Яшчэ праз 25 год;
зноўку—8 ліпеня. Частка парку якраз на тым месцы, дзе стаяла карчма
“Ў глінянай падковы”. Дрэвы яшчэ ня надта высокія, але кусты—густыя
й разрослыя. Пасярэдзіне стаіць зэдлік—пусты. Сонца, пачынаючы чырванець,
рашуча схіляецца да зямлі. Задушлівае паветра перапоўненае п’янкімі
летнімі водарамі.
Прыходзіць Палай.
Сунецца так памалу, што часам нельга пазнаць, што ён рухаецца; пры кожным
малюпасенькім кроку ён крэкча жаласным тонам. Відаць, што ён перанёс
апаплексічны ўдар. Апрануты абы-як, амаль што ў рызманы. Дакульгае да
зэдліку й памалу-памалу, з дапамогай абедзьвюх рук і кійка, сядае. Выцірае
пот жоўтай насоўкай, потым гучна шморгаецца й выцірае вочы.
Палай (мовай апаплектыка):
Б-б-бл. Я т-т-такі гггалод—ны. Сссука п-паскудная н-нь-не дае п-пад’есьці.
Але т-т-ты паглядзі! Та-там ллляжыць д-добры к-кавалак хх-хлеба! Бл-блл.
(Спрабуе падчапіць яго сваім кіем; у яго атрымліваецца падсунуць хлеб
крыху да сябе.) В-в-вунь ідзе нн-нейкая пп-парачка; ттт-трэ-трэба пачакаць,
ббо сссорамна. (Парачка праходзіць міма; сабака, які ідзе зь імі, хапае
хлеб. Палай пачынае плакаць.) Т-той сссабака я-яго зз-зжэр. (Празь нейкі
час, вясёла) Дз-дз-дзякуй ббб-богу, в-в-вунь ідзе Ап-п-палонік. У я-я-яго
д-дакладна б-будзе п-печ-чыва. І т-т-ты—т-тунь. (Пачынае бестурботна
сьмяяцца.)
Апалонік (зьяўляецца.
Хоць і моцна гарбаты, але рухаецца на свой век даволі порстка. Гэтаксама
даволі добра гаворыць. Апрануты прыстойна.) Добры вечар! (Сядае каля
Палая.)
Палай (увесь час
гаворыць з заіканьнем): Печыва маеце?
Апалонік: Маю,
маю, стары. (Дастае дзьве булкі; Палай адразу бярэцца за адну.) Задуха
сёньня.
Палай: Вядома,
жыву сьвятым духам.
Апалонік (нахіляецца
да ягонага вуха й гукае): Ведаеш, які сёньня дзень? 8 ліпеня! (Ужо цішэй,
да сябе). А якраз такі ж вечар, як тады, у першы і ў другі раз. Менавіта
такое ж гарачае, задушлівае паветра й яснае неба. Пахне язьмін, ліпа
і ружа, а чалавек у тых водарах амаль забываецца, што ты не бязвусы
абітурыент, ані не пяцідзесяцігадовы Абрагам. Як жа ўмеюць гэтыя паветраныя
феі ўздымаць нябожчыкаў з магілы! Які ж дзівосны, які ўзьнёсла прыгожы
й бясконца глыбокі гэты сьвет!... Эх! Любата!
Палай: Вядома,
тая сука чым далей, тым болей падобная да ската. Яна мне жраць не дае,
ані крэйцару кішэнных грошай, ані на тытунь. Я зь ёю яшчэ з голада памру,
вось пабачыце. Калі б гэта яшчэ сапраўды было неабходна! Але пэнсія
й працэнты з ашчаджаньняў мне даюць прынамсі дзьве тысячы ў год. А ўсё
адну здохну як сабака, вось пабачыце. (Апалонік адкрывае пакунак з тытунём,
напіхае тытуню ў Палаеў капшук.) Тысячаразова дзякую, от парадавалі!
Які ж вы шчасны, ня тое што я! Хто б быў падумаў гады таму!
Апалонік (звычайным
голасам, сам сабе; выглядае, што ён звыклы прамаўляць перад Палаем доўгія,
сур’ёзныя маналогі): Бласлаўляю свой лёс. У старасьці я шчасьнейшы,
чым калі дагэтуль. Цэлае гэтае мізэрнае жыцьцё было як змрочны, даждлівы,
халодны з самага сьвітаньня дзень; толькі цяпер, калі ягоны закот ужо
блізка, праясьнела і пацяплела, папрыгажэла, як гэты сёньняшні вечар.
За гэта я ўдзячны толькі Яму, узьнёсламу Прывіду; жывыя да мяне заўжды
ставіліся горш за ваўкоў, трэба было, каб прыйшоў мярцьвяк, каб я спазнаўся
з добрым чалавекам. Я тады насамрэч упершыню ў жыцьці сабраў усю сваю
энэргію, каб перамагчы алькаголь. Страшэнна цяжка гэта было, але ўсё-ткі
на працягу цэлага году ані кропля ня трапіла ў мой страўнік. Але канец
канцоў напэўна ўсё адно б ня вытрымаў... але тут на шчасьце я цяжка
захварэў у выніку папярэдняга п’янства, некалькі год ляжаў, а гэта не
дало мне піць. Калі я зноў акрыяў, я адчуваў да алькаголю толькі агіду.
І тады выйграў галоўны прыз: ажаніўся з Агнешкай. Яна была пакаёўкай,
таксама ёй было ўжо пад пяцьдзесят, але закахаўся ў яе шчыра, і яна
ў мяне таксама закахалася, у адшчапенца. Мы зладзілі сабе маленькую
крамку, зь яе сьціплых ашчаджэньняў і з рэшты таго, што мне даў Неадсюль.
З тых грошай я пакінуў сабе толькі адну сотню—тую не разьмяню, нават
калі з голаду паміраць буду, я яе кожны вечар перад сном цалую. (Дастае
яе з нутраной кішэні і доўга прыціскае яе да лба.) Гандаль ішоў вельмі
добра; я намагаўся, як мог, але куды мне было да Агнешкі, тая—во дык
дзе ўмела гандляваць! Штогод мы адкладалі каля паўтысячы—і пры гэтым
ад рота не адрывалі. Радасьць з працы й з посьпеху напоўніла мне душу
так, што на піцьцё я зусім забыўся. І толькі тады вызваліўся мой асьвежаны
дух, тады цягам вольных вечароў я ўсё-ткі скончыў свайго Чынгісхана,
выдаў яго друкам, і да таго ж кнігу вершаў. Крытыка знайшла ў ёй сьляды
геніяльнасьці, а ў адным часопісе напісалі: “Выклікае зьдзіўленьне,
якую сьпеласьць развагі і жыцьцёвай мудрасьці выяўляе ў сваіх творах
малады паэт”, ха-ха-ха! А потым памерла мая Агнешка, хай за сьвятымі
спачывае! Сам я, ужо сямідзесяцігадовы, ня мог весьці гандаль, прадаў
выгадна крамку, а з працэнтаў капіталу, амаль што на пятнаццаць залатых
у месяц, жыву цяпер цудоўна, сабой задаволены. Прыгожы мне даў бог вечар.
А ўсё заслугай блаславёнага спадара Неадсюля, якому я малюся штодня.
Палай: Я таксама
малюся, каб яе ўжо пан Бог забраў, але ён яе штосьці браць ня хоча.
Апалонік: Гэтая
пачвара будзе жыць сто гадоў. А вунь, калі не памыляюся, яна ідзе!
Палай: Божухна!
(Ніжняя сківіца ў яго пачынае трымцець яшчэ больш, да самага моманту,
калі падыходзіць Брыгіта.)
Брыгіта (такая
ссохлая, што выглядае, як сухая сьліва, вельмі зьменшылася і ростам,
так што дасягае прыблізна вышыні сабакі. Ейная мова вельмі нагадвае
несупынны брэх малога шчанюка. Апранутая бедна. Спыняецца каля Палая.):
Ты чаго дамоў ня йдзеш? Сонца ўжо заходзіць, падае раса, якая псуе вопратку
й абутак. Божа, божа, я ўвесь час кажу, што на старасьці год нам прыйдзецца
яшчэ й жабраваць! Ты валацуга, каб быў сёньня дома раней за мяне, а
то ня дам табе вячэры. Ты й так сюды прыйшоў толькі для таго, каб лупіць
вочы на дзевак ды пасылаць ім пацалункі, распусьніка кавалак. Мала таго,
яшчэ і з гэтым тут сядзіць! З тым старым абоўдзілам і алкашом. Хіба
ён кампанія табе, сакратару мясцовай управы?
Апалонік: Села
б ты на мятлу ды валіла б сабе цераз комін дамоў, баба Каргота!
Палай (голасна
плача): Ён цяпер вышэйшы за мяне, ён прынамсі есьць уволю. А я ўвесь
час галодны як воўк, ты ж мне ані крайцару кішэнных не дасі—
Брыгіта: Яшчэ чаго!
Ты б яго за хвіліну прафукаў. Я табе што кажу—ану дамоў! (Сыходзіць).
Апалонік: Палай,
табе нават не паспачуваеш. Ці існуе ў сьвеце горшая баба, чым ты?
Палай: Калі б вас
двойчы напаткаў удар, я б на вас паглядзеў. І абодва разы гэта са мной
сталася з-за яе, паскуды, калі я на яе моцна злаваў. І ў трэці раз гэта
будзе зноўку яна, хто адправіць мяне на той сьвет, вось пабачыце.
Апалонік: Шчыра
кажу, узьнікае жаданьне самому ўзяцца за тваю справу; заўтра ж пайду
да юрыста, хочаш?
Палай: Не рабі
гэтага, дзеля Хрыста. Што б я тады ад яе мусіў перанесьці, небарака-
Апалонік: Ах божа—усё
яму хоць бы што, гэтаму лапцю (зноў пачынае свой маналог)—во-во, цяпер
я бачу, што Гасподзь Бог з намі, няшчаснымі людцамі, робіць. Каб кожнага
з нас вылечыць ад нашага глупства, шаленства, нікчэмнасьці, ён пасылае
на нас пакуту. І на мяне саслаў дастаткова. Але здаецца мне, што са
мною ён абыходзіўся яшчэ па-джэнтльмэнску. Цябе, старына, ён вылечыў
ад твайго прыдуркаватага “данжуанства”, “кальёстраўства”, “таньчаньня
з жыцьцём”, карацей, ад нягодніцтва тым, што знайшоў на цябе бізун у
выглядзе гэтай тваёй пачвары. І бізун цябе вылечыў: зрабіў з гулякі
тое, чым ты адпачатна быў: паслухмянага, шараговага грамадзяніна й службака.
Але бізун не перастаў лупіць цябе ані потым, наадварот, чым далей, тым
больш жорстка лупіў, адабраў у цябе ўсю свабоду, усю радасьць, зароблены
табой дабрабыцік, і нават кавалак ад рота: усю годнасьць, якую магчыма
было адабраць; зрабіў цябе посьмехам для ўсіх, галодным сабакам на ланцугу,
зрабіў твой вечар найгоршым пэрыядам твайго жыцьця. Ня веру, што тут
дзейнічала божая справядлівасьць і дабразычлівасьць, хутчэй за ўсё Бог
пасьля таго, як цябе вылечыў, сказаў нейкаму чарцяку, свайму намесьніку
на зямлі: “Рабі цяпер зь ім, анучай гэтай нікчэмнай, што хочаш, катуй
яго, баўся ім паводле сваёй ахвоты, як хлопчык, што паступова адрывае
жучку ножкі, крылцы, урэшце—галоўку...” Пакараньне тваё большае за твае
сьмешныя грахі; сталася зь цябе ахвяра—але гэта, думаю, у наступным
жыцьці табе будзе вернута.—Прафесарчык, гэты адвечны асёл—аднак цішэй.
