Францішак Дрые

ВОЧЫ САБАКІ ТРОЦКАГА і іншыя вершы (з кнігі “Саламонава рызьзё”, 2002 г.)

 

 

Маладыя людзі

...астатнія дзеці дурэлі й шалелі ў несьціханым вэрхале. Гэтае відовішча было для мяне абсалютна незразумелым. Яны крычалі, гуляліся, лёталі, румзалі, сьмяяліся і са змрочным імпэтам напоўніцу біліся зубамі і пазногцямі ажно да крыві, выстаўляючы напаказ звычайную для іх спадчынную слабадумнасьць, якая дрымае ў кожным здаровым біялагічным экзэмпляры, соль жыцьця, прыстасаваную да сапраўднага жывёльнага разьвіцьця і да “дзеяздольнасьці”—насамрэч дзесьці на супрацьлеглым полюсе ад мяне. Маё разьвіцьцё было наўпрост адваротным.

Сальвадор Далі

...хоць і не вясна, я не магу ня думаць пра маладосьць, пра дрэвы ў квецені, пра ўсё тое, што скандальным чынам шальмуецца старымі...

Андрэ Брэтон

І. Тады і так

Такая ГАРАДЗІНА!
Вуліцы тратуары гатэлі на сушы гатэлі на вадзе
Тратуары вуліцы
куды кінеш вокам
куды не дакінеш—
...МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ

А я тады сабе думаў адкуль яны курва тут бяруцца проці ночы?
Адкуль зьяўляюцца гэтыя хлапцы і дзяўчаты з доўгімі валасамі на галовах?
(А пры гэтым мы на пачатку СЯМІДЗЯСЯТЫХ гадоў!)
(Адзін зь іх, магу асабіста дасьведчыць, праўда, бляваў
у шэсьцьдзесят восьмым на Галоўным вакзале)
Я хадзіў паміж імі начны вецер цёк па маёй сьпіне
Дзесьці палілася каша (але тут гэта недарэчы)

Гэта было далёка як подых з пустэльні КАЛАХАРЫ

Плошча ноч раніца вечар ноч плошча
У плястыкавых конусах лямпачак
зьзяюць шэрыя палацы
і пакрытыя расой чырвоныя фэкаліі

Кароткі рукаў доўгі рукаў новая перапонка
ад шкоды вельмі МЛАДАБАЛЯСЛАЎ
Некаторыя з футболу іншыя на футбол
Некаторыя запаўняюць анкету іншыя гралі на гітары
потым як закрычаць
А ў выніку зыраць
Збольшага ўжо з шоўку падняліся да лярваў
А нявылупленыя?
Селі на бочку ў вантробах і ставяць ваду на віно

Тыя, што прыходзяць з квітнеючых
садоў пустэльні ГОБІ

Зь некалькімі зь іх я меў размову:
-Дзе ляжыць ровень між сабакам і цішай?
-Кудой увайсьці ў прытулак далоні?
-Які смак біфштэксу з наждачнага палатна?
-Чаму мяне ня цешыць усьмешка старога чорнага
апалага (ах залішне) апалага воласу?
-Колькі йголак увойдзе ў жывот аднарога,
які адбіваецца ў ваконнай шыбе,
калі ліхтарнік запальвае свой нясонечны дзень?
-Чаму чацьвёрка ў левым горнім куце так несхавана маўчыць?
-Колькі безданяў пад пахамі ў салёных дзяўчат?
-А колькі ворагаў у танцавальным кроку майстроў?
-Чаму лісьце дрэваў сохне замест таго каб своечасова адляцець у вырай?
Ну й зразумела: жыцьцё эратычнае

Але як з астатнімі? Як з МАЛАДЫМІ ЛЮДЗЬМІ?
Пазьней я даведаўся, што... на КАНЦЭРТЫ!

Газэты пісалі сьвіныя адбіўныя:
-як дурань сустрэў мудрага а глухі і кажа
-як мы мусім мы не павінны мы заснуем
таму што праз будзе конкурс
-каторая ў гэтыя часы гадзіна
-каб спраўдзілася як палепшае і калі б цяжкасьці
-вось каб парушальнікі іначай будзе туга
-што робіць КАРАЛГОТ калі акурат не пяе
-чаму няма калі было каб потым не было позна
-брыгада таксама ўжо вам не барыкада
-а МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ ў прынцыпе здаровая сарцавіна
-той новы прадуктовы на БУТЭЛЕЧНАЕ
з батонамі й бурбалкамі
-тысячы працоўных і адзін таварыш прэзідэнт
-а на віно толькі калі з КОНСКАЙ ПАМЯЦЬЦЮ

