Макс Шчур

ВЕРШЫ (2008-2009)

 

Зь нізкі “Амфітэатар Revisited” (2008)


На атрыманьне сябрам 4-гадовай стыпэндыі ў Вене

Nos Patriam fugimus...
Vergilius

Ты кажаш—добра выглядаю:
пакуль што ўнікнуў кіпцюру.
Я край здабыты пакідаю
і на радзіму курс бяру.

Адзін, бяз прывіднага войска,
што меўся весьці Фартынбрас,
каб помсьціць прынцавым забойцам
за ўзурпаваны імі час.

Давай мяняцца адрасамі,
пастамі, поціскам рукі.
Мы ўсюды застанемся самі,
як сябраваць немастакі.

У Клімы і ў Марыенгофа—
вельмі падобна пра жывёл.
Гулаг, таксама як Галгофа—
усюды там, дзе мы жывём.

Сёньня

Ф.Дрые

Устаю, каб раскінуць сеці на гукі
накарміць дзіцятка-камэру сьвежым днём
я рыфмую, каб расьцягнуць асалоду
ад паэзіі на тыдні, але сёньня
мне здаецца, што дзень ёсьць адной вялікай страфой
з унутранымі рыфмамі ўсходу й заходу
й цэзурамі карыстаньня транспартам
Сёньня
я раскідваю натхненьне прыгаршчамі,
як некалі соль беларускі магнат,
багаты, хоць не сьвятым, але духам
Сёньня
сірэны сьпяваюць грэгарыянскія канты
з расстаўленых як чырвоныя сьцяжкі
на адлоў вушэй рэпрадуктараў
Сёньня
я хацеў бы быць сваім цёзкам-часопісам
і мець кожны дзень новую дзеўку дня,
замест таго каб быць пераносным класікам
у абмытай усімі дажджамі сталіцы
Сёньня
банкаматы выдаюць кожнаму паводле патрэбы
загадваюць празрыстыя загадкі, як дзецям
аднойчы яны будуць вымяраць IQ
і раздаваць аўтографы
яшчэ не народжаных геніяў
але мы жывем тут і цяпер
у сьвеце клонаў Бажэны Нямцовай
дзякуючы якім я магу дапісаць
гэты верш у некаторай з праскіх кавярняў
а магу і не дапісаць

*
Пачатак вясны. Пачатак хакею,
і мокрыя стрэхі зіхцяць, нібы лёд.
Свабода прайграць. З кожным рухам слабею
і як камэнтатар, і як рыфмаплёт.

Прамову дажджу моўчкі слухаюць птушкі,
і крэслы дзіравыя цэдзяць імжу,
і быццам пад дзецьмі, пад імі калюжкі
люструюць нэйтрынную сутнасьць дажджу.

Сьпяшацца ня трэба—паўгоду выходны.
Бы стужкі гімнастак—струмені па шкле.
Кватэры пракуранай човен падводны
ў ільды капітан безыменны пашле.

*
Улетку
Пане Коханку езьдзіў па солі на санях
Лукашэнка катаецца па асфальце
на ролікавых лыжах
Прайшло 200 год
а любоў тыранаў да зімовага спорту нязьменная

*
У траўні Берасьце нагадвае Трышынскі цьвінтар
безь вядомых імёнаў, безь безыменных герояў
аднафамільцы вымушана ўспрымаюцца як сваякі
пад густою лістотай, яшчэ гусьцейшым пылам
перавалачны пункт грэка-рымскае барацьбы
між магільнымі надпісамі, зорны прастрэл заміж сэрца
нярадасна тут памерці, быць пахаваны, жыўцом у тым ліку
таму паэзія тут—мастацтва плянаваньня хаўтураў
і складананьня сабе эпітафій і некралогаў
ну хіба не шаленства?
за вамі адзіна выбар жанру і мовы
а вырвацца за агароджу—як самагубства
разумею ахвоту блюзьнерыць
бухаць, трахацца між магілаў, спраўляць патрэбы
шукаць працу вартаўніка альбо землякопа
раздаваць новапрыбылым
скрадзеныя на іншых магілах кветкі
сустракаць іх цытатамі кшталту “Пакінь надзею”
прыгаршчамі прадаваць
глебу з усіх канцоў сьвету
праводзіць экскурсіі па нябачных сьцяжынах
адзінае, аб чым тут ня маюць паняцьця—
неўміручасьць

*
Ідучы па вуліцы, я падумаў:
“Тут магла б быць Вена ці Браціслава”,
і адразу адчуўся новапрыблудам,
што ня ведае шляху, зазьзяла слаба

пэўнасьць: “І я б мог быць кімсьці іншым,
напрыклад, сабою праз год ці летась,
Кортасарам, Майрынкам, Леанарда да Вінчы,
кім заўгодна, каго меў шчасьце ня ведаць,

значыць, розьніцы мала—сядзець на месцы
ці кудысьці ехаць, усё адносна,
усё адно, жыць далей ці памерці,
здаць у сьмецьце смокінг з чужых абноскаў”.

*
У травені памерці сумна—
ня кожны хоча смуткаваць.
Адно сіроцкіх рэчаў сума
спрабуе вернасьць захаваць.

Ты шанаваў іх значна меней
свайго кампутару, а той
табе бяздушна і нязьменна,
штодзённа здраджвае са мной.

Канец нядзелі

У канцы дня ўсе нядзелі любяць зьлівацца ў адну,
і робіцца відавочным, што астатніх дзён не існуе.
Вакно вяртае падачу ліхтара чужому вакну.
Нядзелі няма канца. Суседзі й стрэлкі заснулі.

Вясна памалу сыходзіць, нядзеля ўсё яшчэ тут,
змушае нас рабіць выгляд, што мы не адчулі сыходу.
Колькі мінула тыдняў за пару апошніх мінут?
Шкада, што нічога такога нельга сказаць пра суботу.

*
Сонца на нашых вачах
робіцца чырвоным гігантам
паказвае нам нашу будучыню
горад спакойны як акіян
роўна дыхае

погляд нырае ўглыб
з даху няшматпавярховіка
зь лёгкасьцю прабівае шкло
ніводнага пырску

сонечныя спадарожнікі—
бледная пляма на шыбе
нібы місачка з малаком
шэрая пляма ўсярэдзіне вока

срэбная манэта зьмяняецца на залаты
жэтон, падае ў аўтамат
у шчыліну далягляду

тлусты шпрыц высмоктвае гной сьвятла
з прыціхлых памяшканьняў

ноч падае свой голас

*
Галоўнае, ня як далёка ў часе
застаўся летні і дажджлівы Менск,
нават ня тое, што на працягу
гэтага часу з намі адбылося,
а тое, што мы ўсё гэта тады
прадбачылі з дакладнасьцю ў дэталях
і прадчувалі, лежачы на сьпінах,
нязьменнасьць будучых (цяпер ужо мінулых)
год, летаў, гарадоў і нас саміх.

*
Сінонім шчасьця—Прага з бадуна.
Пад сіняй фрэскай—месцы ўсяго сьвету:
вечар у Брно, касьцёл у Барунах...
Ты думаў, будзе лепей? Да ну на х!
Ужо было! (Карэту мне, карэту!)