(Навокал гудзе
сьвятая часіна, калі сонца зноўку цалуе зямлю сваймі палкімі вуснамі;
а пасьля пацалунку п’янка ўпіваецца ў яе глыбей і глыбей, пакуль у ёй
ня зьнікне й не сальецца зь ёю, каханай, у адно. Высока па-над ім ужо
парадаксальна зіхціць зорка дзённая, нецярплівая, самавіта палохае дыямэнтавая
порскаўка, што адарвалася ад сонца; тое ня зойдзе, пакуль яна будзе
зіхцець. А там, ззаду, яшчэ адна порскаўка, аблачынна-імглістая, прысела
на гару й хутка расьце. Тое—сонца ночы, якое выходзіць якраз у той момант,
калі хаваецца сонца дня. Яно ўзыходзіць вышэй і магутнее—і ўжо ўвесь
ягоны агромністы дыск адарваўся, нібы паветраны шар, ад зямлі, у чыім
улоньні на захадзе адначасова згасае апошні водбліск... Ядвабна цямнее,
усё больш і больш цямнее...)
Палай: Ну вось
я і застаўся безь вячэры.
Апалонік: Я цябе
пакармлю. На во, на дні пасту.
Палай: Бл-бл, два
злотых, гэта ж якія грошы—але тая паскуда знойдзе іх у мяне й скрадзе—
Апалонік: Зірні,
у цябе вунь гальштук распораты (усоўвае яму туды банкноты); там яна
шукаць дакладна ня будзе. Дружа, сёньня цалкам незвычайны дзень! І прызнаюся
табе, што сёньня ў мяне з самай раніцы такое прадчуваньне, быццам мы
ўсе яшчэ адзін раз павінны сустрэцца; можа і зь Неадсюлем. Так, так,
вось убачыш!—Дык вось, я пра таго Прафесарчыка. Яго бог выдаў на глумленьне
яшчэ больш зламысьнейшаму чорту, чымся цябе; каб вылечыць яго ад перапрацаванасьці,
ён—зьвёў яго з розуму. Выбухнуў той “публічны скандал”, аб якім столькі
пісалі; выявілася, што ягоная курвамаць гарантавана падманвала яго самае
меншае з трыццацьцю мужыкамі; сама яна перад судом цынічна прызналася
яму, што тая гнюсная байстручка, якую ён усюды цягаў за сабою як карова
хвост, зусім не ягоная дачка. Дык наш спадар прафэсар з гэтага звар’яцеў,
скончыў у вар’ятні, дзе адпачыў ад працы, збавіўся нэўрастэніі, але
ж і памяці. Ён забыўся на ўвесь гэты скандал і набыў непахіснае перакананьне,
што курвамаць, якая сядзела ў астрогу, у імя высокай маралі праводзіць
філантрапічнае лекцыйнае турнэ па Амэрыцы. З вар’ятні яго адпусьцілі
як невылечнага, але цалкам бяскрыўднага блазьнюка; аднак я думаю, што
для яго было б лепей, каб яго там пакінулі да самай сьмерці. Курвамаць
малодшая, якая праядае цяпер разам зь ім яго пэнсію, абыходзіцца зь
ім бадай яшчэ горш, чым з табой Брыгіта. А ён плача днём і ноччу, што
курвамаць старэйшая—якая ўжо даўно дала дуба ад прагрэсуючага паралюшу,
выкліканага сіфілісам—усё ніяк ня вернецца з турнэ. Божухна, ён ня ўмеў
больш нічога—маланка на мяне, гатовы паклясца, што той вунь стары дзед—гэта
ён, чуеш?
Палай: Той, што
скача за тымі афіцэрамі з дамай?
Апалонік: Той.
Так і ёсьць. Тая дама—гэта яго байстручка, пра якую ведама, што без
мужчынскага таварыства яна не абыйдзецца ані секунды. Яны ідуць сюды.
Загавару да яго. (Абодва вышморгваюцца й выціраюць вочы. Зьяўляюцца
два лейтэнанты, высокі й нізкі. Пасярод іх—Дубраўка, трыццацігадовая
модніца, апранутая як шлюха, размаляваная як акторка ў тэатры, з дробязным,
пустым, агідным тварам. Некалькі крокаў ззаду за ім цялёпаецца маленькімі
крокамі Прафесарчык. Ён увесь ссох, але ягоныя рухі больш энэргічныя,
чым раней. Апалонік падыходзіць да яго.)
Апалонік: Спадар
прафэсар, ці вы ўжо не пазнаеце сваіх сяброў?
Прафесарчык: (спыняецца,
астатнія таксама) Вы—вы—гэта—
Апалонік: Ну Апалонік,
той п’янтос! А гэта спадар сакратар Палай.
Прафесарчык (пачынае
сьмяяцца і таньчыць): Ужо ўзгадаў, ужо ўзгадаў! (Палаю) Дык гэта ты
той жанаты, гігігі! Не пазнаць!
Палай: Ведама,
што яе трэба гнаць, але што зробіш, калі мяне паралізавала.
Дубраўка: Papб,
як цудоўна! Ты сустрэў старых знаёмых, дык прысядзь да іх, яны табе
найлепей растлумачаць, дзе тая карчма.
Апалонік (да яе):
Ён тут шукаў нейкую карчму?
Дубраўка (звысок,
да лейтэнантаў): Ён узгадаў пра пэўную карчму, дзе, як ён лічыць, яму
нядаўна зьявіўся ягоны калега, нябожчык. Я была сьведкай гэтага, мне
было шэсьць гадоў, насамрэч прыйшоў быў нейкі спадар, зялёныя агні мігцелі,
а ён разам зь імі. Натуральна, ілюзіяніст. Але мне было тады ой як боязна.
Сёньня ён сабе ўбіў у галаву паглядзець на тую карчму. Я не хацела,
каб ён увесь вечар праплакаў, прыйшлося ўзяць яго ў сабой. Гэтыя старыя
горшыя за дзяцей, разумеюць толькі мову мятлы. Papб, дарогу ў гатэль
ты ведаеш, дык прыходзь, як тут дабалакаеш. Ведаеце што, хлопчыкі? Я
вельмі люблю купацца ў прыцемках, тады вада цяплейшая. Тут нібыта дзесьці
рэчка?
Высокі лейтэнант:
Ззз. У пяці хвілінах адсюль. Ззз.
Нізкі лейтэнант:
З асалодай, ма бэль* (мая гожая—фр.). Ммме-е-е. (Абодва хапаюць Дубраўку
пад рукі, уздымаюць і бягуць зь ёю прэч, што выглядае вельмі камічна
з-за значнай розьніцы ў іхным росьце. За сцэнай яшчэ раз гучыць меканьне
нізкага.) Ммме-е-е.
Апалонік: Дык сядайце
да нас, спадар прафэсар. (Прафесарчык пасьля доўгага выціраньня зэдліку
сядае; аднак амаль адразу ж ускоквае й зноў яго выцірае; гэта паўтараецца
цягам далейшага некалькіразова.) А ці ведаеце вы, спадар аднакашнік,
якая ў нас сёньня дата?
Прафесарчык: Каб
я ды ня ведаў? Дваццатае!
Апалонік: Слушна.
Бо нязначная розьніца ў дванаццаць дзён ролі ня йграе. Сёньня 8 ліпеня,
памятны дзень нашых вельмі цікавых сустрэчаў.
Прафесарчык: А,
ужо ўзгадаў! Мы на іх абмяркоўвалі падвышэньне заробку выкладчыкаў.
У мяне цудоўная памяць; я нічога не забываюся. Уявіце сабе!
Палай: Ведама,
я б таксама ёй уваліў, калі б мяне не паралізавала.
Прафесарчык: Але
скажы мне адно—як жа цябе там зваць? Абаранак, не?
Апалонік: Апалонік.
Прафесарчык: Я
так і думаў, што неяк так. Але як гэта так, куды дзелася тая карчма?
Як зямля яе зарвала. А яна ж тут павінна быць. Гэта наўпрост супярэчыць
дакладным навукам.
Апалонік: Яна тут
была, але яе збурылі. І ўсё-ткі мы зараз у ёй. Якраз на гэтым месцы,
дзе цяпер зэдлік, стаяў стол; дакладна там, як расьце куст жоўтых ружаў,
былі дзьверы, а там, дзе расьце тая ліпка, было вакно. Я ўсё гэта дакладан
зьмераў. Таму я сюды штодня і хаджу. Ёсьць у гэтым адмысловая паэзія:
сядзець адначасова на прыродзе і ў карчме. Замест задымленай столі—зорнае
неба, замест цесных сьценаў—муры кустоў і дрэваў. І тым ня менш ты ў
карчме.
Прафесарчык: Ай-яй!
Гігігі! Гэта трапна. Я нават і не падумаў, што яе маглі разбурыць, я
ўжо думаў, што яна дэматэрыялізавалася. (Устае й таньчыць.)
Апалонік: Так,
дык як вы меліся, спадар прафэсар, усе гэтыя гады?
Прафесарчык: Ня
надта, даражэнькі. Я быў страшэнна перапрацаваны, нэрвы нікудышныя.
А з-за гэтага прыходзілі кашмары. Сьніў я, што мая жоначка—кожны пагодзіцца,
што гэта анёл, які сядзіць не на небе, а на зямлі—была нягоднымі людзьмі
ілжыва абвінавачаная ў сужэнскай зрадзе і ва ўсіх магчымых немаральнасьцях...,
і што Дубраўку прывяла на сьвет не са мной, а з жыдом Грунготам. Мне
гэта страшэнна дзейнічала на мазгі; як быццам мяне хто па галаве біў
малатком, ды так, што мазгі пырскалі, пакуль ад іх у чэрапе не засталося
пустое меца. Тады я выправіўся ў санаторый. Там мяне вылечылі. Справа
ў тым, што я лічыў свае сны сапраўднасьцю, а там мне даказалі, што ўсё
гэта я толькі сьніў. Ты нават ня ведаеш, як мне ад гэтага палегчала.
Я выйшаў з санаторыя, але да працы ўжо быў ня надта прыдатны. Дый не
было для каго працаваць, бо мая анёльская Мімі арганізоўвала ў Амэрыцы
лекцыйнае турнэ ў імя высокай маралі і ўсё ніяк не вярталася. Мне прызначылі
пэнсію. Майму шчасьцю ў закутку прыйшоў канец. І новыя, жахлівыя сны
перасьледавалі мяне; перадусім, што Дубраўка ператварылася ў нейкага
д’ябла, які мяне несупынна катуе: б’е, суе пад сьцюдзёны душ, зачыняе
ў прыбіральні. А жоначка мая ня едзе й ня едзе, каб мяне вызваліць.
(Зноў плача).
Палай: Вашая жонка
не дае вам ані крайцару кішэнных?
Апалонік: А як
маюцца чухонцы?
Прафесарчык: Якія
чухонцы?
Апалонік: Ну народ,
пра які вы нам столькі напісалі.
Прафесарчык: Што-што?
Пра гэта мне нічога не вядома. Ты ўжо зусім здурэў. Я ўжо нічога не
пішу, нічога не раблю, таму што яны мяне, паскуднікі, пасадзілі на пэнсію.
Толькі цэлымі днямі раскладаю карты й малюю па сьценках сабачак.
Апалонік: Гэта
вам па сваёй уласнай волі собіла ўшанаваць сёньня Ланаў сваім візітам?
Прафесарчык: Дубраўка
ўзяла мяне з сабой, таму што я тут добра арыентуюся. Яе сюды запрасілі
на адкрыцьцё філантрапічнага таварыства. Яна ўся ў матулю. Тыя два спадары,
якія яе суправаджалі—з Арміі Ўратаваньня.
Апалонік: Бач ты!
А я думаў, што ў іх мундуры афіцэраў пяхоты аўстрыйска-вугорскай арміі.
