Ян Чулік

ЦІ МЫ ГЭТА? (чэхі ў "шакуючым люстэрку" кнігі Мэры Гайман “Czechoslovakia: the State that Failed”, 2009)

 

 

(з скарачэньнямі)

28 кастрычніка 2009 г. у амэрыканскім акадэмічным выдавецтве Yale University Press выходзіць новая кніга па гісторыі Чэхаславаччыны, напісаная амэрыканскім гісторыкам Мэры Гайман (Mary Heimann) з унівэрсытэту Стрэчклайд у Глазга, Шатляндыя. Папярэдняя кніга аўтаркі была прысьвечаная каталіцкай духоўнасьці ў Брытаніі 19-га стагодзьдзя. Ня так даўно М.Гайман заманілася вывучыць і напісаць сучасную гісторыю аднаго з малых эўрапейскіх народаў, каб спраўдзіць ягоную здольнасьць супрацьстаяць міжнароднаму ціску. Яна выбрала Чэхаславаччыну, вывучыла чэскую мову й некалькі гадоў вывучала крыніцы, зь іх – два гады непасрэдна ў Чэхіі. Плёнам гэтага сталася дасьледаваньне, якое выразна адрозьніваецца ад папярэдніх англамоўных гісторыяў Чэхаславаччыны, што ў значнай ступені рэцыклявалі спрошчаны і ўласна скажоны вобраз чэхаславацкай гісторыі. Нядаўняй праявай згаданага канвэнцыйнага бачаньня стала кніга Мэры Доўлінг “Чэхаславаччына” (Лёндан, 2002 г.), дзе Чэхаславаччына прэзэнтуецца як “узор дэмакратыі на эўрапейскім кантынэнце, ахопленым цемрашальствам фашызму й камунізму”, як краіна, што “ня здолела ўбараніцца ад махінацыяў эўрапейскіх дзяржаў, трапіла пад прыгнёт нацызму й камунізму й толькі пасьля аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. вярнулася да свабоды й дэмакратыі”.

Гісторыя Чэхаславаччыны Мэры Гайман вельмі далёкая ад гэтага канвэнцыйна-стэрэатыпнага бачаньня. У многіх пытаньнях ейны аналіз сугучны скептыцызму сучасных чэхаў, хаця ня выключана, што ў некаторых аспэктах бесстароньні падыход Гайман зьдзівіць нас і сёньня, магчыма, нават шакуе. Ейная праца – вынік карпатлівага, прадметнага дасьледаваньня, цьверджаньні грунтуюцца на сыстэматычна ўпарадкаваных дакумэнтальных ілюстрацыях. Гайман амаль нідзе не спэкулюе наконт таго, што немагчыма даказаць... Кніга пераконвае сваёй аргумэнтацыяй, пры гэтым яна бліскуча напісаная й лёгка чытаецца.

(...)

Гайман сьцьвярджае, што асноўнай праблемай чэскага грамадзтва быў ягоны празьмерны нацыяналізм і этнічная нецярпімасьць, якіх чэскія палітыкі сьлепа і ўпарта патрабавалі ад насельніцтва. Яны прынцыпова не заўважалі прагматычных, кампрамісных, плюралістычных разьвязаньняў, не былі здольныя да інклюзыўнага падыходу й радыкальна адмяжоўваліся ад усіх, хто ў чым-небудзь адрозьніваўся. Такое стаўленьне практыкавалася імі ня толькі да немцаў, але і да гэбраяў, ромаў, вугорцаў, славакаў, палякаў і русінаў. Упартае насаджэньне чэскага нацыяналізму некалькіразова прыводзіла дзяржаву на мяжу згубы. Чэхі заўжды былі майстрамі тлумачыць свае памылкі “здрадай” альбо “ўціскам” з боку іншых, аднак жа Гайман даказвае, што ў Мюнхэнскай змове вінаватыя самі чэхі. Зь меншасьцямі яны асабліва ў 1938-39 і 1945-48 гг. абыходзіліся неверагодна жорстка, пры гэтым ніхто іх да гэтага не змушаў. Але пра ўсё па парадку.

Скрайні нацыяналізм панаваў у Аўстрыі і пазьней у Аўстра-Вугоршчыне паўсюдна. Рэвалюцыя 1848 г. не дасягнула посьпеху, таму што замест таго, каб аўстрыйскія грамадзяне зьядналі свае намаганьні супраць імпэратара з мэтай дасягнуць дэмакратычных свабодаў, усе этнічныя групы ў Аўстрыі страшэнна перасварыліся між сабой. Таму перамог Бахаў абсалютызм.

Рамантычны нацыяналізм панаваў у Аўстрыі перадусім сярод немцаў ужо з канца васямнаццатага стагодзьдзя, калі частка немцаў пачала адстойваць пангерманскую ўяву пра тое, што людзі, якія размаўляюць па-нямецку, “містычна зьяднаныя” між сабою ў адну нацыю, незалежна ад таго, у якой дзяржаве жывуць. Паводле Гайман, аўстрыйская імпэрыя не падтрымлівала гэтай ідэі й насуперак пангерманскай ідэалёгіі актыўна спрыяла астатнім мовам.