Во дзе былі часы сказаў ЗАРАТУСТРА

Са старымі добрымі
мёртвымі нямёртвымі
мне было лепей

Але ўсё адно няясна што з гэтымі МАЛАДЫМІ ЛЮДЗЬМІ некаторыя
спалі ў СПАЛЬНІКУ на лесьвіцы
перад ТЭАТРАМ ДРАМЫ
гэта з-за чаргі на квіткі
што будуць прадаваць заўтра от каб на ЛАНДЗІКА
Гэтаксама пасыпвалі радакі і старэйшыя сёстры
(толькі на пару год раней)
у чэргах што вялі
да сьвятога граалю (тых першых славутых)
пральных машын ТАТРАМАТ

Што мне было рабіць?
Мне ж ужо было дваццаць пяць
-то бок старасьць ня радасьць
А тут не пасьпееш прачытаць
старонку МАЛЬДАРОРА
як зь піўнухі насупраць прыкульгае
старая і ў дрыбадан Трыццацігодка
ды ўлепіць табе поўху

І зноў вакол нас МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ
Няўжо ж гэта тыя самыя думаю сабе
але так выглядала

А ў мяне ўсё жыцьцё перад носам
па-над носам з носам і пад носам
І ўсё ж дымістым недапалкам вока
парнограф слоў ужо прапальвае павекі
сэйсмограф дурэе накшталт распаленай сьвечкі
-а чырвоны лядзяш спакваля падрастае

Утрымаць засяроджанасьць часам цяжэй
чым язык на камізэльцы
ці мачу на патрэбным баку манеты
патаптаную перавагу ў матчы на хатнім лёдзе
ці сініцу ў руцэ гадальніка па птушках ці коткі
любым як заўгодна вялікім коштам
хай нават яго вызначыў шляхам аўдыту
сам БОГ-БАЙКА

І ўвесь час гэтыя ж новыя МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ!
Адкуль у іх грошы пытаўся я пра сябе
Цяжка сказаць
Напрыклад трыпера
Але гэта зь іншай опэры халера сястра блюзьнерства
а брацельнік увечары гуляе за ЗБОРНУЮ

Урэшце мне падалося
Што мы здраджваем і таму чаго няма
Колькі разоў я з дазволам адкланяўся нават з раю
маладых БУРАПЕНЬНІКАЎ

БОГ-БАЙКА агучваў свае грады

Ёсьць людзі—верце чы не—
штосьці такое паміж каханьнем свабодай і паэзіяй
і яздой зайцом у залатым начным трамваі
калі зь цемры парку маўчыць мёртвы жаўрук
агарак у сьцятых вантробах партызана
і абламаны язык
дрыготка згорнуты на зыркай каляіне...

А гады міналі лежачы
Хто вы думаеце зьявіцца сёлета?
А то: МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ!
Спрэс новыя
ГАРАНТЫЙНЫ ЛІСТ у кіпцях і шклавата ў носе
ня пройдзе й году як будуць тырчаць на ЧОРНЫМ
а празь пяць год (магчыма) ў іх спадзе і пена на піве

Гэтага ўжо хапіла!
Я якраз даваў падсрачнік потнаму дзядку
то ж бо ён мне даваў пачытаць цыроз сваёй пяўчонкі калі...
прыляцела да нас РЭВАЛЮЦЫЯ
на сьвежых крылах (канца) гісторыі

Маладыя людзі вярзуць лухту
Старыя людзі вярзуць лухту

Дзе ў праўдзе дашукацца ілжы хоць якой засранай генерацыі?
Чаму мне ўжо трыццаць гадоў сумна ад тых самых людзей?
Глупствы таварышаў бліжэйшыя за сарочку?
Тады я ўжо лепей—хай даруе БОГ-БАЙКА—
схаджу на які КАНЦЭРТ!
Яны бываюць нішцяк
(...прынамсі Бэртран казаў)

ІІ. Цяпер і йначай

У саракавыя гады не было тэлепачаньня
У пяцідзясятыя гады (амаль) не было тэлепачаньня
У шасьцідзясятыя гады было тэлепачаньне
(але /амаль/ без Калыганкі)
У сямідзясятыя гады Калыганка апанавала тэлепачаньне
У васьмідзясятыя гады прыляцела Пчолка Мая
У дзевяностыя гады тэлепачаньне забаранілі
Дык мне цікава:
Як можа паразумецца
пакаленьне Калыганкі
з пакаленьнем безкалыганкавым?
Пакаленьне тэлепачаньня зь безтэлепачневым?
Старпёр з старой плесьняй?
Рэальны пацан з поцам?
Півалюб з гераіністам?
Параноік з шызафрэнікам?
Пядрыла з мудзілам?
Бязногі з трохногім?
Выплад зь ненароджаным?

