З сэрыі фатаздымкаў для "эратычнага календара"

 

Макс Шчур

ШЧАСЬЦЕ (2007-2008)

“Пасьля самага горшага: поўнага расчараваньня, пасьля разьбітага хаатычнага стану, калі дух бязьдзейна ўлягае, хаця папярэдні стан не пераадолены, але і не нарастае, тады як правіла надыходзіць сам сабою стан асалоды, амаль што—шчасьця”.

Кліма, “Сэнтэнцыі”

 

*
Падзьмула дажджамі. Я спаў да абеда.
Скрозь восені прызму ільга зразумець—
зіма недзе тут. Навіна пра сьмерць лета—
бы зьвестка пра даўняга ворага сьмерць.

Год на календарнае шахматнай дошцы
згрувасьціў крытычную масу зярнят.
Хрыбет перасечаны. Памяці донца
далоньню прабіў незьбянтэжны архат.

Туды, там дзе гораду золак фальшывы—
прэч з нуднай, спрадвечнай вясковай цішы.
Аловак для словаў, для ловаў спажывы
калом папяловым на голаў цяшы.

*

Сяргею Прылуцкаму

У “Залатога тыгра” ложы
набыўшы загадзя, бы ў тэатр,
сядзяць уяўныя вяльможы,
нібы за гарду, за паўлітр

схаваныя. Паўсюдны Грабал
глядзіць бармэну проста ў твар,
каб той кліентаў не на...бваў—
гэта нагадвае мне тыр

з рухавай постацьцю бармэна.
І попельніца на стале,
компас, паказвае нязьменна
на дзьверы. Калі хто ўстае—

куфлем прыціснуты імгненна,
нібы студэнцкім прасам прус.
На касе выбіваюць блюз
пальцы празаіка-бармэна.
Падман і досьціп смокчуць гены.
Ну што ж, давай—за Беларусь!

*
Негарачае лета Швэцыі
памятае пра верасень
нават у колерах сьцяга.
Стакгольм затапляе Прагу,
нібы ў 1648-ым—
спачатку ветрам і сонцам,
потым—дажджом і градам,
што ў рэшткі дэсэртаў падае,
нібы займеньнік цукру.
Зноў—адчуваньне цуду,
раман з антыкварыятамі.
Тэма без варыяцыі.

*
Восень яшчэ не пачалася—
пустуюць танныя кавярні
без шматгалосага шкалярства,
ды сцэна ўжо падрыхтавана,

і галасы на ёй спрабуюць
галоўных роляў выканаўцы,
што хутка ў цэнтры ўвагі будуць
на тле знаёмых дэкарацый.

Уласьнікі ўлюбёных склепаў
сьціраюць надпісы ў клязэтах,
каб новыя ўзьнікалі лепей
на працягу сэзону. Гэтак

скразьняк цікаўны ўсуне шнобель
у дзьверы й пыл з пакою выдзьме,
а час знаёмых склад абновіць,
бы клетак склад у арганізме.

Неспач

Сабака брэша аднастайна—
бубнар вясковага гурта
пасаж развучвае старанна,
бы скарамоўку. Лёс харта—

жаданьне вырвацца ў пампасы
і страх згубіць гаспадара—
табе нагадвае пра ўласны.
Хаця ўцячы даўно пара.

Разносіць дзесь непадалёку
чыгунка гукі, як рака,
бас пакрывае самалётны
тэнар начнога цягніка,

і аб язык красуня гострыць
поўні лімонны ледзянец.
Хто ж ведаў, што настолькі просты
табе прызначаны канец.

*
Дождж робіць прыгожымі ўсе гарады,
як сьлёзы—любую жанчыну.
Прывабныя твары растуць, як грузды,
і мокрыя дошкі кранаюць глузды,
сабой нагадаўшы айчыну.

Жаніх і нявеста—нібыта слуга
пад руку вядзе каралеву.
Уцёкшы ад сьвята, гасьцей, пірага,
ім добра ўдваіх, і сукенкі смуга—
як бельма на воку залевы.

У проставугольным басэйне двара
аблокі ня ставяць рэкордаў,
але жалюзі ветразямі пара
ўздымаць і, што сілы ёсьць у весьляра,
цягнуць на сябе мора-коўдру.

