Ладыслаў Кліма (1878-1928)

СЭНТЭНЦЫІ (з кнігі “Сэкунда і вечнасьць”, 1927)

 

 

-Некаторыя наступствы цяжкой фізычнай працы дзівосным чынам падобныя,—больш чым падобныя—да ўзьдзеяньня алкаголю.

-За большай часткай эстэтычных меркаваньняў, самых узьнёслых паводле назвы, чуцен даволі неэстэтычны бразгат рабскіх грамадзкіх ланцугоў.

-Quod licet bovi, non licet Jovi. (Што дазволена быку—не дазволена Юпітэру).

-Хто не высакародны духам, і нягледзячы на гэта ня ёсьць хаця б мільянэрам, той ня варты нават пагарды.

-Кожны прыстойны чалавек, мужчына, заўсёды замест “Гэта каштавала мне такіх пакутаў” скажа—“Гэта каштавала мне такой злосьці”.

-Найвялікшыя даброці ёсьць адначасова найразумнейшымі, найбольш выкшталцонымі; прыкладам—ветлівасьць, гэтая асноўная даброць кітайцаў.

-Для вытанчанага густу найстрашнейшая неэлегантнасьць палягае ў нашэньні элегантнай вопраткі пры неэлегантнай фізіяноміі.

-Нерухома стаяць—цяжэй, чым крочыць, нічога не рабіць—цяжэй, чым быць дзейны; хадзіць цяжэй, чым лётаць, пісаць добрую прозу—цяжэй, чым пісаць добрыя вершы; цяжэй унушыць сабе боязь, чым мужнасьць, злачынства цяжэйшае за паслухмянасьць, нянавісьць цяжэйшая за каханьне, пагарда цяжэйшая за шанаваньне, памерці—цяжэй, чым жыць.

-Найбольш варта саромецца сораму.

-Сёньня ў бэлетрыстыцы і музыцы хваляць толькі тое, ад чаго пазяхаюць.

-Узьнёслае пазнаецца паводле таго, што паўтораньне ня можа зрабіць яго банальным, in vulgus* прафанічным.

* па-простаму

-Павярхоўны досьціп зьнішчае праўду і праўдзівасьць, глыбокі—шматразова памнажае.

-Сапраўдны геній саромеецца сваёй геніяльнасьці, ці прынамсі таго, што ёю ганарыцца.

-Сон ёсьць найпрыгажэйшым; хіба магчыма, каб ён адначасова ня быў і найжахлівейшым?

-Гэтаксама як шмат балбатні прыносіць большую шкоду, чым маўчаньне, гэтаксама шмат дзейнасьці шкодзіць больш за бязьдзейнасьць.

-Кожны чалавек без выключэньня ёсьць парабкам, і найвялікшы зь іх—кароль,—выбачаюся!—найвялікшы зь іх “rex denique regum”* (Гарацый)—філёзаф.

*кароль над каралямі (лац., зь “Першага пасланьня” Гарацыя—да Мэцэната)

-У бясьсільлі часта хаваецца найвялікшая сіла.

-Воля да пакутаў ужо робіць шчасьлівым, выключна шчасьлівым, найшчасьлівейшым...

-Асноўным інстынктам мужчыны ёсьць вымагаць, жанчыны—чакаць.

-Адказ на старадаўняе пытаньне “Ці ёсьць характар нязьменным?” гучыць: “Так, калі ён моцны, не—калі слабы”.

-Калі табе здаецца, што жанчына пагардліва ўсьміхаецца мужчыну, які паводзіць сябе як дурань, дык звычайна вядзецца пра ўсьмешку закаханай; жанчына любіць у мужчыне траху дурасьці.

-Што ёсьць першым сацыяльным абавязкам? Быць да людзей тым больш спагадлівы і вялікадушны, чым больш яны невыносныя.

-Існуюць тры кшталты людзей: тыя, што б’юць жывёл у косьці, тыя, што іх б’юць па мяккіх частках цела, і ўрэшце некалькі тых, якія нізавошта ў жыцьці ня ўдарылі б жывёлу.