Прафесарчык: Бо
ты ёлуп! Гэта мундуры Арміі Ўратаваньня. Мне гэта сама Дубраўка сказала.
Яна ёсьць працягам майго “я”.
Апалонік: У вашай
спадарычны дачкі таксама ўжо, маўляў, ёсьць дачка?
Прафесарчык: А
то як жа! Ёлуп ты! Яе зваць Кунігунда.
Апалонік: Дык вы
шчасны чалавек. Бо і ўнучка ёсьць вашым “я”, таму ў вас адначасова тры
“я”: вашае, доччына і ўнуччына. Як цікава.
Прафесарчык: Я
хацеў узяць з сабой Кунігунду. Але Дубраўка на мяне вызьверылася: “Куды
яе? Мне што яе, цягаць з сабой па забягалаўках, як ты мяне калісьці
цягаў? Альбо пакінуць яе з табой, якога выхавала вар’ятня?” Так яна
й засталася ў чужых кіпцюрах, адарваная ад любага дзядулі. (Пачынае
плакаць.)
Палай: Бл-бл. Нь-ня
плачце, іначай я (вымае хустку)... мне ўжо трэба дамоў, мне адсюль вельмі
далёка ісьці, ажно ў той вунь жоўты дом. (Паказвае на дом на краі парку).
Апалонік: Дык да
яго ўсяго сто крокаў. Я цябе потым туды завяду, толькі застанься яшчэ,
вось пабачыш, што прыйдзе Даход!
Прафесарчык: Даход...
Даход. Хто гэта? А, Яго Сьветласьць! Яму нібыта прыйшлося падаваць у
адстаўку. Я чуў, што ён дрэнна скончыў.
Апалонік: Я думаю!
Гэта было такое падзеньне, што зямля задрыжала. Ужо задоўга перад ягоным
апошнім візітам сюды птушкі шчабяталі, што ён дапускаў агромністыя хабары—узяў
на лапу ня менш за семдзесят мільёнаў. Зразумела, вышэйшыя колы намагаліся
ўсё замяць; толькі калі гэта выявілася цалкам немагчымым, быў выданы
ордэр на арышт. А як гэта бывае, бяда сама ня ходзіць: адкрыўся цэлы
шэраг іншых, ранейшых скандалаў. Напрыклад, тое, што ў мінулым ён быў
паліцыйным шпегам на службе ў манархіі, здраднікам айчыны. Глінскім.
Вырабляў усемагчымыя махлярствы, злачынствы, шкодніцтвы; нават грошы
сіротак клаў сабе ў кішэню. Быў папросту грашовым клептаманам, здольным
скрасьці шэляг і ў жабрака. Далі яму дванаццаць гадоў. Ён там некалькі
разоў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. За сем гадоў яго выпусьцілі
ў выніку амністыі. Калі ён выйшаў, яму было 57 год, але выглядаў ён
на 75. У астрог ён ішоў тлусты, як мядзьведзь у лістападзе, а выйшаў
зь яго худы, як мядзьведзь у сакавіку пасьля зімовай сьпячкі. І ў ягоным
выпадку, Палай, Гасподзь Бог скарыстаў няшчасьце, каб яго ўратаваць:
пакуль ён заставаўся міністрам, дык дактары прадказвалі яму толькі тры
гады жыцьця з-за хранічнага тлусьценьня; цюрага гэтую пагрозу адагнала:
найлепшай дыетай ёсьць папакутаваць як сьлед. Але Гасподзь усемагутны
зрабіў бы лепей, калі б пакінуў яго задушыцца тлушчам. Мала таго, што
яму як палітыку назаўжды быў зламаны хрыбет, але і ўсё ягонае майно,
калі толькі сваякі ня здолелі яго надзейна схаваць, было сканфіскавана.
Апынуўся ён на волі зганьбаваны, нікому не патрэбны, амаль бяз грошай,
бо ягоныя дзеці, што моцна злавалі на яго за апаскуджаньне іхнага імя,
давалі яму зь ягоных колішніх грошай столькі, каб ён не падохнуў з голаду;
не маглі дачакацца, калі ён ужо памрэ. Хоць ён і хаваўся ўсюлы пад чужым
імем, нідзе не затрымліваўся больш за пару дзён. Паехаў быў у Амэрыку,
але там ня вытрымаў пустэчы сваёй душы і сваёй кішэні. Астрог пазбавіў
яго здольнасьці самастойна зарабляць грошы. Ну, а цяпер ужо людзі ўсё-ткі
пакінулі яго нарэшце ў спакоі: у сучаснага пакаленьня іншыя турботы.—Карацей:
Гасподзь Бог дорага ўзяў зь яго за вылячэньне ад лішняй вагі, нібы той
лекар, што, загаіўшы звычайную рану, узяў пяцьдзесят тысячаў ганарару.
Дый наогул кажу табе, Палай, што пакута не заўсёды, наогул рэдка калі
мае на мэце нейкае павучаньне, паляпшэньне, ачысту, што яна ёсьць толькі
прыладай у руках зласмысных, зларадасных сілаў, і што Бог аддае пакуце
перадусім адкіды чалавецтва, якія яму абыякавыя, тым часам як лепшых
людзей, напрыклад, мяне, прымушае пакутаваць толькі так доўга, пакуль
ім гэта ідзе на карысьць.
Прафесарчык: Разумею,
усё разумею. Даход быў вымушаны падаць у адстаўку, таму што ён заўжды
мужна змагаўся з хабарніцтвам і сквапнасьцю. Такім у нас ёсьць лёс усіх
шляхотных людзей; ён ёсьць пакутнікам за сьвятую справу.
Апалонік: Цалкам
слушна зразумета.—Але нешта яго няма й няма.... Апалоніку, блазан ты
стары, што кожную сваю фантазію лічыць праўдзівай манэтай і зь іншымі
ёю расплочваецца, усё-ткі ты—паэт. Няма яго—і Неадсюля таксама... Чэзьне
заранка, жаўцее, бурэе, шарэе; нібы хтосьці на неба выплюхнуў жбан бруду.
Апошняя ластаўка схавалася ў слоту свайго гнязда, аднак нябачна прыходзіць
на ейнае месца ластаўка ночы, гэткая ж віртуозная лятунка, таксама як
калісьці во сябра Палай—лятучая малпачка, паветраны чалавечак... Жаўрук
адкрычаў, ягоную партыю перахапіў там у бары жаўрук начны, салавейка,
дзёрзкі няспач, які пляваць хацеў на паліцэйскія ўказы аб начной цішыні.
Пахі лета пагусьцелі, патлусьцелі, палянівелі; прыцемкі зрабілі іх глыбейшымі
і п’янчэйшымі, ціша—галасьнейшымі й красамоўнейшымі, цемра—яскравейшымі,
гэтых нябачных кажаноў, містычных, сімвалічных духаў, надсьветлавых
ворагаў сьвятла. Злосна пахмыляецца месяц, безжыцьцёвы, ільдзяны, нярушны—твар
мерцьвяка, забітага ўласным гневам; а зь яго, з Шопэнгаўэра, сьмяецца
на захадзе срэбны, блазнаваты званочак аптымісткі-Мілавіцы, паказвае
яму, паважанаму старэйшыне, язык, гэтае дзяўчо-сьмяшок, з гераічным
усьведамленьнем таго, што месяц так далёка да яе не дасягне, бо яна
нязьменна трымаецца пад залатой покрыўкай непадалёк ад таты-сонца. Відаць
ужо ўсе зоркі Мядзьведзіцы й Мядзьведзяняці, толькі ягонай Сьветласьці—дзякуй
табе божа! Вунь ён ідзе!
Прафесарчык: Вунь
той? Як быццам ты адсюль бачыш, на гэта трэба мець пугачовы вочы.
Палай: Ведама,
што сьмярдзіць ад мочы, паскудніца.
Апалонік: Ну ясна,
што ня бачу, але прадчуваньне бачыць лепш за вока. (Паўза, у якой усе
шморгаюцца, выціраюць вочы, вушы, адкашліваюцца, адплёўваюцца.) Ужо
бачу, але пазнаць немагчыма: ад яго засталася толькі палова. Ён ідзе
сюды. Гукну яго.
Прафесарчык: Дай
мне, дай мне!
Апалонік: Ну добра,
але сумняюся, што з гэтага што добрае атрымаецца.
(Зьяўляецца Даход.
У яго жоўтая, кароткая, брудная барада, лысіна. Апрануты як валацуга:
незашытыя дзіркі, агромністая блакітная латка на карычневых нагавіцах,
з боты выглядае сіні палец без шкарпэткі. Хада дзіўная: празь некалькі
дробных, хуткіх крокаў ён шторазу спыняецца й рэзка трасе галавой. Гэтая
трасучка не пакідае яго ані тады, калі ён сядзіць. Цяжка сказаць, ці
гэта штосьці фізіялагічнае, цік альбо выраз гневу; прынамсі, здаецца,
што ён надзвычай злуе. Магчыма, гэта ўражаньне стварае выраз ягонага
твару, у якім цяпер пераважае атрутная, помсьлівая злосьць.)
Прафесарчык (выскоквае
яму насустрач): Ваша Сьветласьць, вітаем вас у нашым таварыстве!
Даход (спыняецца;
голасам, які нагадвае ягоную хаду—буркатлівым, нібы цяўкае): Шветласьць?
Зьдзекуесься? Такі штары, і такі хам? Я табе дам Шветласьць, пашкуднік!
(Пачынае непрыстойна цягаць Прафесарчыка за вуха.)
Прафесарчык (скачучы
й войкаючы): Трасца табе—ў бок! Аў, аў, аў!
Даход: Вош табе,
хамуйла!
Прафесарчык (хапае
яго за бараду): Ну, чалавеча, што зараз будзе, я буду біцца як леў,
як леў!
Даход: А я як тыгр.
(Хапае яго за другое вуха.) Ваў, ваў!
Апалонік (укліньваецца
між іх): Спадарства, супакойцеся! Гэты во пан (паказвае на Прафесарчыка)—гэта
ваш былы сунавучэнец, прафэсар Прафесарчык. (Бойка спыняецца.)
Даход: Шкаціна
ён, шкаціна, а не прафэшар!
Прафесарчык: (сядае
й плача, церучы вушы) Ой-ёй-ёй! Усе вушы мне паадцягваў, будуць як у
асла. Вось табе і маеш за ветлівасьць, ой-ёй-ёй!
Палай: Ой-ёй, ой-ёй!
Апалонік (Даходу):
Прафесарчык страціў памяць і наогул зшалеў—
Даход: Шшалеў не
шшалеў, шкацінай заштанецца.
Апалонік: А вось
наш калега Палай амаль зусім аглух. А я—былы вялікі п’янтос у вачох
Божых, Апалонік. Зрабіце ласку, спадар Даход, прысядзьце з намі.
Даход (памалу падыходзіць.
Апалонік прапануе яму месца між сабой і Прафесарчыкам): Толькі ня побач
зь ім, гэтым хамам! (Сядае паміж Апалонікам і Палаем.)
Прафесарчык: Я
ад вас гэтага не заслужыў, Ваша Сьветласьць—
Даход: Я табе дам
Шветласьць! (плюе на яго)
Прафесарчык (здымае
капялюш): І проста на капялюш, на капялюш! Трасца ў бок!
Палай: Ой-ёй, ой-ёй,
проста на капялюш!
Апалонік: Шаноўныя
калегі, пакіньце гэтую братазабойчую вайну! Калега Даход, прашу цябе,
пачувай сябе як дома сярод сваіх старых сяброў, між якіх цябе ніхто
ніколі не асуджаў.
Даход: Хто б мяне
ашудзіў, быў бы мярзотнікам і злодзеем. Ушо, што я рабіў, кіравалаша
добрым намерам.