Шчасьце

Сачыць за гадзіньнікам, як за лікам
гандбольнага матчу, чакаць пярэрвы,
абтрасаць цыгарэту-ружу з разьлікам
трапіць у попельніцу на галаве каралевы,

вывучаць фізіягномію ўлюбёнага бару
па партрэце ў кампутары афіцыянткі,
у клязэце з ракавіны нюхнуць перагару,
расшыфроўваць пранонсы—ангельцы ці янкі,

выглядаць, падпершы шчаку, задуменна,
бы тэлефануеш Фрыдрыху Ніцшэ,
і выклікаць у прысутных зьдзіўленьне,
як можна пісаць у так гожай кніжцы.

*
Мае сябры зьяўляюцца тады,
калі мне горш за ўсё, калі дарэчна—
ня раз на год, ня раз за два гады—
раз за стагодзьдзе, за жыцьцё, за вечнасьць.

Выходзяць, быццам рыцары з гары,
з-пад памяці раўнівае аховы,
каб гінуць у сучаснасьці-віры
за здраджаныя мною заваёвы.

І ў іхнай сьлепаты на паваду
на загадзя прайграны бой крывавы
я іх Ілжэдзімітрыем вяду
й шчытом Пэрсэя целы прыкрываю.

Вечар

Траву абкарналі. Паветра кавун
нясе, быццам шлем донкіхоцкі—Сатурн,

і месяц размазаны плесьневым сырам
па крэкеры круглым на сподачку сінім.

Бяруць камары на аналізы кроў.
Сабакі выгульваюць гаспадароў.

Тры маткі з каляскамі, быццам тры танкі,
гундосяць пагрозьліва, як пу(ры)танкі,

і дрэвы п’яныя абмахваюць хутар,
нібыта пастаці ў гульнюшцы кампутарнай.

Ахвярным нажом перарэжа рука,
узяўшы пад горла, пакет малака.

*
Пустэча ў думках... Поўная свабода!
Дзякуй віну і радыё “Свабода”.

Хай доўжыцца бяседа падчас мору,
хай хоць бы раз саліст саступіць хору,

хай попел ападае, нібы скура
з заражанага лепрай трубадура,

хай цыгарэта ўсмоктвае агонь,
нібы пясок—разьліты Рубікон,

хай К’еркегор ідзе на працу ў парк,
гармонікам разгорнецца футарк,

хай вусны лятуць крыламі ўгару,
хай я ў каханьня полымі ўгару,

хай нудны сьвет змывае моцны кадр,
хай сэкс ператвараецца ў тэатр,

хай попел клеіць цыгарэту й дым,
прышласьць зь мінулым робячы адным,

хай аб’ядае хцівая зара
лямпу-галоў на сподзе ліхтара.

*
Уначы я сьніў сон:
быццам апынуўся
на ўскрайку Берасьця,
у жылым раёне, дзе правёў
найлепшых восем гадоў жыцьця,
у дзіцячым садку, куды прыйшоў забіраць
брата зь сястрой.
Быў вечар, але сонца было яшчэ высока
і наскрозь прасьвятляла дом майго найлепшага сябра.
Я падумаў: як дзіўна, што нічога не зьмянілася,
хіба толькі бацькі пераехалі ў іншы раён,
а сябры—у іншыя гарады.
Цяпер гэты відарыс належыць выключна мне,
хаця ніхто ўжо мяне тут ня памятае.
Гэтае адчуваньне настолькі мне спадабалася,
што яшчэ ўва сьне я пачаў складаць аб ім верш,
які атрымаўся нашмат лепшым за гэты.

Ухвала маладосьці

Восеньскі Менск, смак цыгарэтаў “Бонд”,
вежы слановай косьці дзіравы гонт,
кроў з атрутным блакітам, “Чырвоны жонд”.

Круціць галоўкай месяц-дэзадарант,
вільгацьцю пляміць рэчы, сьпявае Плант,
тэнар прапіты зрываецца на дыскант.

Стан любімы—upset, смак, колер—абсэнт,
кожны другі знаёмы—агент ці мент,
у целіку замест коміка—прэзыдэнт.

Хочацца рушыць на Эўрапейскі марш
дзеля надвор’я і маладых мілітантш,
на пачуцьцёвы рэванш атрымаць карт-блянш...

Толькі няма ахвоты ўздымаць свой Arsch*.

Кажуць, калі ня выйшаў—тады ты раб
таннага алкаголю, рэжыму й баб,
ды дзе ўзяць сілаў, каб не зьвярнуць у паб.

