“Пасьля прачытаньня
абвінавачаньня старшыня суду абвясьціў мне, што перакладчыкам зь беларускай
мовы будзе маёр Ружанцаў (беларускі паэт Алесь Смаленец—М.Шч.),
якога я ў 1920 годзе павінен быў арыштаваць паводле загаду за службовую
правіннасьць у якасьці камандзіра беларускай роты. Пасьля выступу старшыні
я выказаў просьбу, каб мне было дазволена сьведчыць па-расейску, як
што ўсе прысутныя разумелі расейскую мову...
Сваю абарончую прамову я пачаў а палове адзінаццатай раніцы і скончыў
недзе а чацьвёртай гадзіне дня. Цягам маёй абароны абліччы судзьдзяў
пачалі паступова праясьняцца, і ўсе зь відавочнай цікаўнасьцю і зьдзіўленьнем
пазіралі на мяне, ня зводзячы зь мяне вачэй...
У момант, калі Клімайціс пачаў казаць, што я ехаў з Прагі ў Варшаву
на нараду польскага генэральнага штабу ў справе змовы супраць Літвы,
я не ўтрымаўся і рэзка перарваў Клімайціса: “Саромцеся так несумленна
брахаць перад вайсковым судом!”... (ч.1, ст.253-255)
Думаю, Вячаслаў Разумовіч
мог бы быць прататыпам гэткага нясьмешнага Астапа Бэндэра ці Лазіка
Райтшванца ў якім-небудзь сацыяльна-крытычным рамане з жыцьця міжваеннай
Усходняй Эўропы. Аднак сам сябе ён бачыў як пастаць хутчэй гераічную,
таму вырашыў напісаць раман пра сябе сам. Такія кнігі рэдка атрымліваюцца
камічнымі—уражаньне сьмешнага ўзьнікае там міжволі, у адваротнай прапорцыі
да аўтаравых намаганьняў надаць сваёй кнізе і свайму жыцьцю рысы трагізму
і гераізму. Але гэта зусім не азначае, што ў гэтым жыцьці і ў гэтай
кнізе няма месца насамрэч трагічнаму і гераічнаму, як, бадай, і ў любым
жыцьці—толькі што яно там узьнікае між радкоў, зноў-такі, наперакор
уласным аўтаравым мэтам... Ужо гэтым кнігі Разумовіча-Хмары здольныя
зацікавіць зь першага погляду ня толькі гісторыка, але і псыхоляга-аматара
ад літаратуры.
1.
Паводле мовы сваіх
твораў В.Разумовіч—пісьменьнік расейска-чэскі. Першая частка “Грымасаў
усясьветнай вайны” выйшла ў Празе ў 1930 годзе ў чэскім перакладзе,
зробленым паводле расейскага арыгіналу (наўрад-ці кніга выдавалася і
па-расейску, прынамсі, сам аўтар пра гэта ня згадвае); другая, у 1935
у Брно, напісаная ўжо па-чэску (Разумовіч жыў у Чэхіі зь некалькімі
перапынкамі з 1924 году і лічыў яе сваім другім домам пасьля Літвы);
трэцюю зноў перакладае з расейскага арыгіналу сябра Разумовіча, украінскі
пісьменьнік В.М.Несьцярэнка, аўтар хутчэй за ўсё згубленай мэмуарнай
кнігі “Забытыя магілы” пра Галіпольскае “сядзеньне” рэштак Урангелеўскай
арміі. Беларускай пары жыцьця і дзейнасьці Разумовіча датычыцца перадусім
расейскамоўная першая частка, тым часам як у чэскамоўнай частцы ён усё
яшчэ падпісваецца “беларускім атаманам”, але вызнае ідэалёгію тыповага
рускага белаэмігранта-панславіста, хаця і ў спалучэньні са збольшага
дэмакратычнымі перакананьнямі. У першай частцы, арыентаванай хутчэй
на расейскую эміграцыю, мы бачым яго заўзятым антысаветычкам; у другой,
прызначанай хутчэй чэскай публіцы, ён выяўляе сябе перадусім як антыфашыст,
аднак гэты антыфашызм паходзіць хутчэй з расейскага патрыятызму: ухваленьне
непераможнасьці вялікай Расеі часам даходзіць ажно да ўхваленьня Сталіна
як “вялікага рэфарматара”. (Цікава, што адзін з аргумэнтаў на карысьць
Савецкай Расеі гучыць наступным чынам: “Савецкая ўлада дала ўсім народам
сапраўдную культурную аўтаномію. Там, дзе быў агромністы недахоп школ
(Беларусь), сёньня ў народа ўдосталь самых розных школ. Там, дзе было
80% непісьменных, сёньня ня ведаюць, што такое няграматны чалавек. Хіба
гэта не прагрэс асьветы, калі параўнаць з Польшчай, дзе пазачынялі беларускія
і ўкраінскія нацыянальныя школы?”—ч.2, ст.103). Пры гэтым яшчэ ў 1924
годзе Разумовіч выступаў супраць перадачы паўнамоцтваў БНР ураду БССР...
Цяжка сказаць, наколькі гэтая зьмена поглядаў была сапраўднай эвалюцыяй,
а не звычайнай рэакцыяй на зьмены палітычнай сытуацыі, і перадусім—на
зьмену настрояў у тым бязрадным і ідэйна дэградуючым да фашызму, адарваным
ад рэчаіснасьці на радзіме эмігранцкім асяродзьдзі, у якім варочаўся
Разумовіч у Чэхіі, Бэрліне і Парыжы ў 1931-1935 гг. Як бы там ні было,
камуністычная сымболіка зьяўляецца на вокладках ягоных кніг з 1935 году—на
першым выданьні першай часткі (1930 г.) усялякі намёк на яе адсутнічае.
Затое ў “выпраўленым” перавыданьні з 1938 году з тэксту зьнікаюць некаторыя
пасажы, як напрыклад гэты: “Пра мяне ўжо ў 1923 г. часопіс “Савецкая
Беларусь” пісаў: “Новасьпечанага белагвардзейца В.Разумовіча-Хмару чакае
той жа лёс, як і яго братоў-белагвардзейцаў... тысячы якіх зьнішчаныя
рэвалюцыйным народам СССР”. (ч.1, выд.1, ст. 159).
Узьнікаюць нават сумневы,
ці ня выдаюцца кнігі Разумовіча наўпрост за грошы сталінскай Расеі,
калі ўлічыць мноства ўтрыманай там прарасейскай агітацыі? Але гэтая
агітацыя, трэба сказаць, зусім не здаецца такой аднабаковай, каб Саветы
плацілі за яе грошы. “Я глыбока веру разам зь любімым прэзыдэнтам і
вялікім чалавекам, Т.Г.Масарыкам, што праўда заўжды перамагае і яе значаньне
выйдзе на паверхню раней ці пазьней, хай супраць яе чыніцца які заўгодна
гвалт. –Ці падабаецца мне рэжым савецкай улады ў Расеі? –Не! Але пасьля
ўсяго, што я бачыў і перажыў з часоў вайны да сёньня, я перакананы,
што яна не такая і дрэнная, як хацелі б тыя, хто сёньня хоча ўладарыць
над рускім народам...” (ч.2, ст.8) Расейскі патрыёт Разумовіч прарочыць
Эўропе ўратаваньне ад фашызму з Расеі—і ў прынцыпе не памыляецца (хаця
ягоныя прароцтвы пра будучы хаўрус гітлераўскай Нямеччыны і Польшчы
супраць Расеі даюць яскравы прыклад ягонай палітычнай “празарлівасьці”)...
“Што да самой Расеі, Розэнберг і ягоны патрон Гітлер Дольфі памыляюцца.
Расея сама пераможа камуністычную утопію, гэта пытаньне яшчэ аднаго-двух
пакаленьняў. Дзеці бальшавікоў, удзельнікаў грамадзянскай вайны, ужо
сёньня глядзяць на сьвет іначай: не вачыма рэвалюцыянэраў, а вачыма
новасьпечаных буржуа.” (ч.2, ст.250).
Твор ня ёсьць аднародным
ня толькі паводле мовы ці палітычных перакананьняў, але й паводле стылю
і структуры. Гэтак, другая частка зусім ня ёсьць працягам першай, як
сьцьвярджае сам аўтар—яна ёсьць хутчэй лірычна-публіцыстычнай варыяцыяй
на тэму ўласнага жыцьця, дзе крыху зь іншай пэрспэктывы падаюцца тыя
самыя падзеі, што і ў першай частцы, прычым аўтар, як і кожны сапраўдны
графаман, не эканоміць ні паперы, ні часу чытача (кожная з трох частак
“трылёгіі” мае 200-300 старонак). Першая частка, бадай, найбольш цікавая
інфармацыйна, нагадвае сухі вайсковы рапарт—відаць, што яна пісалася
хутка, па яшчэ гарачых сьлядох падзеяў, адсюль неахайнасьці ў ейнай
структуры: процьма непатрэбных падрабязнасьцяў, паўтораў, храналягічных
непасьлядоўнасьцяў і г.д. Відавочна, што ў час яе стварэньня аўтар калі
і лічыў сябе пісьменьнікам (што малаверагодна), дык зусім ня меў уяўленьня
пра сутнасьць гэтага рамяства—але наяўнасьць тых жа рысаў у другой частцы
ня сьведчыць аб вялікім прагрэсе ў гэтым накірунку. У любым выпадку,
называць гэты твор “раманам” ня варта—гэта чыста рэклямны ход выдаўца,
гэтаксама, зрэшты, як і карыстаньне тытулам “атаман” (папросту за няйменьнем
высокага вайсковага рангу—дакладную запіску прадстаўніку Літвы ў Нямеччыне
ён падпісвае як “старэйшы лейтэнант Літоўскага войска”).
Наагул, Разумовіч
перадусім—бізнэсовец па волі лёсу, а не па духу, і тым больш не па выніках.
З пачатку 1930-х гг. у Чэхіі пісаньне і публікацыя ўспамінаў стала для
яго новай сфэрай прадпрымальніцтва: “Пасьля вяртаньня дадому я загадаў
паслаць у Аламоўц 80 сваіх кніг, столькі ж у Пржэраў, 80 у Брно, а 100
кніг я напіхаў у валізу і выдаўся па краіне іх прадаваць. Калі гэта
ня выйдзе, буду пазычаць... У Аламоўцы сябра “лігі” спадар Р.Рж. пазычыў
мне за 80 кніг ажно 150 крон! Пасьля майго вяртаньня з Парыжу ён пасьля
доўгіх пакутаў (маіх!) вярнуў мне шэсьцьдзесят кніг.” (ч.2, ст.190-191).
