Ладыслаў Кліма

(1878-1928)

 

ЧАЛАВЕЧАЯ ТРАГІКАМЭДЫЯ (дзея 2)

 


ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Трыццацьцю гадамі пазьней, 8 ліпеня, каля дзявятай гадзіны вечара. Тая самая карчма; аднак сьцены й лічбіт ківачовага гадзіньніка крыху бялейшыя. Тая самая парная задуха, зноўку ў адчыненае вакно, праз жаўтаватае сьвятло газавай лямпы, зазірае напаўзгаслая заранка, зноўку ў памяшканьне пранікае салаўіны пошчак і водар ружаў, язьміну й ліпаў.

Ля стала перад куфлем піва сядзіць Апалонік. Яго не пазнаць. Ягонае аблічча—закарэлае, бруднае, апухлае; даўгія сівыя валасы й жоўтая барада жахліва ўскудлачаныя. Ад галавы да пятаў ён захутаны ў плашч, тлусты амаль як зімовае паліто—нягледзячы на гэта, яго ўвесь час ліхаманіць.

Старэчы голас з піўной: Дурань ты й скаціна тупая!

Апалонік (мармыча дрыготкім голасам): Усё як тады..., і ўсё-ткі, ах, якое ўсё іншае! (Зь вялікім намаганьнем даносіць да ірта абедзьвюма рукамі куфаль, разьліваючы пры гэтым піва, выпівае й вытрусвае яго зь яго ў рот кроплі.) Дык што нам сёньня лёс накропіць? Калі мне той службовец Палай з нагоды юбілейных угодкаў дасьць залаты, дык гэта ўжо будзе шмат. Ліха на тую ягоную жонку! Для нашага чалавека кожны, хто ажэніцца, як сябра—страчаны! Спадар прафэсар Прафэсарчык таксама сабе шлюбам жыцьцё спаскудзіў! Той дасьць у лепшым выпадку пятак. А Эмілька Даход?— О—з гэтага сталася вялікая шышка, найбагацейшы чалавек у краіне; ім жонка, як тымі двума, не камандуе; калі ён мне ня дасьць хаця б дзьве сотні, прынамсі ўжо за тое, што я яму цягам першага году вучобы ў унівэрсітэце пазычаў грошы, дык ён тады—апошні гаўнюк. Неадсюль—але што мы аб ім ведаем? Вось ужо дванаццаць год аб ім не чуваць... Той дык умеў быць шчодры! Спадзявайся, Апалоніку, спадзявайся... Але ці прыйдуць яны наогул? Палай дык дакладна жыве тут, у Ланаве, як і я. Але Прафэсарчык? А Даход? Пазіраючы на гэтае дупло, павінен сам сабе прызнацца: немагчыма, каб Ягоная Сьветласьць, спадар міністар гандлю, у яго апусьціўся. Зразумела, ён даў слова... Гм... Хаця тады ўсё скончылася скандалам, але ж за трыццаць год шмат што забудзецца, дый стары хамуйла, шынкар, той ужо за сьвятымі спачывае, а карчму трымае ягоны сын.—Але якім жа я сябе пачуваю слабым, хворым, няшчасным! Рукі, ногі, ськівіцы трымцяць і ня хочуць слухацца. Я ж не магу перад імі ў такім выглядзе зьявіцца—трэба яшчэ раз паспрабаваць—пане карчмар!

Вацлаў Крыкацыюс (на парозе зьяўляецца высокі, дужы мужчына сарака гадоў веку, і тварам падобны да свайго бацькі): Што табе зноў, пісарчукоўская душа?

Апалонік: Чуеце, пане карчмар, як тут пахне ружамі, ліпай і язьмінам?

В. Крыкацыюс: А мне што да таго, з паху вады ня піць. (Адварочваецца сьпіной.)

Апалонік: Ча—чакайце! Але ж тут такая задуха!

В. Крыкацыюс: Дык што мне тут дзеля цябе—акліматызацыю зладзіць?

Апалонік: Вы ж бачыце, на мне паліто, а я ўвесь дрыжу.

В. Крыкацыюс: Дык ідзі ў ложак.

Апалонік: У ложку мне яшчэ больш зімна. Я вам ужо казаў, што ад гэтага ёсьць толькі адзін сродак: добры глыток моцнага пітва. За пяць хвілін рукі перастануць дрыжаць, і чалавек адчувае сябе, як быццам зноў нарадзіўся. Вы ня ведаеце, якую пакуту я зараз цярплю; здаецца, застрэліўся б у такім стане! Пане карчмар, вы ж такі шляхотны, прашу вас, зрабіце ласку (умольна складвае рукі), дайце мне дзьвесьце пяцьдзесят рому!

В. Крыкацыюс: Спачатку заплаці—дам.

Апалонік: Я вам ужо казаў, якія людзі сёньня сюды прыйдуць.

В. Крыкацыюс: Ня веру й ня дам. Калі гарэлка давяла цябе да такога стану, дык што гэта за лухта, быццам яна можа цябе вылечыць! (Сыходзіць.)

Апалонік (сам сабе): Каменнае сэрца... Дзе там! Ён ня ведае, што ў старога алкаголіка, які ня піў дванаццаць гадзін запар, надыходзіць жудасны стан, супраць якога можа дапамагчы толькі алкаголь. Ён думае, што я прашу ў яго рома толькі каб паласавацца, што ром для мяне такі смачны, як для яго—дранікі са шкваркай: а тым часам ром мне агідны. Але дзякуй богу, вунь ідзе Палай! Той павінен зь мяне зьлітавацца.

(Уваходзіць Палай. Ён ня надта пастарэў. У яго гладкі, невыразны твар бяз моршчынаў; усё, што ў ім было цікавага, выпарылася. Ягоны волас не пасівеў, аднак ягоны колер зьмяніўся: з русага стаўся чорным. Ён прыстойна й някідка апрануты, аднак у розных дробязях прамаўляе патаемнае памкненьне да франтоўства. У ягонай манэры мовы й паводзінаў зьявілася нейкае вялікае баязьліўства. Ён замаўляе звычайнае піва й сядае наводдаль ад Апалоніка, не павітаўшыся.)

Апалонік: Сёньня без сваёй спадарыні, спадар функцыянэр?

Палай: Яна неўзабаве падыйдзе.

Апалонік: Як цудоўна. А астатнія таксама прыйдуць? Галоўнае—калега Даход?

Палай: Глядзі, чалавеча, не падумай толькі называць яго “калегай”! Ён дакладна прыйдзе. У мяне ёсьць кампетэнтныя зьвесткі, што сёньня яго бачлыі ў нашым месьце.

Апалонік: Дзякуй Богу—

Палай: Слухай, ты буркочаш як мядзьведзь. І наогул, жахліва выглядаеш. Гэта будзе скандал. Ідзі ў кухню, прынамсі памыйся й прычашыся.

Апалонік: Спадар функцыянэр, мяне зараз туды—ногі нават не данесьлі б. Вашэці вядома, чаму—

Палай (працяглы ўздых): Убоства, якое ўбоства—што рабіць? Ты ж у такім стане папросту невыносны, чалавеча.

Апалонік: Спадар функцыянэр, вы ведаеце, што ром ня ёсьць для мяне паласункам—

Палай: Карацей кажучы, ты хочаш, каб я набыў табе рому.

Апалонік: Вечнай удзячнасьцю б вам—

Палай: Раблю гэта сёньня апошні раз, толькі калі ты мне паклянесься, што выправісься. Хаця ты гэта мне абяцаў ужо сто разоў, і ўсё марна, але ж зробім апошнюю спробу; калі ты ня вытрымаеш, я цябе больш ня ведаю. Дык слухай: ад заўтрашняга дня ты ня будзеш піць нічога, апроч вады. Дзесяць дзён не пакінеш свайго пакою. А калі будзе тры-чатыры дні пакутаваць, дык думай пры гэтым, што ты якіх трыццаць-сорак гадоў дагэтуль наталяўся асалодай. Потым ліхаманка, млосьць, слабасьць, пэсімізм цябе пакінуць. А калі ты пратрываеш і даўжэй, дык зь цябе яшчэ можа стацца карысны чалец чалавечага грамадзтва.

Апалонік: Усё цудоўна, але калі я дзесяць дзён не пайду на працу, мяне зь яе выкінуць.

Палай: Ня выкінуць. Я размаўляў з тваім карміцелем. Гэта высакародны чалавек. Ён дае табе дзесяць дзён адпачынку. “Іначай,” сказаў ён, “я б быў вымушаны ўсё адно яго звольніць. Ягоная крамзаніна зрабілася ўжо зусім нечытэльная, амаль як мая.”

Апалонік: Таму што ў мяне жахліва трымцяць рукі.

Палай: Ён ведае, таму ён не хацеў бы цябе псаваць, як што ў астатнім ты даволі інтэлігентны чалавек. Дык што, клянесься?

Апалонік (узьняўшы тры пальцы ўгару): Клянуся.

Палай: Пане карчмар, прынясіце мне дзьвесьце пяцьдзесят рома! (Той так і робіць. Апалонік працягвае руку да шклянкі так нязграбна, як мядзьведзь да лусты хлеба, так што шклянка ледзьве не перакульваецца. Ані абедзьвюма рукамі ён няздольны данесьці яе да ірта. Палай бярэ шклянку сам і прыхіляе яму яе да вуснаў. Апалонік выпівае яе да паловы.)

Апалонік: Нічога, вось убачыце, спадар функцыянэр, што дапіць я яе здолею ўжо без дапамогі. (Спагада расплываецца ў ягоным твары; ён запальвае кароткую люльку.)

Палай: Безь пятнаццаці дзесяць! Ужо маглі б прыйсьці!

Апалонік: А ці прыйдзе прафэсар Прафэсарчык?

Палай: Безумоўна. Ужо дзеля таго, каб папрасіць у Дахода пратэкцыю.

Апалонік: Але ён павінен няблага зарабляць! Ён настаўнічае, потым дае прыватныя ўрокі юнакам і дзяўчатам, за якія добра плоцяць. Акрамя таго, рэдагуе аўтарытэтны часопіс, і ўжо пятнаццаць год без упыну піша артыкулы пра чухонцаў—

Палай: Паша як вол, але дарагія мяхі ягонай маладзенькай панічкі, хоць і мёртвыя, а жаруць увесь ягоны заробак.

Апалонік: Калі я быў у яго пазалетась, грош яму была цана. Поўны нэўрастэнік. І ўсё ад перапрацаванасьці. Каб яго хоць кахала жонка, ці прынамсі была яму ўдзячная! Але ж яна ўсё ад яго прыймае як належнае, як крэдытор прыймае працэнты ад таго, хто яму вінаваты. І (зьніжае голас)—у коле сяброў сям’і заўжды ня меней за тры афіцэры. У іхным месьце кажуць, што між усіх ласёў у навакольлі найбуйнейшыя рогі—у Прафэсарчыка. Але той нічога ня чуе й ня бачыць, а лічыць сваю дарагую палову сьвятой. (Бярэ шклянку й адной рукой лёгка падносіць яе ажно да вуснаў.) Бачыце, спадар функцыянэр, як цудоўна ў мяне ўжо атрымліваецца?

Палай: Ведаеш, як усе там яго між сабой называюць? Дубраўка; бо яго ніколі нідзе ня ўбачыш безь “ягонай” шасьцігадовай дачкі Дубраўкі. Ейная ўдалая маман зусім ёю не займаецца, у яе на гэта няма часу, бо ўвесь час сыходзіць на падтрыманьне кантактаў з татамі ейных будучых дзетак. Здаецца, што яна дазваляе свайму мужу выходзіць на шпацыр толькі пад умовай, што ён возьме з сабой дзіця й будзе яго даглядаць, як нянька.

Апалонік (дапівае ром; пераможна): Бачыце, спадар функцыянэр? Рука ўжо нават не здрыганулася. Толькі цяпер мне насамрэч захацелася піва. (Дапівае свой куфаль, замаўляе яшчэ адзін. Здымае плашч і прамаўляе ўлагоджаным голасам.) Сапсаваў ён сабе жыцьцё той жанячкай. Наогул, кожны жанаты мужчына—страчаны чалавек. Пардон, вы ўдаеце сабой тое самае выключэньне, якое пацьвярджае правіла!

Палай (павольна): Праўда тое, што мой шлюб мае толькі сьветлыя бакі. Ён нечувана дапамог мне, уратаваў мяне ад падзеньня ў бездань, куды незацугляныя пералётныя інстынкты нястрымана зацягвалі мяне, як плынь да страшных ніагарскіх парогаў. Без маёй кабеты й ейнай, трэба сказаць, часта вартай шкадаваньня строгасьці я б ляжаў у зямлі па-за мурамі цьвінтара зь дзіркай у чэрапе.

Апалонік: Абыйдзі цэлы сьвет, а такую мудрую, справядлівую, гаспадарлівую пані не сустрэнеш. Але вось яна йдзе!

Брыгіта (уваходзіць. Малая, жоўтая, з надзвычай агідным выразам твару. Апранутая даволі бедна. Выглядае на шэсьцьдзесят. Становіцца перад Палаем і пачынае): Дык ты за гэты час пасьпеў узяць ужо другое піва! Гэтак мы хутка пойдзем жабраваць, чалавеча!...

Палай (угнутым голасам): Але, Брыгітачка, пасьля такога сьпякотнага дня ў мяне была нечуваная смага, і калі б я сябе ня стрымліваў—

Брыгіта: —прапіў бы й нагавіцы!