Ня трэба так крычаць, ты ж не Рэмбо—
ідзі набудзь Букоўскага ў кнігарні,
на працу плюнь (па целіку футбол
нагадвае, карамба, карамболь),
адпачывай, як і бухаў—ударна.

Усё стамляе: праўда і пратэст,
прыгожае, аргазмы і мастацтва,
раскручаныя лёсы a la thеse—
адкінь ідэялогіі пратэз
шырокім жэстам кепскае пастаці.

Амфітэатар Revisited

Чытаючы аповеды пра духаў,
я сам жыву бязгучна, як той дух,
хаваюся ад сьпёкі ў цёмны кут
і назіраю за мэтамарфозай
свайго пакою доўгія гадзіны,
куды я не ўпускаю шмат сьвятла.
Ахоўнік гойнай прахалоды ночы,
я сам сабе здаюся пэрсанажам
адной з карцінаў Вэрмэера з Дэлфту.
Апроч гадзіньніка, нічога не яднае
мяне з маёй эпохай, аніводная
прылада, прызначэньне альбо дзейнасьць.
Я ўсё жыцьцё жыву ў старых карцінах,
выходжу зь іх, як прывід, зрэдчась,
калі ў пакоі зьявяцца чужынцы,
каб іх сваёй усьмешкай напалохаць.
Мне цяжка вызначыць дыягназ ці імя
свайго падвіду, ці замову супраць—
я не такі вялікі студыёзус,
я ўжо забыўся, як гучаў дэвіз
зацёртага за столькі часу герба,
прыдуманага некалі ня мною—
магчыма, я ня меў на яго права—
гляджу ў люстэрка на сваю адсутнасьць
і думаю, куды падзеўся носьбіт
ранейшых латаў, лаўраў, акуляраў...
Цяпер я калі й небясьпечны,
дык, можа быць, адно сабе самому,
хаця ўсе зубы зьеў я на сабаку,
і толькі адзін зь іх яшчэ пульсуе
(хоць я й глушу яго, бы радыё з замежжа),
паведамляючы мне які раз на тыдзень
усю вышэйпададзеную мудрасьць.

Страшніцэ

Пахаладаньне ў ліпені—адліга.
Адзіна толькі мумія смаўжа
нагадвае аб сьпёцы сіратліва.
Рух—гразьне, перавучаны ляўша.

Як шмат вольнага месца на прадмесьці!
Зрэдчась флэш-мобы (цьвінтар—адзін зь іх,
які цяжэй закончыць, чым правесьці),
расьпяты памылкова вадзянік,

былыя бітнікі ля шапікаў а трэцяй,
порнаакторкі з канцылярый фірм,
Тэніэлава котка на партрэце—
якая розьніца, адкуль ісьці ў эфір.

*
Зь векам прарыты піксэламі скуры манітор
пад пылам валаскоў згасае больш павольна,
каб не ўключыцца болей аднаго дня,
калі яго нядбайна, нелагодна
ў апошні раз абмые санітар,
і сьмерць увойдзе ў цела, быццам сон,
пацюкаўшы калена малаточкам—
ці не спрацуе розуму клаксон,
ці скончылася бойка невідочных
котак у страўніку?—пасьля чаго сьвяточна
мышшу рукі замкне апошняе з вакон.

*
Залевы самалёт надгукавы
ўлез у паветра сонечнай краіны,
і рэчка апусьціла рукавы.
Пад дахам фінішуюць каляіны,

расьце спазьненьне—стаўка на прыезд,
хвалююцца набітыя трыбуны.
Размова пераходзіць на Трыест
і Джойса. Спадзяюся, легкадумны

нашчадак, што аднойчы гэты верш
(ці проза) дапаможа табе трахнуць
тваё дзяўчо—з табой вазьму я верх
і скончу тваёй хуцьцю—каб я спрахнуў!

*
(а дя Джэці)

Ня можаш даць рады партнэру?
Зьмяні кватэру!

Пры гэтым мяняць адрэсу
ня мае сэнсу.

Ня трэба чыніць падлогу—
ляг на падлогу.

Прымусь, каб сталы і столі
зьмянілі ролі.

Аднаногае яйка ўсьмятку
зьеж для пачатку,

што ў самотным сьвятым Граалі
ўсталявалі

ў цэнтры роўнай і белай вельмі
пустэльні.

*
Старыя душой і юныя розумам,
яны баяцца ня быць сучаснымі:
карыстаюцца СМС-камі й падкастынгам,
лацінкай і матэматычнымі знакамі,
пішуць дзёньнікі на лайвджорнале,
атрымліваюць прэміі ды стыпэндыі,
выдаюць зборнікі і часопісы,
ладзяць слэм-чытаньні й пэрформансы,
выкладаюць на катэдрах і канфэрэнцыях,
выклікаюць авацыі і сымпатыі,
спадзяваньні і ўсё, апрача хіба зайздрасьці—
толькі рэўнасьць пры карыстаньні імёнамі
тых, з кім ня маюць нічога агульнага.

Вайна і мір

Лета, праведзенае ў Стакгольме
ў пары з залежнасьцю (алкагольнай),
прайшло, не ўвасобіўшыся ў радкі.
Помню, сьпёка спустошыла горад, помню,
што ў некаторай з краінаў поўдню
на выезьдзе рэзаліся ў гарадкі.

Дзе ўзяць цікавасьць да алімпіяды,
калі ў небе клануюцца клоўны да ўпаду,
пляцэнтай адкідваючы парашут?
Тут жа град хіба па страсе зашклёнай
папкорнам скача й б’е па калёнах
нічым ня ўзброеных харашух.

Адзіна ў веласіпедных касках,
хрыбты сагнуўшы, у вулках праскіх
ад жоўтай поўні адстаюць ліхтары,
ды яшчэ ўначы ледзь ня кожнай хвілі
завываюць сабакамі Баскервіляў
арбалеты з лапкамі дагары.

*
Верасень падкарэктоўвае пляны,
што жнівень хацеў на яго перакласьці.
Неабавязковы й неабавязаны,
ён вернасьць захоўвае восеньскай касьце

непраціўленцаў і непрадрашэнцаў.
Што тут сьпяшацца, як час на гарбату—
топчуцца ў сенцах ва ўсім мностве сэнсаў
прыцемкі году ў чаканьні шабату.

Сядзем за стол, раздамо, бы таблеткі,
дробныя карты—суцеху для блазнаў.
Стомленым целам не супрацьпаказаны
лёгкі масаж рэвальвэрнай рулеткі.

*
Зуб пчалы калоціцца аб шыбу ад холаду
паплыўком, што рэагуе на зьмену эпохі
ў забабонаў цела на паваду.
Эпахэ-апахалам схаваны посьмех.

Восень адчыняе вячэрнія санаторыі,
каб лячыць алкаголем ад боязі цемры.
Да зімы з пацыентаў дажывуць некаторыя.
Час бяжыць, пакідае ў кватэрах паперы,

сшыткі, дзе запісы і мэтафары
насустрач адны адным прабіваюць
тунэль, маўляў хрысьціяне і варвары,
чарвякі сумневу, што здаўна выядаюць

цела Бога, яблык маўчаньня цнатлівага.
Дзеці, крыўляючыся, зазіраюць у старасьць.
Узрастае, здаецца, нат тлі вага,
і ты сам набываеш дада(т)ную вартасьць.

