Пазнаёмцеся зь
містэрам Лірам!
Колькі тлустых ім створана кніг!
Ён дзівак і прызнаны задзірам,
Але мае прыхільнасьць сіх-тых.
Да яго вы падобныя?
Гора вам!
Нос ягоны – страла, а ня нос.
Ён пэдант і пасьмешлівы норавам,
З барадой – кодлай конскіх валос.
Рук, вушэй, зенькаў
мае па пары,
Дзесяць пальцаў, калі падлічыць.
Ён калісьці сьпяваў пад гітару,
Ды аглух і надзьмуўся, як сыч.
Ён сядзіць у шыкоўнае
залі,
Сотні кніг пазіраюць з паліц.
Ён віно папівае з Марсалы,
Што ня можа яго захмяліць.
Свой у цэрквах
і сьвецкіх салёнах,
Ён ката свайго кліча "Пушок";
Целам ён – ідэальны балёнік,
А на ім – модны капелюшок.
Як дзіцячы натоўп
яго цьвеліць,
Калі ў белым ён выйдзе плашчы!
“Глянь, ізноў блазнаваты ангелец
Апрануў, у чым сьпяць уначы!”
Плача й стогне
нястрымана ж гэтак
Што на прыстані, што на гары.
Мазь, бліны й чакалядных крэвэтак
Пастаўляюць яму млынары.
Не трывае ён піва
зь імбірам,
Па-гішпанску вярзе не ахці.
Пазнаёмцеся зь містэрам Лірам,
Покуль цягнецца ён па жыцьці!
Новыя бязглуздыя
лімэрыкі
1
Нейкі дзядзечка
родам з Ганконгу
Сам сябе выдаваў за ціхоньку;
Твар прыкрыўшы мяшком,
На сьпіне спаў цішком –
Не пабудзіш яго й гукам гонгу!
2
Дзед, што жыў у
сяле Пераброды,
Схільны быў сумаваць ад прыроды,
Але міса салаты
Й сьпяваньне кантаты
Да жыцьця дадалі асалоды.
3
Зрэдку бачыўся
я з маладзёнам,
Што хадзіў традыцыйна ў зялёным
І зусім не па-людзку
Захутваўся ў хустку,
Пад якой быў амаль не відзён нам.
4
Танцы дзеда з паблізнай
парафіі
Вельмі людзям тамтэйшым патрафілі.
“Танчы, дзеду, абы
не зламаў нам вярбы,
калі чхнеш, на бяду ўсёй парафіі!”
5
Дзед заможны ў
мясцовасьці Патні
Павукоў жэр ды джэм любіў хатні –
Запіваў іх гарбатаю,
Выяжджаючы яхтаю
На круіз – во дзе густ далікатны!
6
Маладзіца ў бялюткай
сарочцы
Ўсё ўглядалася ў змрок ноч пры ночцы,
Ды з начнымі пярнатымі
Кожны б стаўся вар’ятам, і
Ёй больш мець справы з птаствам ня хочацца.
7
Быў стары, добрым
густам пакрыўджаны,
Што набыў сабе вопратку з брыжамі.
“Слухай, што за аздобы?
Быць да рыбы падобны,
Ты надумаўся, моднік напышаны?”
8
Дзеда сьціжма кузурачак
дробных
Давяла да мэнтальнай хваробы:
Ён на кола залез
Ды цяляціну есьць,
Да самога сябе не падобны.
9
Жыў у Віку старэнькі
байструк,
Што казаў усім толькі “Тук-тук,
Эгеге, Огого”,
І толькі ўсяго:
Што ні слова – то ўлеплена ў сук!
10
Адна дама ў блакітнай
сукенцы
Не давала спакою паненцы:
“Я вас не пазнаю!” –
Ды ў адказ толькі “фью”
Ўчула дама ў блакітнай сукенцы.
11
Шэсьць дачок меў
дзядуля з Кітаю –
Дзіну, Ціну, Алівію, Таю,
Фаціму й Амэлі:
У Кітаі жылі
Яны разам, як я памятаю.