В. Крыкацыюс: Што будзе заўгодна, панічка?

Брыгіта: Нічога! Тое, што ён прап’е, я ж павінна ад свайго ірта адарваць. І за гэтага прайдзісьвета, мабыць, зноўку плоціш!

Апалонік: Грэшны, грэшны, шаноўная—

Брыгіта: Ану—пакажыся! Ну ясна, у гальштук запхнутая брошка, прычасаны, дзед стары, як альфонс—колькі табе гэта каштавала ў цырульніка? Адказвай, нягоднік!

Палай: Я—ня быў у цырульніка, я—я сам прычэсваўся—

Брыгіта: Брахун! Бабнік! Але пачакай, я табе ўдома дам! О табе будзе. Ты ў мяне даскачасься, што я цябе з дома наогул ані на крок не пушчу. (Да карчмара, які прымае пусты Палаеў куфаль.) Больш ніякага яму піва! Звычайную мінералку! Ды яшчэ й гавану паліць, гэты вылюдак—

Палай: Але гэта толькі дзеля Ягонай Сьветласьці Дахода! Няўжо ж ён, калі прыйдзе, павінен недапалкі нюхаць?

Брыгіта: Наогул няма чаго паліць! А той вунь галадранец нават смокча звычайную люльку! Выньце яе зь ірта зараз жа!

Апалонік: Калі ласка, калі ласка, шаноўная. (Адкладае люльку ўбок.)

Брыгіта: Ах, толькі падумаць, як шмат усяго спадар Даход дасягнуў—а чаго ты дасягнуў, уломак? Ён—буйны фабрыкант, старшыня дэпутацкай фракцыі, міністр. А ты—што?

Палай: Нічога ня скажаш, добра рабіць кар’еру, калі ў цябе ў якасьці пачатковага капіталу—татавыя дзевяць мільёнаў.

Брыгіта: Твая маці таксама табе пакінула неблагую спадчыну. Сёньня нам лепей жылося б з працэнтаў, чымся з твайго заробку. А што ты зрабіў з тымі грашыма? Адказвай, адказвай, ты, злодзей, бабнік, п’янюга, карцёжнік, ненажэра, чыкаціла*! (у арыгінале—Гуго Шэнк.)

Палай: Езусе Хрысьце, гэта ідзе ён, Даход!

Апалонік (сам сабе): Дзякуй богу, гэта нарэшце заткне гэтай бабе ейную гнюсную зяпу.

Даход (уваходзіць. Ён нечувана патлусьцеў целам і тварам. Ягоных вачэй, як і выразу твару, за тлушчам амаль што не відаць. Голас зрабіўся рыплівы й немілагучны.) Добры вечар грамадзе!

Апалонік згінаецца пад прамым вуглом, Палай амаль што таксама, Брыгіта ўвесь час несупынна кланяецца, як ківач, асабліва калі прамаўляе.

Палай: Якое шчасьце, які гонар, дарагі наш калега—

Брыгіта: Мы так радыя, так радыя, Ваша Сьветласьць—

Апалонік (ашалела): Вашамосьць—я—Божа мой—вашамосьць—

Даход (хутка паціскае руку Палаю, потым і ягонай жонцы, тым часам як Палай мармыча: “Мая спадарыня.” Апалоніку настаўляе толькі палец-указьнік. Але відавочна, што ён у добрым гуморы. Сядае насупраць Палая. Да карчмара): Прынясіце нам і гэтым разам токайскага! Шэсьць бутэлек!

В. Крыкацыюс: Найніжэйшы слуга Вашай Сьветласьці. (Сыходзіць.)

Даход: Што гэта ты паліш, Палайка? Гавану? Фу! (Прапануе Палаю цыгары з залатога партсігару.) Коста-Рыка; прынц Ўэйлскі і Вандэрбільд паляць толькі іх. (Апалоніку працягвае цыгару сам.)

Палай: Шаноўны калега, як вы цудоўна выглядаеце! Вы зусім не пастарэлі за гэтыя трыццаць год—

Брыгіта: І праўда, бо гэта вынік беззаганнага, стрыманага, плённага жыцьця, спадар мужанёк!

Апалонік: Такі гожы—здаровы й бадзёры, як—як—мустанг...

Даход: Крыху патлусьцеў, а гэта здароўю не спрыяе. Праблемы з дыханьнем, з сэрцам—

Брыгіта: Ваша Сьветласьць, якая ж гэта ад вас узьнёслая сьціпласьць, прыйсьці сюды, да нас, нябогіх, у гэтую просьценькую карчму. Мы не адважваліся нават спадзявацца.

Даход: Ну я ж абяцаў, хе-хе. Зразумела, залішне мяне гэтая перспэктыва ня вабіла, але мудры чалавек здольны зьяднаць карыснае ня толькі з прыемным, але й зь непрыемным.

Палай: Якая глыбокадумная сентэнцыя!

Апалонік: Боская!

Брыгіта (нібы самляваючы ад шчасьця): О-ох!

Даход: То ж бо я з нагоды свайго падарожжа заключыў у вашым мястэчку адзін бізнэсок. Пяць хвілінаў размовы, росчырк пяра, і нараз мне выплацілі шэсьцьсот тысячаў золатам.

Брыгіта (у экстазе): Шэсьцьсот тысячаў! За паўтары хвіліны!

Палай: Якая геніяльнасьць!

Даход: Ды гэта дробязі. Але мяне ў гэтым усьцешвае тое, што ўсё атрымалася так хутка, умомант, veni, vidi, vici. (Карчмар прыносіць бутэлькі, напаўняе фужэры, усе чаркаюцца й п’юць.) Брр—гэтае віно бачыла Такай, як я Навухаданосара. (Вымае гадзіньнік.) Палова на дзясятую! Той Прафэсарчык ужо спазьняецца на паўгадзіны. Недалікатнасьць.

Палай: Яму проста трэба дапісаць свой даўжэзны артыкул аб супе, якія чухонцы вараць з аленевага малака й лішайніку.

Брыгіта: Сапраўдны скандал! У нас такі госьць—

Апалонік: І Неадсюля няма; аднак пра яго няма ведама—

Даход: А во, пра гэтага я й зусім забыўся! Як быццам яго й зусім не было.

Апалонік: І тым ня менш гэта ён першым прапанаваў сёньня сустрэцца.

Даход: Фі! Ня будзем аб гэтым. Прызнаюся, што я ўсё яшчэ лічу, што ў тым скандале быў вінаваты гэты небарака, які ўсіх нас ссурочыў. Я яго літаральна ненавіджу, хаця гэта й завялікі гонар для такога трайнога нуля як ён.

Палай: Як віртуозна ў двух словах выказаны ўвесь чалавек!

Брыгіта (у экстазе): О-о-о!

Даход: Калі б ён нягледзячы ні на што прыйшоў, я б быў вельмі расчараваны. Хто гэта йдзе?

Прафэсарчык (вельмі памалу ўваходзіць, сагнуўшыся, бо вядзе за руку шасьцігадовую дзяўчынку, сваю дачку Дубраўку. Вельмі пастарэў, згас, але заўсёдны неспакой і іншыя прыкметы сьведчаць аб нэўрастэніі. Цалкам паголены налыса, толькі над вушамі ў яго крыху сівых валасоў. Пэдантычны, настаўніцкі выраз у твары нечувана памацнеў. У малой у абліччы ўжо зараз какетлівы выраз, зьедлівы й непрыемны. Апранутая яна амаль багата, тым часам як бацька—прыстойна, але даволі абношана.) Вечар добры вам, дарагія калегі, і вам, спадарыня! (Падае руку Брыгіце, потым з глыбокім паклонам—Даходу, потым Палаю, у бок Апалоніка толькі хітане галавой.)

Даход: Прафэсарчык, з твайго боку гэта насамрэч недаравальна, прымусіць мяне так доўга сябе чакаць. Ты думаеш, што мой час нічога не каштуе?

Прафэсарчык (скрушна): Шаноўны пан калега, даруйце—але вы ж разумееце, што з гэтым дзіцём— Спачатку яна на плошчы ўзгадала, што ёй трэба—некуды схадзіць; калі мы гэтую праблему вырашылі, дык бачу, што ў яе парвалася гумка ад майткоў; мужчыны ж, ведаеце, у такіх рэчах ня маюць спрыту—

Даход (больш груба, чым дагэтуль): Добра, але пытаньне вось у чым: ці сканчала мадмуазэль разам з намі школу, каб абавязкова быць тут з намі?

Брыгіта: Сьвятая праўда, спадар прафэсар! Застаецца дзівіцца, што вы, пры вашай вучонасьці, можаце цягаць з сабой у гэты бярлог нявіннае дзіця! У тутэйшым паветры задыхнуцца можна—а яшчэ тыя размовы ў піўной—

Голас зь піўной: —а як тата памрэ, дык кожны дзень буду прыходзіць на ягоную магілу высрацца— о дзе яму будзе помнік.

Палай: Насамрэч, гэта была вельмі дурная ідэя, Прафэсарчык.

Прафэсарчык (у роспачы): Шаноўныя калегі, вы ня ведаеце маёй сямейнай сітуацыі. Я б у жыцьці не аддаў сваё дзіця ў чужыя рукі, у маёй жонкі няма часу займацца дачкой—

Даход (узвышае голас, наколькі яму дазваляе ягоная задышка): Што гэта за маці, у якой няма часу займацца сваім дзіцём?

Брыгіта, Палай, Апалонік: Слушна!

Прафэсарчык: Яна прысьвячае ўсе свае сілы шматпакутнаму чалавецтву, асабліва дзейнасьці ў філантрапічных гуртках. Прызнайце ласкава, што ў параўнаньні з такім узьнёслым заняткам клопат аб фізічных патрэбах дзіцяці ёсьць дробязьзю.

Даход: Яна думае, што на гэта дастаткова і ейнага мужа.

Усе, апроч Прафэсарчыка: Бравісімо!

(Прафэсарчык, зусім зьніякавелы, няздольны вымавіць ані слова; замест гэтага ён выцірае дзяўчынцы нос сваёй насоўкай.)

Дубраўка: Татка, тут так гнюсна, пайшлі адсюль!

Прафэсарчык: Дубраўка, трэба казаць “хадзем прэч”, а не “пайшлі адсюль”! І зусім тут ня гнюсна. Зірні, як прыгожа сьвеціць тая лямпа, а на тым малюнку драгуны ў такіх прыгожых, чырвоных нагавіцах. Мы ж ужо хутка пойдзем, золатка. (Садзіць яе на крэсла побач з Брыгітай, а толькі потым сам сядае каля яе. Даход падштурхне да яго бутэльку.) Шаноўны пан калега, каб мяне зразумець, вы павінны ведаць, як мне гэтае дзіця дарагое. Паколькі я ў асабістую неўміручасьць ня веру, яно ёсьць пасьмяротным трываньнем майго “я”, маёй вечнасьцю—

Даход: Зь першага погляду відаць, што ты—ейны бацька, га-га-га!

Усе астатнія: Га-га-га!

Дубраўка: Татка, хадзем адсюль, я гэтых спадароў баюся...

Прафэсарчык: Але што ты, золатка! Гэта добрыя спадары. Татка ня можа адразу сыйсьці, але хутка пойдзем...

Дубраўка: Я хачу, каб мы пайшлі зараз.

Прафэсарчык: Ня будзь капрызнай, а то татка цябе не навучыць, як трэба правільна размаўляць. Вось пабачыш!

Дубраўка: Ну і што! Мне гэта да аднаго месца.

Прафэсарчык: Але ж татка будзе плакаць! (Захіляе вочы насоўкай.)

Дубраўка: Хай плача!

Даход (б’е сябе па сьцягну): І гэтак мы павінны бавіцца ўпершыню пасьля трыццаці год? Нічога ня скажаш— (устае й працягвае руку да капелюша)

Усе (з жахам): Шаноўны калега, Ваша Сьветласьць, няўжо ж вы хочаце, крый бог—

Брыгіта: Я б магла ўзяць яе да сябе, але спадар прафэсар мне яе не даверыць!

Прафэсарчык (увесь дрыжыць): Сябры, але яна будзе спаць! Зараз жа ўбачыце! Апалонік, ідзі да карчмара й папрасі, хай дасьць дзьве-тры падушкі. (Апалонік сыходзіць, сьціскаючы кулакі. Прафэсарчык прысоўвае адно да аднаго тры крэслы й прычэсвае Дубраўку.) Яна зараз жа будзе спаць, вось убачыце, вы й ня ведаеце, якая яна паслухмяная! (Кладзе на крэсла чырвоныя падушкі й асьцярожна падштурхвае да іх Дубраўку.) Дык хадзі, сонейка, пасьпі крышку, а як толькі прачнесься, мы пойдзем назад да мамкі.

Дубраўка (упарціцца з усяе сілы): Я не хачу спаць, я ня буду спаць.

Прафэсарчык: Божухна, о дзе неслухмяная! (Змагаецца зь дзіцём і надалей; малая пачне якатаць. Адчайным голасам: ) Ліха на яго, хто б падумаў, што з такім маленькім дзіцём і так цяжка—

Даход: Патрэбная дапамога. (Хрыпата крычыць.) Ану ляжаць, шмакадзяўка! Пане карчмар, лазіну сюды! Я сказаў ляжаць, неданосак! І ціха мне! (Дубраўка перастае якатаць і кладзецца.)