Мокрай варанай грэчкі паўсюдны пах,
пошлы матыўчык песьні пра чарапах
у выкананьні спэцназу па чарапах.

Вельмі ня хочацца гэтак сканчаць свой верш
самааданых ня ўспомніўшы баядэрш
ані цягі да рэчаў з пазнакай “нерж”.

Толькі што ў памяці—бітае шкло й мурло,
сунавучэнкі разгвэзданае чало,
цэльнага больш нічога—як не было.

Час кожны досьвед пераўтварае ў фарс,
з тылу робіць фасад, і з анфасу—фас:
зьмена ракурсаў, плынь месяцовых фаз.

Стрэлка гадзіньніка шэпча зязюлі: “Фас!”

* срака (ням.)

*
С.М.

Працоўны калектыў—сям’я,
ячэйка іншае дзяржавы
ў дзяржаве. Тут мараль свая,
свой рытм жыцьця, свае забавы.

Тут свой фальклёр, свой каляндар,
свой дыялект, свае сакрэты,
комплексаў, крыўд рэпэртуар,
генеалогія вэндэты.

Тут трэба падцягнуць псалом
падчас штодзённага маленьня,
жаваць бязгучна за сталом,
локці прыціснуўшы й калені.

Тады магчыма атрымаць
грошы кішэнныя на месяц
і ў спадчыну патрабаваць
скарб у любым з тузіну крэсел,

альбо, намацаўшы нагой
нагу сваячніцы насупраць,
на мігі ўцёкаў плян прыдумваць
у дзецьмі кінуты пакой.

*
Жанчына з залатымі валасамі
глядзіць з тугой на восень і ня бачыць
тугі, зь якою я гляджу на хараство
восені па гэты бок вакна

(ў вагоне цягніка з правінцыі Кюсю)

*
Рукой даткнуцца да сьпіны—
як кайданкі, саскочыць станік.
Пазьбегчы сьмешнае хлусьні,
мусовае між закаханых.

Ня цела вартае граху—
дух даражэйшы за скарбонку.
Адсутнасьць ланцугоў крыху
мацнейшая за іх падробку.

*
К.К.

Кампутар ветліва пытаецца пра час,
дае гадзіну роздуму наперад,
бы выгадны крэдыт. Хто стане адпрачаць?
Адно мабільнік застаецца стараверам.

Хацелася б, каб і даданы год
была магчымасьць зьнішчыць цягам сутак,
узяць назад, нібыта дрэнны ход,
вярнуць камусь, бы сходжаны абутак.

Прыемна нарадзіцца ў час, калі
гарбуз у падарунак не абразіць.
Калі жыцьцё ёсьць пеклам, Гэлаўін
ёсьць сьвятам усіх сьвят у кожным разе.

Ты распраўляеш прасьціну—нібы
лапкі сабачкі сьлізгаюць па лёдзе—
рыхтуючы прасьцяг для барацьбы,
што ў паддаўкі нязмушана пяройдзе.

*
Месяц трымаецца на двух апошніх гузіках

усе лямпачкі ў рэклямнай гірляндзе выбухнулі

засталіся два штрафныя колы ўкол стрэльбішча

усе птушаняты нарадзіліся мёртвымі

гэтак нашыя думкі сынхранізуюцца,

як у звыклых адна да адной жанчын—месячныя.

Старыя майстры
(паводле Томаса Бэрнгарда)

Сапраўдныя й прыдуманыя твары
створаныя для выведваньня сакрэтаў
выслухваньня даўжэзных маналогаў
сваёю дасканаласьцю прызваны
ствараць у аўтара ілюзію размовы

пакуль сьвятыя на вакно вышэй вядуць
крывавыя сямейныя разборкі
ў абавязковым італьянскім стылі
й спаборніцтвы ў мастацтве буфанады

між дваццаці сьвятых Гіеранімаў
знайсьці нарэшце безыменнага старога
хай зь белай, а ня зь сіняй барадой
зь якім, калі сказаць па праўдзе
шмат слоў і не патрэбна, ён і так
усё бяз слоў цудоўна разумее

мудры як Дзед Мароз ці Ян Шванкмаер
ён выслухае споведзь пілігрыма
грахі яму даруе й абавяжа
замест малітвы дваццаціразова
перапісаць пачатую старонку

Оsterreich

Занесеныя сьнегам каляіны,
як клявішы старога піяніна,
абсыплюцца бязгучна, ледзь крані—
цягнік ім спрытна пералічыць рэбры,
зашпіліць зграбна зіп задоўгай “зебры”
і завязе ў найлепшую з краін.