12
Жыў адзін чалавек
у Таскане,
Што шэсьць бочак набыў з паласканьнем.
“Пасяджу, не міргну
і да рыб іх сьпіхну,
каб жыцьцё іх зрабіць паласкавей”.
13
Жыў стары чалавек
на балоце,
Што паводзіўся дзіўна—страхоцьце!
Жабе пеў на прадвесьні
Павучальныя песьні,
Прымасьціўшыся зь ёй на калодзе.
14
Дзеўчанё без жыцьцёвага
вопыту
Галаву прыкрывала звышклопатна:
Апроч шапкі й трох стужак
Шмат пёраў з падушак
Апранала, каб выйсьці інкогніта.
15
На ўзьбярэжжы марскім
жыла бабця,
Што любіла ў прыбой заглыбляцца:
Перамые талеркі,
Рыб прытуліць маленькіх—
Ды пара ўжо й дадому вяртацца.
16
Жыў дзядуля старэнькі
на баржы—
Нос ягоны даўжэзнасьцю ўражваў.
Ды ўначы на рыбалцы
Меў ліхтар, дзе трымацца,
А то ўпаў бы ў ваду ён – от каб жа!
17
Дзеду ў вопратцы
колеру ночы
Велькі конік на карак ускочыў:
Дзеду ў вуха стракоча,
А той толькі квохча,
Бо “Ратуйце!” крычаць неахвочы.
18
Выйшаў неяк дзядок
у Тулюзе
У няношаных ботах у людзі.
Хтось цікавіцца: “Новыя?”,
А стары: “Не дармовыя!”—
Здраджваў слых пажылому няўклюдзе.
19
У мястэчку адным
быў дзядок,
Лоб якога ўпрыгожваў вянок
З мышанят і прыправаў,
Цыбулі ды крабаў—
Нетыповы быў густам дзядок.
20
Еў стары чалавек
у Альгамбры,
На абед каравай, поўны амбры.
Кажа: “Годзе, я сыты!” –
“Лепей еж і маўчы ты,
сьмеху варты дзядуля з Альгамбры!”
21
У натоўпе захраснуўшы
ў Штраўдзе,
Разыйшлася бабулька папраўдзе:
Хто нагой атрымаў,
Хто пад кульбай упаў –
Гэткай фурыі хто б пашукаў дзе!
22
У Эгіпце стары
завадзіла
Асядлаў проста так кракадзіла.
“Як сьцямнее, дык, мусіць,
кракадзіл цябе ўкусіць!”,
Хваляваньне людзей усхадзіла.
23
Быў стары чалавек
у Ібрыме,
Што крычаць пачаў: “Вы не сябры мне!”
Але тыя: “Маўчы,
А то можам стаўчы,
І ў сябры цябе хто тады прыме?”
24
Неяк вельмі старая
францужанка
Качак танчыць вучыла напружана.
Кажа: “Трэба вось так!”,
А яны адно: “Крак”—
Танцам іх навучыць ёй ня суджана.
25
Быў аднойчы стары
генацвале,
Што крычаў, як яго лупцавалі;
Ботаў збавіўшы ўвішна,
Вінаграду ды вішняў
Падалі яму й зноў злупцавалі.
26
Жыў калісьці старэнькі
чачэнец,
Што паводзіў сябе як збачэнец:
Галаву ў цэбар суне
Й на плоце гарцуе
Ў спадзяваньні, што гэта ацэняць.
27
Маладое дзяўчо
з Аламоўцу
Начаваць палюбіла ў кладоўцы,
Дагаджаючы рысам
Мышам белабрысым,
Каб далі ёй паспаць, галадоўцы.
28
У дзядулі, што
жыў на разьвілцы,
За гады здолеў комплекс разьвіцца:
Калі ехаў састаў,
Ён крычаў: “Я адстаў!”,
Хоць працягваў сядзець на разьвілцы.