Прафэсарчык (тым часам ламае рукі й цела): Божачка, пане калега— Усё маё выхаваньне— Яе ж магла б узяць трасца! Маё няшчаснае дзіця!

Даход: Гэта цябе магла б узяць трасца, гаротнік ты! Павер мне, што гэтая хвіліна будзе ёй больш карыснай, чымся ўсе доўгія гады твайго выхаваньня.

Прафэсарчык (шэпча Дубраўцы): Не зьвяртай на гэта ўвагі, золатка! Я табе заўтра за гэта куплю ўсё што захочаш! Баю-байкі! (Выцірае ёй нос. Даходу: ) Шаноўны калега, ці маглі б вы мне дараваць?

Даход: Ат, хіба тут будзеш злаваць, як зірнеш на цябе, небараку. На тваім прыкладзе адразу відаць, наколькі дабравольны хамут горшы за прымусовы. Гэтаксама як і на прыкладзе вунь Палая.

Прафэсарчык: Так, так, але мой хамут—прыемны...

Брыгіта: Ваша Сьветласьць, калі я й трымаю свайго мужа пад хамутом, дык гэта толькі таму, што я вымушаная да гэтага! Вы не паверыце, але яшчэ й сёньня, калі ён сустрэне нафуфыраную шлюндру, дык здольны бегчы за ёй ажно да яе на кватэру!

Палай: Так, мае жарсьці заўсёды неўтаймавана шугалі й шугаюць да самых нябёсаў, здольныя падпаліць усё навокал—

Прафэсарчык (шэптам, пераможна): Заснула!

Даход: Хіба ж я не казаў? Не такая яна й чульлівая, скура ў яе, як у слана.

Прафэсарчык (адыходзячы ад дачкі на дыбачках): Толькі давайце будзем размаўляць цішэй!

Даход: Нічога сабе! Цяпер цэлы вечар тут будзем шаптаць.

Прафэсарчык: Так, ну, уласна, не зусім шаптаць—

Даход: Асёл! (Голасна.) А цяпер нарэшце распавядзём адзін аднаму, як мы ўвесь гэты час маліся! Апалонік, пачынай ты, каб хутчэй пазбыцца тваёй скрушнай гісторыі.

Апалонік: Дзякуй, дзякуй, што і мне дазваляеце прамовіць. Сапраўды—“скрушная гісторыя”! Няма нічога больш скрушнага, чымся думка, што жыцьцё прайшло дарэмна. Каб толькі ўсе мае пакуты ільга было прынамсі назваць трагедыяй. Аднак для гэтага яны залішне нязначныя й сьмешныя. Часта я малюся: Божухна, дай, каб прынамсі апошняя дзея майго жыцьця выглядала годна!

Даход: Калі жыцьцё твае ня станецца годным, дык ня будзе годнай ані сьмерць. Але пакінь лішнія разважаньні, нам давай эпіку, а ня лірыку.

Апалонік: Прычынай майго няшчасьця было тое, што, не паслухаўшыся вашай, Васпане, парады аддаць сваю ашчадную кніжку вашаму бацьку, я распараджаўся цэлым унёскам сам. За год я прапіў усе тыя дзьве тысячы... На наступны год яшчэ не надыйшло было самае горшае для мяне: цётка ўсё яшчэ забясьпечвала мяне ўсім неабходным. Але пасьля таго як, настыўшы ў сваёй падваротні, яна пакінула гэты няварты яе сьвет (румзае), я быў страчаны. Першы дзяржаўны іспыт я яшчэ паспрабаваў быў здаць, але праваліўся з такім грукатам, што гэта пазбавіла мяне ўсялякай мужнасьці да працягу навукі.

Што я рабіў ад таго часу, аб гэтым я распавядаць не магу. Гэта было б занадта невыноснай пакутай для мяне і для слухачоў. Бадай, няма ніводнага ганебнага й нізкага занятку, якога б я ня выпрабаваў. Шматразова я падаў у найглыбейшую багну, сапсаваў сабе характар, страціў чалавечую годнасьць, зрабіўся ліхім сабакам; толькі тое й суцяшэньне, што захаваў так званы грамадзянскі статус.

Ах, Неадсюль меў рацыю! Я—жыцьцёвы банкрут, руіны. А прычынай гэтага ёсьць тое, што найвышэйшае ўва мне было занадта слабым, каб набыць уладу над нізкім, але ўсё яшчэ дастаткова моцным, каб не дазволіць цалкам сябе выгнаць і вырадзіць.

Я—няшчасная амфібія, гэрмафрадыт, ані тое, ані гэтае. Я мог бы толькі быць шчасным, калі б быў альбо цалкам зьнішчаны, альбо насамрэч узьнёслы! У першым выпадку я б упарадкавана й спакойна жыў, у другім—цудоўна б памёр—

Даход: Кінь ты гэтыя пустыя разважаньні!

Апалонік (упарта): І ў гэтым меў Неадсюль рацыю, што я ператваруся ў местачкоўца. Мае ранейшыя ідэалы—дзе я іх пагубляў? Дзе мары аб велічы, славе? Ах, наш з Паэзіяй мядовы месяц быў такі кароткі! Няшчасны Чынгісхан, не пашанцавала табе з Гомэрам. І сёньня ты прыходзіш да мяне ў сьне, як папрок—

Прафэсарчык і Палай: Хе-хе-хе-хе!

Даход: Пакінь ты Чынгісхана ў спакоі, распавядзі лепей аб сваім сапраўдным богу, алкаголі. Вось што ўсяму віной!

Апалонік: Я ведаю. Але пытаньне, што віной віну. Сёньня я ўжо ведаю адказ. Абсалютная адсутнасьць усялякай, нават самай маленькай радасьці! Бяз радасьці душа жыць ня можа. Прынамсі на хвіліну ў дзень у той склеп, дзе пакутуе убогае расьліна майго жыцьця, павінен трапляць праменьчык сонца, каб душа ня выпусьціла дух. Жыцьцё не дае мне такога праменьчыка; мая воля не настолькі моцная, каб здабыць яго ў жыцьця сілком. Заўжды мне яго даваў толькі той пракляты, і адначасова ўсё-ткі блаславёны алкаголь. Бяз той палёгкі, без таго зманлівага сьвятла, якое ён у мяне ўліваў, я вельмі даўно б ужо ня жыў. Але безьліч разоў я ясна адчуваў: калі б цябе хоць калі напаткала якая значная радасьць, калі б ты атрымаў невялікую суму, каб мог прынамсі на месяц, бяз клопату аб заўтрашнім дні, без патрэбы кленчыць, без уморнай катаргі, зноўку адным вокам зірнуць на паэзію, не было б у цябе патрэбы піць—і ня піў бы. Але ў мяне ніколі не бывае болей за восемдзесят кройцараў, якія складаюць мой штодзённы пісарчукоўскі заробак. То ж бо мае шляхотныя дабразычліўцы ў мудрасьці сваёй вырашылі, што мне нельга даваць на рукі большую суму, бо я яе адразу прап’ю; ідыёты!, няўжо ж іх штодзённае відовішча вечна п’яных бадзягаў і жабракоў, якія нават не ядуць і ходзяць хутчэй у дзірках ад анучаў, чымся ў анучах, не навучыла яшчэ, што ў піякі, нават калі ў яго няма грошай ні на што ў сьвеце, на алкаголь грошы заўсёды будуць? Таму мне шэф плоціць ня кожны месяц і ня кожны тыдзень, а кожны дзень, а менавіта—штораніцы; як самаму апошняму парабку. Аднак п’ю я, вядома ж, яшчэ больш, чым калі раней—

Даход: Ну дык хопіць урэшце, хопіць гэтага трызьненьня. Ты ўжо напалову сьпіўся, і хутка сап’есься зусім, бо ты—абсалютны слабак.

Апалонік: Ваша Сьветласьць, толькі той, хто напалову сьпіўся, можа штосьці ведаць аб тым, наколькі страшэнна цяжкім, наколькі папросту немагчымым ёсьць змаганьне з гэтым дэманам. Гэта тое самае, як калі б хтосьці па калені праваліўся ў тарфянік—

Даход: Гэта цяжка толькі для таго, у каго няма волі, хто ня хоча перастаць піць. От калі б супраць усіх хваробаў існаваў такі просты лек, як супраць п’янства: “Ня пі!”

Апалонік: Вашая Сьветласьць, не крыўдуйце, што я вам пярэчу. Але гэты рэцэпт—тое самае, калі б вы таму, хто хоча саскочыць зь вежы й ня можа знайсьці да гэтага скоку мужнасьць, сказалі: “Але ж гэта так проста: проста адштурхніся нагамі ад падлогі!”

Даход: Гэтае тваё параўнаньне—нават не кульгавае, таму што ў яго зусім няма ног. (Дастае 60 залатых.) Палаю, паклапаціся, каб за гэтыя 60 залатых Апалоніку набылі прыстойную, хай сабе й ня новую вопратку, бялізну, абутак. Гэта, безумоўна, найлепшы спосаб яму дапамагчы!

Апалонік: Дзякуй, дзя-куй... (Ягоны твар крывіцца, але ён вырашае паспрабаваць зноў.) Шляхотны дабрадзею, паверце, што вашая дабрадзейнасьць была б яшчэ больш шляхотнай, што вы б зрабіліся папросту маім уратавальнікам, калі б вялікадушна далі мне яшчэ столькі ж—у якасьці кішэнных грошай. Бо ўжо трыццаць гадоў я жыву ў зьневажальнай сітуацыі несупыннай нястачы. Гэта можна яшчэ зразумець, калі вам чатырнаццаць і ўсе ведаюць, што там няма дзе ўзяцца грошам, але не тады, калі вы—дарослы мужчына!

Даход: Так, але толькі калі вы сапраўдны мужчына. Я не магу пайсьці насуперак свайго сумленьня ды яшчэ й падтрымліваць цябе ў тваёй загане. Ты можаш прайграць сваю бітву з алкаголем, але твой былы сябра ня будзе хаўрусьнікам твайго ворага.

Апалонік (выціраючы сьлязу): Ну то й добра. Жадаю вам усім, каб вы ня мусілі на ўласнай скуры спазнаць, наколькі бязглуздым ёсьць гэты ваш выхаваўчы мэтад!

Даход: А цяпер распавядзі нам што ты, Палайчык!

Брыгіта (шэптам): Не забудзься аб тым галоўным, дзеля чаго мы прыйшлі. Калі будзе зручны момант перавесьці на гэта мову, я цябе штурхну пад сталом, ясна табе?

Палай: Дарагія сябры! Паводле ўласнага прызнаньня калегі Апалоніка, ён здрадзіў сваім ідэалам. Для такога чалавека як ён у гэтым няма нічога дзіўнага; было б, аднак, горка, калі б гэта ільга было сказаць і пра нас. Я ў сваёй сьціпласьці застаўся верны сваім юначым мэтам; перад вамі—той самы Палай, які сядзеў з вамі тут трыццаць гадоў таму.

Апалонік (змушана): Ге-ге! (Выпівае каторы па ліку куфаль піва.)

Палай: Я здаў два дзяржаўныя іспыты, хаця мой дух і маё цела лёталі дзесьці далёка. У той час нарэшце сунялася—назаўжды, дай ёй Бог вечную славу—мая няшчасная маці, пакінуўшы мне пяцьдзесят тысячаў. Толькі тады вырасьлі ў мяне крылы! Я адчуваў сябе гаспадаром жыцьця, гаспадаром сьмерці, гаспадаром вечнасьці. Я піў поўнымі глыткамі ўсе асалоды сьвету. Тысячы прыгажуняў сталіся маймі одаліскамі—

Брыгіта: Тысячы! Ні адной ты як сьлед ня меў, апрача толькі брыдкіх вулічных курваў! І да ніякай працы ніколі ня быў здатны, маўчы ўжо, ведаю я цябе!

Палай: Табе, дарагая жонка, я з прынцыпу ніколі не пярэчу. Аднак няма нічога больш выдаткоўнага за жыцьцё донжуана. Ні папойкі, ні карты, ні рознамаітыя нястрымнасьці не пустошаць кішэні так хутка, як гэтыя эфэмэрныя анёлкі, жанчыны. За свой боскі палёт вакол сонца прыгажосьці я заплаціў ня толькі няскончанай вучобай, але й стратай усяго свайго капіталу. Я адчуваў, што далей гэтак доўжыцца ня можа, я намагаўся стрымаць сваё неўтаймаванае імкненьне наперад—але ж ці ільга зацугляць, запаволіць арла? Але тут уратавала мяне прыхільнасьць лёсу. У свае трыццаць пяць гадоў закахаўся я ў шляхотную даму са шляхотным складам розуму—якая (паказвае на Брыгіту й кланяецца ёй) сваёй энэргіяй і досьціпам здолела прымусіць мяне да таго, каб я, насуперак сваім прынцыпам, увайшоў у воды сужэнскай гавані; і толькі тады выявілася ейная насамрэч нежаночая сіла. Гэта яна дапамагла мне заняць адпаведную пазіцыю ў грамадзтве, якую я займаю і цяпер. Яна ўратавала з парэшткаў майго капіталу больш, чымся я мог спадзявацца, і з дапамогай жалезнай ашчаднасьці, якая не прыпускае ані цукру ў каве, памножыла гэты капітал некалькіразова, так што ўжо сёньня мы маглі б жыць на працэнты, хай сабе й вельмі сьціпла.