Узьнікненьне чэхаславацкай дзяржавы на падставе ідэалёгіі нецярпімасьці

На працягу дзевятнаццатага стагодзьдзя чэхі выпрацавалі моцную ідэалёгію, творцам якой быў перадусім Палацкі. Менавіта паводле Палацкага гусіцтва пятнаццатага стагодзьдзя было магутным нацыяналістычным рухам. Гэтае цьверджаньне – мітычнае й неабгрунтаванае. Выразы “Чэскія землі” ці “Славаччына”, паводле Гайман, да 19 ст. не належалі да звыкла ўжываных поймаў. У чэскай нацыянальна-вызваленчай міталёгіі Ян Гус стаў асноўным сымбалем чэскай рашучасьці й незалежнасьці, а Ян Жыжка – адмысловым раньнім нацыяналістам і прымітыўным сацыялістам. Аднак канфлікт гусітаў з каталіцкай Эўропай быў не нацыянальным, а рэлігійным. Тым ня менш, у чэскай супольнасьці ўзьнікла міталёгія нацыянальнага вызваленьня, якая дасягнула кульмінацыі ў 20 ст. Чэскі шавінізм канца пазамінулага стагодзьдзя абярнуўся трагічнымі наступствамі ў стагодзьдзі мінулым.

(...)

Масарык, паводле Гайман, быў бязьлітасным палітычным маніпулятарам, які зьмяняў свае погляды як пальчаткі. Цягам першай усясьветнай вайны ён прасоўваў у брытанскі друк прапагандысцкую тэзу наконт нацыянальнага прыгнёту ў Чэхіі й з асалодай сьцьвярджаў: “Пакутніцтва і кроў заўсёды выклікаюць сымпатыі”. Разваліць Аўстра-Вугоршчыну і ўтварыць незалежную чэхаславацкую дзяржаву Масарык вырашыў цалкам свавольна, маючы мінімум паплечнікаў і зусім ня маючы ніякага мандату з чэскіх земляў. Калі ў 1916 годзе памёр імпэратар Франц-Ёсіф І, то ягоны наступнік, імпэратар Карл І, пачаў выяўляць сымпатыі да “нацыянальных меншасьцяў” Аўстра-Вугоршчыны. Ён адмяніў сьмяротны прысуд, вынесены чэскім рэвалюцыянэрам Крамаржу і Рашыну, зьявілася магчымасьць для шырэйшай чэскай аўтаноміі ў межах Аўстрыі. Чэскія палітыкі ў 1916 годзе ў Празе бралі ўдзел у каранацыі Карла І, і яшчэ ў студзені 1917 году Асацыяцыя чэскіх дэпутатаў падкрэсьлівала, што “чэскі народ бачыць сваё далейшае разьвіцьцё ўва ўмовах і пад эгідай улады Габсбургаў”. 29 траўня 1917 г. імпэратар Карл І абвясьціў, што зьбіраецца склікаць аўстрыйскі парлямэнт, і насуперак заклікам Масарыка й Бэнэша, якія з замежжа загадалі чэскім дэпутатам байкатаваць пачатак працы парлямэнту, тыя іх ня толькі не паслухаліся, а нават выступілі з патрабаваньнем, каб Аўстрыя была рэструктурызаваная ў новую дзяржаўную канфэдэрацыю, у рамках якой Чэхія аб’ядналася б з Славаччынай.

Масарыку ўдалося пераканаць заходніх хаўрусьнікаў у неабходнасьці разьдзяленьня Аўстра-Вугоршчыны толькі пасьля таго, як чэскія легіянэры неўзабаве па бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі спэктакулярна ўзялі пад кантроль транссыбірскую чыгуначную магістраль, дзякуючы чаму Масарык набыў уплыў на міжнароднай арэне, бо “ягоныя легіёны” маглі паспрыяць дасягненьню ваенных мэтаў хаўрусьнікаў. Паводле Гайман, разьдзяленьне Аўстра-Вугоршчыны й заснаваньне Чэхаславаччыны адбыліся ў 1918 г. толькі таму, што заходнія хаўрусьнікі скарысталіся чэскімі легіянэрамі ў Расеі й чэхаславацкім пытаньнем для дасягненьня сваіх непасрэдных, кароткатэрміновых палітычных мэтаў пры канцы вайны. Аргумэнт Масарыка пра тое, што ўтварэньне Чэхаславаччыны неабходнае, каб узьнік “бар’ер для нямецкай экспансіі на ўсход”, з гледзішча нашага веданьня далейшага разьвіцьця падзей на працягу наступных дваццаці гадоў выглядае сьмешна. Чэскія дэпутаты падтрымалі Масарыкаву ідэю разьдзяленьня Аўстра-Вугоршчыны і ўтварэньня самастойнай Чэхаславаччыны ў самы апошні момант, у ліпені 1918 году. 16 кастрычніка 1918 г. імпэратар Карл І прапанаваў аўтаномію народам Аўстра-Вугоршчыны, і была надзея, што яна будзе прынятая. Масарык у паніцы паспрабаваў перашкодзіць дамове між Аўстрыяй і хаўрусьнікамі шляхам абвяшчэньня незалежнасьці Чэхаславаччыны. Стварэньне Чэхаславаччыны ў кастрычніку 1918 г. было для Масарыка нечаканай і значнай, але зусім не непазьбежнай перамогай. Пры стварэньні новай дзяржавы Масарык груба праігнараваў інтарэсы немцаў, вугорцаў і палякаў, якія жылі на тэрыторыі Чэхаславаччыны, і прамаўляў ад імя славакаў і русінаў, ня маючы ад іх такіх паўнамоцтваў. Неўзабаве хаўрусьнікі пачалі шкадаваць, што стварылі ў Цэнтральнай Эўропе спрэчную й нестабільную дзяржаву. Як сказаў брытанскі прэм’ер Ллойд Джордж: у Чэхаславаччыну былі ўключаныя сотні тысячаў нязгодных вугорцаў і некалькі мільёнаў раззлаваных немцаў.