29
Старажылцы ў дзяцінстве
калісьці
Не пашчасьціла ў імбрык зваліцца,
Потым собіла вырасьці—
Ды ў жыцьці адтуль вылезьці
Не пашэнціла ўжо інвалідцы.
30
Мо, вы чулі старэнькую
лэдзі дзе:
“Калі йголку ці шпільку вы ўгледзіце,
То мяціце мятлою
Яе прэч з пакою,
А то злосьць ува мне разьвярэдзіце!”
31
У замежжы жыла
маладзіца,
З валасамі, што звыкліся віцца;
Аплялі яны дрэвы,
Бераг правы ды левы—
Захапіла ўвесь сьвет ваяўніца!
32
Жыў нязгрэба стары
ў Беларусі,
Што па горадзе лётаў на мусе;
Людзі кажуць: “Ня кашляй!
Бо ўпадзеш – станеш кашай,
Недарэчны дзівак зь Беларусі!”
33
Жыў стары чалавек
пад Мэсінай,
Што дачку ахрысьціў Апсібінай;
У чужым парыку
На малым парсюку
Дзеўка лётала роднай мясьцінай.
34
Ведаў я маладзіцу,
чый нос
Несупынна магутнеў і рос.
Нос у далечы зьнік –
Узьняла яна крык:
“Не відаць мне больш носу, нябось!”
35
Міласэрная бабця
пад Ратнам
Дагаджала сваім птушкам хатнім:
На скамейку саджала
Й вахляром астуджала,
Каб быў клімат для іх больш прыдатным.
36
Жыў стары чалавек
побач з Барнам,
Што хадзіў толькі ў зацыраваным.
Яму кажуць: “Глядзі! Так
Заносіш да дзірак
Гарнітур ды хадзіцьмеш у рваным.”
37
Жыў аднойчы старэнькі
кашмірац,
Што любіў часам падэбашырыць;
Зазіраў ён за мур і
Паглядаў зь верхатуры,
Як дзьве качкі ў вадзе колы шыраць.
38
Быў стары чалавек
родам з Гову,
Што залазіць любіў у дуброву,
Дзе з гракамі прамудрымі
Ды тамамі-талмудамі
Праляжаў свайго веку палову.
39
Быў дзядуля паходжаньнем
з Доўну –
Лоб ён моршчыў заўжды, пасьлядоўна.
Як адчыніць ён дзьверы –
За хвіліну ці дзьве вы
Лататы дасьцё з гэтага Доўну.
40
Дурнаваты дзядуля
ў Данлюсе
Ў моры плаваць надумаў на гусі,
Выплыў недзе на мілю
Й сказаў досыць міла:
“Мабыць, час, каб дамоў я вярнуўся”.
41
У дзяўчыны паходжаньнем
з Роўна
Рысаў добрых і кепскіх – пароўну:
Толькі раз улюбёнай
Сваёй макаронай
Пераелася дзеўчына з Роўна.
42
Толькі дзядзька
паходжаньнем з Сарку
Непрыемную зробіць рэмарку,
Як пачуе: “Сьвіньня ты!
Бач, які языкаты!
Атрымаеш за гэта па карку!”
43
Пра дзядулю зь
мястэчка Высокага
Ўсе сябры меркаваньня высокага:
Пад гучаньне званка
Танчыць ён гапака,
Каб пацешыць усіх сваймі скокамі.
44
Жыў стары чалавек
недзе ў Быхаве,
Харчаваўся ён хлебнымі крыхамі.
Справы ў зборы крышынак
Меў ён лепей птушыных
На палёх і дарогах у Быхаве.
45
Быў стары чалавек
у Дубаі,
У якога быў нос як труба, і
Калі ў нос ён дудзеў –
Агаломшваў людзей:
Нос быў чуцен па цэлым Дубаі.
46
Быў дзядуля адзін
у Порт-Грыгары,
Што стаяў на вушах дзеля прыдуры:
“Як збарвее пінжак –
я спыню гэты жах:
падтрымайце мяне ў маім выбары”.
