Ладыслаў Кліма

(1878-1928)

 

ЧАЛАВЕЧАЯ ТРАГІКАМЭДЫЯ

 

Дзейныя асобы:

Неадсюль
Яраслаў Апалонік
Алесь Прафэсарчык
Уладзімір Палай
Эміль Даход
Ян Крыкацыюс, карчмар
Вацлаў Крыкацыюс, ягоны сын і нашчадак ягонай справы
Баранава, Апалонікава цётка
Дзяўчо з вуліцы
Два лёкаі
Галасы ў піўнусе
Брыгіта, жонка Палая
Дубраўка, дачка Алеся Прафэсарчыка
Два афіцэры
Два жандары
Невядомы

Месца дзеяньня:
У першай і другой дзеі—карчма “Ў глінянай падковы”, у правінцыйным мястэчку Ланаў. У трэцяй дзеі—парк на месцы, дзе раней стаяла гэтая карчма.

Час дзеяньня:
Першая дзея адбываецца ў дзень, калі Неадсюль, Апалонік, Прафэсарчык, Палай і Даход атрымалі атэстат сталасьці, другая—30-цю гадамі пазьней, трэцяя—яшчэ на 25 год пазьней.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Невялічкі карчомскі пакой; хутчэй за ўсё—казіно для багацейшых з наведнікаў карчмы “У глінянай падковы”. Адзіныя дзьверы вядуць у піўнуху пры карчме. На столі вісіць вялізная газавая лямпа з засьняй, калісьці белым, зараз чорным. Гэтаксама ж муры, калісьці пабеленыя, зараз амаль чорныя; а калісьці яскрава-жоўты ківачовы гадзіньнік пачарнеў настолькі, што ягоны ўласьнік быў вымушаны нацерці ягоныя стрэлкі крэйдай. Адзінае акно ў пакоі—адчыненае. У ім відаць мутную чырвань на закоце сонца, і гарачае, задушлівае паветра пранікае скрозь яго ўсярэдзіну.

Ля адзінага й пустога стала сядзіць Яраслаў Апалонік. Яму недзе дваццаць год, у яго даўгалыгая пастаць, хударлявыя, але чырвоныя шчокі, з лупатымі, але ўсё-ткі інтэлігентнымі вачыма. Вельмі доўгія, скалмачаныя валасы, абношаная вопратка. Перад ім—шматок паперы, на які ён павольна штосьці піша, і пры гэтым падлічвае штосьці на пальцах.

Апалонік: Тваіх учынкаў велькіх бард я першы з сыноў гнілой Эўропы, о Чынгіз-хан, жорсткая чырвань сонца Ўсходу!

Галасы ў піўнусе: (скрозь дзыньканьне шклянак) Га! Працу! Во ты! Боты!

Апалонік: Так доўга ўжо тут сяджу, а тая паскуда ўсё яшчэ не прынесла мне піва! Гэй, гаспадар, дык калі я атрымаю нарэшце свой гарлач?

Голас Крыкацыюса (зь піўнухі): Калі я табе яго прынясу, маляўка!

Апалонік: Ты—ты—(напаўуголас, сам сабе) але я ня буду з табой пэцкацца. Якое ж гэта ўсё-ткі вычварэньне, што такі чалавек як я мае перад законам аднолькавыя правы, як і гэты во скот! Калі б заканадаўства было вартае хоць тытунёвай панюшкі, дык яно дазволіла б генію беспакарана адлупцаваць любога звычайнага чалавека, а можа нават пакалечыць, а можа й забіць! Але мы яшчэ з табой пагаворым на гэтую тэму, недачалавеча—quos ego!* (я табе дам—лац.)

Крыкацыюс (пяцідзесяці гадоў веку, няўклюднай пастаці, нясе яму куфаль піва): Але спачатку пакажы лавэ! Бо як няма, дык я цябе лепей адразу адсюль выкіну!

Апалонік: Чалавечыку, ты ня ведаеш, з кім размаўляеш! Сёньня слынны, вялікі дзень! Сёньня я атрымаў атэстат сталасьці.

Крыкацыюс: Ты? Атэстат? Сталасьці? Вялікі Бог, але штосьці я ў гэтым сумняюся.

Апалонік: А каб ты ведаў, я таксама ў гэтым амаль што сумняюся. Не паверыш, але цягам двух апошніх год я ў руках не трымаў падручніка, як быў удома. Відаць, лёс у мяне шчасьлівы; mit dem Genie steht die Natur im ew’gen Bunde…* (з геніем Прырода знаходзіцца ў вечнай повязі) Урэшце, атэстат сталасьці—найнікчэмнейшая рэч, ня вартая размовы; але ўсё-ткі, прызнаюся табе, што ў жыцьці я не адчуваў такой радасьці, як сёньня; так і затаньчыў бы з табой, старая ты кантузія! Але што галоўнае! Сёньня мы будзем у цябе ў карчме гэта адзначаць, я й чацьвёра маіх сяброў, якія таксама з посьпехам здалі выпускныя іспыты. А сярод іх—і мой калега Эміль Даход, адзіны сын найбагацейшага чалавека ў нашым месьце.—Зірніце, як ён адразу памякчэў у твары!

Крыкацыюс: Дык сёньня тады бухай, можаш нажэрціся з радасьці, толькі ня бі куфляў, каб мне не прыйшлося разьбіць табе макатоўшу!

Апалонік: Ты й ня ведаеш, які гонар мы робім тваёй забягалаўцы. Не крыўдуй, што скажу шчыра, але твая карчма—гэта самы вульгарны кабак ува ўсім нашым старажытным і слаўным Ланаве; мы хадзілі сюды, парушаючы забарону настаўнікаў, толькі таму, што ў гэтай каморцы злыдняў былі найлепш схаваныя. А ведаеш, хто мы? Воляй лёсу—абраныя, незвычайныя, геніяльныя, вытанчаныя натуры, што, адчуўшы сваё ўзьнёслае братэрства, узаемна пакляліся ў вечным сяброўстве. Астатнія хлапцы з нашай класы, ды што там, з усёй нашай гімназіі—гэта людзкое сьмецьце, усе спрэс—гнюсныя філістэры. Ты ведаеш, што такое філістэр?

Крыкацыюс: Ня ведаю, але ведаю, што ты—прыдурак. (Сыходзіць).

Апалонік: (уздымаючы куфаль і пазіраючы на яго з абагаўленьнем) О, ты, напой нябёскі, нэктар багоў Алімпа! Люблю цябе бязьмежна! Жыць безь цябе няздольны! Калі ў мяне ня будзе на цябе грошай, пайду на крадзёж, рабунак, забойства. (Падносіць куфаль да вуснаў, прагна ўдыхае пах хмелю, потым заплюшчвае вочы, выпроствае цела, выцягвае левую руку як мага далей перад сабой, расстаўляе пальцы й варушыць імі ўвесь час, пакуль павольна не дап’е куфаль. Потым расплюшчвае вочы, і ягоны твар зьзяе ціхамірнай, райскай улагоджанасьцю.) Паўтарыць! (Крыкацыюс сыходзіць, але зараз жа вяртаецца з новым півам.) А гэта—учорашнія змыўкі, хіба ж ня так, нягоднік? Зусім ніякай пены!

Крыкацыюс: Ды не, гэта я вашэці, спадар Апалонік, адразу два нацадзіў. (Сыходзіць.)

Апалонік (ізноў адпівае): О, які я шчасны ў гэты момант! Выпускных—пазбавіліся, піва—тут, цыгарка яшчэ адна ёсьць (запальвае), а за сьпіной у сябе я адчуваю крылы вялікага паэта! Будучыня, цэлы сьвет здаецца мне найдухмянейшым ружовым бутонам. Скрозь вакно сюды, да самых празаічных карчомскіх пахаў, трапляе водар ружаў, ліпаў і язьміну. Як магічна пазірае на мяне скрозь жоўтае, бянзінавае паветра апошні чырвоны прамень закотнага сонца, цалаваны вячэрняй зоркай—

Голас у кухні: Сутэнёрам.

Апалонік: Як чароўна, што сюды, да гэтых грубых галасоў, далятае срэбра салавейкавых сьпеваў! Сапраўды, дзе-небудзь на прыродзе водары, вячэрняя заранка й песьня салавейкі—зусім не такія дзівосныя, як тут, сярод карчомскай прозы! Усё адно, карчма—самае паэтычнае месца ў цэлым сьвеце.

(Гадзіньнік адбівае дзявятую з гукам, падобным да стракатаньня навагодняй трышчоткі. Амаль што адначасова порстка й ціха ўваходзіць Алесь Прафэсарчык—маладзён сярэдняга росту, з правільнымі рысамі, якім надае арыгінальнасьць тыповы, нягледзячы на ягоную маладосьць, настаўніцкі голас).

Апалонік: Ах, Алеська! Каб цябе!

Прафэсарчык: (сядае насупраць Апалоніка) Вітаю! Спадар абслужнік, калі ласка, адно сьветлае піва!

Крыкацыюс (з парога): Зараз будзе, спадар Прафэсарчык!

Апалонік: Авохці табе, чалавеча, ты спазьніўся на чатыры з паловай секунды.

Прафэсарчык: Пунктуальнасьць, дакладнасьць, парадак—ня проста сьмеху вартае пэданцтва; нічога так не палягчае жыцьцё, як гэтыя цноты.

Апалонік: Ды пайшло яно тое палягчэньне! Чым цяжэйшае маё бярэмя, тым большая мая вартасьць. Баюся я, што аднойчы зь цябе будзе адзін з тых прафэсароў, якімі мы сёньня з агідай грэбуем.