Там не сьмярдзяць у транспарце вяскоўцы,
там крок скрозь дождж—нібы праз сад бясконцы,
ад бляску зрок ратуе парасон.
Там княжаць справядлівыя тыраны
й не за гарамі Грэцыю й Балканы
адчуеш, калі выйдзеш на балкон.

Вена—разьдзьмуты варыянт Венецыі.
У назваў, твараў—выгляд не нямецкі;
будынкі на адлегласьці самцоў
трымаюцца пачціва, бы на Ўсходзе—
эрзац Канстантынопалю, дый годзе,
дакладны, як прысуд, саманазоў.

Тут, дзесьці тут, у кабарэ багемным
па Празе сумаваў Францішак Гелнэр,
і Фройд Айнштайна клаў на атаман;
Оскар Какошка тут з Эгонам Шыле
пад Афэнбаха дзевак трыбушылі
і вынаходзіў ровар Цымэрман;

тут з музамі амюзаваўся Музіль
і Шонбэрг мроіў музыку ў гамузе,
як генэтычны код, шукаў акорд—
ды Клімтаў клімат высах, а застаўся
поп-класіцызм старэйшага са Штраўсаў,
што тэмп Эўропе задае штогод.

Тут, вывучыўшы зьмест тэлепраграмы,
як склад крыві, у прынцыпе, той самы,
што і ў былых рабоў, братоў-славян,
у вену рэчаіснасьці пацэліш,
сказаўшы, што свабодзе шкодзіць веліч,
бо першая на дне такіх паселішч
прывыкла існаваць як балаган.

Свабода вока, безумоўна—руху,
не азначае шчэ свабоды духу.
Таму так вабіў дух паўночны край.
Адылі не сумуй, мясцовы геній—
мы праз тры дні ўзьяднаемся ў Шэнгене
і трапім у нябесны Оsterreich.

Інвалід

мае ногі трапілі ў рай раней за мяне
як кажуць, нагамі наперад
цяпер яны ходзяць там і выбіраюць мне месца
тым часам як я—у пекле,
і да раю—як да Масквы ракам

Віншаваньні
(санэт)

Борхэс:

Вядома, што ілюзіяй ёсьць час,
зважаць на даты—веры даць аблудзе.
Табе ўжо трыццаць год было ня раз—
у пяць, у дваццаць—і ня раз шчэ будзе.

Ларкін:

Той, хто падохнуць не пасьпеў
у маладосьці,
да самай старасьці цяпер
цягацьме косьці.

Рэйнэк:

Няўжо ня цуд, што часу гэтак шмат
укладзена ў слабыя цела й памяць?
Фантазіі ж палі канца ня маюць,
даўгі, як вечнасьць, духу казэмат.

Уілмат:

Паэта лёгка перажыць, вось толькі вершы
ягоныя наўрад перажывеш ты.

*
Новы год сустрэнеш сам-насам з аркушам,
пра сябе нікому не нагадаўшы,
патэтычны і сьмешны, як містэр Бін—
папярэднія ты сустракаў іначай,
але гэта, на шчасьце, зусім ня значыць,
што ён іх не паўторыць адзін у адзін.

Вёска радуецца: тое, што не пасьпелі
выпіць, зьесьці, выкрычаць—выпілі, зьелі
й выкрычалі на працягу начы.
Файна было б сустракаць з шампанскім,
гол, як сакол, у чугаі панскім,
з выклікам фінікі жуючы.

Пагаліся, быццам перад расстрэлам,
захілі стрэлы пляшак уласным целам—
хтосьці вырашыў выбіць пыл з дываноў—
і ляг спаць, каб празь пяць хвілін пасьля грукату
зразумець, што з чыстым сумленьнем прафукаў ты
шанец быць такім як астатнія—зноў.

*
Сон—не машына часу, а цягнік
скрозь ноч: пакінь яго, прайдзіся пешкі,
каб крок у сэнс адлегласьці пранік,
зьяднаўшы між прыпынкамі прамежкі.

Бы па крывых прыступках, угару
ісьці цяжэй, а ўніз—як трус у ботах:
у дзённых сутарэньнях праз нару
раней за сонца апынесься ўпотай.