Апалонік: Я так
лічу, калега, што кожны чалавек, што б ён ні рабіў, кіруецца добрым
намерам.
Даход: Ану пераштань
філязафаваць, а то я зараз жа шыду. (Зьвяртаецца да Палая) Палай, калі
бы тое выкрыцьцё прыйшло тыднем пазьней, мяне ўшэ шанавалі б як нацыянальнага
швятога. Прошта такая была палітычная кан’юнктура.
Палай: Вядома,
што яна старая дура.
Даход: Ах, ён жа глухі! З кім мне тут размаўляць? З тым вунь пашкуднікам?
З гэтым во піякам? О дзе дык апынуўша ў добрай шупольнасьці!
Апалонік: Вы, калі
заўгодна—найлепшы яе сябра. Скажыце мне, калі ласка: вы сюды прыйшлі
выпадкова ці наўмысна?
Даход: Шкажу вам
калі лашка, што на падобныя глупштвы я не адказваю. Я ўжо ў вашым гнязьдзе
тры дні ў якашці штрахавога агента. Але шмат кліентуры не злаўлю. Няма
патрэбнага кашцюму.
Апалонік: Дазволіце
мне прапанаваць вам які з маіх? Яны ня надта файныя, але дзірак і латак
ня маюць.
Даход: Пакінь іх
пры шабе й не абражай. Хутчэй вунь мешац мне дашць нагой пад шраку,
чым Даход будзе браць штошці ў жабрака.
Апалонік: Як хочаце,
мне будзе болей. Але ці не прывяло вас сюды нейкае загадкавае адчуваньне?
Даход: Дурань,
няма нічога загадкавага. У каго грошай больш, у каго менш, вош і ўша
загадка швета. (Злосна) Што вы зь мяне афарызмы цягаеце? Шкадую, што
шуды прыйшоў. (Устае) Шыходжу. Каб не забыцца: пашлі мне, Апалоніку,
шваю вопратку і боты яшчэ заўтра ў дарожны гатэль “У п’янай канякі”!
Апалонік: Будзьце
спакойныя, мілы пане!
Прафесарчык (таксама
ўстае і падыходзіць да Дахода): Вы ўжо сыходзіце? Якая шкода, дарагі
калега!
Даход: Чалавечыку,
шадзі шабе й пакінь мяне ў шпакоі!
Апалонік: Спадар
прафэсар, апошні раз раю: не чапайце яго! Я ўжо між вас уступацца ня
буду!
Прафесарчык (безуважна):
Шаноўны калега, я ваш найвялікшы прыхільнік. Маю да вас найглыбейшую
пашану як да надзвычайнага чалавека, які заўсёды гераічна змагаўся супраць
хабарніцтву, злодзейству, мамоне—аў, аў! (Гэта Даход кідаецца на яго
як апач, хапае яго за горла і засыпае яго хуткімі поўхамі) Трасца табе
ў бок! Трасца! (Асядае на зямлю й падае наўзнак) Ён мяне забіў, я мярцьвяк!
Даход: Дык зараз
ды ў мяне апрытомнееш, пашкуднік! (Працягвае біць лежачага)
Палай (які ўвесь
гэты час заламваў рукі, з агромністай намогай устае й падыходзіць да
тых, што б’юцца) Бл-бл. (Пачынае сваёй кульбай лупцаваць Дахода па сагнутай
сьпіне.)
Даход (выпростваецца
й хапаецца за сьпіну) Ваў! І ты супраць мяне, калека! (Палай падае пры
першым ягоным дотыку. Тут Даход пачынае даваць поўхі і яму.)
Прафесарчык (злосна
ўстае) Што зараз будзе, што будзе! Я цяпер леў, леў!
(Тут і ён пачне раздаваць поўхі. Даход валіць яго на зямлю, проста на
Палая. Той хапае Прафесарчыка за нос і пачынае адурэла таўчы яго кулаком.
Даход лупцуе абодвух. Bellum omnium contra omnes* (вайна ўсіх супраць
усіх—лац.), якая суправаджаецца ваяўнічым рыканьнем.)
Апалонік (які здалёк
назіраў за бойкай, сам сабе): А вось і паліцыя! Нават і не падумаю дапамагаць
пачварнай мадам Юстыцыі. (Адыходзіць за густы куст чаромхі. Зьяўляюцца
два паліцыянты, малады й пажылы.)
Пажылы: Што гэта
тут за крык? Ужо ноч, а тут такі лямант! Ды яны тут грызуцца між сабой,
як сабакі! (Разам з маладым паліцыянтам падыходзяць і сьвецяць старым
у твары; толькі цяпер бойка спыняецца.)
Малады: А яшчэ
старыя! І мама родная, ці мне гэта здаецца? Спадар сакратар управы,
ці магчыма гэта, каб вы тут тузаліся на зямлі, як дзіця малое?
Палай: Бл-бл.
Даход: Патрабую
ад аховы парадку, каб яна арыштавала гэтых бандытаў!
Прафесарчык: Гэта
ён бандыт! Гэта не чалавек, гэта люты тыгр!
Пажылы (да Палая,
паказваючы на Дахода): Што гэта за бадзяга?
Палай: Бл-бл, гэта
Даход, міністар, ён адсюль родам—
Пажылы: А божачка!
Малады: Хто гэта?
Пажылы: Ня ведаеш?
Гэтая моладзь сёньня цікавіцца толькі тым, як каму выбіць нагой зубы
й пераламаць галёнкі, а не каб што даведацца аб гісторыі сваёй краіны...
(Палаю) Хто зь іх, уласна, пачаў тузаніну?
Палай: Бл... той другі—гэта прафэсар Прафесарчык, ён мешуге—але міністар
мне адарваў усе гузікі з нагавіцаў, ой-ёй!
Малады: Ды пакіньма
гэтых заплесьнелых старых у спакоі!
Пажылы: Ня цяміш
ты. З гэтага можа быць скандальчык, нашыя імёны трапяць ува ўсе газэты.—Спадарства,
неабходна, каб дзеля ўсталяваньня ісьціны вы прайшлі з намі ў пастарунак,
усе тры!
Палай: Я—у пастарунак?
Я невінаваты...
Пажылы: Хай васпан
не баіцца, нічога яму ня будзе, мы вас ведаем як агнца божага.
Даход: А гэтую
шкаціну варта прыкладна пакараць. Варта яго злупцаваць розгамі, каб
аж зчарнеў.
Прафесарчык: Трасца
табе ў бок! І такое робіцца ў пастарунках, божухна!
Палай: Усе тры
гузікі, і якраз на прарэху, ой-ёй, ой-ёй!
Прафесарчык (пачынае
ўцякаць і крычыць): Яны мяне хочуць злупцаваць, людцы, ратуйце, ратуйце!
(Малады паліцыянт бяжыць за ім і зараз жа прыцягвае яго назад.)
Даход: Чакай, пашкуднік,
атрымаеш паплішкай на голую шраку!
Прафесарчык (укленчвае
й сьцінае рукі) Рабіце што хочаце, толькі ня біце мяне па срацы!
Пажылы: Нічога
мы васпану ня зробім, не дурыцеся! Дык хадзем хутчэй! (Дапамагае Палаю
ўзьняцца, і падпёршы яго адной рукою, другой хапае Дахода за плячо.
Малады паліцыянт хапае яго з другога боку, а другой рукой—Прафесарчыка.
Гэтак усе сыходзяць.)
Голас Прафесарчыка
(у якім чуецца плач) Яны мне надаюць па срацы!
Голас Палая: Ой-ёй,
ой-ёй, усе тры гузікі, і якраз на прарэху—
Голас Дахода: Тхор
ты шмярдзючы, тхор ты, тхор!—
Апалонік (павольна
вяртаецца на зэдлік): Das ist also des Pudels Kцrn!..* (Дык вось у чым
цымус!—ням.) Гэтая бязмозглая, аскацінелая басота—і гэта сутнасьць трох
шляхотных, кранутых геніем, палымяных юнакоў! Гнюсна, жахліва... Ці
ў гэтым вінаватая толькі старасьць, якая сьцірае ўсе вартасьці, разьдзьмувае
ўсе заганы? Але адчуваю, што старасьць толькі адкрывае найглыбейшыя
падмуркі душы, гэтаксама як і абапітасьць; in senectute veritas*… (у
старасьці ісьціна—лац.) Але калі гэтыя тры, якія здаваліся самымі лепшымі,
ёсьць чымсьці настолькі мізэрным, дык што ўжо казаць пра астатніх людзей?
Хаця—ці ня ёсьць менавіта гэтыя тры—самымі горшымі? Ці ня меў рацыю
Неадсюль, калі казаў: шкада нізкасьці, у якой ёсьць хоць трошку таленту?
... Просты чалавек, мая цётухна, ах... якая ніколі б не падумала лічыць
сябе чымсьці надзвычайным, якая нават ня чула слова геніяльнасьць, ёсьць
бадай чымсьці лепшым за гэтых сапраўдных вылюдкаў. (На момант змаўкае.
За кустоўем, якіх пятнаццаць крокаў адтуль, зьяўляюцца тры невыразныя
пастаці. Спыняюцца, гавораць вельмі ціха, так што Апалонік чуе толькі
асобныя фразы.)
Голас нізкага лейтэнанта:
Фу, фу! Такая ганьба!
Голас Дубраўкі:
Дык значыцца вы насамрэч ягоны ўнук, спадар фон Таходт?
Ніхкі лейтэнант:
Меее! Скандал! Меее...
Высокі лейтэнант:
Калі хочаш, гэтую справу можна лёгка замяць. Зззз.
Дубраўка: Але гэта
ня мог быць ён—
Нізкі лейтэнант:
Дэмуазэль, я не кажу што пазнаў бы ягоны голас між брэхам розных сабак,
але між людзкіх галасоў—несумненна, меее... Але хопіць ужо! Замяць справу?
Не! Наадварот—трэба з гэтым раз і назаўсёды парахаваць!—Вар’ятня! Ён
небясьпечнейшы за любога шаленца; яго паводзіны ўжо нельга назваць жывёльнымі—
(Да іх нечакана падыходзіць маленькая, чацьвёртая пастаць—Брыгіта.)
Брыгіта: Спадарства
няхай даруе, мяне, на жаль, таксама датычыцца гэтая справа, а ў гэтай
начной цішыні чуеш усё, нават калі ня хочаш. Той трэці дзядок, ах, гэта
мой муж, Палай.
Дубраўка (зьдзекліва):
Шчырыя віншаваньні!
Брыгіта: Шматкроць
удзячная. Ах, такі сорам! Я буду саромецца высунуць галаву з вакна.
(Далейшага нельга зразумець.) О, той нягоднік! Але я яму так увалю,
як яшчэ ніколі дагэтуль ня ўвальвала!
Дубраўка: Яго нібыта
двойчы напаткаў удар з-за вашай языкатасьці. Вы ж ведаеце, што калі
ён яго напаткае ў трэці раз, гэта будзе канец, і ўсё адно—
Высокі лейтэнант:
Менавіта. Сэ эпувантабль!* (Гэта жудасна—фр.) Зззз-
Брыгіта: Няўжо
я жыву для таго, каб усё стрываць! Мне што, нельга ані слова сказаць?
Нізкі лейтэнант:
Хе-хе, вашая рацыя! Няма ніякай рызыкі-
Дубраўка: Як я
вам зайздрошчу: пасьля таго як ён памрэ, вы будзеце атрымліваць пэнсію.
(Далейшага нельга зразумець.)
Высокі лейтэнант:
Хадзем ужо! Я з табой, Эгон, заўтра пайду да адваката. Твая рацыя, дзеду
твайму трэба ў вар’ятню. Ззз. Там яму дадуць рады... дабранач, мадам
Сарай.