Прафэсарчык: Пакінь маю справу мне і дбай лепей аб тым, каб зь цябе ня вылупіўся звычайны алкаголік.

Апалонік: Га-га! Але скажы ты мне, Алесю, ці шмат у цябе бабла!

Прафэсарчык: Роўна адзін залаты!

Апалонік: А ў мяне—роўна падлічаны адзін крэйцар. А твае што, не маглі даць больш у якасьці ўзнагароды за тое, што ты прынёс адны выдатныя адзнакі?

Прафэсарчык: Мне далі пятак, але за чатыры залатыя я адразу набыў сабе кнігу, аб якой даўно марыў: “Аб супольным корані ўсіх паўночных моваў Эўропы, Азіі й Амэрыкі”.

Апалонік: Ад твайго марнатраўства хочацца плакаць; за гэта ж ільга было б узяць—Божухна, шэсьцьдзесят чатыры куфлі піва! Спадзяюся, хоць сёньня ты вып’еш шмат?

Прафэсарчык: Сёньня—так. Сёньня я зьбіраюся выпіць тры куфлі.

Апалонік: Я ў захапленьні. Цэлых тры! Але тады ў цябе, Алесю, застанецца грошай яшчэ на трынаццаць куфлёў піва! Ці ня мог бы ты за мяне, сэрцайка, у такі ўрачысты дзень—заплаціць сем куфлёў?

Прафэсарчык: У які іншы дзень я б не падтрымаў тваю жудасную, так рана разьвітую прагнасьць, якая несумнеўна прывядзе цябе да згубы, але сёньняшні дзень—гэта штосьці выключнае. Заплачу за цябе (пасьля доўгага ваганьня) тры велькія куфлі й адзін маленькі.

Апалонік: Дзякуй табе, Лесю—(пра сябе) гнюсота мізэрная!

Прафэсарчык (крыху адпіўшы): Ніколі я не шанаваў піва, але сёньня насамрэч з ахвотай прысмакчуся. Жахлівая, гідкая задуха! Усё яшчэ, мабыць, 33 градусы цэльсія.

Апалонік: Гідкая? Няма нічога больш паэтычнага, на мой густ, за задушлівую, парыстую ноч; гарачыня як праява жыцьця чароўна кантрастуе з амярцьвеласьцю ночы; у мяне гэта стварае такое ўражаньне, як быццам я ў тропіках.

Прафэсарчык: Але пры такой нагодзе не прынята размаўляць аб надвор’і. Ты там нібыта пішаш нейкую драму.

Апалонік: Так. Трагедыю пра Чынгіз-хана. Яшчэ ніводны паэт дагэтуль не паспрабаваў распрацаваць гэтую каласальную пастаць, у параўнаньні зь якой Напалеён ёсьць папросту ліліпутам. О, ты ня ведаеш, скура ты вучоная, якім экстазам гэтая тэма поўніць мяне ўжо цяпер, напачатку мысьленьня й летуценьня аб ёй. Толькі сапраўдны, вялікі паэт—гэй ты, карчомская душа, яшчэ піва!—можа гэта адчуваць. Але для гэтага ў цябе бракуе чуцьця, гаротны, сьляпы навуковец, кніжная моль!

Прафэсарчык: Без усялякага сораму заяўляю, што лічу навуку самым лепшым, што чалавецтва мае, а таго, хто ёсьць проста паэтам, і больш нічым—лічу дэрыватам чалавека. А чытаю я шмат таму, што чалавек жыве на сьвеце, асабліва ў маім узросьце, каб вучыцца. А той, хто хоча вучыць іншых, павінен сам вучыцца ўвесь час. Цяпер я буду па парадку вывучаць усе культуры мінуўшчыны. Спадзяюся, што ўжо цяпер у мяне атрымалася зірнуць на некаторыя зь іх новым, арыгінальным поглядам. Няма падставы, на якой я ня мог бы аднойчы, пасьля нястомнай працы, убачыць усю культуру як адзін цалак, і цалкам іншымі вачыма, чым хто іншы да мяне. А калі гэта ў мяне атрымаецца, дык ці ня будзе гэта азначаць пераадоленьне культуры й стварэньне Звышкультуры? Такой, калі заўгодна, ёсьць мая мэта: напісаць аб гэтым кнігу ў якіх пятнаццаць тысячаў старонак.

Апалонік: Зычу ўдачы, але ня думай, што гэтак ты зьдзейсьніш штосьці вялікае. Адзінае, што мае сэнс, гэта паэтычная творчасьць, і ў асаблівасьці—драма: для мяне толькі Шэйкспір—чалавек, а ўсе астатнія—сьвіньні, краты, парабкі. Алесечку, а пазыч жа мне яшчэ пару крэйцараў на цыгаркі. (Прафэсарчык адлічвае яму колькі крэйцараў, за якія Апалонік купляе дзесяць цыгарэт “Драм”. Запальвае й гаворыць нечакана пяшчотным, верагодна пад узьдзеяньнем піва, тонам.) О, калі б я толькі жыў у крыху больш выносных умовах! Але лёс, гэты нікчэмнік, нібы зайздросьцячы мне, падвяргае мяне самым жорсткім выпрабаваньням на вынёсласьць. Сірата амаль ад нараджэньня, я ніколі не спазнаў нічога, апроч беднасьці. Вам чатыром у параўнаньні са мной жывецца, як зайцам у капусьце. Твой бацька—загадчык гарадзкой вучэльні, Палаева маці—багатая ўдава на пэнсіі, Даходаў бацян—міліянэр, а Неадсюлевы бацькі—нябедныя, мабыць жа, прыватнікі.

Прафэсарчык: Слава, ня ўсё ў цябе так блага. Дагэтуль ты ніколі не галадаў. Твая пястунка й ледзьве ня больш, чымся матка, твая цётка, якая пасьля сьмерці павінна быць абвешчаная сьвятой, заўсёды дбала больш аб табе, чым аб сабе. Яна нават дае табе грошай на два куфлі піва ў дзень. Але ўся бяда ў тым, што табе іх патрэбна выпіць дзесяць.

Апалонік: Тут такая справа, што яна мяне корміць так, каб я акурат ня здох, і пры гэтым няма сумневаў, што дзесьці ў яе схаваная панчоха, напханая дукатамі. Ох, каб я яе толькі знайшоў! Я б яе разарваў—маецца на ўвазе, тую старую курву—

Прафэсарчык: Хопіць, іначай я ад цябе перасяду. Тваё абыходжаньне з гаротнай Баранавай настолькі гнюснае, што я ўжо шматразова намерваўся перарваць з табою з-за гэтага ўсялякія зносіны.

Апалонік: Ну, што ты ўжо, я табе ўсё растлумачу—

Прафэсарка: Іншым разам. Нядаўна я чытаў, што агульная для ўсіх людзей доля—гэта чым болей грошай, тым меней свабоды, а чым болей свабоды, тым меней грошай; і самае галоўнае—гэта якую з гэтых дзьвюх магчымасьцяў чалавек абярэ. Дык вось, ты хоць і жывеш у большай нястачы за нас чатырох, але ж затое маеш болей свабоды, чым любы з нас. Твая цётачка цябе, на вялікі жаль, ніколі ні ў чым не абмяжоўвала.—Мае бацькі мной таксама, уласна кажучы, не камандуюць, але паколькі я бачу, што іх бы маркоцілі мае экстравагантныя выбрыкі, дык я іх і не раблю—і для мяне гэта зусім ня цяжка.—Але нізавошта ў сьвеце не хацеў бы я апынуцца на месцы Палая. Няма гадзіны, ды што я кажу!—няма хвіліны, каб ён літаральна да крыві не сварыўся са сваёй гістэрычнай, шалёнай маці-німфаманкай—якая і да сына нібыта лашчыцца так, што—Таму я магу зразумець, што ён шукае лепшай жаночай кампаніі. Што зь яго можа атрымацца пры такім выхаваньні?... А Дахода ягоны бацька трымае ў варварскай строгасьці. Ты ж ведаеш, як там у іх—

Апалонік (папіваючы ўсё з большым імпэтам): А ты ўжо чуў, ге-ге, што яму бацька забараніў сустракацца са мной і з Палаем, і што калі надоечы нас разам убачылі ягоныя шпягі, дык ён яго зьмясіў ледзь не да страты прытомнасьці?

Прафэсарчык: Ведаю. Так што ты ўзваж усё гэта й не наракай. Чакай, я ледзь не забыўся пра Неадсюля! Бог ведае, чаму я ўвесь час на яго забываюся, як быццам яго наогул не існуе... Ніхто ня ведае, якія там у іх у сям’і стасункі...; але дакладна, што нязьменную змрочнасьць ягоных бацькоў варта прыпісаць іхнай незадаволенасьці сваім адзіным атожылкам. Ён хоць і робіць, што хоча, але гэта яшчэ не свабода, калі чалавек загадвае сам сабе. А ён загадвае; ён, відаць, ёсьць цяжарам для сябе самога—ягоная сур’ёзнасьць ёсьць чымсьці ненатуральным для ягонага веку, толькі зірні на яго, ён выглядае на дзесяць гадоў старэйшым. Гэты чалавек ня робіць ніякіх экстраваганцыяў, але пры гэтым усё ў ім ёсьць экстраваганцыяй. Але не сімпатычнай экстраваганцыяй, а гэткай дзівацкай, агіднай, адштурхнай. Я не лічу гэта адзнакай геніяльнасьці. Я лічу гэта звычайнай дэгенерацыяй... Хай Бог мне даруе, усё-ткі Неадсюль—мой “сябра”, але ён жахліва дзейнічае мне на нэрвы, я мімаволі заўсёды яго пазьбягаю...