А потым, калі ўтульную труну
скрозь дзень пацягнуць прывіднымі коньмі,
жывыя трупы ўскрыкнуць: “Ён заснуў!”,
а ты, як бог, ускрэсьнеш на сутоньні.

*
Бог памірае ў час, калі
за трыццаць не яму, а вам.
Дзяцей яшчэ не завялі?
Ну што ж, хутчэй шэршэ ля фам—

час надыйшоў замовіць хрост
і збацаць зыркі новы сьвет,
нашчадку перадаць свой пост
і мкнуць да фінішу наўпрост
міма прыдуманых кабет,

падмацаваўшы свой намер
прызнаньнямі герэтыка,
што кожны ў духу—прававер,
калі пачуе грук замка
й шум інквізітарскіх папер.

*
Перш чым з усімі адзначыць жыцьцёвы мэдыюм,
мы дамаўляем спатканьне, двабой, агледзіны,
выстаўку фактаў, якіх пра сябе ня ведаем,
ладзячы сувязь без дапамогі сеціва.

Дзе—Парыж, Вільня, Прага—ня мае значаньня,
горад на выбар, абы ў кірунку Марсэля.
Літасьці не чакайма. Глядзіцца казачна
бюст суразмоўніцы праз дэкальтэ прыцэла.

Белая й чорная кава насупраць—як шахматы.
Белыя ў наступе, я пазьбягаю сутычкі.
Сэнсу няма задаваць мне пытаньня “Ну як там ты?”—
я адкажу, як заўжды, крыху асімэтрычна.

Лёс мой ня варты выедзенага яйка
месяцу (хоць і гэта, вядома ж, домыслы).
Што ж, ахвяруй мне свой час на рахунак скайпу—
гэткая дабрачыннасьць, хоць і ня донарства.

А пра астатняе, згода, ня будзем парыцца—
шчасьце, бяда, самота—ўсё да пары.
Некуды выпараюцца—мабыць, спарвацца—
пары, ахвяры пары ў кафэ дэ Пары.

*
Як добра быць адзін!
Ляжаць неапазнаны,
круціць хвасты гадзін,
кахаць адзіна здані.

Як добра быць нікім!
Ад сувязяў свабодным,
мяшаць бязьвер’я дым
са згадак выпівонам.

Як добра перад сном
зьнянацку апынуцца
ў любым з пражытых дзён,
пайсьці—і не вярнуцца.

*
Як хочацца, бывае, закахацца,
нібы ў пятнаццаць,
і вуснамі пяшчотна дакранацца
да нечых ног, і абканчаць матрацы,

але працяг вядомы надта добра
й не пакідае месца для ілюзій:
мошчаў сьвятых пракураная вобла
пачуцьцямі ня ўспыхне, не хвалюйся.

*
Надыхайся сваім адлюстраваньнем,
бы п’еш ваду, глынаеш какаін—
ні паху ані смаку. Быў правальным
твой выступ у касьцюме не тваім.

Глыбока ў порах сьпіць нюхнуты порах,
нацыянальнасьць бачна па вачох:
у камэры-абскуры кожны шолах
высочвае наглядчык-павучок.

Зьмена іміджу

занатаваць, пакуль за вокнамі сонца:

не пісаць больш паэзіі, жыць
тым, з чаго кпілі Бонды, Яндль, Парра
й ты сам, які так і ня стаўся імі

твой клясычны пэрыяд скончыўся, Заратустра,
занатуй скрозь краты мокрых яшчэ валос
і кінься ў жыцьцё бы з мокрымі валасамі ў вецер
нібы ў сон пасьля сэксу, працы, ежы, чытва, папойкі
сьпі пакуль за вокнамі сонца
ў адным ложку з усімі жанчынамі сьвету
побач з боскім гульцом Ладыславам Клімам
хай сон твайго розуму родзіць страшыдлаў

ёсьць краіны дзе можна хадзіць без дарогаў

кожны год вясна цябе робіць авангардыстам
на час карнавалу альбо вялікага посту
чымсьці паміж Вэргіліем і Ўідобра
людзі, якіх больш няма, шлюць табе смс-кі
вось што значыць праўдзіва вярнуцца ў дзяцінства!
як неабходна, каб скончылася эпоха!