Выглядае, што гэты сумны досьвед нечаму яго навучыў: на вокладцы перавыданьня
першай часткі “Грымасаў” сабраныя ўхвальныя і насамрэч некрытычныя водгукі
мэра горада Брно, чыноўнікаў ад адукацыі, рэдактара мясцовай газэты,
кіраўніцтва ўнівэрсітэцкай бібліятэкі... У канцы выданьня чытаем: “Пытайцеся
ў кнігапрадаўцоў альбо непасрэдна ў аўтара: В.Разумовіч-Хмара, у Брно-ІІ,
Жабовржэска вул.5. Рускі аўтар дзякуе вам за ўвагу і за рэкамэндацыі
ягонай кнігі вашым знаёмым”... Адзін з асобнікаў другой часткі, прысьвечанай
“гераічным чэхаславацкім легіянэрам”, Разумовіч перадае (наўрад ці асабіста)
з аўтографам самому прэзыдэнту Масарыку (кніга захоўваецца ў Нацыянальнай
бібліятэцы Чэхіі ў Празе). Аўтарам зроблены магчымы ў той час і ў ягоным
становішчы максімум для прыцягненьня цікавасьці да сваёй асобы і свайго
твору, улучна з ілюстрацыямі падзеяў эпохі (у першым выданьні іх няма)—фатаздымкамі
палітычных і вайсковых дзеячоў, дакумэнтаў, да якіх Разумовіч збольшага
мае чыста ўскоснае дачыненьне... Тое ж самае тычыцца і мала адпаведнай
зьместу трылёгіі пампэзнай назвы. Зрэшты, гэта прынесла, відаць, нейкі
плён, аднак зь сёньняшняга гледзішча такая самарэкляма выглядае ня проста
камічна, а нават як прыніжэньне—хай не для бізнэсоўца і эмігранта, але
для “атамана” і для пісьменьніка. Насамрэч, як мы ўбачым далей, на працягу
жыцьця Разумовіч не ўсьведамляў асаблівай розьніцы між прадпрымальніцтвам
і жабраваньнем.
2.
Ці ёсьць дакумэнтальная
проза Разумовіча, што называецца, даставернай? Думаю, што ў прынцыпе
Разумовічу можна давяраць, хаця і варта часам правяраць. Прынамсі, параўнаньне
ягоных вэрсіяў падзей, пададзеных у тэкстах з розных часоў, дае падставы
для такога даверу. Факты ён насамрэч перадае суха, зь нецікавай часам
скрупулёзнасьцю. Відаць, што аўтар успрымае пісаньне ўспамінаў як працяг
выкананьня свайго грамадзянскага абавязку—таму, магчыма, першая частка
настолькі і нагадвае вайсковы рапарт. Менавіта таму яна цікавейшая,
бо якраз у другой частцы аўтар адступаецца ад чыстай перадачы фактаў
і пачынае ўдавацца ў лірыку (успаміны пра дзяцінства) і публіцыстыку
(развагі пра гісторыю і сусьветны палітычны лад, прычым ягонае веданьне
палітыкі і гістарычных фактаў пакідае жадаць лепшага). Відавочна, што
хутчэй чым пісьменьнікам ці публіцыстам ён мог бы стацца журналістам
(сёньня, несумненна, ён быў бы гэткім “ідэальным блогерам”)—мог бы,
але ня стаўся... “Часопісы тады адрынулі мае артыкулы, бо не маглі паверыць
у сумную праўду і абвяшчалі іх тэндэнцыйнымі альбо рамантычнымі”. (ч.2,
ст.244).
Праблема тут, аднак,
не ў аўтаравым стылі перадачы фактаў, а ў тым, што самі па сабе гэтыя
факты збольшага не настолькі цікавыя з сучаснага гледзішча, каб заслугоўваць
гэткай дакладнае перадачы...
Але для аўтара гэта
не галоўнае. Для яго галоўнае—Праўда, ці, прынамсі, тое, што ёсьць праўдай
у ягоным разуменьні. “І ўсё-ткі мая праца ня мае іншай мэты, як толькі
сказаць і даказаць, як што было, ня ставячы сябе на першы плян і не
даруючы сабе нічога. А падзеі, пра якія я пішу, ёсьць настолькі важнымі
для чэхаў і настолькі займальнымі, што мая кніга ёсьць адзіным жывым
раманам, часам горкім, бурлівым і кранальным.” (ч.2, ст.8—“Аўтар пра
сябе”). Наколькі гэтая вера аўтара была справядлівай, і наколькі яму
ўдалося даказаць сваю рацыю астатнім? Практычная невядомасьць Разумовіча
сёньня можа сама па сабе быць адказам... А можа і ня быць.
Галоўная вартасьць
аўтара—ягоная насамрэч фэнамэнальная, дэталёвая памяць (наколькі памяць
наагул можа быць дакладнай і абыйсьціся без падфарбовак). Бадай, менавіта
гэтая памяць пра мінуўшчыну ёсьць для Разумовіча найбольш каштоўным
у ягонай сучаснасьці: ён востра ўсьведамляе хуткае мінаньне свайго жыцьця
і спрабуе ўтрымаць яго на паперы ва ўсіх дэталях. “Але гэта ўжо было
некалькі год таму, у наш час жывецца хутка, і таму хутка забываецца”.
(ч.2, ст.223). Калі б кніга была фікцыяй, уласьцівае ёй замаруджваньне
часу на дробязях было б папросту недаравальным. Але паколькі гэта дакумэнт,
каштоўнасьць дробязяў робіцца з часам неацэннай. Менавіта з банальных
побытавых сытуацый, якія зь сярэднетэрміновай пэрспэктывы здаюцца камічнымі,
складаецца жывая гісторыя—менавіта таму яна набывае каштоўнасьць у пэрспэктыве
доўгатэрміновай, калі асоба аўтара пачынае ўспрымацца як займеньнік
для ўсіх астатніх асобаў свайго часу, расплываецца ў агульнай карціне
эпохі. Гэтая асоба, па сутнасьці, і ёсьць эпохай.
Такім чынам, Разумовічу
безумоўна можна верыць у тым, што ёсьць у кнізе найбольш каштоўным—у
дробязях. Неабавязкова, наадварот, паддавацца ягоным ацэнкам самога
сябе ці пагаджацца зь імі. Насамрэч, аўтар, насуперак сваім дэклярацыям,
надзвычай некрытычна ставіцца да сябе, таму ствараецца ўражаньне, што
ён увесь час нібыта апраўдваецца. Невядома толькі, перад кім. Магчыма,
перад самім сабой?
3.
Што вядома з “даатаманскай”
пары жыцьця В.Разумовіча: нарадзіўся ў 1889 годзе ў сям’і вайскоўца,
шляхціца Івана Андрэевіча Разумовіча ў Берасьці. “Сюды прыйшоў мой род
з Паўднёвай Расеі. Пры царыцы Екацярыне ІІ быў мой прадзед, граф Разумоўскі,
гетманам Украіны.* Мой бацька... пераехаў у Брэст-Літоўскі семдзесят
год таму.” (ч.2, ст.15). Вячаслаў меў трох старэйшых братоў: Іосіфа
ў Вільні (у 1929 годзе скончыў жыцьцё самагубствам у Рызе), Ніканора
ў Кіеве (у другой частцы сьвятар Ніканор-“Сьвятазар” апісваецца як заступнік
сялян-беларусаў, які павёз ад іх пэтыцыю да цара ў Пецярбург і ледзь
за гэта не пацярпеў; расстраляны ў 1937 годзе**—сам Вячаслаў пра гэта
хутчэй за ўсё ня ведаў) і Ўладзімера ў Тбілісі. Як бачым—сям’я “імпэрцаў”,
што называецца, “прафэсійных каланізатараў”... Пасьля сьмерці бацькі
ў 1905 годзе Вячаслава пасылаюць у вайсковую акадэмію да брата ў Тбілісі,
дзе той служыць у графа Варанцова, там яго засьпявае першая расейская
рэвалюцыя, і брат неўзабаве адсылае яго назад у Літву—у Вільню. Там
ён урэшце паступае ў афіцэрскую вучэльню пад доглядам брата Іосіфа,
нібыта блізкага супрацоўніка князя Валконскага (знаёміцца з пляменьнікам
Пілсудзкага Баляславам і ягонай сястрой Ядзьвігай). Адтуль яго неўзабаве
пасылаюць вучыцца ў Петраград на вайсковага інжынэра, потым ён трапляе
(хутчэй у якасьці сакратара, бо для інжынэра ён яшчэ замалады) на Дон,
у казачае войска, дзе “заражаецца” рамантыкай казачага жыцьця, хаця
сам удзельнічае ў плянаваньні будаўніцтва запрудаў (менавіта там ён
упершыню бачыць “жывых атаманаў”). Там яго засьпявае зьвестка пра пачатак
першай усясьветнай вайны, і ў якасьці “паўротнага камандзіра” ён трапляе
на Каўказ. На Каўказе і пасьля на Закарпацкай Русі, пад Галічам, ён
атрымлівае свой першы і апошні (!) досьвед ваенных баёў—малады афіцэр
не выяўляе асаблівых прыкметаў гераізму, наадварот, як ён сам прызнаецца,
без слугі б ён прапаў, і начальства неаднаразова робіць яму вымовы то
за ўцёкі, то за памылкі... Урэшце, ягоная актыўная вайсковая кар’ера
ў царскім войску практычна сканчаецца цяжкім раненьнем у сківіцу—яго
перавозяць у шпіталь Тацішчава ў Маскву. Празь некалькі месяцаў у Маскве
ён жэніцца на маладзіцы паходжаньнем з Горадні, потым яго зноў накіроўваюць
на фронт—гэтым разам пад Дзьвінск. Рэшту вайны ён праводзіць у якасьці
інтэнданта—неўзабаве пераводзіцца ў Бесарабію, на румынскі фронт, дзе
служыць да канца вайны. Бальшавіцкі пераварот засьпявае яго ў Кіеве
(верагодна, ён езьдзіў на пабыўку да брата Ніканора), дзе Разумовіч
на кароткі час стаецца галоўным інтэндантам гетмана Скарападзкага—найвялікшае
ягонае дасягненьне на сацыяльнай лесьвіцы—і неўзабаве трапляе ў палон
да Пятлюры разам зь цягніком правіянту, прызначаным для Скарападзкага...