Нацыянальны ўціск у міжваеннай Чэхаславаччыне

Утвораная ў 1918 г. Чэхаславаччына як дзяржава была этнічна й нацыянальна вельмі няроўнай. Масарык і Бэнэш паабяцалі аўтаномію славакам і русінам, але так і не датрымалі сваіх абяцаньняў. Нацыянальныя меншасьці былі незадаволеныя. Пры гэтым нямецкае насельніцтва не было нацменшнасьцю: немцаў было ў Чэхаславаччыне болей, чым славакаў. Таму прыйшлося стварыць фіктыўную “чэхаславацкую нацыю”, каб чэхаў і славакаў ня трэба было пералічваць асобна. Тэарэтычна, чэхі і славакі былі так званымі “дзяржаватворнымі элемэнтамі”, хаця немцаў было болей. Нягледзячы на гэта, ніякага нямецкага “трэцяга куплету” чэхаславацкага дзяржаўнага гімну не існавала. Асобным грамадзянам была гарантаваная свабода, аднак на практыцы вялося пра жорсткае дамінаваньне “чэхаславацкага” (у сапраўднасьці чэскага) народа. Міжваенная Чэхаславаччына не была інклюзыўнай шматнацыянальнай дзяржавай.

Палітычныя партыі ў Чэхаславаччыне ўтварыліся паводле нацыянальных крытэраў. Пяцёрка чэскіх партыяў сфармавала ўрадавую кааліцыю і ўтрымлівала “чужынцаў” убаку ад ураду, у які практычна ніколі не траплялі нямецкія партыі. Як прадвесьце той фанабэрыі, зь якой сучасныя чэскія палітыкі ўва ўладзе ігнаруюць меркаваньне людзей у пытаньні амэрыканскай ракетнай базы, тагачасныя чэскія палітыкі папросту ігнаравалі прарочыя вынікі выбараў і ўтваралі свае “чэскія” ўрады паводле ўласнага хаценьня. Найбольш выразна гэта выявілася на выбарах 1935 году, калі судэтанямецкая партыя “Heimatsfront” атрымала ажно 15,2 працэнтаў галасоў, то бок больш за чэскую аграрную партыю й за сацыял-дэмакратаў. Нягледзячы на антрыцэнтрысцкія, антычэскія й антысацыялістычныя сыгналы выбарцаў чэскія палітыкі, як і перад тым, зноў утварылі чэскі ўрадавы блёк і папросту праігнаравалі ўсё больш абураных немцаў і славакаў.

Бянтэжыла тое, што ў краіне, дзе 80 адсоткаў утваралі каталікі, улада актыўна пашырала антыклерыкалізм. Скасаваньне арыстакратычных тытулаў было траўматычным для нямецкай шляхты. Міністар фінансаў Рашын адменай аўстрыйскай валюты прывёў на мяжу жабрацтва немцаў у памежных рэгіёнах. Паводле новых законаў, аўстрыйцы ня мелі права наведваць сваіх нямецкіх сваякоў у Чэхаславаччыне без афіцыйных пашпартоў; праезд без дакумэнтаў жорстка караўся штрафам. “Чэхі маюць маральнае права на новую дзяржаву”, абвясьціў Масарык, хаця немцы ведалі, што сам ён быў узгадаваны як немец а пазьней усяго толькі зьмяніў нацыянальнасьць, і праз гэта ім пагарджалі. Дэкрэтам ад 1920 г. былі нададзеныя чэскія назвы нават цалкам нямецкім гарадом. Выходзілі толькі чэскія паштовыя маркі. У чэхаславацкім міністэрстве замежных спраў не працавала ніводнага этнічнага немца альбо вугорца.

Былі праблемы і з славакамі. Калі Андрэй Глінка, адзін з падпісантаў Марцінскай дэклярацыі, паводле якой Славаччына стала часткай Чэхаславаччыны, даведаўся, што Масарыкавы абяцаньні, утрыманыя ў Пітсбурскім пагадненьні, падпісаным у Амэрыцы чэскімі й славацкімі эмігрантамі ў пытаньні стварэньня незалежнага славацкага ўраду, ня будуць выкананыя, ён выправіўся скардзіцца ў Францыю. Пасьля ягонага вяртаньня Масарык загадаў арыштаваць яго за “здраду” й трымаў у турме да 1920 г. За здраду быў арыштаваны і славацкі нацыяналіст Войтэх Тука, калі абвясьціў, што Марцінская дэклярацыя мусіла была дзейнічаць толькі дзесяць гадоў, да 1928 г., пасьля чаго чэхаславацкія законы павінны былі пазбыць легітымнасьці. Яго асудзілі на 15 гадоў турмы за здраду дзяржаве. У выніку дыскрымінацыі славакаў агромністы ўплыў у Славаччыне набыла Славацкая народная партыя Глінкі.