Дубраўка і нізкі
лейтэнант (грэбліва): Adieu*! (Бывайце—фр.) (Сыходзяць, Брыгіта таксама,
толькі ў іншым кірунку. Але чутна яшчэ некалькі словаў.)
Высокі лейтэнант:
А за вашую справу, мадмуазэль, мы таксама возьмемся, калі вы ня супраць.
Дубраўка: Дзякуй,
але глядзіце, каб не скарацілі яму жыцьцё.
Высокі лейтэнант:
Наадварот, вар’ятня гэтак жа здольная падоўжыць жыцьцё, як і скараціць.
Вар’ятня—наогул чароўная ўстанова. Я вам іншым разам распавяду, якія
там парадкі, я ведаю. Як гросмайстар у шахматах здольны дакладна сказаць,
на якой хвіліне ён паставіць свайму суперніку мат, гэтак, Эгоне, варта
табе выказаць сваё пажаданьне, як доўга павінна трываць ягонае жыцьцё—і
ягоная былая Сьветласьць— (чуецца шчоўканьне пальцаў) Чаго ты сьмяесься,
Эгон?
Нізкі лейтэнант:
У мяне выдатная ідэя: замкнем тых абодвух дзядкоў, сунавучэнцаў і сяброў,
пажыцьцёва ў адной камэры! Хехехе! Меее...
Высокі лейтэнант:
Зззз-
Дубраўка: Хі-хі-хі-хі!-
Апалонік: Ах!—Глыбокая
ноч сьпіць навокал; бяздонная, задушлівая, шалёная, вечная сьпіць і
тлее ноч на зямлі й на небе. І толькі для таго, каб асьвятліць ейную
жудаснасьць, каб не пакінуць ёй слодыч Небыцьця, мігцяць, зіхацяць сьмешныя
нябесныя ліхтарыкі. Панылая, забруджаная пазірае на мяне сумная вячэрняя
зорка, нібы далёкі агеньчык керасінкі зь вяршыні пагорку. Замагільна
вылупіла вочы змучанае, жаўтачнае, раззлаванае, вызьверанае, мёртвае
і ўсё-ткі няздольнае памерці аблічча месяцу—гнілая фасфарэсцэнтная галава
на цёмным, нябачным целе касьмічнага Ўсяцмока; дзіка хрумсьціць гэты
шкілет сусьвету. Бессаромнейшыя за песьні п’янтосаў, цвыркаюць салаўі,
гэтыя апёраныя кажаны. Сьмяротна, ганебна сьмярдзяць, распусна разваліўшыся
ў паветры, выпарэньні з геніталіяў язьмінаў, ружаў, ліпаў, што нараджаюць
ва ўлоньні сваім новае гнільлё, якое завецца істотамі. Сьвет—юрлівае
лайно.
Чалавецтва—цьху на цябе, цьху, тысячаразова цьху! Задыхаюся ў сабе,
не магу ўцячы. Марна казаць: ты лепшы, што табе да таго, якімі ёсьць
іншыя? Толькі ўсемагутная, сьляпая самазамілаванасьць шэпча табе гэта.
Ты—такі самы, як астатнія. І што ні рабі, толькі глядзіш у люстэрка.
Ты стварыў усё: але твор такі, які творца. Ці магчыма спазнаць сваю
абсалютную занядбанасьць і жыць далей? Жыць у вечным шлюбе з шалудзівай
рапухай? Жыць так—няможна, але няможна ані памерці... О—зьехаў бы з
глузду ад гэтага, але астылая кроў і атупелая душа гэтага ўжо не дапусьцяць...
Ах!... (Змаўкае; і ў той момант пачынае навокал нараджацца ружовае сьвятло
й гучыць музыка, спачатку амаль нячутная.)
Якое шчасьце, прынамсі, што дзён маіх няшмат засталося. Хутка дайграюць
тую бессаромную, жорсткую чалавечую камэдыю... І ўсё-ткі застаецца надзея,
што потым я заглыблюся ў вечную Нішто... О, прымі мяне, Ты, сьвятая
й салодкая, у сваё ўлоньне! (Галава ягоная падае на бок і схіляецца
ўсё ніжэй; хутка мацнеюць ружовае сьвятло і ружовая музыка, салодкая,
пяшчотная—але й ярая, зухаватая—а пасьля магутная, услаўная, дыфірамбічная;
яна то з кароткімі, то з даўгімі паўзамі гучыць да самага згасу ружовага
сьвятла.) Прымі мяне й даруй, даруй, што няма ў мяне мужнасьці выйсьці
табе насустрач... Спадзяюся, што з-за гэтага ты мяне не адрынеш, не
абмінеў мяне? ...Ах, самляваю, як перад сьмерцю, млосна мне—ох!
(Рэзка схамянаецца, ледзьве ня ўпаўшы са сну на пясок. Роўна сядае і
з тым самым выкрыкам, оох!, нерухома пазірае перад сабой. Ягонае цела
застаецца нібы скамянелым, цалкам непарушным ажно да зьнікненьня Мроі.
Гэтай Мрояй ёсьць Неадсюль. Гэта ён вылучае ружовае сьвятло. Ён узносіцца
нізка па-над зямлёй у некалькіх кроках перад Апалонікам, абкружаны празрыстымі
аблачынкамі; ягоны паўпразрысты твар як быццам сатканая з аблачынак
і адначасова з крышталёвага слупа вады. Апрануты ён у самую простую
рызу на капыл тогі. Ён зноўку выглядае маладзейшы чым дагэтуль; звышчалавеча
азораны выраз твару не дазволіў бы нават пазнаць яго, калі б у гэтым
твары не было чагосьці настолькі характэрнага, як у ніякім іншым.)
Апалонік (нечувана
зьбянтэжана): Ай-яй, няўжо гэта Вы? Ай-яй, ну тады вітаю Вас, уласна
кажучы, Цябе!
Неадсюль: Наадварот,
гэта я вітаю цябе ў сябе! Калі ты засынаў, дык дасягнуў самай маёй краіны,
стаў на парозе майго замку. “Што гэта там квакае, як жабка сонечным
ліпеньскім днём?”, кажу сам сабе, дый іду паглядзець. І вачом не паверыў:
мілы Слава сядзіць на парозе і плача.
Апалонік: Ня бачыла
жабка, ня бачыў чорны апалонік у сваёй цёмнай тоні твайго сонечнага
аблічча. А як убачыў—нараз зьнік увесь пэсімізм.—Дык я цяпер сплю, а
ты—толькі мой сон?
Неадсюль: Не. Я
спыніў тваё засынаньне, стабілізаваў адну ягоную стадыю, якая ня ёсьць
ані сном, ані явай, але абодвума, яна ёсьць іхным найвышэйшым сінтэзам,
яна ёсьць Візіяй, то бок, бачаньнем таго, што ёсьць адзіна праўдзівым
і што адзіна вартае быць бачаным. Я не “сапраўднасьць”, я—Звышсапраўднасьць.—Сёньня
мне ня трэба, як мінулага разу, абцяжарваць сябе рознымі парасячымі
апранахамі, каб ты мяне бачыў. Спадзяюся, даруеш, што я прыйшоў у чугаі.
Апалонік: Ну канечне,
аб чым гаворка, дарую, абы табе было камфортна! Сядай во на зэдлік,
каб ногі не балелі.
Неадсюль: Для гэтага
зэдліку я занадта цяжкі. (Зробіць знак, і аблачынкі вакол яго набудуць
форму канапы. Ён лягае, дастае бутэльку, робіць колькі глыткоў і падносіць
яе да ірта Апалоніку.)
Апалонік (крычыць):
Я не хачу, не хачу, я абстынэнт. Я зусім ня п’ю. Божухна, я абст— Халера,
але гэта было супэр! Ні фіга сабе!
Неадсюль: Нэктар,
50%-нтны: але прыйшлося яго разрэдзіць, каб ён цябе не апёк. Дам табе
з сабою адну бутэльку.
Апалонік: Не хачу,
я ня п’ю, не спакушай мяне, іначай я спакушуся.
Неадсюль: Дурны
ты ёлупень!
Апалонік: Які прыгожы
і ясны твой голас! Як звон кветак у раі... не, ён у параўнаньні з тваім
голасам—парасячы віск... А які чароўна зіхоткі твой твар! Як усход сонца
ў Элізіюме, не, і той у параўнаньні з тваім тварам—усяго толькі месяц.
Тут у вас не старэюць, а толькі маладзеюць, праўда ж?
Неадсюль: Як каму
захочацца. Калі захочацца, дык старэюць. Усё тут ёсьць толькі вынікам
свабоднага, нязмушанага выбару.
Апалонік: А як
з духамі, што ня маюць волі, свабоды, рашучасьці, якія таксама між вамі,
несумненна, ёсьць?
Неадсюль: Між намі
іх няма. Нас тут усяго пяцёра ці шасьцёра. Ясна, што тут поўна рознага
птаства й непатрэбнай жамяры. Аднак звальваць іх з намі ў адзін мех
пад словам “мы” ніхто б з нас і не падумаў.
Апалонік: Дык колькі
табе, уласна, гадоў?
Неадсюль: Нядаўна
было дзевятнаццаць.
Апалонік: А школу
ты ўжо скончыў?
Неадсюль: Праз
тыдзень атрымаю атэстат сталасьці.
Апалонік: Атэстат
сталасьці на час самай нясталасьці, на сапляцкія гады, на калыску?—
Ці ня глупства?
Неадсюль: Гэта
было б глупствам, калі б усё было сур’ёзна, строга, да апошняй дэталі.
Але тут усё вольна, разьняволена, менавіта так, як мне пасуе. Што мне
не падыходзіць, я проста вазьму і адкіну. Гэта як у цябе прыгадваньне
твайго ўчорашняга дня, якое пачалося б увечары а скончылася б ранішнім
прабуджэньнем. Але прыгадваньне настолькі жывое, што яно ня менш, а
больш сапраўднае за пражытую сапраўднасьць, чалавек літаральна стаецца
тым, што перажывае. Толькі нечувана інтэнсіўнае прыгадваньне ёсьць сапраўдным
перажываньнем, толькі мінулае ёсьць сапраўдным цяперашнім, толькі мёртвае
жыве, толькі прывіды ёсьць рэальнымі, толькі другі раз ёсьць першым,
толькі паўторанае—новым, кожная перамога ёсьць толькі згадкай: авалоданьнем:
асвойтаньнем. Кожная цнота ёсьць перажоўваньнем; толькі перажоўваньне
ёсьць ежай, асалодай, паласункам, глыбінёй, хараством, паэзіяй; гэта
ведае кожная карова, а ня ведае чалавек: запыханы ненажэра. З-за сваёй
актыўнасьці, клопатаў, сьпеху, плянаў ён... не жыве. Сьляпое жыцьцё
ёсьць толькі ценем жыцьця. Я цяпер ужо колькі гадоў перажоўваю сваё
мінулае чалавечае жыцьцё; перажоўваньне ёсьць добрай паловай “пасьмяротнай”,
“нябёскай” слодычы.
Апалонік: Значыцца,
пасьля “Зялёнай сьмерці” ты яшчэ не перажоўваў?
Неадсюль: Ды дзе
там! Раней я мілаваўся спачатку толькі сапраўднасьцю, потым будучыняй,
“вечнасьцю”. Але трывалая асалода ад гэтага для чалавека невыносная.
Глынаньнем таго полымя я б мог захлынуцца, калі б ня кінуўся ў крыніцу
мінуўшчыны, адносна халодную.
Апалонік: Але я
б сказаў, што ты перажоўваеш, прыгадваеш, маладзееш ня толькі для таго,
каб асьвяжыцца. Ці ня скончыцца твой ракападобны рэгрэс тым, што ты
зноўку ўвасобісься ў чалавека?
