Для мяне, як для аднаго
зь нешматлікіх пакуль беларускіх чытачоў найноўшай празаічнай кнігі
чэскага пісьменьніка Яхіма Топала “Па сьцюдзёнай краіне”, было прыемным
сюрпрызам, што прынамсі палова яе прысьвечаная Беларусі. Першыя шэсьць
(з трынаццаці) разьдзелаў раману адбываюцца ў Чэхіі (пераважна ў Тэрэзіне,
былым нямецкім канцлягеры, сёньня музэі), тым часам як рэшта – у Менску,
Хатыні й навакольных лясох. Іх яднае пастаць апавядальніка й адначасова
галоўнага героя, які, баючыся перасьледу паліцыі, уцякае ў Беларусь
(у сапраўднасьці часьцей адбываецца наадварот, але гэта толькі падкрэсьлівае
ўзаемазамяняльнасьць і ўзаемасувязь гіпатэтычных “Беларусі” й “Чэхіі”
ў рамане), дзе стаецца сьведкам і суўдзельнікам амаль тых самых прыгодаў,
што і ў родным Тэрэзіне: у абодвух выпадках вядзецца пра спробу пабудовы
мэмарыялу ахвяраў дваццатага стагодзьдзя, перадусім другой усясьветнай
вайны. І ў Чэхіі, і ў Беларусі гэтая спроба сканчаецца правалам. Калі
казаць пра маё асабістае ўражаньне ад сюжэту, то ён падаўся мне “шытым
белымі ніткамі” – тым ня менш, сутнасьць кнігі палягае, на маю думку,
не ў павярхоўным дзеяньні і не ў яго мусовай падзеленасьці напалам (аўтар
ведае, што чэскага чытача немагчыма зацікавіць “чужой” тэмай, папярэдне
не ўвязаўшы яе з добра знаёмым “хатнім” матэрыялам), а ў тым, якім чынам
апавядальнік гэтае дзеяньне нам падае. Адрозьненьне між дзьвюма часткамі
палягае перадусім у пэрспэктыве, зь якой назіраецца бадай што аднолькавая
пасьлядоўнасьць падзеяў: у першай частцы апавядальнік бачыць іх зьсярэдзіны,
у другой – звонку; у першай ён – і актыўны ўдзельнік, у другой – хутчэй
пасіўны сьведка й ледзь не ахвяра “фанатызму” сваіх беларускіх “сяброў”,
якія спрабуюць выкарыстаць ягоны досьвед і кантакты дзеля таго, каб
прыцягнуць увагу сьвету да ўласнага праекту “рэвіталізацыі пахаваньняў”.
І ў гэтай новай кнізе
Топалаў апавядальнік – крышку “наіўны”, што максымальна пасуе славутаму
“размоўнаму стылю” аўтара. Калі казаць пра Беларусь у рамане, то мне
здаецца, што апавядальнік выказваецца пра яе ня так ад свайго імя, як
наагул ад імя “чэха ў чужыне”. Магчыма, і з гэтай прычыны гэтая наўмысная
“наіўнасьць” апавядальніка выкарыстоўваецца як апраўданьне для агучваньня
шматлікіх банальнасьцяў, якія сустракаюцца ў рамане. Я б не хацеў залішне
крытыкаваць гэтую (сама)стылізацыю, таму што ўсьведамляю аўтараву патрэбу
пазнаёміць чэскага чытача зь іншаземным кантэкстам і незаўважна паведаміць
яму шэраг фактаў, якія бы сам чытач пры жаданьні мог даведацца зь Вікіпэдыі
ці там з выдадзенай па-чэску “Гісторыі Беларусі”, калі б толькі ў яго
гэтае жаданьне ўзьнікла. Да шэрагу згаданых клішэ належаць вельмі распаўсюджаныя
і ўжо скарыстаныя (у тым ліку і ў сучаснай беларускай літаратуры) характарыстыкі
кшталту “Усе гэтыя даўжэзныя вуліцы, па якіх мы ідзем – такія чысьцюткія”;
“Бары – ці ёсьць яны тут наагул?”; “Мяне відаць з усіх бакоў”... Па-хуткаму
скляпаны Топалам “антыўтапічны” вобраз Менску як “Горада Сонца” – неарыгінальны,
што не азначае, што ён няслушны, прынамсі з гледзішча літаратурных канвэнцый...