Я б мог знайсьці больш прыкладаў

Уяўляю сабе Людзіка ў іншым целе
За састаранай Сюзаннай пасуць у фітнэсе двое цінежраў
І ў аднаго цінегра запаленьне трайнога нэрву
Людзік глядзіць на гэта заплюшчыўшы вочы
“ХА!”, выкрыквае й дадае потым вінавата: “Прабачце”.
Зараз поўным будзе пуста:
Рушыць генерацыя з дэгенерацыяй
трымаючыся за рукі
сьмеючыся вельмі вельмі цыклічна

Маса цягліцаў зьнікае кіляграмамі
штодня гінуць 100 000 нэўронаў
спэрма радзее як сачок для матылёў
альбо як валасы пад ударамі кавадлаў
ровень гармонаў пакрыёма падае
выяўляюцца дзікія скалы:
на адной АЛЬЦГАЙМЭР
абдымаецца з МЭНАПАЎЗАЙ
А цётка АПАПЛЕКСІЯ ўдарае па пальцах
на другой УРЫЕЛЬ угрызаецца ў прастату
ўстаўной сківіцай але ж цьвёрда
А спадар РАК?
Вызірае з начніку

Пытаньне ў наступным: дзе страўс забыў пясок?

Маўляў, у іхных партыях нашчадкі трону
а недзе тым часам глынаюць КРЭК
гэтыя МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ такія ж як таго часу
сяго часу ўсяго часу кароста на вачох
на шчаках сухое гальлё—роспач ПРЫМАВЭРЫ

між ног суха між губ рыба-молат
а найгоршае—
...кінарэжысэры

Адкуль яны тут узяліся пытаюся ў тысячны раз
БОГ-БАЙКА маўчыць і пры гэтым добра ведае
што праз год будзе тое самае
альбо значна горш таму што сіла ў ГЛАБАЛЬНЫМ
(як шумам у бары праходзіць буська зьместам анальным)

Газэты пішуць сьвіныя адбіўныя:
-як стары сустрэў маладога а нямы і кажа
-ЭЗ ну яшчэ чаго а як бачыш хіба не
-затое НАТО тут будзе татам
-тунэлем з банку да КАПРУНУ й назад
-праз кнэдлік у мазгі не відаць
-ад бясьпечнай песьні сьпяванае КАРЛАМГОТАМ
счэзлі вушы добрага прэзідэнта Клінтана
-дэпутат калі б ён о дзе тады было б божа
сэнат(в)арам да сьценкі
-скакалі ў вышыню ажно ўпалі а потым іх зьнесьлі
-гэтага б пры САЮЗЕ ня сталася
-і СЬПІСАНЫ РАХУНАК на сьцяне на поўначы Чэхіі
-спусьціў дэтанатар на голым целе каб падасраў супарату
-зь беднага поўдня напрасткі ў азонавую дзірку
-БОГ-БАЙКА забыўся на апошняе прычасьце...

Мозг – залоза як усе астатнія
калі дасьць эндарфіну, калі ня дасьць
хто ходзіць на КАНЦЭРТЫ о, той гэта добра ведае
...хаця ўласна... гэта... карацей МАЛАДЫЯ ЛЮДЗІ...
раней у іх быў ВЛКСМ цяпер СМС
Зь дзіцём жывём Лтд.
І г.д.

Караліна плавае кролем Людзік плавае брасам
Удалося зноў абскакаць нас навукоўцам-амэрыканцам:

З наступнага сэзону мы станемся чарапахамі
й раз на год усяго мы
(сапраўды раз на год усяго)
абмяняем ГЕНОМЫ

Лычом у лайно!

Тады, калі Госпад

Кагда будзет лучшэ?
Лучшэ ужэ была!