-Калі ня хочаш на штосьці забыцца, дастаткова некалькі разоў сказаць: я хачу пра гэта забыць, і наадварот...

-Самая працаёмістая дзейнасьць можа быць прыемным адпачынкам пасьля забойчай бязьдзейнасьці.

-Вытанчаны чалавек саромеецца, калі хваліць сваіх бацькоў, бо адчувае ў гэтым ускоснае й крыху баязьлівае самавыхваленьне; нявытанчаны бачыць у гэтым вялікую даброць.

-Самае неактуальнае—тое, што адбываецца ў гэты момант; самае актуальнае—рэчы вечныя.

-Калі мужчына найдурнейшы? Калі выказвае свае погляды на жанчын. Калі жанчына найразумнейшая? Калі гаворыць пра мужчын.

-Ці ты ўжо калі чуў, каб пасьля словаў “Ты так добра аб ім гаворыш, а ведаў бы ты, як ён цябе абгаворвае!” нехта адказаў: “Яшчэ адной прычынай болей, каб гаварыць аб ім самае лепшае”?

-Калі б пра Хрыста захаваўся адзін-адзіны літаратурны ці тэатральны крытычны артыкул, было б выключана, каб ён згуляў у гісторыі ролю Мэсіі й другой боскае гіпастасі.

-Калі сны ў значнай ступені робяцца прытомнасьцю, гэта азначае пачатак непазьбежнага шаленства.

-Вартым жалю правілам ёсьць тое, што мы доўгае шукаем згубленую рэч альбо думку, хаця за той час маглі б знайсьці дзесяць лепшых.

-Цалкам бясхмарны небасхіл выклікае альбо найсьвятлейшы, альбо найчарнейшы настрой.

-Незадаволенасьць выклікае ў народах буры. Так, але часьцей буры выклікаюць незадаволенасьць.

-Тэмпэрамэнт азначае больш за характар.

-“Бакі разыходзяцца толькі ў пытаньнях тактыкі”,—як быццам самым галоўным і амаль усім ня ёсьць пытаньне: дзейнічаць мужна альбо па-бабску?

-Я баюся дня, калі пачую з вуснаў нармалёвага чалавека сапраўдную думку: гэта азначала б хуткі канец сьвету...

-Адсутнасьць усялякага сораму ёсьць адначасова найніжэйшым і найвышэйшым у чалавеку.

-Прыкмета духоўнай велічы: адчуваць сябе больш залежным ад надвор’я, чым ад людзей.

-Найвялікшай небясьпекай і вартасьцю найвялікшых розумаў ёсьць Наравістасьць.

-Самыя разумныя людзі ператвараюцца ў ідыётаў, калі пачынаюць публічна разважаць аб палітыцы.

-Калі мы баімся іншых—у глыбіні душы баімся сябе...

-Хто не замыкаецца ў сваім пакоі, той ёсьць самым звычайным чалавекам: што б ты ні рабіў прыватна, што б ні было ў тваёй гасподзе—гэтага нельга нікому бачыць!

-Прыкідвацца дурнем—а нават найвялікшы дурань робіць гэта тысячу разоў за дзень,—гэта, па сутнасьці, той жа інстыкт, які прымушае хрушча на далоні прыкідваецца мёртвым.

-Хто больш бездапаможны: старац ці немаўля? Пірраўскі адказ: мужчына ў росквіце гадоў.

-Хаця жанчыны здаюцца нам дурнічкамі, больш чым дастатковым апраўданьнем для іх ёсьць тое, што ім дазволена выказваць прыблізна адзін працэнт таго, што яны насамрэч адчуваюць і думаюць!..

-Людзі высокага духу адчуваюць за цялесную хваробу ня меншы сорам, чым за слабавольнасьць ці баязьліўства; большы сорам за нэрвовасьць, чым за сыфіліс; але іншыя ганарацца імі,—як і блізарукасьцю...

-Пра што людзі любяць найбольш чытаць? Пра геніяў,—калі яны толькі імі сябе ня лічаць...