Баючыся радыкалізацыі немцаў пасьля прыходу Гітлера да ўлады ў 1933 г., Чэхаславаччына прыняла ў кастрычніку згаданага году закон нумар 201, паводле якога маглі быць скасаваныя ці распушчаныя тыя палітычныя партыі, якія ўтваралі пагрозу для цэласнасьці, дэмакратычнай рэспубліканскай формы кіраваньня й бясьпекі дзяржавы. На падставе гэтага закону была забароненая Судэтанямецкая партыя К.Гайнляйна, якая, тым ня менш, хутка перафармавалася й адрадзілася пад назвай “Heimatsfront”. Сябры забароненых палітычных партый паводле закону нумар 201 ня мелі права на таямніцу ліставаньня, маглі быць падвергнутыя паліцэйскаму назіраньню й хатняму арышту. Гайман даказвае, што чэскія палітыкі самі спрычыніліся да зьнікненьня чэхаславацкай дзяржавы сваёй палітыкай жорсткага невыкананьня правоў іншых этнічных групаў. Глыбокае незадавальненьне нацыянальных меншасьцяў у Чэхаславаччыне з выгадай для сябе скарыстаў Гітлер, калі ў лютым 1938 г. выказаў намер узяць пад ахову “10 мільёнаў чэхаславацкіх немцаў”. Заходнія хаўрусьнікі, якія ведалі пра ўціск нацменшасьцяў (лорд Рансімэн у сваім дакладзе пра Чэхаславаччыну гаварыў пра “маладушную нецярпімасьць і дыскрымінацыю”), не падтрымалі кантравэрсійнай чэхаславацкай дзяржавы ў верасьні 1938 г. у Мюнхэне.

Лататы ў таталітарызм

Далейшыя падзеі былі асабліва цікавымі й драматычнымі. Як толькі заходнія дзяржавы ў Мюнхэне пазбавілі чэскіх палітыкаў магчымасьці ўтрымліваць шматнацыянальную дзяржаву ў падпарадкаваньні, тая тут жа распалася, а ейныя ўтварэньні-пераемнікі пачалі выяўляць моцныя тэндэнцыі ў кірунку аўтарытарызму й расізму. У гэтым кірунку пасьлямюнхэнская Чэха-Славаччына разьвівалася самастойна, ніхто не прымушаў яе адыходзіць ад дэмакратычных прынцыпаў. Паводле Гайман, гэта зьяўляецца доказам таго, што Чэхаславаччына ператварылася б у дыктатуру і без далейшага ўмяшаньня гітлераўскай Нямеччыны.

Другая Чэхаславацкая рэспубліка, якая існавала з кастрычніка 1938 г. да сакавіка 1939 г., была адкрыта аўтарытарнай дзяржавай (гэтаксама як і Трэцяя рэспубліка ў 1945-48 гг.) Яна кіравалася пасярэдніцтвам выданьня недэмакратычных дэкрэтаў, без мандату (ад выбарцаў), падтрымлівала расізм, нэўтралізоўвала палітычных апанэнтаў, фальшавала выбары, засноўвала канцэнтрацыйныя лягеры і перасьледавала гэбраяў і цыганоў, і ўсё гэта добраахвотна, безь якога-заўгодна ўплыву з боку нацысцкай Нямеччыны. Чэхаславацкія ўлады пачалі адкрыта праводзіць палітыку этнічных чыстак.

Пасьлямюнхэнская Чэха-Славаччына вельмі злосна адрэагавала на прыход гэбрайскіх уцекачоў з гітлераўскай Нямеччыны. Чэха-славацкі ўрад з кастрычніка 1938 г. лабіяваў у Брытаніі, каб тамтэйшыя палітыкі скарысталі свой уплыў у Бэрліне й пераканалі немцаў не пасылаць у Чэха-Славаччыну “жыдоў, якія нам тут непатрэбныя”, і скардзіўся, што брытанскі ўрад выяўляе сымпатыі да “гэбраяў і нямецкіх сацыял-дэмакратаў, а не да чэхаў і славакаў”. Чэская патрыятычная арганізацыя “Сокал” выдала 23 кастрычніка 1938 г. рэзалюцыю, якая заклікала ўсіх гэбраяў, якія пасяліліся ў Чэхаславаччыне пасьля 1914 г., “вярнуцца да сябе дамоў”. 20 лістапада 1938 г. Прага дамовілася з Бэрлінам пра зьмену чэха-славацкага заканадаўства, каб яно больш не давала права на прытулак уцекачам зь Нямеччыны й анэксіяванай Аўстрыі. Курт Вайскопф, нямецкі студэнт левых поглядаў, ня верыў уласным вачам, калі стаўся сьведкам таго, як група нямецкіх сацыял-дэмакратаў, што праяжджалі праз Прагу, была арыштаваная на Масарыкавым вакзале й адпраўленая ў Нямеччыну, дзе яе чакаў канцлягер. Калі Вайскопф паскардзіўся ўладам, чэскі службовец на другім канцы тэлефоннай лініі паведаміў яму, што ён – “сьмярдзючы жыд” і “чырвоная сьвіньня”, пасьля чаго бразнуў слухаўкай. У чэрвені 1939 г. чэхі выдалі антысэміцкі закон, мэтай якога было абараніць асыміляваных чэхамі гэбраяў і абмежаваць у правох гэбрайскіх уцекачоў зь Нямеччыны, якія прыбывалі ў Чэхаславаччыну з 1935 году.