Там, пад рулямі пятлюраўцаў, ён упершыню называе сябе беларусам (1918
год, БНР яшчэ існуе як дзяржава), і гэта выратоўвае яго ад сьмерці—яго
адпускаюць, і ён вырашае вярнуцца ў Беларусь. Забраўшы зь Бесарабіі
жонку, якая працавала настаўніцай у Акермане, ён едзе зь ёю ў Горадню,
жончына роднае места, дзе ў яе засталася сяя-тая маёмасьць (сам Разумовіч
нібыта меў нейкую спадчыну пасьля бацькі ў Берасьці, але так ёю і не
скарыстаўся). У Горадні ён уступае ў мясцовы Беларускі нацыянальны камітэт
(але зь меркаваньняў хутчэй мэркантыльных, чым ідэйных, каб мець нейкія
сувязі) і стварае каапэратыў “Белая Русь”, які пасьпяхова гандлюе каньяком,
тытунём і ўсім магчымым, прычым спачатку забясьпечвае польскую “татарскую
коньніцу”, а пасьля наступу Саветаў—Чырвоную армію... З адступленьнем
чырвоных у 1920 годзе ўзьнікае небясьпека, што ягонае майно і ён сам
будуць альбо вывезеныя чырвонымі, альбо па вяртаньні канфіскаваныя палякамі,
якія і дагэтуль падазравалі ў ім “бальшавіка”, бо ён не гаварыў па-польску.
Разумовіч прымае даволі слушнае з гледзішча бясьпекі сям’і рашэньне
перабрацца ў Вільню, якое, аднак, спрабуе тлумачыць тым, што “Літва
яму як беларусу заўжды была бліжэйшая”. Стаўшыся літоўскім грамадзянінам,
ён паступае на вайсковую службу ў якасьці афіцэра. Пасьля захопу Вільні
Жалігоўскім перабіраецца ў Коўна, дзе яму як беларусу па паходжаньні
даручаюць арганізацыю антыпольскай партызанкі на акупаванай палякамі
тэрыторыі.
Якім было сапраўднае
дачыненьне Разумовіча да Беларусі? З палітычнага гледзішча—вельмі нязначнае,
і ён гэта сам прызнае:
“Я ведаў Вільню зь
дзяцінства; я тут рос, выхоўваўся, вучыўся, і таму натуральна, што родны
горад выклікаў у мяне пачуцьцё адданасьці яму і пачуцьцё грамадзянскага
абавязку. Я зьехаў з Расеі і вярнуўся ў Літву, на сваю радзіму, новую
паводле назвы, але старую паводле дзіцячых і юнацкіх успамінаў пра родны
край... Пачуцьцё абавязку загадвала мне, каб я лаяльна і дзейна служыў
сваёй новай радзіме, Літве.
Будучы паводле выхаваньня рускім, я лічыў сваё становішча ў Літве часовым
і часта думаў пра пару, калі змагу вярнуцца ў сваё звыклае асяродзьдзе,
да звычаяў і мовы сваіх землякоў у Расеі.
Беларускія арганізацыі цікавілі мяне пастолькі, паколькі яны ўтваралі
рускую нацыянальную меншасьць сярод літоўскіх грамадзянаў, і таму я
быў далёкі ад усіх прымхлівых плянаў беларускіх нацыяналістаў зь іхнай
марай стварыць незалежную “Беларускую народную рэспубліку”. (ч.1, ст.117)
Вось так—у двукосьсі...
Але, па іроніі лёсу, менавіта “Архівы БНР”—адна зь нешматлікіх крыніц,
дзе Разумовіч згадваецца ажно 5 разоў; менавіта ў сувязі зь беларускай
партызанкай пра яго ўзгадваюць сучасныя гістарычныя дасьледаваньні...
Гэтак нечакана пачынаецца
непрацяглы “раман” Разумовіча зь беларускай нацыянальнай справай, які
ён пазьней неаднаразова спрабуе ажывіць за мяжой у пошуках перадусім
паляпшэньня свайго матэрыяльнага становішча. Прычым ляяльнасьць яго
да Літвы значна большая, чым да Беларусі—хаця менавіта Літва арыштоўвае
яго і ставіць перад вайсковы суд... Зрэшты, і з боку беларусаў ён асаблівай
удзячнасьці не дачакаўся—бальшыня беларускіх палітычных дзеячоў аказваюцца,
паводле яго, здраднікамі і такімі ж падманшчыкамі, як літоўцы... Сам
ён на здраду не ідзе, я думаю, не таму, што ён ёсьць такім прынцыповым,
але хутчэй за ўсё яму бракуе на гэта адвагі (у 1924 годзе прадстаўнік
бальшавікоў у Гданьску Курляндзкі раіць яму пашукаць фальшываманетчыкаў,
якія падрабляюць савецкія чырвонцы—адчуўшы дух сапраўднай “вялікай палітыкі”,
Разумовіч больш зь ім ніколі не сутыкаецца). Цікавае павучэньне: там,
дзе палітычныя амбіцыі сканчаюцца матэрыяльнымі інтарэсамі, вялікай
палітыкі не атрымліваецца, бо для яе ўсё-ткі патрэбныя ідэі...*** (Гэтыя
ідэі ўзьніклі ў Разумовіча пазьней: у 1931-33 гг. ён жыў у Парыжы на
кватэры ў вядомага расейскага публіцыста-эмігранта У.Л.Бурцава. Відавочна,
што Бурцаў, антысаветчык і антыфашыст, выдавец газэты “Общее дело” і
добры знаёмы Л.Андрэева й І.Буніна, паўплываў на пазьнейшыя погляды
Разумовіча, аднак глыбокім палітычным мысьляром Разумовіч праз гэта
ня стаўся).
Фактычна, Разумовіч
служыў Літве і беларускаму руху, які Літва тады падтрымлівала супраць
Польшчы, ня столькі як сьвядомы беларус (хаця ён сам лічыў сябе ўраджэнцам
Беларусі, а беларусаў называў землякамі), а перадусім як былы вайсковец
царскай арміі (недахоп кадраў быў значны, і самога Разумовіча абвінавачвалі
таксама і ў тым, што ён дапамагаў многім былым расейскім вайскоўцам
знайсьці месца ў беларускіх партызанскіх аддзелах). Але, нягледзячы
на сваё стрыманае стаўленьне да Беларусі як ідэі, Разумовіч выяўляе,
бадай, дастатковыя для беларускага дзеяча, а для расейскага вайскоўца
таго часу дык наагул нечаканыя веды беларускай мінуўшчыны. Гэтак, ён
з пэўнай настальгіяй і амаль з гонарам апісвае Белавескую пушчу (ягонае
апісаньне шмат у чым нагадвае “Песьню пра зубра”, але паказальна, што
ў ролі князя Вітаўта ў яго выступае расейскі цар Мікалай ІІ), згадвае
пра Скарыну, Грунвальд, называе ВКЛ “літоўска-беларускім княствам” і
г.д. Але ўсе гэтыя факты ўпісваюцца ў хутчэй традыцыйную карціну бачаньня
беларусаў у Расеі:
“Беларускі народ у
Расеі першым перамог татарскае іга, зноў-такі першым дасягнуў росквіту
культуры, і гэты добры народ найбольш дзейна бярог ня толькі праваслаўе,
але і стрымліваў напор нямецкіх крыжакоў, гэтаксама як ціск палякаў
на вялікую Расейскую імпэрыю. Урэшце, ён сам стаўся ахвярай няўмеранага
шавінізму. Польская шляхта лічыла беларусаў “быдлам”, а Вялікарусы так
любілі беларусаў, як мачыха пасынка. Нядзіва, што расейская ўлада прысьвячала
мала ўвагі беларускаму народу, і гэта было зь яе боку наўмысным. У беларусаў
не было дастаткова зямлі, дастаткова школ, шпіталёў і іншых культурных
сродкаў, такіх звычайных і натуральных у іншых. Мой брат (Ніканор—М.Шч.)
пісаў мне аднойчы пра беларусаў: Беларусь ёсьць адзінай чыстай скарбонкай
славянства. У Беларусі захаваліся як народныя касьцюмы (бела-шэрыя сьвіткі),
так і казкі, песьні, звычаі, асабліва вясеньні танец у коле зь песьнямі—карагод.”
(ч.2, ст.87-86)
Нягледзячы на тое,
што Разумовіч заслужыў ад беларускіх паўстанцаў мянушку “Хмара” (магчыма,
гэта быў проста псэўданім, прыняты ў мэтах кансьпірацыі), ягоную дзейнасьць
у якасьці “атамана” беларускіх партызанаў цяжка назваць гераічнай. Фактычна,
ён працягваў займацца тым, што і раней—гаспадарчай дзейнасьцю. Здаецца,
менавіта тут выявіліся ягоныя неблагія здольнасьці як арганізатара (фармальна
пад ягоным камандаваньнем было 8 тысяч чалавек), што і магло выклікаць
зайздрасьць да яго з боку літоўцаў. Чым займаліся гэтыя 8 тысяч чалавек,
якіх Разумовічу ўдавалася збольшага ўтрымліваць у падпарадкаваньні?
У прынцыпе, кантрабандай, гаспадарчым сабатажам ды яшчэ тым, што здабывалі
сабе сродкі на існаваньне шляхам “канфіскацыі” маёмасьці ляяльных да
Польшчы жыхароў ды рабаваньня гаспадарчых аб’ектаў. Толькі аднойчы,
у 1921 г., імі па заданьні з Коўна нібыта былі сарваныя выбары ў сойм
створанай Жалігоўскім Цэнтральнай Літвы—партызанам удалося скрасьці
і зьнішчыць значную частку вурнаў для галасаваньня (ня варта мець ілюзій
пра тагачасную дэмакратыю ні на адным з бакоў—паводле Разумовіча, бальшыня
бюлетэняў была сфальсыфікаваная палякамі). “Плебісцыт разьвіваўся на
нашую карысьць. Я сам быў зьдзіўлены яго вынікамі”. (ч.2, ст.116) Здогады
пра выданьне ў штабе Разумовіча ў Мерачы часопісу “Беларускі партызан”
ва ўспамінах не пацьвярджаюцца.
Вайна і палітыка,
як сьведчыць аповед Разумовіча—гэта перадусім грошы, ва ўсе часы, і
асабліва ў часы пасьляваеннай нястачы. Менавіта грошы былі галоўнай
праблемай і галоўнай зацікаўленасьцю Разумовіча на працягу ўсяго ягонага
жыцьця...
