магілаю—вецер.


Дульсінэя Марсэля Дзюшампа

(Эўлалію Фэррэру)

—Вы ўся такая мэтафізычная...
—Я стрыптызэрка.

Дыхтоўнае, ухвальнае мастацтва
зь белай халсьціны робіць дол панылы:
паўстаў скульптурай пыл кастыльскі слынны,
што Дульсінэяй нам павінен здацца.

Парыскі госьць даводзіць той пастацяй—
прымхаў ва ўсім разьлічаныя млыны—
як юр тырана-Эроса шматплынны
жаноцкасьць змусіў ані ў чым застацца.

Жанчына-вір, што ўзносіцца струменем
адбіткаў, зломаў, у сваёй галечы
ўсё больш стаецца самаадмаўленьнем.

Пакой зь люстэркаў—розум чалавечы;
нябачная, ня зьнікла Дульсінэя:
калісь—кабета, сёньня ўжо—ідэя.


Зрок, дотык

(Бальтусу)

Сьвятло трымае—у непрыцягненьні
й сапраўднасьці—пагорак белы й чэрань
дубоў, сьцяжына прэч бяжыць,
а дрэва застаецца;

сьвятло наванароджанае шлях
шукае свой, нібы ручай дрыготкі,
малюючы, з сумневаў робіць пэўнасьць,
рака сьвітаньня па той бок павекаў;

сьвятло плюецца ветрам у фіранку,
увасабляе кожную гадзіну,
сьлізгаючы нячутна па падлозе
пакою, босае па лезіве нажа;

сьвятло жанчыну нараджае ў люстры
аголеную пад празрыстым лісьцем,
адзіны позірк яе возьме ў ланцугі,
адзінае мірганьне назаўсёды страціць;

сьвятло абмацвае садавіну й невідочнае,
яно—гарлач, адкуль п’юць вочы сьветліню,
сарваны квет вагню й нядрэмнасьць сьвечкі
на якой крылы спальвае чорны матыль:

сьвятло знаходзіць столкі на прасьціне
й пукатасьці, што сьпеюць да каханьня,
яно гарыць у коміне, ягоны пошуг—цені,
што лезуць па муры хцівым плюшчом;

сьвятло ні асуджае, ні апраўдвае,
не справядлівасьць, не несправядлівасьць,
яно ўздымае невідочнымі рукамі
будынкі сымэтрычнасьці;

сьвятло сыходзіць па шляху адбіткаў
каб зноў вярнуцца само да сябе:
яно—рука, каторая сябе стварае,
вока, што пазнае сябе ва ўласных творах.

Сьвятло ёсьць формай думкі часу.

Central Park

Чорназялёны гушчар, выскубаныя пляцоўкі,
рака расьліннасьці, завязаная вузлом:
паміж сьвінцовых будынкаў яна бруіць нерухома,
і там, дзе нават сьвятло стаецца сумневам,
а камень мкнецца стацца ценем, зьнікае.
Don’t cross Central Park at night.*

Дзень занепадае, ноч запальваецца,
Алячынскі крэсьліць намагнічаны простакутнік,
пастку лініяў, загон з чэрні:
усярэдзіне яго—параненая жывёла,
пара вачэй і спружына злосьці.
Don’t cross Central Park at night.

Няма дзьвярэй ні выхаду ні ўваходу,
зачыненая ў коле сьвятла,
жывёла з травы сьпіць з расплюшчанымі вачыма,
месяц выкопвае зь зямлі нажы,
вада, створаная цемрай, сталася зялёным агнём.
Don’t cross Central Park at night.

Няма дзвярэй уваходу адылі ўсе,
на палове абарванай тэлефоннай размовы,
з вышыні фантану цішыні альбо ўсьмешкі,
са шкляной клеткі нядрэмнага вока, што сочыць
за намі, усе мы падаем у люстэрка.
Don’t cross Central Park at night.

Люстэрка—з каменю, а камень—зь ценю,
пара вачэй разьюшанага колеру,
аблога холаду, апярэзь крыві,
вецер, які разганяе адлюстраваньні
Алісы, разарванай на частцы ў сажалцы.
Don’t cross Central Park at night.