Але самае галоўнае—яна зрабіла зь мяне прыстнойнага чалавека. Гэта не супярэчыць майму ідэалу дыянісійскага жыцьця—зусім наадварот! Бо гэтае жыцьцё ўлучае ў сябе ўсе магчымыя формы жыцьця: ня толькі ягоную дзікасьць, але і ўмеранасьць, ня толькі бурлівасьць, але й пяшчоту, ня толькі экстраваганцыю, але і ўпарадкаванасьць. Пасьля таго, як я выпіў да дна келіх ягоных незацугляных асалодаў, натуральна было, каб нічога не засталося мне чужым, кінуцца ў абдымкі іншай крайнасьці: працы—гэтак таму, хто аб’ехаў усе трапічныя краі, карціць у палярныя шыроты... Зараз, побач з маёй настолькі ўзорнай, настолькі клапатлівай, настолькі мілай жонкай, я адчуваю сябе папросту шчасьлівым. (Брыгіта моцна ўдарае яго нагой.) Шчасьлівым... шчасьлівым... (Шэптам.) Ну як мне гэта сказаць?

Брыгіта (шэптам, злосна): Толькі аднаго бракуе твайму шчасьцю—

Палай (шэптам): Ага! (Уголас.) Толькі аднаго бракуе майму шчасьцю, а менавіта што мой уздым па службовай лесьвіцы ёсьць такім павольным, уласна кажучы—яго зусім няма... І карыстаючы з гэтай нагоды—нагоды—глыбокапаважаны пан калега—калега—дазволю сабе ласкава папрасіць Вас аб—як яе—пратэкцыі, слушна кажучы, аб тым, каб вы замовілі за мяне слоўца, каб, карацей і прасьцей кажучы—сакратаром управы—так, сакратаром.

Даход (усьміхаецца, разьвяселены): Добра, добра, даражэнькі! Пракіну за цябе пару слоў.

Брыгіта: О, вашае слова ёсьць усемагутным!

Даход: Шанец ёсьць. Vederemo* (убачым—іт.). Ну, дык ты нам у агульных рысах распавёў сваю трагікамічную гісторыю; але найбольш цікава было б пачуць падрабязнасьці наконт таго, якім чынам твая спадарыня здольная ўтрымліваць цябе ў страху божым; напрыклад, ці праўда тое, што пры тваім сыходзе з хаты яна прыкладае да цябе пэўную пячатку—

Палай: Гэта паклёп, подлы паклёп!

Брыгіта: Хаця жменька праўды ў гэтым ёсьць, Ваша Сьветласьць—

Даход: Аб гэтым іншым разам. А зараз нам што распавядзе калега Прафэсарчык! (На даляглядзе шугае бліскавіца.)

Голас зь піўной: Зь вялікага грому ды малы дождж.

Прафэсарчык: Шаноўныя калегі, мяне якраз напаткаў адзін з маіх нэрвовых прыступаў, таму даруйце, што я гавару так, як быццам мне не хапае паветра. Ах! ...Я лічу, што я заўжды заставаўся й застаюся верны свайму ідэалу: працы й навуцы. Напэўна, вы ведаеце, што яшчэ ў акадэміі я здабыў сабе сваймі артыкуламі пэўнае літаратурнае імя.

Апалонік: Так, тады яшчэ вы, дарагі калега, жывілі агульныя спадзяваньні.

Палай: Silentium* (ціха—лац.), Апалонік, схавайся зноў пад ваду!

Прафэсарчык: Я атрымаў ступень доктара. Гэта быў самы чароўны дзень майго жыцьця, таму што гэта быў самы чароўны дзень жыцьця маіх бацькоў.

Апалонік: Якая чуласьць, якая маральная веліч!

Прафэсарчык: Я стаўся выкладчыкам, хаця я аддаю перавагу слову “настаўнік”, як што няма вышэйшага тытулу за настаўніка. Аднак сам я назаўжды застаўся ўсё тым жа вучнем. Сваю сьмелую ідэю, пераацэнку ўсіх культурных каштоўнасьцяў, я й надалей высока трымаў над галавой, як Камоэнш пасярод разьюшаных марскіх хваляў сваю “Лузіяду”. Аднак нарэшце я дасьпеў да высновы, што такая пераацэнка ёсьць задачай, што перасягае чалавечыя сілы. Я зразумеў, што трэба спачатку да найменшых падрабязнасьцяў вывучыць усе паасобныя культуры, але што чалавечае жыцьцё занадта кароткае для таго, каб як сьлед вывучыць прынамсі адну, нават самую нязначную культуру. І тады я вырашыў засяродзіцца на дасьледаваньні культуры маленькага, але надзвычай цікавага народа—чухонцаў. (Усе прысутныя ня ў стане стрымаць прыглушанага гігітаньня альбо прысканьня.) І нягледзячы на зьдзеклівы посьмех я да сёньняшняга дня застаўся верным гэтаму вырашэньню, супакойваючы сябе думкай, што ўзбагаціў нашую літаратуру такім мноствам працаў аб чухонцах, што, без перабольшаньня, ніводная вялікая літаратура ня можа з намі ў гэтым плане зраўняцца. У веку маіх сарака двух гадоў настала ў маёй душы позьняя вясна. Я палымяна закахаўся ў анёлападобную шаснаццацігадовую дзяўчыну. І яна адказала мне жарснай узаемнасьцю. Доўга я вагаўся. І нарэшце сказаў сабе: чаму ўсе гэтыя доўгія гады ты працуеш з такой неахвотай, чаму пішаш артыкулы свае пра чухонцаў з такой агідай і з такой літаральна нянавісьцю? Ах, гэта таму, што няма дзеля каго табе пісаць, няма дзеля каго працаваць.

Апалонік (цішком): Ге-ге-ге! (Каб заглушыць свой сьмех, хутка шоргае нагой і крэслам; Прафэсарчык скаланаецца, як быццам яму ў цела ўвагналі шрот.)

Прафэсарчык (хапаецца за галаву): Ах, гэтыя нэрвы!... Дык вось, сказаў я сабе тады, трэба, каб твая праца набыла вартую яе Мэту, якой яна была б прысьвечаная, і якая б гэтую працу асьвянчала! І папрасіў ейнай рукі. Немаетныя бацькі са сьлязьмі радасьці ўваччу далі сваю згоду, і Мімі таксама плакала, і перад алтаром пралівала сьлёзы радасьці. Цяпер мне належала найпрыгажэйшая, найцнатлівейшая дзяўчына ў сьвеце. Ніводнага разу мы зь ёю не пасварыліся; а калі й была якая сварка, дык яна адразу ж сканчалася, як толькі я выходзіў з пакою. Аднак бачымся мы зь ёю ня надта часта—бо мая Мімі вельмі занятая. Але мне дастаткова, што яна раз на тыдзень прышаргаціць, белая як здань, у мой габінэт, прылашчыць мае сівыя валасы (Прафэсарчык мімаволі дакранаецца свайго чэрапу) й зашчабеча: “Дык як ты тут маесься, дзядуля? Толькі, калі ласка, не перапрацуйся тут!” Зломгалоў пацалуе мяне ў лоб і адплыве, як аблачынка. Цэлы наступны тыдзень я адчуваю сябе падсілкаваным, загартаваным для працы. (Выцірае пот з твару.) А яшчэ ў мяне ёсьць ейная дачка, ейная плоць—мая дачка, плоць мая—вось гэтае дзіця каханьня. Дзеля гэтых дзьвюх істотаў я не шкадую ніякай працы, ніякіх грошай, ані нават здароўя. Я прыношу ім сябе ў ахвяру, і гэтым шчасны. Бо, дарагія сябры, я спазнаў вялікую праўду, а менавіта, што чалавек ёсьць істотай сямейнай, што амаль усе ягоныя высілкі, нават і самыя “высокія”, ёсьць чымсьці няпэўным, чымсьці, што адбываецца па-за межамі сям’і; а таксама спазнаў, што над усімі надсузорнымі мэтамі зьзяе яшчэ больш высокая мэта, якой павінны быць падпарадкаваныя ўсе іншыя мэты, і я называю гэтую мэту “шчасьце ў сваім кутку”. (Зь піўной чуецца бразгат разьбітага посуду, Прафэсарчык зноўку з выкрыкам скаланаецца, хапаецца за сэрца, калені ў яго падгінаюцца.) Не паверыце, якая пакута гэтая нэўрастэнія!

Даход: Гэта таксама частка “шчасьця ў сваім кутку”. Цяпер ужо позна з гэтым штосьці рабіць. Але ці ня мог бы ты прынамсі адмовіцца ад нейкай часткі сваіх абавязкаў, напрыклад—ад урокаў школьнікам?

Прафэсарчык: Не магу, за гэта добра плоцяць—Мімі пры ейнай філантрапічнай дзейнасьці трэба добра апранацца; яна ж ня можа хадзіць абы як у тых колах, дзе яна працуе.

Даход: Добра апранацца не азначае хадзіць у футры за дзесяць тысяч залатых. Прынамсі я за такія грошы сваёй жонцы паліто б не набыў. Мне дык усё адно, але хто б здолеў стрымаць гнеў, калі б убачыў, як ты гарбацісься на падобныя нікчэмнасьці і з-за гэтага выглядаеш на пятнаццаць гадоў старэйшым, чым насамрэч? Наогул, хацелася б адкрыць табе на ўсё вочы—але не. Калі б табе раптоўна вярнуўся зрок, ты б зрабіўся самай няшчаснай істотай на сьвеце. Хопіць, ты ўжо паведаміў нам дастаткова! Цяпер застаўся толькі я.

Брыгіта: Толькі цяпер пачынаецца самае цікавае!

Прафэсарчык (падыходзячы да Дахода): Выбачайце, яшчэ нештачка, даражэнькі калега— (Доўга яму нешта шэпча. Даход раз-пораз незадаволена мармыча “гм, гм”.)

Даход: Ну, пасады дарэктароў гімназіяў на дарозе не валяюцца. Шчыра кажучы, раю табе асабліва не спадзявацца. Усяляк, прамовім за цябе слова там, дзе палічу патрэбным, але паўтараю: пакуль што ня радуйся заўчасна!

(Дае знак, і Прафэсарчык у роспачы вяртаецца на сваё месца.—Удалечы чуюцца грымоты.)

Голас Вацлава Крыкацыюса: Ты бач, як Пярдун грыміць—гэтым разам будзе бура!

Даход: Дазвольце мне на момант вас пакінуць. (Сыходзіць.)

Апалонік (сам да сябе): Дык што, ці варта мне цяпер паспрабаваць пазычыць яшчэ і ў Прафэсарчыка? Ён хоць і ў найгоршым магчымым гуморы, але менавіта таму можа даць! Прынамсі дзеля сьмеху! Іначай ён ня даў бы ані кап’я, як ні круці. (Падыходзіць да Прафэсарчыка й пачынае нешта шаптаць.)

Прафэсарчык (рэзка яго перарывае, са злосьцю): Ды ведаю я, што табе трэба! Сёньня не магу, Апалоніку, няма ані шэлегу. Ня тыя зараз часы; але чакай! (Вымае штосьці з кішэні.) Сёньня я згубіў запонку ад гальштука, дык прыйшлося набываць новы. Вось той стары гальштук, ён з добрага шоўку й мала ношаны. Бяры. Дарэчы: няўжо ты ажно да сьмерці хочаш працаваць папрашайкай? (Апалонік запіхвае гальштук у кішэню, скамячыўшы яго, і сыходзіць, не падзякаваўшы. Але яшчэ перад тым, як зноў сесьці, шпурляе гальштук у кут.—Даход вяртаецца, п’е са свайго фужэра.)

Даход: Будзе вялікая навальніца. (Маланка, і неўзабаве—цяпер ужо моцныя грымоты.) Распавядаць я, уласна кажучы, нічога ня буду. Усе дэталі майго жыцьця, нават самыя інтымныя, ільга даведацца з газэтаў. Паведамлю вам толькі некаторыя ідэйныя вынікі свайго жыцьцёвага шляху.

Палай (крычыць): Слухайце, слухайце! (Усе, апроч Апалоніка, нахіляюцца над сталом і разяўляюць ірты; Брыгіта пальцамі натапырвае вуха.)

Даход: Правіла, з дапамогай якога ільга дасягнуць усяго, і якое ёсьць маім творчым крэдо, гучыць: кожнае ймгненьне энэргічна й разумна працаваць дзеля разумнай мэты. Гэтым дэвізам я ня здрадзіў сваёй напалеёнаўскай веры часоў маладосьці, але пакінуў у ёй тое, што было ў ёй разумнага, пазбавіўшы яе таго, што ў ёй было шалёнага. Па сутнасьці, Напалеён заўсёды быў для мяне сімвалам нейкай разумнай, памяркоўнай энэргіі; неўзабаве пасьля той нашай вечарыны я зразумеў, што ягоныя бітвы сёньня ёсьць ужо анахранізмам. Нота бэнэ, сёньня, як і раней, усё вырашаюць бітвы й войскі, але гэтыя бітвы адбываюцца на біржах паміж войскамі долараў.

Брыгіта: О-о-о!

