Антоньё Колінас
(нарадзіўся пад Леонам у 1946 г.)—паэт для Гішпаніі адначасова тыповы
і нетыповы. Тыповай ёсьць ягоная біяграфія (ад’езд з краіны ў апошнія
гады франкісцкага рэжыму, жыцьцё ў Эўропе, перадусім—у Італіі), тыповая
любоў да жыцьця, прыроды, зьмяшаная з уласьцівай класічнай гішпанскай
паэзіі мэланхоліяй. Ужо меней тыповым выглядае кола яго літаратурных
зацікаўленьняў: Рыльке, Мачадо, Пастэрнак, Цветаева, Леапардзі, Квазімода,
Наваліс... Калі мы сустрэліся з Антоньё Колінасам у Празе, я пачаў размову
з камплімэнту ягонай падкрэсьленай, у адрозьненьне ад бальшыні ягоных
сучасьнікаў і суайчыньнікаў, рацыянальнасьці—ён сьціпла пагадзіўся і
вельмі жыва адгукнуўся, калі прагучала імя Бродскага... У адрозьненьне
ад бальшыні прадстаўнікоў сваёй генерацыі, ён не прыхіліўся да эстэтыкі
авангарду (хоць і быў сябрам згуртаваньня "Novisimos", "Найноўшыя"),
а ўпэўнена застаўся верным сваёй мове—натуральнаму выказваньню і пабудове
фразы. Ня знойдзем мы ў яго і нейкіх фантастычных вобразаў на мяжы сюррэалізму—у
гэтым сэнсе Колінас застаецца даволі “прыземленым” паэтам. Тым ня менш,
ён умее простымі словамі й вобразамі растлумачыць свае эмоцыі, адначасова
стрымліваючы іх. Менавіта гэтая стрыманасьць і яднае Колінаса зь іншымі
літаратурамі Эўропы—нямецкай, ангельскай, расейскай. Каханьне зусім
ня ёсьць ягонай галоўнай і адзінай тэмай, дый і ў астатнім Колінас не
адпавядае іміджу “паўднёвага” гішпанскага паэта-андалюсійца-авангардыста—ён
ёсьць хутчэй больш “паўночным” аўтарам, магчыма, менавіта таму ў ягоных
вершах настолькі прысутная настальгія па сьнезе...
З кнігі “Магіла
ў Тарквініі” (1970-1974)
Тразімэнскае
возера
...16.000
romani perirono
malgrado i presagi funesti
Ты зазіхцела для
мяне толькі на момант
у прагнілым навальнічным вечары,
ты падалося мне зялёнай бліскавіцай
па-над мокрым і цёмным аліўкавым лесам
(халодны смарагд
азораны чарноцьцем).
Джакома Казанова
прымае пасаду бібліятэкара ў Багеміі, прапанаваную графам Вальдштэйнам
Выслухайце, Спадар,
мае цялесныя сілы ў смутку.
З Францускаю рэвалюцыяй адзін па адным паміраюць
мае нешматлікія сябры. Кіньце на мяне позірк, я
вандраваў па краінах і па астрогах сьвету,
ложках, садох, морах, кляштарах, і я ўбачыў,
што яны адмаўляюць мне ў добрых намерах.
Я быў абатам у рымскіх мурох і была свая гожасьць
у быцьці салдатам у гарачых начох Карфу.
Час ад часу я забаўляўся ігрой на скрыпцы,
а вы ведаеце, Спадару, як скаланае музыка
ўсю Вэнэцыю, як гараць купалы і палаюць выспы.
Выслухайце, Спадар, ад Мадрыду і да Масквы
я падарожнічаў марна, за мною гоняцца
ваўкі Сьвятой Інквізыцыі, у маёй асобе
гудзе ўраган сотні моваў і атручаных языкоў.
А я хачу толькі ўратаваць сваю яснасьць,
пасьміхацца сьвятлу кожнага новага дня,
выказаць свой няўхісны жах перад тварам таго,
што сьмяротна. Спадару, я застаюся ў Вашай бібліятэцы
перакладаць Гамэра, пісаць успаміны аб маіх былых днях
і летуцець аб блакітных сэралях Стамбула.
Сустрэча з Эзрам
Паўндам
руш аднаго нядзельнага
вечара,
калі Вэнэцыя ўмірае менш чым звычайна;
не зважай на самотных дзяцей,
на хваравіты ружовы колер муроў,
на акісьленыя ценямі сады,
ты павінен наведаць яго, хай ён нічога ня скажа
(ты забудзеш што за тваёй сьпіной мора
патапляе выспы, цэрквы, палацы,
найпрыгажэйшыя купалы на зямлі,
ня дай зачараваць сябе мору й ягоным сірэнам)
памятай: Fondamenta Cabala,
яшчэ там побач адзін шкляр з Мурана
і бар з надзвычай лагоднай музыкай,
запытайся ў пансіёне званым Сісі
дзе жыве той чалавек, што прыехаў
у Вэнэцыю толькі каб пабачыць людзей,
той крыху шалёны амэрыканец
з выпраўкай і засьнежанаю барадой,
пяройдзеш каменны мост, убачыш лужыны,
поўныя чорных котак і чаек,
там, каля каналу са смарагдовай вадой,
поўнай квецені апэльсіну й гнілой садавіны,
ты пачуеш гукі скрыпак Вівальдзі,
запыніся й ні гуку, будзь толькі зрок:
Ramo Corte Querina, вось гэтая назва,
у гэтай вулічцы з вазамі для кветак,
безвыходна, бо сьмерць ёсьць адзіным выйсьцем,
жыве Эзра Паўнд
Наваліс
О Ноч, як даўно
я ня бачыў цябе такой сумленнай
што да зорак і ліхтароў, такой п’янай ад водараў.