Разумовіч хоць і апісвае
некаторыя баявыя дзеяньні сваіх партызанаў, але настолькі цьмяна і агульна,
што відавочна, што сам ён у іх ня ўдзельнічаў—распачатае ў 1923 годзе
“на ягоны загад” паўстаньне пацярпела паразу. Дый не магло не пацярпець,
улічваючы ўзровень падрыхтоўкі і экіпіроўкі партызанаў. Галоўнае, чаго
Разумовічу ўдалося дасягнуць—гэта арганізаваць за свой кошт вывад 89-ці
сваіх байцоў на тэрыторыю Савецкай Беларусі (паводле тайнай дамовы з
“маскоўскім кур’ерам”) дзеля ўратаваньня іхных жыцьцяў ад палякаў (магчыма,
адсюль паходзіць іхны ўдзячны допіс “атаману”, які прыводзіцца ў “Архівах
БНР”). Яшчэ й таму да сваіх падначаленых (такіх як Мацейчук, які загінуў,
прыкрываючы адыход партызанаў на савецкую тэрыторыю, альбо атаман Муха)
ён адчувае шчырую павагу на мяжы зайздрасьці—легенды пра Муху ён пераказвае
з тымі ж цярплівасьцю і захапленьнем (ч.1, ст.150-153), зь якімі апісвае
хараство прыроды альбо гарадоў Вільні ці Тыфлісу...
Абвінавачаньне ў марнаваньні
літоўскіх грошай змусіла Разумовіча пакінуць Літву і зьехаць спачатку
ў Гданьск (там ён шукае пакупніка жончынай гарадзенскай кватэры, каб
хоць неяк вылезьці з наробленых у Коўне пазыкаў), а потым у Прагу, адкуль
ён, аднак, у 1925 годзе піша літоўскаму паўнамоцнаму прадстаўніку ў
Нямеччыне рапарт (гл. “Архівы БНР”; ва ўспамінах Разумовіч сьцьвярджае,
што ў той час спрабуе пасярэднічаць ва ўзнаўленьні супрацоўніцтва БНР
зь Літвой, але няўдала), каб яго не западозрылі ў наўмысных уцёках,
і патрабуе права вярнуцца ў Коўна, каб мець магчымасьць абараніць свой
афіцэрскі гонар перад вайсковым судом. У 1926 годзе ён гэты дазвол атрымлівае
і прыяжджае ў Літву, дзе яго арыштоўваюць і кідаюць у турму на два гады.
Ягоныя ворагі і былыя “партнэры па бізнэсе” ў Літве не зацікаўленыя
ў ягоным вызваленьні—шчасьлівы выпадак, сустрэча з былым беларускім
партызанам Варонам, які працуе ў астрозе турэмшчыкам, дазваляе яму перадаць
на волю лісты адвакату і чэхаславацкаму консулу... Пасьля іхнага ўмяшаньня
Разумовіча нарэшце выклікаюць у вайсковы суд, той апраўдвае яго, і ён
зьяжджае зь Літвы назаўжды—спачатку праз Кёнігсбэрг у Бэрлін, а потым
зноў у Прагу (зь Нямеччыны яго нібыта дэпартуюць ужо як чэхаславацкага
агента, хаця дагэтуль ён пасьпеў пабыць у Чэхаславаччыне крыху болей
за два гады)...
Наагул, цяжка знайсьці
хоць адну краіну, у якой пабываў Разумовіч, адкуль бы яго хоць раз не
дэпартавалі, ці гатэлю, зь якога б яго ня выгналі зь ягонай набітай
успамінамі валізай... Паўсюдна ён носіць сваю мінуўшчыну з сабой, так
і ня ўмеючы ад яе пазбавіцца. Гэтак ён апісвае свае бадзяньні па Парыжы
ў 1931 годзе, калі бяз грошай і без прытулку апынаецца “каля сівой Сэны”:
“Была халодная ноч, сьнежань. Пачаў ісьці мокры сьнег. Усё жыцьцё ў
нейкім жахлівым скарочаным выглядзе пранеслася ў маёй галаве. Самыя
розныя вобразы, і збольшага—вусьцішныя. Я ўяўляў сваіх сяброў і братоў,
як я даводжу іх да адчаю. (Магчыма, намёк на самагубства брата Іосіфа
ў Рызе ў 1929 годзе, ускоснай прычынай якога мог быць несупынны перасьлед
Вячаслава Разумовіча ў Літве—М.Шч.) ...Мне падалося вельмі лёгкім скончыць
гэты шлях. Паставіць кропку за выкрыкам жыцьця. Ніхто б не азірнуўся
за мною, нікому б мяне не бракавала. Але гэта—ганьба для чалавека, які
змагаўся супраць свайго лёсу і лёсу сваёй нацыянальнай галіны.” (ч.2,
ст.200). Як бачым, толькі думка аб мінуўшчыне “беларускага атамана”
здольная неяк уратаваць яго ад роспачнага кроку... Парадаксальна, менавіта
гэтая “цьмяная” для іншых мінуўшчына зьяўляецца прычынай ягонага перасьледу
і недаверу да яго з боку людзей і ўладаў.
4.
Што да ўдзелу Разумовіча
ў беларускім палітычным жыцьці, то ён фактычна сканчаецца ў 1924 годзе
спробай арганізаваць у Празе перамовы між палякамі і Радай БНР (зь ініцыятывы
польскага паручніка Алейнічакоўскага, які кантактаваў яго ў Гданьску).
Гэтая спроба, як і бальшыня палітычных пасярэдніцкіх захадаў Разумовіча,
сканчаецца няўдачай—інфармацыя прасачылася ў друк, і сустрэчы не адбылося
(хаця на яе нібыта асабіста прыехаў сам Тарашкевіч).
“Гэткае заканчэньне
было вельмі непрыемным як для беларусаў, так і для Літвы. Абодва бакі
пачалі шукаць “ахвярнае ягнятка” і знайшлі яго ў маёй асобе...
Літоўскі друк пачаў пісаць пра тое, што ў чужыне я дзейнічаю супраць
інтарэсаў беларуска-літоўскага народу, а беларускія дзеячы ў Празе і
ў Вільні (у сваім друку) абвяшчалі, што такія “беларусы” як Разумовіч
у нічым не адрозьніваюцца ад расейцаў-“маскалёў”.
Гэтым беларускія дзеячы давалі зразумець, што я “русафіл”, а не патрыёт-беларус.
Літоўскія і беларускія інтрыгі і палітыканства насамрэч уплывалі на
мяне так, што мне было ўжо ўсё адно, хто будзе прэзыдэнтам на Белай
Русі: Крэчаўскі, Валакайціс ці Жалігоўскі...
Жыцьцё дамагалася сваіх правоў, і трэба было думаць пра тое, з чаго
і як жыць. Даляры, пераведзеныя ў праскі Прадпрымальніцкі банк, расплываліся
не па днях, а па гадзінах. Асабліва шмат грошай каштавала вопратка,
бялізна і г.д. Калі жонка ад’яжджала ў Гданьск, яна спадзявалася, што
мы здолеем хутка вярнуцца ў Літву, а ўсе рэчы пакінула ў Коўне, дзе
мы заплацілі за кватэру на год наперад...
Як беларускі працаўнік і партызанскі атаман я адчуваў сябе між расейскімі
эмігрантамі ў Празе як “сарока між варонамі”.
Парады, пытаньні, роспыты: “Ты хто—манархіст, легітыміст, сацыяліст,
камуніст, сэпаратыст альбо проста авантурыст?”... Арыентавацца ў такой
сумесі палітычных, нацыянальных і матэрыяльных інтарэсаў новаму чалавеку
было нялёгка, і я спыніўся пасярэдзіне—стаўся сябрам “Усеславянскага
адзінства”.
...Але потым узьнікла новае пытаньне: ці дзейна я ўдзельнічаю ва ўратаваньні
Расеі? Я абвясьціў, што так. Ад таго моманту людзі пачалі мною цікавіцца,
і са мною знаёміліся палкоўнікі, генэралы, вайсковыя і цывільныя прадстаўнікі.”
(ч.1, ст.218-219).
Вось так, адным махам,
на дзьвюх старонках Разумовіч разьвітваецца зь беларускім лягерам і
пераходзіць у расейскі. Гэты ўрывак наагул вельмі паказальны для кнігі
Разумовіча. Ён паўсюдна вельмі ганарыцца сваімі знаёмствамі з выбітнымі
асобамі таго часу: у Парыжы ён наведвае белага генэрала Куцепава, у
Бэрліне—свайго былога начальніка Скарападзкага, даволі блізка знаецца
з атаманам “Зялёнага дубу” Дзергачом****, у Горадні нібыта бачыць на
ўласныя вочы Дзяржынскага, згадвае пра Купалу сярод удзельнікаў Бэрлінскай
канфэрэнцыі (у 1-м выданьні—“Яйка Купала”, у 2-м—“Янко”), сустракаецца
з героем “сібірскага паходу” чэскіх легіянэраў генэралам Радолам Гайдам,
жыве ў парыскай кватэры ўжо згаданага Ўладзіміра Бурцава, а таксама
ўспамінае нейкую “расейскую паэтку даваеннай пары” М.Северскую (?).
Але відавочна, што самі ягоныя сучасьнікі і знаёмцы ўспрымаюць яго зусім
ня так, як ён успрымае сябе самога: Скарападзкі адмаўляецца яго прыняць
у Бэрліне паўторна, амэрыканскі консул Мікс, муж ягонай пляменьніцы,
ігнаруе ягоныя просьбы пра заступніцтва ў вызваленьні з ковенскага астрогу...
Выглядае, што як асоба
Разумовіч быў пры жыцьці надзвычай малацікавы для астатніх. Сьведчаньне
гэтаму—стаўленьне да яго ў Бэрліне, дзе ён быў вымушаны працаваць спачатку
мыйшчыкам посуду, а пасьля буфэтчыкам у расейскай рэстарацыі “Мядзьведзь”.
“З Кёнігсбэргу прыехаў консул Будрыс і ў прысутнасьці маіх калег (у
гэтай рэстарацыі афіцыянтамі былі спрэс рускія афіцэры царскай гвардыі)
голасна прывітаў мяне ля буфэту і сказаў: “Якая шкада! Толькі вы зьехалі
з Кёнігсбэргу, як вам з Коўна тэлеграфам на мой адрас паслалі значную
суму грошай. Я ня ведаў вашага адрасу і грошы вярнуў”. Калегі пачалі
мяне віншаваць і жартавалі: “Цяпер вы хутка разбагацееце і побач з намі
адкрыеце рэстарацыю “Мядзьведзяня”.