Даход: Тады я ненавідзеў грошы, пагарджаў імі—але чаму? Перадусім таму, што бацькі мне амаль іх не даваў, акрамя гэтага, таму што тады яшчэ не чытаў быў ніводнай кнігі па эканоміцы. Той, хто аднойчы яе прачытае, зразумее, што грошы ёсьць усім, што яны ня ёсьць нічым меншым за чалавека, а наадварот, чымсьці большым. Я б сказаў, што грошы ў параўнаньні з чалавекам—гэта як платонаўскія ідэі ў параўнаньні зь ценьмі, якія завуцца рэчаіснасьцю. Аднак школьнікам, зразумела ж, не даюць чытаць падобныя мудрыя кнігі. Замест гэтага ім піхаюць усялякую вар’яцкую рамантычную балбатню. Я, хочучы палегчыць сваім дзецям жыцьцё, забараніў, каб у нашым доме зьяўлялася кніжка вершаў, апавяданьняў, раман ці п’еса. На жаль, ува ўсіх трох у галовах рамантыка. Адзін сын піша вершы, другі музыку, а дачка малюе. Варта мне толькі засьпець іх за гэтымі заняткамі—о дзе я ім увальваю! Дарэчы, парог майго дому не пераступіць ніякая немаральнасьць, такая як бязьвер’е, вальнадумства, прагрэс, лібэральнасьць, сучаснасьць і г.д.; бо ўсё гэта ёсьць толькі перашкодай на шляху да здабыцьця грошай, іначай кажучы—зямнога шчасьця; а што датычыцца нябёскай раскошы, дык мяркую, што яе дачакаецца толькі той, хто здолеў дасягнуць шчасьця на зямлі. У гэтым няма ніякай празаічнасьці, філістэрства, а ёсьць толькі сапраўдная жыцьцёвая мудрасьць. З гонарам магу сказаць, што я ні ў чым не адступіўся ад сваіх студэнцкіх ідэалаў, наадварот, ачысьціў іх і паставіў на вышэйшы ўзровень. Чаго, на жаль, нельга сказаць аб вас, сябры Палай і Прафэсарчык. Ты, Палай, хацеў быць уладаром жыцьця, а скончыў тым, што зрабіўся дэ факто найвялікшым вядомым мне героем у яжовых пальчатках, у чым ты сам няздольны сабе прызнацца, таму падманваеш сябе, быццам і ў такім становішчы ты—гаспадар свайго жыцьця. Ты, Прафэсарчык, ад сваіх сусьветных планаў прыйшоў да таго, што зрабіўся чухонцам, і дваццаць гадоў запар ня робіш нічога іншага, як толькі на сьмех усёй краіне выдаеш зь сябе адзін за адным артыкулы аб чухонскіх хрэсьбінах і чухонскіх кальсонах, і нават гэтым займаесься толькі дзеля таго, каб паспагадаць бессаромнай жаночай хцівасьці да славы. Толькі я не адмовіўся ад свайго ідэала—

Апалонік (цьвёрда): Яшчэ як адмовіліся—куды нам да вас! Вы, Ваша Сьветласьць, апусьціліся да ўзрозню яшчэ большага сьмяхоцьця, чымся Прафэсарчык і Палай, бо сталіся дакладнай супрацьлегласьцю свайго ідэала, сам ня ведаючы аб тым! Між вашым юнацкім культам Сілы й цяперашнім культам грошай такая ж розьніца, як паміж чалавекам, які кахае ўсім сэрцам, зь пяшчотай, чульліва, і чалавекам, які кахае жанчыну за тое, што яна ўмее добра гатаваць.

Даход (зьнерухомелы) Ай-яй, Апалонічак! Можа хопіць палохаць нас сваймі жудаснымі параўнаньнямі? (Грымоты гучаць яшчэ галасьней, чым дагэтуль; Даход ціха выкрыквае.) Сябры, прызнаюся вам, што я троху пакутую ад кераўнафобіі...* (боязь маланак.)

Прафэсарчык: Як і я!

Палай: І я! (Вымае з кішэняў нож, ключы, грошы, гадзіньнік і ўсё гэта адносіць у кут. Прафэсарчык і Даход робяць тое самае.)

Даход (зноўку сядае): Я буду працягваць толькі калі бура скончыцца.

Прафэсарчык (устае): Дарагі калега, ад імя ўсіх нас дзякую вам за вашую глыбокую, сапраўды непаўторную прамову. Яна была для нас усіх вялікай навукай. Як толькі мы, звычайныя грамадзяне, маглі стацца вартыя таго, каб вы да нас завіталі? І менавіта сюды? Як пяецца ў калядцы: У найменшы куточак сыйшоў найвялікшы Паночак.

Даход (са спагаднай усьмешкай, улагоджаны) Ды хопіць табе ўжо, лісьлівец. І ня стаўся да ўсяго так трагічна, Прафэсарчык! Можа, я й забясьпечу табе яшчэ тое дарэктарства, не губляй надзеі! (Прафэсарчык робіць рух, каб пацалаваць Даходу руку.) Але памятайце, што я здольны з усім спалучыць штосьці карыснае..., ге-ге! Тое, што я зьявіўся ў гэтым вярцепу, ня можа быць схаванае ад грамадзкасьці, але гэта мне ніяк не пашкодзіць, наадварот, гэта будзе лічыцца доказам майго дэмакратызму, што мне вельмі дарэчы напярэдадні выбараў. Гэй, Прафэсарчык, можа ты—як спэцыяліст па пэдагогіцы—напішаш аб гэтым у свой паважаны часопіс палымяны артыкул, каб чытач расчуліўся ажно ла сьлёз?

Прафэсарчык: З найвышэйшаю асалодай, Ваша Сьветласьць, лічыце, ужо зроблена!

Даход: Дый тут, у маім родным гняздоўі, таксама ёсьць друк. Палай—але не, пяро ніколі не было тым тваім інструмантам, які выклікаў захапленьне... А вось Апалонік пісаў цудоўныя сачыненьні—ты напішаш артыкул, Апалоніку! Я табе за гэта дам удвая большую за звычайны ганарар суму, якую Палай выдасьць табе прадуктамі.

Брыгіт: Ваша Сьветласьць, мой муж на гэта таксама быў бы здольны, варта толькі захацець... У нас у горадзе—пяць часопісаў—

Даход: Ну дык іх між сабой неяк падзяліце.

Палай: Шчыры дзякуй! (Сам да сябе.) Божухна—божухна—нічога, Апалонік за мяне напіша... (Дубраўка стогне ўва сьне.)

Прафэсарчык: Нешта нядобрае сьніць. Скаланаецца... Бедачынка...

Дубраўка: а—а—а— ён прыехаў на маланцы— —э—ээ—саскочыў зь яе на зямлю, —страхот—

Прафэсарчык: Божухна, яна сьніць сон пра страхотаў! Трэба яе пабудзіць—

Даход: Крый божа, не!

Прафэсарчык (умольна) Ваша Сьветласьць, усе сьвяцілы гігіены раяць пабудзіць—дзіця—

Даход: Крый божа, не!

Прафэсарчык (нагадвае сабой увасоблены адчай): Ах, маё разьняшчаснае дзіця!— (Ягоны голас зрываецца, ён румзае.)

Дубраўка (раптоўна прабудзіўшыся, крычыць): Ён ідзе сюды, сюды, сюды! (Грымоты—гучныя, як гарматны стрэл.)

Прафэсарчык (жагнаецца, дрыготкім голасам): Хто, хто, золатка?

Дубраўка: Страхот... А-а! А-а-а!

Прафэсарчык: Ніякага страхота не існуе, супакойся, татка з табою!

Брыгіта: Гэтае дзіця дык здольнае напалохаць, я ўся дрыжу!

Палай: Я таксама... Толькі ад чаго? ...Ах, няўжо ж гэта магчыма?

Даход: Неяк я сябе дзіўна пачуваю, як сам ня свой. (Ціха.) Гэта ўсё з-за начной задухі—

Прафэсарчык: Божа мой, як быццам усё вакол раптоўна павярнулася на сто восемдзесят градусаў. (Зноўку маланкі й грымоты. Шматгалосае выцьцё сабак.)

Палай (дрыжыць усім целам): Сябры, а што калі б зараз прыйшоў яшчэ й—Неадсюль?

(Ад гэтага моманту пачынае гучаць музыка. Спачатку цьмяна, жудасна, несувязна, акордамі; але яны чым далей, тым болей зьліваюцца ў пэўную кароткую мэлодыю, жахлівую, пякельную, якая з карацейшымі ці даўжэйшымі паўзамі будзе гучаць ажно пакуль Неадсюль ня сыйдзе.)

Даход: Ён? Немагчыма...

Палай: Памятаеце апошнія словы, якія ён сказаў тады?

Даход: Маўчы лепш! Бабскія думкі—

Апалонік (сам да сябе): Адчуваю, што так яно й будзе... Прыйдзі, Неадсюль, хай хоць аднойчы ўбачу жывога чалавека! Біце, маланкі, біце па ўсёй гэтай набрыдзі—і па мне, слабадушным гаротніку, першым!

Голас зь піўной: Недзе блізка злодзеі. От гэтыя сабакі—здаецца, жывёліна, а як здольная адрозьніць нягодніка ад сумленнага чалавека—

Старэчы голас зь піўной: Дурань ты й скаціна тупая: на злодзеяў яны брэшуць, а ня выюць.

(Агромністая маланка, нібы ўсё неба й зямля ператварыліся ў полымя, і адначасова—страшэнны, аглушны грукат.)

Прафэсарчык: Трасца ў бок, Дубраўка, нам капцы! (Абдымае малую.)

Дубраўка: Нам капцы, Дубраўка, трасца ў бок!

(Брыгіта падае на калені і ўголас чытае “Ойча наш”. Палай робіць тое самае увасьлед за ёю. Даход жагнаецца, а Апалонік дапівае куфаль. У гэты момант уваходзіць Неадсюль, хутка й бязгучна, таму ўсе астатнія заўважаць яго толькі тады, калі ён зьяўляецца сярод іх, як прывід.

У адрозьненьне ад астатніх Неадсюль выглядае нашмат, неверагодна маладзейшым за пяцьдзесят гадоў. Выраз неюнацкай сур’ёзнасьці й строгасьці, які ў маладосьці рабіў яго старэйшым, не зьмяніўся, але цяпер яго, як сонца хмару, працінае зьзяньне. Пераможна-радасны спакой Завершанасьці ў спалучэньні з адсутнасьцю моршчынаў і дзіцячым выразам амаладжаюць аблічча. І ўсё-ткі гэтага недастаткова, каб зразумець, чаму сёньняшні ягоны твар здаецца толькі крышку старэйшым, чымся тады.—Апрануты ён зноў жа прыстойна, але неахайна.

Усе пераляканыя, у тым ліку й Апалонік, ніхто ня можа спачатку знайсьці патрэбнае слова. Магільная цішыня, у тым ліку ў піўной і на двары. Сабакі перасталі скавытаць, неба—грукатаць; апошняя магутная маланка з грымотамі пад канец буры не прынесьлі ані кроплі дажджу.)

Апалонік (Неадсюль сядзіць побач зь ім, таму ўдваіх яны ўдаюць сабой адзін гурток, астатнія—другі): Паважаны калега, спадар Неадсюль, ад імя ўсяе кампаніі вітаю цябе сярод нас! Позна ты прыйшоў, але галоўнае, што ўсё-ткі прыйшоў!

Неадсюль: Мне было вельмі нялёгка прыйсьці.

Апалонік: Ты ідзеш здалёк?

Неадсюль: Зь вялікіх далёк.

Даход (прыхільна): І гэта—адзіная прычына твайго спазьненьня?

Неадсюль: Не. Яшчэ некалькі тэрміновых сустрэчаў па справах гандлю. (Апошнія два словы адразу ж супакойваюць грамаду і, вярнуўшы яе да сапраўднасьці, вяртаюць ёй сьмеласьць.)

Палай: Шкада, што мы ўжо ўсё распавялі аб сваіх лёсах.

Неадсюль: Я ведаю жыцьці кожнага з вас лепей, чым вы самі.

Прафэсарчык: Ат! ...Але затое мы, калега, амаль нічога ня ведаем аб вашым жыцьці. Усё, што да нас даляцела—гэта недакладныя плёткі й показкі, часам такія дзіўныя, што паверыць ім немагчыма. Мы былі б вам—кажу прынамсі за сябе—вельмі ўдзячныя.

Неадсюль: Няма нічога больш нуднага для вас, чымся мая біяграфія.

Даход: І ўсё-ткі мы цябе просім. (Да карчмара, які тым часам баязьліва прышаргатаў і на пачцівай адлегласьці ад Неадсюля чакае ягоных загадаў:) Кожнаму яшчэ па бутэльцы! (Карчмар хутка сыходзіць, Даход прапаноўвае Неадсюлю свае эксклюзіўныя цыгары; той не адмаўляецца.)

Апалонік: Неадсюль, ты выглядаеш такім прыгажуном: так сьвежа, ясна, пераможна. Твой твар нібы выпраменьвае таямнічае зьзяньне, што паходзіць з тваёй душы—ты падобны да сэрафіма.

Брыгіта: Вельмі сімпатычны мужчына.

Даход: Мушу прызнаць, што ты выглядаеш ажно неверагодна молада, гадоў якіх на трыццаць.

Прафэсарчык: Ты часам не знаходзісься ў сувязі зь нейкай д’ябальскай сілай, што гэтак не старэеш, як той Дарыян Грэй?

Палай: Якімі крэмамі й пудрамі ты карыстаесься?