Пасьля столькіх гадоў пазнаю цябе ў тваіх сініх
агнях, у тваіх лясох з каштанаў і соснаў.
Пазнаю цябе ў разьюшаным брэху сабакаў
і ў вільготных клубніцах што капаюць зь цемры.
Здагадваюся, як цябе перапаўняюць лозы і вадаспады.
Колькі часу я маўчаў,
колькі часу я страціў,
колькі часу я сьніў, пазіраючы перапоўненымі
сьлязьмі вачыма, як цяпер, на тваё хараство.
Мая Ноч, не праходзь праз гэтую плянэту дарэмна.
Запыніцеся, сфэры,
і хай музыка мацнее.
Ноч, салодкая Ноч, хоць мне ўжо час вярнуцца
ў сьвет людзей, дазволь, каб упала зьнічка,
утыркні палымяны гарпун між маіх маркотных вачэй
ці дазволь мне быць месяцам, каб панаваць над табою.
Паехалі ў Эўропу
і мы сказалі сабе
тады: а паехалі ў Эўропу,
узьнёслую Жэнэву з атаўсьценнага шкла,
да каменных кафэшак з чырвоным сьвятлом, о Кальвін,
а колькі азёраў, сабораў, Фрайбург і Зальцбург,
Ніцшэ-вар’ят бадзяецца па Сільскіх лясох,
думаю, кружэлка Парыжу крыху
зайграная, але ягоныя скарбы...
і мы сказалі: яшчэ далей, хай нават
мы апячэмся, там у Булоні йшоў дождж,
ірляндка сьпявала між двух анархістаў,
самалёты ляцелі ў піўным небе
па-над струменямі палеткаў Вэлвінс Гардэнс,
Сіена, Сіена, твае ўсьмешкі прынцэсы
і пяшчотны, быццам аліва, рот,
ноч падымаецца на магноліях
па-над публічнымі дамамі Пампэі,
хутчэй, хутчэй, мы яшчэ пасьпеем
дакрануцца да пелькаў грэцкае ночы
Лістапад у Англіі
Happy
is England…
Yet do I sometimes feel a languishment
For skies Italian.
John
Keats
я ведаю што цяпер
там, у Англіі, лістапад,
ночы сінія і ўсе зоры відаць да драбнічкі,
дзіўная рэч, але ўжо пачынае йсьці сьнег
у шатляндзкіх гарах, ненажэрны агонь паглынае
вецьце калючак, сонца цэдзіцца голым вецьцем,
фільтруецца сумнымі фіранкамі й пакідае сваю
бляклую пазалоту на кнігах бібліятэкаў,
яшчэ ў глыбіні палеткаў, пакрытых шэраньню,
ільга мілавацца агнямі аранжэрэяў,
гэта—найчысьцейшая пара году, ані музыка,
ні мастацтва, ні пацалункі яе не падкупяць,
ёсьць толькі бязьмежнае чаканьне бяз птушак,
маўклівы холад сонечных дзён, месячных начэй,
што кажуць, аднак, сэрцу, якое марыць
пра іншыя землі: услухайся, гэта тут сканчаецца сьвет,
пашана й ружы дасягаюць узьнёслага апафэозу,
не спускайся да змрочнага і вільготнага мора, якое
ёсьць прытулкам кожнае сьмерці
З кнігі “Сад
Арфэя” (1988)
Восеньскі
Сьпеў савы з глыбі
лесу
спусташае ноч, спусташае сьвет.
Рака зорак прасочваецца між камлёў
у рэчышча ценю,
і водар вікі, яго празьмерная слодыч,
распальвае кроў сьмяротных.
Ціша, толькі чорная
ціша
тлом панічнаму, нечалавечаму
сьпеву савы.
Ціша, пустэча сьвету,
якую цягне за сабой рух сузор’яў
цераз бясконцую пасьлядоўнасьць начэй—
агромністая.
Сьпеў савы з глыбі
лесу—
нябачная нітка, што яднае боскае з чалавечым,
гэта сьмерць, што сплывае з ракою мудрасьці,
гэта мудрасьць, што сплывае з ракою сьмерці.
Позьняя зіма
Ня дзіва, але ж
колькі ўсяго бачаць мае вочы:
сьнег ідзе на квецень мігдалу,
сьнег ідзе на сьнег.