Паводле закону ад 2 сакавіка 1939 г. усе беспрацоўныя мужчыны старэйшыя за 18 гадоў высылаліся ў чэскія лягеры прымусовай працы. У той жа дзень чэхі з уласнай ініцыятывы заснавалі канцэнтрацыйныя лягеры для цыганоў у Лэтах і Годаніне. Студэнты праскага філясафічнага факультэту стыхійна зьнішчылі статую Т.Г.Масарыка. Антысэміцкі расізм у Чэхіі грунтаваўся на этнічна-моўнай перадузятасьці, тым часам як у Славаччыне меў рэлігійны падмурак. Пасьля ўтварэньня пратэктарату Чэхія і Маравія ў Славаччыне ўзьнікла пранацыская, аўтарытарная каталіцкая дзяржава, чыя ксэнафобная й недэмакратычная палітыка сягала сваімі каранямі ў пасьлямюнхэнскую Чэха-Славаччыну. Гайман нястомна падкрэсьлівае, што пасьлямюнхэнская Чэха-Славаччына й пазьней незалежная фашысцкая Славаччына ўводзілі аўтарытарныя й расісцкія практыкі выключна з уласнай ініцыятывы.

У часе пратэктарату

Цікавымі, з гледзішча Гайман, былі й варункі пасьля нямецкай акупацыі ў сакавіку 1939 г. Немцы далі чэхам амаль такую ж вялікую аўтаномію, як і славакам, якія прывіталі іх як вызваліцеляў, тым часам як чэхі ставіліся да немцаў з крыўдай. Немцы, што трывала жылі на тэрыторыі Чэхіі й Маравіі, ніякіх прывілеяў ад акупантаў з Райху не атрымалі. Акупацыя іх расчаравала. Пры гэтым тыя чэскія немцы, якія былі чальцамі Гайнляйнаўскай партыі й аўтаматычна сталіся грамадзянамі Райху, мусілі ісьці ў войска, што чэхаў не датычылася. Менавіта з гэтай прычыны агромністая колькасьць чэхаславацкіх немцаў пасьля сакавіка 1939 г. запісалася чэхамі паводле нацыянальнасьці, каб ня йсьці ваяваць за нацыстаў.

У 1942 г. Эдвард Бэнэш, знаходзячыся ў эміграцыі ў Лёндане, арганізаваў апэрацыю “Антрапоід” з мэтай забойства райхспратэктара Райнгарда Гайдрыха, наперакор пратэстам чальцоў рэзыстансу ў Чэхіі – Бэнэшу быў патрэбны міжнародны прапагандысцкі козыр у мэдыях. То ж бо чэхам у пратэктараце ніякай вялікай крыўды не чынілася. Праўда тое, што ў лістападзе 1939 г., пасьля дэманстрацый з нагоды нацыянальнага сьвята 28 кастрычніка, нямецкія нацысты брутальна расправіліся з студэнтамі. Тады дзевяцёра студэнцкіх лідэраў былі пакараныя сьмерцю (парадаксальна, менавіта тыя, хто выяўляў ахвоту супрацоўнічаць з нацысцкімі ўладамі), вышэйшыя навучальныя ўстановы былі зачыненыя, 1200 студэнтаў былі адпраўленыя ў канцлягеры. Аднак гэтыя рэпрэсіі прывялі да шырокага пасіўнага супраціву ў пратэктараце, у Чэхіі на некалькі месяцаў запанаваў хаос, таму нацысты зьмякчылі свой падыход да чэскага насельніцтва. Пратэктар Гайдрых праводзіў палітыку перніка й бізуна. Ён перасьледаваў інтэлектуалаў, карыстаўся дазаваным кароткачасовым тэрорам, але запабягаў перад рабочай клясай, якая бязьбедна й інтэнсіўна працавала за высокія прэміі на ваенную машыну Райху. Жорсткая помста немцаў за зайбоства Гайдрыха – так званая “Гайдрыхіяда” – цалкам зьліквідавала чэскі антынацысцкі супраціў, аднак Бэнэш дамогся таго, чаго хацеў: стварыў у міжнароднай грамадзкасьці чорна-белы вобраз чэскага пакутніцтва й нямецкага зла. Забіцьцём Гайдрыха ён здолеў дасягнуць таго, што пратэктарат Чэхія й Маравія перастаў лічыцца калябаранцкай пранацыскай дзяржавай, як тая ж Аўстрыя, а трапіў у лік акупаваных краінаў. (У фашысцкай Славаччыне тую ж ролю згуляла ў 1944 г. так званае Славацкае народнае паўстаньне.) Да таго ж, забойства Гайдрыха яшчэ больш умацавала чэскую нянавісьць да немцаў.