Армянскае радыё

Калі яшчэ Госпад зь Пятром хадзілі па сьвеце
А Госпад трахаў Леду зь лебедзьдзю
Калі яшчэ люд жэр немаўлят, сабак і чарнільніцы
Тады, так, у тыя часы,
Калі яшчэ нікому не прыелася

Калі яшчэ зямля была юнай як лён
А Ленін сядзеў на дне каністры
Калі яшчэ нашыя хлопцы чэмпіёны
Абблявалі ўсе сарціры

Калі нікога акурат не было ўдома

Тады, калі людзі паміралі з задавальненьнем
Калі жаночы крык чагосьці каштаваў
А ў швейных машынак былі свае погляды

Усе адны адных любілі
Калі яшчэ птушкі адляталі з хавалак дзяцей
А ў дзяцей былі ня ўсе дома

Калі Вацлаў Гавал уваліў крату між ног нагой
А ў Госпада Бога не было зусім сяброў

Калі насельніцтва было начытаным
А Госпад Бог зь Пятром несьлі сьмерць на языку

Калі настала ўжо эпоха іншых генэрацый
А Ленін чытаў праз Боскае плячо

Калі старыя людзі яшчэ крыўдзілі муху
А палітыкі, спрэс рачныя, тыя палітыкі...
ня верылі ўласным чорна-белым вачом

Калі маладыя людзі развучыліся чытаць

Тады, ну так, за тым часам
Калі Калашнікаў яшчэ хадзіў на піва
А язык лез малжонцы пад коўдру

Калі мужчыны разумелі жанчын
А жанчыны ня ведалі, як даць рады цемры
Той чорнай, гнюснай цемры
Вакол сабакі
Вакол вачніц
Вакол майго малога мозгу
Як маць тваю даць рады гэтай цемры?!

(Ці не параіць нам небарака Вацулік
Стары як Пётра, калі той з Госпадам бадзяўся па нажох
Калі ў ТБ замест навінаў елі авечак)

Тады, калі Людзік
Сябар Людзік
Крату між галавы ўваліў нагой
Ах, тады

Ў тыя часы, тады, калі ніхто не апэляваў
Імжэлі сонцы адно за другім
І вось тады Госпад ужо ня вытрымаў зусім
І закрычаў: заглухні, падлаед!
А то, Госпад—ён сячэ
Хоць у яго й праблемы з галавой
Дый няма таго, што раньш было
Апошні раз прыдумаў тэлекраму
Згадзіцеся, што гэта ня так шмат
А заўтра будзе ўжо горш

А вось тады!
Ты, Вольга, была найпрыгажэйшая з усіх
І полымя ветру дыбам стаяла ў тваіх валасох
Ах так, тады, тады
Тады, сто год таму
На дамбе сажалкі ляжаў ужо самазабойца
А сёньня—хто б гэта чытаў?

Калі Госпад насіў сэрца на далоні
Ніцшэ яму ня верыў ані троху
І зь Фёдарам старым гуляўся ў хованкі

Тады, калі чорны сабака ўкусіў мяне за мозг
Было фігова
Ва ўладзе зьелі цэлы самакат

(Тады яшчэ гэта было да нечага падобна
куды там сёньня, шаноўная, куды там
толькі ў ТБ яшчэ адзіна лічаць зельц)

Тады ж парсюк!
Парсюк шчэ быў жывы
Ніякай паляндвіцы тымусу бачкоў
Парсюк быў афігіцельна жывы
Ня тое што цяпер, ня так як ты, мая любоў

А Шэбэк у той час, калі прыгадваеце
Гэта быў ён хто разрадзіўся тайнай формулай
Якую перасьледаваў ужо і Ўінстан Чэрчыль
Прынцэса Дыяна праз Шэбка
Адарвала рот проста ад сэрца
Нясу вянок жалобны ў яе зубах
Тады, калі Шэбэк
Дык не было чаго есьці
Але ж калі тады не было чаго есьці
То зь небам нам ліў Госпад у вакно
Тады, ах так, тады, мілыя дзеці
На соль не было грошай
Але вальс гучэў

* * *
Мамачка, ты была залішне неслухмянай
Тады, калі мне падалі ў рэйтузы зоркі
Хто б сёньня як тады яшчэ сказаў
Альбо ўваліў табе аголенай вяроўкай?