Гэтай зімой мая душа—
як раньняя вясна,
як квецень мігдалу
пад сьнегам.
Залішне зімна
сёньня ўвечары ў сьвеце.
Але я адчыняю дзьверы свайму сабаку,
і зь ім у хату ўваходзіць цяпло,
уваходзіць чалавечнасьць.
Ноч афрыканскіх
салаўёў
Душа ўпала ў калодзеж
ночы
і зьнізу, з самае глыбіні
бачыць, як сьпее чэрвеньскі месяц
пад брызам, што прыносіць звар’яцелыя
сьпевы афрыканскіх салаўёў.
Моцарт да Сальеры
Як усе тыя, хто
трапляе на вяршыню,
ты зрабіў сабе імя дзякуючы ўладзе;
з гэтай улады нарадзілася твая слава,
з гэтай улады нарадзілася боязь
і ўхвала тых, хто табе аплядуе.
Але ты так і ня
здолеў заціснуць рот
чароўнаму гуку, што бруіўся з маіх
вуснаў: музычнай спадчыне Арфэя.
Гуку, якога ты баісься й які смакуеш
бяссоннымі начамі, бы слодыч атруты.
Ты ніколі так і
не дапяў глыбокага
вытоку майго чыстага натхненьня.
Таямнічай крыніцы ў маіх грудзёх,
што разьліваецца зоркамі й да якой
прыходзяць сузор’і на вадапой
наталіць сваю смагу, тугу па бясконцым.
Перад дубровай
Мне ведама, што
вуснамі багоў
дубы Дадоны прамаўлялі.
Сёньня ўначы, тут, у маіх вышынях,
мне не дае заснуць іх цяжкі водар.
Зноў ускрасае чыстае быцьцё, якім я быў,
дзіцятка-бог, што пасьвіў зрокам зоркі
паблізу сёньня высахлых крыніцаў.
Прамоў, багіня,
лісьцямі дубоў
і прасьвяці мяне, пашлі мне тваю п’янкасьць,
вырві ў гаркавых галінаў
увесь водар, усю іх зорную гарачку,
паспагадай нам, каб вярнуўся
аднойчы бог-дзіця, якім былі мы,
каб уваскрэс у гэтым часе
агоніі
труп, поўны болю, якім будзем мы.
З кнігі “Змоўчанае
агнём” (1988-1992)
Горкія ўгодкі
Антоньё
Мачадо
Бруіць з поўдня,
як крыніца сьвятла.
Дзяцінства, поўнае сноў зь іншасьвету:
сьпелы месяц араматызуе сутоньні,
пошугі вогнішчаў апэльсінавых дрэў,
што не абпальваюць, але драпаюць памяць.
Воклічы сьветлых
таполевых рошчаў.
Бэзавыя шнары Кастыліі.
Халодныя досьвіткі ў прамерзлых пакоях,
сосны, сангрыя каханьня.
Юная вада падмывае
скалу ўзросту, што дараваць ня ўмее.
Цёмная ноч тых, хто самотны.
Адчуць на ўласнай
сьпіне цьвёрдасьць дрэва
крыжа пачуцьцяў і развагаў,
цяжкага й лёгкага адначасова.
Канец канцоў, ісьці зь мехам болю
па доўгай, попельнай дарозе з касьцей.
У музэі
Я б хацеў пранікнуць
у гэтую карціну,
стацца ў ейнай лёгкай прасторы лёгкай формай,
Водарам ейнай даўняе атмасфэры.
Быць у гэтай карціне, як вада
зь яе мэлёдыяй у канале,
ціхамірнае сінечырвонае неба між аблокаў
альбо гэтае сьвятло, што растае, як сьнег
на траве альбо золата ў палетках.
Я б вярнуўся ў
страчаную вёску дзяцінства,
да аголенай пастаці жанчыны, якая
ёсьць усімі жанчынамі, да соснаў
у Рыме ці да гэтых італьянскіх вуліц,
дзе я згубіўся і быў шчасьлівы.
Зьліцца з мастацтвам, каб не памерці!
І нягледзячы на
ўсё мноства радасьці й асалоды
ад загорнутасьці гэтым сьвятлом
й быцьці часам у несьмяротнай карціне,
я б таксама хацеў, будучы чалавекам,
увайсьці ў яе, каб пакаштаваць болю,
шэрага сьвятла фіранак і люстэркаў.
Адчуць любоў і надыхацца настальгіяй
побач з пэрсанажамі на карцінах,
што раняць і адначасова нас цешаць.
Пранікнуць у карціну
й раптоўна адчуць
паверхняй твару дрыжаньне чарэшняў,
як агонь, які цябе ахапляе.
Не існаваць, але заставацца ў поглядах
кожнага з наведнікаў музэю.
Не існаваць, а павольна гарэць
у палымяных колерах мастака.
Ніколі ня быць такім, як нашае цела,
што крычыць несупынна і гіне.
Сьвітаньне
Дом, загорнуты
ў саван холаду.
Ружа плоці
і ружа ценю прыадкрываюцца
ў вуснах горнага лесу.