Расплюшчы вочы: ты ўсярэдзіне самога сябе,
ты плывеш на сваім чоўне аднаскладовых словаў
па сажалцы-люстэрку й падплываеш
да набярэжнай Кобры: жоўтае таксі,
вязе цябе ў краіну вагнёў
цераз Сэнтрал Парк уначы.

*не хадзіце ўначы праз Сэнтрал Парк (анг.)


Мясьціна

(Дэнісу Эстэбану)

Безыменны, бязьлюдны
гасьцінец
цячэ між абшарпаных камянёў,
костак гэтай спрадвечнай гульні,
што бясконца вядуць чатыры стыхіі,
ідзе далей праз лагчыну, штокрок—
нейкая геалягічная рэдкасьць,
губляецца ў дзіўным сумёце адбіткаў,
што ня ёсьць ні вадой ні пяском, а часам.
Ружовае дрэва, чорныя травы,
соль на пальцах сьвятла.
Гасьцінец
цягне сонца кудысь на плячах.
Неба, прасякнутае далячынямі,
агарнула сапраўднасьць, чый век кароткі.
Лужына: крыніца адлюстраваньняў.
Куды ні паглядзіш—вочы.
Гадзіна спыняецца,
каб зірнуць на свой рух паміж камянямі.
Гэты шлях нічым не сканчаецца.


Дрэва ўва мне

Ува мне вырасла дрэва,
пасярэдзіне йлба, углыб.
Карані ягоныя—вены,
галіны ягоныя—нэрвы,
лістота шумлівая—думкі.
Яго падпальваюць твае позіркі,
і ягоныя цёмныя плёны,
ягоныя крывавыя апэльсіны
стаюцца гранатамі сьветла.
Віднее
ў цемрадзі цела.
Там усярэдзіне, у маёй галаве,
гаворыць дрэва.
Хадзі бліжэй: чуеш?

Першага студзеня

Адчыняюцца дзьверы года,
быццам дзьверы мовы,
у невядомае.
Учора ты мне сказала:
заўтра
трэ накрэсьліць некалькі знакаў,
намаляваць краявід, сплесьці вобраз
на падвойнай старонцы
аркуша й дня.
Заўтра трэбакі будзе зноўку
вынайсьці
сапраўднасьць гэтага сьвету.

Позна ўвечары я прачнуўся.
на секундную долю секунды
я адчуў, падобна ацтэку,
што палюе
ў схованцы за каменем,
рух у шчылінах даляглядаў:
вяртаньне няпэўнае часу.

Год не прыйшоў, а вярнуўся.
Ён напоўніў увесь пакой,
І я глядзеў, не міргаючы.
Час, бяз нашае дапамогі,
сам упарадкаваў
паводле выгляду ўчора
дамы на бязьлюднай вуліцы,
сьнег на гэтых дамох,
цішу на гэтым сьнезе.

Ты ляжала побач, вунь там,
і дрымала.
Дзень вынайшаў цябе сам,
але ты яшчэ не прыняла
форму створанага ім цела,
й нат мяне пазнаць не пасьпела,
бо яшчэ ў іншым дні была.

Ты ляжала побач,
я табой мілаваўся, бы сьнегам,
ты спала, атачоная прывідамі.
Час, бяз нашае дапамогі
вынаходзіць дамы, дрэвы, вуліцы,
дрымотных жанчынаў.

Калі ты расплюшчыш вочы,
мы пойдзем з табою зноўку
між гадзінаў і імі вынайдзеных рэчаў
і, крыху прыгледзеўшыся да іхнага выгляду,
дамо веры часу й ягоным спалучэньням.
Мы адчынім дзьверы гэтага дня
й патрапім у невядомае.

Перад пачаткам

Цьмяны гоман, няпэўная сьветліня.
Іншы дзень на сваім пачатку.
У паўзмроку пакою два
зьняможаных целы на ложку.
Я губляюся ў сваіх думках
на бязьлюднай раўніне.
Гадзіны ўжо гостраць нажы.
Але побач са мной ты дыхаеш,
блізкая мне й далёкая,
нерухома цячэш, бы рэчка.
У думках маіх недасяжны,
я кранаю цябе вачыма,
разглядаю цябе рукамі.
Сны падзяляюць нас,
крывя нас яднае: мы—
рака біцьця нашых сэрцаў.
Пад павекамі тваймі высьпявае
зернейка сонца.
Сьвет
пакуль яшчэ не сапраўдны,
час нерашучы:
надзейнае толькі
цяпло тваёй скуры.
У дыханьні тваім да мяне прамаўляе
галавакружнае існаваньне
забытым складам Пачатку.


