Робэрт Фрост (1874-1963)

 

ЗЬБІРАЮЧЫ ЛІСЬЦЕ (выбраныя вершы)

 

Цудоўны час

Я ўзімку меў на шпацыры—
Зусім нікога на двары,
Адно з-пад сьнегу ўдоўж сьцяжыны
За мной падглядвалі хаціны.

І я ўсярэдзіне ўяўляў
Людзей, і скрыпку чуў, маўляў
Цераз фіранкі бачыць мог
Зьбег юных твараў, рук і ног.

Самотны, быў я не адзін.
Як шэраг скончыўся хацін,
Я шкадаваў, назад ішоў—
Ды не знаходзіў больш дамоў.

Блюзьнерствам голасныя крокі
Краналі сьнег і сон глыбокі
Зімовай вёскі: гук адзіны
Дзясятай вечара гадзіны.


Спыніўшыся на ўскрайку леса
ў вечаровы сьнегапад

Чый гэта лес, я чуў шматкроць,
І зараз прытрымаў аброць:
Ня ўчуе гаспадар здалёк,
Што ў лесе запыніўся госьць.

Зьдзівіўся, мабыць, мой канёк:
Дзе побач хатка? Толькі змрок,
Зімовы лес, замерзлы плёс,
Найгоршы час за цэлы рок.

Званком на шыі ён затрос:
Скажы, мо не ў парадку штось?
Апроч яго на ўвесь прасьцяг—
Ветрык ды клопцяў ціхі знос.

Чароўна быць тут у гасьцях,
Ды спраў чакае неабсяг,
І перад сном далёкі шлях,
І перад сном далёкі шлях.

Уваходзь

Каля лесу пачуў я:
Цвырк—драздок-пявунок!
Быў паўзмрок па-за лесам,
Усярэдзіне—змрок.

Надта позна, каб спрытам
Крыльля мог зладаваць
Птах гняздо: быў ён здольны
Ў цемры толькі сьпяваць.

Рэшты дня залатога,
Што на захадзе зьлёг,
На адзін сьпеў хапіла
Ў песьняровых грудзёх.

Сьпеў ляцеў між слупамі
Цемры некуды ў даль,
Быццам спроба завабіць
У цямрэчу і жаль.

Але ж я не паслухаў—
Я сузор’яў чакаў
На падворку: на шчасьце,
Не мяне ён гукаў.

Я з ноччу знаўся...

Я з ноччу знаўся больш чым дастаткова:
За места на шпацыр у дождж і ў слоту
Завулкамі я крочыў шматразова,

Дарэшты зьмерваў іхную маркоту,
І міма вартавога йшоў паціху,
Бо сустракацца зь ім ня меў ахвоту,

Прыслухваўся, зьбянтэжыўшыся крыху,
Калі праз дахі скочыў нечы крык
З суседняй вуліцы й даткнуўся майго слыху,

(нібыта клічучы дамоў), і зьнік,
А па-над ім—яскравы, срэбны, новы
Гадзіньнік у вышынях незямных

Час пацьвярджаў і абвяргаў адначасова.
Я з ноччу знаўся больш чым дастаткова.

Сям’я ружаў

Ружа ёсьць ружа
Й заўжды была ружа.
Сёньня ж кажуць мне, дружа,
Што і яблык ёсьць ружа,
І што сьліва ды йгруша
Ёй падобныя дужа.
Можа, нават калюжа
Заўтра будзе ўжо ружа,
Але ж, сьпёка ці сьцюжа,
Толькі ты—мая ружа.

Жменька бруднага сьнегу

Жменька бруднага сьнегу,
Што ў куце засталася
Ад завеі, газэтай
Мне старой падалася.

Дождж яе ўсю сьпярэсьціў,
Быццам шрыфт друкаваны—
Дня забытага аркуш
Непрачытаны.

Сьняговы пыл

Мне на рукаў
Сьняговы пыл
Сьпіхнуў крумкач
На той капыл,

Што я ў душы
Памаладзеў,
І так дажыў
Шчасьліва дзень.