-Сапраўдная шляхотнасьць: ня быць “добрым”, “благім”, “дрэнным”,—але быць усім!

-“Мне ня хочацца”—дакладная супрацьлегласьць да “Я хачу!”

-Кожная сапраўдная сэнтэнцыя ёсьць прынамсі імпліцытна жартам, кожны вышэйшы жарт, прынамсі імпліцытна—сэнтэнцыяй.

-Ідэальны лек—той, які лечыць ужо самой сваёй слодыччу; мажліва, такім лекам ёсьць толькі жанчына.

-Патрэбна ясна мысьліць, а потым сьлепа дзейнічаць; аднак людзі неразважлівыя ў мысьленьні і залішне разважлівыя, то бок лянівыя і баязьлівыя, у саміх учынках.

-Амаль заўжды, калі мы думаем, што саромеемся за “гнюснасьць” нейкага свайго ўчынку самі перад сабой, мы ў прынцыпе саромеемся толькі перад астатнімі.

-“Кнігі—найлепшыя сябры”: у іх з найлепшымі сябрамі агульнае прынамсі тое, што яны звычайна падмануць і расчаруюць.

-Заўжды спадзявайся, што ў найгоршым,—то бок найлепшым,—выпадку дасягнеш найвялікшага здабытку—роспачы.

-Калі б я мусіў алегарычна выявіць Жах, Пакуту, я намаляваў бы першае як паяца, другое—як дурня.

-Сапраўдным пісьменьнікам быў бы той, хто мачаў бы сваё пяро выключна ў сонечнае зьзяньне. Пакутнік, пішучы, шырыць толькі ўласную ноч.

-Калі б не было хваробаў, людзі збольшага былі б паўдзікамі; а калі б да таго ж не было і галечы,—проста дзікамі; абедзьве рэчы ёсьць вялікім дабраславеньнем для ўсяго вялікага ў чалавецтве.

-Людзі высокага духу—страката-каляровыя грыбы-парахавікі, якія сапрафітна* растуць з гною людзей малога духу.

*сапрафіты – грэц. sapros – гнілы, fyton – расьліна, гетэратрофныя арганізмы (бактэрыі, грыбы, некаторыя расьліны), якія атрымліваюць энэргію з парэшткаў памерлых арганізмаў.

-Найбольш спапяляюць найбольш ледзяныя вочы.

-Усе, хто хоча зьмяніць грамадзтва, усунулі альбо толькі пальцы, альбо і галаву пад колы наймагутнейшай машыны дурасьці.

-Самы брудны ліхвяр ёсьць арыстакратам у параўнаньні з чыстакроўным палітыкам.

-Сёньня чалавецтва падзяляецца на дзьве галоўныя групы: звычайных і геніяльных людзей. Празь нейкіх там пару соцень тысяч гадоў яно будзе падзяляцца на геніяў і багоў.

-“Слова таксама ёсьць дзеяй”, па-жабрацку сьціпла кажа Тургенеў; насамрэч слова ёсьць найвялікшай і нават адзінай дзеяй.

-Дзяцей альбо ня трэба караць зусім, альбо караць увесь час з найвялікшай строгасьцю; сучаснасьць у гэтым палавіністая, як і ўва ўсім.

-Няма большай пакуты і большай асалоды за пісаньне лістоў; за выключэньнем дзелавых.

-Хіба існуе больш бессаромная пахвальба, чым калі хтосьці скажа, што “дасканала валодае некалькімі замежнымі мовамі”, тым часам як дагэтуль не было нікога, хто прынамсі на палову авалодаў бы мовай матчынай?

-Пісаць людзям нечытэльным почыркам ёсьць большым хамствам, чым падаваць ім страву на залясканых гноем талерках.—У прыстойнага чалавека ёсьць два почыркі: штодзённы і сьвяточны.

-Чым гучней чалавек крычыць, тым больш ганебна і камічна гэта гучыць; чым галасьней крычаць драпежнікі—ня толькі леў, але і котка, мядзьведзь альбо сабака—тым больш гэта імпазантна і грандыёзна.

