Накід драмы
пра гусітаў узьнік, верагодна, недзе ў 1918 г., на просьбу Арношта Дворжака
1, у чыёй пісьмовай спадчыне захоўваецца. Арыгінал напісаны алоўкам
з абодвух бакоў блянку фірмы “Tabak Ersatz Manufaktur” 2, якімі
Кліма карыстаўся ў 1917-1925 гг. У сваёй аднайменнай п’есе Дворжак ня
выкарыстаў Клімавых прапановаў. 3
1 дзея ў рукапісе
адсутная
2 дзея – Паўстаньне
ў Чэхіі
1.Лягеры табарытаў:
казані; піцьцё з келіхаў.
2.Рушаньне; плюндраваньне замкаў; паленьне кляштараў, манахаў і манашак.
3.Рэпрэсіі; паленьне вясковых хат; выразаньне жанчын і дзяцей (Яна й
Пракоп 4); скідваньне людзей у шахты.
4.Аббіваньне цапоў жалезам, будаваньне вайсковых вазоў. З гэтым дапамагаюць
Жыжка (сымбалічна) і Пракоп. Першае разыходжаньне між імі, якое да часу
выяўляецца ў пагардлівых позірках Жыжкі і ў рупліва натхнёнай балбатні
Пракопа.
(Жыжка:
“рэальны палітык”, “геній учынку”. Пракоп – ідэоляг, прамоўца, усяго
толькі агітатар. Як бы я найлепш сфармуляваў, што такое Жыжка: увасабленьне
шляху да мэты й перамогі. Жалезная машына дзеяньня. У яго, як у сувэрэна,
Воля – faculta dominante 5 ў росквіце. Гэтая пераможная воля
мае цалкам філязофскі, звышфілязофскі характар: боскі характар; у ёй
душа знаходзіць вечнае супакаеньне. Яна сама сябе ўсьведамляе; але пры
гэтым толькі цьмяна, “інстынктыўна”; калі б яна ясна ўсьвядоміла сама
сябе, гэта зьнішчыла б ейную пэўнасьць і сілу ўчынку. Высокі геній учынку
– заўжды філёзаф, але толькі напаўфілёзаф, гэтаксама як высокі філёзаф
– заўжды геній учынку, але толькі напалову. Чалавек – толькі напаўсьвядомая
Моц альбо напаўмоцная Ўсьвядомленасьць, пра цэласны гарманічны сынтэз
у чалавецтве пакуль і помыслу няма. – Жыжка ненавідзіць ідэалёгію, таму
што яна загадвае Волі. Ён любіць ідэі, але толькі як сваіх служанак;
ведае, што яны – толькі інструманты першапрынцыпаў Волі. Гус выклікае
ў яго сьмех; хрысьціянствам ён пагарджае, да Хрыста ставіцца іранічна,
з паблажлівай любоўю. Ён стаіць па-над эпохай, па-над эпохамі; ён –
пачварны portentum 6, жудасная lusus naturae 7, як і ўсе
найвялікшыя людзі... Нагадвае Суллу 8. Чэскі народ ён зрабіў
сваёй цацкай для ўласнай забавы; ён проста гуляецца, нічога ня хочучы,
сьмяецца, няўрымсна гвалціць усё вакол для “забіцьця часу” (што ёсьць
адзінай мысьлярскай дзейнасьцю Бога...) Пра чэхаў ён кажа: “Я засунуў
валу муху ў нос, і цяпер ён шалее й капытамі валіць усё навокал – ён,
які ўсё жыцьцё дазваляў, каб любы хлопчык ганяў яго бізуном. Грош яму
была раней цана, а праз пару гадоў зноў будзе грош цана на доўгія вякі
– пакуль яму нехта іншы зноў ня ўсуне муху ў ноздры...” Паколькі нам
бракуе якіх-заўгодна пэўных зьвестак пра ягоную асобу, то гэтая парадаксальная
канцэпцыя мае ня меншае права на праўдападобнасьць, “адпаведнасьць сапраўднасьці”,
чым усе звыклыя канцэпцыі; больш таго: каб патлумачыць той цуд, якім
быў Табар, трэба падазраваць у ім сілу абсалютна нязвыклага кшталту,
штосьці містэрыёзнае... Звычайныя меней-болей несур’ёзныя, маральныя,
статкавыя канцэпцыі Жыжкі – цьху!