Неадсюль: Калі
захачу. Калі мы тут дацопаемся да двухгадовага ўзросту, дык дакладна
як у вашых немаўлятаў, нашая сьвядомасьць радзее, амаль зьнікае. Ад
яе застаецца хіба толькі манатоннае адчуваньне сна, як быццам вандруеш
па гіганцкіх, імглістых гарах ўсё вышэй і вышэй. І ў рэшце рэшт апынаесься
на вяршыні. На поўдзень раскінуліся нечуваныя вышыні сьляпучага Зіхценьня,
на поўначы разьляглося царства Змроку і яшчэ цямнейшага паўзмроку—жахлівасьць
іхная сілай кантрасту здаецца дзесяціразова большай! Аглушальны рык
болю й сьмяротнага храпу паўстае адтуль, мяшаючыся ў вышынях з Боскім
Дыханьнем Вечнай музыкі, што вее з эмпірэяў поўдня; страшыдлы й бесы
ў выглядзе гнілога смуроду мільярдаў сьмерцяў з поўначы дзіка змагаюцца
тут з войскамі водараў паўднёвых сонцаў Эдэма. А ты—кіруесься ці туды,
ці туды... Гэта ня ёсьць сьвядомае, імгненнае вырашэньне, але мімавольны
плён усяго папярэдняга досьведу, учынкаў, разьвіцьця— Збольшага не пасьпееш
прыйсьці, як рынесься туды, адкуль толькі прыйшоў, на поўдзень... Вам
тут цяжка сабе ўявіць, які гераізм зь ягонай сьлепатой неабходны, каб
пайсьці на поўнач: вы ня бачыце, не адчуваеце ўсю жудаснасьць, увеь
смурод тых краёў, у якіх жывацееце, атупелыя звычкай: гэта магчыма адчуваць
і бачыць толькі з аблочных вышыняў Гераклавых ростаняў, водападзелу.
Апалонік: А зь
якой прычыны вы нягледзячы на гэта кіруеце на поўнач?
Неадсюль: Зь якой
прычыны? Кожны ўчынак мае сто прычынаў і матываў. Але галоўнай падставай
застаецца адна: ператварыць паўночную, жывёльную цемру ў Вечнае Зіхценьне.
Уласна кажучы, мы, дзеці Сьвятла й вышыні, мы, дзеці багоў, ня можам
хацець ані рабіць нічога іншага; а калі мы хочам цемры й нізкасьці,
дык насамрэч гэта сьвятло й Звышганарлівая, надзорная Непадлегласьць,
якой мы прагнем: акрамя Яе нам немагчыма сабе нічога ўявіць.—Аднак з
усіх стварэньняў вашых краёў, хай гэта гліна альбо паветра, эўкаліпты
ці амшары, чарвякі ці пантэры—толькі чалавек, хай ты аб ім і самага
невысокага меркаваньня, можа стацца для нашых духоўных рук чымсьці накшталт
трымальні, ручынаў, за якія ільга ўхапіць увесь ваш сьлізкі паўночны
кал, ваш “небасхіл”, павольна ўзьняць і шпурнуць у горн Боскага Зіхценьня
й спаліць яго там, як зямлю, кінутую на сонца. Тыя з Духаў Сьвятла,
якія яшчэ раз увасабляліся ў людзей: у Слова, што сталася целам, якія
хадзілі між вас, каб вас уратаваць, якія дагэтуль заўсёды цярпелі няўдачу—толькі
іх я маю на ўвазе, калі кажу “мы”—яны маюць у сабе неадольны Гонар і
адзінае памкненьне; дарабіць тое, што пачалі, вярнуцца ў вашыя хлявы—між
вас, горшых за цялятак і восьлікаў, увянчаць канчатковай перамогай мірыяды
папярэдніх паразаў.—Што да мяне, Слава, дык ня сумняюся, што калі неўзабаве
вылезу на вяршыню аблочных памежных капцоў, дык рушу без ваганьня на
поўнач: надта ж блізка, бліжэй за любога свайго папярэдніка падыйшоў
я ў сваім жыцьці да Гімалаяў, дзе жыве Найвышэйшы: царствы Змроку, якія
я ўхапіў за зноўку створаныя мной ручыны, ужо захрумсьцелі ў сваіх падмурках:
занадта вабіць мяне, фанабэрыстага, думка стацца першым між Мэсіяў,
стацца Збавіцелем вернічкаў. (П’е з бутэлькі.) Дапівай, дружа! (Трымае
бутэльку ля вуснаў Апалоніка, пакуль той усё ня вып’е.)
Апалонік: Халера!
Халера!—Але Ты, наймілейшы, найміласэрнейшы, як ты можаш так пяшчотна
называць мяне “дружа”, “Слава”, мяне, агідную старэчу? І са мною, чорным
чарвяком, размаўляць як з роўным сабе, Боскаму? (Неадсюль дастае люстэрка
й падносіць яго да аблічча Апалоніка.) Божухна, што я бачу? Чужы твар
у люстэрку—ууу!... Але ён падобны, хоць мала, але ж беспамылкова, да
майго твару, калі мне было якіх дваццаць пяць год... Аднак наколькі
гэты твар прыгажэйшы! Папросту прыгожы! А які ён выразны, значны, панадны!
Хто гэта?
Неадсюль: Гэта
ты—такі, які ты быў і які ёсьць у сапраўднасьці; дваццаць пяць гадоў—гэта
твой спэцыфічны ўзрост, столькі табе было, калі ты быў немаўляткам,
і столькі табе будзе, калі ты дажывеш да ста гадоў. А гэта—сапраўдны
вобраз тваёй душы, адмыты ад усялякага бруду, які накідалі на яе неістотныя
абставіны, напрыклад, дрэннае харчаваньне, глупская звычка мружыць вочы
альбо несупынна ўсьміхацца, хваробы, удары, бальшыня пакутаў і наогул
афэктаў. Усе гэтыя рэчы ёсьць табой настолькі ж мала, наколькі ня ёсьць
табой акуляры альбо накладная барада.
Апалонік: Значыцца
гэты Алківіяд, гэты Байрон—насамрэч я? Ты мяне й сапраўды зрабіў амаль
шчасьлівым. Толькі цяпер я магу сабой без абмежаваньняў ганарыцца. Толькі
цяпер пачну я лётаць за дзеўкамі, ці я буду ня я!
Неадсюль: Ці заўважыў
ты ў гэтым абліччы штосьці незвычайнае?
Апалонік: Незвычайнае?
Ня ведаю—
Неадсюль: Што зробіш,
ха-ха, каб зазьзяў месяц, заўсёды прыходзіцца забіць сонца. (Робіць
рукой кароткі жэст, і яскравае ружовае сьвятло згасае. Цяпер Неадсюля
асьвятляе ледзьве бачнае, жаўтаватае сьвятло вільготнай, нізкай, цёплай
летняй поўні.)
Апалонік: Зазьзяй
зноўку, ружа мая сонечная!
Неадсюль: Хай сьвеціць
месяцовая фіёлка. Глядзі й адказвай!
Апалонік: Гм...
Твар у люстэрку—фіялетавы—як быццам яго зьсярэдзіны асьвятляе нейкая
сьвечка альбо лямпачка. І ўсё вакол мае слабое фіялетавае адценьне...,
нават і Ты... Божухна, ці магчыма, каб...
Неадсюль: Так.
Ты зьзяеш. Уласным сьвятлом. Ты ўжо ёсьць сьвятло. Ты ёсьць сынам сьвятла,
хай пакуль што толькі эмбрыёнам. Ты—як я, толькі што тваё сьвятло нашмат
слабейшае... Ты мне роўня; розьніца між намі ёсьць толькі колькаснай.
Ты мой нашмат маладзейшы брат; такім чынам, я да цябе не зьніжаюся.
Апалонік: Кожнае
слова залатой кропляй западае мне ў душу й дапамагае Нэктару Твайму
мяне ап’яніць. І ўсё-ткі—усё-ткі я пачуваю сябе чарвяком: чалавекам
з усёй ягонай мізэрнасьцю й галечай. Толькі што нечувана ясна бачыў
я на прыкладзе тых трох небаракаў, калісьці такіх шматабяцальных, якой
невераемна нікчэмнай набрыдзю ёсьць чалавецтва, а значыцца, і я—
Неадсюль: Тут хаваецца
агромністая, найвялікшая, грубая, найгрубейшая, лёсавызначальная, вырашальная
памылка: нібыта я па сутнасьці ёсьць тым самым, што ўсе гэтыя “людзі”.
Дастаткова адкінуць самае тупое ідыёцтва, каб убачыць: калі яны—людзі,
дык я ні ў якім разе не чалавек; а калі я называю сябе чалавекам, дык
яны ня маюць права называцца людзьмі. Розьніца тут—ня меншая чым між
драпежнікамі й траваяднымі. Усьвядоміць яе ўжо само па сабе азначае
ператварыць вечную, усемагутную ноч у Дзень.
Апалонік: Але Ты
гаворыш пра сябе! Ты яшчэ тады, калі між намі вандраваў, ужо быў звышчалавечым
героем і сьвятым волі і духа—сынам Божым. Гаворка пра мяне! А я, хоць
ува мне можа і ёсьць якаясьці там порскаўка вышэйшага, маленькая й ледзьве
жывучая, застаюся, нягледзячы на гэта, агромністай масай існага—і неістотнага—такой
самай, як і ўсе людзі!
Неадсюль: Зразумела:
як і я! Ты ёсьць тоесным ня толькі зь людзьмі: ты дыхаеш, рухаесься,
адчуваеш і думаеш, харчуесься і мочысься як любы вяпрук альбо вусень.
Чаму тады і людзей не мяшаць у адну кучу з тым вечным, самадастатковым,
сьмярдзючым чалавекам?
Дык слухай, Слава!
Так званае чалавецтва ўтвараюць два кшталты істотаў: тыя што сьвецяцца
і тыя, што ня сьвецяцца: тыя, што ёсьць сьвятлом, і тыя, што ёсьць цемрай;
зоркі і плянэты. Тут ня толькі існуе непераадольнае адрозьненьне, тут
існуе адваротнасьць; мяшаньне іх у адну кучу павінна выглядаць яшчэ
больш ідыёцкім, чымся выраз: да грызуноў адносяцца, напрыклад, мыш і
нагавіцы... Першы кшталт ёсьць Вольнасьцю—Узьнёсласьцю—Боскасьцю—неўміручым
Зіхценьнем, другі—рабствам—нізкасьцю—жывёльнасьцю, сьлепатой. На мільён
прадстаўнікоў другога кшталту знойдзецца адзін кшталту першага. Першы
кшталт ня ўзьнік законным, прычынна-выніковым шляхам са сьмярдзючага
ўлоньня другога, як кветка не ўзьнікае толькі з гною й бруду—містычным
ёсьць паходжаньне сьвятла, само па сабе яно вечна існуе побач зь цемрай.
Яно ёсьць нязгасным, незьмяншальным; яно ўладарыць над цемрай, нават
калі яго толькі самая маленькая порскаўка; дастаткова самой ягонай прысутнасьці;
другім імем ягоным ёсьць Панаваньне.
Ёсьць дзьве катэгорыі “людзей”, якія ёсьць Сьвятлом: тыя што тлеюць
і тыя што палаюць: духоўныя порскаўкі й духоўнае полымя. На кожную сотню
першых прыпадае адзін другі. Існуе полымя ўсялякага кшталту: ад маленькага,
цьмянага, няяснага, бруднажоўтага, паўзучага, мігатлівага й дрыготкага
да магутнага, сьляпучага, чыстага, белага, вэртыкальнага, непахіснага.
Адзін такі чалавек прыпадае на сто менш разьвітых; на дзесяць мільярдаў
людзей трапляецца адзін чалавек, які ёсьць дасканалым полымем.