Жорсткія пасьляваенныя варункі

Пасьля таго, як у 1943 г. у Маскве Бэнэш падпісаў з Сталінам пагадненьне пра супрацу з Савецкім саюзам, камуністы падрыхтавалі склад пасьляваеннага чэхаславацкага ўраду, зь якім Бэнэш пагадзіўся. Ува ўрад ня трапілі судэцкія немцы-антыфашысты й іншыя меншасьці Чэхаславаччыны. Некамуністы ня мелі нічога супраць таталітарных элемэнтаў, утрыманых у Кошыцкай нацыянальнай праграме, іх цікавіла толькі пакараньне “здраднікаў нацыі”. 4 красавіка 1945 г. ў Кошыцах прайшло паседжаньне нікім не абранага ўраду Фірлінгера: пачало рыхтавацца рэтрыбуцыйнае права. Сытуацыя нагадвала становішча пасьля першай усясьветнай вайны: прызначаны ўрад зь ліку палітыкаў-эмігрантаў зноў прадыктаваў краіне шэраг прынцыповых зьменаў. Гэтаксама як пасьля Мюнхэну ў Чэха-Славаччыне былі забароненыя левыя партыі, цяпер утварыўся так званы “Нацыянальны фронт” і былі забароненыя партыі правыя.

У адрозьненьне ад разбамбаваных Брытаніі альбо Нямеччыны, паводле мерак таго жахлівага часу пратэктарат Чэхія й Маравія перажыў вайну даволі няблага. Выгадай было тое, што працэс гомагенізацыі насельніцтва значна прагрэсаваў: цягам вайны чэхі і славакі пазбавіліся бальшыні ромаў і амаль усіх гэбраяў, пасьля вайны – вугорцаў і немцаў. У Бэнэша ў другі раз атрымаўся цуд: прымусіць заходніх хаўрусьнікаў аднавіць Чэхаславацкую рэспубліку. Гэта адбылося далёка не аўтаматычна. Цяпер Чэхаславаччына павінна была існаваць у нашмат больш выгадных умовах: без нацмяншыняў. Аднак Бэнэш быў вузкалобым нацыяналістам і сацыялістам, што хацеў неадкладна адпомсьціць сваім этнічным і палітычным ворагам. Гэтак, пасьля 1945 г. Чэхаславаччына ўжо не была дэмакратычнай: практыкаваліся этнічныя чысткі, неабраны ўрад з дапамогай дэкрэтаў дыктаваў, што хацеў, і хутка распачаў будаўніцтва паліцыйнай дзяржавы.

Пасьляваенныя ўлады Чэхаславаччыны добра навучыліся ў нацыстаў, як нэўтралізоўваць палітычных дысыдэнтаў: з дапамогай кантраляванага пераразьмеркаваньня харчовых картак, папулізму й перападзелу канфіскаванай маёмасьці. Да 27 кастрычніка 1945 г. неабраны прэзыдэнт Бэнэш падпісаў 27 дэкрэтаў і 91 закон. Гэтак ён ажыцьцявіў брутальна нацыяналістычную й радыкальна сацыялістычную рэвалюцыю.

Адразу пасьля вайны чэскае насельніцтва спантанна пачало забіваць немцаў. Толькі немцы былі “здраднікамі” й “фашыстамі”, як быццам чэская і славацкая нацыі з нацысцкім рэжымам зусім не супрацоўнічалі. Прэзыдэнт і міністры заклікалі народ пазбавіцца ад “немцаў і вугорцаў”. 12 траўня 1945 г. адзін зь міністраў на паседжаньні ўраду патрабаваў, каб па радыё быў распаўсюджаны зварот да насельніцтва з заклікам не забіваць нявінных нямецкіх цывільных грамадзянаў. Урад адкінуў гэта як “лішняе”. 16 траўня 1945 г. Бэнэш у сваім выступе падкрэсьліў, што ў інтарэсах адзінай дзяржавы трэба “ліквідаваць немцаў і вугорцаў”. Пасьляваенны чэхаславацкі рэжым ставіўся да немцаў дакладна так, як нацысты да гэбраяў. Колькасьць харчовых картак для нямецкіх грамадзянаў была зьніжаная настолькі, каб пражыць на іх было немагчыма. Нямецкія школы былі гвалтоўна зачыненыя. Гэтаксама як гэбраям у часе вайны, немцам было дазволена наведваць крамы толькі ў пэўныя гадзіны, яны не маглі карыстацца грамадзкім транспартам і мяняць месца жыхарства. У лягеры для інтэрнаваных немцаў пад Астравай і ў лягеры для “калябарантаў” у Коліне катаваньне, згвалтаваньне й забіцьцё вязьняў сталася такой сама звычайнай практыкай, як у нацысцкіх канцлягерох, кіраваных СС. У лягеры Война пад Пржыбрамам быў вывешаны нацысцкі лёзунг “Праца вызваляе”, але гэтым разам па-чэску. Узьнікла сетка тайнай паліцыі, у якую вэрбаваліся нацысцкія злачынцы. Паводле Бэн’яміна Фромэра, цытаванага аўтаркай, “надзвычайныя народныя суды” асудзілі на сьмерць 97 адсоткаў ад агульнай колькасьці абвінавачаных. Права на апэляцыю было скасаванае, пакараньні сьмерцю адбываліся праз 2-3 гадзіны пасьля вынясеньня прысуду. У сьнежні 1945 г. скаргі на катаваньні абвінавачаных чэхаславацкай паліцыяй спарадзілі заклікі да дэнацыфікацыі паліцыі.