47
Бабця з Лоева (значыцца,
лоеўка)
Паўжыцьця не вылазіла з слоіка:
Каб суцішыцца троху,
Той у колер гароху
Фарбавала вясёлая лоеўка.
48
Быў адзін дзіўны
дзядзечка з Пэту,
Што правёў паўжыцьця без імпэту:
Забярэцца ў фурманку
Й пірог па-гурманску
Пакаштуе – жыцьцё мае мэту!
49
Быў стары нейкі
з гораду Ньюры,
Бракавала старому культуры:
Ён ірваў дываны
Й на аськепкі збаны
Разьбіваў у пажадлівым юры.
50
Адну цётухну ў
горадзе Джодзе
Называюць дзівачкай, дый годзе;
На калючым кусьце
Яна ў дудку дудзе,
Чым палохае ўсё асяродзьдзе.
51
Жыў стары ў гарадку
Каракорум,
Да спадобы ён быў некаторым:
Парасон ён прыдбаў
Ды залез у падвал,
На што большасьць глядзела з дакорам.
52
Жыў стары чалавек
у Дамбры,
Склікаў соў на гарбату стары
Й кажа: “Піце гарбату,
Бо лавіць мышанятаў
Непрыстойна для соваў, сябры”.
53
Быў у Ўілце старэнькі
дзядуля,
Што няспынна хадзіў на хадулях:
Упрыгожваў няўрымсна іх
Палявымі нарцысамі
Элегантны старэнькі дэндуля.
54
Дзед рэцэпт ад
пакутаў знайшоў сам –
Соўс ён з каперсаў робіць, і з соўсам,
У віне разьмяшаным,
Набывае пашаны
Да сябе – во дзе радасьць вяскоўцам!
55
Быў стары нейкі
дзіўны з-пад Ганчыцаў –
Кутасом нос ягоны заканчваўся.
“Як званок ён, паслухай,
для кантактаў з прыслугай!
Дай паторгаць!”, дзятва не наскачацца.
56
Дзядзька дзеўчыны
з горада Хемніцу
Ўзяў вахляр і абмахваў пляменьніцу.
Галава ветрам зьнесена,
А дзяўчо кажа весела:
“Дзякуй, дзядзька, за клопат!” – “З прыемнасьцю!”
57
Жыў стары каля Бесядзі недзе –
Сеў стары на мядзьведзя ды едзе.
Людзі кажуць: “А подбегам?”
А дзядуля: “Якое там!
Абы што ў нас пайшлі, не мядзьведзі!”
58
На абед дзеду нейкаму
з Крошыну
Падавалі фасолю й гарошыну;
“Зьеж яшчэ!” – “Не магу,
бо пільную вагу –
ну хіба толькі самую трошынку”.
59
Дзед, што век свой
правёў у Дандолку,
Рыб хадзіць навучаў, ды бяз толку,
Бо хадзіць на хвастах
З рыб ніхто не мастак –
Рыбы падалі долу, дый толькі.
60
Маладзіца зьдзіўляла
Савою
Кубістычнай сваёй галавою:
Выйдзе вонкі пагодаю
Й толькі пёркам пагойдвае
На сваёй галаве ў такт прыбою.
61
Дзед, прызнаны
аслом цэлым Пфальцам,
Муху вучыць кадрылям ды вальсам.
З мухай разам памесяўнік
Развучыў увесь песеньнік –
Пфальц наўсьцяж захапляецца мальцам.
62
Ёсьць дзядок у
сяле Неўгуморава,
Што выразна нагадвае жорава.
Людзі кажуць: “Цыбаты!
Не падумаў хіба ты,
Што пагоняць цябе зь Неўгуморава?”
63
Ажаніцца хацеў
стары з Брэсту,
Ды спалохаў яго і нявесту
Перабольшаны краб.
Кажа дзед: “Болей каб
Не было іх – сыду ў знак пратэсту!”
64
Адна бабця грыміць
на ўсё Рыміні:
“Памажыце, прашу божым іменем!” –
“Змоўкні, ліха бяры!” –
Бабця зьбегла з гары
Й зьнікла з погляду ў жаху нястрыманым.