(Тады жыцьцё жылі
й выконвалі дамовы
калі Гасподзь сказаў:
До! Дурні і гамно вы)

Я ўжо казаў: тады праз сонца
Ня мог я дагукацца твайго лесу
Чорнага лесу паміж двух дзяцей
Што быццам зьмеі кленчаць на сьпіне

Але я ведаю, тады была вялікая залева
Праменьне падала папросту ў вочы
І поўхі падалі як чорныя сьляды
Тады я штосьці вымавіў на тэму сракі
Але ня меў нічога супраць чаго-небудзь
Нічога супраць тваёй боязі
Супраць вусьцішы
Супраць роспачы, нічога супраць Госпада

(Так, тады яшчэ Госпад зь Пятром
хадзілі па зямлі й пілі чорнае піва
О дзе было сьмеху, згадвае патэр Галік
Было шмат, шмат сьмеху)
Як дзесяць тысячаў нярэзаных сабак

Сёньня ўжо не тады
Ну гэта ўсе мы ведаем
Тады ўжо было...
У салоне сядзелі пантофлі, віно, феі
Як у кіно ў Бэргмана
Ці прынамсі ў Вудзі Элэна

Тады мой сабака пакусаў дзьмухавец
І ўкусіў яшчэ навагоднюю елку
Сухафрукты ўпалі пад стол
Як усім нам добра вядома
Скрозь ногі
Мазжэчак
Апэльсін параніў Богаву сятчатку
Пётра спахмурнеў і сказаў, гэта нягожа

І тут я спалохаўся:
Што калі я тады, тады, прыгадваеш?
Што калі я сказаў штосьці благое?
Што калі я адарваў абвіслы зад Гасподніх нагавіцаў?
Што калі я парваў твой голаў напалам?
І душу
Крохкую
Як сьмерць...?

Вочы сабакі Троцкага

У Троцкага ёсьць сабака, якога ён абагаўляе. Аднойчы гэты сабака падыйшоў да яго і глядзіць. А Троцкі мне кажа: “У гэтага сабакі чалавечы погляд, праўда?” Разумееце? Як можа такі чалавек як Троцкі сказаць такую дурасьць? У сабакі не чалавечы погляд, у яго сабачы погляд.

Андрэ Брэтон ва ўспамінах Люіса Бунюэля

Сьпярша зачынім дзьверы
Цемра засьне
І цішыня таксама (больш) ніколі не прамовіць
Будзе дрэнна
І цьвёрдая ялавічына
Засторгне ў зубах канаючай мухі

Тры сястры сустрэнуцца ў басэйне
Дзе будзе толькі дваццаць сантымэтраў вады
Вада будзе поўная шалёных поглядаў
Чарнавалосая сястра згадае што
гадзіну таму ў яе было вясельле
Рудая сястра выцягне з вады рапуху за вуха
Спадарыня ў чорным спалохаецца
Трэцяя сястра нырне і больш ня вынырне
Інструктары будуць лавіць яе багром
Раптоўна яна зьявіцца
Апранутая вельмі dйmodй
Ніхто яе не пазнае
Яна зьмяшаецца з натоўпам гледачоў
І будзе раіць шукальнікам
...як быць далей

Яшчэ адна прыгожая спадарыня ў доўгіх белых строях
Будзе размаўляць з каханкам
У будуары ў стылі арт-нуво
Тут раптам увойдзе
Муж
З рэвальвэрам у кішэні
Нагавіцаў
Але кішэня будзе ясна надта вузкай
А рэвальвэр залішне велькі
І цяжкі
Муж падасьць голас, спадарыня самлее
Каханак яе падтрымае
Але яна будзе залішне прыгожая
І ён не ўтрымае яе і абодва ўпадуць
Тым часам муж
Будзе вырываць рэвальвэр з клятай кішэні
Вусы сьлінавыя ад высілкаў
Ніякага толку
Урэшце муж сядзе на падлогу
Ўдырыцца галавою аб камод
Рукой закрые вочы
Ня ведаючы
Як быць далей...

Усьмешка пракрадаецца ў аблічча
І неўзабаве гасьне зьнікае
Ў прыкметах стомы
Нарэшце прыходзіць стрыечная сястрычка летаргія
Але не ўсё ж такі
Куткі вуснаў уздымаюцца
Расчараваньне... Расчараваньне?
Іракез у іроніі
Цяпер рэзкі выкрык і зяпа наросхрыст—
ХА!

Чорны сабака пазірае вачыма Троцкага
Гэта было ў кастрычніку
Пчолы ўжо адляцелі ў цёплыя краіны
Барсукі рыхтавалі замах на мядзьведзя
А валасок уцёк ад сьмерці
Толькі старыя гард-дыскі
Зацята маўчалі

Як быць далей?