Выгнаньне вугорцаў з Славаччыны за іхны ўяўны “фашызм” было нечуванай крывадушнасьцю, таму што фашысцкую дзяржаву ў Славаччыне ўтварылі якраз славакі, а не вугорцы. З Чэхаславаччыны дэпартавалі ў тым ліку й нямецкіх антыфашыстаў: немцы маглі ўзяць з сабой 30 кіляграмаў рэчаў кожны, за выключэньнем каштоўнасьцяў. Пакункі з каштоўнасьцямі й прыкладзенымі да іх сьпісамі, а таксама як сьлед прыбраныя кватэры павінны былі быць перададзеныя чэхаславацкай дзяржаве перад гвалтоўным перамяшчэньнем.

Пасьля выгнаньня немцаў і вугорцаў у чэхаў засталася праблема Славаччыны. На выбарах у траўні 1946 г. у Славаччыне перамагла правая Дэмакратычная партыя. Славакі патрабавалі вызваліць кіраўніка “Славэнскага штату” Ціса, аднак чэскія ўлады ў красавіку 1947 г. наўмысна пакаралі яго сьмерцю, каб “назаўсёды вырашыць пытаньне славацкага нацыяналізму”. Пры гэтым кіраўнік чэскага пратэктаратнага ўраду Рудальф Бэран быў асуджаны толькі на зьняволеньне.

З 1945 году некамуністы й камуністы ўва ўрадзе ўсклалі свае надзеі на помсьлівасьць натоўпу, на народныя суды, на скасаваньне права апэляцыі, на хуткія пакараньні сьмерцю паводле створаных “заднім днём” законаў і на крымінальны перасьлед усялякага этнічнага зьмешваньня насельніцтва. Толькі перад самым узяцьцём улады камуністамі некамуністычныя палітыкі пачалі ўсьведамляць, што гэтыя аўтарытарныя практыкі зьмятуць і іх саміх. Паводле Гайман, камунізм у Чэхаславаччыне перамог у 1948 г. менавіта дзякуючы чэскаму нацыянальнаму шавінізму й палітычнаму апартунізму недальнабачных грамадзкіх дзеячаў. Камуністычны рэжым стаўся ня вынікам умяшаньня звонку, а ўзьнік перадусім таму, што нашмат больш чым дэмакратыя чэхам і славакам была неабходная этнічна гамагенная дзяржава пад аховай Савецкага саюзу.

Сталінісцкае пекла й “Праская вясна”

Сталінісцкае пекла, якое панавала ў Чэхаславаччыне ў 1948-1953 гг., не было навязанае краіне Савецкім саюзам – яго з уласнай ініцыятывы ўсталявала чэхаславацкая кампартыя. Чэскія камуністы былі папросту “большымі раялістамі за караля” – нападабненьне Савецкага саюзу было для іх найлепшым спосабам зрабіць кар’еру. Новы рэжым для пачатку маргіналізаваў каталіцкую царкву, потым пакараў сьмерцю Міладу Гаракаву й асудзіў мноства некамуністаў на канцлягеры й сьмерць. Пад псыхалягічным ціскам, які прыходзіў з Вугоршчыны, рэжым распачаў працэсы і супраць прадстаўнікоў камуністычнай вярхушкі. Цікава, што Рудальф Сланскі быў арыштаваны на падставе правакацыйнага ліста, які даслала яму ЦРУ. Таксама вартае ўвагі тое, што Готвальд хоць і не ўбярог ад працэсаў усю КПЧ, але ахвярамі працэсаў сталі толькі славакі, мараване й гэбраі – этнічных чэхаў-камуністаў Готвальд уратаваў. Аднак і ў часе сталінскага тэрору ды палітычных паказных працэсаў ціск Масквы на Чэхаславаччыну быў толькі апасрэдаваным: у народна-дэмакратычнай Польшчы ніякіх такіх працэсаў не было. Толькі ў Чэхаславаччыне быў ажно 1 траўня 1955 году адкрыты найвялікшы помнік Сталіну ў сьвеце – трыццацімэтровая статуя “правадыра”.