зноўку з хаты пешкі і без капейкі
на абарону права рабіць памылкі
дабраахвотнікам у невядомае войска
вусны і зубы прагнуць вады, аж ныюць,
іншага смаку - цела альбо таблеткі
сонца імкнецца прымусіць забыць, што зімы не было,
і асьляпляе нязгодных сваёй прапагандай
зубы кусаюць вусны, мружыш павекі—
гэтак баліць сонечная хлусьня проста ў вочы

паліць ці не паліць—вось пытаньне

мачты па-над чыгункай, як судзьдзі матчу
уезд у горад, гульня ў адныя вароты
колькі жанчын, якія мне даспадобы!
лепшы пэрыяд жыцьця: між зімой і летам
месца жыхарства: прыблізна Поўнач Эўропы
у шрубалётаў таксама пара размногі
сьценка на сьценку—натоўпы на пераходах
колькі твараў, якія мяне забылі!
пахі перабудовы ў старых касьцёлах
пахі потных людзей і акардэонаў
пах цытрыны ў адэкалёне бацькі
дзьве паловы лімону—нажы яго электрабрытвы

чорная кава а восьмай гадзіне вечара
ў розных раёнах гораду
безабароннасьць перад надвор’ем водар тульпанаў
самкі—рыбы й прынады адначасова
на лесцы інстынктаў, якую змотвае час

вяртаньне ў пацішэлы офіс
асьцярожна, каб не пабудзіць тэлефоны
усьведамленьне таго, што нават сёньня
ты ні з кім не сустрэўся і не сустрэнесься

наступнага дня шкада пакідаць кватэру
поўную няспраўджаных размоў на чатах зь сябрамі
якім так радасна паведамляць, што ты жывы
вясковы рэпрадуктар крыўляе сябе самога
дыктуючы камэнтар дакумэнтальнага фільму
пра няпростыя жыцьці нецікавых людзей

здаецца што ўсе вакол—з завушніцамі

складаньне белых вершаў—вегетарыянства
якое ратуе прынамсі ад голаду прозы
найбольш пашыраны ў сьвеце спосаб выказваньня
яшчэ больш пашыраных думак, таго нявартых

здаецца, вар’ят гукае заўжды цябе
хаця яму няма чаго паведаміць
і няма патрэбы нешта паведамляць
ягоны розум прынесьлі ў ахвяру паўтораньню дзён
наяўнасьць раскладаў—доказ роспачы чалавецтва
нічога, заўтра зноўку прыйдзе віхура

колішнія наркаманы баяцца цяперашніх
нібыта нізрынутыя багі—сваіх пераможцаў
ніхто зь іх ніколі ня трапіць у пантэон:
татуіроўкі імёнаў каханкаў нацыі ўкол яе пасу

жабракі зазіраюць табе ў кішэню, бы лекар у роцік
каб палегчыць тваёй душы й сваім целам
жанчыны чуюць цябе за сто крокаў
і ўцякаюць, хаваючыся ў прыбіральнях

аўтаматычнае пісьмо: ачыста і пакаяньне
розум ператвораны ў відэакамэру
тэлеграфічна паведамляе аб стане хваробы
але што такое нахненьне? кірунак ветру
абмежаваньне часам касэты—таксама догма

*
У нас канфіскавалі краявід і
пабудавалі мур удоўж чыгункі.
Сярнічкі позіркаў ламаюцца, як дзіды
аб выгіны бэтоннага ўпакунку,

колер вачэй сьціраецца аб дошку
і робіцца штодзённаю бялізнай,
цяруцца дзіркі ў памяці патрошку,
і гостры фокус робіцца прыблізны.

Ці за муром вясна ўжо—невядома,
бо неба шчэ зімою навісае.
Чырвоны захад, бы лямпада ўдома,
бацькам падораная маці, не згасае.

І поўныя выключна закаханых,
вясельныя вагоны крояць мапу.
Чытач, ваконным шклом адлюстраваны,
трапляе празь яго ў канец раману.

Вясновы

Агідная тлустая сука
цалуе свайго кабяля
няўмела, з навязьлівым гукам,
і з носу зьвісае сапля.

І гладзіць рытмічна, як робат,
яго па шырокай сьпіне,
ягоны прастуджаны хобат
да смазанай пасткі ільне.

Ён вуха мясістае ліжа
і ў рот запускае мікроб.
Сказаць, што я іх ненавіджу—
залішне гуманна было б.

Дзевяностыя ўгодкі

Волі Дудко

Ахвяры паасобных перамог
сыйшліся для агульнае паразы.
Ніхто цягам начы заснуць ня змог.
Вакол—варожы горад, маразы,
блішчаць штыхамі вежы, тупат ног,
і невядома, у Менску мы ці ў Празе.