 

Выкрыцьцё

Мы ладзім схованку ў ціхім месцы
За словамі кплівымі і сьмяшкамі,
Але ж хвалююцца нашы сэрцы,
Пакуль нас хтосьці не адшукае.

Шкада, што часта ў такім выпадку
Адзінае выйсьце—позна ці рана
Самім сябрам падказаць адгадку,
Усё сказаўшы ім літаральна.

І так з усімі, ад гульняў, тайнаў
Дзіцячых сьмешных—да пана Бога:
Той, хто схаваўся занадта дбайна,
Хай сам прамовіць нам у падмогу.

У пасадках

Адное й тое ж лісьце, зноў і зноў!
Тое, што цень давала нам спачатку,
Стаецца бурым покрывам лясоў,
Абцягвае дол скурай, як пальчатка.

Раней, чым зь лісьця зноўку будзе цень,
Што дрэвы зноў напоўніць прахалодай,
Уніз яно, паўз тое, што расьце,
У цемру небыцьця імкне штогоду.

Па ім павінны кветкі танцаваць,
Іх целы на сьцябліны нанізаўшы.
Хоць іхны сьвет і наш не параўнаць,
Я ведаю, што так яно і ў нашым.

Мая лістападаўская госьця

Мая Туга, наведаўшы мой дом,
Лічыць, што гэтых дзён ланцуг даждлівы
Ні з чым не параўнальны хараством,
Ёй даспадобы голы буралом
І пройдзеныя мокрых пашаў нівы.

Ад ейнага натхненьня не ўцячэш:
Я вымушаны слухаць, хоць стаміўся,
Як яна радая, што птушак стала менш,
Што просты шэры тон яе адзеж
Зрабіўся срэбны ў хомары навіслым.

Самотных дрэваў сумныя слупы,
Зямля паніклая, цяжкія далячыні—
Ўсё правакуе ейнай зрэнкі спын.
Яна сьцьвярджае: “Ты да іх сьляпы”,
І труціць душу роспытам прычыны.

Няхай і я даўно спазнаў любоў
Дзён лістападаўскіх, аголеных дашчэнту
Перад прыходам сьнегу й маразоў,
Але нашто казаць ёй гэта зноў—
Хай лістапад ёй кажа камплімэнты.


Углыб сябе

Я мару, каб стары магутны лес,
Чыю цямрэчу брыз кранае ледзь,
Ня быў адно звычайнай маскай змроку,
А вёў на лёсу край, углыб, далёка.

Тады б я не стрымаўся й калі-небудзь
Уцёк спазнаць ягоную нязьмернасьць,
Не баючыся больш ня выйсьці ў поле,
На шлях, які перасыпаюць колы.

Пайсьці назад? Ня ведаю, навошта,
Чаму б мяне шукалі любым коштам
Тыя, каму мяне б тут не ставала,
Няпэўныя, ці я люблю іх стала?

Яны б знайшлі таго ж мяне, што кожны ведаў—
Адно больш пэўнага ва ўсім, у што я верыў.

На пашы

Я выйду паглядзець, як там ручай,
Прыбраць зь яго згрувашчанае лісьце
Й зірнуць, як сонца воды яго чысьціць:
Гэта нядоўга.—Дык не адставай.

Я выйду толькі патрымаць цяля
Каля матулі, што яго аблізвае—
Яно ж пакуль яшчэ слабое, хісткае...
Гэта нядоўга.—Дык не адставай.

Неабраная дарога

У лесе разыйшліся дзьве дарогі,
Я ж вандраваў адзін, і шкадаваў,
Што абяру адну ў ваганьні доўгім
Пасьля вачэй дарэмнае намогі,
Калі я шлях адной зь іх выглядаў.

І іншая была настолькі ж простай,
Хоць можа й больш прывабнаю для ног—
Патрэба ў кроку там была больш вострай,
Хаця, што да ўзбуялага паросту,
Абедзьве былі сёстрамі, дальбог.