магчыма нават “залішне” слушны.
Вынікам такога, на
маю думку, празьмернага падладжваньня пад “агульнае ўспрыманьне” Ўсходу
ў Чэхіі, магчыма, зьяўляецца і сама назва кнігі – “Сьцюдзёнай краінай”.
Гэтая асацыяцыя, верагодна, паходзіць ад самога слова “Беларусь”: “Белая
Русь”, ці то “Засьнежаны Ўсход” – то бок маем яшчэ адно клішэ. Няздольныя
наблізіць чэскаму чытачу “сапраўдную” Беларусь ані даволі цьмяныя намінкі
на асобныя беларускія грамадзкія і культурныя рэаліі, зразумелыя толькі
для “інсайдэраў”. (Напрыклад, адным з герояў кнігі зьяўляецца ня толькі
“Горад Сонца”, але і “правадыр партызанаў” Артур, правобразам якога
відавочна стаўся сам Клінаў; згадваюцца там і “Манго Манго” на Нямізе,
і атручаныя пацукі, і Скарына, і шмат чаго яшчэ, што павінна быць відаць
нейкім сяброўскім падміргваньнем беларускім знаёмым аўтара, а таксама
сьведчаньнем ягонай “абазнанасьці” ў тутэйшых рэаліях у выпадку зьяўленьня
беларускага перакладу кнігі.)
Выглядае, што аўтара
ня столькі цікавіць Беларусь, колькі адказ на сфармуляванае ім самім
пытаньне: “Дзе ж ён, той сапраўдны Ўсход?”. Па ўсім мяркуючы, Беларусь
здаецца яму “замала ўсходняй” краінай, таму апавядальнік кажа: “Я б
хацеў пасунуцца ўжо куды-небудзь далей”. Ці ўсё-ткі аўтараў намер палягае
ў тым, каб прадставіць Беларусь як сымбаль Усходу наагул? У такім выпадку,
няма нічога дзіўнага, што яго чакае расчараваньне, бо “Сьцюдзёная краіна”
даволі далёкая ад ягоных наіўных уяўленьняў пра Ўсход (за выключэньнем
сьнегу). Мімаходзь: ці існуе наагул штосьці накшталт “сапраўднага Ўсходу”?
– альбо гэта толькі адзін з распаўсюджаных у Чэхіі мітаў, неабходны
толькі для таго, каб ад яго адмежавацца? Праўдзівыя ўражаньні апавядальніка
ад наведваньня Беларусі варта шукаць у выказваньнях накшталт: “Гэты
горад пачынае дзейнічаць мне на нэрвы”; “Я не хацеў ніякай лекцыі. Мне
ўсе гэтыя падземныя магілы во дзе. Да самай сьмерці”; “Можа, у мяне
ўжо зьяўляецца на яго (беларускага гіда-вадэмэкума – М.Шч.) алергія”;
“Пушча – гідота, шчыра яму кажу... Жахлівае тут надвор’е. Турысты ўсім
гэтым сраку падцяруць”. Бадай, найяскравейшым увасабленьнем такога стаўленьня
зьяўляецца ванітаваньне аднаго з герояў-замежнікаў у сувэнірную талерку
з надпісам “На память о Минске”. Іншымі словамі, з гледзішча нейкіх
спробаў зьмяніць “агульнапрынятае стаўленьне” чэхаў да Беларусі – сапраўды,
ніякіх звышнатуральных памкненьняў да арыгінальнасьці. (З уласнага досьведу:
прыблізна такімі словамі распавядала пра Беларусь адна вахторка-пэнсіянэрка
ў чэскім інтэрнаце, якая мела мянушку “спадарыня Гітлер” і праездам
наведала нашу дарагую радзіму яшчэ пры сацыялізьме ў 70-х гг.)