І нас, здаецца, гэтак жа няшмат,
але ўсё роўна—адчуваньне сьвята.
За тэкстам нашых аб’яднаўчых грамат
граматыка стаіць, а не гармата,
і наш давер—адзіны іх гарант
і абярэг ад долі эмігранта.

Празь 9, 90, 100 гадоў
мы, як і сёньня, вернемся дадому,
шматлікіх не пакінуўшы сьлядоў—
магчыма, толькі гэтую дамову,
каб мець на працягу вякоў нагоду
спаткацца ў нечай памяці ізноў.

*
Мае зубы баляць, яны просяць зімы.
Даўжэзныя, як кракадзілы, самы
не палохаюць вока, але і ня цешаць—
нам самім тут пачвараў няма куды вешаць.

Бліны

На кухні ўздыхаюць бліны...
Бахарэвіч

Мяшаньне інгрэдыентаў – амаль як мяшаньне фарбаў
на палітры ці ў кінэскопе, альбо частотаў на пульце –
каторая зь іх пераможа? Вынікі розьняцца жанрам:
шукайце залатую сярэдзіну ў спэктры смаку, жанглюйце,

адразу ўсю стыглую вадкасьць арэны шпурляйце ў паветра,
мяняйце патэльні месцамі, гуляючыся ў ды-джэя
з тэмпэратурай, каб выступіў леапардаў хрыбет запаветны
на твары тынэйджэра-сонца, у люстры сьвятарнай дзеі.

Эгон Бонды піша “Ўцеху з онталёгіі”

Сусьвет узьнік, як з гукаў мовы
ўзьнікаюць словы паступова.
Ён вечны, самадастатковы.

Зь ягоных сувэрэнных роўняў
ніводны не падпарадкоўны,
і тэкст ягоны—богароўны.

Чытаць навучаныя бегла,
адкіньма крытыкаў нягеглых,
як Арыстотэль там ці Гегель.

Гарыць закураная лямпа,
за вокнамі цікуе Кампа
і зьзяе задыяк, бы рампа.

З быцьцём застаўшыся сам-насам,
не заспакойваймася Марксам,
пакіньма боязь сьмерці масам.

Няма нічога па-за сьветам,
і чалавек у ім—паэтам.
Цяпер ён ведае аб гэтым.

*
Аднакласьнікі! Эпідэмія!
Набывайма машыны часу!
Чым старэй, тым болей надзейныя!
Заднім ходам—насустрач шчасьцю!

Не раскоша—сродак прасоўваньня!
До мяшацца зь людзкім натоўпам!
Што яшчэ жыцьцё прапаноўвае,
апрача язды аўтастопам?

Не дамо загінуць пад коламі
адзіночнаму пешадралу!
Дык вяртаймася—скопам, школамі—
ў рай дзіцячых садкоў трывалы!

З класнай фоткі абліччы сьцертыя,
бы значкі на клявіятуры,
ды сама яна—яшчэ дзейная!
Дык нацюкайма што ў натуры!

За час сталасьці—што дасягнута?
Кім мы сталіся паасобку?
Незнаёміцамі падмануты,
зноў сяброўку цягні ў падсобку,

дзе былі абяцаньні лёгкія
і няспраўджаныя прароцтвы.
Хто б цікавіўся экалёгіяй?
Бабы, таты? Дзяўчаты, хлопцы!

А калі ў выпадку аварыі
мы расплюшчымся пад БелАЗам,
дык адкінемся не як парыі,
а як белыя людзі—разам.

*
Залева едзе цягніком,
дождж мочыць пыл на камянях,
і ты стаесься хлапчуком:
камень запах па кавунах.

Стогн самалётаў лепш чуваць,
знакі на крылах матылёў
стала лягчэй апазнаваць:
яны—прысягі эталён.

На пару градусаў уніз—
і ты ізноў грамадзтва соль,
менскі студэнт. Любы капрыз
з чыстым сумленьнем задаволь.

Пакінь кватэру адпачыць
ад гукаў сумнага жыцьця—
пажару целіку ўначы,
пінг-понгу раньняга яйца.

Паедзь у бар, за столік сядзь,
бы ў парку некалі за руль
на аўтадроме, і на блядзь-
бармэншу легкавік скіруй.

 

© Макс Шчур, 2008

HA POCTAHI