Неадсюль (ад гэтага моманту й на працягу ўсяго далейшага часу ён зьвяртаецца як словамі, так і тварам толькі да Апалоніка): І ўсё-ткі, Слава, твар не выказвае ані сотую долю таго сьвятла альбо цемры, што напаўняюць душу. Нават твар, убачаны ў самым дзівосным сьне. Бачны сьвет ёсьць нікчэмнай, зморшчанай, бруднай шкарлупкай, жывапіс—жабрацкім рамяством, паэтычны выраз “невыказнае хараство” усё адно выказвае яго ў сто разоў лепей, чымся самая прыгожая карціна, якая заўсёды ёсьць толькі абразьлівай карыкатурай Непадробнага. (Запальвае.) Дык вось—

Адразу пасьля выпускных іспытаў я пераехаў у горную вёсачку, такую схаваную й непрыступную, што яе ільга знайсьці толькі на вельмі падрабязнай мапе. З паўтарох тысячаў, якія мне пакінула бабуля, я пражыў там пяць гадоў; часта цягам цэлых тыдняў не прамовіўшы аніводнага слова—

Палай: Ну хіба гэта разумна: у самым росквіце маладосьці, створанай для асалодаў, жыўцом сябе пахаваць!

Прафэсарчык: Цягам гадоў, створаных для найбольш пільнай працы, не рабіць абсалютна нічога.

Даход: Пакіньце яго, хай будзе шчасны на свой капыл, хе-хе! Калі сьвятой Тэрэзе падабалася піць гной з ранаў хворых, дык хто б ёй у гэтым бараніў?

Брыгіта: Ашчаднасьць спадара Неадсюля мне вельмі сімпатычная, толькі вось не магу яму дараваць, што ён не ажаніўся—мяркуючы паводле таго, што ў яго няма пярсьцёнку. Я ведаю адну маладую даму—

Неадсюль: Менавіта калі мая маленькая спадчына пачала сканчацца, падчас эпідэміі памерлі мае бацькі й пакінулі мне паўмільёна.

Усе, улучна Брыгіты (у захапленьні): Pardieu*! (Божухна!—фр.) Так многа?

Палай: І цяпер дык ты пэўна ўзяў Жыцьцё за рогі?

Неадсюль: Пасьля гэтага зусім нічога ў мяне не зьмянілася. І надалей я жыў па розных вёсачках і хутарах, да сваіх трыццаці васьмі год. У вялікае места не ступіў ані нагой. Мае дзённыя выдаткі ніколі не перавышалі залаты ў дзень.

Палай: Гэта перасягае ўсе межы глупства. Твая гадавая рэнта складала недзе дваццаць пяць тысячаў залатых. Што ты зь імі рабіў?

Неадсюль: Параздаваў. Раздаў разам з працэнтамі, акрамя дваццаці тысячаў, якія я вырашыў не чапаць.

Прафэсарчык: Не кажы, што ты не набываў шмат кніг!

Неадсюль: Амаль зусім не. Яны пазбавіліся ў маіх вачах усялякай каштоўнасьці, як толькі я ўбачыў, што яны няздольныя навучыць мяне нічому з таго, што мяне адзіна цікавіць, і што нашмат большую забаву, чымся яны, даюць мне фантазія й прырода.

Даход: А што ж ты, чалавеча, наогул рабіў?

Неадсюль: Цягам доўгіх год я рабіў тое самае, што пачаў ужо ў гімназіі—шукаў сам сябе.

Палай: Шукаў леташні сьнег.

Прафэсарчык: Шукаў ваду ў рацэ.

Даход: Ляпні сябе па лытцы—адразу знойдзеш. “Шукаць сам сябе”, глупскае клішэ, калі чалавек, хай ён хоць рогам упіраецца, заўсёды сам сябе мае.

Прафэсарчык: Ты сам сябе падманваеш, Неадсюль, нічога ты не шукаў, нічога не рабіў. Тваёй галоўнай свомасьцю ёсьць лянота, боязь усялякай дзейнасьці, хоць ты, мабыць, і назавеш гэта квіетызмам.

Палай: А найвышэйшай дзейнасьцю ёсьць раскашаваньне, здабыцьцё асалоды. Але ж ты нагадваеш таго араба, які аддаў перавагу таму, каб памерці з голаду, чымся працягнуць руку і ўзяць фінік, які ўпаў яму на твар з дрэва, пад якім ён ляжаў. Карацей кажучы, ты—флегматычны, бязвольны здыхляк.

Неадсюль: “Здыхляк”—прыгожае слова—і як мне пасуе! (Усе нараз змаўкаюць.)

Прафэсарчык: Божухна, што гэта было такое?... Маўляў мяне абдзьмула паветрам з тэмпэратурай некалькі градусаў ніжэй нуля.

Усе: Мяне таксама!...

Брыгіта: Як быццам—з таго сьвету.

Палай: Езусе Хрысьце—яшчэ не хапала—

Даход: Кіньце думаць аб гэтай бязглузьдзіцы! Неадсюль, працягвай!

Неадсюль: Потым я сам сябе знайшоў. На тым шляху, які я тады вам у агульных рысах акрэсьліў: Збаўленьня душы, Абсалютызацыі. Мне пашасьціла, і я здолеў стацца абсалютнай Боскасьцю на падставе абсалютнай Эгасамоты. Але ўсё яшчэ ў вельмі цьмянай форме, што час ад часу зьзяе толькі на момант, калі спрыяе надвор’е. Ад таго часу ў мяне толькі адна мэта—зрабіць гэты зіхоткі стан Боскасьці вечным... Але мае спробы доўга сканчаліся няўдачай, усе мае наступы на гэтую наймацнейшую з усіх крэпасьцяў рассыпаліся... Гэтак мінуў мой трыццаць восьмы год. Дагэтуль я быў толькі ў Эўропе, але тут закарцела мне пабачыць далёкі край—

Даход: Усё супадае. Апошняе, што я аб табе быў дачуўся, гэта што ты ўзыйшоў у Брэмэне на карабель, якіх дванаццаць гадоў таму. Нібыта зьехаў у Амэрыку. А тая, спадзяюся, навучыла цябе бачыць рэчы такімі, якімі яны ёсьць—мяркуючы па тых грашовых справах, якімі ты зараз займаесься.

Неадсюль: Насамрэч, толькі ў той краіне пачынаеш бачыць, што тое, што ёсьць—таго няма, і наадварот.

Даход: Слушна, хаця амэрыканец пасьмяяўся б з такой манэры выказваньня.

Неадсюль: Амэрыка знаходзіцца на такой яшчэ дадзікунскай ступені, што там няма ані таго што ёсьць, ані таго што няма. Гнюс яшчэ ня ёсьць ейным найгоршым азначэньнем. Але я кажу не аб Амэрыцы, а аб Індыі.

Прафэсарчык: Ліха бяры, я так і ведаў! Тваю любоў павінна была здабыць краіна факіраў, якія гадамі сьпяць у труне, як барсук у зімовыя месяцы, краіна Саньясімаў і ёгінаў, Нірваны, салодкай far niente* (бязьдзейнасьці—іт.) й галечы, голаду й бруду, мору, цемрашальства, забабонаў, карацей кажучы—гнілога гультайства!

Апалонік (з чырваньню ў твары, жарсна, сьпярша заіката): Шаноўныя калегі, што вам, уласна кажучы, дае права ўвесь час называць Неадсюля бязьдзейным гультаём?

Даход: Тое, што ён дагэтуль нічога не зрабіў, нічога ня выканаў.

Апалонік: Нічога, што ільга было б бачыць, кранаць, пачуць. “Я гэтага ня бачу, значыцца, гэтага няма,” гэтая выснова ёсьць такой сама страшнай, як і распаўсюджанай; ніколі ня зробіць яе Праведны! Той, хто не судзіць аб рэчах павярхоўна, ведае, што галоўнай, і нават адзінай кшатоўнасьцю ёсьць мысьленьне; што няма розьніцы, выяўляецца яно матэрыяльна ці не, бо калі хто жыве ў золаце маўчаньня, ён можа дасягнуць нашмат большага, чымся калі б ён прамаўляў найлепшым срэбрам. Казаць аб чалавеку, які працуе толькі нутром, хаця гэтая ягоная праца можа быць надзвычайна цяжкой і адчайнай, што ён нічога ня робіць, ёсьць адзнакай найніжэйшага інтэлекту й адукацыі, нявартай вас, Ваша Сьветласьць! Тое, што Неадсюль думае, думае несупынна, толькі і толькі думае, павінна быць відавочным кожнаму, хто хоць на некалькі хвілін мае шчасьце быць у ягоным таварыстве, і нават кожнаму, хто толькі яго ўбачыць—калі толькі ён не сьляпы альбо не асьлеплены зайздрасьцю, перадузятасьцю й іншымі, ня самымі ўзьнёслымі матывамі. І цалкам зразумелым доказам ягонай аргомністай нутраной дзейнасьці й працы “нямых учынкаў роздуму”, як кажа Гайнэ, ёсьць той чароўны факт, што хаця ягоны вялікі капітал дазваляў яму ўсялякія асалоды, ён абсалютна пагарджаў імі і гэтым капіталам, жывучы больш сьціпла за пісарчука, як той сьвяты, ужо зь юнацтва. Дзе на сьвеце яшчэ знойдзецца штосьці настолькі ж імпазантнае? Цалкам немагчыма, каб ягонае нутраное сьвятло, скарбы духа, недасяжныя, панадныя мэты, ягоная разумовая дзейнасьць не давалі яму большых і зайздросьнейшых радасьцяў, чымся ўсе грошы сьвета!..

Даход (хаваючы гнеў пад маскай няшчырай грэблівасьці): Ай-яй, толькі зірніце на нашага Апалончыка, зірніце! Які зь яго раптам стаўся герой, хе-хе-хе!

Палай (востра, па-камандзірску): Апалонік, больш ані кроплі алкаголю! Нічым іншым апрача нецьвярозасьці я не магу патлумачыць тваю раптоўную дзёрзкасьць.

Апалонік (пачырванеўшы; відаць, што ў ім жорстка дужаюцца між сабою звычка прыніжацца й адпрыродная шляхетнасьць; глуха): Дзёрзкасьць? Тое, што я ў надзвычай слушнай форме выказаў сваё сумленнае перакананьне? Ах, ну канечне, што можа быць дазволена небараку, які ўвесь час толькі цыганіць грошы ў сваіх сяброў?

Прафэсарчык: Апалонік, выведзі Дубраўку на двор! Гэта ты, спадзяюся, здолееш, штонікі я ёй яшчэ тут расшпілю—

Апалонік (Яшчэ больш жорстка змагаюцца ў ім гонар і прыніжанасьць. Толькі ўжо ўстае, але тут ягоны пагляд спатыкаецца з паглядам Неадсюля. Зноўку сядае.): Сябра Прафэсарчык, я не магу дапусьціць, каб тваё дзіця трапіла ў чужыя рукі. Такому вычварэнцу як я дастаткова хвіліны, каб як яе сапсаваць.

Прафэсарчык (падаўляючы злосьць): Я табе гэта прыпомню, ты ў мяне гэта будзеш да сьмерці памятаць! (Сам Дубраўку на двор не выводзіць.)

Апалонік: Ну, на іспыт да цябе я наўрад-ці прыйду. А калі б мне было што патрэбна, разумнейшым будзе зьвярнуцца да першага сустрэчнага жабрака, чымся да цябе, небарака.

Неадсюль: Досыць, Слава, калі хочаш даслухаць маю гісторыю да канца. Мой час выцякае—

Апалонік (нечакана ўпэўнена): Думаю, што разумею цябе й не баюся— (Да сябе)—Але прыкра, што выпараецца мая апошняя надзея—

Неадсюль: Я чакаў, што Індыя прынясе мне Апошнюю перамогу; і не памыляўся. Я пасяліўся ў джунглях пад Гімалаямі, у пячоры... Там прайшлі два найпрыгажэйшыя, райскія гады майго жыцьця. Жыхары з далёкіх вёсак прыносілі мне ўсё патрэбнае, надакор майму супраціву: тое самае мне маглі даць джунглі. Драпежнікі паводзілі сябе са мной як сябры...

Даход: Ага, сябры.

Астатнія: Хе-хе.

Неадсюль: Колькі разоў я прачынаўся з галавой на жываце ў сьпячага тыгра альбо пантэры.

Даход: Дык вось ты які, барон Мюнгаўзэн!

Астатнія: Хе-хе.

Неадсюль: Шырачэзнымі крокамі набліжаўся я да Мэты ўсіх мэтаў, да Мэты, за якой няма ўжо мэтаў, якая ёсьць вечным Божым Самазасяроджаньнем. Што дзень, то вялікая перамога. Цуд, што крохкая душа вытрымала ўсе тыя залатыя, сонечныя асьляпленьні... Я ўжо стаяў на самым Парозе, яшчэ два-тры дні—і было б Дасягнута; я гэта дакладна ведаў. І вось аднойчы прачынаюся я апоўдні перад сваёй пячорай і бачу ў сябе на голым жываце смарагдовае гаданятка, ня большае за нашую яшчарку. Мяне расчуліў ягоны давер да маёй гасьціннасьці. У паўсьне я зрабіў недарэчнасьць і рухам рукі яе спалохаў. Ён узьняўся на хвасьце й лягенька мяне ўкусіў. За чвэрць хвіліны ў мяне ўваччу пачарнела—усё навокал дзіка завіравала, і сьвядомасьць зьнікла—

Брыгіта (жагнаючыся): Божа барані!