У чым сапраўдная прычына
гэткай нэрвовасьці апавядальніка, чаму ўласна “Сьцюдзёная краіна” для
яго такая няўтульная й агідная? З майго гледзішча, яму замінае залішняя
адкрытасьць гісторыі гэтай краіны, няскончаныя “археалягічныя раскопкі”,
што вінаватыя ў адсутнасьці якогасьці арыентыру ў выглядзе адназначнага
стаўленьня ягонага ўласнага (чэскага) грамадзтва да сучаснасьці й гісторыі
“Сьцюдзёнай краіны”. Тутэйшая мінуўшчына аказваецца жывейшай, чым хацелася
б галоўнаму герою, здаецца нават, што яна захіляе сабою сучаснасьць,
якая магла б бяз гэтай мінуўшчыны быць нашмат больш простай і адназначнай.
Ужо згаданае “прыцягненьне
ўвагі сьвету” зьяўляецца адным з ключоў да разуменьня кнігі: “Мы праломім
маўчаньне!”, кажа правадыр карыкатурна пададзеных беларускіх адраджэнцаў
Каган. “Мы таксама хочам трапіць на мапу сьвету. Упэўненыя, што вы нам
у гэтым дапаможаце”; “Тут будзе самае значнае жалобнае месца ў сьвеце...
Самыя глыбокія магілы – у Беларусі. Але ніхто пра іх ня ведае”; “А ў
нас павінна быць што прапанаваць сьвету. Штосьці, чаго ні ў кога няма”;
“Дапаможаш нам? ...Так! Нічога іншага я адказаць не магу”. Беларусы
ў кнізе дамагаюцца перадусім таго, каб прымусіць апавядальніка дапамагчы
ім “павярнуць на сябе вочы сьвету”. Яны па-свойму зайздросьцяць чэхам
у тым, што тыя маюць свой Тэрэзін (натуральна, у рамане гэта ўтапічны
прататып “пасьпяховага” нацыянальнага маўзалею, які гіне па віне “залішняй
лібэралізацыі”): “Вы здолелі зьвярнуць на сябе ўвагу сьвету”. Калі чэскага
апавядальніка цікавіць толькі тое, каб мець дзе жыць, “недзе жыць”,
то беларусы ў кнізе трацяць сілы на нейкае маральна састарэлае ідэалягічнае
супрацьстаяньне. Апавядальнік нават не хавае свайго стаўленьня да “рэвіталізацыі
пахаваньняў” (я разумею гэта як выказваньне аўтаравага стаўленьня да
адраджэньня як такога, а да сучаснага беларускага культурнага адраджэньня
ў асаблівасьці): гэтая “рэвіталізацыя” яму незразумелая, яна няздольная
яго зацікавіць, ён адчувае да яе самае меншае недавер. “Калі раскопваеш
старую магілу, то ламаеш рэбры жывым, як кажуць”; “Ці ня ўсё адно, хто
ляжыць у тых магілах?”; “Таму што гэта было даўно, кажу яму бяз задніх
думак”. (Заўвага: як тут не прыгадаць нядаўнія тырады афіцыйнага ідэоляга
П.Якубовіча з нагоды Курапатаў!) Апавядальнік не разумее, якім чынам
“падпольнае корпаньне” ў мерцьвякох можа дапамагчы ў змаганьні з дыктатурай,
таму іранізуе: “Дастаткова капнуць, каб дом тырана абваліўся!”; “Я беларус
і гэтым ганаруся, кажа Алекс. Але мне не цікава проста жэрці дранікі
і ўтыкаць у целік. Ці хадзіць на дэманстрацыі й шпурляць камянюкі. Мяне
цікавіць памяць нацыі”. Не разумее ён і таго, чаму адна з гераіняў,
Маруська, больш дбае пра праект “Д’яблавай майстэрні” (назва беларускага
“рэвіталізацыйнага праекту”), чым пра сваіх дзяцей: “А што з тваімі
хлапчукамі, тваімі дзецьмі?... Дзе яны? Засталіся ў тым доме. Зь іншымі
дзецьмі. Неяк дадуць сабе рады...” З пэрспэктывы кнігі ня ёсьць бог
ведама якой жыцьцяздольнай ані сама беларуская культура, сымбалічна
прадстаўленая як архіў зачыненых бондаў, бондачак і плястыкавых пакетаў
“з добра бачным зьмесьцівам касьцей і анучаў у рознай ступені спарахненьня”.