Ты стаіш на памежжы між порскаўкай і полымем: часта з тваёй порскаўкі
выбіваецца язычок полымя, але зноўку стуляецца ў яе і працягвае ў ёй
дрымаць. Але ўва сьне ён расьце й мацнее, як эмбрыён у матцы. Кожная
порскаўка ёсьць толькі зернем; зь яго заўсёды выпрастаецца адно палымянае
дрэва, чыя крона абсягае ўсе прасторы і ўсе нябёсы:—
Цяжка сказаць, на каго з двух кшталтаў горш уплывае гэты хамут пойму
“чалавек”, на духаў сьвятла альбо на духаў цемры: калі мы лічым сябе
людзьмі, eo ipso* (гэтым самым, лац.) ня можам лічыць сябе носьбітамі
сьвятла і ўратаваньня; як можа асьвяціць і ўратаваць той, каму самому
абсалютна неабходныя сьвятло і ўратаваньне? Што гэта за настаўнік, які
лічыць сябе саплівым вучнем? Як я выратую кагосьці зь віру, калі маю
навязьлівую ідэю, быццам сам таплюся? Як вызвалю некага з астрогу, калі
буду ахвярай шаленства, быццам я сам ёсьць вязьнем без надзеі на вызваленьне?
Але менавіта такім шаленствам ёсьць вера ў тое, што я ёсьць чалавекам...
ужо таму ўсе геніі дагэтуль былі вар’ятамі... Вялікасьць амаль заўсёды
палягае ў усьведамленьні вялікасьці. Думка “я—маленькі” належыць да
тых меркаваньняў, якія заўжды ёсьць слушнымі: ужо толькі таму, што я
так думаю, я ёсьць карлікам. Усё, усё наўкол убівае нам у галаву ад
нараджэньня: ты—чалавек, нікчэмны атам “чалавецтва”, будзь ягоным сьціплым
прыслужнікам—прыслужнікам гэтай вашывай сьвіньні!—і мы паміраем, так
і не даведаўшыся, чые мы, як завемся. Амаль усю нашую сілу адбірае ў
нас гэты крэтынізм і змаганьне зь ім: бо нават калі мы яго пераадолеем—ці
сталася гэта калі наогул?—мы застанемся падпарадкаваныя яго забабонам,
бо забабонаў гэтых цэлыя мільёны! Мы ніколі не скідаем з карку іхны
хамут, у лепшым выпадку толькі зьмяншаем ягоны ціск; той, хто ўвесь
час знаходзіцца пад ярмом, сам стаецца ярмом; кожны “геній” быў ім яшчэ
ў большай ступені, чымся ўся гэтая незьлічоная вакольная драбяза...
Неабходнейшая за ўсё астатняе была б кніга, якая б апавядала аб усіх
тых шкодах, пакутах, трагедыях, што прыносіць вера: “я—чалавек”: калі
ня самае павярхоўнае веданьне аб прыродзе крычыць табе ў вушы: “не!”
ты ад самага падмурку чужы гэтай набрыдзі, ты трапіў між яе парадаксальным,
таемным чынам, Неадсюль!
І нябога-зьвярок, чалавек несьвятловы, пакутуе й церпіць мільёнразова
большую, прынамсі колькасна, шкоду ад прышчэпленай яму веры, што ён—чалавек,
то бок, штосьці вышэйшае, народжанае для сьвятла, для “асьветы”. Гэтая
вера робіць зь яго рахітыка, паралітыка, падламляе ягоныя жывёльныя
сілы, хоць і прымітыўныя, але нягледзячы на гэта часта зусім не бескарысныя!
... Чалавецтва народжанае для цемры, як сава, кажан, начны матыль! Для
таго, каб жэрці й грызьціся між сабой, каб зьдзеквацца над сабой і над
іншымі, да абжэрства й гнюсотаў, да нямысьленьня, толькі да малпаваньня
й папугайваньня; найбольш спірытуальнымі ягонымі інстынктамі ёсьць славахціўства
і абдурваньне свайго бліжняга-махляра. Толькі ў гэтых межах пачувае
яно сябе шчасьлівым і заможным, сьвятла яму непатрэбна, яно яго ня хоча,
ня вытрымае, яно ёсьць сьляпой пячорнай яшчаркай-амфібіяй, якая гіне,
як толькі яе выцягнуць зь ейнага падземнага прадоньня—
Апалонік: Але ж
ты казаў, што духі, якія сьвецяць, спускаюцца да чалавецтва толькі для
таго, каб выцягнуць яго на сьвятло—
Неадсюль: Слушнае
пярэчаньне. Вось як яно ёсьць: Чалавецтва падзяляецца, як я ўжо казаў,
на духаў, якія ня сьвецяцца, і якія сьвецяцца, а гэтыя ў сваю чаргу
на тыя што тлеюць і тыя, што палымнеюць. А падобна ж дзеляцца і нясьветлыя
духі на два галоўныя тыпы: асьветленыя і цалкам цёмныя, тыя, што адлюстроўваюць
чужое сьвятло і тыя, каго ніякае сьвятло не кране, якім яно як з гусі
вада: ёсьць плянэты сонцам асьветленыя і плянэты ад яго такія далёкія,
што вечна застаюцца цёмнымі. Гэтаксама як у сусьвеце цёмных целаў нашмат
больш чымся асьветленых ці тых, што сьвецяць, гэтак і стасунак “людзей!”-рэфлектараў
да людзей “чорных” ёсьць адзін да дзесяці. На іх і ні на каго іншага
скіраваныя памкненьні духаў сьвятловых. Месяц таксама карысны... Рэфлектары
патрэбныя нам шмат для чаго..., напрыклад, зь іх дапамогай мы хочам
уплываць на неарганічныя рэчывы больш чым на жывёлаў ці на “людзей”;
але гэтыя таямніцы ты даведаесься пазьней. Канец канцоў, час ад часу
станецца, што асьветленае цела сагрэецца, загарыцца—сухая трава ў прэрыях
пад сонечным зьзяньнем—часам і запалае. Але так ці йначай з дапамогай
рэфлектараў мы ня хочам і ня можам уплываць на чорныя дзевяць дзясятых
“чалавецтва”; рэфлектары—гэта заўжды непатрэбныя трутні, створаныя каб
загінуць, толькі фон... Шторазу як мы вылавім з глыбіняў духа-рэфлектара,
у нерат зь ім трапіцца шмат невылечна цёмных, якія гінуць... Але што
з таго! Яны заўсёды ёсьць толькі мясам для рознамаітых гарматаў... (Нейкі
час ціха)
Апалонік: А да
каго належала мая блаславёная цётухна? Мабыць, да рэфлектараў?—
Неадсюль: Вышэй;
яна ўжо тлела; дзякуючы духоўнасьці пэўнага кшталту, так званаму генію
сэрца...
Апалонік: А нашыя
чароўныя аднакласьнікі?
Неадсюль: Да невылечна
чорных. У іх былі свае таленты—але яны заўжды былі толькі на службе
ў цемры, яны стварылі адной цемрай больш. Уласна кажучы, між дрэннымі
яны—самыя горшыя. Пашанцавала нам зь сябрамі!
Апалонік: Але ж
ёсьць яшчэ горшыя: думаю, што нават ганебнік Даход ніколі не плянаваў
забойства, як Брыгіта, лей-
Неадсюль: Ведаю.
У яго не было для гэтага сілы—то бок, на загану болей.—І дзеля такіх
ты мне тады, Слава, здрадзіў! Чэрці дзяры! Да іх далучыўся, ад мяне
адмовіўся.
Апалонік: Ведаю,
што ты мне дараваў, што ты на мяне, дурня, за гэта ніколі не злаваў.
Але скажу табе: калі я тады вырашаў, на чый бок стаць, здалося мне містычным
чынам, што стаю я перад найвялікшым, самым лёсавызначальным рашэньнем
свайго жыцьця. А калі я абарў іх, дык нібы сьмерць абняла мяне свай
ільдзяной рукой. Я ўпэўнены, што маё няўдалае, няшчаснае жыцьцё, ажно
да самага слаўнага дня, калі я цябе зноў убачыў, было толькі карай за
той жахлівы Мідасаў выбар.
Неадсюль: Малайчына.
Так яно і ёсьць!..
Так што спадзяюся, што ў другі раз ты да мяне ня прыйдзеш, плачучы над
убоствам чалавецтва. Вер, што гэта ня меней сьмешна, чым плакаць над
тым, што каза сера катушкамі й ня здольная да гамна. Да людзей табе
справы ня болей, чым да казьліных катушкоў... Яны, безумоўна, ёсьць
тваёй плазмай; але калі ты наракаеш над іхным цемрашальствам, гэта як
калі б ліхтарнік скардзіўся, што ноч залішне цёмная. Няўжо ж патрэбна,
каб усё было толькі сьветлае, прыгожае, добрае? Аднак не імкніся перайначыць
рэчы ці людзей, і яны здадуцца табе нашмат лепшымі, чым ты лічыў. Не
патрабуй ад крата, каб ён умеў лазіць па дрэвах як вавёрка: з другога
боку, ён умее тое, што вавёрка ня ўмее: цалкам закапацца за хвіліну
ў зямлю—табе для гэтага спатрэбілася б гадзіна—а да таго ж кірка й рыдлёўка.
Не імкніся несупынна ўсё паляпшаць: лепей пагаршай! Бо тым ты, сам таго
ня хочучы, паляпшаеш! І не глядзі ўніз—глядзі ўгару, у Зьзяньне! Нябёсы
вырасьлі са сьмярдзючай зямной слаты—а за гэта пераўтвараюць у зьзяньне
ўваччу жыхароў нябесных нават слату! (Устае з канапы).
Апалонік: Ты мяне пакідаеш?—
Неадсюль: Трэба
рыхтавацца да выпускных іспытаў.
Апалонік: Дык пакінь
мне прынамсі гэтае люстэрка!..
Неадсюль: Нашто
яно табе? Яно толькі ў маёй прысутнасьці паказвае рэчы такімі, якімі
яны ёсьць. А так гэта не люстэрка, а толькі звычайнае, празрыстае шкло.
Апалонік: Найдаражэйшы—на
кепскасьць чалавецтва я ўжо ніколі ня буду наракаць і не апушчуся да
пэсімізму— але нягледзячы на гэта адчуваю толькі боязь, калі гляджу
ў будучыню. Ад нейкага часу замахваецца на мяне агіда да жыцьця, усеабрыдласьць,
якой я ня маю моцы даць рады. А мой сёньняшні прыступ пэсімізму быў
толькі адной зь ейных праяваў. Гэты сплін ёсьць часткай маёй натуры;
таму я і ёсьць алкаголікам. Доўгая пакута не дазваляла, каб мяне апанаваў
гэты сплін; і маё доўгае, гожае сутоньне было толькі неабходным карэляцыйным
вынікам маёй доўгай пакуты. Але назапашанае сканчаецца, жахлівая tedium
vitae* (агіда да жыцьця—лац.), якой позьняя старасьць няздольная супрацьпаставіць
ніякую дзейнасьць, пасьміхаецца мне, дрэнным будзе ўсё-ткі мой канец...
Сёньняшні дзень хоць і асьветліць мае найбліжэйшыя дні, але потым толькі
значна павялічыць маю агіду да паўсюднаму бруду й маю тугу па Табе,
настальгію па нашай супольнай Айчыне.
Неадсюль: Слушнае
прадбачаньне. Аднак твой сплін будзе падаўляцца—цялесным болем, хаця
гэта, канечне, як з агню ў полымя. Надзіва доўга й добра табе служыць
цела, але неўзабаве ўжо пасыплюцца на цябе ўсе няпэўнасьці й гароты
старасьці—ужо сгушчаюцца хмары па ўсім небакраі твайго вечара.
Апалонік: Ага!
Там, на поўдні, пад месяцам у два-тры разы вырас цёмны пояс гор—ууу!