65
Жыў дзядуля ў ляску
на суку,
Бараду меў густую, з руку,
Але стаў безбароды,
Як птушак чароды
Яе вырвалі па валаску.
66
Адной панічцы з
вострава Корсікі
Падабаліся жудасна мопсікі;
Іх карміла вяндлінай
Яна і малінай –
Шчодры нораў у панічкі вось які!
67
Ёсьць стары чалавек
з-пад Унечы,
Што сьпявае ўвесь дзень да дурнечы;
Качкам і парсюком
Робіць фігавы корм –
Во ўжо клопат дзе звышчалавечы!
68
У жабо залатым
дзед у Будзе,
Не падумаўшы, выйшаў на людзі –
Так няхораша, бо
Залатое жабо
Носяць толькі прынцэсы ды судзьдзі.
69
Дзед паходжаньнем
зь места Вандому
Быў нікому вакол невядомы.
Падалі яму мыла
Й кажуць: “Бог напрамілы,
Будзь ласкавы – вярніся дадому!”
70
Адна панічка з
горада Скідзеля
Апраналася ў штось кшталту кіцеля
З смарагдовай салаты,
А калі йшла дахаты,
То падрала яго на шматкі цяля.
71
Нейк старому дзядку
з Забалоцьця
Мець парык неабходным здалося –
Толькі мысачкі ног
Дый шчэ нос, як той рог,
Вытыркаліся з гурбы валосься.
72
Жыў стары недзе
пад Рагачовам
У вялізным гнязьдзе пугачовым.
Закрычаць пугачы –
Хоць ты крыкам крычы!
(Крыкаў дзеда хіба не чутно вам?)
73
Як ахопвае панічку
паніка –
Апранаецца ў шэрае панічка,
І сваіх чыюкоў яна
На дыету маркоўную
Памяркоўна саджае – вось паінька!
74
Дзед-дасьціпнік
скрылёчкамі косымі
Рэзаў мяса заўжды толькі косамі.
Людзі кажуць: “Дзівосы!”
А стары: “Толькі косы!” –
Дзед-касец быў народжаны ў Косаве.
75
Быў стары чалавек
родам зь Ілінгу,
Меў стары ў галаве адну зьвілінку:
Дзе такое вы бачылі? –
Возьме соваў, кабанчыка
І ў фурманцы ганяе па Ілінгу.
76
Дзед паходжаньнем
з гораду Іклі
Быў да хуткасьці велькай ня звыклы:
Браў ён лахі пад пахі
На хрыбце чарапахі,
Калі месяц у новым быў цыклі.
77
Дзед-самотнік у
горадзе Слуцку
Падабраў беспрызорнага цюцьку,
І цягаў ён яго
(толькі хто зь іх – каго?)
за сабою па вуліцах Слуцку.
78
Быў адзін стары
дзядзечка зь Дзівіну,
Што паводзіўся неяк па-дзіўнаму:
Сустракалі ў карыце
Яго ў Маларыце –
Як даплыў туды дзядзечка зь Дзівіну?
79
Змалку марыў стары
родам зь Ніцы
З велькім статкам гусей парадніцца –
Пры надвор’і любым
Зь імі выйсьці любіў
Прагуляцца ў лясок па дурніцы.
80
Быў адзін стары
дзядзька зь Ігнаткі,
Што ступаў прынцыпова на пяткі.
Пры пытаньні “Чаму так?”
Упадаў ён у смутак,
Што ня ведаюць людзі адгадкі.
81
Дзед, што ўсё ў
жыцьці робіць навыварат,
Перабраўся быў з гораду ў прыгарад.
“Толькі яек у ботах
не вары нам тут, бо так
цябе выкінуць хутка за шыварат!”
82
Быў стары адзін,
родам з Пагосту –
Накупіў ён пяцьсот дзевяноста
Груш буйных ды антонаўкі,
Каб з суседзямі ўпотайкі
(з-за вугла) мог гуляцца ў каросту.