Уласна кажучы, гэтая
шчырасьць аўтара што да ўласных адчуваньняў і поглядаў (хай сабе і ўкладзеных
у вусны фіктыўнага апавядальніка) мне ўва ўсёй кнізе найбольш сымпатычная.
Натуральна, аўтар далёка не самотны ў сваім неразуменьні таго, чаму
“нацыянальнае пытаньне” й “рэвіталізацыя” абавязкова мусяць быць складнікам
змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі. Між іншым, такое ж крытычнае стаўленьне
было ўласьцівае многім чэскім інтэлектуалам у дачыненьні і да ўласнага
адраджэньня ў ягоных пачатках (прынамсі, паводле эсэ Ўладзіміра Мацуры
“Канец” з кнігі “Шчасны век”). Ці ўсё-ткі мы маем справу з асабістым
стаўленьнем наіўнага галоўнага героя з Захаду, які сымбалічна й мімаволі
даўно ўжо “забіў свайго бацьку”, як Топалаў пэрсанаж, і цяпер клапоціцца
толькі пра тое, каб убараніць цяжка здабытую “свабоду асобы” ад якіх-заўгодна
будучых ідэалягічных супрацьстаяньняў, пагатоў “чужых”?
Якой бы ні была пазыцыя
аўтара, я рады, што дзякуючы ўжо самому выбару тэмы ягоная кніга трапіць
у нязначны лік замежных твораў, інсьпіраваных беларускай сучаснасьцю.
Спадзяваймася, што гэтая сучаснасьць таксама аднойчы стане гісторыяй,
часткай якой будзе і замежная рэфлексія гэтай сучаснасьці. Аўтар відавочна
ўсьведамляе, што нецікавасьць да “Сьцюдзёнай краіны” ў Чэхіі паходзіць
зь няведаньня ейнай гісторыі, чым няхоцькі падпісваецца пад выказваньнем
фіктыўнага беларускага адраджэнца Кагана, паводле якога “той, хто ня
ведае мінуўшчыны – ня мае будучыні”. Нездарма Топал імкнецца ўспрымаць
Беларусь праз прызму ейнай “залішне жывой” гісторыі ў дваццатым стагодзьдзі.
Хацелася б верыць, што наша “Сьцюдзёная краіна”, якая з чэскай пэрспэктывы
ўсё яшчэ знаходзіцца ў ценю нашмат большай, сьцюдзёнейшай і тыпалягічна
канечне ўсходнейшай краіны з выгаднейшым геапалітычным становішчам,
Расеі, аднойчы выйдзе з гэтага ценю дзякуючы ў тым ліку і Топалавай
ахвоце шчыра распавесьці пра Беларусь тое, што ён на цяперашні момант
быў здольны распавесьці. Аднак самога сябе ён у гэтай кнізе “за валасы
з балота ня выцягнуў”, як і ня выцягнуў пакуль зь ценю Расеі Беларусь:
“Сьцюдзёная краіна” пакінула аўтара халодным. Спадзяюся, што сама кніга
ня будзе так успрынятая чэскімі чытачамі. Што да “беларусаў з гонарам”
і з дэмакратычнымі перакананьнямі, ужо звыклых чуць з Захаду словы часта
няшчырай падтрымкі, выказваньне якой належыць тут папросту да “добрага
тону”, то для іх гэтая кніга безумоўна можа стаць добрай нагодай задумацца
над сабой.