-Толькі вялікія посьпехі ёсьць для чалавека дзеяньня доказам ягонай надзвычайнасьці,—у “творчай душы” гэта доказ ейнай звычайнасьці...

-Там, дзе вядзецца пра “жыцьцёвую неабходнасьць”,—страўнік і г.д.—поймы сумленнасьці і ганебнасьці ня маюць сэнсу; але для людзей яны маюць сэнс выключна ў гэтым выпадку...

-Вялікае ў гісторыі мае непасрэдна мэтафізычнае паходжаньне: хай гэта будуць перамогі Карану альбо магія, якой уплывалі Ганібал ці Фрыц... на свае банды.

-Адносіны войскаў да вялікіх ачольнікаў па сутнасьці тыя ж, як адносіны закаханай жонкі да мужа; яны прыносяць сябе ў ахвяру дзеля нечага, вышэйшага за іх саміх. Але ў барадачоў гэта больш кранае, таму што гэта большая анамалія.

-Любіць, шанаваць таго, хто нас ненавідзіць і пагарджае намі, нашмат лягчэй, чым ненавідзець таго і пагарджаць тым, хто нас любіць і шануе. Пяцьдзясят цікавых высноў.

-Як завецца найвышэйшы інтэлект? Думаю, што Характар.

-Сутнасьцю сапраўднай сардэчнасьці ёсьць пагарда.

-Самая боская прыгажосьць, будучы афэктам, ёсьць неразумнай, ідыёцкай, прыдуркаватай, як усе афэкты.

-Весялосьць, гэты падмурак як чалавечай, так і сабачай душы, абумоўленая глыбокай унутранай верай у сваю неўміручасьць...—Хто супрацьдзейнічае неўміручасьці, таго штомоманту зьнішчае ягонае дыханьне.

-Я сьніў камічны сон: леў, сутыкнуўшыся з ротай людзей, біўся супраць іх так, што лягаў аднаго па адным заднімі нагамі, як асёл—ці ж гэта ня вобраз таго, як вядуць палеміку амаль усе вялікія людзі духу?

-Шапэнгаўэр у пошуку абгрунтаваньняў свайго пэсымізму забыўся на адзін, як на мой густ, неабвержны доказ: існаваньне каўнерыкаў і гальштукаў.

-Ёсьць толькі адна ганьба: поўная няўдача, усё астатняе—дробныя ганьбачкі...

-Ганебнасьць. Гісторыя, якая захавала апісаньне кожнай бітвачкі Ганібала, Сулы, Цэзара, анічога не гаворыць пра тое, што гэтыя людзі думалі пра Бога, неўміручасьць і сэнс усяго.

-Мізантропія, як гэта па-чэску? Думаю, найвялікшая любоў да людзей.

-Сьвет дасканалы—калі станесься дасканалым ты!

-Што ёсьць найвышэйшай мужнасьцю? Найвышэйшая асьцярожнасьць!

-Мастацкасьць мае сэнс толькі ў якасьці безумоўнага раба думкі; сёньня гэты раб-еўнух падпарадкаваў сабе гаспадыню.

-Жывапіс, скульптура, то бок найкарпатлівейшае важджэньне зь лініямі і фарбамі, у глыбіні сваёй ёсьць нічым іншым чым навука: геамэтрыя, храматалёгія, оптыка; нездарма найгеніяльнейшы мастак быў адным з найбольш геніяльных прыродазнаўцаў.

-Чалавек дбае альбо пра Бога, альбо пра шляхі да яго, напрыклад—жанчын, страўнік, алькаголь; tertium non datur*.

* трэцяга ня дадзена (лац.)

-Зыч людзям дробных страўнікавых і іншых радасьцяў; іншых у іх няма.

-Пазбавіць сёньняшніх людзей іхных матэрыялістычных перакананьняў—адарваць ад іхнага галоднага ірта апошні мізэрны кавалак.

-Сучасны драматург павінен быць сымбалем сьціпласьці, альтруізму, самаахвярнасьці; ён вялікадушна дапускае, каб акторы й рэжысэры альбо перайначылі яго й цалкам сказілі, калі яны нічога ня вартыя альбо пасярэднія, альбо непазьбежна захілілі яго сваім ценем, калі яны выбітныя.