Нязладная песьня

Дня мала,
гадзіны шмат.
Не рухаючыся зь месца йду ейнымі калідорамі,
нясу крыж на вяршыні ейных Галгофаў,
сыходжу ўніз паветранымі прыступкамі
губляюся ў ейных празрыстых галерэях
—але я сябе не знаходжу
бо знайсьці не магу цябе.

Дня мала,
гадзіны шмат.
Бачу ўласную руку апантаную пісанінай
словаў што згортваюцца ў колы на старонцы,
бачу мой цень на бачыне, бачу
як я падаю ў цэнтар пустой часткі часу
—але я цябе не знаходжу
бо знайсьці не магу сябе.

Дня мала,
гадзіны шмат.
Час цягнецца, хаваецца, цікуе за сабой,
хавае сам сябе ў паветраных курганах,
прарастае іх зноўку, стаючыся калюмнай,
разьбівае мой чэрап, шкрабе мне павекі
—але я сябе не знаходжу
бо знайсьці не магу цябе.

Дня мала,
гадзіны шмат.
Я крочу па пустках, калідорах, па рэху,
ты кранаеш мяне й адразу зьнікаеш,
я гляджу ў твае вочы й зьнікаю таксама,
крэсьліць, нішчыць, стварае адбіткі гадзіна
—але я цябе не знаходжу
бо знайсьці не магу сябе.

Дня мала,
гадзіны шмат.
У часе ёсьць заснулае зярнятка,
што выбухае ў паветры грымотамі складоў,
гэта слова, што называе не вымаўляючы
ймёны часу, тваё й маё
—але я сябе не знаходжу
бо знайсьці не магу цябе.

Імёны ёсьць плёнам, яны сьпеюць і падаюць;
гадзіна неабсяжная—яна ўпадае ў час.

Калюмны

And whilst our souls negogiate there
We like sepulchral statues lay…*
John Donne

Плошча зусім маленькая.
Чатыры ляпрозных муры,
Адзін бязводны фантан,
два цэмэнтовыя зэдлікі
й колькі калекаў-ясеняў.
Чуцен далёкі гоман:
рэкі горада льюцца.
Агромністая й нерашучая,
ноч разварочваецца ў двары
й бурыць грувасткае дойлідзтва.
Ужо гараць ліхтары.
Ва ўтульных затоках ценю
на рагох вуліцаў і ў закутках
паўстаюць жывыя калюмны
нерухомыя: закаханыя.
Зьяднаныя й заспакоеныя,
яны снуюць мармытаньні:
падмуркі біцьця іхных сэрцаў.

На іншай зямной паўкулі
ноч мае штосьці жаночае,
яна вадзяная й шчодрая.
Некаторыя выспы палаюць
у акіяне нябёсаў.
Бананавая лістота
робіць цені зялёнымі.
Пасярод сусьвету
абняўшыся, мы ствараем
расьліну, якая дыхае.
Аплятае нашыя целы
плюшч сугуччаў.

Шапаценьне водгукаў,
неспач конікаў
у дрымотнай траве,
зоркі купаюцца
ў поўнай жабак калюжы,
лета зьбіраецца
там уверсе ў жбаны,
невідочныя рукі
паветра штурхаюць дзьверы.
Твой твар—улюбёнец месяцу,
што ўвесь яго залівае.

Імгненьне ёсьць неасяжным,
сьвет стаецца маленькім.
Губляюся незваротна
ў тваім позірку й пазіраю
як ты губляесься ў маім.
Імёны сябе спапялілі,
целы нашыя дзесьці зьніклі.
Мы—у магнітным цэнтары
нам невядомай мясьціны.

Нерухомыя закаханыя
ў адным з паркаў Мэхіко
альбо ў садзе ў Азіі:
пад рознымі зоркамі
штодзённыя набажэнствы.
Па лесьвіцы дотыку
мы сыходзім узыходзячы
ўгару з глыбіні,
каралеўства карэньня,
рэспубліка крылаў.