Пасьля сустрэчы з консулам Будрысам я нечакана сустрэўся ў рэстарацыі
з буйным гандляром панам Ота Вайлем, у якога быў набываў сьпірт для
Літвы. “Бач, выглядае, у вас шырокія і салідныя сувязі: дыпляматы, генэралы,
фінансісты...”, казалі мае калегі ў рэстарацыі хоць і жартам, але ўжо
зь відавочнай пашанай.
...Наагул за буфэтнай стойкай у мяне ўзьнікла нашмат больш салідная
жыцьцёвая пазыцыя, чым на сьцяжыне грамадзкага дзеяча, афіцэра літоўскага
войска і беларускага атамана.” (ч.1, ст.281-282)
Сымптаматычна, што
калі Разумовіч зь некага і зьдзекуецца ў сваёй кнізе, дык менавіта з
тых людзей, якія адзіна ўспрымаюць яго сур’ёзна, як “атамана”—з расейскіх
фашыстаў і манархістаў у Бэрліне, Празе і Парыжы, якія мараць аб адваёве
Расеі зь Японіі пад камандаваньнем генэрала Гайды ці аб стварэньні новай
імпэрыі ўсіх славянаў—Славіі... Магчыма, гэтак жа ён бы пасьмяяўся з
тых гісторыкаў, якія ўсё яшчэ лічаць ягонае “атаманства” самым галоўным
у ягоным жыцьці... Яго самога ў кантактах з расейскімі палітыканамі
цікавіць выключна лёс ягоных кніг, іначай кажучы—грошы: “Я пайшоў да
палкоўніка Нікіціна, бо меў матэрыяльны інтэрас што да сваіх кніг, у
дачыненьні да якіх сябры “лігі” і фашысты пачалі губляць паразуменьне
і прыхільнасьць”. (ч.2, ст.157). Асаблівай вядомасьці як літаратар ён
не дамагаецца: яму здаецца, што ён ажно залішне вядомы, і што нічога
карыснага для сябе з гэтага ня мае. “Па бэрлінскіх гатэлях пачалася
пагоня паліцыі за “небясьпечным шпіёнам”, а я тым часам спакойна жыў
пад Бэрлінам у Адлерсгофе ў сваіх сяброў беларусаў, якія прыехалі зь
Вільні вучыцца ў тэхнічнай школе.
Аднойчы студэнт П. мне кажа: “Сёньня мы былі зь сябрам у дзяржаўнай
публічнай бібліятэцы і праглядалі каталёг. Мы былі прыемна зьдзіўленыя,
што вы там адзначаны.”
“Як так, адзначаны?”, пытаюся.
“Так, што ў гэтай бібліятэцы ёсьць асобная вітрына з вашай газэтай “Сьветазар”,
якую вы выдавалі (насамрэч, газэту выдаваў у Кіеве ягоны брат Ніканор—М.Шч.),
а таксама дакумэнты пра вашу працу ў Літве і Беларусі. Там ёсьць праклямацыі,
часопісы беларускіх партызан, гістарычная літаратура і нарэшце ваш партрэт
ва ўніформе. Мы вас на ім пазналі і папрасілі дырэктара бібліятэкі (?—відавочнае
перабольшаньне Разумовіча, зрэшты, як і ўвесь пасаж), каб ён нам пазычыў
некалькі нумароў газэты. Ён адмовіў і сказаў, што гэта бібліяфільская
рэдкасьць.” *****
“Бачыш, і нягледзячы на гэта немцы адмовілі мне ў працягу візы. А да
Скарападзкага зусім не магу трапіць. Гэтага чалавека ніколі няма ўдома.”
“Я чуў, што Скарападзкі ў Лёндане, дзе вядзе перамовы аб узнаўленьні
Ўкраіны.” “Можа быць. Я павінен яго тут дачакацца. Не магу зразумець,
чаму няма ніякага адказу зь Літвы, хаця я двойчы пісаў доктару Боеву
экспрэсам...” (ч.2, ст.214-215). І гэтак далей.
5.
Ці ўсьведамляе сам
Разумовіч тое, што ён ёсьць па-сутнасьці вечным няўдачнікам? Відавочна,
што ён, як чалавек па прыродзе ўдумлівы, да гэтага месцамі вельмі “небясьпечна”
набліжаецца (гэтак, і сваю кніжку ён нават аднойчы называе “нікчэмнай”,
каб потым адразу ж падкрэсьліць ейную “павучальнасьць для Чэхаславацкай
рэспублікі”), але апошняй катэгарычнай высновы так і ня робіць. У гэтым
яму замінае паталягічная пераацэнка ўласнай асобы. Гэтак, агенты і здраднікі,
якія сочаць за ім, мрояцца яму на кожным рогу: Курляндзкі, Галін, Клімайціс...
Спробу ягонага арышту ў Коўне ён называе “выкраданьнем”, бунт п’яных
партызанаў—“пераваротам” і “замахам на ягоную асобу”, нават дрэнны продаж
сваіх кніг ён лічыць вынікам “змовы” (ч.2, ст.176) “людзей у масках”,
“бесаў”—расейскіх фашыстаў і манархістаў, ягоных у выніку адзіных, таму
што асабістых ворагаў...
Спроба выставіць сябе
ва ўспамінах “героем вайны” і “атаманам” (як ён сам кажа, ён зь дзяцінства
хацеў стаць вайскоўцам, каб быць падобным да свайго дзеда) відавочна
кантрастуе з сапраўднымі жыцьцёвымі каштоўнасьцямі дробнага шляхціца
і сямейнага чалавека: гэта “гонар, чалавечая сумленнасьць і спакой сям’і”
(ч.2, ст.163). Ягоныя філіпікі супраць расейскіх рэваншыстаў, якія хочуць
крыві і новай грамадзянскай вайны, поўныя праўдзівага патасу і заклікаў
да “вечнага міру” ў Эўропе. Насуперак памкненьню Разумовіча даказаць
адваротнае, жыцьцё яго цікавіць нашмат больш, чым вайна і гераізм. “Лежачы
з заплюшчанымі вачыма, я адчуваў усю радасьць вяртаньня да жыцьця, і
яшчэ ўчорашняя мінуўшчына падалася мне кашмарам. Замест саламянай падсьцілкі
ў брудным акопе—сьнежнабелы ложак у прыгожым пакоі, замест дзікага выцьця
гарматаў—гукі піяніна, якія даносіліся з акрытага ў сад вакна. Гукі
музыкі нагадвалі мне, што існуюць тэатры, рэстарацыі... Памяць малявала
мне абліччы блізкіх, знаёмых... я згадваў пра службу ў Петраградзе,
у станіцы Канстанцінаўскай..., у галаве вымалёўваўся спакушальны вобраз
смачных страваў і напояў і шмат чаго іншага. Словам, малады арганізм
выяўляў свае патрабаваньні да жыцьця, і я ўяўляў сабе сваю будучыню
такой, якой яна была да вайны.” (ч.1, ст.49-50, разьдзел “У Маскве”).
Нядзіва, што менавіта апісаньню прынагодных банкетаў і асалодаў даваеннага
сьвецкага жыцьця аўтар адводзіць шмат месца на працягу ўсяе кнігі.
Наадварот, жахі вайны,
дый мірнага часу, якія ён бачыць на ўласныя вочы,—габрэйскія пагромы,
згвалтаваньні, акопнае жыцьцё, умовы ўтрыманьня ў астрозе і паводзіны
вязьняў,—выклікаюць у яго непрыхаваную агіду, якая, бадай, ня надта
пасуе “гераічнаму атаману”. Гэтыя сьведчаньні “маленькага чалавека”,
як я ўжо казаў, ёсьць нашмат больш цікавымі, чым апісаньні неверагодна
разьдзьмутых палітычных і фінансавых інтрыг, якія нібыта пляліся вакол
ягонай асобы.
Трагізм жыцьця Разумовіча
ня толькі ў тым, што ён не разумеў ці не хацеў разумець сваёй сапраўднай
гістарычнай ролі, але таксама ў тым, што яму насамрэч на працягу ўсяго
жыцьця нечувана, ажно камічна не шанцуе. Магчыма, менавіта з-за сваёй
наіўнасьці (“Вы наіўны чалавек, атаман!”, кажа яму беларускі консул
у Бэрліне Бароўскі, ч.1, ст.283), зьмяшанай з псыхалёгіяй расейскага
вайскоўца старога ўзору, ён увесь час ублытваўся ў кантакты зь людзьмі,
якія потым яго “кідалі” і за якіх пазьней яму прыходзілася адказваць...
Найбольш яскравы факт—страта рукапісу першай вэрсіі другой часткі трылёгіі,
з працоўнай назвай “Бесы ХХ стагодзьдзя”, якую ён мусіў потым пісаць
нанова. (Натуральна, Разумовіч, у згодзе са сваёй звычкай, сьцьвярджае,
што яе скралі ягоныя ворагі з прафашысцкіх эмігранцкіх колаў...)
Што да гераізму ў
вайсковым разуменьні слова, дык найбольш прасякнутым ім пасажам кнігі
мне здаецца эпізод, у якім ён апісвае свае пакуты ў літоўскім астрозе:
“Не прайшло і паўгадзіны, як мяне раптам прабудзіў невыносны сьверб
на твары і па ўсім целе. Я правёў рукой па твары і... жах! У далоні
я трымаў жменьку галодных вашэй. Сон выпарыўся! Мне прыйшлося распрануцца
дагала, і цяпер распачалася вайна з войскам літоўскіх вашэй. Гэта была
зацятая барацьба! Галодныя вошы атакавалі мяне з падлогі і са столі.
“Вайна” скончылася ажно раніцой... Падлога была ўсеяная сотнямі вашэй,
расчаўленых ботамі. Са сьвятлом дня вошы зьніклі да наступнае ночы...
Сьмяротна стомлены я заснуў і спаў ажно да вечара, калі мяне абудзіў
наглядчык”. (ч.1, ст.238-239).
Наадварот, прыклад
сапраўднага, чалавечага гераізму—уратаваньне Разумовічам ад сьмерці
ягонай дачкі Лялі (Ларысы—дачку ён вельмі любіў і менавіта ёй прысьвяціў
першую частку кнігі) яшчэ ў ягоную бытнасьць беларускім партызанскім
камандзірам у Мерачы. “Пад вечар у дзіцяці настала сьмяротная агонія.