У плавільні скалы
зьліваюцца, быццам шкло,
зрэнкі ночы.
Упаўшыя зоры
больш ня змогуць узьняцца
ў свае чорныя ўладаньні.
Прыадгорнуты салавей
дзяўбе сьвятло
там, дзе пячора
поўным ротам у цішы
глынае золата першай якасьці.
Ляднік сьцякае
крывёй у лужыну.
Роздум на сімпозіюме
Зводзім да дробязяў
канфлікт
літаратурных генэрацыяў.
Мацуем цьвікамі строгасьці
паветраныя словы аўтараў пад мікраскопам.
Хворыя ад балбатні,
не спыняемся вызначаць, не вызначаючы.
Гаворым, гаворым, гаворым навыперадкі,
пакуль дым не ператворыць дзень у ноч,
пакуль бруд не ператворыць белае ў чорнае.
Ніхто не глядзіць
у неба.
Ніхто не чытае ў зямлі.
Ніхто ня слухае агонію
мармытаньня вады ў крыніцах.
Гараць паўтысячы нафтавых калодзежаў.
Рэшта ванітуе на белы пясок,
на празрыстыя каралі са сваіх чорных страўнікаў.
Прыходзяць і сыходзяць бесьперастанку палітыкі,
падштурхваючы ўвесь час наперад плянэту,
але нават яны ня вераць,
што ўсясьветны каэфіцыент загніваньня
варты нарэшце асаблівага клопату.
Гэтыя палаючыя
калодзежы ёсьць жывым
і трагічным творам канца ня веку, а знаку.
Іхныя вогненныя вобразы,
іхныя сьмяротныя мэтафары
і ёсьць вершам.
Паведамленьне
Які прыгожы гэты
горад! Я бачыў
у кожным доме па бібліятэцы,
а за фіранкамі—прынамсі адно шчасьлівае сэрца.
Аднаго з такіх сьпеўных ранкаў
адкрыўшы адзін вельмі выкшталцоны том,
на адной старонцы я заўважыў кроплю крыві.
Я бачыў і старыя карціны з жывога золата,
і мэблю, змайстраваную зь цішыні.
Але ў дрэве я знайшоў чарвяка,
а ў слыннай карціне—шчыліну.
На двары—хомар
па-над каналам,
чорная тканіна, пакрытая зялёным імхом,
а ўсярэдзіне—гэтая суцеха чытаць
і слухаць, і смакаваць узьнёсласьць часу
з такой цёплай конаўкай у руках.
Але потым хтосьці ў дасканалым спакоі
расплюшчыў д’ябальскае вока,
і на экране зазьзяла паведамленьне:
дзеці плачуць, маці плача,
а ўкленчаны бацька
ў страху цалуе рукі й зброю
жаўнера, які падпаліў іхны дом,
молячы яго захаваць ім жыцьці.
Пасьля таго, як
я ўбачыў сонца ў іхных тварах
я зразумеў усю бліскучасьць гэтага гораду,
такога адукаванага й поўнага скарбаў,
зразумеў, якімі сьлязьмі выкуплены ягоны плюш.
І ўцяміў нарэшце, чаго яму бракавала
тым золата-імшыным каляровым ранкам:
смуглага сонца некалькіх твараў
пераможаных, тых сьлёз, такіх цёплых,
як гарбата ў размаляванай кветкамі конаўцы.
Бракавала чалавечых дабрыні і любові,
іншага, палкага сонца ў чыстых нябёсах.
У Боне, у той вечар
У Боне, у той вечар
апалага лісьця
нам было зімна, мы пешкі ўздымаліся ад Рэйну.
Мы зьбіраліся павячэраць у рэстарацыі
ў адным маленькім палацы, дзе сёньня
Дом культуры.
(Насамрэч, той прыгожы будынак
быў усяго толькі чыгуначным вакзалам,
які пабудавалі, каб скарыстаць толькі раз,
у часе падарожжа кайзэра
да адной зь ягоных каханак.)
Калі я адчыніў
дзьверы,
Да мяне адразу данесьліся Бахавы ноты,
Урачыстая музыка
Бездакорнага піяніста.
Усё было прыгожым, цёплым, акрыленым
у непаўторнай атмасфэры тых заляў,
але тая фартэпіянная музыка
падалася мне чымсьці большым
за разьліў нотаў, чымсьці большым,
чым музыка.
Я пачаў шукаць
па калідорах,
адкуль тая мэлёдыя, спытаўшыся сябе,
адкуль бярэ выток яе таямніца:
можа, з радыё, з кружэлкі, ці зь нейкіх
схаваных дынамікаў?
Я хадзіў па калідорах
ня гледзячы
на мармуровыя статуі, на карціны,
на зьмерзлае зьзяньне люстраў, усяго
таго мёртвага, нібы на цьвінтары, мастацтва.
Я з прагнасьцю шукаў пачатак,
дакладную крыніцу
той дасканалай мэлёдыі.