Апалонік: Lascia ogni speranza, Апалонік: з гэтага чалавека, які насамрэч прыйшоў неадсюль, нічога-такі мне ня выцягнуць.

Неадсюль: Калі сьвядомасьць вярнулася да мяне, я скрозь дзіўную смугу ўбачыў бажніцу бедных індусаў: яны націралі маё голае цела чымсьці вельмі сьмярдзючым. Паступова я прыгадваў усё тое, што сталася перад тым, але ж якой невыказна іншай, якой надзвычайна дзіўнай сталася мая душа! Маё “я” як быццам ператварылася ў “я” іншае, містычна пачварнае. Індусы запэўнівалі мяне, што такімі заўжды бываюць наступствы ўкусу той маленькай зьмейкі, якую яны называюць “Зялёная сьмерць”, і што я не пазбаўлюся іх да канца жыцьця... У наступныя дні я паспрабаваў зрабіць апошнія крокі на сваім Шляху да Мэты, але марна: я быў няздольны выклікаць у сябе ніводную са сваіх ранейшых думак. Маё жыцьцё раструшчылася ўшчэнт перад самым канцовым Портам—як і жыцьці ўсіх людзей перада мной; нават Шак’я Муні ня быў “пераможна Завершаным”, хаця ягонай Мэтай была абсалютная Завершанасьць...

Даход: А цяпер, дзякуючы богу й зьмяі, ты кінуўся ў “бізнэс”?—

Неадсюль: Недзе год я застаўся ў сваіх уратавальнікаў і дапамагаў ім у іхных абавязках, працуючы тупа як вол. Потым вярнуўся ў Эўропу. Адтуль я паступова зьдзяйсьняў падарожжы—у адзін бок, у другі, да самых незвычайных краёў сьвету... У адным зь іх, вечна блакітным краі, я цяпер жыву. Я не магу аб гэтым шмат распавядаць, але з часам ты, Слава, усё зразумееш... Усё ад таго лёсавызначальнага дня нагадвае сон; як быццам дзесяцігадовы, насамрэч жа карацейшы за пяць хвілін, магчыма, я ўсё яшчэ ляжу перад пячорай у паўдзённай сьпёцы—а вы, магчыма, толькі здані з майго сна.

Палай: Што да мяне, дык магу табе, Неадсюль, даць слова, што я не зьяўляюся зданьню з твайго сна, хе-хе!

Неадсюль: Калі ты здань, дык якую вагу мае тваё слова?—Аднак баюся, што гэта ня проста сон, а нешта больш жахлівае, аб чым нельга нават думаць. (Ягоны голас аслабеў і гучыць як быццам здалёк.)

Брыгіта: Божухна, зьлітуйся— тая зьмяя, тая “Зялёная сьмерць”— здурэць можна, уцякайма, Палай—

Даход: Сядзець! Як мужчыне ня сорамна слухацца бабскіх забабонаў! Пардон, мадам, я ня вас меў на ўвазе. (Па памяшканьні разьліваецца рэзкае, патаемнае зялёнае сьвятло.)

Палай: Зірніце! Ягоныя абрысы трымцяць—ён увесь як быццам замігцеў—

Прафэсарчык: Ягоны твар зрабіўся празрыстым, шкляным, божа барані—

Даход: Звычайнае штукарства! Вось пабачыце, ён яшчэ грошы з нас возьме—

Апалонік (сам сабе): Але чаму б і прывід ня мог мець грошай? Паспрабаваць?...

Прафэсарчык (згінаецца пад стол, каб узьняць цыгару; пад сталом жахліва ўскрыквае) О-о-о! Людцы! (Рэзка ўздымаецца, грукаючыся галавой аб рог стала.) Жудасьць, жудасьць! Дубраўка, уцякайма! (Уздымае яе з крэсла.)

Палай, Брыгіта, Даход (спалохана): Што такое?

Прафэсарчык: Зірніце пад стол! Трасца ў бок! (Адбягае да дзьвярэй, спыняецца на парозе.)

Дубраўка (гістэрычна плачучы): Трасца ў бок!

Даход, Палай і Брыгіта (зірнуўшы пад стол.) Езусе, Марыя, Язэпе! (Кідаюцца да дзьвярэй.)

Неадсюль: Ну добра, пакажуся вам, сябры, як сьлед! (Ён крыху прыўздымаецца—і робіцца відаць, што ў яго толькі верхняя палова цела; ад пояса ўніз—нічога. Ён узносіцца па-над сталом і павольна, як клубок дыму ў бязьветраным паветры, плыве кірункам да дзьвярэй. Усе з крыкам кідаюцца ўцякаць, кірункам празь піўную на вуліцу, а зь імі ўсе наведнікі піўной, некаторыя зь якіх таксама ўбачылі прывід. Празь нейкі час у вылюднелых памяшканьнях настане ціша.)

Голас Прафэсарчыка (знадворку, ледзьве чутна): Трасца ў бок, трасца ў бок!

Голас Дубраўкі (знадворку): Трасца ў бок!

Апалонік (застаецца сядзець на сваім крэсьле, але моцна дрыжыць; Неадсюль нерухома ўзносіцца пасярэдзіне пакою, пасьміхаючыся): Жахлівае відовішча! Апалоніку, толькі не самлей! (налівае віна ў піўны куфаль і перакульвае яго ў сябе. Адвага вяртаецца да яго.) Цяпер мы тут самі, другой такой нагоды ня будзе. Ат, што там, іду зараз і папрашу ў яго грошай!.. У морду ён мне ня дасьць, але як сорамна! (Рашуча ўстае й хістаецца ў накірунку страшыдла. Прамармыча нешта няўцямнае, заікаецца й далей ня можа.)

Неадсюль: Дзякуй табе, што ты адзіны мяне не пакінуў.

Апалонік: Даражэнькі—м—мой— Я хачу толькі—толькі—сказаць табе, што люблю цябе—А-а-а-ах!... Упершыню ў жыцьці люблю мужчыну—як жанчыну. Бо ты такі прыгожы, мілы, карацей, ты—сьвятло. Божа, аднак у дадзены момант у цябе толькі палова цела, але якая каму да гэтага справа. Ніжняя палова ёсьць у кожнага дурня. Табе гэта надзвычайна пасуе, я думаю, гэта хутка зробіцца модным. Але табе не балюча?

Неадсюль: Наадварот, Слава! Спачатку ў мяне было ўсё цела, і яно было цесным і цяжкім, як зімовае футра ўлетку. Гэтак нашмат лепей.

Апалонік: Дык чаго ж ты саромеесься? Адкінь і горнюю частку! Распраніся тут, sens gкne, дагала—можа тады мы, што бачым толькі вопратку, наогул цябе ня ўбачым.

Неадсюль: Пачакай, зараз. Чортава матэрыялізацыя, Слава! Яна такая, ліха на яе, цяжкая для нетыповага чалавека: бо паколькі кожны можа ўспрымаць толькі тое, што ёсьць для яго гомагенным, дык мы, калі мы хочам, каб нас пабачылі гэтыя інсэкты, вымушаныя скрайне ім прыпадабняцца; а гэта для нас роўнае балючаму самазгвалтаваньню. (На парозе паасобку зьяўляюцца баязьлівыя наведнікі казіно й піўнухі.)

Апалонік: Сябра—даражэнькі—я, уласна кажучы, прыйшоў—сорамна мне, жах які—

Неадсюль: Нічога не кажы, Слаўка, няма за што саромецца. Пасьля таго, як я зьнікну, зазірні ў сваю нагрудную кішэню! (Абцірае Апалоніку лоб.) Хай вечар твой будзе лепшым за дзень твой!—Сядзь, не турбуйся—і да сустрэчы—яшчэ адной у гэтым жыцьці!

Апалонік: Пакуль— (Сядае на месца, пасьміхаючыся ў экстазе. Мацае сваю нагрудную кішэню.) Не, нельга, ажно пасьля таго, як ён зьнікне. Ці здолею я так доўга вытрымаць?—О, які я цяпер шчасны й перапоўнены сьвятой Душэўнасьцю!...

(Неадсюль адварочваецца ад яго і паварочваецца да дзьвярэй. Дастаткова гэтага руху, каб усе зноўку рынуліся ўцякаць.)

Палай: Уцякайце, уцякайце!

Прафэсарчык: Трасца—

Брыгіта: Д’ябал прыйшоў, ратуйце душы!

Наведнікі піўнухі: Д’ябал, д’ябал—

Неадсюль (сур’ёзным голасам, які як быццам падае ўніз з агромністай вышыні): Я прыйшоў толькі таму, што паабяцаў.—Але шкадую аб гэтым. Тое, што я на ваш конт прадказваў, дасканала спраўдзілася: вы ператварыліся ў найчысьцейшых філістэраў, у самы распаўсюджаны чалавечы шырпатрэб, сталіся ўвасабленьнем пасярэднасьці й нізкасьці. Але ў гэтым вы не прызналіся й ніколі не прызнаецеся. Патануўшы ў глыбокім брудзе, вы ілжэце сабе, быццам езьдзіце па залатых сьпінах нябёскіх аблокаў, хлюпаньне бруду здаецца вашаму балотнаму слыху музыкай сфэраў, а ягоны смурод—пахам ружаў. Вам бракуе першай умовы ўсялякага паляпшэньня: здольнасьці ўбачыць сваю заганнасьць. У каго няма гэтай здольнасьці, той належыць да самага нізкага кшталту чалавека. Самы просты мужык, які ніколі не лічыў сябе нічым адметным, ня кажучы ўжо пра генія, стаіць вышэй за вас; гора нізкасьці, якая хоць троху надзеленая духам! Вы цалкам звычайныя людзі, затое цалкам надзвычайныя чэрві, сабакі й нягоднікі. Тых, каго нельга выправіць, лёс б’е проста дзеля таго, каб біць. Для іх не існуе блаславеньня болю, толькі ягоны вечны праклён. Дагэтуль вас не датычыліся сур’ёзныя ўдары лёсу; але ніводны зь іх не міне вас, жудасна назапашваюцца яны на асабістым рахунку кожнага з вас, і неўзабаве абрынуцца на вас страшэнным градам, які будзе падаць да самых вашых сьмерцяў. Лёс не забудзецца даць вам тое, чаго вы заслугоўваеце, нябогія нікчэмнікі! І памрэце вы найгоршай сьмерцю: з праклёнам на вуснах. Хай будзе вам дадзены лепшы лёс у наступным жыцьці!

(Зялёнае сьвятло пачынае хвалявацца, пераходзіць у блакітнае, тое ўвесь час робіцца мацнейшым і гусьцейшым, пакуль не ператвараецца ў камы аблокаў, якія захінаюць усё ў памяшканьні. Разам з гэтым музыка, якая цягам апошняй прамовы Неадсюля маўчала, загрыміць на ўсю моц у суправодзе іншых жахлівых гукаў—загрукоча, як страляніна, а потым нарэшце сьціхне назусім. Адначасова зьнікаюць зялёна-блакітныя аблокі, і ў невыразным сьвятле керасінкі ільга бачыць Апалоніка з куфлем у руках каля стала, а таксама гурток нерухомых пастацяў на парозе. Неадсюль зьнік. Доўгі час пануе абсалютная ціша, у тым ліку і ў піўнусе. Паступова прысутныя наважваюцца й адзін па адным уваходзяць у гульнёвы пакой.)

Палай: Не, ну вы гэта бачылі!...

Даход (прыкідваючыся непахісным): Хе-хе-хе! Гэта—гэта... Што ты на гэта скажаш, вучоны прафэсар? Калі б я ня быў настолькі перакананым прыхільнікам навукі, я б сказаў, што гэта насамрэч быў “прывід”!

Прафэсарчык: А я скажу—толькі—галюцынацыя! Калектыўная галюцынацыя, масавая сугестыя.

Апалонік: Ну, дзякуй богу, усё цяпер растлумачана, варта было толькі замяніць старое добрае слова “прывід” на слова-паразіт “галюцынацыя”! Але сябры, мы можам спраўдзіць, ці была гэта толькі здань; калі ён быў зданьню, дык і рэчы, якія ён тут па сабе пакінуў, былі толькі кароткачасовай галюцынацыяй. Вы чулі, што ён мне сказаў пра нутраную кішэню? (Расшпільвае паліто, выцягвае з нутраной кішэні брудны нататнік; расчаравана) Нічога там няма... Але чакайце! Пасярэдзіне між старонак штосьці ёсьць... (Адкрывае нататнік, ускрыквае. Усе астатнія абступаюць яго.) Езусе Хрысьце! Дзьве тысячныя купюры і (хутка пералічвае банкноты) яшчэ тысяча сотнямі!

Брыгіта: Матка боска! Во дзе шчасьце чалавеку!

Апалонік: Тры тысячы! Здурэць можна!

Палай: О дзе ўжо нап’есься, га?

Прафэсарчык: Цяпер ён і года не пражыве, вось пабачыце!

Апалонік (натхнёна): А вось і не! Не! Клянуся ўсім, чым можна, што сёньня я піў у апошні раз, і ў мяне такое адчуваньне, што гэтым разам я сваё абяцаньне выканаю! Бо толькі цяпер я буду з д’яблам змагацца з радасьцю, калі буду ведаць, што гэта не прымусова, а добраахвотна!

Прафэсарчык: Абяцанкі-цацанкі, хто табе паверыць! Сябры, трэба было б узяць у яго ягоны капітальчык у нашыя рукі й выплочваць яму столькі, колькі яму не пашкодзіць.