Абедзьве выглядалі так гасьцінна
Ў лістоце, што не патрывожыў крок.
О, я б на іншы дзень адну пакінуў,
Ды ідучы сьцяжыну за сьцяжынай,
Наўрад ці б я прыйшоў назад здалёк.

Я мушу вам прызнацца без імпэту
І шкадаваць аб гэтым на вякі—
Я рушыў меней ходжанай дагэтуль
Між дзьвюх лясных дарогаў, напрасткі—
Адрозьненьне было адзіна ў гэтым.

Кастрычнік

О, ціш кастрычніцкага ранку,
Твая лістота ўжо сасьпела.
Бура яе, неўтаймаванка,
Сажне суцэльна.
Над лесам груганьнё ўзьляцела,
Каб заўтра зьнікнуць па сыгнале.
О, ціш кастрычніцкага ранку,
Няхай жа дзень цячэ памалу,
Даўжэйшым здасца бег гадзін,
Сэрцам зрабі неспадзяванку,
Мы супраць не былі б ні мала—
Зраньня пусьці лісток на волю,
А ўдзень пусьці яшчэ адзін,
Але ня з нашае таполі.
Сонца стрымай імглой пяшчотнай,
Дол зачаруй яго кляйнотам,
Павольней!
Прынамсі, дзеля вінных грознаў,
Што ўжо абпалены марозам,
І плён сузор’яў іхных гасьне—
Хоць дзеля іх ня будзь заўчасны.

*
Закрыйце ваканіцы, хай палі
Маўчаць, а дрэвы чыняць супраціў—
Птах анямеў, а запяе калі—
Мой слых зманіў.

Няхутка шчэ балота заблішчыць,
Няхутка птушка засьпявае зноўку:
Закрыйце перад ветрам вокны й слых—
Ён бачны звонку.

Ружовыя барадаткі

Насычаны палетак
На сонцы загарэў,
Пярлінка, не шырэйшы
За рост наўкольных дрэў—
Дых заняло ў паветра,
Закрытага вятрам,
Напоўніў водар кветак
Задухі летняй храм.

Мы кланяліся ў сьпёцы,
Ні ў кога крадучы
З аўтару бога-сонца
Зязюлек тысячы,
Як што ў траве прымятай
Найменшае сьцябло
Бы дзідай каляровай
Акрылена было.

Маліліся мы проста,
Раней чым адышлі,
Каб прамінулі косы
Гэты шматок зямлі,
А каб ужо касілі,
То не ў той час, калі
Сярод травы ў тым месцы
Зязюлькі расьцьвілі.

Да ветру з адлігай

Дай дажджу, поўднезаходні,
Дай нам сьпевы, дай гняздоўі,
Дай памерлым кветкам мары,
Хай з сумётаў валіць пара.
Хай пад бельлю зьзяе чэрань,
І галоўнае—вячэрнім
Часам шыбы мне абмый,
Хай бруіцца лёд, як зьмій,
І пакінь манахаў крыж
Шкла расталага заміж,
Мой прытулак разбуры,
Ссунь карціну на муры,
Кнігі прагартай старонкі,
Долу скінь натхненьня гронкі,
Выгані паэта вонкі.

Зручнае гледзішча

Каб замест дрэў людзей пабачыць зноўку,
На схіле, стрыжаным чародамі авец,
Дзе ніцы дровамі стаецца ядлавец,
Зранку надзейную я ладжу маскіроўку:

Нябачны сам, я бачу на пагорку
Дамы ўдалечыні, а супрацьлеглы схіл
Бялее шэрагам людзкіх магіл—
Жывое й мёртвае аднолькавае воку.

Калі ж апоўдні прытамлюся трошку—
Адзіна павярнуся на руцэ,
І водбліск сонца разальецца па шчацэ,
Дыханьне брызам скалане валошку,

Зямлі ўдыхну й прымятай канюшыны,
У кратэр зазірнуўшы мурашыны.

