Іншым за ўсіх з
пары дзіцячай
Я быў, на ўсё глядзеў іначай,
Ня верыў высілкам дарэмным
Жарсьць распаліць агульным крэмнем.
Зь іншай крыніцы жаль мой браўся,
І я ня мог, хоць намагаўся,
Сьпяваць з усімі сэрцам шчасным,
І што любіў, любіў сам-насам.
Тады, на золку дзён турботных
Жыцьця, з глыбіняў зла і цноты
Зьявіўся вобраз таямніцы,
Якой мне й сёньня не пазбыцца:
З ручая, з бурлівай
плыні,
З гор чырвонае вяршыні,
З фарбы восеньскай сьвяціла,
Што ўсё вокал залаціла,
З бліскавіцы, чыё джала
Ймгненнай сьмерцю пагражала,
Зь перуноў, зь віхуры, з хмары,
Што пякельнае пачвары
(Хоць блакіт зьзяў вокал чысты)
Набыла ўваччу абрысы.
Шчасьлівы дзень
Шчасьлівы час,
шчасьлівы дзень
Спазнала змучанае сэрца.
На ўладу й славу мой спадзеў
Былым стаецца.
На ўладу? Гэтак
марыў я ў
Мінулым—ды няма тых прымхаў,
Цяпер зьнікненьне тых уяў
Нашто б я стрымваў.
А слава? Божа барані!
Лепей бы іншым дасталіся
Ейнай атруты струмяні.
Мой дух, суміся.
Шчасьлівы час,
найлепшы дзень
З усіх, што бачыў я ці ўбачу,
Сыйшлі, іх немагчыма дзесь
Сустрэць наўдачу.
Калі б цяпер надзеі
плён
Прынесьлі раптам разам з болем,
Мне ўсё адно тых шчасных дзён
Ня бачыць болей.
Бо зь цёмнай прымесьсю
крыло
Было ў іх—кропля ўпала,
І паняверкай апякло
Душу, што іх спазнала.
Духі памерлых
Душа адасабленьне
знойдзе
Ў магільных камняў асяродзьдзі,
Каб незаўважна далучыцца
Да іх у часе таямніцы.
Захоўвай цішу зь
ёй сам-насам,
Бо не самотны ты—вакол
Тыя, хто жыў ранейшым часам
Паўсталі—духі мерцьвякоў,
І цень спагаднай волі іхнай
Цябе атуліць; ты ж—прыціхні.
Гнеў выгляд ночы
спахмурніць,
Зоры ўгару зірнуць, ня ўніз,
Каб слаць сьмяротным з вышыні
Нябёс надзеі прамяні,
І чырвань іхных куль-сьляпух
Ахопіць боязьзю твой дух
Як ліхаманка, агнявіца,
Якой ніколі не пазбыцца.
Думак гэтых больш
ня выгнаць,
Відзяжы твае ня зьнікнуць,
Не ўлятуцца ад цябе
Роснай кропляй на сьцябле.
Брыз, дыханьне
Бога, змоўкнуў,
Хомар зь цемені пагоркаў
Не падымецца ніяк.
Гэта—сымбаль, гэта—знак.
Павісае з дрэваў ніцых
Таямніца Таямніцаў!
Да Ф...
Каханая! Скрозь
лес пакут
Мой шлях зямны вядзе, скрозь церні—
(Жахлівы шлях! Ні ружы тут
Няма—такі ўжо мой прысуд),
Але ж прыходзіць міласэрна
Мроя пра вас—у ёй мне кут
Адвёў Эдэму райскі цуд.
Пра васкі вобраз
успамін—
Кшталт запаведнага атола
Сярод разьюшаных глыбінь,
Дзе бурамі пульсуе плынь,
Шыр акіянская наўкола
Злуе—і толькі па-над ім
Неба ўсьміхаецца вясёла.
Да Ф-с О-д
Ты хочаш быць каханаю?
Тады
Не адхіляйся ад сучаснай сьцежкі.
Якой ты ёсьць, такою будзь заўжды
Й ня будзь нічым, што сёньня не ўдаеш ты.