-Найвялікшай асалодай і найвялікшай няёмкасьцю ёсьць чытаць сябе самога.

-Найважнейшая парада творчым людзям: Ня еж відэльцам, толькі рукамі!

-У людзей залішне пракроўленыя страўнік і геніталіі; у мазгох у іх столькі крыві, як у быка малака.

-Чалавек існуе не для таго, каб, як ён лічыць і прагне ў маладосьці, цалкам выплюхнуць і выдаць зь сябе ўсё, а каб выканаць пэўную, вузка вызначаную задачу, якой ахвяравацьме дзевяць дзясятых сваіх здольнасьцяў.

-Чым меней чалавек арыгінальны, тым больш ён адмаўляе магчымасьць быць арыгінальным, тым больш за ёю гоніцца і eo ipso* тым менш яе дасягае.

* гэтым самым (лац.)

-“Чалавек добры”—дакуль у яго на шыі хамут, цуглі ў роце, астрага ў баку, бізун над галавой; толькі зірніце на самы вытанчаны народ і горад пасьля 1790 году!

-Усё на сьвеце кіруе да сэнтэнцыі,—і высокая музыка; што ёсьць сэнтэнцыяй музыкі? Найчароўнейшая мэлёдыя.

-Найвышэйшая Свабода заўжды ёсьць найвялікшым рабствам.

-Чым ёсьць “вульгарнасьць”? 80% чыстай жывёльнасьці зьмяшаных з 20% так званага чалавечага розуму.

-“Геній учынку” ня можа быць залішне дыпляматычным; найменшая дыпляматычнасьць у “генія думкі”—і ягоная спадчына ня мае ніякай каштоўнасьці.

-А што калі сувязь між сном і сьмерцю вужэйшая, чым здаецца, што калі—у жудаснай глыбіні—сон ёсьць сьмерцю plenissimo sensu, прабуджэньне—plenissimo sensu уваскрасеньнем, а кожная істота—тысячаразовым рэвэнантам?..

-Чым разьсяглейшыя пляны, тым больш пэўная няўдача.

-Любыя стасункі зь людзьмі ёсьць позай; калі хтосьці кажа пра пазёрства, дык гэта гучыць, як калі б удод сказаў: ну ён і сьмярдзіць...

-90 працэнтаў людзкой любові—толькі лісьлівасьць сабакі, які просіць, каб яму зьнялі намызьнік.

-Не патрабуй ад сябе непасільнага: так гаворыць разумнасьць; хацець ад сябе выключна непасільнага—вось сутнасьць мудрасьці, велічы, узьнёсласьці.

-Калі табе адмаўляецца служыць цела, то прычына заўжды ў рабскім духу.

-Дастаткова напісаць насамрэч ляканічную фразу, каб у ёй чэскае панства ўбачыла “германізм”.

-Раней найвялікшай абразай было слова “герэтык”; сёньня яно—ухвала, а “вернік”—асуджэньне; але патрэбна, каб чалавек сьмяяўся з аднаго й другога.

-У вялікім горадзе знаходзісься хутчэй тады, калі ляжыш у хмызах ці пазіраеш у густую траву, чым калі бадзяесься па Нью-Ёрку.

-Пісаньне пяром цудоўна выхоўвае абачлівасьць, ціхарства, баязьліўства.

-Справядлівасьць да сябе ёсьць нашмат больш рэдкаснай і вышэйшай, чым справядлівасьць да іншых.

-Падкрэсьліваньне словаў часам азначае, што аўтар—вельмі мудры, часам—што ён лічыць чытача ёлупнем, але найчасьцей—што ён ёлупень сам.

-Ці пайсьці мне спаць не аб адзінаццатай вечара, як звычайна, а ўжо а сёмай? Пытаньне той жа значнасьці, як: скончыць мне жыцьцё самагубствам у сорак гадоў ці дачакацца васьмідзесяці?