Урэшце, я падыйшоў
да высокіх зеленаватых дзьвярэй,
якую вартавала нейкая жанчына,
быццам Сівіла, прыслоненая да сьценкі,
са складзенымі рукамі і ўціхаміраным тварам;
жанчына, што адразу ж скрыжавала рукі
і паднесла да вуснаў палец,
і пяшчотна праінтанавала: “Не,
вам туды нельга. За гэтымі дзьвярыма
рэпэтуе, іграе Баха
маэстра
Сьвятаслаў Рыхтэр”.
Тапелец
Няўжо на гэтым
беразе ўзнавіўся міт?
Сёлета ўзімку, плывучы па хвалях,
як самнамбула, зачапіўшыся за нейкія троскі,
прыбыло на пляж мёртвае цела.
Яго твар—як мапа
з водарасьцяў і мху.
Рыбы зжэрлі вусны і вочы,
і пачарнелі сьцёгны й запясьці
там, дзе вяроўка ўразалася ў скуру.
Магчыма, яно было
ахвярай разбуры,
пераможанай цёмным хаўтурным понтам.
Магчыма, як прыгоднік, яно перасякло
бясконцую далеч водаў;
змагалася зь небам, зь безданьню,
як бог, за што і было пакарана.
Толькі адна дэталь
спарадзіла сумневы
й ператварыла прыгожы міт у трагедыю.
Мы яшчэ раз перачыталі цела нябожчыка,
калі ўбачылі на ягоным баку
чырвона-бэзавую нажавую рану.
Гамэрава аўца
Ужо столькі год
таму ты ўратавала аднаго чалавека
ад скрываўленых рук,
дапамогшы яму пакінуць чэрань пячоры
пад прыкрыцьцем твайго чэрава!
А потым, празь яшчэ колькі стагодзьдзяў,
твае рахманыя, нямыя вочы
ў іншай пячоры
былі сьведкамі нараджэньня Бога!
Мы тым часам паступова
зьмяняліся,
як да лепшага, так і да горшага.
Наша вопратка была шторазу іншай і разнастайнай,
хаця пад ёю мы нязьменна хавалі
ваўчыныя сэрцы.
Мы пілі ваду з крыніцаў
і атручвалі яе сваімі глыткамі.
Мы любім узрываць зямлю
каб сеяць
і каб хаваць.
З нашых вуснаў сыходзяць малітвы й блюзьнерствы
і мы ўсё так жа працягваем рукі
каб прылашчыць і каб забіць.
Спракаветная й
ціхая аўца на няроўным схіле,
у тваім нерухомым, у тваім ясным поглядзе
асуджанай на пасіўнасьць істоты
ты абагульняеш нашую пэўнасьць і нашыя сумневы,
нашае быцьцё і нябыт:
бездань, любоў і сполах.
І ўсё-ткі,
з-за нейкага невядомага старажытнага жаху,
ты ўцякаеш, убачыўшы чалавека.
Ты бачыш у ім забойцу?
Белая ноч
Якая ўцеха прапаноўваецца
нам,
сузіральнікам белай начы?
Поўня ў лагчыне асьвятляе
агромністую вясну мігдалавых дрэваў.
Гэты бялюткі цуд
ці прымусіць забыць нас аб чэрані?
Крочыш туды-сюды як самнамбула
па самнамбулічнай лагчыне,
дзе ўсё ёсьць адкрыцьцём, выяўленьнем,
і часам твой крок палохае галубку,
яшчэ бялейшую ў месячнай белізьне.
Белая ноч—
эпілог страчанай ночы жыцьця
ці парог чаканага намі досьвітку?
Моўчкі чакаць,
моўчкі трызьніць.
Нам здаецца, што мы так далёка ад гэтага сьвету,
таму што нас акаляе
белы пярсьцёнак месяцовага мора.
Але ўрэшце прыйдзе горкі сьвітанак
і аднясе гэты сон
пра белізну, што сыходзіць, узмацняючы белы колер.
Белая ноч у квецені
могілак і пустэльнікаў,
якой не стае адно сьнегу!
Рай пад сьнегам
Перад прыходам
сьнегу чуецца,
як сьціхла поле,
як сьціхлі нябёсы.
Потым пачынаюць падаць шчыльныя камочкі,
ты ўспрымаеш іх дотык да твару як падарунак
і прачынаесься да новага жыцьця.
Ты крочыш павольна
па белым наперад,
несучы той чорны цяжар,
што заўсёды быў з табою,
цяжар таго што раніць, баліць, калечыць,
цяжар зла, зробленага намі за стагодзьдзі,
цяжар зла, зробленага нам за стагодзьдзі.
Але паступова цела лягчэе,
а душа, згубіўшыся ў белізьне,
робіцца ўласнай прасторай.
Рай пад сьнегам!
Урэшце, у чэрані чалавека
ўсё пабялела.
Нават халоднае паветра, якім ты дыхаеш,
здаецца табе вогненным.
І там, дзе запыняюцца твае вочы,
сьвятло ператвараецца ў неапалімую купіну,
і мы чуем, як рыпіць сьвятло.