горы растуць! ...вышэй і вышэй уздымаюцца ў зэніт і несупынна набліжаюцца—гэты
страшэнны, жывамёртвы мур, патоп, чорная хмара пакуты—Сябра, уратуй!
Вазьмі мяне з сабой!..
Неадсюль: Нельга...
Ты б не прайшоў ані дзясятай часткі маіх штодзённых паходаў.
Апалонік: Уратуй.
Неадсюль: Ну тады—адкінь
гэтае жыцьцё—
Апалонік: Сорам
прызнацца, але ня маю адвагі— на экзодус аніякім спосабам—
Неадсюль: Але ёсьць
прынамсі адзін спосаб— Слава— сьпіцца да сьмерці!
Апалонік: Што? Я добра пачуў? І гэта раіш мне ты, той, хто ня даў мне
сьпіцца?
Неадсюль: Я хацеў
падрыхтаваць табе прыгожы вечар, а іначай было нельга. Але гэтага не
хапіла да самага канца, а таму з той самай прычыны раю табе цяпер: клюкай
(бухай) як мага больш. Тое, што табе калісьці шкодзіла, сёньня цябе
ўратуе.
Апалонік: Не магу
апрытомнець ад захапленьня.
Неадсюль: Алкаголь
раз і назаўсёды належыць да тваёй прыроды: то бок, ты ня можаш быць
шчасным безь яго; не разумець гэтага можа толькі маральны калека. Але
яго было зашмат: ты мусіў жыць, і таму мусіў згвалтаваць сваю прыроду.
Яна адвыкла ад піцьця. Можаш пачаць зноўку, і яго ўзьдзеяньне будзе
спачатку толькі дабрадзейным. Толькі алкаголь—а яшчэ лепей опіюм—можа
перамагчы сплін. Ён запоўніць цябе, і ня менш за яго самога будзе цябе
грэць думка аб ім. Ён зробіць цябе здольным да душэўнай працы. Што даў
ты сьвету ад свайго сьвятла? Свае дзьве кнігі? У іх адсутнічаеш ты,
ipsissimus altissimus* (сам найвышэйшы—лац.); толькі тады яны былі б
нечага вартыя: усе іншыя творы здолее збацаць любы працавіты баран.
Алкаголь значна аддаліць прыход старэчых хваробаў: але тым больш бязьлітасна
накінуцца яны на цябе потым: але менавіта гэта ёсььц тваёй мэтай. Паводле
маіх падлікаў, алкаголь дасьць табе яшчэ вельмі цудоўны год, неблагіх
паўгады, а за два гады пасьпяховую—калі ня будзеш выдурвацца—сьмерць;
безь яго ты б мучыўся, вагаючыся між балючай пакутай і гнюснай пустэчай
гадоў якіх шэсьць-восем. Спадзяюся, што ты бачыш, наколькі разумная
мая парада!
Апалонік: Так—усё
добра... але пры гэтым усё так нядобра... Сьпіцца пад канец, пасьля
таго як я перамог гэты алкаголь...
Неадсюль: О, тройчы
паважаны стары спадар! Катэгарычны ты мой імпэратыў: ня пі! Ты лічыш,
што ад гэтага штосьці залежыць? Пакуль ты так думаеш, ты—усяго толькі
сьмярдзючая рабская ануча і толькі жалю вартая порскаўка. Усім пагарджаць,
з усяго сьмяяцца, з усім гуляць—вось адзіная Вышыня і адзіны шлях да
Вышыні! Сьмяяцца з усяго, ня толькі чалавечага, але перадусім боскага,
Божага! Сьмяяцца і са свайго Сьмеху і са Сьмеху над сьмехам! Сьмяяцца
зь Сябе, гуляцца з самі Сабой, вечна сьмяяцца і вечна гуляць—вось аголеныя
вечнасьць, Бог і Ўсеагульная Таямніца: чорны, міжзорны эфір, які пырснуў
як выбуховыя газы ў цемры шахтаў, стаўшыся адзіным, ператвораным у Сусьвет
Усясонцам: у мала-вялікую, нізка-высокую, абмежавана-бязьмежную думку:
я Хачу гэтага, хачу ўсяго, таму што Хачу.—Я ўсемагутны, Я адзіны. Я
Ўсё і Нішто, Я, Зьнішчальнік усіх багоў-рабоў і Бога-Раба. Я Звышбог,
таму што я—Звышсатыр, Я Вечны Пераможца і Бясконцы Абсалют, зьяднаныя
ў танцы, у вечным, драпежна-гульлівым, драпежна-зьдзеклівым, зіхоткім
Танцы!...
(Пакуль ён гаворыць,
ягонае сьвятло зьзяе ўсё больш узьнёсла, аднак музыка маўчыць. Скончыўшы,
ён пачынае павольна аддаляцца.)
Апалонік: Кахаю
цябе, як жанчыну. Скажы яшчэ: ці ўбачу я Цябе яшчэ там—у Постморталіі?
Неадсюль: Зьблізку—мала
калі... здалёк—калі заўгодна, пры ўмове што ў цябе добры зрок. Бо далёка
наперадзе цябе крочу я на чале шэрагаў духаў, і зь вельмі высокай гары
пазіраюць у прорву вокны майго замку.
Апалонік: Ці ўбачу
я цябе перад сабой і над сабой прынамсі так, як бачу Алкіёну?
Неадсюль: Нават
лепш—як Арктур.
Апалонік: Гэтага
майму сэрцу цалкам дастаткова, Любы, у гэты момант я адчуваю палымяную
адвагу да Ўчынку* (маецца на ўвазе самагубства—М.Шч.). Адзіны мой, ці
мог бы я сыйсьці адсюль разам з Табой?
Неадсюль: Ну канечне.
Рабі што хочаш! Існуе толькі адзін катэгарычны імпэратыў, які не вылучае
смуроду.—Хоць твой Учынак і не дасягне мэты, але ім ты здабудзеш вялікія
заслугі й каштоўныя выгады, прывілеі на будучыню.
Апалонік: Ну тады—здарся!
Але—у мяне няма нічога апроч гэтага сьцізорыку... (Аднак ён не дастае
нічога з кішэні, застаючыся нерухомы.) Ён бадай нават не праб’е ані
першую сардэчную сьцену—
Неадсюль: Прапхні
ім артэрыю!—Троху ўправа!—Так!
Апалонік: Жыцьцё—мізэрнае,
жабрачае, і ўсё-ткі дарагое—бывай! Хацеў бы яшчэ напісаць прыстойную
кнігу—але не шкадую! Звычайнае славахціўства!.. Іншыя напішуць лепш,
але і самае лепшае з таго, што чалавечык зьляпае, багам толькі на сьмех;
высілкі ёсьць тым больш сьмешнымі, чым больш узьнёслымі. Любы, яшчэ
толькі адзін момант—і іду!—Вы, зоркі, вы, пахі—ат! Ня вартыя вы апошняга
погляду! Ну вас! Сыходжу!—Ооо!.. Страшна далёка пырскае кроў—о, што
я нарабіў? Як я мог штосьці падобнае выкінуць? Вечны нябыт... сябра
мілы, будзь са мной у апошні, найгоршы момант!—Ооо, дзе тая нябёская
палёгка—не адчуваю зорнага спакою—надэфірнай музыкі—якая ты ласкавая,
маленькая Сьмертачка!..
(Толькі цяпер ягонае
цела на зэдліку пачне скаланацца, выкручваецца, скурчваецца, але потым
рэзка падхапляецца. Зноўку пачынае гучаць музыка, дурасьліва й зьдзекліва.)
Неадсюль: Да пабачэньня,
сутрэнемся праз два гады! Ха-ха-ха! (Музыка гучыць цяпер як рагатаньне,
ператвараецца ў рогат, але сьветлы й пераможны. Ружовае зьзяньне рэзка
згасае, Неадсюль зьнік, у слабым сьвятле месяца спачатку робіцца відочнай
пастаць Апалоніка, які стаіць каля зэдліку й заціскае даланёй шыю. Паўза.)
Апалонік (пазірае
на далонь): Ніякай крыві. (Суе руку ў кішэню.) Ножык у кішэні. Я жывы...
Гэта быў толькі сон... Так, сон, але ён ёсьць Звышсапраўднасьцю... А-ах!
(падае на зэдлік. Доўгая цішыня.)
Жыву—але ці адчуваю сябе шчасным? Нашмат больш залатых дароў даў Ён
мне сёньня, чым дваццаць пяць год таму. Але іхны агонь спапяляе мяне,
іхны бліск асьляпляе, а цяжар расчаўляе. Блаславёныя жабракі духам і
целам. Сьвет здаецца мне пусьцейшым чым калі дагэтуль; залатая пустэльня
й залатая смага ёсьць самым жахлівым. Небарака Даход спазнаў толькі
пародыю на іх... О, якая смага.
Але ўсё-ткі нешта прыемна-прахалоднае капае на мяне. Што ж гэта такое?
А, ужо ведаю! Гэта—дазвол піць... Ха-ха!.. Але як гоіць гэтая думка!
Ціск зьнік. Як весела раптам! Як сьмяецца пасьвяжэлая поўня. Гэта ня
поўнач б’е, гэта палудзень сьветла звоніць, і цынькаюць пад яго блазнаватыя
званочкі ўсіх зорачак. Схаладалыя водары ўжо дастаткова наляжаліся ў
сьпёчных ложках і таньчаць зь песьнямі. Раніца павольна выправілася
ў шлях.
Аднак, божухна, а што з гарамі на поўдні? Ці растуць яны далей? Ах,
дзякуй богу, не. Яны там нізка прыціснуліся да зямлі, той выцягнуты
цмок зусім ня ўзьняўся. Заставайся такім, прынамсі год! Дагэтуль я не
працаваў, пачну толькі цяпер! І сама думка аб гэтай дзейнасьці мяне
ап’яняе, гэтаксама як ап’яніла памысьленьне, што я магу піць: упершыню
ў жыцьці піць без згрызотаў сумленьня—што я нішчу гэтым сваё здароўе
і жыцьцё—і што кішэнь мая гэтага не дазваляе, што мне прыйдзецца жабраваць,
каб далі грошай ці пачакалі!.. Якая гэта цяпер слодыч!..
Насамрэч, здаецца мне, што да сьмерці я да алкаголю не дакрануся, задаволіўшыся
думкай, што магу цяпер піць, калі заўгодна і колькі заўгодна. Але так
ці йначай я павінен сьпіцца да сьмерці—
Павольна з далячыняў набліжаецца раніца. Ісьці спаць?.. Які грэх супраць
сьвятога Духа!... –Гой, гой! Стракаты начны матылёк порхае сюды. Вельмі
дарэчы! (Ідзе насустрач прыгожай, убранай дзяўчыне, якая ціха напявае.)
Чароўная Гелена, я не Парыс, але каб ты бачыла мяне ў Люстэрку Сапраўднасьці!
У Трою я цябе не павяду, хіба што ў начны вінны склеп. Трону табе прапанаваць
не магу, але грошы ў мяне ёсьць. Але прыйдзецца табе да раніцы быць
вельмі вясёлай, а (дастае партманэ) таму што я не належу да нягоднікаў,
што ўвесь час чытаюць казані: будзь мужны, спакойны, разважлівы!.. вось
табе стольнік.. Нічога не кажы, хадзем! Не губляйма ані секунды, увесь
той час, што чалавек праводзіць не ў піцейнай, ёсьць страчаным! Пабеглі!
Я яшчэ цябе й абганю! Я маладзейшы, чым быў у час нараджэньня. Ура!
О, якім бясконца прыгожым і добрым зробіцца сьвет, калі чалавек стане
прынамсі трошачкі разумнейшым і шалёнейшым!.. Ура, раз, два, тррры-ы.
(Бягуць прэч.)