Праграмы скончыліся
Так як штогод
Афрыка была далёка
Чорная як бутэлька малака
Сапраўднага сьвежага чорнага малака
Яго якраз закручвалі
Проста ў хляве:
Жыў-быў Усама
Ростам сто дзевяноста два
Нарадзіўся а пасьля памёр

Так... далей...

На вастрыі тваёй пелькі
Мігціць гарачы крышталь брокалі
Зьзяе як футбольны заўзятар
Як тады, калі адзін мільянэр там унізе на полі
Ўваліў нагой у галаву
Мільярдэра
Мільярдэр упаў
Потым устаў
А мільянэр атрымаў (другую) жоўтую картку
Ўжо сам напрошваўся
Прамовіў Імануіл Кант
Штатны прафэсар Кёнігсбэрскага унівэрсітэту
Выпіў гарбаты
Выпусьціў вецер (з клеткі)
Вылаяўся
Й прыйшлі Каляды

І далей:
На аўтадроме пад Маркетай
Сёньня будуць спаборніцтвы
Анастас расшпільвае рэмень
І апранае новыя нагавіцы

Як юны міністрант
Што толькі-толькі падчапіў сіфон
Выглядае Нэзвал у куце ваннай
А ў люстэрку?
...божае дапушчэньне

Тут Людзік уваходзіць у дванаццатку
Гэта няпроста
Калі нага мінаецца з нагой
А калені набліжаюцца да возера
Нарэшце ўсё-ткі пераможа воля да ўпаду –
І падупадзе ўпераным паглядам
Джаз-гітара
Гітара як нож
Ці рана нагостраным нажом
Крывавая востра рэзаная рана
Як усхваляваная роўнядзь вады
Павольна сьцякае ўніз па вяроўцы

Адкуль ні вазьмі!
Дай дзе ўзяў!
І гарэлкай дэзынфікуй сваю жонку!
Зважай, ці яна не заразная!
Як тыя сланы
Слынныя белыя сланы
Слынныя дужа алюзіўныя сланы

Быў ужо позьні ранак
Пуаэт прачнуўся
Патрэба сапраўды была вялікай
А унітаз быў задалёка
Пуаэт залетуцеўся
От каб пясок!
От каб пясок абсмактаў твае голыя плечы!

Як зноў здабыць расрачаны аўтарытэт?
Як здабыць аўтарытэт даўно срачаны?
Той нікому не знаёмы аўтарытэт
Якога ніхто ня бачыў і пра які ніхто ня ведае?
Мо толькі Саламонава рызьзё...
Яно б ведала адказ
Адылі нам ня скажа
Толькі ня нам
І не нашчадкам
А далей?

Ціша магіл раве ўвушшу
Не равіце!
Старыя вы равы
Вы старэючыя кроткія самкі
Дзікія самкі
Выцмактаныя равы магіл!

Так і далей!

Самазамілаваньне бывае
Дрэнным слугой
Добрым гаспадаром
Таму я раю вам: увага!
Ня ежце сябры старых печаных чорных груганоў

Твая белая папера без пытаньня ўсё вытрымае
Твая папера якая год таму яшчэ...
Твая белая непапісаная папера
Якую вецер горнай рэчкай валачэ

Пуаэт ужо бляваў?
Так ужо даўно

Там будзе нейкая сакрэтная сакратарка
І ліфт
У тым ліфце мужчына і жанчына
Будуць кахацца
Па дарозе ўгору
Будуць кахацца
Па дарозе ўніз
Гэта будзе цягнуцца доўга
А потым
Дзеці вырастуць
І іхныя доўгія нястрыжаныя валасы закрыюць
Увесь твой сплесьнелы белы хлеб
І соль якую ты пагубляў
Па дарозе дамоў

Так
Як сёньня перад вачыма
Сабака Троцкага
Сядае на парозе мэксіканскага дому
Глядзіць пазірае сваёй зыржавелай поўсьцю
Глядзіць рухам чорнага хваста
Глядзіць кіпцюром і правай пярэдняй лапай
Глядзіць языком калі йдзе гарачы дождж
Глядзіць разам з пустым каўзалём на колцах
Які Людзік забыўся
Расшпіліць на пляжы
Дзесьці там у Італіі
Глядзіць скрозь прагал усясьветнай рэвалюцыі
Глядзіць Усамам
Глядзіць канцом сьвету
Няма толькі вачэй...
Куды глядзеў цясьляр?
Спадару мой, кленчу ў п’яным захапленьні
Куды імі глядзеў пытаюся
Апошні інкрустатар?


© ПеракладМакс Шчур, 2008

HA POCTAHI