З “Кнігі
рахманасьці” (1993-1997)
Адведкі зла
Сёньня да нас у
адведкі прыйшло зло,
але мы вырашылі прыняць яго,
як багатага госьця.
Зло прыйшло нечакана, як шэрань ці атрута,
і мы адчынілі яму наросхрыст
дзьверы нашага дому.
Як звычайна, зло
прыйшло ўсьлепкі, аголенае, беспадстаўна,
і хаця сабакі й каты паўцякалі,
мы захоўвалі поўны спакой
і правялі яго ў сад.
Там чароўны дзень і моцнае сонца
прыпальвалі верады й балячкі,
высушвалі кроў у ранах,
сьціралі густы смурод у паветры.
Зло прыйшло да
нас, як дзёрзкі кінжал
у цёмным скляпеньні,
але дом і сэрца былі адчыненыя.
Мы зноўку павінны былі знайсьці
любоў там, дзе яе не было.
Няма такой згрызоты, стралы, іголкі, ільда,
якія б ня мог расплавіць агонь музыкі,
што восень цяпер разносіць па стрэхах гор.
Я на нейкі час увайшоў у хату,
каб прынесьці хлеб і пітво
раззлаванаму госьцю.
Я хацеў разьвесяліць ягонае сэрца,
надаць крыху цеплыні яго ільдзяному твару.
Уціхаміраны, я вярнуўся ў сад
каб абняць зло, але ня здолеў,
бо знайшоў яго паўжывым ад сьвятла
й цішыні ў глыбокай траве.
Сёньня да нас у
адведкі прыйшло зло,
але неўзабаве нам прыйшлося яго пахаваць
пад апэльсінавым дрэвам, апэльсінавым водарам
і пад пчаліны гуд.
Нам прыйшлося ўдваіх выпіць
віно, прынесенае для госьця,
салодкае віно найглыбейшага забыцьця.
Даліна на мяжы
стагодзьдзяў
Сутоньне гэтай
даліны ляжыць на душы цяжарам,
але як абыйсьціся без расы, што засяваюць унізе
сьвітаньні?
У лясох вядуць
несупынны наступ
сякеры й пілы
урбанізатараў,
але па-над ёю ўсё яшчэ йдзе дождж таямнічых зьнічак,
якіх ніхто ўжо не сузірае, якіх ніхто ня слухае,
а ў ейных пячорах яшчэ шукаюць
прытулку нявінныя жывёлы.
Як прайсьці міма
лета, што запальвае
столькі вогнішчаў,
што нават у абсягу мора
ўзьнікаюць вогненныя колы?
Куды ісьці, калі думка памірае,
а каханьне ёсьць толькі сном між старонак
сьціплай кнігі, якую ўжо ніхто не адкрывае,
беднай кнігі, якую больш ніхто не чытае?
Пасярод адной са
сьцяжынаў гэтай даліны
ў паветры памірае адно стагодзьдзе,
і чуецца крык новага стагодзьдзя, якое днее,
укрыжаванае на электрычных слупах.
Праходзіць яшчэ адна ноч, і новы сьвітанак
насоўваецца з глыбіняў камлёў,
як нэонавы прыліў,
асьвятляючы ўсё навокал сваімі сьлязьмі.
Вялізная белая сава разьвітваецца,
праразаючы вільгаць, дае нам мудрыя знакі,
якіх мы яшчэ не навучыліся расшыфроўваць.
З апошнімі ценямі
сыходзяць салоўкі.
Зь першымі вагнямі вяртаюцца
тэлевізары, поўныя крывавых адлюстраваньняў.
На сьмерць нашага
сабакі
Гэта твая апошняя
ноч,
і нялёгка заснуць, таму што тут, за сьценкай,
мы прадчуваем тваю сьмерць.
Таму нарэшце я пайшоў да цябе
навобмацак у паўзмроку
і ўбачыў, што ты яшчэ дыхаеш,
быццам той агеньчык.
(Ліхтарык, дзе скончыўся алей).
Сёньня мы адчуваем
боль
перадусім ад думкі пра тое, як шмат ты нам даў,
і як мала, надзвычай мала далі мы табе.
Бо безьліч нашых самотаў
ты напаўняў сваёй сьветлай самотай,
дыялогамі, які твой позірк
вёў з маім позіркам, і тым маўчаньнем,
якім мы маўчалі разам,
пакінутыя сярод белага дня.
Як нетаропка, як шляхотна
ты сыходзіш, мой сябра, па плыні
ракі ценяў, імя якой ноч,
ракі зорак, імя якой ноч,
ракі сьмерці, імя якой ноч.
І як прыціх цяпер сад, як прыціх
лес, пакінуты
чэрвеньскімі салаўямі,
якіх адцяняў, быццам поўня, твой начны брэх.
Якая чорная й глыбокая
ціша
сыходзіць у сажалкі гэтых вачэй,
падобных да чорных вогнішчаў.
Лежачы ў сьціплым кутку,
усё яшчэ адданы,
ты не варушысься, не рэагуеш на мой прыход,
каб нас не турбаваць.