Пракоп:
Раб хрысьціянскіх ідэяў, якіх ён не зразумеў. Адзін з статку. У астатнім
– разнастайная натура, даволі багатая, але ні ў чым не вялікая, нічым
па праўдзе не адметная, хіба што вялікасьцю сваёй пасярэднасьці й славахціўства.
Перадусім – прапаведнік, рытар, угаворвальнік, балабол, як і Ракіцана
9; таксама – дыплямат, дыялектык і схалястык; ён здольны і да
валявой дзейнасьці, хоць і ў абмежаванай ступені. Яму вельмі пасавала
б пасада бурмістра ці папскага нунцыя; але гора народу, у якога такі
правадыр, што з усёй сур’ёзнасьцю толькі прасейвае, як навоз, усякія
ідэі – калі трэба быць толькі й выключна кавадлам! – Галоўная ўласьцівасьць:
пякельная прага славы, у камбінацыі зь ня меншым гневам на Жыжку. Як
і ўсе падобныя калекі, ён уводзіць сябе ў зман, быццам ён духоўна вышэйшы
за Жыжку, тым часам як ня здольны ўразумець ані ікаўкі апошняга. Пракоп
пастанаўляе Жыжку прыбраць. (Шонэрэр – Вольф 10; яскрава падобны
выпадак, хоць і ў значна меншым маштабе). У яго атрымліваецца выклікаць
раскол сярод табарытаў, супраць зьмяіных інтрыгаў гэтага подлага попіка
нават сіла Жыжкі – заслабая. Толькі што можа зьмяя супраць льва, калі
той расплюшчыць вочы. Але ў гэтым выпадку зьмяя аказалася хутчэйшай,
перад Пржыбыславам 11, менавіта калі леў уздымаў лапу. Пракоп
(а ня Зыгмунд 12) атруціў Жыжку. Гэта затойвалі, каб не павялічыць
раскол, і звалілі віну на мор – адзіны выпадак мору ў 30-тысячным войску!
Гэты поп быў заадно з Карыбутам 13 і пражанамі, зь якімі і пазьней
захоўваў добрыя стасункі – у адрозьненьне ад Жыжкі. Магчыма, дамовіўся
зь імі наконт супольнага зьнішчэньня Табара. Яму заміналі “сіроткі”
14, таму ён яго ўсё-ткі зьнішчыў. Гэта – найчарнейшая пастаць
чэскай гісторыі. Тое, што гісторыя яго ідэалізуе – нічога не азначае.
У апошні момант ён выявіўся залішнім слабаком. Калі ўсё ішло добра,
то ён умеў усім спадабацца, як Пампэй 15, якому ня выпала пераадольваць
ніякіх вялікіх перашкодаў, – Пракоп проста зжынаў тое, што зь вялікай
намогай засеяў Жыжка. Але, як і Пампэй, калі падзьмуў крыху больш рэзкі
вецер – Пракоп сядаў на сраку. Чэскі народ як быццам адчувае, што гэта
быў за паскуднік, і мала яго згадвае, амаль ня згадвае, калі параўнаць
з Жыжкам, хаця Пракопава кар’ера й посьпехі былі больш гучнымі. Ягоныя
сучасьнікі ня бачылі ў ім нічога вартага ўвагі – нічога асабліва характэрнага
мы пра яго ня чулі – тым часам як Жыжка меў рэпутацыю апакаліптычнай
пачвары...)
5.Выезд невялікага аддзелу вазоў. Бой ля Нэкмержы 16.
3 дзея – Жыжка
1.Бітва на Віткаўскай
гары 17.
2.Начны паход Жыжкавых вазоў да Нэжаркі. Пры месячным сьвятле на сваёй
высьпе зьяўляюцца адаміты 18. Досыць пікантныя сцэны; для іх
перадачы я б паклікаў на дапамогу ўсе сучасныя й гіпэрсучасныя збачэнствы.
“Пракоп Вялікі” таксама там... Жыжка прыкрадзецца туды інкогніта; можа,
і яму карціць далучыцца. І гэтак далей. Разьня, спаленьне.
3.Бітва ля Нямецкага Броду. Зыгмунда, напалову лёкая, я б тут выставіў
на посьмех як мага больш, сутыкнуўшы яго там з Жыжкам 19.