Тады да ласкі,
грацыі тваёй
І больш чым хараства будзе прыязны
Ўвесь сьвет, што захапляцьмецца табой,
Кахаць цябе папросту абавязаны.
Сон
Пра радасьць страчаную
сьніў
Я ў мройнай ночы цёмнай,
Пакуль мне сэрца не разьбіў
Сон сьветлавы, сон дзённы.
Ах, што ня сон
удзень таму,
Хто адшукаць імкнецца
Сьвет, зьніклы безьліч год таму,
Вачыма адшчапенца?
Той сон сьвяты,
ласкавы сон
У тлуме сьвецкіх гукаў
Нібы вандроўніка агонь
Мой дух самотны гушкаў.
Няхай здалёк скрозь
ночы шторм
Слабы прамень гукаў, ды
Ці ж ёсьць яскравейшае што
За сонца вечнай Праўды?
Сэрэнада
Наўкол так ціха,
урачыста,
Што мне нагадвае злачынства
Тое, як рэжуць слых акорды
Маўчаньню зорак, сну Прыроды.
На зыркім, чыстым акіяне
Знайшоў Элізіюм адхланьне,
У вышыні—Пляяд сямёра,
І столькі ж іх люструе мора,
Каб мог Эндыміён з глыбі так
Каханы вылавіць адбітак.
На гор каранаваных зданях
Сьвятло ўсе сілы пакідае
І ў цень лагчын занепадае.
Зоры, зямлю, ваду гарне
Сон да грудзей, так і мяне
Збаўляе волі медавіна
Майго каханьня, Адэліна.
Але пачуй: так ледзьве чутна
Гучыць мой голас, мая лютня,
Што ў паўдрымоце сном падасца
Табе сьпяваных слоў мастацтва.
Не патрывожыць нотай грубай
Гук іхны адпачынак любай,
А нашы душы, дарагая,
І думкі ў вышніх паяднае.
Пераможца-чарвяк
Глянь! За жалем
апошніх гадоў
Гэткіх сьвятаў ня бачылі шмат.
Спачувальны анёлаў натоўп
Да краёў запаўняе тэатр,
Каб з-пад вэлюму бачыў глядач
Спадзяваньняў і страхаў парад,
І спэктакль пачынае, як плач,
Урачысты аркестру раскат.
Бог—актораў усіх
прататып,
Што бягуць то туды, то сюды,
Не чуваць іхнае мармытні,
Мкнуць, як тузае іх павадыр,
Праз раптоўныя зьмены куліс
Па загадзе хімер чарады,
Што з крыльля вытрасаюць уніз
Камякі невідочнай Бяды!
Гэтай драмы стракатай
абсурд
Будуць помніць, як мала чаго!
За Фантомам кіруецца гурт,
Што ўнікае ўвесь час ад яго,
І па коле вяртаецца ў пункт,
Дзе праходзіў ня раз да таго,
Бездань Шалу, Граху і Пакут
У сюжэце—душой усяго.
Але ў вір бессэнсоўнай
гульні
Зьніадкуль пачынае ўпаўзаць
Нейкі контур крывавы, зірні,
Уварваньне аднекуль з па-за!
Ён паўзе, чалавечая кроў
Зь іклы вострай цячэ, як зь ляза,
І за трупу, што зжэрта жыўцом,
Прашыбае анёлаў сьляза.
Зьнікла ўсё! І
сьвятло! Сам памост—
Як хаўтурны цяпер катафалк,
І заслона на формаў хаос,
Быццам саван, імкне далавах,
І анёлаў узрушаны хор
Выдасьць праўду празрыстых сярмяг:
“Чалавек” называецца твор,
Дзе герой—пераможца-чарвяк.
Раманс
Раманс, пясьняр
лясоў панылы,
Дрымаць аматар, склаўшы крылы
Ў лістоце зябкае зялёнай
Ля прахалоды прыазёрнай,
Мне чыюком быў каляровым—
Птушкай, знаёмаю зь дзяцінства,
Зь ягоных сьпеваў навучыўся
Я абяцадлу й першым словам,
Калі ляжаў падоўгу ў пушчы,
У неба ўпяўшы зрок відушчы.