Сплеценыя целы
ёсьць Кнігай душы:
з заплюшчанымі вачыма,
маймі вуснамі й языком
разьбіраю па літарах
твайго цела пісьмёны сусьвету.
Веданьне безь імёнаў:
смак гэтай зямлі.

Кароткі сполах сьвятла
асьвятляе нас і асьляпляе,
нібыта раптоўны выкід
атожылка ці насеньня.
Паміж канцом і пачаткам
адзін міг па-за часам,
крохкі човен з крывёю,
мост па-над прорвай пустэчы.
Лучныя целы шугаюць
сполахам бліскавіцы.

*і між тым як нашыя душы вядуць перамовы, мы ляжым быццам надмагільныя статуі (анг.)


Быццам пачуўшы дождж

Пачуй мяне, быццам пачуўшы дождж,
ня ўважлівая ані безуважная,
бязважкія крокі, залева,
вада ёсьць паветра, паветра ёсьць час,
дзень ня сыдзе ніяк,
ноч ніяк не надыдзе,
зьбег ценяў імглістых
за паваротам,
зьбег прывідаў часу
ў выгіне гэтае паўзы,
пачуй мяне, быццам пачуўшы дождж,
нячуйная, чуючы мае словы
з вачыма відушчымі ўглыб сябе,
бы ўва сьне няўсыпныя пяць пачуцьцяў,
дождж, бязважкія крокі, шапаценьне складоў,
паветра й вада, два бязважкія словы:
тое, чым мы былі й чым ёсьць,
шмат дзён і шмат год, гэтае ймгненьне,
час без цяжару, на сэрцы цяжар невыносны,
пачуй мяне, быццам пачуўшы дождж,
вільготны асфальт паблісквае,
пара ўздымаецца й крочыць,
ноч расхінае на мяне пагляд,
гэта ты, твая бязважкая постаць,
гэта ты, тваё начное аблічча,
твае валасы ў запаволеным пошугу,
пераходзіш вуліцу і ўваходзіш у думкі,
крокі вады на маіх павеках,
пачуй мяне, быццам пачуўшы дождж,
ты ідзеш цераз вуліцу, асфальт паблісквае,
гэта зман начнога туману,
гэта ноч згарнулася ў тваім ложку,
гэта плёскат прыліву твайго дыханьня,
твае мокрыя пальцы кранаюць мой лоб,
твае палкія пальцы выпальваюць вочы,
твае лёгкія пальцы расплюшчваюць час,
крыніцу прывідаў і ўваскрошаньняў,
пачуй мяне, быццам пачуўшы дождж,
мінаюць гады, вяртаюцца ймгненьні,
чуеш крокі свае ж у пакоі за сьценкай?
ня тут і ня там: ты іх чуеш
у іншым часе, што прыйшоў якраз зараз,

чуеш як крочыць час,
вынаходнік бязважкіх нідзейных мясьцінаў,
чуеш дождж бяжыць па тэрасе,
ноч стаецца ноччу ў таполевых шэрагах,
у лістоце гняздо сабе зладзіў прамень,
сад прымхлівы кудысьці плыве
—уваходзь, у твой цень схаваўся гэты аркуш.


Ліст даверу

кантата


1.

Паміж ноччу й днём—
нічыйная тэррыторыя.
Не сьвятло й ня цень:
гэта час.
Гадзіна, прыкрая паўза,
старонка, на каторай зьмяркаецца,
старонка, дзе я выводжу
нетаропка гэтыя словы.
Вечар,
нібыта вугольле, сябе зьядае.
Дзень кружляе й абтрасае лістоту.
Абпільвае вострыя вуглы
рэчаў ручай змроку.
Упарты й ласкавы,
ён цягне іх невядома куды.
Сапраўднасьць аддаляецца.
Пішу:
вяду з сабой размову
—гутару з табой.

Я б хацеў прамовіць
да цябе голасам паветра
й дрэва, якія між сабой гамоняць,
амаль што патануўшы ў ценях;
голасам хуткае вады;
голасам трызьненьня начнога;
голасам лужыны маўклівай,
люстэрка сымулякраў вокамгненных;
голасам полымя:
чырвоным языком, скокамі порскавак,
знакамі дыму.
Прамовіць да цябе
словамі бачнымі й кранальнымі,
што мелі б водар, смак, вагу
як рэчы.
Кажучы аб гэтым,
я бачу: рэчы незаўважным чынам
сваіх абрысаў выракаюцца, імкнуцца
ў новых абрысах увасобіцца, набыць
новыя ймёны.
Застаюцца мне
адзіна словы для майго звароту.