Апалонік: Я таксама яго не люблю, але ня згодны, што ён мае такую нізкую вартасьць—

Прафэсарчык: Таму што ён дае табе грошы.

Апалонік: Не, не таму, бо тое, што мяне да яго прыцягвае, ня можа быць нейкай звычайнай драбязой—Аднак яны ўжо маглі б і прыйсьці!

Прафэсарчык: Мы йшлі ўсе разам—я, Даход і Палай. На плошчы мінуліся зь нейкай начной феяй; я яе нядобра разгледзеў. Але калі зірнуў, дзе Палай—яго як не было; як толькі ён апынецца ў блізкасьці жанчыны, ён проста павінен за ёю бегчы, як жалезная састружка ў пэўнай кропцы заўсёды кіруецца за магнітам. Але ж ён дакладна прыйдзе! Неўзабаве Даход сказаў мне, што зойдзе ў суседнюю вулку купіць сёе-тое, а потым прыйдзе сюды пасьля мяне. Ну, вядома ж: Бонапарт у маладосьці хадзіў у занядбанай вопратцы, з заўсёды ўскалмачанымі валасамі й недагледжанымі пазногцямі. Наш Эмілька дакладна йшоў дзе-небудзь абцерціся аб мур, раскідаць валасы й сунуць руку ў гразь каля калонкі.

Апалонік: Хе-хе! У яго з Напалеёнам агульнае прынамсі тое, што ён невялікага росту. Ну й няхай сабе! Калі б ягоны татусь угледзеў хоць плямку на ягоным манжэту, ён уляпіў бы яму поўху. Але здаецца, хтосьці прамільгнуў пад вакном. (Праз момант.) Evviva Napoleone Buonaparte! Evviva Il Liberatore d’Italia!* (Няхай жыве Напалеён Банапарт! Няхай жыве вызваліцель Італіі!—іт.)

(То ж бо ў дзьвярах піўнухі зьявіўся Эміль Даход. Як ягоная пастаць, так і твар, круглявы, чырвоны, з хітраватым, не зусім прыемным выразам, сьведчаць аб схільнасьці да тлусьценьня. Ён стаіць на парозе, склаўшы рукі на грудзях, і кідае погляды па пакоі. Потым хуткім, цяжкім крокам падыходзіць да стала, сядае побач з Прафэсарчыкам, моўчкі вітаецца, грукнуўшы пальцамі па стале.)

Прафэсарчык: Эміль, ты ўвесь белы.

Даход: Ня варта размовы.

Апалонік: Ты часам не спаборнічаў з кратамі ў капаньні зямлі?

Даход: Абслуга!

Крыкацыюс (пачціва чакаючы за ягонай сьпіной): Да паслугаў вашамосьці!

Даход: Што ў вас самае лепшае з алькагольных напояў?

Апалонік: Сёньня ў іх толькі шампанскае.

Крыкацыюс: Ды я табе зараз у морду дам, гумарыст! (Даходу) Нічога экстра, на жаль, у нас няма, вашамосьць. Мая карчма не разьлічаная на такіх гасьцей—

Даход: Я прасіў вас ня жаліцца, а адказаць, што ў вас, нягледзячы на ўсё гэта, самае лепшае з напояў?

Крыкацыюс: Ну—ні храна—самагон вось толькі надзвычайна добры—

Даход: Fi donc! Для пачатку набудзьце ў рэстарацыі “Ў зялёнай коткі” тры бутэлькі такайскага й пяць гаванскіх цыгар!—Што, няма ахвоты?

Крыкацыюс: О, ёсьць—да вашых паслугаў! (Бегма сыходзіць, перад гэтым зачыніўшы вакно.)

Апалонік: Ну ў цябе сёньня й настрой, Эмілечка; а ці шмат у цябе з сабой?

Даход: Чырвонец.

Апалонік: Чэрці дзяры, хіба магчыма, каб твой стары гэткі кавалак ад сэрца адарваў?

Даход: Бабуля.

Апалонік: Эмілечка—ты ня мог бы ў сёньняшні сьвяточны дзень пазычыць залацячок?

Даход: Плачу за ўсіх.

Апалонік: Але мне трэба й на будучыню—няма ні кап’я.

Даход: Калі што застанецца—пабачым.

Апалонік (сам сабе): Гнюсота мізэрная—і гэта за ўсе тыя сачыненьні на роднай мове, якія ты ў мяне перакатаў.

Даход: Хопіць аб гэтым. Нейкія там грошы ня вартыя таго, каб прамовіць аб іх адзінае слова!

Апалонік (сам сабе): Але калі ты дастанеш пару крэйцараў, дык прайграеш іх у казіно ці ў латэрэі, а калі цябе нехта папросіць прамовіць слоўца перад бацькам, дык ты за гэта бярэш грошы; а гэта ўжо называецца—хабар... (Уголас.) Эмілю, такі геній учынку, як ты, не абыйдзецца бяз грошай. Як узносіцца над грашыма паэт!

Пясьняр ты, дружа? Зьзяе позірк твой?
Даволі жалудоў табе, крыніцы ільдзяной!

І навуковец, хоць і ў меншай ступені, абыйдзецца бяз грошай. Але Напалеён ёсьць усяго толькі іхным рабом.

Даход: Пфф! Менавіта Напалеён ёсьць доказам вышэйшай улады духа над нізкімі грашыма. Вазьмі, напрыклад, ягоны італьянскі паход, які ён ажыцьцявіў з паўголым, згаладалым войскам, зь якім атрымаў дваццаць бліскучых перамогаў.

Апалонік: А ведаеш чаму? Калі яму пашанцавала атрымаць першыя дзьве-тры перамогі, ён нарабаваў у багатай Ломбардыі столькі грошай і наогул усяго астатняга, колькі яму было трэба.

Даход: Ня будзем далей аб гэтым. Мне толькі сьмешна, што хеўра нябогіх пісакаў—бо ня толькі паэт, але й навуковец, у рэшце рэшт, толькі гусінае пяро—можа ўзвышацца над некім кшталту Напалеёна толькі таму, што ён гусіным пяром ня быў. У глыбіні душы вы перакананыя, што які-небудзь Галэк ці яшчэ хто... ёсьць чымсьці большым за дзіва дзіваў, подых боскага ветру па-над гаротнай зямлёй—за Напалеёна! Небаракі! Вы—толькі частка чалавека, але ў гэтым палягае веліч генія ўчынку, што ён ёсьць чалавекам цалкавітым—найвышэйшай праявай і станам волі й моцы.

Прафэсарчык: Спадарства, спадарства, не сварыцеся, прынамсі ў сёньняшні сьвяточны дзень!

Даход: Слушна. (Зірне на свой гадзіньнік.) Але тыя два маглі б ужо й прыйсьці! Я сьпяшаюся, сябры. То бок, павінен вам паведаміць, што—

Палай (уваходзіць у той самы момант павольным, хісткім крокам. Ён—сярэдняга росту. Ня толькі вопратка, рухі й манэры, фізіяномія, але і ўсё астатняе выразна прамаўляе: жыгалё. Гэта робіць ягоны твар, у астатнім непрыкметны, нейкім дурнаватым і прыгожым, хаця іначай ён быў бы хутчэй хітраватым і адштурхным. У вадзяністых вачох вельмі моцна люструецца нерашучасьць і амаль паталагічны недахоп сілы.): Вітаю, браты па Ідэале!

Даход: Здароў!

Прафэсарчык: Здароў!

Апалонік: Віват дон Жуану, Казанове, Кальёстра, віват найвялікшаму ўтаймавальніку й асядлальніку жыцьця! А каб цябе, Паўлайка!

Палай: Колькі разоў я табе казаў, што маё імя ня ёсьць назоўнікам, адылі імпэратывам, а гэта азначае, што суфіксы яму не пасуюць. І пішу я яго бяз “у” кароткага.

Апалонік: Але ж твой бацька ў маладосьці быў яшчэ Паўлай, з “у” кароткім.

Палай: А мне што да таго. Я ганаруся сваім імем. “Палай”, што гэта азначае? Гары, зіхці, грэй, спапяляй, пакуль сам—ня бедна счэзьнеш, як расьліна, а згарыш сінім полымем. Узьнёслае ймя! У хвілі, калі мяне пакідае мужнасьць, я заўсёды паўтараю сам сабе ўголас, як Дон Жуан у Граббэ—сваё ймя: “Палай, палай!”, і ўся мая адвага й сіла вяртаюцца да мяне зноў!

Крыкацыюс (прыносіць Даходу бутэлькі. Той паставіць перад кожным зь сяброў па адной бутэльцы. Кожны налье сам сабе.)

Усе, апрача Дахода: Няхай жыве наш Эмілька! (п’юць)

Даход: Няхай жыве наш Э—

Апалонік (сьмеючыся): Ты нейкі сёньня ў нас зьбянтэжаны й знэрваваны, як той Бонапарт пад Ватэрлоо, калі ня мог дачакацца Грушы!

Палай: Ну ясна: той паскуда Неадсюль даўно ўжо мог бы зьявіцца.

Прафэсарчык: Як і ты, зрэшты. Дык што, спаймаў сваю дзяўчынёху?

Палай: Якую б я ды не спаймаў?

Апалонік: І як яна?