Мы паклікалі сьвятара, пратаярэя Карчынскага, каб той яе сабараваў.
Жонка заходзілася ў плачы каля ложку... Я адчуў, як маё горла сьціскае
спазм, і каб самому не расплакацца, выбег з пакою на двор. Сьвежае вечаровае
паветра адразу ж асьвяжыла маю галаву, і пры гэтым у маіх мазгох праляцела
думка: “Дзіця памірае ад недахопу паветра!”...
Я хутка вярнуўся ў пакой і, не зважаючы на пратэсты, загарнуў дачушку
ў пакрывала, сказаў жонцы “Ідзі ў штаб”, а сам аднёс хворую ў хату,
дзе была канцылярыя майго штабу. Празь некалькі хвілін партызаны прынесьлі
ложак, і кабінэт ператварыўся ў спальню. Ужо на другі дзень дзіцю было
лепш, і небясьпека мінула.
Тым часам “паслужлівыя даносчыкі” паведамілі ў Коўна, што я для асабістага
камфорту ператварыў памяшканьне штабу ў сваю кватэру. Пасьля гэтага
з Коўна прыйшоў загад, каб я выселіўся з будынку штабу.” (ч.1, ст.164-165).
Наагул, што да ратаваньня
чалавечых жыцьцяў, то атаман Разумовіч (якога, між іншым, абвінавачвалі
ў Літве нават у забойстве нейкай Краскоўскай, каханкі каталіцкага сьвятара
(!) Альшэўскага—Разумовіч не шкадуе старонак, каб ачысьціцца ад гэтага
абсурднага абвінавачаньня, паводле якога сам Альшэўскі быў у выніку
асуджаны ў Коўне на 6 гадоў турмы, гл. ч.2, ст.130-134) выяўляе сябе
сапраўдным “рэкардсмэнам”. На фронце ён уратаваў ад расстрэлу аднаго
салдата (у таго была нібыта вялікая сям’я), які згвалціў румынскую жанчыну,
пакараўшы яго толькі зьбіцьцём—і менавіта гэты салдат у часе рэвалюцыйнага
бунту ледзьве яго не застрэліў... Пра дапамогу расейскім афіцэрам па
ўладкаваньні ў літоўскім войску і пра вывад 89-ці партызанаў у Савецкую
Беларусь (з-за чаго яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Масквой) мы
ўжо згадвалі: “Трэба дадаць, што здарылася з маімі людзьмі, каб справа
была цалкам яснай. Зь іх Герман Шыманюк-Парыш, былы акружны атаман гарадзенскай
губэрні, пасьля сканчэньня кавалерыйскай школы ў Растове-на-Дану стаўся
афіцэрам у расейскім войску. Васіль Русак, былы кантралёр пры галоўным
штабе, скончыў унівэрсітэт у Маскве, дзе цяпер у яго добрая пасада.
Гэта толькі некалькі прыкладаў, пра якія я ведаю.” (ч.2, ст.122—тут
Разумовіч блытае: як вядома з той жа “Споведзі” Л.Геніюш, паўстанец
Васіль Русак скончыў тэхнічную школу ў Празе, дзе і жыў, пакуль яго
ня вывезьлі ў ГУЛАГ у 1946 годзе. Гэтыя радкі пісаліся Разумовічам у
Брно—ускоснае сьведчаньне таго, наколькі мала ў 1930-х гг. ён цікавіўся
беларускім жыцьцём у Чэхіі, і наколькі мала цікавіліся самім Разумовічам.)
У Сопаце ён выцягвае з мора польскага падпаручніка Зацьвіліхоўскага,
які прыйшоў яго вэрбаваць (яны разам вырашылі паехаць купацца, быў чэрвень
1924 году), мімаходзь заўважаючы: “Калі б падпаручнік патануў, гэта
магло б мець лёсавызначальныя наступствы. Ніхто б у Польшчы не паверыў,
што гэта не мая віна”. (ч.2, ст.153). У Празе ён ахвяруе сваё зімовае
паліто выпадкова сустрэтаму на вуліцы жабраку, хаця сам ня мае ў той
час чым плаціць за кватэру... Калі ўсе гэтыя выпадкі ёсьць праўдзівымі,
то яны ёсьць найлепшым сьведчаньнем таго, якім чалавекам быў Разумовіч:
гэтак любіць жыцьцё можа, бадай, толькі той, хто бачыў пекла вайны на
ўласныя вочы.
Менавіта тое, што
Разумовіч усё-ткі выжыў і захаваў сям’ю ў няпростых, хай і банальных
для таго часу абставінах зьяўляецца ягонай найвялікшай перамогай. Якім
бы авантурным і поўным пэрыпэтый ні здаваўся яму самому ягоны жыцьцёвы
шлях, назваць яго самога авантурыстам ніяк нельга. Сапраўдныя авантурысты,
мне здаецца, ня мыюць посуд і ня пішуць па начах 300-старонкавых кніг...
Магчыма, менавіта
патаемнае ўсьведамленьне марнасьці ўласнага жыцьця, поўнага страчаных
шанцаў, і прымушае аўтара паспрабаваць даказаць адваротнае прынамсі
на паперы, прынамсі сабе самому... Паспрабаваць захаваць сваё жыцьцё
і знайсьці ў ім мэту, ідэю і апраўданьне—ня толькі перад літоўскім вайсковым
судом, але і перад судом вышэйшым... Таму, магчыма, агульны тон кнігі,
як я ўжо казаў, гэтак нагадвае ягоную ўласную пяцігадзінную абарончую
прамову... Застаецца толькі загадкай, перад чыім судом ён насамрэч апраўдваецца—божым?
нашчадкаў? суродзічаў? Каму, насамрэч, патрэбны рускі афіцэр, літоўскі
патрыёт, беларускі партызан, украінскі інтэндант, чэскі грамадзянін,
а ў дадатак, магчыма, яшчэ і “польскі”, “савецкі” ці нават “аўстрыйскі”
(было і такое) агент Разумовіч? Цікавасьць яго як дзьвюхмоўнага літаратара-эмігранта
як для Расеі, так і для Чэхіі спрэчная. Бадай, гэта заканамерна: як
чалавек імпэрыі, “бязродны касмапаліт”, ён сам цікавіўся ўсім (асабліва
адметныя ягоныя апісаньні Каўказу), быў усюды сваім і чужым і ў выніку
стаўся нічыйным... Каму ён належыць цяпер? Адна сучасная беларуская
літаратарка даводзіць, што няўдачнік ёсьць у прынцыпе архетыпам беларускага
мужчыны. Што ж, тады ўжо паводле гэтага крытэру нам варта лічыць Разумовіча
сваім...
6.
Апошняя, трэцяя частка
трылогіі (“Куюцца кайданы”, ілюстраваная сатыра з сучаснасьці, 1937
г.) зьяўляецца насамрэч лагічным завяршэньнем усяго папярэдняга разьвіцьця
Разумовіча як аўтара і як асобы. У ягоным жыцьці ў Чэхаславаччыне ўжо
некалькі год практычна нічога не адбываецца, таму ніякіх новых пэрыпэтыяў
да ягонага “жыцьцёвага раману” гэтая частка не дадае. Усё яшчэ падпісваючыся
“атаманам”, ён практычна ня згадвае пра сваю атаманскую мінуўшчыну,
усё больш увагі надзяляе камэнтаваньню сучасных падзеяў, аб якіх даведваецца
з эўрапейскага і эмігранцкага, але не ў апошнюю чаргу з савецкага друку,
якому, як гэта ні сумна, давярае найбольш. Нязьменнай застаецца агульная
для эўрапейскіх дэмакратыяў і дэмакратаў таго часу панічная боязь і
нянавісьць да нямецкага фашызму, адзіным паратункам ад якога ён лічыць
хаўрус са сталінскай Расеяй і “вялікім рускім народам”. Любая крытыка
сталінскіх парадкаў успрымаецца ім (як і многімі “левымі” таго часу)
як вада на млын фашысцкай пагрозе, уяўленьне аб якой ён чэрпае з кнігі
Гітлера “Майн Кампф”. Паказальная ягоная нянавісьць да “чырвонага цара”
Троцкага і наагул да ўсіх тых “бесаў вайны”, што заклікаюць да зьмены
ўсясьветнага ладу радыкальнымі мэтадамі. На падставе агульнадаступных
тады інфармацый Разумовіч робіць у стратэгічным сэнсе слушнае прароцтва
пра напад Гітлера на СССР і ягоную непазьбежную паразу, але памыляецца
наконт тактыкі абодвух рэжымаў—зрэшты, хто мог тады здагадвацца пра
нейкі там пакт Рыбэнтропа-Молатава? Такое адчуваньне, што ў эмігранцкім
асяродзьдзі Разумовіч са сваімі поглядамі застаецца практычна адзін:
ён канчаткова разыходзіцца з рускамоўнымі дэмакратычнымі і манархічнымі
коламі і наіўна заклікае белаэмігрантаў да вяртаньня на радзіму, каб
дапамагчы Сталіну будаваць “пасьпяховае і мірнае савецкае грамадзтва”.
Магчыма, сам факт ягонага непрызнаньня як аўтара ў колах белаэміграцыі,
што жывуць былой славай і марамі аб вяртаньні сваіх маёнткаў (ні першага,
ні другога сам аўтар ніколі так і не займеў), змушае яго сымпатызаваць
з сацыяльна больш блізкімі яму савецкімі людзьмі, у якіх ён бачыць перадусім
пераможцаў у грамадзянскай вайне і на якіх ускладае надзеі як на пераможцаў
у непазьбежнай вайне ўсясьветнай. Але якімі б слушнымі ці няслушнымі
ні былі погляды аўтара, спробы выставіць сябе знаўцам усясьветнай палітыкі,
дый яшчэ і з багатым асабістым палітычным досьведам, выглядаюць непераканаўча,
нягледзячы на станоўчыя водгукі правінцыйных чэскіх інтэлектуалаў на
вокладцы кнігі. Меркаваньні Разумовіча застаюцца ня больш чым прыватнымі
меркаваньнямі, ягоны “паліталягічны” аўтарытэт нічым не падмацаваны.