Словы—масты. Таксама
яны—калодзежы, нераты, краты.
Я гавару з табой: не, ты мяне ня чуеш.
Змаўкаю:
размаўляю зь нейкім словам.
Гэтае слова—ты,
гэтае слова
вядзе цябе зь цябе да цябе самай.
Яго стварылі мы: ты, я, наш лёс.
Жанчына, што ў табе, ёсьць тая
зь якой я гутару:
гэтыя словы ёсьць тваім люстэркам,
самой табой і рэхам твайго ймя.
Я сам, зьвяртаючыся
да цябе,
ператвараюся адзіна ў шапаценьне,
у словы і паветра, у дыханьне,
у здань, народжаную літарамі тэксту.

Словы—масты:
Цень на пагорках Мэкнэсу
па-над зьнямелым сланечнікавым полем
разьлёгся бэзавай затокай.
Тры гадзіны дня,
табе дзевяць гадоў і ты заснула
ў абдоймах сьвежых залатой мімозы.
Закаханы ў гэамэтрыю,
каршук выводзіць кола.
Трымціць на даляглядзе
горных хрыбтоў мядзяная гурба.
Паміж галавакружнымі рагамі
гор раскіданыя белыя кубікі хацінаў.
Слуп дыму ўздымаецца з лагчыны
й патроху разыходзіцца, паветра ў ветры,
нібыта муэдзінаў сьпеў
што пратыкае цішу, уздымаецца й квітнее
ў новае цішы.
Сонца слупянее,
расхінуўшы агромністыя крылы
па-над далінамі адлюстраваньняў,
дзе мінарэты-прывіды ўздымае смага.
Ты ўжо ня сьпіш але шчэ не прачнулася:
ты ў часе непадзеленым лунаеш.
Павеў вятрыска абуджае ледзьве
далёкія краіны зь мяты й гук крыніцаў.
Дазволь, хай панясуць гэтыя словы
цябе кірункам да цябе самой.

2.

Словы—няпэўныя
й паведамляюць недакладна.
Але так ці інакш,
паведамляюць.
Каханьне ёсьць няпэўным словам,
як і астатнія.
Гэта ня слова,
абвесьціў Творца:
гэта прымха,
узыходжаньне й сыход
па лесьвіцы замілаваньня
—а флярэнтыец:
гэта гора,
—хтось іншы:
гэта не даброць,
аднак яго стварае дасканаласьць
—шмат іншых:
гэта немач, боль,
змаганьне, ачмурэньне, апантанасьць,
хімера, карацей,
што вынаходзіць юр,
яго сілкуюць устрыманьне й катаваньне,
рэўнасьць падзужвае,
а звычка—забівае.
Дар,
кара.
Разьятранасьць і сьвятасьць.
Вузел: жыцьцё і сьмерць.
Рана, што ёсьць
ружай уваскрасеньня.
Гэта слова:
яго мы кажам, каб яно сказала нас.

Каханьне пачынаецца целам
а дзе сканчаецца?
Калі яно прывід,
то целам увасоблены;
калі яно ёсьць цела,
то з дотыкам яно зьнікае.
Няўмольнае люстэрка:
жаданы вобраз растае,
і ты ва ўласных мроях патанаеш.
Сьвята адбіткаў.

Прымха:
імгненьне мае цела й вочы
відушчыя.
У рэшце рэшт, жыцьцё мае імя і твар.
Кахаць:
зрабіць, каб цела сталася душой
а душа целам, і зь цяперашняга часу
стварыць займеньне ты.
Кахаць:
адчыніць забароненыя дзьверы,
уваход,
што вядзе нас на іншы бок часу.
Імгненьне:
супрацьлегласьць сьмерці:
нашая крохкая вечнасьць.

