Воляю
лёсу ўлетку гэтага году давялося прыняць удзел у конкурсе эсэ "Young
Euro Connect" на тэму "Эўропа: братэрства ў зьяднаньні?".
Апрача сьціплай фінансавай узнагароды, асаблівага плёну гэта не прынесла
- тэма аказалася залішне важнай для мяне і зашырокай для абмежаванага
аб'ёму тэксту, які давялося напалову скараціць, што не пайшло на карысьць
справе. Таму прашу прабачэньня ў больш таленавітых беларускіх эсэістаў
за міжвольную ўзурпацыю гонару быць першым ледаломам, які разьбіўся
аб рыфы нямецкамоўнага журы (шчырая падзяка Кацярыне Нарбутовіч за зроблены
ёю пераклад тэксту на нямецкую).
Ліст з Валенсіі, атрыманы
пару месяцаў таму, стаўся сапраўднай падзеяй у маім адносна спакойным
жыцьці. Установа з назвай “Эўрапейскі фонд фінансаў” абвяшчала, што
я стаўся адным з 16-ці выпадкова выбраных Фартунай пераможцаў агульнаэўрапейскай
лятэрэі, і калі я паведамлю яе арганізатарам свае банкаўскія дадзеныя,
мне належыць выйгрыш 600 000 даляраў.
Ад гэтай інфармацыі
ў мяне захапіла дух і зьявіліся зоркі ўваччу, у якіх я хвілінай пазьней
пазнаў лягатып Эўразьвязу. Вось яна, доўгачаканая выгада ад знаходжаньня
ў таямнічых агульнаэўрапейскіх базах дадзеных—мне падалося натуральным,
што камусьці ў Валенсіі вядомы мой праскі адрас. Ужо потым мяне насьцярожыла
нехлямяжая ангельская мова арганізатараў, няякасны блянк ды сума ў заакіянскай
валюце—але на момант, здаецца, я зблытаў Эўропу з Борхэсавай Бабілёніяй,
дзе кожны чалавек мог быць усім, ад уцекача да пераможцы лятэрэі...
Гэта быў момант сапраўднага братэрства з тысячамі эўрапейцаў, якія атрымалі
ў тыя дні падобныя допісы: братэрства наіўных, заўжды гатовых ахвяраваць
асабістым дзеля супольнай мары аб прывідным шчасьці. Магчыма, некаторыя
з вас адчувалі нешта такое ў момант замены маркі на эўра: падобнае адчуваньне,
прызнаюся, выклікала ў мяне і запрашэньне да ўдзелу ў гэтым конкурсе.
Калі 10 гадоў таму
я зьяжджаў са сваёй краіны, на вокладцы майго сшытку была мапа Эўропы
і стаяла: “Generation Europe”. У ім я запісваў найважнейшую інфармацыю
пра сябе: вершы. Якраз Эўропа была тым, чаго насамрэч так не хапала
маёй генерацыі ў Беларусі. Я вучыўся ў лінгвістычным унівэрсітэце, і
бальшыня маіх сунавучэнцаў бачыла сябе ў будучыні як пасярэднікаў у
стасунках з Эўропай, а саму Эўропу як штосьці, што можна з выгадай перапрадаць
у нас на Ўсходзе. Цяпер шэраг зь іх займаецца тым, што перапрадае ў
Эўропу прыродныя багацьці Ўсходу. Што да мяне, то ў Эўропе адбывалася
дзеяньне бальшыні прачытаных мною кніг, і бальшыня іхных аўтараў былі
эўрапейцамі. Таму, калі я ехаў у Эўропу, у мяне не было адчуваньня,
што я пакідаю культурную прастору, якая мяне выгадавала...
За 10 гадоў жыцьця
ў Эўропе я не спаткаў ніводнага эўрапейца: толькі чэхаў, немцаў, швэдаў,
гішпанцаў. Эўрапейцаў я сустракаю, як і раней, на старонках кніг: гэта
А.Фінкелькро, В.Белаградзкі, П.Слотэрдайк, М.Уэльбэк, М.Кундэра...
...“Равенство, брат,
исключает братство”, напісаў І.Бродскі. І насамрэч, роўнасьць ёсьць
агульнапрынятым перакананьнем, тым часам як братэрства (калі гэта толькі
не братэрства клонаў) – эмоцыяй. Братэрства – еднасьць якраз на падставе
няроўнасьці, адзінкавасьці. Гэта ўсьведамленьне таго, што нас аб’ядноўвае
штосьці, што адрозьнівае нас ад іншых, і што гэтае штосьці настолькі
моцнае, што нашыя адрозьненьні між сабой не замінаюць нам яго адчуваць.
Братэрства нельга прадпісаць указам зь нейкага бюракратычнага цэнтру:
яго дух папярэднічае любому ўказу ці канстытуцыі. Нешта падобнае пісаў
Борхэс у вершы “Los conjurados”, але не пра Эўропу, а пра саюз швайцарскіх
кантонаў...
Роўнасьць перад тварам
шматлікіх забаронаў наўрад-ці можа быць падставай для братэрства. Братэрства—зьява
духоўная. Духоўны сьвет эўрапейцаў з часоў Вэстфальскага міру ёсьць
традыцыйным спалучэньнем нацыянальнай тоеснасьці з рэлігійнай. Дзяржаўныя
структуры апякуюцца першай, царкоўныя—другой. Новаму надзяржаўнаму ўтварэньню
пакуль што застаецца найніжэйшы ўзровень чалавечага быцьця: біялагічны.