4.Рабі 20 – хацелася б, каб стралу выпусьціў нейкі з Пракопавых
гадаванцаў. – Сьляпы Жыжка кіруе бітвай ля Малэшова. Скачком – у Прагу,
Пракоп перашкаджае зьдзяйсьненьню Жыжкавай задумы 21.
5.Сьмерць Жыжкі (ён атручаны – ці Зыгмундам, ці Пракопам 22).
Ён бачыць, што апошні ўспадкуе ягоны даробак, што дзякуючы Жыжкавым
подзьвігам яшчэ нейкі час пратрывае, але ў выніку нічога не атрымаецца.
Гэта, як і ўсё астатняе, яму абыякавае. Паміраючы, ён сьмяецца з Пракопа
і ўсяго астатняга...
4 дзея – Эра
Пракопа
1.Усьці. Гэты шэдэўр
табарыцкіх цапоў трэба паказаць як мага больш удала. Палаючае Усьці
ўвечары асьвятляе прысак разьні. Дух Жыжкі павінен прысутнічаць і камандаваць
(але бітву выйграе Пракопка 23, якому ўдасца падмесьці ўсё, чым
насьвінячыў Пракоп).
2.Няшчасны Наўмбурк 24. (Трэба вельмі чула й кранальна інсцэнаваць!
Найбольш уразьлівай будзе сцэна ў Пракопавым намёце, з удзелам яго і
дзяцей. Як і ўсе сьвятары, ён – псавальнік дзяцей і пэдэраст. Наўмбурскія
бацькі ведалі, што робяць.)
3.Табарыты каля Балту 25. Я б паказаў, як ім там добра ўваляць
па храпе (іхнае раптоўнае зьдзіўленьне) – як прадвесьце Ліпанаў 26;
у сваёй сарцавіне яны ўжо прагнілі... (Бухія ўшчэнт, бо іхны цяперашні
сымбаль – келіх...)
4.Домажліцэ. Узьнікненьне панікі можа быць самым драматычным момантам
п’есы. (Рух у табары Пракоп разумее як падрыхтоўку да атакі й дасьць
загад хутка адступаць ажно да Горшава Тына. Пракоп Малы зноў своечасова
ўратуе становішча, але залішне доўга трывае, пакуль Пракоп (Голы), зусім
адурэлы ад страху, зразумее, што крыжакі ўцякаюць і аддаляюцца, а не
набліжаюцца; ён папросту няздольны адрозьніць варону ад казы. Але затое
якім мужным стане ён і ягоны аддзел, калі ўцяміць, што вораг раней за
іх ажыцьцявіў гэты плян і пакінуў ім на раскраданьне ўвесь свой багаты
лягер.)
5 дзея – Канец
1.Вечар перад бітвай.
Жыжкаў дух зьяўляецца Пракопу ў ягоным намёце. (Усяго толькі дзеля таго,
каб насраць яму на лысіну.)
2.Бітва; з абодвух бакоў б’юцца вяла, адзін перад адным уцякаюць – як
крыжакі пад Домажліцамі. Толькі ясная пэрспэктыва перамогі дае пражанам
сілу забіваць... (Табарыты ня могуць уцячы, таму што яны ўпітыя, адсюль
вялікія страты на іхным баку.)
3.Нягледзячы на ўсё, не зашкодзіць апатэоз забітых табарытаў і “сіроткаў”.
Настае ноч, ад целаў памерлых аддзяляюцца этэрычныя цені зь німбамі
пакутнікаў, упрыгожанымі лаўровымі вянкамі, на чарапах; яны шыхтуюцца
і крочаць з усходу на захад, у паветры, усё вышэй у неба. Не пашкодзіць,
калі іх да сябе будзе загадна клікаць агромністы прывід Жыжкі, што стромка
ўзвышаецца на даляглядзе. (Попік ня ўдзельнічае ў гэтым шэсьці. Ён,
зусім не этэрычны, устае, асьцярожна скідае вопратку й забруджаную бялізну,
пераапранаецца ў адзежу аднаго з забітых пражанаў і пад ценем вазоў
адпаўзае прэч. Хаця цягам бітвы прыкідваўся мёртвым пнём. 27)
Але за імі з усходу пачынаюць цягнуцца іншыя: Лютэр (гэта для гледачоў-ідыётаў.