Дзіўна ўспрымаюцца развагі пра палітычную кар’еру Скарападзкага з вуснаў
ягонага колішняга інтэнданта; дзіўна ўспрымаюцца пераказы чужых шпіёнскіх
прыгодаў з вуснаў чалавека, які сам нічога падобнага не перажыў—і менавіта
дзякуючы гэтаму дажыў да 50 гадоў...
Магчыма, і сам Разумовіч
адчувае, што яму болей няма чаго сказаць свайму гіпатэтычнаму чэскаму
чытачу (профіль якога ўявіць сабе, мушу сказаць, даволі складана), таму
пад канец кнігі кідаецца... у фікцыю! Наагул, гэты незвычайны з гледзішча
літаратуразнаўства факт, калі кніга (апошняя частка трылогіі!) на апошніх
50 старонках ператвараецца з публіцыстычна-мэмуарыстычнай у белетрыстыку
(прычым па стылі яшчэ больш жахлівую, чым публіцыстычная частка) і распавядае
пад канец “трылогіі” нейкую блытаную амурную інтрыгу з палітычнай подбіўкай,
што ня мае нічога агульнага з папярэднім зьместам твору, даволі яскрава
характэрызуе Разумовіча як літаратара, які незалежна ад сюррэалістаў
карыстаўся, відаць, нейкім уласна вынайдзеным кшталтам “аўтаматычнага
пісьма”—пісаў першае, што яму прыйшло на думку... Гэтай сьмелай/сьмешнай
дыгрэсіяй а ля Стэрн ён адначасова зьдзейсьняе “літаратурнае самагубства”:
ягоная першая спроба пяра ў жанры фікцыі, самым “вынаходлівым” у якой
зьяўляюцца прозьвішчы “Кар’ерын”, “Куртызан”, “Любімчык і “Нядольскі”,
канчаткова ставіць на ім крыж на ім як на аўтары. Як тут не заўважыць
праявы адвечнай “кармы” Разумовіча як вялікага няўдачніка па жыцьці...
Пры гэтым, публікуючы ўжо трэцюю кнігу, ён сам сябе ўсё больш усьведамляе
пісьменьнікам і збольшага пачынае прадстаўляцца так і астатнім.
“Мой зямляк, як толькі
ўбачыў на стале маю кнігу, строга зірнуў на пана Дворжачка і злосна
выбухнуў: “Як так, пане Дворжачак? Вы чытаеце такую бздуру?” “Але, шаноўны
пане, я ж толькі набыў яе ад нашага дарагога госьця, які зьяўляецца
аўтарам”, зьвярнуў увагу высокага госьця пан Дворжачак, паказваючы на
мяне. “Што? Гэта аўтар?... Спадарства! Я чытаў кнігу гэтага аўтара!
Гэта правакацыя, а ён—польскі шпіён!” Я заўважыў, як бальшыня гасьцей
на мяне строга паглядзела... Рашуча запярэчыць? Але як, калі ўсе прысутныя
наладжаныя супраць мяне і стаяць на баку паважанага госьця з лысінай...
У паліцэйскага камісара я абароны не знайшоў. “Я ведаю, што вы не шпіён,
але ваш зямляк быў тут у справах гандлю і меў добрую рэкамэндацыю з
Прагі (якой я на жаль ня меў—заўвага пісьменьніка)”... (ст. 156-161,
ч.3).
Цікава, што нягледзячы
на відавочную вычарпанасьць трэцяй часткі трылогіі, Разумовіч задумвае
новую, магчыма і напісаную, але так і ня выдадзеную кнігу (“сучасны
раман”), чыя назва сама па сабе “абяцае”, што і яна будзе нічым іншым
як перапяваньнем ужо вядомых з ранейшых кніг некалькіх асноўных матываў—“Жыцьцё
бяз маскі”. У ёй ён мог бы напоўніцу разьвіць пададзеную ў канцы трылогіі
тлустым шрыфтам настолькі ж банальную наколькі праўдзівую выснову: “Бесы
эпохі і самазамілаваньня рухаюць сьветам” (ст.214, ч.3). Аднак і гэтая
адважная фармулёўка пакідае жадаць лепшага з гледзішча лёгікі і стылістыкі...
7.
Што магло стацца з
50-гадовым В.Разумовічам у акупаванай немцамі Чэхаславаччыне? (Апошняя
пакуль што вядомая зьвестка пра яго, ягоны адрас у Брно, датуецца 1938
годам.) Ці застаўся ён верным сваім антыфашысцкім перакананьням і скончыў
у канцялегры, альбо зноў ідэйна далучыўся да “вызваліцеляў Расеі” і
пасьля вайны, як ягоны брат, скончыў у адным зь лягероў “вялікага рэфарматара”
як “белагвардзейскі атаман”? Ці быў выдадзены ў Польшчу яшчэ ў 1938
г. на патрабаваньне польскага ўраду як яе “закляты вораг”? Альбо яму
ўдалося перажыць вайну, як і ягоным кнігам, і дачакацца “спакойнай старасьці”
пры камуністычным рэжыме? Альбо зноў прыйшлося эміграваць на Захад?
Калі так, то чаму пасьля вайны пра яго нічога не чутно? Што сталася
зь ягонай сям’ёй? ******
Так ці іначай, Вячаслаў
Разумовіч ня здолеў стаць ані атаманам “Хмарам”, ані вядомым пісьменьнікам
Разумовічам-Хмарам. І тым ня менш, у нейкім сэнсе ён абодвума імі насамрэч
быў, і гэтага нельга аспрэчыць—перадусім, у сваім уяўленьні.
Для першай часткі
трылёгіі, якая невыпадкова нясе назву “Зманлівы сьвет”, паказальны наступны
эпізод з каўказскай кампаніі супраць туркаў:
“Узброены біноклем,
я выдаўся ў кірунку варожага ланцуга... Не пасьпеў я наблізіцца ані
на сто крокаў да мэты, як ясна ўбачыў у бінокль не ланцуг турэцкіх жаўнераў,
а раскіданыя падушкі і коўдры... Учора, калі мы былі яшчэ ў паходзе,
нам насустрач ішлі натоўпы армянскіх уцекачоў... Мне было сьмешна, але
адначасова ўскіпеў у душы гнеў на правіннасьць маіх стралкоў. Я азірнуўся
і скамянеў! З аддзелу з трыццаці чалавек на месца засталіся сямёра,
астатнія ўцяклі назад. Я загадаў чатыром салдатам, каб яны выправіліся
на пошукі патруля, а тром іншым даручыў перанесьці падушкі і коўдры
ў памяшканьне для варты. Да зьмены патруля заставалася яшчэ гадзіна.
Загарнуўшыся ў коўдру, я думаў: “Ці варта мне дакладаць камандзіру роты
пра гэтую начную прыгоду альбо не?”
Быць суворым камандзірам наагул цяжка, тым больш для маладога, маладасьведчанага
афіцэра, які проста са школьнай лавы апынуўся ў ваенным асяродзьдзі.
...Я вырашыў, што ня буду пра гэта дакладаць. Толькі ў 1915 годзе ў
галіцкіх акопах я пачуў аднойчы ўначы, як стралкі, згадваючы пра каўкаскі
фронт, казалі: “Што праўда, тое праўда, наш паўротны—добры афіцэр. Калі
б гэта здарылася зь іншым, ён бы пра гэта адразу ж даклаў, і нам прыйшлося
б прызнацца, што мы елі ягнячыя шашлыкі...” (ч.1, ст.15-16).
Даруйце перабольшаньне,
але гэтае апісаньне змушае мяне прыгадаць Сэрвантэсаўскага Дона Кіхота
са “зманлівым сьветам” у галаве, але таксама... самога Сэрвантэса. Той
таксама пачынаў вайсковую кар’еру, быў цяжка паранены пад Лепанта, воляю
неспрыяльнага лёсу правёў шмат гадоў у палоне, а па вяртаньні, замест
таго каб стацца рыцарам, прысьвяціў поўнае матэрыяльных клопатаў і прыніжэньняў
жыцьцё стварэньню забытых рыцарскіх раманаў і адной несьмяротнай пародыі...
Як для Сэрвантэса страта рукі была якімьсці таямнічым стымулам для ягонага
пісьма, гэтак і для Разумовіча зраненьне сківіцы сталася нейкай крыніцай
ягонага нястомнага самаабарончага шматслоўя... Як і Сэрвантэс, Разумовіч
пасьля бурных і нешчасьлівых для яго бадзяньняў абірае шлях пісьменьніка
і спрабуе перадаць у сваіх кнігах свой каштоўны, як яму здаецца, жыцьцёвы
досьвед; як і Сэрвантэс, шмат месца ў сваіх кнігах адводзіць лёсу саміх
гэтых кніг і абароне сваёй годнасьці як чалавека і як аўтара... З той
розьніцай, што Разумовічу відавочна бракуе менавіта іранічнага стаўленьня
да сябе, гэтаксама як і літаратурнага таленту, якія прынесьлі Сэрвантэсу
неўміручасьць.
Гартаючы ўспаміны
Разумовіча, усьведамляеш, што кніга як зьява—сапраўды вялікая рэч. Бо
апрача гэтых некалькіх яшчэ наяўных у Чэхіі кніг (тыраж на іх не пазначаны),
ад самога Разумовіча насамрэч не засталося нічога. Такім чынам, можна
сказаць, што творчае і выдавецкае намаганьне гэтага жыцьцёвага няўдачніка
выканала сваю задачу: уратавала імя аўтара ад нябыту разам з ладным
кавалкам гісторыі, у тым ліку і беларускай. Споведзі няўдачнікаў, хай
і не ва ўсім шчырыя, бываюць часам ня меней цікавымі за сьведчаньні
праўдзівых “гістарычных асобаў”.
Заўвагі:
* Маецца на ўвазе
Кірыла Разумоўскі, апошні гетман Украіны ў 1750-1764 гг., чыю выяву
сёньня можна знайсьці на ўкраінскай паштовай марцы за 45 капеек. Пачынальнік
роду Разумоўскіх Якаў Раманавіч Розум быў простым казаком. Разумовічы,
паводле ўсяго—пазашлюбныя нашчадкі нейкага з сыноў Кірылы Разумоўскага.