Прывітаньне (з) Ісьляндыі

Марыйцы Мартысевіч

У восені ў крыві непрадказальнасьць:
хто б ведаў, ці напішаш ты хоць верш,
ці ёсьць між імі нейкая каўзальнасьць,
як між ільдом і каўзалём, ня менш?

Адсюль патрэба ў сонечнай разьвёрстцы
па белай пампе ільдзяной зямлі.
Каб першым землямерам быць на вёсцы,
на сэктары рысунак падзялі.

Пад лінзай небасхілу ўсе дэталі,
бы ў кроплі, усплываюць з глыбіні
прыблізнай мапы, каб мы ў ёй пазналі
сябе колькігадовай даўніны.

Чарговы год лічыльнік абнуляе,
і ты арыентыры абнаві,
і ўбачыш у паўночнай высьпе пляму
ўласнай, даўно засохлае крыві.

*
Радзіма спазнаецца ўвосень
(вясну пракручваюць назад):
прыходзіць замірэньне зь лёсам,
зьнікае дужаньня азарт.

Зайздросьціш спрытнасьці вавёркі,
што адкідае шышку прэч,
нібыта конус ад мярзьлёнкі,
ты ж супраць кону – не папрэш.

Што ж, час на дэшыфроўку пахаў
(гнілыя яблыкі = кавун).
Тэрмомэтру чароўным махам
папрыгажэў людзкі табун.

Данайцы шлюць у места зь вёсак
даніну—водараў дэсант...
Радзіма спазнаецца ўвосень.
Любы цяпер—рэпатрыянт.

Кастрычніцкія

1.Вечар

У закураным небе замялі бычок фэервэрку.
Гук вады ў вадасьцёчнай трубе—як з навушнікаў рок,
ды яшчэ плач дзіцяці імкнецца прарвацца ў кватэрку,
каб адсутнасьці спраўдзіць акустыку, бы незнарок.

Пуцяводныя ніткі пражэктараў цягнуць вагоны,
быццам рыбу лупатую з мутнай начной глыбіні.
на 3D-акуляры дыхнуў перагар самагонны—
іх ня зьняць, не разьбіць, не стачыць, не працерці ані.

Ліхтары нацягнулі ў знадворным тумане палаткі,
ды кудысьці разьбегліся ўсе цыркачы, гледачы...
Не ўключайце адразу сьвятла па вяртаньні дахаты—
дайце служцы старой ад абрыдлых гасьцей адпачыць.

2.Раніца

Як перамотка на пачатак,
бяжыць жыцьцё скрозь жалюзі
туды й сюды між сонных хатак,
і ты бяжыш, да жалю, зь ім.

Вядуць на вадапой будоўлі
кран за даўжэзную аброць.
Працоўны дзень падасца доўгім,
бы жудзік, бачаны шматкроць.

3.Дзень

Для дамоў бяз шыбаў вечар настаў хутчэй,
бо замест асьвятленьня ў іх—жаўцізна фанэры.
Рэчку места пяройдзеш там, дзе яна плытчэй
і шырэй разьлілася ў пойм тваёй наасфэры.

Абыходзіш горад з мэтай прабрацца ў тыл
па мясьцінах, дзе роўнядзь рэдкай яго тканіны
не ўтварае складак, здадзеная ва ўтыль,
і дзе вулкі не заламляюцца, як цясьніны

ці прамені, дзе зьзелянелы расьпяцьця знак
абяцае дзівосны лек ад усіх хваробаў.
Дрэва шле самалёцік-ліст, разьвітальны ўзмах—
яму жылы наркотык жыцьця наскрозь пакаробіў.

Экспромт

Юная пара вясковых буржуяў
ложак стары перад хатай сьвяжуе.

Корабу выпусьцілі ўсе вантробы,
рэшту рыхтуючы да гекатомбы,

ці калі слушна сказаць—аўтадафэ.
Новы набыты. Стары ложак—на фіг.

Кінулі побач кальчугу спружынаў—
ржавая кроў на шкілеце, сьвяжына.

Шчасная парачка вылезла з чуму
экалягічную спраўдзіць задуму.

Месца ў кватэры няма ані трошку
ложку старому з-за новага ложку.

Новы нядаўна набыты ў ІКЕА—
болем ад зборкі запясьце калее.

Можа, ахвяры праклён у тым болю?
Значыць, праклятыя—мы два з табою.

*
Анібы НЛА,
тры пілюлі ільду
каламуцяць ваду,
шчыт паверхні ўляпіў

воку зайчык сьвятла
і гузак на адзежы—
вясёлкавы, сьвежы,
твой пагляд асьляпіў,

і ў яго гамаку
разгайдалася лямпа,
ажно робіцца мляўка
пасярод кабаку

пачувацца зярняткам
у яго дырыжаблі,
дзе адзіным заняткам—
падобныя жальмы,

лепш вярнуцца дамоў,
калі вусны глыткамі
ўжо разьбітыя ў кроў
і маўчаньнем пратканы,

каб ускрыць вены рубам
стала, бы жылеткай—
ікс, узьведзены ў куб, на
ванны кафельных клетках.

*
Яшчэ лістапад, але ўжо безь лістоты,
аголенасьць сьвет прасьвятляе навокал,
карціну напоўніўшы болей глыбокім
і сэнсам, і фонам, і рынецца вока
ў атаку на дрот хмызьняковы, на доты,
на кропкі агнёвыя ў месьце далёкім,
каб трапіў у зрэнку снарад навылётны
пахмурнага сонца з тупой акаёмкай
і вечар пачаўся, нібыта на Поўначы—
апоўдні, чаканьнем на поўню час поўнячы.

*
Месяц працуе сумленна, да раніцы,
хай нат паслугі яго непатрэбныя.
Жыцьці чужыя гартаеш, у паніцы
пазнаючы ў іх сваё, папярэдняе.

Высахла тайна быцьця, быццам возера,
хто патанаў—той у глеі па локаны,
сьмягне, калодзеж шукае бульдозерам,
дозай убуханых буляў спалоханы.

Год успадкоўвае карму мінулага,
тыражаваньне—эрзац неўміручасьці.
Гулька зь люстэркамі вока намуляла—
выпархнуў з пасткі анёл непрыручаны.

Варта прызнацца сабе і Hominibus,
urbi et orbi ў вянкоў узурпацыі,
у падрабленьні асобы, як мінімум,
зьдзейсьненым вобмацкам спрытнымі пальцамі

фокусьніка ці прэстыдыжытатара,
гіпнатызэра, сурдаперакладчыка...
Цырк завяршаецца. “Аўтара! Аўтара!”—
пляскаюць дзеці, ад рогату плачучы.

Тэлеканал чорным шоўкам агортвае
вуха—антэна яго сапсаваная.
Пэнісу зрэнка сьмяецца, як мёртвая—
кпіна, жанкам пераадрасаваная—

поглядам зрэнкі кацячай тараніцца
ў вусны багіні—сухія, халодныя.
Поўня працуе сумленна, да раніцы,
хай нат паслугі яе—неаплотныя.

Чытаючы Кліму

Ад тлустага раману вее холадам—
прылашч яго, замест каб прагарнуць,
крані хрыбет—старонкі пойдуць ходарам,
па целе разальюцца, як іртуць.