Палай: Маніфік! Экскізіт! Анкомпарабль!* (Цудоўная! Выкшталцоная! Непараўнальная!—фр.) Зрэшты, вы самі можаце яе пабачыць, сябры. Ведаеце, я—крыху не падумаўшы—паабяцаў ёй, што—вазьму яе з сабой сюды, але па дарозе мне прыйшла ў галаву думка, што наўрад-ці вы б хацелі яе бачыць. Таму я да часу пакінуў яе знадворку—

Даход: Яна ні ў якім разе не павінна сюды прыйсьці!

Апалонік і Прафэсарчык: Ну ясна, сёньня нельга!

Палай: Але можа пазьней будзе ільга, калі мы галоўную частку адсьвяткуем.

Даход: Паглядзім. Але павінен вам нешта сказаць: я насамрэч нэрвуюся. Справа ў тым, што ў нашай сям’і не зьяўляецца таямніцай, што мы з вамі супольна наведвалі гэтую карчму, і ў мяне ёсьць вельмі абгрунтаваны падазор, што калі я не прыйду дамоў а пэўнай гадзіне, бацька пашле сюды за мною слугаў з загадам, каб яны мяне даставілі дамоў любым коштам, можа нават і гвалтам.

Апалонік: Бляха, замест Грушы прыйшоў бы Блюхер!

Прафэсарчык: Гэта брыдка; гэта дысананс да нашага сьвяткаваньня.

Палай: Але з твайго боку гэта насамрэч гераізм, што нягледзячы на гэта ты прыйшоў.

Даход: Так! Я ўжо зьбіраўся прапанаваць вам, каб мы сёньня сьвяткавалі ў іншай рэстарацыі, дзе мы дагэтуль яшчэ не былі. Але так нельга. Вечарына згубіла б усю паэтычнасьць, калі б адбывалася ў любым іншым месцы а ня ў гэтай чорнай дзірцы, якая аднойчы будзе сьвятой ня толькі ў нашых успамінах, але, бог дасьць, і ў вачах усяго чалавецтва.

Прафэсарчык: Існа так.

Палай: На гэтай хатцы аднойчы будзе вісець мэмарыяльная дошка.

Апалонік: Паломнікі сотнямі тысяч будуць прыходзіць сюды, як у Ерусалім ці Мекку.

Даход: Але магчымы кампраміс. Скончым сьвяткаваньне тут, але як мага хутчэй і карацей, затое зь як мага большай годнасьцю. А потым адразу пяройдзем у іншую карчму!

Прафэсарчык і Палай: Цудоўна!

Апалонік: Але гэтая хуткасьць, гэты сьпех неяк мне не падабаюцца; яны неяк не пасуюць пойму “сьвяткаваньне”.

Даход: Пасуюць. (Чуецца шкрабаньне ў вакно.) А ў тую іншую карчму можаш узяць з сабой, Уладзя, сваю німфу. Значыцца, ясна! Можам адразу пачынаць— (Шкрабаньне гучыць яшчэ мацней.) Што гэта?

Прафэсарчык: Напэўна, котка.

Палай: Ды не, гэта, мабыць, яна. (Падыходзіць да вакна.) Хто гэта там шкрабецца?

Голас: Гэта я.

Апалонік: Халера, гэта рапуха праквакала ці варона пракаркала?

Даход: Ды не, гэта сьвіньня прарохкала.

Палай (Прыадчыняе вакно й нейкі час штосьці ціха гаворыць.)

Голас: Ну паўгадзіны яшчэ пачакаю, але дай мне шастак на цыгарэты, каб я тут не акалела (Палай дае ёй шастак), і ня думай, што ты мяне сёньня пазбавісься, я дзяўчына сумленная, і дурнічку зь сябе рабіць не дазволю. (Палай зачыняе вакно й вяртаецца на сваё месца.)

Апалонік: За ўсё жыцьцё я ня чуў такога страшэнна вульгарнага голасу; віншую цябе, Уладзя.

Палай: Голас яшчэ што! Ты пачакай, як убачыш ейны твар—а ейнае цела, а цела!

Даход: Пакіньма гэтыя глупствы! Мы маглі б пачаць проста зараз, калі б ня той чортаў Неадсюль—але дзе ж там, ягамосьць павінна заўсёды прыйсьці апошняй і са спазьненьнем.

Прафэсарчык: Ён лічыць, мярзотнік, што ўсё павінна круціцца вакол яго!

Палай: Чаго мы яго, паскуду, чакаем? Ведаеце што, пачнем безь яго! Думка, што гэты асёл будзе тут прысутнічаць, і так мне атручвае ўсё сьвята!

Прафэсарчык: От каб ён не прыйшоў! Пачынайма!

Апалонік (нясьмела): А не маглі б мы пачакаць прынамсі яшчэ тры мінуты, да паловы?

Даход (раптам злосна): Не маглі б! Пачнем неадкладна!

Неадсюль (уваходзіць. Ягоная пастаць—высокая, хударлявая; ён добра, але нехлямяжа апрануты. Ягоны твар, ільга сказаць—няправільна класічны, здольны прыцягнуць увагу й сярод тысячаў грубых вачэй: ажно неверагодна сур’ёзны, аскетычны, панылы, але скрозь яго праступае сьвятло таямнічай, трансцэдэнтальнай весялосьці, недасяжнай пераможнай узьнёсласьці й пяшчотнай, ажно разбэшчанай дзяцінскасьці. Ягоныя вочы, якія адсутна нібы пазіраюць усярэдзіну, сьведчаць, што аскетычнасьць і энэргія гэтага твару ёсьць чыста нутраной, сузіральнай. Падыходзіць да стала, спыняецца.) Вітаю! А таксама дзякуй: я пачуў некалькі вашых словаў, якія пазбавілі мяне рэшты згрызотаў сумленьня.

Палай (не адразу, як што ўсе спачатку пазбываюцца мовы): Хто за дзьвярыма падслухвае, сваю ганьбу выслухвае.

Неадсюль (цалкам спакойна, з заўсёднай усьмешкай): Я прыйшоў толькі таму, што вы мяне аб гэтым упарта ўпрошвалі, а таму гатовы ў любы момант зноўку сыйсьці.

Даход: Лухта. Давай, сядай! (Неадсюль сядзе, крыху ўбаку ад іх. Даход ставіць перад ім бутэльку; але ён яе не датыкаецца й п’е прынесенае яму тым часам піва.) А цяпер пачнем! Прапаную, каб парадак прамоўцаў вызначаўся векам. Пачынае найстарэйшы—то бок, Прафэсарчык. Потым—Апалонік, я, Неадсюль, Палай. Згодныя?

Усе: Так.

Даход: І яшчэ: без усялякіх клішэ, хай кожны з нас скажа ў трох словах, што лічыць самым важным, сваё крэдо, нейкае залатое слова, якое магло б прыдацца астатнім цягам іхнага жыцьцёвага паломніцтва.

Прафэсарчык і Палай (няўпэўнена): Ну—так. (Неадсюль ціха, Апалонік гучна засьмяюцца.)

Апалонік: Але, Эміль, пры сьвяткаваньні дасягнутай свабоды—такія абмежаваньні!

Даход (вельмі нэрвова): Свабода і палягае ў абмежаваньні!

Апалонік: Дзякуй, дык значыцца, я буду свабодны толькі тады, калі мне паліцыянт начэпіць на рукі й на ногі кайданкі. Канкрэтна ты, Эміль, і ёсьць гэтым паліцыянтам.

Даход: Каму гэта вылезе бокам, як ня мне, калі вы будзеце мяньціць без упыну? Дык ты згаджаесься ці не, Слава?

Апалонік: Ну то добра, чорт яго пабірай! (П’е.)

Даход: Больш паловы прысутных—за! Ну то... пачынай! І зачыніце дзьверы, абслуга! (Крыкацыюс так і зробіць.)

Прафэсарчык (устае, адкашляецца): Я рыхтаваў даўжэйшую прамову. (Вымае паперы й некаторы час іх праглядае.) Гм! М-мм. (Даход скаланаецца, Апалонік падыходзіць уподступ да Палая.)

Апалонік: Уладзя, прашу цябе, у мяне ані кап’я, а сёньня такі дзень—

Палай: Ведаю. Слава, бачыць Бог, не магу. Матухна зачыніла сёньня ў вогнеадпорны сэйф нават дробязь. Мне будуць патрэбныя грошы на тое дзяўчо. Заўтра мо дам табе які шастак.

Апалонік (адыходзіцца. Сам да сябе): Падлюка! (Падыходзіць да Неадсюля. Той, не чакаючы ягоных словаў, дае яму пад сталом чырвонец.) О, чырвонец! Столькі грошай, мой дарагі—

Неадсюль: Даруй, што так мала. (Адварочваецца, і Апалонік, шчасна й зіхотка ўсьміхаючыся, вяртаецца на сваё месца.)

Прафэсарчык (пасьля таго, як зноў адкашляецца): Дарагія сябры!—Дарагія сябры! (Паўза, Прафэсарчык выцірае пот.) Дарагія сябры! (Цяжка, сіпата аддыхваецца.)

Даход: Божухна, сабярыся! Трох словаў дастаткова!

Прафэсарчык: Я яе напісаў, я маю на ўвазе, тую прамову. Але зараз, калі сябру Даходу трэба бегчы—ну, адным словам, мы сёньня абмываем атэстат. А чаму абмываем, га? (Пазірае ў папку.) Не таму, што нас не завалілі на іспытах. І не таму, што... перад намі адчыняюцца брамы almae matris і... жыцьцёвай прафэсіі. Але таму, што мы сьвяткуем нашае вызваленьне зь ідыёцкага, ганебнага астрогу.

Усе (апроч Неадсюля, які і надалей не прымае ніякага ўдзелу ў паседжаньні): Цудоўна!