-Кожнае чалавечае пакліканьне ёсьць ганебным,—але вядома ж, не для кожнага...

-Чым большы жах, тым больш сьмейся, пакуль рогат не перакрычыць грымоты жуды! Сьмех для жаху (перадусім: калі зьявіцца прывід...)—тое ж, што для чорта сьвянцоная вада; яны, уласна кажучы, муж і жонка, якія адзін аднаго на дух не пераносяць.

-Вышэйшы, незалежны чалавек вымушаны стаць чарвяком і малпай у трэцяй ступені, каб выканаць сваю “місію”, нават калі хоча між малпамі і чарвякамі проста праіснаваць.

-“Карыстаць з асалоды!”—прэдыкат Бога і прэдыкат сьвіньняў.

-Скардзіцца на “крыўду” азначае ставаць у адзін шэраг з астатнімі, азначае прызнацца: я pecus*. Тое, што цябе крыўдзяць хлусы, павінна быць настолькі ж відавочным, як тое, што блохі кусаюцца,—а гэтага ты ад іх і чакаеш.

* скот (лац.)

-Не пераймайся, што ты не дасі чалавецтву найбольшай часткі сваіх думак: іншыя зробяць гэта за цябе, калі ўжо не зрабілі.

-Вобраз божы. Шмат разоў, калі кандуктар прароў назву станцыі, у мяне—і ў маіх суседзяў у цягніку—узьнікала непадробнае адчуваньне: якому гэта невядомаму, найпачварнейшаму аўстралійскаму зьверу наступілі на хвост?

-Што ёсьць найвялікшым блюзьнерствам? Асуджаць самагубства, хай нават і самага нізкага кшталту; яно заўжды застаецца ўзьнёслым!

-Твой бліжні дазваляе табе гаварыць аб чым заўгодна—пра скамейкі, блохаў, нават палітыку—толькі не пра яго самога; адразу ж гэта робіцца пляткарствам; відаць, ён сам лічыць сябе найнікчэмнейшай тэмай.

-Народы хочуць мець шмат вялікіх асобаў; от каб прынамсі ў кожнага зь іх была хоць адна!

-Насамрэч незвычайны чалавек ня можа быць сацыялістам ужо таму, што ён стаіць па-за соцыюмам.

-Што ёсьць самым сьмешным? Выстаўляць на сьмех сьмешнае; патрэбна высьмейваць толькі ўзьнёслае.

-Не існавала б ніякіх чалавечых збачэнстваў, калі б супраць іх ніхто не змагаўся.

-У абліччы імпануе выключна валявы выраз!

-Кожны забіты жах трэсьне і зь ягонага чэрава выляціць дзесяць маладых, яшчэ жахлівейшых; але нічога страшнага—сапраўдная жуда ёсьць самым паэтычным; што ёсьць найпрыгажэйшым, найбольш каштоўным у гэтым жыцьці? прывід; убачыць прывід і памерці.

-Сацыяльнае і палітычнае рабства ня вартае згадкі ў параўнаньні з маральным і рэлігійным.

-Гэтаксама як загана нічога не азначае бяз цноты, гэтак няўрымсьлівасьць нічога не азначае без валоданьня сабой, і наадварот; адно прыгажэйшае за другое...

-Ці мала хто быў бы мілым і добрым, калі б грамадзтва абыходзілася зь ім міла і добра; але грамадзтва было б мілае і добрае, калі б усе людзі былі такімі...

-Тады, калі чалавеку не хапае пачуцьця гонару, спрытна падскоквае ягоная памочніца—любоў...

-Гультайства і баязьліўства звычайна трымаюцца на слушным адчуваньні, што пакутлівасьць намаганьня, патрэбнага для іхнага пераадоленьня, ня будзе ўраўнаважаная магчымай выгадай ад гэтых высілкаў: то бок, яны “таго ня вартыя”.

-Вялікае, крыкастае глупства і ёсьць шаленствам! У чалавецтва былі падставы дагэтуль затойваць гэтую праўду...