Хоць боль усё глыбей пранікае ў тваю істоту,
ты маўчыш, рахмана маўчыш—усё больш рахмана—
і ў гэтай рахманасьці разьліваецца
тваё вернае разьвітаньне.
Ня бойся, не брашы
на Цень,
што зьявіцца на досьвітку на парозе, бязвокі,
каб вырваць твае вочы й жыцьцё.
Хаця ты пакідаеш нас у смутку,
у няведаньні, дзе знойдуць спачын
твае высакародныя парэшткі,
але мы ведаем, што заўтра
ўся выспа будзе вулканам сьвятла,
калі зьліецца з тваім целам.
Белая дама (кляштар у Вэракрус)
Я ведаю, што ўдалечы
ад гэтага залатога гарніла,
ад пазалочаных каменяў храму
крэхча зіма на горкіх таполях
і сьвет несупынна прыадкрывае новыя раны.
Але тут, усярэдзіне
(зь нічога, зьніадкуль)
займаецца агнём глыбокая таямніца:
ціша і водары загушчваюць сьвятло,
ноч загартоўваецца ці зьнішчаецца з заранкай.
Жанчына на каленях уздымае
вочы туды, у вышыню, дзе захоўваецца
кола ўсіх колаў,
бясконцы цэнтар белізны.
Яна, белая дама,
спрабуе,
загарнуўшыся ў ціхі невідочны агонь,
залячыць усе раны сьвету, у спакоі,
не варушачы вуснамі.
Яна адчувае сябе ў глыбіні душы
музычнай ці вогненнай сфэрай.
Яе вочы апускаюцца павольна, як сьнег у агонь.
На схіле дзікіх
хартоў
Сабака ўцёк на
схіл магутных соснаў,
каб у сямейства дзікай зграі ўбіцца,
да зыркага сьвятла нябёс Ібіцы—
салёных, сонечных, блакітных: боскіх.
Сабака ўцёк, а
нашыя пагляды
імкнуць да іншых мораў, да дэльфінаў,
дзе выспы, ракавіны, ветразь, вуснаў чырвань
далёкія ўсьпяваюць далягляды.
Ягоны ўчынак кліча
нас паходняю
ў лясы хартоў, свабодай апантаных,
у сьветліні падмесячнае грэцца.
А побач з намі
іншы, закаханы
сабака ў краявідзе, у мэлёдыі,
у вершах, у віне дрымае—сэрца.
Апошнія леты
Бацькі: хоць я
здагадваюся аб пустэчы,
якую час напоўніць паступова толькі болем,
насамрэч, вашыя апошнія гады
ёсьць маімі найпрыгажэйшымі гадамі;
бо нягледзячы на навіслую над імі пагрозу,
сапраўдная любоў зь імі толькі мацнее.
Так ёсьць, няхай нават самыя прыгожыя імгненьні
майго жыцьця праходзяць у сталасьці й боязі,
але ж чым больш прыадкрываецца перада мной
пустэча вашай адсутнасьці,
тым больш закрываюцца ўсе сумневы
наконт вартасьці быцьця.
(У час любові не застаецца сумневаў.)
Што б я толькі
ні даў за тое, каб затрымаць
сьвятло гэтых апошніх летаў,
залатыя золкі ў нашых лагчынах!
У гэтым сьвятле ўсё зялёнае й залатое.
Таму чакайце мяне пад агнём ці пад сьнегам
тых халодных нябёсаў,
тых чыстых нябёсаў.
Ведайце, што ў гнёздах мінулых дзён
не засталося калючак
(толькі ядловец, які акаляе
палі й палеткі Леону;
кінжалы на дне кустоў,
шнары ад вострых каменьняў,
распаленая цэгла
і вільгаць трысьнягу й канюшыны,
расьцярушаная ў ціхіх раніцах).
Чакайце, і хай яшчэ адзін дзень
адчуе, як трымцяць два вашыя жыцьці,
як трымцелі чэрвеньскія таполі
(маладыя, з птушкамі ў вецьці)
побач з рэкамі майго юнацтва.
Не сыходзьце прэч.
Хай цягнецца гэтае імгненьне
з прысмакам сьмерці і сапраўднай любові.
Чакайце, не пераходзьце мяжы ў бязьмежжа.
З кнігі “Сьвятловыя
пустэльні” (2008)
Каб забыцца
на нянавісьць
І
Ставяць Бога побач
з вайной
І вайну прыхоўваюць імем Бога,
Але Бог—гэта не-вайна,
А вайна, без сумневу, ёсьць процібогам.
Ужо шмат стагодзьдзяў таму хтось сказаў,
Што нельга пашкодзіць частку, не пашкодзіўшы цалак,
Але чалавек усё яшчэ ня ведае, што ня ведае,
Бяжыць папярод, сее
Дысгармонію й зноўку называе
Тэрор проста тэрорам, а вайну проста вайной.