Хістае столь нябесных
сфэр
Сучаснасьць крыламі нястрымна,
З-за ейных грыфаў угары мне
Няма калі блукаць цяпер—
Адно сачу, калі дзе грымне.
Калі ж нядоўгі супакой
Зьляціць на дух турботны мой,
Каб зь лірай, рыфмаю застацца
Я мог сам-насам, як ізгой,
Душа лічыла б сьвятатацтвам
Не затрымцець сваёй струной.
Санэт—да Навукі
Навука! Даўніны
шалберка-спадкаемца!
Зьмяняе рэчаў бег пагляд вачэй тваіх.
Навошта ты, як грыф, дзяўбеш паэту сэрца,
Лапочучы крыльлём дакладнасьцяў сухіх?
Як палюбіць цябе яму, прызнаўшы мудрай,
Калі ты не даеш яму шукаць прыгод
І скарбаў незямных у неба пэрлямутры,
Дзе ён заўжды лунаў бяз страху й перашкод?
Хіба ня ты зь лясоў зьвяла Гамадрыяду,
Што ў іншы сьвет сышла прытулку папрасіць,
Хіба ня ты вазку пазбавіла Дыяну
І выгнала Наяд з рачулак і крыніц,
Зь зялёных траваў—фей, мяне ж—з-пад тамарында,
Дзе шчасным летнім сном душу маю змарыла?
Санкта Марыя
Санкта Марыя! Глянь
звысок
На сьціплы грэшніка аброк,
На клятвы палкія й малітвы
З вышыняў сьвятасьці зірні ты.
Зраньня, удзень
і на сутоньні
Ты чуеш гімну майго тоны!
У скрусе й радасьці любой
Будзь, Маці Божая, са мной!
У безаблочныя мінуты
Жыцьця капрызную душу ты
Сваёй ласкавасьцю вяла
Да яснага твайго сьвятла.
Цяпер, як змрокам
засьціў чорным
Лёс маё сёньня й маё ўчора,
Дазволь дню заўтрашняму зьзяць
Надзеяй на тваю прыязь!
Песьня
Я бачыў шчокаў
тваіх чырвань
У твой вясельны дзень, калі
Ты шчаснай сталася жанчынай,
Найбольш каханай на зямлі.
У позірку тваім
агеньчык
(Пра што б ні сьведчыў ён тады)
Вяршыняй быў калі-кальвечы
Мной бачанае Пекнаты.
Хай вугалёк дзявочай
цноты
Няцяжка часу патушыць,
Ды ад яго заняўся кноту
Пажар бязьлітасны ў душы
Таго, хто шчокаў
тваіх чырвань
Пабачыў у той дзень, калі
Ты шчаснай сталася жанчынай,
Найбольш каханай на зямлі.
Да ... ...
Яшчэ нядаўна той,
хто гэта піша,
Быў шалам інтэлекту апантаны,
Верыў у “словаў моц” і адмаўляў,
Што думку, запачатую ў мазгох,
Выказаць нельга чалавечай мовай:
Цяпер зь ягонай балбатні пакпіла
Двух словаў двухскладовых далікатнасьць,
Двух італьянскіх слоў, што толькі шэптам
Анёлам вымаўляць у месяцовай
“Расе, пацерках з пэрлаў над узвышшам”—
Яны ўзышлі з прадоньня сэрца, быццам
Няўяўны вобраз, цымус кожнай думкі,
У іх багацьця, бога й шыры больш,
Чым арфа сэрафіма Ізрафэля
(Чый “голас незямны ня мае роўных”),
Магла б агучыць. А што я, бязмоцны?
Пяро з рукі дрыготкай выпадае.
Я не магу на тваю просьбу тэкстам
Зрабіць тваё імя, прамовіць, думаць
І адчуваць; бо па-за адчуваньнем—
Нямая ўслупянеласьць на парозе
Расчыненай наросхрыст брамы мрояў,
Я сузіраю ў трансе боскі выгляд
І бачу ў захапленьні справа, зьлева,
Наперадзе, наўсьцяж, куды ні гляну
Ў бясколернай смузе, у пэрспэктыве
Бяз краю і канца—цябе адную.