Эўропа нашмат больш дбае пра “сьвежую кроў”, чым пра сьвежыя ідэі. Як
палітычнае ўтварэньне Эўропа далёка не заўсёды дзейнічае маральна, і
пры гэтым імкнецца рэгуляваць мараль кожнага асобнага грамадзяніна.
Альтэрнатывы нацыянальнай ці рэлігійнай самасьвядомасьці пакуль няма:
наадварот, царква спрабуе тут скарыстаць шанец і прапанаваць Эўропе
як агульны духоўны падмурак хрысьціянства. Няўжо з часоў Сьвяшчэннай
Рымскай імпэрыі у Эўропы так і не знайшлося ўнівэрсальнейшага абгрунтаваньня
еднасьці?
Пасьля “халоднай вайны”
Эўропа раптоўна апынулася ў ідэйным вакуўме. Яна асудзіла нацызм, але
не знайшла мужнасьці асудзіць камунізм—мільёны заходнеэўрапейцаў застаюцца
фактычнымі сталіністамі. Эўропа сёньня ня ведае, у імя чаго яна калісьці
змагалася супраць экспансіі ісламу—усе свае перавагі над ім яна бачыць
толькі ў сфэры тэхналогіі і эканомікі, то бок прымае ісламскае бачаньне
Эўропы. Няўжо яна насамрэч аб’ядналася толькі дзеля матэрыяльнага дабрабыту?
Здаецца, Эўропа ня
любіць Амэрыкі менавіта з-за ейнай ідэйнасьці (я не ацэньваю гэтыя ідэі,
але хачу адзначыць сам факт іхнай наяўнасьці). У практычных пытаньнях
ёй, відаць, нашмат лягчэй паразумецца з кіраўніцтвам Расеі ці Кітаю,
зацікаўленымі ў чыста матэрыяльнай экспансіі. Амэрыка, якую стварыла
Эўропа і якая дапамагла Эўропе ўстаць з каленяў пасьля Другой усясьветнай
вайны, ператварылася ў вачох Эўропы ў пагрозу. Можа быць, лагічнай падставай
для братэрства эўрапейскіх народаў павінен стацца антыамэрыканізм?
Бадай, амаль усе эўрапейскія
краіны былі ў гісторыі звышдзяржавамі, і да сёньняшняга дня агульная
Эўропа разглядаецца імі як магчымасьць вярнуць сабе гэты статус, а не
як штосьці прынцыпова новае. З-за гэтага Эўропа часам нагадвае ласкутовую
коўдру, якую кожны цягне на сябе, ня дбаючы небясьпекі таго, што яна
можа парвацца. Што ж, кожнай звышдзяржаве ўласьцівае памкненьне да экспансіі,
у тым ліку культурнай. Але мы назіраем хутчэй культурную каланізацыю
Эўропы з боку Галівуду ці ісламу. Эмігранты з усяго сьвету сяк-так інтэгруюцца
ў нацыянальныя культуры, але ні ў якім разе не ў культуру эўрапейскую.
Дэкляраваны мультыкультуралізм ёсьць прыкрыцьцём для ігнараваньня аўтахтонных
каштоўнасьцяў з боку новых эўрапейцаў. Тым часам некаторыя эўрапейскія
культуры, такія як культура лужыцкіх сэрбаў, знаходзяцца на мяжы зьнікненьня.
...Адным з маіх любімых
рэклямных ролікаў у кінатэатры быў ролік праекту “Eurimage”, дзе на
працягу некалькіх хвілін на экране прабягаюць назвы эўрапейскіх гарадоў.
У першай вэрсіі роліку назва “Мінск” была напісаная па-беларуску. Калі
я бачыў гэты ролік апошні раз, назва “Минск” была напісаная ўжо па-руску.
Якія артаграфічныя зьмены адбудуцца ў гэтым надпісе праз 50 гадоў і
наколькі яны будуць належаць ад коштаў газу?
Я не адчуў бы ад гэтай
зьмены такой прыкрасьці, калі б ня ведаў, зь якім імпэтам дэманстранты
на вуліцах Мінску цягам амаль 15 гадоў выкрыкваюць лёзунг “Беларусь
у Эўропу” (маючы на ўвазе хутчэй“Эўропу ў Беларусь”). Міліцыя канфіскуе
ў іх эўрапейскую сымболіку, якой потым зручна прыкрываюцца правакатары
ў цывільным. Ці адчувае новая генэрацыя праэўрапейска наладжаных беларусаў,
якіх за адну толькі дэклярацыю іхнай прыхільнасьці разганяюць, б’юць
і арыштоўваюць, нейкае братэрства з эўрапейцамі, і калі так, то на падставе
чаго? Чаго яны хочуць ад Эўропы? Абароны ад Расеі? Інвэстыцый? Адкрытых
межаў? Мне здаецца, што ім хочацца хутчэй, каб сама Эўропа ўсьвядоміла
свае межы, перадусім маральныя і культурныя. Гэта дапамагло б ёй стацца
сама сабой і больш пасьлядоўна дзейнічаць як па-за сваімі палітычнымі
межамі, так і ўсярэдзіне іх. Можа быць, яны патрабуюць ад Эўропы зашмат?
Што ж, і яны тады могуць ганарыцца прыналежнасьцю да братэрства расчараваных.