Даход: Толькі хутчэй!

Апалонік: Эміль, ты ўвесь час падганяеш Алеся, як той парабак старую, паўжывую каняку пугай.

Прафэсарчык: Ну, а цяпер, каб скончыць, скажу вам, так бы мовіць, залатое зерне, якое будзе вашым... жыцьцёвым вадатарам, і гучыць яно: Праца! Так, кажу вам: праца.

Даход: На гэтым канец, дый сядай!

Прафэсарчык: Пачакай, яшчэ адно! (Чытае з папкі.) Лёс адорыў нас незвычайнымі здольнасьцямі, душамі, чыя радзіма—не ўрадлівыя лагчыны матэрыяльнага, а Гімалаі ідэалу. Але ж лёс сказаў нам, калі мы яшчэ былі ў калысцы: вашым клопатам ёсьць, каб здольнасьці вашыя прынесьлі плён. Калі вы ня будзеце іх нястомна культываваць, яны зробяцца кволымі, але ня вырастуць у небасяжныя дрэвы, нават калі вы будзеце ўвесь час іх акучваць, падразаць, угнойваць, ахоўваць перад шкоднікамі. Здольнасьці, браты—гэта толькі талент, але геній—гэта праца, пільнасьць, вытрымка, як сказалі многія з геніяў, такія як Ньютан, Бюффон, Шылер, Флобэр—

Даход: Цудоўна, толькі сканчай, сканчай.

Апалонік: Хе-хе! О дзе сьвяткаваньне! О дзе любата! (П’е).

Прафэсарчык: Ну дзе ж гэта— (гартае аркушы, потым радасна) Ага: Праца—гэта Бог, а Бог—гэта праца. На гэтым я і сканчаю. (Сядае.)

Усе: Браво! (Устаюць, чаркаюцца, апустошваюць свае шклянкі й пачынаюць сьпяваць):

Многая лета, многая лета, многая лета!

Даход: Цяпер на чарзе—Апалонік!

Апалонік (устае, пачынае пагрозьліва хістацца): Алеська гаварыў знакаміта, калі не лічыць таго, што ўсё гэта была поўная чухня. Бог, маўляў—гэта праца. Калі б я быў Панам Богам, я б яму за такую абразу ўваліў конскага падсрачніка. Праца—гэтая парасячая брыда. Яна, маўляў, робіць чалавека больш шляхотным—згода, толькі не чалавека, а ішака альбо вала.

Даход: Ты не крытыкуй, а скажы сваё.

Апалонік: Праца прызначаная толькі для рабоў. Усе народы, якія былі чагосьці вартыя, пагарджалі працай, лічылі яе нявартай мужчыны й зьневажальнай для яго. Спартанцам было забаронена нават вучыцца рамяству і ўсім мастацтвам, апрача сьпеву й паэзіі! Тое, што праца сёньня ў такой пашане, толькі даказвае, што сёньняшняе чалавецтва—гэта сабачае...

Даход (сядзіць як на асьці, раззлавана): Сябра, гавары каротка й па справе, і не абражай сьвяткаваньне лаянкай, а то я пазбаўлю цябе слова—п’янюга!

Прафэсарчык і Палай: А якое ты маеш на гэта права! Хіба мы абіралі цябе старшынёй?

Апалонік: Ты—узурпатар! Гэй-гоў! Ён думае, што ён ужо цяпер—empereur* (імпэратар—фр.)!

Даход: Калі вы не разумееце маёй сітуацыі, я вымушаны неадкладна вас пакінуць. (Працягвае руку да капелюша.)

Апалонік: Ну не рабі лухты, Эміль! Добра, зь любові да цябе ўрэзваю сваю думку й хутка сканчаю. Усё, што мае нейкую вартасьць—гэта не вашывая праца, а палёт, то бок—паэзія. Я не верабей, я—арол. Праца душыць палёт, як вада тушыць агонь. Але ведаеце, што яго жывіць і множыць? Гэта—вогненная вада, па-нашаму—алкаголь. Усе насамрэч вялікія людзі былі вялікія піякі. А таму, Эміль, я сканчаю: няхай жыве Дыяніс, найвялікшы з багоў!

Усе: Браво! (Усё як і ў першы раз, толькі выпускнікі дадаюць да песьні яшчэ першы радок: Выпі, Славічак, выпі! Славічак так і зробіць, а потым шпурляе дапітую шклянку ў кут, аднак тая ня б’ецца. Крыкацыюс зазірае ў казіно.)

Голас зь піўнухі (у суправоду гучных і хуткіх удараў пальцаў па стале, якія зграбаюць апошнія ўзяткі): Я б’юся як леў, як леў!

Малады голас: Дурань ты, Васька, і тупая скаціна! (Дзьверы зноўку зачыняюцца.)

Даход (устае): Усё, што стаіць на тваім шляху, штоймгненна адшпыньваць, таптаць, глуміць, нявечыць, нішчыць.—Dixi* (сказаў—лац.)! (Зноў сядае.)

Апалонік (да Прафэсарчыка, ціха, пасярод усеагульнага зьбянтэжанага маўчаньня): Так сьцісла, што ажно тупа.

Прафэсарчык: Калі тупое ёсьць сьціслым, яно перастае быць тупым.

Даход: Цяпер—сябра Палай!

Палай (устае): У мяне няма дару лаканічнасьці, як у майго папярэдніка, але я паспрабую ня быць шматслоўным.

Даход (буркатліва): Гэтак казаць—ужо шматслоўнасьць!

Палай: Браты, ува ўсіх вас ёсьць свой чароўны ідэал. Але як навука, так і паэзія й чын ёсьць самі па сабе чымсьці аднабаковым, толькі часткай чалавека; а акрамя гэтага яны ёсьць катаргай, выкананьнем задачаў. Мой ідэал, аднак, утрымлівае ў сабе ўсё, і толькі ён ёсьць сапраўдным палётам і вольнасьцю. Мой ідэал—просты: жыць як мага лепей, як мага больш заможна, як мага больш інтэнсіўна. Цалаваць жыцьцё ўва ўсіх ягоных формах, таньчыць зь ім, як з жанчынай, гвалціць яго й салодка аддавацца ягонай плыні... Мой дэвіз—Кальёстро—

Апалонік (буркатліва): Цытуеш мой ліст, а крыніцу не называеш.

Даход: Добра, толькі пачні ўжо, дзеля Хрыста!

Палай: І, браты, што ў жыцьці самае прыгожае—гэта, без сумневу, жанчына й каханьне. Кахаць, і не адну, а кожную жанчыну, якая здольная выклікаць каханьне, вось што азначае жыць насамрэч. Жыць насамрэч, вось што ёсьць геніяльнасьцю. Геніяльнасьць—гэта толькі гіпэртрафіравбная сэксуальнасьць—

Апалонік: У такім выпадку, кожны сабака на вуліцы й кожны верабей на страсе геніяльнейшыя за цябе.

Палай: А калі геніяльнасьць палягае ў бухле, дык табе ў геніяльнасьці далёка да бадзяжкі Лебядзячкі, якую ніхто яшчэ цьвярозай ня бачыў.

Даход: Фу, кіньце вы сёньня свае наезды! (Па-камандзірску.) Рэгламент, Уладзя!—

Палай: Няхай жыве Венера! (Зноў паўтараецца тое самае, што дагэтуль.)

Даход: А цяпер завяршайма сьвяткаваньне! (Устае, сьпявае): Gaudeamus—

Неадсюль (устае адначасова з Даходам і адначасова зь ягоным сьпевам кажа): Дазволіце мне таксама сказаць?

Даход (прыкідваючыся зьдзіўленым): А, ты яшчэ тут? А я пра цябе зусім забыўся!

Неадсюль: Хлусьня, што абражае больш за шчырасьць. Дык ці магу я?

Усе: Ну ясна—канечне. (Даход ліхаманкава круціцца на крэсьле ў прыступе гневу. Зноўку хтосьці шкрабаецца ў вакно, што паўтараецца на працягу далейшага некалькі разоў.)

Неадсюль: Не магу ўзяць слова іначай, як толькі са зьбянтэжанасьцю й сорамам. Пазіраючы на дзівосны гурток чатырох непаўторных геніяў, о, як выразна я адчуваю сваю нязначнасьць! У кожнага з вас ёсьць свая ўзьнёслая мэта, кожны знайшоў сэнс свайго быцьця. Толькі ў мяне нічога падобнага няма. У лепшым выпадку я б сказаў, што маймі мэтай і сэнсам ёсьць, і да сьмерці, бадай, будзе пошук гэтай мэты й гэтага сэнсу, сябе самога й сваёй таямніцы.

Апалонік (тым часам як астатнія пахмурна сьмяюцца): Вельмі дрэнна, сябра. Каму насамрэч уласьцівая геніяльнасьць, таму ня трэба яе шукаць: бо яна зіхціць так ясна—

Палай: Шукаць яе—гэта як шукаць слана ў авечым статку!

Прафэсарчык: Той шукае, хто ня мае.

Даход: Кіньце палеміку, а ты, Неадсюль, ня мог бы, калі ласка, быць карацейшы?