Віном, як плязмай, падзяліся з кнігаю,
хай кроплі лічаць час замест пяску,
пакуль зямлю то ў жар, то ў холад кідае,
як наркамана на адхадняку.

*

Сяргею М-ку

Зьяжджаючы, бярэм з сабой ня жменю,
а пуп сваёй зямлі, адзіны компас.
І ўсё-ткі пазыўныя пакаленьня
накрыюць сваёй хваляй часьцяком нас—

мы травім байкі, показкі і былі,
даводзячы, што за дзесяцігодзьдзе
растаньня анічога не згубілі—
то бок згубілі ўсё й наўрад-ці знойдзем.

Ноўтбук

Ты павінен навучыцца любіць
рэчы больш за людзей...
Кліма

Толькі калі ён невылечна захварэў,
мы выцягнулі з пылу яго кнігі
на ўсіх незразумелых мовах сьвету,
каб разабрацца, што ён быў такое—

бяз дай-прэтэнзій на арыгінальнасьць
ён быў усім—усемагутным, крохкім,
надзейным, мудрым—толькі што ня вечным

хутка старэў, заўжды на крок наперад
у веданьні, умеў згуляць і ў карты,
суцешыць показкай, праверыць нам урокі...

створаны для далёкіх падарожжаў,
ён бачыў з намі дзьве ці тры краіны
з узросту двух гадоў хварэў на сэрца
і навучыў хадзіць нашыя пальцы
па хісткіх клетках тратуараў мовы

(за што мы ўзнагародзілі яго
нястройным шэрагам іконак да дэсктопе)

і разам з тым, ён быў старым дзіцём,
якому дактары пры нараджэньні
прарочылі жыцьця гадоў на дзесяць,
цягам якіх ён збольшага маўчаў
ці спаў, нібы адданая жывёла,
ня ў здогадзе, як блізка мы да сэрца
ўспрымалі ўсе ягоныя капрызы

цяпер ён дасягнуў сваёй Саньясы,
нязьменнасьці, замкнёнасьці люстэрка,
нязьменнай абыякавасьці люстра,
што сьніць сваё Сьвяшчэннае пісаньне,
дыктуючы нязграбнаму храністу
нязьвязныя, забытыя ўспаміны

гуляе сам з сабою ў кошкі-мышкі,
як часьцяком гуляў калісьці з намі

ці знойдзем мы калі замерзлае вакно,
што зразумее пальцам накрамсаны іерогліф
з паўдотыку, каб успрыняць яго як просьбу
дзіцяці да магічнага touch-pad’у, да кішэннай
скрыжалі, на чыёй паверхні зноў праступіць
сэнс нашай сувязі з сабою і з сусьветам?

Канец зімовай кампаніі 2008 году

…and for his passage
the soldiers’ music and the rites of war
speak loudly for him.
Hamlet

Ты задзьмуваеш сьвечку, я сёрбаю супу з лыжкі,
падае сьнег у шклянцы—штучны, ад вітаміну.
На(стр)пой сьвяточны прыдбаны—ў сілу ўступілі зьніжкі.
Нібыта ў канец тунэлю, сьняжынкі амфэтаміну

ляцяць жамярой да сонца, што пачало вяртацца,
цішком штурхаючы шклянку зімы на край раўнадзенства,
джын выпушчаны з бутэлькі. Ня выпіць яе—вар’яцтва,
выкінуць грошы ў сьмецьце—дзікасьць, амаль блюзьнерства.

Зь лепшых гадоў ніводны мы не праводзілі гэтак
самааддана, пільна, быццам на сьмерць дванаццаць
порцый гарматнага мяса ў аднастайных пакетах,
хуценька сфармаваных з хворых і навабранцаў.

Мы не капітулюем! Мы адступаем з баямі
па пройдзеных намі сьцежках углыб бацькоўскіх абшараў,
агромністага балота, раскінутага за намі,
дзе водзяцца партызаны, падобныя да кляшараў

з нашых юначых кніжак, ладзяць вылазкі ў нетры
акупацыйнай зоны, грэюцца ля цяпельцаў,
крэсьляць мапы па памяці, ставяць пасткі на нерпаў,
нагадваючы фальклёрных вадзянікоў—тапельцаў.

Можа быць, лепш застацца ў лягеры для палонных,
акупаванай вёсцы, стацца калябарантам
зь ляўрамі Герастрата, міру вярнуць пагоны,
зь верай у падвышэньне здацца ў запас—а раптам?

Упарта як чарапахі калені тараняць бога,
каб зьняў зь іх цяжар сусьвету й падштурхнуў да рашэньня
змусіць да эвакуацыі штаб і сябе самога,
прынамсі, для падрыхтоўкі наступнага адступленьня.

Зь нізкі “Шкада” (2009)

*
Прывід апартэіду ў шахматнай бамбаньеры
нам адчыняе дзьверы ў новыя інтэр’еры.
Дрэвы пакрыты сьнегам, быццам кампутар—пылам,
загадзя шлях рыхтуюць будучым Тэрма-пілам.

Новыя далягляды ў пашчы зубоў піраньніх
вокнаў—браты-блізьняты колішніх, старадаўніх.
Стос неспажытых кніжак стогне пад ціскам зьніжак—
выкупі частку ўласнай кармы з абдымкаў хіжых,

дыск пратэрмінаваны выцягні з братняй ямы—
не, мы не мэляманы, проста запоўніць плямы
ў мапе благога густу, драйву паддаць і дусту
ў топку машыны часу, паспрабаваць вярнуцца.

Толькі сябе старога не прадасі нікому,
не дэшыфруеш цераз сонечную глаўкому
ерогліфаў сьнегападу, ня вырашыш без падгляду
ў ключ мэтафараў ззаду вершу свайго шараду.

Круціцца па інэрцыі, бы лятэрэя пральні,
сэрца майго вінчэстэр, вакуўм недатыкальны,
і выпадае ў нэце, бы ў гульнявым аўтамаце
пара тых самых вокнаў—значыць, час зачыняць іх.

*
Перад прыездам, як сьмяротным пакараньнем,
дзень прысьвяці жыцьця звычайным рытуалам—
сну, целіку, чытаньню, рыфмаваньню—
не віртуоз, ты быў прынамсі віртуалам,
за што адкажаш, хутка стаўшыся рэальным,
таму раскрый пазногці-дужкі, прымі ванну,
як госьцю рэдкую ў касьцюме пены бальным,

чакай званка—цябе паклічуць неўзабаве
з асобнай камэры на эшафот крывавы,
дзе цябе спусьцяць, нібы ў дзірку ў прыбіральні,
па хуткае лыжні ў абдымкі славы,
у карагод бязглуздых дзеяў пастмартальны,
а не паклічуць—застанесься параўнальна
жывы й шчасьлівы, параўнальна нецікавы

чакаць амністыі, як тыгр у капкане
чакае з паляўнічымі спатканьня.