Мудрым я б паказаў папу Аляксандра Шостага, Чэзарэ Борджа, Мак’явэлі,
італьянскіх брыгантаў 28 часоў Рэнэсансу – потым Фрыдрыха, але
й Банапарта, як яны едуць на аслах – першы на Канту, другі на Гётэ –
Кальёстра, Ніцшэ, Людэндорфа...) і Гутэн 29 з сваімі ляндскнэхтамі,
Кальвін і Цвінглі – Галілей, Гарві 30, Леанарда, можа нават Дэкарт
і Шэйкспір – потым Вальтэр, Руссо, Дыдро – Мірабо, Дантон з сваімі санкюлотамі,
што бяруць штурмам Бастылію – урэшце карсіканскі пірат у трохвуголцы
на чале мядзьведжых шапак. Затым маглі б зьявіцца Маркс... Бакунін,
Ленін, гэтага можа й няварта, але пажадана, каб шэсьце замыкаў Татачка-Масарык
пад руку з Аляізам Мунай 31, ці як там слушна пішацца гэты родны
склон – прадстаўнік высокамаральнага сацыялізму з прадстаўніком сацыялізму
хоць радыкальнага й прыдуркаватага, але ж такога, што бруіць з залатога
сэрца люду. Але пасьля іх павінны зьявіцца яшчэ іншыя духі – прывіды
герояў будучых сацыялізмаў – колькі вольнага месца для прыгожай фантазіі.
Пакуль усё гэта
цягнецца, на ўсходзе памалу днее – зьяўляецца Мілавіца, загараецца заранка
– і ўрэшце, калі апошнія цені растануць у зьзяньні дзённага сьвятла,
выходзіць белае сонца (я б паказаў яго, разрэзаўшы напалам, у выглядзе
дупы, зіхоткай дупы, выстаўленай нейкім богам, якая зьдзекліва пасьмейваецца
з усёй гэтай ідэальнай малпападобнай набрыдзі ўнізе), сонца новага жыцьця
чалавецтва ў царстве любові, братэрства і свабоды…
(Endnotes)
1 Драматург, разам з Клімам пазьней напісаў скандальную п’есу “Мацей
Дабрасумленны” (1922 г.).
2 Фірма па вырабе штучнага тытуню, заснаваная Л.Клімам супольна зь ягоным
сябрам і субутэльнікам Ф.Бёлерам, неўзабаве пасьля ўзьнікненьня збанкрутавала.
3 Чаму нельга зьдзіўляцца, бо Кліма не абмяжоўваў сваёй фантазіі ані
ў гэтым выпадку, у тым ліку і ў дачыненьні да гістарычных фактаў.
4 Пракоп – Пракоп Голы (таксама званы Вялікі, 1380-1434), гусіцкі сьвятар,
палітычны лідэр радыкальных табарытаў.
5 Дамінуючая ўласьцівасьць (лац.)
6 Пачвара (лац.)
7 Гульня прыроды (лац.) (тут у сэнсе – капрыз, прыхамаць, выбрык прыроды)
8 Люцый Карнэлі Сулла (138-78 да н.э.) – рымскі дыктатар
9 Ян Ракіцана (ці Ян з Ракіцанаў, 1396-1471) – тэоляг, правадыр памяркоўных
гусітаў, праскі арцыбіскуп
10 Георг фон Шонэрэр (у Клімы чамусьці “Schlnerer”, 1842-1921) і Карл
Герман Вольф (1862-1941)
– дэпутаты аўстрыйскага парлямэнту, нацыяналісты, выступалі супраць
раўнапраўя іншых моваў зь нямецкай, якое прапанаваў прэм’ер, граф Казімір
Бадэні (1846-1909), пасьля чаго Вольф абазваў яго “польскім нягоднікам”
і выклікаў на двубой, у якім параніў графа зь пісталета. Цікава, што
ў 1904 г. Кліма даслаў Вольфу (ураджэнцу чэскага Хебу) экзэмпляр сваёй
кнігі “Сьвет як сьвядомасьць і нішто”.
11 Пржыбыслаў – горад у чэскім краі Высачына, паблізу якога ў часе яго
аблогі гусіцкімі войскамі памёр Ян Жыжка.
12 Зыгмунд Люксэмбурскі (1368-1437) – сын Карла Чацьвёртага, імпэратар
Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі.