Зоркі

Якая безьліч раптам іх
Зьбіраецца ў вышынях,
Калі вятры ўздымаюць сьнег
Слупамі да вяршыняў!

Здаецца, ім шкада людзкіх
Сьцяжынаў пакручастых
Па сьнезе, дзе ў канцы—спачын,
Нябачны на пачатку.

І ўсё ж нянавісьць ці любоў
Няведамыя зоркам—
Сьцюдзёны мармур зь іх глядзіць
Мінэрвы мёртвым зрокам.

Піянэры тэлеграфу

Вось рушаць піянэры тэлеграфу,
Заместа дрэў засаджваючы дровы,
І пакідаюць ззаду буралом,
Зьядноўваюць слупы жывым радном,
Майструюць пад адкрытым небам арфу,
Каб моўленыя й выбітыя словы
Цяклі па струнах ціха, быццам думкі,
Але ж рабочых крык чуваць здаля,
Лунаюць лесам іхнай працы гукі—
Напнуўся дрот, зацягнута пятля.
Гэтак пад сьмех у абыход глушы
Лініі сувязі рысуюцца з нуля,
Каб клятвай гарады ў адно злучыць.

Просінь

Навошта гэтак просінь багавіць
У мімалётнай птушцы альбо кветцы,
У камні, матылі, цікаўнай зрэнцы,
Што глыб нябёс надумалі адбіць?

Пакуль зямля ня неба, хай мудрэц
Там філіял зямлі стварыць імкнецца,
Бязь сініх далячыняў наша сэрца,
Чым сінь глыбей, тым будзе больш хварэць.

Зьбіраючы лісьце

Лісьце лыжкаю што
Набіраць, што рыдлёўкай—
Будзе поўнай кайстра
Й як балёнікі, лёгкай.

Я ўвесь дзень уздымаў
Шоргат гэтым заняткам,
Бы ўцякалі скрозь лес
Трус альбо алянятка.

Ды гурба, як гара,
Пазьбягала абдымкаў,
Вэрхал твар засыпаў,
Калі з рук маіх вымкнуў.

Насыпаць, высыпаць
Мог я доўга старацца,
Каб схаваць лісьце ў хлеў—
А дзе вынікі працы?

Аніякай вагі
Ў тых мяхоў, і ў дадатак
Колер зьліўся зь зямным—
Бескарысны занятак.

Але ж хай нават так,
Трэба жаць—дык зжынаю,
І хто б мог адказаць,
Дзе канец ураджаю?

Што з золата—ня вечна

Золата, колер першы
Прыроды—найслабейшы.
Пупышкай ліст красуе
Гадзіну мо якую.
Квет саступае лісьцю.
Так зьнік Эдэм калісьці.
Ноч паглынае вечар.
Што з золата—ня вечна.

Сьветлякі ў садзе

У небе зоркі пачалі зьяўляцца,
Пад імі ўнізе сьветлякі раяцца.
Ім з зоркамі ў памеры не зраўняцца,
Няма ў іх сэрцах зорнай неспатолі,
Ды ў іх бывае зорны старт даволі.
На жаль, яны заўжды выходзяць з ролі.

Вясеньнія лужыны

Лужыны ў гушчы лесу па-майстэрску
Ўсё неба засяродзілі ў люстэрку.
Трымціць, як кветкі, іхная паверхня,
Кароткі, як і ў кветак, іхны час,
Бо не ручай ці рэчка, а карэньне
Іх зьнішчыць, каб лістоту запачаць.
Інстынкт у дрэвах ім дапамагае
Сьвет зацямняць, ставацца летнім гаем.
Ды хай падумаюць, каб не адразу гэтак
Выжлукціць, высмактаць і высушыць ушчэнт
Квецень вады і вадзяністасьць кветак
Са сьнегу, учарашняга яшчэ.