-“Я хачу даць чалавецтву ўсё, што маю”,—гэта інстынкт усіх вышэйшых людзей; але ўсе фатальна забываюцца даць самім сабе прынамсі дзясятую частку гэтага.

-Духоўныя велічыні minorum gentium*, напрыклад, пардон!, Дастаеўскі, ёсьць лепшымі псыхолягімі ў ніжэйшых вобласьцях душы, чым сапраўдныя Каралі духу,—яны ўсё яшчэ ёсьць animalia**; лірызм амаль заўжды азначае: жывёльнасьць.

* меншых людзей (лац.)
** жывёламі (лац.)

-Ты павінен навучыцца любіць жывёлаў больш за людзей, больш за жывёлаў рэчы, больш за рэчы цені, а больш за цені—Цень ценяў,—Сябе,—Бога...

-Чым ёсьць гэтае жыцьцё? Сьмешнай сур’ёзнасьцю; чым ёсьць наагул Быцьцё? Гамэрычным рогатам над сабой.

-Што ёсьць фізыягнамічным ідэалам? Дыхтоўна тыгрападобнае аблічча; дагэтуль такое не сустракалася...

-Сьвет—пачварна прыўкрасны крыўляка.

-Таямніца ўсяго—што ніякай такой таямніцы няма.

-Хто з усёй сур’ёзнасьцю ідзе за праўдай, яе ня знойдзе; гэтую прасталытку трэба паклікаць загадным тонам.

-З таго, што Гамункулюс праўды ад нас бясконца далёкі, лягічна выплывае, што ўсё, што сёньня здаецца праўдападобным—а любая чалавечая праўда ёсьць толькі нападабненьнем праўды—аддаляе нас ад Праўды, тым часам як любы парадокс і абсурд нас да яе набліжае...

-Цікавіцца азначае падпарадкоўвацца; Бог—толькі трыюмф над зацікаўленасьцю.

-“Звышчалавек” будзе прасьветленым тыграм; Апалон Бэльвэдэрскі—толькі прасьветлены шымпанзэ.

-Шмат, шмат чаго пішуць пра мастацтва; але з гэтага ўсяго мне так і ня ясна, што такое мастацтва: “галюцынацыя ў выніку ап’яненьня найсубтыльнейшымі рытмамі эфіру і крыві” (Бржэзіна), альбо здольнасьць трапіць некаму між вачэй пляўком з адлегласьці васьмі крокаў.

-Найвялікшыя людзі духу ёсьць дрэннымі назіральнікамі, таму што яны гідзяцца нават зірнуць.

-Удзячнасьць, заўжды звязаная з пачуцьцём сораму за сябе, прыніжэньня і прыніжанасьці, ёсьць пераважна ня проста непрыемным афэктам, але і абразай.

-Галоўным інстынктам найвышэйшых людзей духу ёсьць той, што сьвет—а ня толькі чалавецтва—павінен пад іх прыстасавацца; а сьвет так і робіць.

-Пасьля самага горшага: поўнага расчараваньня, пасьля разьбітага хаатычнага стану, калі дух бязьдзейна ўлягае, хаця папярэдні стан не пераадолены, але і не нарастае, тады як правіла надыходзіць сам сабою стан асалоды, амаль што—шчасьця.

-Усё дрэннае, жорсткае, грубае ў людзях ёсьць неабходнай дэфэнзывай, усё добрае—прамой ці ўскоснай афэнзывай; і найвялікшыя маралісты ёсьць, самі таго ня ведаючы, толькі прапаведнікамі агрэсіўнасьці.

-Сёньня людзі гавораць пабожным шэптам толькі калі размаўляць аб сваіх інтымных грашовых інтэрасах.

-Для таго, хто добра-такі заблукаў, кругавы шлях ёсьць як правіла найпрасьцейшай дарогай, якая яго выведзе.

-Супраць principiu contradictionis*: Пакуль ты ня здольны прыпісаць рэчы адваротныя свомасьці, ты яе не спазнаў.

*прынцыпу супярэчнасьці (лац.)


© ПеракладМакс Шчур, 2008

HA POCTAHI