Не здаецца, каб
прынамсі камень
Заставаўся сьвятым, храм сьцякае крывёй, бо дух
Выганяюць з храмаў разам зь яго таямніцай;
Сыходзіць прэч абпалены куст (які больш не гарыць
Пад сьпеў конікаў);
Пустэльня й мора нясуць сваё шалупіньне, словы
Ёсьць пустым, нахабным крыкам,
А паветра, што дало жыцьцё, больш ня ёсьць
Чыстым як шэрань, вытанчаным як сьнег.
Але можа ў сьвеце
шчэ застаецца надзея
Пакуль хтосьці ўдыхае
Ў міры апошнюю музыку
І прылашчвае канечыкамі сваіх пальцаў
Усе сьцены нянавісьцяў,
Пакуль апошняе зьмесьціва сьвятасьці
Трымціць у расплюшчаных вачох
Памерлага дзіцёнка.
Праклінаю сьвецкую
несьвядомасьць,
Прагнасьць і нелюбоў, няведаньне,
Што ня ведае сябе,
Тым часам як таямнічае
Там, угары, расьце й адыходзіць
Са сваімі сакрэтамі.
Дыхаць прынамсі ў міры няўлоўнай,
Нячутнай нам музыкай,
Спакойна ўдыхаць музыку, што ўцякае
Ў далёкія ўлоньні небасхілу—гэта ўсё
Што патрэбна ведаць чалавеку ў будучым
Каб уратавацца.
ІІ
(11 сакавіка
2004 г.)
Магчыма, самым
цяжкім, самым жорсткім
ёсьць не раптоўнае выкрыцьцё
чорнага ў белым,
гармоніі ў хаосе,
ляза гневу ў нявінных вачах,
а ў пяшчотных юначых вуснах—
сьмерці.
Магчыма, самым цяжкім ёсьць нянавісьць:
тая нянавісьць, што ўсталёўвае адрозьненьні,
нянавісьць, што ўскормліваецца нянавісьцю,
нянавісьць, што выкладаецца і завучваецца,
што пакрывае сьцягі гнайнікамі
і брутальна адрынае любоў.
Колькі яшчэ ў сьвеце існаваць гэтай жорсткай
дваістасьці, дысгармоніі?
Мяне не цікавіць, зь якой ты айчыны, зламысьнік,
вечны сейбіт размаітых нянавісьцяў.
Мы ведаем, што надзея, як раньняя вясна,
як нявіннае вока, як чуйныя вусны,
запачаткоўваецца няспынна
й больш хутка, чым крывавыя прылівы.
У той сакавіцкі чацьвер
ня йшоў дождж нянавісьці:
ішоў дождж цёплых рук,
што працягваліся ўсімі і ўсім, да ўсяго,
пяшчотна,
як хвалі музыкі,
толькі каб загаіць, каб вылечыць нас.
Мы ні на што не зьмяняем дождж гэтых рук.
Гэта быў дотык агню любові,
які ня паліць.
Гэта былі рукі, што даюць
і ніколі ні адрынаюць
ні слова, ні думкі.
Прыліў каханьня больш магутны
за нянавісьць, што ўсмоктваецца й плюецца,
больш магутны за пралітую кроў.
Загіблая дзяўчынка на фатаздымку,
ты ўздымаеш свой тварык да неба,
загіблы хлопчык, ты прыкладаеш
вуха да зямлі, быццам чуючы адно музыку:
вы, насамрэч, толькі заснулі, заснулі.
Не турбуйце больш іхны сон.
Не турбуйце больш іхных мараў.
Хорхэ Манрыкэ
дапытваецца ў ранку
перад сваёй апошняй бітвай
Сьвятло бруіцца,
ноч канае. Зброя,
Горы і кветкі навакол ільюць
Жыцьцё мне ў вочы, прамяні снуюць
Як птушкі, і душу змагае мроя.
Мроя аб чым? Плёне
часоў, калі
Гады сыходзяць? Чаго сам хачу я?
Нажоў узмаху? Боскае шкадую
Адзінай вартай сьмерці на зямлі,
Альбо сваёй, прадчутае
адно што?
Жыцьцё гэта было ці толькі сон?
Змаганьне за нічога любым коштам—
Няўжо ж і я прамарнаваў свой кон?
Я верыў у любоў
адзіна, ды
Ў памяць аб тым, хто даў жыцьцё мне й сьціпласьць,
Гісторыя ж так любіць не заўжды,
Ды тым, хто любіць—ганьба ёй памсьціцца.
Жыць каб памерці,
марыць, сьніць аб тым
Іншым жыцьці, вялікшым, больш высокім.
Незацугляны конь стаў на дыбы
Й мая адвага ўскрэсла заадно зь ім.
Завязваецца бой,
вібруе рог,
Адылі я раптоўна прыкмячаю,
Што ўсё гэта—няпраўда, далібог,
Запозна. Дзе ж ты, сьпеў майго маўчаньня?
Трымціць таполя.
Сушыць рот сумнеў.
Сонца ўзьнялося над курганам зь нетраў,
Зіхціць, пяе, мяняе поўсьць камень.
Праведнай сьмерцю смачнае паветра.