Неадсюль: Зраблю ўсё магчымае. Калегі, вы маеце рацыю, але ж я сказаў, што я—нікчэмнасьць.—Аднак мае пошукі сябе самога ўсё-ткі прынесьлі мне ўжо адзін важны здабытак, ад якога я ніколі ўжо не адмоўлюся й які я супрацьпастаўляю вашым чатыром ідэалам. Гэта—расчалавечваньне, дэанімалізацыя й ператварэньне ў бога, дасягненьне абсалютнага. Вашыя ідэалы спрэс карэняцца ў глебе нябогай чалавецкасьці, жывёльнасьці, гэта ніякія не ідэалы. Усе яны жывуць на адным паверсе; мой ідэал жыве паверхам вышэй. Ён ня новы; уласна кажучы, ён быў напрамкавай зоркай людзкой мінуўшчыны, прынамсі таго лепшага зь яе. Сёньняшняя эпоха ня хоча пра яго й чуць; і гэтым яна асуджаная. Яна ня хоча прызнацца сабе: усё чалавечае, усё звычайнае ёсьць у сваёй сутнасьці абумоўленасьцю, рабствам, жабрацтвам; ёсьць толькі адна насамрэч годная Мэта: здацца безумоўным, сувэрэнным—Богам! (Змаўкае.)

Прафэсарчык: Гэта ўсё вядомыя, стэрэатыпныя клішэ!

Палай: Банальныя, састарэлыя, карацей кажучы—лухта!

Апалонік: Трызьненьне дый па ўсім, Неадсюль!

Даход: Ды яшчэ й шматслоўнае. Калі ласка, сканчай!

Неадсюль: Я надзвычайна ўсьцешаны такой вашай рэакцыяй. Бо, калегі, з гэтага моманту я разьвітваюся з вамі цалкам і назаўсёды. Маім сыходам адсюль мы перастаем існаваць адны для аднаго; калі я з вамі ані не павітаюся пры сустрэчы, не зьдзіўляйцеся. Я разьвітваюся з вамі з большай рашучасьцю, чым з кім яшчэ, бо ні ад каго мяне не аддзяляе такая прорва, як ад вас. Сябры мае, нават сяброўства з вамі было б верхам сьмешнасьці; сяброўства між намі ёсьць такім сама немагчымым, як сяброўства ваўка з сабакамі.

Прафэсарчык (ціха): Гэтыя сабакі—мы.

Неадсюль: Вы не трываеце майго духу, як і я—вашага! А цяпер—жадаю вам усяго найлепшага! (Сядае, нейкі час пануе маўчаньне.)

Даход (разьюшана): Неадсюль, гэта ні з чым не параўнальна! Я не асуджаю, што ты перарываеш з намі стасункі, мы самі даўно ўжо хацелі гэта зрабіць; але ёсьць незвычайнай грубасьцю й абразай, што ты зрабіў гэта настолькі па-хамску!

Прафэсарчык (крычыць): Ён назваў нас сабакамі! Ён, такі ёлупень!

Палай: Схопім яго за нагавіцы й выкінем праз вакно!

Прафэсарчык: І надаем яму поўхаў! (Абодва ўстаюць.)

Даход: Спакойна! Захавайма прынамсі мы нейкую годнасьць. Неадсюль, валі прэч ад нас! (Неадсюль застаецца сядзець са спакойнай усьмешкай.)

Апалонік: Дык ты, Неадсюль, лічыш нас самымі звычайнымі людзьмі, ге-ге-ге?

Неадсюль: Для цябе я раблю некаторае выключэньне. У табе ёсьць вартая павагі найвышэйшая праўдзівасьць; але яна не такая моцная, каб перамагчы, і не такая слабая, каб зьнікнуць; таму ты будзеш у жыцьці няўдакай. Але астатнія трое ёсьць, па сутнасьці, цалкам пасярэднымі, звычайнымі людзьмі, як і любы з тых, што сядзяць вунь у піўнусе. Тое, што яны маюць нейкі талент, нічога не мяняе: іхныя таленты— звычайныя й цалкам падпарадкаваныя іхным банальным характарам. Аднак што важна: яны ствараюць ілюзію сапраўднай незвычайнасьці; я сам дазваляў ім сябе доўга падманваць і лічыў вас роўнымі сабе, сябраваў з вамі. Тое, што ўсе меней-болей таленавітыя маладыя людзі выклікаюць уражаньне духоўнасьці, нечуванай геніяльнасьці, узьнёсласьці, ідэалістычнасьці—вядомы й цікавы факт; нават ня верыцца, колькі вялікіх людзей гадуе ў сваім улоньні чалавецтва. Адсюль паходзіць выраз “залатая моладзь”. Але насамрэч яна—толькі пазалочаная. Хутка пазалота адкалупваецца, і праглядае самая звычайная гліняная статуэтка: нармалёвы, упарадкаваны, шаноўны грамадзянінчык і пашлячок..., і як кажа Шопэнгаўэр: Той, хто сустрэне гадамі пазьней людзей, на якіх у маладосьці ўкладаліся найвялікшыя спадзевы, абавязкова лякнецца. На мільёны гэтых пазалочаных дваццацігодак прыпадае адзін, хто ўвесь згатаваны зь нефальшывага золата; а з такога золата аблупіцца ня можа. Такі чалавек у шасьцідзесяці ёсьць такім самым дзіцём, як і ў дваццаці. Толькі такі чалавек ёсьць геніем.

Даход: І такі чалавек, несумнеўна—гэта ты!

Неадсюль: Так. (Усеагульны змрочны рогат, у якім удзельнічае й Апалонік.)

Прафэсарчык: Ня буду хваліцца, як гэты вось небарака, але магу сказаць толькі, што хутчэй гара ўзьляціць у неба, чымся я здраджу сваім каханкам: Працы й Навуцы.

Палай: І хутчэй сонца ўпадзе зь зеніту на зямлю, чымся арол ува мне зьляціць са сваіх вяршыняў у забалочаныя палі лагчынаў звычайнасьці.

Апалонік: Неадсюль, я б не пакінуў моцныя абдоймы Паэзіі нават у агоніі няўдачы, якую ты, сыч, мне прарочыш, ге-ге-ге!

Даход (фанабэрыста, халодна): Чалавек ня можа перастаць быць тым, чым ён ёсьць.

Неадсюль: А я што кажу: ты і ёсьць найчысьцейшым грашалюбам і спэкулянтам, а што пройдзе, дык гэта твой ілжывы ідэалізм. Людзі, ніхто з вас ня вытрымае самоты, але гэтым ужо ўсё сказана: самота й “геніяльнасьць”—гэта адное й тое ж. Але што казаць. Адзіны адказ дасьць час; але вы будзеце, мабыць, глухія, каб пачуць яго... Ведаеце што? Сустрэнемся зноўку за гадкоў дваццаць-трыццаць, і пабачым. Прынамсі будзе цікава.

Даход: Толькі для таго, каб пераканаць цябе, што ты памыляесься? Спадзяюся, ты сам разумееш, што ты таго ня варты.

Апалонік: Але—нягледзячы на Неадсюля—сама думка не такая й благая. Такія дамовы між выпускнікамі ёсьць нармальнай зьявай. У гэтым ёсьць безумоўна штосьці паэтычнае.

Палай: Згодны, згодны. А ты, Алесь?

Прафэсарчык: Ну дык і я. І прапаную, каб мы сустрэліся менавіта тут, у гэтай карчме, а менавіта праз трыццаць год, калі нам будзе па пяцьдзесят. Пяцьдзесят год— найважнейшы момант у жыцьці, калі жыцьцё, так бы мовіць, дасягае кульмінацыі. І каб было дакладна: сыйдземся тут—якая сёньня дата?—8-га ліпеня, а дзявятай вечара.

Палай і Апалонік: Цудоўна!

Прафэсарчык: А ты, Эміль?

Даход: Калі вы ўсе за, дык я ня супраць. Значыцца, тут, праз трыццаць год, 8-га ліпеня а дзявятай вечара!

Неадсюль: Магу прыйсьці і я?

Даход: На гэтым мы не трываем—але калі прыйдзеш, дык мы цябе не прагонім. Можа, ты за гэты час палепшаеш.

Палай: І паклянемся, што дакладна прыйдзем, каб гэта ўсё не ператварылася ў жарт!

Апалонік: Клянуся Бахусам, што прыйду, нават калі грошы на дарогу буду вымушаны скрасьці.

Палай: А я—клянуся Афрадытай, што прыйду, нават калі буду ў Антыподаў!

Прафэсарчык: А я—клянуся Мінэрвай, што прыйду, нават калі буду цяжка хворы!

Даход: А я клянуся Сабой, што, калі буду жывы, дык прыйду!

Неадсюль: А я прыйду, нават калі буду мёртвы!

Прафэсарчык: Хвалько!

Палай: Фанфарон!

Апалонік: Балбатун!

Даход: Пакіньце гэтае стварэньне—дый нарэшце скончым. (Пазірае на гадзіньнік.) Божа мой! (Першым пачынае сьпяваць, астатняе да яго адразу ж далучаюцца.)

Gaudeamus igitur
Iuvenes dum sumus.
Post iucundam iuventutem
Post asperam senectutem
Nos habebit humus.

(Як толькі яны пачынаюць сьпяваць, Неадсюль бярэ кій і сыходзіць, не разьвітаўшыся, нікім не заўважаны. Адразу пасьля гэтага на парозе зьяўляецца Баранава, Апалонікава цётка; бабулька якіх шасьцідзесяці пяці год, маленькая, танюткая, маўляў “жыве сьвятым духам”, але ў яе вялікія, прыгожыя, вабныя вочы. Яна стаіць на парозе чакаючы канца першага куплету.)

Апалонік: Аво, бабця! Што табе тут трэба, старая?

Баранава (нясьмела, умольна): Ды нічога, Славічак, я толькі прыйшла сказаць, што я сёньня ў сваёй крамцы ў пад’езьдзе зарабіла-такі паўтара залатых. Дык нясу іх табе, сынку, каб у цябе было хоць штосьці, бо ведаю, як шмат сёньняшні дзень для цябе азначае.