Кахаць азначае згубіцца ў часе, стацца
люстэркам між люстэркаў.
Гэта—абагаўленьне:
зрабіць сваім богам зямную істоту,
нарачы часовае вечным.
Усе формы плоці
ёсьць зданямі,
дачкамі часу.
Час—гэта зло,
імгненьне—
гэта падзеньне;
бо кахаць ёсьць руйнавацца:
бясконца падаць,
нашая падвойнасьць
ёсьць нашай безданьню.
Пяшчота:
ерогліф разбурэньня.
Жарсьць: маска сьмерці.

Каханьне: варыяцыя
й амаль няўлоўны момант
у разьвіцьці сусьветнай першаклеткі
й ейных шматлікіх аддзяленьняў.
Стрыжань
варочаньня сьпіралі гэнэрацыяў.
Навіна, пераўвасабленьне:
дзяўчына ператвораная ў крыніцу,
валасы ператвораныя ў сузор’е,
на высьпе сьпіць жанчына.
Кроў:
музыка лісьця ў венах,
дакрананьне:
сьвятло ў начы двух целаў.
Пераадоленьне
фатальнасьці прыроды,
пераходу
між конам і свабодай,
пытаньня:
выпадак ці наканаваньне?

Памяць, шнар:
—адкуль нас вырвалі з карэньнем?,
шнар,
памяць, прага сапраўднасьці,
жаданьне
страчанае паловы.
Адасобнік—
вязень сябе самога,
ён толькі існуе,
адзіна існуе,
але ня мае памяці,
ня мае шнару:
кахаюцца ўдваіх,
заўжды ўдваіх,
пяшчота й звада,
быць удваіх—імкнуцца быць адным
і быць тым іншым, тою іншай,
ня ведаць адпачынку,
два—лік, няпоўны вечна,
што кружляе
ўкол свайго ценю
ў пошуках
страчанага намі ў момант нараджэньня,
шнар ускрываецца:
крыніца ўяваў,
два: арка па-над пусткай,
галавакружны мост,
люстэрка
пераўтварэньняў: два.

3.

Каханьне, выспа па-за часам,
выспа, абкружаная часам,
сьветліня
ў аблозе ночы.
Падаць
таксама ёсьць
вяртацца, уздымацца.
Кахаць—мець пальцы пільныя, як вочы,
намацваць імі вузел, што яднае
спакой і рух.
Каханьне ёсьць мастацтвам—
мастацтвам паміраць?
Кахаць:
умець памерці, зноў аджыць і зноў памерці:
каханьне ёсьць жывучасьцяй.
Кахаю
цябе, таму што я—сьмяротны,
таксама як і ты.
Асалода раніць,
Рана красуе.
У садзе мілаваньня
я сьцяў крывавы квет
каб упрыгожыць валасы твае.
Квет стаўся словам.
Слова палае ў маёй памяці.
Каханьне
ёсьць замірэньнем зь велічным Усім
і іншымі,
маленечкімі ўсімі,
каторых безьліч.
Наварот у дзень пачатку:
сёньняшні дзень.

Сёньняшні вечар патануў.
Лямпы й пражэктары
сьвідруюць ноч.
Пішу:
вяду з табой размову
—гутару з сабой.
У галасох вады, агню, зямлі, паветра
ўзьнікае вынайдзены намі сад паглядаў.
Міранда й Фэрдынанд замілавана
й бясконца пазіраюць адзін адному ў вочы,
—пакуль не камянеюць.
Такі самы спосаб
памерці, як і іншыя.
У вышыні
сузор’і вечна пішуць
адное й тое ж слова;
мы,
тут унізе, пішам
свае сьмяротныя імёны.
Двое
ўдваіх, бо ў іх няма Эдэму.
Мы ёсьць выгнаньнікамі з Саду,
асуджаныя вечна вынаходзіць
яго й вырошчваць квет трызьнівы,
жывыя перліны, што мы зрываем,
каб упрыгожыць шыю любай.
Нам наканавана
пакінуць Сад,
бо перад намі—
сьвет.


Кода

Кахаць, магчыма—зразумець,
як быць дарэчы ў гэтым сьвеце.
Мы вучымся ўдваіх спакою,
нібы ў той казцы—дуб і ліпа.
Навучыцца глядзець.
Твой пагляд ёсьць насеньнем.
Зь яго вырасла дрэва.
Я размаўляю,
бо ты варушыш ягонае вецьце.


© ПеракладМакс Шчур, 2000

HA POCTAHI