*
Інкогніта
вяртаюся ў хоць няродны, адылі бацькоўскі горад,
як асуджаны партызан ці манарх, пазбаўлены ўлады,
у адным з сваіх страшных сноў—кароткія пераночкі,
хуткія перасоўваньні, грамадзкія прыбіральні,
каб адарвацца ад ценю, што сабакам бяжыць наперадзе,
замяняючы целу компас, тым часам як духу—люстэрка.
Горад: такі сама дакладны й з дакладнасьцю такі самы,
як ягоны вобраз у памяці, зусім цябе не зьдзіўляе
й ня вабіць прынамсі гэтым, адылі—людзі, абліччы
здаюцца неверагодна іншымі, блізкімі да інтымнасьці,
гожымі—нават чужыя, а што ўжо казаць пра знаёмых,
што лічаць мяне ўваскрослым. Я разьвітваюся зь імі
задоўга да ўласнай сьмерці, але назаўжды, сумленна—
так, як будуюць саборы.

*
Гартаю сьпіс тэлефонаў у мабіле
чытаючы ў цемры кніжку
са зьлепленымі, як вочы, старонкамі,
чый зьмест мне аднекуль як быццам вядомы—
дзякуй, сябры.
Нарэшце
парад вашых простых імёнаў
на братэрскім манумэнце экрану
здолеў
аказаць мне першую і найбольшую,
бо адзіна магчымую дапамогу.

*
У панэльных дамах мы жылі ў ілюзорным сусьвеце:
ледзь ня цэнтрам галяктыкі мроіўся мікрараён,
асабліва зімой, калі, быццам гірлянда ў суседзяў,
згодна з школьным законам у небе ўзьнікаў Арыён.

Нас выхоўвалі чыстыя геамэтрычныя формы,
не было недахопу ў барока, як надта зямным,
бо маліліся ціха да прыстасаваньняў і зор мы,
і фантастыкай звалася ўсё, што нагадвала сны.

Мы жылі, быццам сьвету наўкола больш не існавала,
і зьбіралі кунсткамэры ў нетрах стандартных кватэр,
дзе альбом ці партрэт мелі статусы арыгінала,
і падзеі вякоў адбываліся тут і цяпер.

Нас бянтэжылі лішнія словы, няшчырыя фарбы,
незалежна ад стылю, празьмерная вера й цынізм,
мудрагельства й наіўнасьць—наш хібны разьлік азначаў бы,
што міжзорны каўчэг немінуча абрынецца ўніз.

Хто зрабіў гэты крок і парушыў яго гермэтычнасьць?
Што з пакінутай станцыяй? З кім каляровы экран
размаўляе на роўных? Ці ўзьнёслую геамэтрычнасьць
захаваў для падлеткаў плятонаўскіх эйдасаў храм?

Сёньня шмат каму з нас не стае кіслароду пад шлемам,
і зьнікае цікавасьць да зор з набліжэньнем да іх,
і надзеі няшмат, што каўчэг пазыўныя дашле нам
па нэўронах, напятых мільярдамі год сьветлавых.

Валянцін Тарас (1930-2009). In memoriam

Мы гулялі ў вайну. Вайна гулялася з намі.
Так, ад гораду й люду найлепшая схованка—лес.
Бой быў шчыры, бяз правілаў. Гэта пазьней мы спазналі,
што чужым можна быць між сваіх. Але між, а ня без.

Мо й дарэмна працягвалі слухаць загады старэйшых.
Натуральна, сьмяяліся. Выбачце, быў такі грэх.
І жылі сьвятым духам—сьвятым, як вам сёньня ні сьмешна:
марай жыць па начах і ня чуць над пілоткамі стрэх

самалётаў, а толькі машынкі друкарскае чэргі,
і правальвацца пальцамі ў кнопкі, ня ў купкі дрыгвы.
З гэтым шчасьцем упоравень рэшта—пустыя мітрэнгі.
Не дай бог, каб аднойчы пра мір гэтак марылі вы.

Мы хацелі замала для вас? Ці замала зрабілі?
Не стварылі дзяржавы? Ня грымнулі ў сьвеце імём?
Дык зрабеце за нас. Наша кроў і любоў дай вам сілы—
мы вам дадзены час ужо зь лёгкасьцю перажывём.

*
(насьледаваньне А.Калінасу)

Вёсачкі, што мінаюць за адну цыгарэту,
з чатырохкутнымі фартэцыямі могілак,
згубленымі ў бязьмежжы чужыннага часу,
пад аховай плячыстага, адборнага гарнізону,
дзе старыя дамы варагуюць з новымі праз дарогу
і вераць у шчасную зорку—лога выробніка шакаляду,
што на кожным вакне і ў скрыжаваньні шчытоў-напрамкаў
нагадвае пра прыналежнасьць да крыжацкага ордэну.
Атолы сьнегу тонуць у акіяне ўзаранай глебы, такім ціхім,
што гукі матчу лякальнага першынства,
парадыйнае рэканструкцыі гістарычнае бітвы,
чуваць усім заўзятарам у вакольлі
не праз радыё, а празь бясплатную сыроватку паветра
колеру вады пасьля мыцьця рабочае вопраткі.
Ніхто ня ўзгадвае забітых вояў сярэднявечча,
але іхнай прысутнасьцю ўгноены краявід
прамаўляе наўпрост да сэрца ў абыход розуму
па-гусіцку дасьціпным вайсковым манэўрам
і трапляе ў вечнасьць у абыход сучаснасьці
тысячай сьвісьцячых стрэлаў хвойнага лесу.

*
C.М.

Надвор’е, бы ў кампутарнай гульні,
мяняецца штодзень, нібы штоўзровень,
накшталт мэню—бяз логікі ані
патрэбы, быццам вопратка ў князёвен:

то высыпе асфальт пабітым шклом,
як дзецям навагоднія касьцюмы,
каб кожны падаў, бы нясьмешны клоўн
(што толькі ні навязваем дзіцю мы)

у лужын неядомы халадзец,
замерзлыя дзіцячыя сакрэты,
якіх няма цікавасьці глядзець—
а то, кілішкам сонечным сагрэты,

вакольны сьвет вяртаецца назад,
каб перажыць спакойна, без чаканьня
канца ўсяму, мінулы лістапад,
што сакавік нагадваў надзвычайна.

*
Люблю самотныя нядзелі,
калі галоўныя падзеі—
абед, касьцёл, чыясьці сьмерць,
ня менш прывабныя хрысьціны
й збаўленьне часавай пухліны,
зь якім баісься не пасьпець—

галасаваць за раўнадзенства
так ці іначай давядзецца,
часавы пояс зацягнуць:
багі ласкавыя з Валгалы
на адрас здрадніка трывалы
гуманітаркі не дашлюць.

Вясна: штогоду горшы кавэр
старой вясны, мне не цікавы—
арыгінал я больш цаню.
Шалець па ведамым—навошта?—
і тым ня меней, тым зайздрошчу,
хто яго чуе ўпершыню.

Шкада

Як хлеба, што намыліў цела плесьняй,
шкада мярзьлёншчыка катрынкавае песьні
пад вокнамі камфортнае турмы.
Шкада вясны канца тысячагодзьдзя:
яно ня прыйдзе—хай, але й ня пройдзе;
шкада сябе—што зробіш, бо дурны.

Шкада рукі, пакрытай валаскамі,
бы рэштай лускі—смаката марская,
шкада ўжо пройдзеных завулкаў, тэкстаў, сноў—
як першага ўсьвядомленага паху,
як першага свайго “ідзі ты на ...”,
прамоўленага гэткаю ж вясной.