Апалонік (на нейкі момант слупянее, наляканы ўявай, што так насамрэч і будзе; але потым ягоны доўга хаваны цягам усяго папярэдняга прыніжэньня гнеў выбухае): Што-што? Ты гэта каму, хлопча? Толькі жабрак раз у жыцьці разбагацее—адразу ў яго забіраць? Ах ты паскудная прафэсарская душа! Ах ты нікчэмнік першабытны, чухонец—

Палай: Апалонік, ты з глузду зьехаў? (Бярэ яго за пульс.) Слава, гэта ты ці ня ты?

Апалонік: Скажыце шчыра, спадар функцыянэр, ці не раззлавала б гэта здохлую кабылу, калі б падобны гаўнюк адбіраў у вас у першы дзень кожнага месяца ўвесь ваш заробак—і гэта яшчэ нішто ў параўнаньні з такім нахабствам! Скажы?

Брыгіта (ціха, да Палая): Пастаўся на бок Прафэсарчыка! Не глядзі як асёл—табе што, не даходзіць?..

Палай: Апалонік, я я—з табой—тое— (Брыгіта моцна б’е яго нагой пад сталом.) Я згодны з Прафэсарчыкам! Табе, мой даражэнькі, трэба лячыцца—

Апалонік: Та-ак! Дык ты таксама? І ты, паскуднік, баба, прыгажунчык ты прыдуркаваты? Дык значыцца ты, як і яна (паказвае пальцам), ласы да гэтых грошай? Вы б палову зь іх прысабечылі, я вашую кампанію добра ведаю!

Даход (імкнецца ўзвысіць голас як мага больш імпазантна, але з-за свайго вісклівага, тлустага голасу дасягае толькі надзвычай камічнага выніку): Досыць, досыць! Зробім тое, што ёсьць нашым абавязкам. Пытаньне ў тым, ці зьяўляецца Апалонік паўнапраўным уладальнікам гэтых грошай, ці не. Ці мае галюцынацыя права раздаваць падарункі? І ці мае хто ў такім выпадку права такія падарункі прыймаць? Паходжаньне гэтых купюраў цалкам сумнеўнае. Мне здаецца немагчымым, каб галюцынацыя сама іх зарабіла пачэснай працай. Хутчэй за ўсё, яна іх скрала. Альбо сама надрукавала. У такім выпадку ідзецца пра падробку грошай. І гэтак далей. Але ясна адно, што ў юрыдычнай практыцы гэты выпадак ня мае прэцэдэнтаў, і ход працэсу абяцае быць такім цікавым, што я сам яго распачну.

Апалонік (на момант зноўку губляе мову, але потым яшчэ больш разыходзіцца): Ты сам хочаш падаць на мяне ў суд? О дзе сябра! Цьху! За тое, што я яму пад партай пасылаў сачыненьні, у гімназіі фундаваў яму піва, дый у унівэрсітэце першы час таксама пазычаў яму грошы, якія ён мне, гэты набоб, усё яшчэ не вярнуў! Ці бачыў калі сьвет такое паскудзтва? Я ня буду больш сябе стрымліваць, угінаць плечы, хоць раз нарэшце прамоўлю свабодна! Што мне ад вас, трох сьмярдзюкоў, яшчэ трэба? (Даходу.) Ты, бораў вісклівы, скнара брудны; нікчэмнік, злодзей, махляр! Ці мала нам пра цябе вядома! Дык ты на мяне ў суд падаваць сабраўся? Глядзі, каб ты сам перад ім хутка не апынуўся, сьветласьць, сала ты шматок! (Да Прафэсарчыка з Палаем.) А вы, два лапці, брудныя пешкі ў руках сваіх мегераў—

Брыгіта: Гэта я—мегера? Зірніце, а ён, гэты нікчэмнік, дазваляе сваю жонку гэтак зьневажаць!

Палай (уздымаецца й крычыць на ўвесь голас, ажно робіцца боязна): П’янюга ты, толькі яшчэ раз скажы, што мая Брыгіта—мегера!

Апалонік: Бяру свае словы назад, бо для такой пачвары “мегера”—гэта камплімэнт. Не пхай мяне, сьмярдзючы тхор, бо будзеш ракам поўзаць пад сталом!

Даход: Карчмар, зараз жа выкіньце адсюль гэтую асобу!

Голас Вацлава Крыкацыюса (без імпэту): Зараз.

Апалонік (Прафэсарчыку): А ты, чухонец, найвялікшы раганосец у горадзе, які паўсюль за сабой цягае гэтую байстручку, увасабленьне сваёй ганьбы, дачку фабрыканта Грунготта, як паўсюль кожны сабака й кожны верабей на страсе брэша, уласна, цвыркае—і толькі гэты адурэлы дацэнт ні халеры ня ведае—

Прафэсарчык: Трасца на яго! Ну, што зараз будзе! Што зараз будзе! (Махае перад сабой кулакамі, але не падыходзіць.)

Даход: Абслуга, дык выкінеце вы гэтага алкаша ці не?

Голас Вацлава Крыкацыюса: Ужо іду. (Выходзіць, павольна сунецца да Апалоніка.)

Апалонік (падыходзіць да дзьвярэй): Ды я сам з радасьцю вас пакіну, набрыдзь! А тыя тры тысячы доўга вы шукаць будзеце, даносчыкі! Перакапайце ўсё навакольле—ня знойдзеце. Здохніце, вы, тры кавалкі лайна ў выглядзе людзей! (Сыходзіць.)

(Цішыня, якая перарываецца толькі злосным сіпам Дахода, ціхенькім румзаньнем Дубраўкі і ўздыхамі Брыгіты. Карчмар зноўку сыходзіць.)

Палай: Вось які ён, выявілася, чалавек! Толькі займеў крыху грошай, а ўжо адразу зь ціхамірнага й паслухмянага чалавека ператварыўся ў поўнага шаленца й драпежніка! Ужо з самага пачатку відаць, якую шкоду прынясуць яму гэтыя грошы!

Даход: Што б ільга было падумаць пра чалавецтва, калі бачыць яго ў люстэрку падобных вылюдкаў!

Брыгіта: Ня ўсе такія. А што б ён вырабляў, калі б у яго было такое багацьце, як у Вашай Сьветласьці! А Ваша Сьветласьць, маючы столькі грошай, такі ласкавы, добры...

Палай (Прафэсарчыку, які стаіць пасярод памяшканьня ўгнуўшы галаву, нібы ператвораны ў слуп): Чалавеча, што гэта з табой? (Прафэсарчык не адказвае.)

Даход (крычыць): А той паскуднік ня можа ўнікнуць без пакараньня! Аблаяць мяне як малое дзіця, мяне, мяне! Ні шэлягу не атрымаеш са сваіх грошай, паскуднік! Закапае ён іх, яшчэ сёньня ўночы: гэй, Палай, зараз жа бяжы за ім, сачы за ім на адлегласьці, хоць цэлую ноч, а ты, Прафэсарчык, бяжы ў паліцыю, абвясьці, што Апалонік хоча сёньня ўначы закапаць скрадзеныя тысячы! Я табе пакажу, хлопча! Хутчэй, хутчэй! (Прафэсарчык бязмоўна кіруецца па капялюш; Палай, аднак, стаіць нерухома, і раптам б’е сябе далоняй у лоб.)

Палай: Ваша Сьветласьць, так ня пойдзе! Калі б мы зараз распачалі афіцыйную працэдуру, нам прыйшлося б праўдзіва распавядаць аб тым, што тут сталася, аб тым, што ў кішэні ў Апалоніка невядома адкуль узяліся банкноты, што гэта быў падарунак нейкага спадара, якому бракавала ніжняй паловы цела, і ўсё такое.

Даход: І якія б гэта мела наступствы?

Палай: Тыя, што нас усіх здалі б у вар’ятню, альбо што нас прынамсі пачалі б наведваць спадары псіхіятры. Мы ўсе былі б скампрамэтаваныя, а найболей Вашая Сьветласьць: божухна, не магу сабе нават уявіць, якія наступствы гэта мела б для вашай кар’еры...

Даход (таксама б’е сябе ў лоб): Праўда, чэрці дзяры! І гэта я, адвакат, да гэтага не дадумаўся—і ня дурань жа! Вось як гнеў асьляпляе! Аб усім гэтым, сябры, лепей нікому ані слова! А гэты Апалонік—хай сабе гэтыя грошы прап’е, хай задушыцца! Я знайду і іншыя спосабы, як яму адпомсьціць!

Палай (падыходзіць да вакна): Калі мы хочам зьвярнуцца ў паліцыю, ня трэба нікуды хадзіць. Толькі што міма прайшлі два жандары.

Даход: Што-о? (Таксама падыходзіць да вакна.) Нічога ня бачу. (Паварочваецца.) А цяпер хутчэй—прэч адсюль! Чортава дзірка! У першы раз усё скончылася скандалам, і ў другі раз тое самае! (В. Крыкацыюс прыносіць ужо гатовы рахунак.) Цьху! Абдзіралаўка, дый годзе! (Кладзе на стол купюру.)

В. Крыкацыюс: Ваша Сьветласьць, пардон, я магу даказаць, што я тое віно купляў за свае грошы...

Даход (Палаю й Прафэсарчыку): Але скажыце, ці паднялася б у вас рука заплаціць за таго языкатага алкаша, за ягоныя абразы?

Палай: У мяне—не!

Брыгіта: У мяне таксама не.

Даход: І ў мяне, па праўдзе кажучы— (нейкі час вагаецца), ат, ды што зробіш, я ж адразу напачатку сказаў, што за ўсіх плачу... Газэты разьдзьмулі б гэта да невядома якіх памераў. (Выхопвае ў карчмара з рукі рэшту, той сыходзіць.)

Голас у піўной: Гэй, абслуга, а чаго гэта ты ня бег таго пісарчука выкідаць, калі Ягоная Сьветласьць прасіла? Ты ж так любіш усіх выкідаць...

Голас В. Крыкацыюса: Сьветласьць, сьветласьць... Што мне тая сьветласьць? Ані чаявых ня даў! А пісарчук будзе зараз гуляць, калі ў яго столькі грошай...

(У вакне зноў міргаюць галовы жандараў.)

Палай: Жандары зноўку йшлі! (Даход ізноў падыходзіць да вакна. У памяшканьне ўваходзіць невядомы, някідка апрануты чалавек і сядае ўбаку ад усіх.)

Даход (паварочваецца ад вакна, хутка й раздражнёна): Ну, я пабег на цягнік! Усім шчасьліва заставацца!

Брыгіта: О, калі мы чым Вашай Сьветласьці не дагадзілі, то ўжо даруйце...

Палай: Даруйце нам...

Даход: Слухайце, людзі, ну ня нудзьце! Я пра вас ані не ўзгадаю. Такая ганьба, і дзе! Але што зробіш? Мне што, за абразу падаць у суд на гарэлку? Альбо на таго напаўчалавека? Хе-хе! Паловы цела пазбыўся, але глупства столькі ж, колькі й раней...

Палай: Ваша Сьветласьць, наважуся зьвярнуць Вашую ўвагу на наступнае: калі Неадсюль мог начараваць столькі грошай Апалоніку, ён мог бы начараваць, прабачце за нахабства, і колькі поўхаў...

Даход: Мне? Ён? Гэткі, гэткі—ат!...

Дубраўка (баязьліва): Татачка, я хачу піпі...

Прафэсарчык (які стаіць, як статуя, рэзка): Адчапіся!

Палай: Прафэсарчык, я цябе не пазнаю... Ах, спадзяюся, што цябе прынамсі не закранула тое, што той падпіты бэйдала плявузгаў аб тваёй жонцы?

Прафэсарчык: Ты лічыш, што гэтаму ня варта верыць?

Палай: Пэўне што ня варта! Кожнае ягонае слова было хлусьнёй!

Прафэсарчык (бы зноў нарадзіўшыся): Праўда? Ну канечне, канечне, натуральна! Ах, які я рады! Шаноўны калега, калі б у тых словах было хоць крыху праўды, я б з глузду зьехаў... Аднак—што гэта з табой, Палай! Божухна! (Хапае Палая, які не трымаецца на нагах.)

Брыгіта: Езусе Хрысьце! (Таксама падхоплівае Палая, разам саджаюць яго на крэсла.)

Палай (слаба): Ужо прайшло... Дзякуй богу! Здаецца, ледзь не памёр... жахлівае адчуваньне... Гэта інфаркт спрабаваў пазбавіць мяне жыцьця... Дактары мяне ўжо колькі разоў папярэджвалі...

Даход (надзяе капялюш): Ну, дык яшчэ раз—бывайце!

Брыгіта: Вашыя мэталічныя рэчы, Ваша Сьветласьць! (Бяжыць за імі ў кут.)

Палай: Ваша Сьветласьць, можа, нам правесьці Вас на вакзал?

Даход: Ня трэба! (Брыгіце, беручы ў яе свае рэчы.) Дзякуй! Ну, то бывайце! (Сыходзіць.)

Невядомы (заступаючы яму шлях): Выбачайце, Ваша Сьветласьць, але (расхінае паліто, паказвае пасьведчаньне)— Імем закона, Вы арыштаваны!

(Даход павольна апускаецца на падлогу. Усеагульныя крыкі, найбольш верашчыць Брыгіта са сваім “Езусе Хрысьце”, Дубраўка раве ўва ўсю моц, тым часам заслона апускаецца.)


© ПеракладМакс Шчур, 2005

HA POCTAHI