83
Гэтак роспач даймала
дзядка,
Што ён зайца набыў русака.
Гожы выйшаў дзянёк –
Ён на зайца ды ўцёк –
Толькі й чулі таго ездака.
84
Быў адзін стары
дзядзька з Чачэрску
Таўшчынёю танчэйшы за трэску.
Як кашуля бялюткасьцю,
Вызначаўся звышгнуткасьцю
Закатаны ў рулон дзед з Чачэрску.
85
У старога дзядулі
з Вайводзіны –
Найгнюсьнейшыя ў сьвеце паводзіны.
Любіць дзядька на звалцы
Сесьці й паласавацца
Павукамі й скарынкаю знойдзенай.
86
Нос дзядулі старога
з Агаё
Ў дзюбу трапіўся да папугая.
Дзед панік у няёмкасьці –
“Гэта Полі! Знаёмцеся!”,
Прадстаўлялі дзядку папугая.
87
Дзед стары ў рэгіёне
памежным
Меў глузды ў непарадку паўнейшым:
Разам з коткаю ў выбрыку
Ліў ён кіпеню зь імбрыку
Ў капялюш, дзе гарбату замешваў.
88
Жыў калісьці старэнькі
спітгэдзец,
Што з вакенца любіў пагавэндзіць:
“Цілібом-цілібам,
Тарарым-тарарам!” –
Які сэнс у тым – нас не вярэдзіць.
89
Быў старэнькі дзядуля
з Аману
Зьнешне ціхі, спакойны, рахманы:
Піва, седзячы ў бухце,
Ён бутэлькамі жлукціў –
Смакавала яно піваману.
90
Згаладалы дзядуля
з Флярэнцыі
Не зьбіраўся з баранінай вэдзгацца,
А з гарчыцаю гуску
Ён з радасьцю струскаў
І ўдавіўся ў сваёй ненажэрнасьці.
91
Стогне бабця ў
Вялікае Луцы:
“Што рабіць, што рабіць мне, о людцы?”
“Зьезьдзі, бабця, да Гомеля” –
Тут яна зьнерухомела
І стаяць засталася ў адключцы.
92
У бабулі паходжаньнем
зь Пізы
Адно гора: тры дочкі-капрызы.
Разьбягаліся ў енках
Дочкі ў шэрых сукенках
Ад дубца па ваколіцах Пізы.
93
Дзед, што жыў сярод
саду прыгожага,
Прабачэньня прасіў ледзь ня ў кожнага.
Яму кажуць: “Ды ну!” ды
“За што?” – “Ну й зануды!
Сад тады мой пакінеце, можа, га?”
94
Дзед стары на сталічным
прадмесьці
Ўсё крычаў: “Дайце што, каб прысесьці!”
Дык яму для саліднасьці
Давялося цыліндр знайсьці:
“На, сядзі толькі ціха на месцы!”
95
Быў стары адзін
пад Капылём
З найшырэйшым у сьвеце брылём.
“Што дажджы ды вятро нам?
Пад такім парасонам
Мы памесьцімся ўсім Капылём!”
96
Ёсьць дзядок на
адлеглым паўстанку,
Што плявузгае бесьперастанку.
“Занюхні тытуню,
балбатун!” – “Занюхну!” –
“І маўчы, не бянтэж спазаранку!”
97
Ёсьць дзядуля паходжаньнем
з Вадуцу –
Ён прыроду наведвае з радасьцю:
Пацукі ды каты,
Мышы, гады й краты
За дзядком незаўважана крадуцца.
98
Маладзіца канае
ад млосьці:
“Прынясеце папіць мне чагосьці!”
Кажуць ёй: “Не крыўдуй,
Маем толькі ваду”, –
“Не, вады вы мне лепш не прыносьце!”
99
Таямнічая юная
носьбітка
Для дасьледчыкаў цэннага досьведу,
Сеўшы недзе ў кювет,
Прасьвяціла ўвесь сьвет
Гістарычным трактатам на досьвітку.