Шкада ад сну забытага пароля,
вузла—чужога досьціпу сымболя:
дзе ж памяці канкураваць яму!—
шкада зануднай будучай цямрэчы,
і не шкада адной адзінай рэчы—
што нарадзіўся трыццаць год таму.

*
Калі птушынай пазалотай
сьвітанак пасыпае слых,
бы намаўляе: “Авалодай
сабой, ня трэба словаў злых,

ня трэба роспачнага страйку,
наладзь настрой на хвалю дня
і зажыві ня дзеля скайпу
ці сайту, не як бальшыня,

а для сябе й далёкіх бліжніх”,—
я пагаджаюся, але ж
ня дзеля іх я згодны выжыць:
для Вас, тваю вялікасьць верш.

*
Цераз палі наўскос
твой шлях начны пралёг.
Ты ўвасабляеш збой
у сонным рытме сёл.
Тузін разоў з табой
чаркаецца касьцёл,
абсіканы Хрыстос
глядзіць сабе між ног.

Ты абганяеш гук
Ахілавых скачкоў.
Адзін дарожны знак,
знаёмы ў сьвеце ўсім—
зь белай мукі праснак.
Нябачны, быццам дух,
нямесячным вачом,
руш з пэўнасьцю за ім.

Тузін гадоў таму
ты крочыў цераз Дэлфт.
Начной красы адэпт,
ты меў тады намер
аддаць за праўду ўсё
аракулу свайму.
Ты зразумеў цяпер,
дзеля чаго ты ўцёк.

Казка

Паколькі “сьвет падобны да кляакі” (Бэрнгард),
кароль і гэтым разам выправіўся пешкі
агледзець свае сьціплыя ўладаньні
ў капелюшы пазамінулага стагодзьдзя,
і ў лесе, дзе даўжэзны труп рачнога цмока
сьмярдзеў і месцамі яшчэ сьцякаў крывёю,
патрапіў у палон бязьлітаснае сотні
зялёных ценяў, быццам дзікі зьвер у сеці
шалу, мацнейшага за ўвесь ягоны розум.
І ён, бо выкупу ніхто не прапаноўваў,
застаўся там – ахоўваць цела цмока,
што зьнёс з сабою таямніцу скарбу.

*
Адстаў ад жыцьця—калі гэта жыцьцё.
Людзі стомленыя местам. Нядзіва:
адзін і той жа спэктакль
ідзе з аншлягам каторы год
у шторазу ўсё больш мадэрнізаванай вэрсіі—
няма таго ўражаньня хаосу,
уласьцівага гарадам нашае маладосьці
(здаецца, што ў тых самых ролях мы глядзеліся лепей),
цяпер глядзіш на людзей як на экспанаты
(колькі іх магло б выскачыць з табакеркі
твайго мабільнага тэлефону?
не, няхай пакуль што там застаюцца).

*
Вячэрні лес—аматар Караваджа,
ня лепшы густ—яго наведваць днём.
Там курапаткі ў кур гуляюць важна,
закінуты абходжваючы дом.

Там аўра камарыная заўзята
цябе катуе, хоць ты й не сьвяты,
там пах магільнай глебы – бы дзяўчатаў
духмяны пот, жывучасьці панты.

Рака ўзвышае голас, зноў змаўкае,
зьбіраючыся з думкамі нібы,
вяртаецца драпежнымі рыўкамі
да тэмы цераз глею тлушч слабы.

Каталка сонца раскатала цені,
каб захапленьня выбіць зь іх крыху.
Узьнёслы храм зь дзіцячых летуценьняў—
як на далоні. Не, як на духу.

Другая радзіма

1.

Усё іначай, больш рознабакова,
чым ты ўяўляў на працягу дзесяцігодзьдзя.
На поўнач—пах авечак, ліпы, сена, гною,
салёных агуркоў, чаромхі, сырадою—
Карэлічы, амаль такі ж шпацыр
увечары да возера ці рэчкі.

На ўсходзе—берасьцейскі краявід,
пансіянат для хворых на здароўе,
на захадзе—мясьціны, дзе ў дзяцінстве
мы з татам заблукалі, як шукалі
касьцёл—вось толькі тут шукаць ня трэба.

На поўдні—пустка накшталт Готлянду, а побач
—ангельскі парк з тваіх любімых фільмаў,
чый аўтар прамяняў яго на роўнядзь
галяндзкіх роварных асфальтаваных сьцежак.

2.

Цывілізацыя—па сутнасьці, адзіна
дарога. Рэшта—проста ўласнасьць.
Як дзіўна, што і ў самых дзікіх месцах
нейкія людзі сабе зладзілі радзіму.

Схавалі, быццам скарбы, вадаёмы,
яшчэ ў якім шэсьцьдзесят восьмым годзе
прыбралі надпісы на ростанях і болей
іх не вярнулі, аддалі на пераплаўку.

Цяпер усе паселішчы навокал—
пацёмкінскія вёскі. Толькі Прага
чакае мо за кожным паваротам
з шырокімі абдымкамі сталіцы.

3.

Выдацца ў шлях, каб дакрануцца сонца
ў месцы ягонага судакрананьня
зь зямлёй, нібы плыўцы, наперагонкі—
і зноў назад, наведаць па дарозе

палац (барока, копія Вэрсалю),
які адрэагуе на зьяўленьне
гасьцей званком, што выбухне на вежы
абвешчаньнем дзявятае гадзіны,

шлях паказаць паўднёвым мафіёзі,
якіх заблытаў спрут прыблізнай мапы,
каб неўзабаве заблукаць самому
й дамоў вяртацца вобмацкам інстынкту,

глядзець, як лужына зьмяшчае ў жмені
ўвесь краявід начны маладзіковы,
і супакойвацца ад хуткасьці мінаньня
свайго жыцьця, што лёгка мкнецца з горкі.

*
Палкоўніку ніхто ня піша
ні рапартаў, ні эпіграм—
лябараторным шляхам ціша
здабытая, за грамам грам.

Дарма спрабуе расьпявацца
кампутар зранку—зал пусты.
Халодны дождж замест авацый
грае паводле анатацый
пазногця ў нотах берасты.

Міргае пад канічнай засьняй
нячутны асьвятленьня звон,
пакуль у рэшце рэшт ня лясьне
і не аглушыць зрок суздром.

У дыстанцыйным кіраваньні
тэмпэратуру зьбі на нуль,
зьвядзі на нуль патрабаваньні
да ўсіх людзей, як да красуль.

(Аблок заплюшчыць сонны месяц,
і ў поўнай цемрадзі рука
з шэрага попелу ўваскрэсіць
яшчэ жывога матылька.)