“Праская вясна” прыйшла ў Чэхію з Славаччыны. Аляксандар Дубчак, які ў 1963 годзе стаў першым сакратаром кампартыі Славаччыны, скарыстаў незадаволенасьць грамадзтва для таго, каб стварыць у шэрагах камуністычнага апарату падмурак для сваёй асабістай улады. Задоўга да “разьняволеньня” ў Празе ён даў свабоду культурна-палітычнаму тыднёвіку “Культурнае жыцьцё”, які змагаўся за рэабілітацыю тых славакаў, якія ў пяцідзясятых гадах былі несправядліва асуджаныя чэхамі да турмы за так званы “буржуазны нацыяналізм” – у іхным ліку быў і Густаў Гусак. Тымі ж мэтадамі Дубчак карыстаўся і пасьля таго, як зрабіўся першым сакратаром КПЧ й як “браціслаўская вясна” дасягнула Прагі. Дэмакрат і лібэрал Дубчак, паводле Гайман, не ўсьведамляў таго, што пасьля атрыманьня ўлады яму трэба будзе зноў здушыць дэмакратызацыю ў краіне. Доказам гэтага зьяўляецца нібыта тое, што ў склад прэзыдыюму пры ім уваходзілі як “кансэрватары”, так і “лібэралы”. Чэхаславацкая кампартыя ў 1968 годзе зноў узяла на ўзбраеньне нацыяналістычную рэторыку з мэтай атрымаць народную падтрымку. “Праская вясна” карыстала з нацыянальнага патрыятызму й ксэнафобіі й грунтавалася на каштоўнасьцях, якія чэхі лічылі падставовымі для чэхаў і славакаў. Аднак з савецкім уварваньнем фракцыя Дубчака выявіла сваю слабасьць. Савецкі саюз стаў для чэхаў пудзілам, а супраца з Расеяй – нацыянальнай здрадай. Уварваньне 1968 году разарвала сувязь паміж сацыялізмам і чэскім нацыяналізмам.

Пасьля падзеньня камунізму

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі 23-24 лістапада 1989 г., аднаўленьня капіталізму ў Чэхаславаччыне хацелі толькі 3% насельніцтва. Пасьля падзеньня камунізму, аднак, антыкамуністы выбілі рэформу з рук камуністаў-рэфармістаў, а славакі зноў трапілі ў цень чэхаў. Грамадзяне, аднак, зусім ня мелі ўяўленьня пра рэальны сьвет: прорва між рэчаіснасьцю й народнымі ўявамі пра Чэхаславаччыну й Захад, нерэалістычным перакананьнем чэхаў і славакаў наконт “глыбокай дэмакратычнасьці” сваёй нацыі й чаканьнем таго, што пасьля краху камунізму “мы ўсе хутка разбагацеем”, была надзвычай глыбокай. Сьцісла кажучы, чэхаславакі і далей верылі, што пасьля падзеньня камунізму ня трэба будзе надта працаваць, што падман і надалей будзе прыймальным, і што ў кожнага пры капіталізьме будзе лецішча за горадам, як і раней. Прыкметай глыбокай аўтарытарнасьці чэскіх і славацкіх палітыкаў і іхнай камуністычнай спадчыны было тое, што такі радыкальны ўчынак, як падзел Чэхаславаччыны на дзьве самастойныя дзяржавы ў канцы 1992 г., мог ажыцьцявіцца без рэфэрэндуму й насуперак волі бальшыні грамадзянаў.

У традыцыйных дэмакратыях канфлікты й нязгоды лічацца прыкметай здаровага стану грамадзтва. Гэты падыход, аднак, супярэчыць камуністычнаму досьведу Чэхаславаччыны й чэскаму ды славацкаму нацыяналізму, які аддае перавагу ідэі зьяднанай перад пагрозай зьнешняга ворага нацыі: зьяднанаму “мы” супраць чужынскаму “яны”.

Заснавальнікі чэхаславацкай дзяржавы ў 1918 г. былі бліскучымі прапагандыстамі. Тое, што гісторыя Чэхаславаччыны ў сьвеце збольшага прэзэнтуецца ў станоўчым сьвятле – менавіта іхная заслуга, як і заслуга многіх таленавітых чэскіх палітэмігрантаў. Яшчэ адна прычына гэтага – тое, што такі падыход адпавядаў інтарэсам заходніх дзяржаў. Чэхаславаччына прэзэнтуецца не як агрэсар, а як ахвяра, у тым ліку і ў самыя агідныя пэрыяды сваёй гісторыі. Вядома, што кожны народ утварае сам пра сябе вельмі выгадныя для сябе ўяўленьні. Аднак у выніку бурлівай палітычнай гісторыі ў Чэхаславаччыны ніколі не было магчымасьці як сьлед зірнуць на сябе збоку. Галоўнай праблемай гэтай дзяржавы заўжды было абарончае апраўданьне ўласнага існаваньня. У Чэхаславаччыне панаваў нацыяналізм, які прыстасоўваўся да любой ідэалёгіі: дэмакратычнай, аўтарытарнай, камуністычнай, сацыялістычнай і нават фашыстоўскай. І пасьля зруйнаваньня камунізму нацыяналізм застаецца ў Цэнтральнай Эўропе нерэфармаванай і закасьцянелай сілай. Нацыяналізм двойчы зьнішчыў Чэхаславаччыну, прынёс мільёнам людзей непатрэбныя пакуты. Настаў час ад яго адмовіцца.

(паводле: “Літэрарні новіны”, нумар 44 ад 26 кастрычніка 2009 г.)

© ПеракладМакс Шчур, 2009.

HA POCTAHI