Апалонік: Толькі цяпер! І табе ня сорамна? А я ўжо быў вымушаны пазычаць, жабраваць, ведзьма ты старая—

Даход: Фу, Слава! (Устае, надзяе капялюш на галаву.)

Баранава: Бачыць бог, што раней я не пасьпела. Толькі зь цемрай пайшоў сякі-такі гандаль. Дык зрабі мне ласку, вазьмі іх прынамсі зараз. (Разгортвае шматок паперы, які трымала ў жмені, і высыпае на далонь колькі дробных манет.)

Апалонік (усё больш злуе, аднак рэзка перакульвае ейную далонь у сваю): Бабця, ня злуй мяне, ты ведаеш, на што я здольны. Справа не ў тваім мізэрным гандлі, а ў тым, што ў цябе ў панчосе ці ў ашчаднай касе ляжаць тысячы. Прызнайся, Баба Каргота, не спрабуй адпірацца! (Моцна ўдарае яе косткамі пальцаў у грудзі.)

Даход: Досыць, пачвара! Хадземце, калегі! (Палай і Прафэсарчык устаюць).

Апалонік (пыхкае): Не, я прамоўлю вольна, як мне загадвае сумленьне. А яно загадвае: такія геніі як мы не павінны прызнаваць нейкай там ашчаднасьці, як звычайныя людзі. Усялякая ашчаднасьць заснаваная на тым, што мы ставімся зь імі на адзін узровень і грашым супраць Сьвятога Духу, забываючыся аб усім боскім, што ў нас ёсьць! Кожны звычайны чалавек—гэта, у рэшце рэшт, скаціна! Дык рэж яго, тапчы, нішчы. У гэтай бабенцыі няма ні ражна геніяльнага, яна мае чуцьцё толькі на ганебнае зарабленьне грошай. (Крыкацыюс прыадчыняе дзьверы і зьяўляецца на парозе, за ім стаяць наведнікі піўнухі.)

Палай: Калі б ня гэтае чуцьцё, ты б ужо тысячу разоў здох!

Баранава: Спадарства, дазвольце мне, калі ласка, нешта сказаць. Я прыняла адно—вельмі складанае—вырашэньне. Доўгія гады я вагалася... Славачка—я—ілгала табе. У мяне насамрэч назапашана крыху грошай; у ашчадным банку; кніжку я там таксама, як кажуць, завяла. Але ведаеш, для каго? Для аднаго цябе. Мне было вядома, што унівэрсітэт дорага каштуе, і я не хацела, каб ты, як шматлікія іншыя студэнты, мусіў сам зарабляць, бо гэта адцягвала б тваю ўвагу ад вучобы. Чатыры гады ты зможаш жыць з гэтых грошай, хоць і сьціпла, але на адно-два піва заўсёды будзе. А на адзін ці два апошнія гады я, з божай дапамогай, за гэты час яшчэ зараблю, каб ты мог скончыць аспірантуру. Дагэтуль я гэта ад цябе хавала—ты й ня ведаеш, як гэта было для мяне цяжка—я баялася, што ты зь мяне гэтыя грошы яшчэ ў гімназіі выцягнеш... Можа, і сёньня я павяла сябе неабачліва—але мяркую, што гэтая навіна ёсьць найлепшым падарункам, які я магу табе падарыць з нагоды сёньняшняга шчасьлівага дня.

Палай: Я думаю! Во дзе табе пашэнціла, Слава!

Прафэсарчык: Цалуй цётухне ручкі!

Апалонік (спачатку прыемна расчулены, але потым зноўку разьюшваецца): Ну добра, бабця. Але дзе было тваё сумленьне ў найгоршыя часы, калі ты бачыла, як я галадаю й пакутую ад смагі, і пры гэтым не ўзяла са свайго капіталу ані чырвонца? Калі б я тады здох ці няхай проста счэз целам і духам, што мне цяпер дапамаглі б твае сквапніцкія грошы? Не трываю залішняга зазіраньня ў будучыню, бо тая заўжды няпэўная, у адрозьненьне ад заўсёды пэўнай сапраўднасьці. Таму болей так працягвацца ня можа! Заўтра ж выдасі мне сотню, каб я правёў гэтыя вакацыі па-людзку, а не як сабака!

Баранава (плачучы): Я ведала, што так будзе.

Даход: Ня будзе. Ведаеце што, спадарыня? Дайце сваю кніжку майму бацьку, які з задавальненьнем паслужыць свайму бліжняму ў такой справе, а да яе пісьмовае хадайніцтва, каб пры ніякіх абставінах ён не выдаваў на вашае ймя ня болей за—скажам, трыста-чатырыста залатых у год—

Баранава: Пяцьсот залатых, я падлічыла, пяцьсот ён можа атрымліваць.

Даход: Няхай так, а калі вашаму пляменьніку захочацца болей, дык яму прыйдзецца зьвяртацца па грошы ўжо не да вас, а да фабрыканта Дахода—а наконт гэтага ён яшчэ двойчы падумае.

Апалонік (разьюшаны да непрытомнасьці): Эміль, ты—мой сябра—і мне такое?

Даход: Менавіта таму, што я твой сябра!

Апалонік (баючыся чапаць Дахода, кідаецца замест яго на цётку): Калі ты яго паслухаесься, піла старая, клянуся, што я цябе заб’ю, і сябе потым таксама. Лепей сьмерць, чым такое гібеньне, як дагэтуль! Ты мяне чуеш, курва старая?

Крыкацыюс (увальвае яму ззаду дзьве поўхі, так што студэнт падае на калена. Зь цётчынай дапамогай устае й кідаецца на карчмара, жахліва хістаючыся. Крыкацыюс хапае яго за рукі і ўсаджвае на крэсла так груба, што крэсла хрумсьціць ад удару.) Сядзі мне ціха, паскуднік, альбо я цябе адсюль выкіну! А як хочаш, можаш падаць на мяне ў суд! Калі на сьвеце яшчэ існуе нейкая справядлівасьць і нейкае пачуцьцё, дык мяне шаноўны суд за пару поўхаў не асудзіць.

Баранава: Ня трэба было так, пане карчмар! Славічак не такі ўжо й дрэнны, як выстаўляецца, за які год у яго гэта пройдзе. А я на яго за гэта не крыўдую. Мне часам гэтыя ягоныя абразы і ўдары нават трошку прыемныя... У мяне ж апрача яго ў сьвеце нікога няма й ніколі не было. Ну дык, Славічак, я пайду, баўся сабе добра й пагуляй сёньня як сьлед. Мая вам пашана, спадарства!

Усе (апрача Апалоніка, які сядзіць нерухома, схаваўшы твар у далонях): Мая вам пашана!

(Як толькі Баранава сыходзіць, замест яе на парозе зьяўляецца Дзяўчына, якую запрасіў Палай: малая, тлустая, цела як цяльпук, зь якога не выдаецца ані сьпіна, ані задніца, ані грудзі. Брудныя вопратка, рукі й твар. Твар, парадаксальным чынам, такі брыдкі й грубы, што калі б ён быў пакрыты валасамі, а ягоную носьбітку зачыніць у зьвярынцы, яе ільга было б прыняць за шымпанзэ.)

Дзяўчо: Нічога сабе, доўгія паўгадзіны! Дык калі ты ня клічаш, я сама да цябе йду, прыгажун!

(Усе, і ў тым ліку Палай, нямеюць ад ейнай пачварнасьці, а Даход, насунуўшы капялюш на галаву, застаецца стаяць.)

Прафэсарчык: Ну, Уладзя, скажу табе, падобны твар я яшчэ ў жыцьці ня бачыў!

Апалонік: Наракаю цябе: Дон Жуан Усяедны.

Палай (чырвоны тварам, ледзьве здольны размаўляць, заікаецца): Я яе бачыў—у паўзмроку—калі б я—і такое. Спадарычна, хачу прадставіць вам сваіх сяброў.

Дзяўчо (падыходзіць, кланяецца Даходу й падае яму руку. Той яе ігнаруе; не пакрыўдзіўшыся, яна кланяецца Апалоніку. Той нейкі час на яе пазірае, пачынае гігікаць. Між імі адбываецца наступны дыялог.)

Апалонік: Хе-хе-хе-хе!

Дзяўчо: Хі-хі-хі-хі!

Апалонік: Хе-хе-хе-хе!

Дзяўчо: Хі-хі-хі-хі! (Але гэтым разам ейны сьмех не спыняецца, але ўзмацняецца, пакуль не ператвараецца ў сапраўды гістэрычны рогат. Урэшце, дзяўчо падае на зямлю і з крыкам, папіхаючыся й задыхаючыся, вывіваецца на падлозе.)

Даход: Карчмар, паліце яе вадой, гэта небясьпечна.

Крыкацыюс: Яшчэ мачыць тут, і так яна мне тут (паказваючы на падлогу) зрабіла лужыну. (Адшпільвае рэмень і двойчы выцінае дзяўчо па голых нагах. Дзяўчына крычыць далей, але сьмешкі яе адпусьцілі.)

Прафэсарчык: Яна цябе, Слаўка, сёньня ўжо не адпусьціць, яна б з табою йшла і ў гатэль Мэтраполь.

Даход: Праўды што. Сябры, хутчэй, хутчэй хадзем прэч, бо я адчуваю, што павінна стацца катастрофа. Абслуга, вось чырвонец за ўвесь рахунак, рэшту аддасьцё мне заўтра, і будзьце ласкавы, зачыніце гэтую жанчыну куд-небудзь на якія тры-чатыры хвіліны, каб яна згубіла наш сьлед.