Паэт на панэлі

Прыватны верасень: вецер, сонца,
серада—ачыстныя мерапрыемствы, сірэны,
вывозяць сьмецьце, завозяць тавары
(іх лёгка пераблытаць, як паэта зь бяздомным),
процьма менскіх знаёмых: настаўніца з унівэру,
сяброўка (цяпер шматдзетная маці),
бацькавы калегі ў яскрава-жоўтых
касках будаўнікоў (аб’ект маёй дзіцячае
зайздрасьці), і на кілямэтры—
ніводнай кавярні. (Паэт пачувае сябе як рыба
ў дворыку кавярні, сажалцы па разьвядзеньні
снабоў, дзе п’юць каву з прысмакам плесьні.)
Літары адбітага з фасаду надпісу
пакінулі па сабе штось накшталт шрыфту Брайля,
які заўсёды нагадваў паэту пра гульню ў даміно.
Памалу, па стоп-кадрах вітрын
ён перамотвае вуліцу з закадравым тэкстам
назоваў сьвежавыдадзеных кніг.
Як вырасла за ноч тэлевізійная вежа!
Тут яшчэ карыстаюцца тэлефоннымі аўтаматамі!
Процьма жанчын з процьмай вольнага часу!
Давайце пазнаёмімся! Я—паэт на панэлі.
Вось вокны, за якімі гучаў мой голас,
вунь вокны, за якімі дзесяцігодзьдзе таму
хтосьці дазволіў мне стацца часткай
тутэйшага краявіду. Тут я здымаў,
а там спрабавалі здымаць мяне.
У некалькіх кнігарнях у гэтым горадзе
ёсьць некалькі выданьняў з маімі тэкстамі,
некалькі знаёмых на невядомых адрэсах.
Але ўсё гэта нецікава. Час вышкрабаць сон
з вачэй, ухапіўшы пальцамі пераносіцу,
як быццам нацягваеш цеціву, каб стрэліць
сабе ў твар грэцкім полымем рэальнага сьвету.

*
Ня больш чым промільг генаў у люстэрку
Вэрмэера-сусьвету, нарцысізмам
манэраў мы нагадваем субрэтку.
Як дзеці, блытаем вялікае зь вялізным,
жывем бязь веданьня элемэнтарных рэчаў,
такіх як прышласьць, і няздольныя глядзець мы
бяз зайздрасьці ў мінулае. Бясспрэчна,
пазьней разумнасьці, прамоўленыя дзецьмі,
наўрад-ці кімсьці будуць успрымацца
сур’ёзна. Збольшага, той выглядае вечным,
хто не чакае ад сучаснасьці нічога
й спрабуе гутарыць з нашчадкамі. Прынамсі,
верыць у іх, як у сябе самога.

*
З паголеным ротам пасьля ўмяшаньня зубнога
вяртаесься дадому інакшай паходкай,
як Флямбо ў Чэстэртона. Ні наркозу, нічога,
што магло б каштаваць там пакінутых сродкаў.

Цыгарэта ў зубах беласьнежна-крывавых
ператвараецца ў грыбную чарвівую ножку.
Задушы прыніжэньне паводкаю кавы
ды прыходзь у сваясі—бы з гіпнозу, патрошку.

*
I’m only happy when it rains…
Garbage

З грукатам валяцца бляшаныя намёты,
ломяцца крыгі, болем зьзяюць нэрвы.
Зноў краявід да высыханьня сьцёрты,
каб зноў паўстаць на працягу пярэрвы.

Што болей ашчасьлівіць марыніста
за шанец шторм намаляваць з натуры?
Толькі патоп... Пад дрэвам, дзе цяніста,
люструюць неба павучыныя структуры,

бы застаялая вада. Зьняць акуляры
й прыняць бяз паўзы, адным духам, як атруту
дзьве лыжкі неба чыстае мікстуры
і ўбачыць адваротны бок манэты.

*
Жаданьне быць адзін мяне ўганяе ў сон,
змушае стаць адным зь цікаваю няпраўдай
пра ўласнае жыцьцё, ня зьвязвацца з папсой
размножаньня мазгоў – абрыдлай прапагандай.

Быць целам насамрэч шмат цікавей у сьне:
пазбаўлена сваіх валентнасьцяў, як атам
(матэрыі няма) скрозь рэчы яно мкне,
і толькі згадак зьмест – ягоным супаратам.

*
Пусты басэйн замаскаваў падворак,
дзе дождж-афіцыянт без адгаворак
змывае крэйду дзённага мэню.
Назолісты залётнік-бліскавіца
даць прыкурыць прысутным наравіцца,
ды зь вільгаці ня вырасьці агню.

За бортам дрэвы мыюць шавялюры
і зябка лужынаў амаль гусінай скуры –
нібы дзіця па іх, сабака языком
па місцы ляпае – настойліва, бяздумна,
каб, выштурхнуўшы ўрэшце ўсю ваду, на
дне – эўрыка! – не адшукаць карон,
сабачых дзён спасьцігнуўшы закон.

*
Зноў птушкі звоняць зьвязкамі ключоў
і падбіраюць адпаведны твайму слыху,
нібы турэмшчыкі ці злодзеі, паціху—
вось ты пачуў, як нехта ўжо знайшоў.

А што, калі ня знойдуць альбо зломяць?
А што, калі ўжо нейкі час таму
гэтак і сталася, а ты прыняў турму
за дом, і за свабоду – невызвольнасьць?

*
Калі ільга жыць на аблоках,
то лепш на тых, часоў барока,
што над сабой упершыню
бачыў на вёсцы ў бабы й дзеда,
калі пра пекла й рай ня ведаў
і шчэ любіў гарачыню.

А як жа дождж Бэрліну, Вены,
Парыжу, дарагі ня меней
твайму пазьнейшаму быцьцю?
Але ж і ў раі лета церню
льга аддавацца летуценьню
аб прахалодзе чысьцяцу.

*
У абмен на каханьне здабудзеш усё, апроч шчасьця.
Прага восені зьнікла, ледзь тая пасьпела пачацца –
перад сном мне здаецца, што мы падзяляем з табою
дах і ложак, зьяднаныя простай, дзіцячай любоўю –
у садку для дарослых, астатняе – толькі прыязнасьць:
я кахаў надта многіх, што мелі падобны дыягназ...
Цяжка жыць, як бязьдзетны Гаўрош на прысьнёным Парнасе –
лепей, чым ад людзей, быць залежным ад дозы ў “парнаце”,
але гэта ўсё мроі: займаюся самалячэньнем,
быццам піва, цаджу ў аб’ектыў пену дзён (з набліжэньнем)
і рэцэпты падпісваю звыкла з размахам няўклюдным:
прывітаньне сваячцы Альжбэце, твой Макс (Тэры) Люмпэн.

*
У горадзе няма нікога,
хто б захацеў спаткаць мяне,
бухога барда гарадзкога,
што ні адной не абміне

кнігарні. Колькасьцю знаёмых
гэта нагадвае Стакгольм,
Парыж – будынкамі ў раёнах,
дзе ціхі час (вякоў спакон).

Глядзіць сабака, бы аптэкар,
з-пад брамкі, бы з-пад акуляр –
мяне ён ведае аднекуль
паводле паху, а ня ў твар.

Маё зьняможанае цела,
нібы ўваскрошаны вампір,
прагне жыцьця асатанела,
эмансіпацыі – цяпер,

тым часам духу дастаткова
паху бацькоўскіх папярос
з кватэры бабцінай – такога,
зь якім квітнеў наш сымбіёз.

Дзіця ня мыліцца: дашчэнту
быцьцю ня верачы свайму,
яно здае сябе ў арэнду
тым, хто палюбіцца яму,

яно гуляецца ў герояў
кніг, фільмаў (аўтараў – пазьней),
якіх ягоны дух прымроіў,
імунны ад любых падзей.