Пажар і лёд

Хто лічыць, што сусьвет глыне пажар,
Хто—лёд халоднай ночы.
Я дастаткова ведаю пра жарсьць,
Каб зь першымі аднолькава сьцьвярджаць.
Але, калі б прыйшлося згінуць двойчы,
Я б пагадзіўся, зьведаўшы нянавісьць,
Што лёд ня меней жорсткі і забойчы,
Каб нас адправіць
У прадоньне ночы.

Сустрэцца й разьмінуцца

Я ўніз удоўж мура па схіле крочыў,
Разгледзецца спыніўся каля брамы
І адарваў ад краявіду вочы,
Убачыўшы цябе. Тады мы сама

Зьмяшалі ног сьляды, мае адбіткі
З тваімі ў знак таго, што паасобку
Мы не былі—і разам не былі-ткі.
Твой парасон пяску пакінуў кропку,

Ад цэлага бы аддзяліўшы рэштку
Там, дзе падчас размовы ты шукала
Чагось, што выклікала тваю ўсьмешку
(О не, я быў ня супраць ані мала!)

Пасьля я тваім шляхам рушыў пешкі
І бачыў, як маім назад ідзеш ты.

На дрэва, што ўпала й загарадзіла шлях (падслухаўшы нас)

Дрэва, уніз паваленае ветрам,
З засекай сутыкнуўшы нас абліччам,
Хоча не адхіліць наш шлях ад мэты,
А запытацца, кім сябе мы лічым,

Што так трываем на сваім маршруце?
Перапыніўшы нашыя намеры,
Яно змушае нас у завірусе
Гадаць, як абысьціся безь сякеры,

Хоць ведае, што замінаць нам марна,
Нас з шляху зьбіць ня можам мы дазволіць,
Патрэба мэты дзесьці ў нас схавана,
Але ня варта браць зямлю за полюс

І ў стоме ад кружляньня ў адной кропцы
Кудысьці ў бездань космасу таропіцца.

Пражыўшы паўвеку

Я вучыўся ў старых, калі быў маладзёнам,
Ад агню астываў, каб быць формай сьцюдзёнай,
І сябе адчуваў, як мэтал, гартам змучаны—
Я сталеў, юны вучань у школе мінуўшчыны.

Моладзь вучыць мяне ў маім веку старэчым.
Пераплаўка пашкоджаным суджана рэчам.
Я цягнуся, як школьнік, каб мелі час швы ўрасьці
Ў маё цела старое—бяру ўрокі прышласьці.

Пыл у вочы

Калі мне ў вочы часам пусьцяць пыл,
Каб меней мудрагелістым я быў,
Ад выкліку ня стану адмаўляцца,
Але хай агаломшваюць зьнянацку,
Як сьнежны ком сарваўся б з даху дому,
Каб я асьлеп, нямы і нерухомы.

Дзень сініх матылёў

Вясну апанавалі матылі—
Ідзе блакітны сьнег, за клопцем клопаць.
Каб кветкі паспаборнічаць маглі
Зь іх колерам, ім часу ўжо ня хопіць.

Як адцьвітуць вісячыя сады,
Аддаўшы сілы ўсе і жарсьць палёту,
Іх плыня ветру занясе туды,
Дзе колы на скрылёчкі рэжуць слоту.

Месца нараджэньня

Тут, на адным скалістым схіле,
Вышэй, чыб вы калі ўявілі,
Мой бацька прыручыў вясну,
Мур, бы ланцуг той, нацягнуў,
Скарыў зямлю й паклаў пачатак
Тузіна хлопцаў і дзяўчатак
Мінучым жыцьцям непадобным.
Гары не замінаў наш гоман,
Яна ўсьміхалася ўвесь час,
Нібыта разумела нас.
Цяпер чужыя мы на схіле
(дзяўчаты й прозьвішча зьмянілі).
Гара пусьціла нас з каленяў,
Дзе дрэвы зноў зазелянелі.

 

© ПеракладМакс Шчур, 2008

HA POCTAHI