Цікава, што сын К.Разумоўскага Андрэй (1752-1836) быў славутым дыпляматам
і мэцэнатам—гэта яму прысьвечаная 5-я сімфонія Бэтговэна зь вядомым
пачаткам “Лёс грукаецца ў дзьверы”... Але ён, па маіх падліках, фізычна
ня мог быць дзедам Разумовіча, пагатоў што большасьць жыцьця правёў
за мяжой. Разумовіч, хутчэй за ўсё, памыляецца, называючы Кірыла Разумоўскага
“прадзедам”—слушна было б “прапрадзед”. Іншы сын К.Разумоўскага, Аляксей
(1748-1822), быў міністрам адукацыі пры Аляксандры І—цікава, што ў адной
з крыніц ягонае прозьвішча падаецца як “Разумовіч” (гл. В.Поджы, “Езуіты
і выкладаньне лаціны ў царскай імпэрыі”, http://www.dirittoestoria.it/iusantiquum/articles/poggi.pdf
).
** Разумовіч Міканор Іванавіч. 1883 г.н., беларус, ураджэнец г. Брэст-Літоўск,
зьняволены Ухтпечлагу НКВД СССР. Арыштаваны 26.10.1937 г. Асуджаны 16.12.1937
г. «тройкай» УНКВД Архангельскай вобл. паводле арт. 58-10 УК РСФСР да
вышэйшай меры пакараньня. (Крыніца: http://www.kurapaty1988.org/victim.asp?id=7156)
*** Гісторык Яўген Мірановіч сьцьвярджае, што з самага пачатку сваёй
службы ў літоўскім войску ў якасьці беларускага атамана Хмара супрацоўнічаў
з польскай выведкай. Сам Разумовіч не адмаўляе сваіх кантактаў з палякамі
(праўда, у пазьнейшы час), але ніякіх канкрэтных доказаў ягонай “здрадніцкай”
дзейнасьці я не знайшоў—намеры, магчыма, і мелі месца, але час быў такі.
Сам Мірановіч у артыкуле “Пра дзеячаў і герояў” у якасьці доказу згадвае
працэс над 45-цю беларускімі партызанамі ў Беластоку ў 1923 годзе, якіх
нібыта павінен быў здаць палякам Разумовіч, але пэўнага пацьвярджэньня
ягонага дачыненьня да гэтага не дае.
Калі можна яшчэ сумнявацца, ці не прынесла верагодная праца Разумовіча
на палякаў нейкую шкоду беларусам, дык з тым, што Разумовічу яна прынамсі
не прынесла ніякай выгады, пагаджаецца і Я.Мірановіч, тым часам як звычайна
менавіта матэрыяльная выгада была галоўным рухавіком дзеяньняў Разумовіча.
Што да стаўленьня Разумовіча да палякаў, то з успамінаў выплывае, што
як на асабістым, так і на ідэалягічным узроўні яно было выразна адмоўным.
“Неўзабаве я заўважыў, што палякі ненавідзяць кожнага, хто меў сьмеласьць
адкрыта заяўляць, што ён рускі, альбо размаўляць па-руску, і перасьледавалі
такіх людзей як маглі.” (ч.2, ст.111)
Зрэшты, той факт, што Разумовіч “ня быў шчырым беларускім нацыяналістам”,
як намякае Я.Мірановіч, па-мойму, ніяк не зьмяншае ягонай цікавасьці
як асобы.
**** Выглядае, што атаман “Зялёнага дубу” Дзяргач-Адамовіч быў адным
з мала людзей, якія ставіліся да Разумовіча з сымпатыяй. Прынамсі, іх
дваіх вінавацілі ў спробе аб’яднаць свае атрады з мэтай змагацца як
супраць Польшчы, так і супраць Саветаў (Разумовіч наўрад-ці хлусіць,
кажучы, што абвінавачаньне было фальшывым). Апошні раз яны бачыліся
ў Гданьску ў 1924 годзе, дзе Дзяргач, тады ўжо вартаўнік у праваслаўнай
царкве, адкрыў Разумовічу таямніцу скарбу, пакінутага немцамі пры адступленьні
з Коўна. Гэты скарб яны разам нібыта зьбіраліся знайсьці, але з заўсёдным
“посьпехам”—тым ня менш, гэта адзіны, бадай, насамрэч “авантурны” эпізод
усяе кнігі. (Пра яго ў 2004 годзе распавядаў у праграме “Радыё Свабода”
выдавец “Архіваў БНР” Сяргей Шупа).
***** Насамрэч, пры жыцьці Разумовіча пра яго выйшла ў Варшаве кніга
нейкага А.Стражы (ці Старжы) пад назвай “Ataman Chmara-Razumowicz—biografia
bialoruskiego irredentysty”, 1928 г., перавыданьне пад назвай “Ataman
Chmara-Razumowicz. Sylwetka bialoruskiego irredentysty”, 1937 г. Сам
Разумовіч пра гэтую кнігу ў часе напісаньня 2-й часткі сваёй трылёгіі
хутчэй за ўсё ня чуў. Ведаючы стаўленьне палякаў да Разумовіча і Разумовіча
да палякаў, наўрад-ці ў гэтай кнізе магло быць напісана пра яго шмат
праўды... Паказальна, што выйшла яна якраз у той час, калі Разумовіч
сядзеў у Ковенскім астрозе.
****** Гісторыя (пардон, інтэрнэт) згадвае пра савецкага юрыста і палітоляга
Мікалая Ніканоравіча Разумовіча (1922-1990), пляменьніка нашага аўтара.
М.Н.Разумовіч—выпускнік і пазьней выкладчык МГИМО, аўтар кніг “Дзяржаўны
лад Аргентыны” і “Дзяржаўны лад Бразіліі”, выдадзеных у 1959 годзе ў
Маскве, “Дзяржаўныя пераўтварэньні рэвалюцыйнай Кубы” (1964 г.), “Палітычная
і прававая культура: ідэі і інстытуты Старажытнай Грэцыі” (1989 г.).
Вось як узгадвае пра яго ягоны вучань, расейскі прафэсар Ю.С.Півавараў:
“Сын священника, после ареста отца, вместе с матерью и полоумной сестрой,
десятилетний мальчик оказывается в лагере на севере Казахстана… Далее
побег. В ватных штанах — они ему не по росту, он чуть ли не весь в них
утопает — зашиты деньги. С беспризорной шпаной пробирается в Москву.
По дороге, узнав о деньгах, его хотят убить. Но ему как-то удается оторваться
от шпаны и оказаться в Москве… В середине 30-х здесь покажется отец,
чтобы затем навсегда сгинуть в неизвестности ГУЛАГа (незадолго до смерти
Н.Н. узнает, что он был расстрелян). Никанор Иванович был из обедневших
дворян Западного края; в нем текли какие-то белорусско-литовские крови;
вроде бы (по словам Н.Н.) Разумовичи происходили от внебрачной ветви
графов Разумовских. — Мать, Надежда Ивановна, из ославянившегося молдавского
боярского рода — Маня. Я видел фотографию Никанора Ивановича: худое,
истовое, очень исторически узнаваемое лицо священника конца XIX — начала
ХХ в. Может быть, таким в молодости был о.Иоанн Кронштадский… Для меня
он так и остался загадкой. Человек социалистически-демократических убеждений,
активно работавший до революции в кооперативном движении, пытавшийся
избраться в Государственную думу — типичный во всем этом интеллигент.
И одновременно: священник на приходе — то сельском, то в уездном городе;
участник Первой мировой — поднимал солдат в атаку во время Брусиловского
прорыва. Кажется, был не очень тверд в соблюдении некоторых обязательных
для представителей этого сословия правил… Хороший знакомец, еще с киевских
времен, Михаила Булгакова, близок к актерской среде Художественного
театра — но это шло еще от дружбы с отцом Василия Ивановича Качалова,
священником Шверубовичем. Сознательно отказался от эмиграции, полагая
долгом быть здесь, “со своим народом”. — Этим родительским выбором Н.Н.
очень гордился. И когда я пел ему русскую эмиграцию, восторгался книгами
Бердяева, о.Сергия Булгакова, Франка, он почему-то мечтательно и назидательно
говорил мне: …“Во сто крат важнее для России было оставаться здесь.
Как Никанор Иванович это сделал…” (Крыніца: http://americana.socionet.ru/files/Razumovich.pdf
) Бальшыня інфармацыі пра Ніканора Разумовіча пацьвярджаецца і ягоным
братам-атаманам: “Пасьля заканчэньня вучобы ў акадэміі духоўных навук
брат пачаў кар’еру як настаяцель храму пры жаночым манастыры ў Вільні.
Ён быў аматарам музыкі і мастацтва. Урэшце, ён і сам быў мастаком і
добрым музыкам, а больш за ўсё любіў беларускі народ, гасьцінны, працавіты
і дасьціпны, хоць і бедны...” і г.д. (ч.2, ст.85-89). Стварыць такое
ўражаньне пра беларусаў Ніканор Разумовіч мог на Віцебшчыне, дзе нейкі
час перад першай усясьветнай вайной служыў у храме ў вёсцы Асінагарадок
(цяпер Пастаўскі раён). На гэта паказвае згадка сучаснага тамтэйшага
сьвятара, ярэя Анатоля Папова пра запіс у царкоўным летапісе, які “сделал
священник Осиногородской церкви Никанор Иоаннович Разумович в 1907 году
21 ноября”. (Крыніца: http://sphagnumx.inru.biz/state/AA:navID.4/AB:navID.4/AC:-1.1702361336/).
Крыніцы:
Ataman V.Razumovic-Chmara.
Grimassy svetove valky. Praha, 1930 (1 выданьне), 238 стар.
Ataman V.Razumovic-Chmara. Bez masky. Moskva-Kovno-Varsava-Berlin-Pariz-Praha.
Аўтабіяграфічны дакумэнтальны раман. (Grimasy svetove valky, ч.2.).
Brno, 1935, 269 стар.
Ataman V.Razumovic-Chmara. Kuji se okovy. (Grimasy svetove valky, ч.3.).
Brno, 1937, 218 стар.
Ataman V.Razumovic-Chmara. Salebny svet. (Grimasy svetove valky, ч.1.).
Brno, 1938 (выпраўленае 2 выданьне), 295 стар.
Архівы БНР, ч.1, кніга 2.
Мірановіч, Яўген. “Партызаны ці тэрарысты?”, “Ніва”, №20 (2296), 14
траўня 2000 г.
Мірановіч, Яўген. “Пра дзеячаў і герояў”, “Ніва”, №11 (2444), 16 сакавіка
2003 г.
Вашкевіч, Андрэй; Нарэль, Дзяніс. “Сымон Якавюк: адраджэнец, спэкулянт,
манархіст і савецкі дывэрсант”. “Архэ”, № 5 (39), 2005 г.