Крыкацыюс: Да вашых паслугаў, зачыню гэтую гаўнюху ў прыбіральні. (Ня ўзяўшы яшчэ чырвонца, бярэ лежачую дзяўчыну пад пахі, уздымае яе й выносіць прэч; тая матляе ў паветры нагамі, як быццам крочыць па зямлі.)

Даход (ліхаманкава): А цяпер хадзем адсюль зараз жа, не губляйма ані секунды! Зямля ў мяне літаральна гарыць пад нагамі. Заплаціце вы, я пайду наперад, буду чакаць вас каля спартовай залі. (Кідаецца ў піўнуху; але ў наступны момант адступае, задам наперад, ягоныя калені трымцяць. На парозе зьўляюцца два дужыя лёкаі.)

Першы лёкай: Малады паніч хай пакіне ўсё там, дзе яно ляжыць, і пойдзе з намі!

Другі лёкай: Зараз жа! (Хапае Дахода за руку.)

Даход (спрабуе вырвацца; ледзьве зразумелым голасам): Назад! Сам пайду!

Першы лёкай (хапаючы яго за другую руку): Каб вы нам па дарозе не ўцяклі! (Падштурхвае яго наперад.)

Даход: Не цягайце мяне, рабы, басота!

Другі лёкай: Але ж удома малады паніч лаяцца больш ня будзе! (Цягнуць яго да дзьвярэй.)

Даход: Хлопцы, але ж я яшчэ не заплаціў!

Першы лёкай: Карчмар ведае, куды зьвярнуцца.

Жаночы крык па-за сцэнай: Выпусьціце мяне, а то я вам усе сьцены гамном размалюю!

Даход (ужо зь піўнухі): Якая бясконцая ганьба! Каб мяне вялі празь места, як якога алкаша, як спайманага злодзея!—(Зарумзае, але раптам зноў разьюшваецца.) О, як мне карціць зрабіць зараз штосьці, аб чым яшчэ доўгія генерацыі нашчадкаў маглі б апавядаць з боязьзю!.. Аднак я ня маю права марнаваць на гэта сваю энэргію й ставіць пад пагрозу сваё жыцьцё!.. (Бразгат дзьвярэй, голас змаўкае.)

Апалонік: Ну і што яму дапамаглі ягоны тупы сьпех і нешматслоўнасьць? Усё адно яго цяпер цягнуць, хе-хе!

Прафэсарчык: І ня сорамна табе, п’янюга, сьмяяцца! Небарака Эміль! Як мне яго шкада! Пры ягоным гонары—і такое!

Палай: Вы чулі? Ён плакаў! Ну ясна, я б гэтага не перажыў! А што яго яшчэ ўдома чакае!

Апалонік: Але сьвяткаваньне атрымалася цудоўнае, гэта трэба прызнаць, хе-хе-хе!

Палай: Насамрэч! Фэнамэнальнае! Спачатку той ідыёцкі сьпех, тая вымушаная, камічная лаканічнасьць, потым хамства гэтага нягодніка Неадсюля, ды яшчэ й гэтыя скандалы: ты, Слава, атрымаў дзьве поўхі, а Эміля адвялі лёкаі.

Прафэсарчык: Не забывайся пра сябе: з той дзяўчынай ты сябе пажыцьцёва зганьбіў. Ты быў гатовы скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Толькі мне нічога ня сталася.

Палай: Што ня сталася, яшчэ можа стацца. Што там тое дзяўчо робіць? Уначы ўсе коткі чорныя. Пане карчмар, што там з той дзяўчынай?

Голас Крыкацыюса (зь піўной, вельмі няветлы): Я яе ўжо адпусьціў. Яна была ў такім стане, што насамрэч была здольная ператварыць мне прыбіральню ў срач.

Прафэсарчык: О, дык цяпер нас ад яе не ўратуе ані меч архангела.

Палай: Хіба толькі пяць шастакоў. Але сёньня мы яшчэ некуды пойдзем ці не? Пасьля ўсяго гэтага ў мяне прапаў усялякі імпэт.

Прафэсарчык: У мяне таксама. Дый я спаць хачу. Хадзем дамоў.

Апалонік (у паўсьне): Якое дамоў? У мяне толькі цяпер зьявілася сапраўдная смага—

Палай: Цыц, ты й так ужо да чалавека не падобны!

Прафэсарчык: Пыса разбухла, як дзяжа. Усё, усё, хадзем зараз жа дамоў!

Апалонік: Яшчэ прынамсі—гэй, карчмар, яшчэ дзьвесьце пяцьдзесят рому!

Голас Крыкацыюса: Хутчэй нашая котка яйка зьнясе, парася ты! (Апалонік устае, але хістаецца так, што мог бы ўпасьці, калі б яго не падтрымалі.)

Прафэсарчык: Але ж мы так нават дамоў не патрапім—мы ж яго не ўтрымаем. Ён далёка жыве. Во дзе будзе скандал!

Палай: Праўда што. Але ведаеш што? Хай пераначуе на двары! Ноч цёплая, навальніцы, здаецца, ня будзе, а школьны карцэр яму ўжо не пагражае. Мы на краі места, чакай, ужо ведаю! Якіх сто крокаў адсюль сярод гушчара ёсьць палянка. Між намі, месца папросту як створанае для закаханых. Адвядзем яго туды, ён там засьне праз хвіліну.

Прафэсарчык: Выдатна. Ну, давай, бяромся за Славу!

(Абодва возьмуць Апалоніка за рукі за ногі, але той не даецца, балбоча штосьці няўцямнае. Нейкі час яны зь ім валындаюцца.)

Палай: Нічога мы зь ім ня зробім. Гэй, пане карчмар, дапамажыце нам калі ласка вынесьці калегу на двор.

Крыкацыюс (зьяўляецца): Яшчэ вам тут буду сьпіну гнуць, свалата бязбожная, за тое, што вы мне тут учынілі скандал, і што я яшчэ па свае грошы мушу заўтра ісьці! (Нягледзячы на гэта, хапае Апалоніка гэтаксама, як дагэтуль дзяўчо, і выносіць яго прэч з памяшканьня і з піўной. Адразу ж вяртаецца назад.) А цяпер гэць адсюль, каб я мог пасьля вас, сьмярдзюкі, праветрыць!

Прафэсарчык: Пане карчмар, што мы вам зрабілі, што вы з намі так размаўляеце?

Крыкацыюс: Калі вам недаспадобы, як я з вамі размаўляю, дык я прамоўлю іначай, вось гэтым во бізуном, бандзюгі вы!

Палай (сам сабе): Што тут скажаш? Увесь дрыжу ад гневу... Гэты хлопец жартаў не разумее... Аднак—варта вымавіць сваё імя. (Замармыча.) Палай, Палай! І адразу адчуваю сябе мужным! (Карчмару.) Паслухайце, калі вы яшчэ скажаце хоць адно абразьлівае слова, дык болей—у вашай забяга—у вашай карчме нашай нагі ня будзе.

Крыкацыюс: Але ж мне ад вас толькі гэтага і трэба, птамаць! Так што давайце валіце, ніякіх болей размоваў! (Хапае абодвух за каўнеры, штурхае іх прэч.)

Прафэсарчык: Пусьціце, пусьціце кажу вам, вы, грубіян! (Атрымлівае картуха па патыліцы, ягоны капялюш падае на апалогу. Прафэсарчык уздымае яго, хапае Палая й зьнікае разам зь ім у піўнусе.)

Голас Палая й Прафэсарчыка: Мая пашана, спадарства!

Галасы: Нашая пагарда.

(Праходзіць нейкі час, потым з адчыненага вакна чуваць галасы выпускнікоў.)

Крыкацыюс (на парозе): Во дзе сёньня моладзь, во дзе анцілягенцыя. Цьху! Бязбожныя, нявыхаваныя, прыдуркаватыя дармаеды. Я ў іхным узросьце ўжо тату ў карчме заступаў.

Голас з піўной: Гэта так, ты ўжо тады ўмеў ахрысьціць, як місіянэр.

Голас Прафэсарчыка (Аднак спачатку ў адчыненым вакне відаць галовы ўсіх траіх гімназістаў; пасярэдзіне Апалонік, паабапал ягоныя сябры, вядуць яго.): Са Славай усё-ткі неяк атрымаецца! Слаўка, цяпер правая нага наперад!

Голас Палая: Дык і ты атрымаў поўху, Алесю!

Голас Прафэсарчыка: Але слабенькую, даволі слабенькую.

Голас Палая: Так што ўсе мы квіты. Але ці не здаецца табе злавесным, што першы крок да самастойнага жыцьця скончыўся такім скандалам?

Голас Прафэсарчыка: Калі б я верыў у такія забабоны, я б сказаў, што гэта насамрэч дрэнная азнака наконт нашай будучыні. (Абодва ўскрыкваюць.)

Голас Палая: Што гэта было? А—кажан!

Голас Прафэсарчыка: Ён мяне крылом за нос зачапіў!

Голас Палая: Брр. Кажан—таксама благая прыкмета... Штосьці пакутлівае, страшнае лунае вакол мяне—

Голас Прафэсарчыка: Вакол мяне таксама... Лепей аб гэтым ня думаць! Хадзем, хадзем! (Галасы зьціхаюць.)

Малады голас зь піўной: Дурань ты, Васька, і скаціна тупая!

ЗАСЛОНА




© ПеракладМакс Шчур, 2005

HA POCTAHI