...Як гукаапэратар трэкі,
расклад мікшыруе ў адзін
гукавы мур стэрэарэйкі
ў камень убітых каляін.

Трамвай, праежджая вітрына,
зьяўляе бляск і беднату
жыцьця, якое я адрынуў,
як сьмерць аднойчы адмяту.

Пэтржын уначы

Так хвояй пахне толькі ў жніўні,
калі кузурак СОС надрыўны
ў такт сьветлафораў-кастаньет
у сьведкі выклікае космас.
Ноч, адказаўшы ім ускосна,
таемнай быць перастае.

Будзільнік высмакча, бы з пальца,
кроў новай раніцы і здасца,
дзень атрымаўшы на прагул.
Як зброю, схопіць люд машыны,
я ж літараў аркестр блышыны
ў падкову шчасьця запрагу.

*
Прыбой за вокнамі ў вэнэцыянскім стылі
(да іх турысты не дакінуць сполах
плыткае памяці) рыўкі машын стварылі –
гоначных катэраў, хіба толькі на колах:

тут патрулюе залатая моладзь
скарб залатых вітрын у “лямбаргіні”:
заражаныя кічам андрагіны
й мясьціны, безгустоўя неадольнасьць.

Вузлы на гальштуках жалобных парасонаў
падцягваць хутка загадае восень,
і ты слухмяна вернесься на восем –
не, дзесяць год, бы нехта перасунуў,

падкрэсьліўшы здабыткаў ілюзорнасьць,
кавалак тэксту, шахматную дошку,
маўляў хацінку на курыных ножках,
перавярнуў; набудзеш беспрызорнасьць

зьнешняга выгляду й мэтафар ювэлірнасьць,
багацьці невыноснай адзіноты,
што цераз лёсу маньерысцкія блукоты
ў тупік зьдзяйсьненьня мараў прывялі нас.

*
Нядзеля: усе вуліцы ў цэнтры лёгка пераходзяцца на чырвоны,
касьцёлы ня чуюць саміх сябе скрозь мацерныя перазвоны,
і быццам на баявыя квадрыгі прапаведнікі ўскокваюць на амвоны,
асфальт фарбуецца ў баявыя колеры: жоўты, барвовы, белы.
Новакуплены апэльсін разрываеш, бы ў сьвежай кнізе разьдзелы,
і прагна глынаеш скрылёк за скрыльком, ад смаку жыцьця абарзелы.

*
Я пераехаў у Стакгольм
ці то ў прасторы, ці то ў часе –
слынная выдумкамі голь.
Усё крычыць мне: “Прызвычайся

да нежаданьня быць адзін
(што для пісакі – неабходнасьць),
паводзься, як прасталюдзін
альбо ў сталіцы той гасконец,

цешся з далёкіх гарадоў,
што йдуць пад вокнамі парадам
узростаў, твараў, чарадой –
насустрач будучым паразам

з жыцьцёвых стратаў калітой...”
Вы мне зайздросьціце? Як хочце:
Люстраў бясконцы калідор,
наняты па разумным кошце,

вэнтылі вокнаў, што ваду
паветра звонку рэгулююць...
Яшчэ пабуду – і пайду
абсьледаваць кішэні вуліц,

дзе супраць прышласьці вайну
працягваць з дапамогай кветак
час прымушае даўніну,
падпарадкоўваючы гэтак

сваёй імпэрыі сусьвет,
чый цэнтр – нідзе, то бок паўсюдна:
яе бязьлітасная студня
стаецца вежай неўпрыкмет.

*
За пяць хвілінаў да самагубства
не да мастацтва, не да кіно,
не да псаваньня чужога густу,
не да Грынуэя, не да Кэно,

не да будучыні радзімы,
не да мінуўшчыны пагатоў,
не да сусьвету, чый сэнс праўдзівы
недаўсьвядоміў, не да скатоў

недастраляных, не да паэтаў
недаперакладзеных, не да баб,
не да санты- ці тэстамэнтаў,
не да рахункаў – дай божа, каб

не дала валына ў руцэ асечкі,
не дапяла вушэй балбатні нуда,
не даўмеўся азвацца хтось недарэчны,
не дазволіўшы “не” прагучаць як “да

(сустрэчы”)

*
Выйду па верш у кавярню, бы па бутэльку ў краму,
спадзеючыся на крадзеж, але ж заплачу, ня ўкраду,
кроплям жыцьцё ўратую ін’екцыяй парасона,
на клявішах банкамату зайграю простае сола,
выцягну язычок з бота, банкноты сьцелькай
высьцелю крок няпэўны да глыбіні прасьценькай
высновы, што ў Менску ныла ад кайданкоў запясьце,
у Празе – ад торбаў з крамы... Нямала ты назапасіў
на чорныя дні мэтафар, але ж няма паратунку:
нічога не патлумачыць клінапіс на рахунку.

Зь нізкі "L'enfant sauvage"

*
Гады вяртаюцца, як выйгрышныя карты
пасьля замены казыра, па пера-здачы –
іх кагадзе бравурна б скарыстаў ты
супраць нудоты, але дзе ж – атрымвай “здачы”.

Біць бацьку ўсёй калодай досыць зручна:
падмухляваць, “фішку забіць” ня выйдзе –
настаўнік зноў перамагае вучня,
нібы лістотай, заваліўшы ўжо на выезьдзе.

Ізноў знадворку – перасоўныя Каляды,
шчодры спакой правінцыі паўночнай,
тым самым вершам розум твой заняты,
што неаднойчы быў табой закончаны,

як перад гэтым шматразова – кімсьці іншым.
Што ж, лепшай не патрэбна табе долі:
мы ўсе гісторыю сваіх паразаў пішам
так, быццам зь імі замірыцца здолелі.

*
Я з зоркамі згубіў паразуменьне,
нібы зь сяброў раскіданай сям’ёй.
Я іхных не прыгадваю найменьняў,
бы тых акордаў музыкі сваёй.

Мне сорамна (ім пазіраць у вочы
даўжэй хвіліны – божа барані),
што мой ад бацькі ўспадкаваны почырк
застаўся нечытэльным з вышыні.

Дарма казаць, што забыцьцё – кшталт славы,
глыток жаданай сьмерці пры жыцьці,
як боязь іх бязьлітаснае явы
пакуль не дазваляе спаць ісьці.

Мацнее тлум заўвагаў наконт кічу –
даўно зьлічылі іх да аднае! –
і сам ня чую ўжо – так моцна клічу –
як зорка зорцы голас падае.

*
Грасмайстру робіцца так сумна,
што пешкі йдуць адно наперад,
хоць ён нікуды не пасунуў
гульні (нагода не насьпела),

што шахмат правільныя соты
ня маюць трэцяга гатунку,
што ён даўно пазбавіў цноты
сваю стратэгію-пястунку,
ды так і не пазьбег цайтноту.
Таму, пры гэтакіх варунках,

адзіна слушная магчымасьць,
як захаваць вянок здабыты –
сябе сабой перамагчы даць:
сысьці, узурпаваўшы тытул.

© Макс Шчур, 2008-2009

HA POCTAHI