13 Маецца на ўвазе Жыгімонт (Дзьмітрыевіч) Карыбутавіч (1400-1435),
з роду князёў Ноўгарад-Северскіх, рэгент Вітаўта ў Чэхіі (з 1422 г.),
вызначыўся ў бітвах супраць крыжакоў каля Усьці-над-Лабэм і Домажліцаў,
пасьля паразы радыкальных гусітаў вярнуўся ў Літву і памёр ад ранаў
неўзабаве пасьля бітвы каля Вількаміра (ён жа Вількмерге, Укмерге, Вількомеж
– таксама вядомая як бітва каля Пабайскасу ці Пабойску), дзе змагаўся
супраць Жыгімонта Кейстутавіча на баку Сьвідрыгайлы разам зь (як ні
парадаксальна) нямецкімі крыжакамі.
14 Адна з радыкальных груповак гусітаў, утвораная Жыжкам (назва ўзьнікла
пасьля ягонай сьмерці).
15 Пампэй (106-48 да н.э.) – старажытнарымскі палітык.
16 У ім Жыжка ўпершыню скарыстаў баявыя вазы, каб убараніцца ад нападу
2000 каталіцкіх рыцараў.
17 Месца ў Празе, дзе стаіць вядомая конная статуя Яна Жыжкі.
18 Адаміты – адна з гусіцкіх плыняў, чальцы якой хадзілі голымі й вызнавалі
вольнае каханьне “ўсіх з усімі”. Пасьля спаленьня бальшыні зь іх у красавіку
1421 г. невялікая частка ўмацавалася ў крэпасьці Остраў-у-Гамру (а не
на “высьпе”, як піша Кліма – “остров” па-чэску “востраў”) каля паўднёвачэскай
рэчкі Нэжаркі. Зьнішчаныя Жыжкам у кастрычніку 1421 г.
19 У сапраўднасьці імпэратар уцёк, тым часам як вялікая частка ягоных
аддзелаў загінула пры адступленьні, места Нямецкі Брод было ўзятае й
спаленае, значная частка насельніцтва перабітая.
20 Замак, пры аблозе якога ў чэрвені 1421 г. Жыжка страціў другое вока
(першае, паводле легенды – у Грунвальдзкай бітве).
21 Пасьля перамогі над памяркоўнымі праскімі гусітамі ля Малэшова Жыжка
меў намер авалодаць Прагай, аднак ягонаму намеру перашкодзіў іхны правадыр
Ян Ракіцана (а зусім не Пракоп), які ўгаварыў Жыжку пайсьці на хаўрус.
22 Яшчэ адна гістарычная фантазія Клімы.
23 Пракопка – альбо Пракоп Малы, гусіцкі сьвятар і ваявода, загінуў
у бітве каля Ліпанаў (1434 г.).
24 Гусіты ўзялі гэты нямецкі горад (каля Ляйпцыгу) у аблогу ў 1432 г.,
але, паводле легенды, гарадзкія жыхары паслалі ім насустрач сваіх дзяцей
з кветкамі, чым уратавалі горад ад зьнішчэньня.
25 Сапраўды маецца на ўвазе Балтыйскае мора, якога аддзел табарытаў
на чале зь Янам Чапам, высланы на дапамогу польскаму каралю Ягайлу ў
вайне супраць Тэўтонскага ордэну, дасягнуў разам з польскімі аддзеламі
ў 1433 г., фактычна адваяваўшы выхад Польшчы да мора. Аднак супольны
польска-чэскі паход быў пасьпяховым – тым часам як буйную паразу ад
немцаў гусіты пацярпелі ў 1433 г. у Баварыі, каля Гільтэрсрыду, якую,
магчыма, і мае на ўвазе Кліма.
26 У бітве ля Ліпанаў радыкальнае крыло гусітаў (табарыты) пацярпела
паразу ад больш умеркаванага “праскага” крыла.
27 У сапраўднасьці, Пракоп Голы быў забіты пад Ліпанамі.
28 Тое ж, што бандыты.
29 Ульрых фон Гутэн (1488-1523), нямецкі лютэранскі мысьляр і пісьменьнік,
стаяў на чале паўстаньня шляхты супраць папізму ў 1522 г.
30 Уільям Гарві (1578-1657), адкрывальнік кровазвароту.
31 І ў Клімы – памылка ў склоне (творным, а ня родным), якую ён усьведамляе,
але не выпраўляе. Аднаго з заснавальнікаў чэхаславацкай кампартыі Аляіза
Муну ён згадвае і ў аповедзе “Што пасьля сьмерці”.