Макс Шчур

17 імгненьняў музы, альбо

БАТАТУЙСКАЯ ЛІТАРАТУРА ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

Ў ЭМІГРАЦЫІ АД "А" ДА "Ю"

(старонкі з энцыкляпэдычнага даведніку)

Л.Юрэвічу

Пад уплывам першай кнігі чылійца Рабэрта Боланё “Нацы-літаратура ў Амэрыцы”, якая мне зь нейкай прычыны (магчыма, сваёй борхэсаўскай па сутнасьці ідэяй і маштабнасьцю яе рэалізацыі) адразу спадабалася і падабаецца да сёньня, я вырашыў стварыць аналягічную псэўда-энцыкляпэдыю эмігранцкіх аўтараў адной асобна ўзятай усходнеэўрапейскай краіны. Як і ў Боланё, гэты твор імкнуўся быць плёнам амаль чыстай фантазіі—прынамсі, усе імёны прыдуманыя і ня маюць адпаведнікаў між рэальных творцаў, таму загадзя папярэджваю калег ад спробаў “пазнаць” у іх сябе ці кагосьці іншага—яны прынясуць вам толькі расчараваньне.

М.Шч.

 

Арахновіч, Дэлія (у замужжы графіня фон Боген, нар. 1941)—дачка вядомага дзеяча бататуйскага дыктатарскага рэжыму, міністра гаспадаркі Паўла Арахновіча (1912-1976), якая празь некалькі год пасьля таго, як выйшла замуж за нямецкага шляхціца, афіцыйна выступіла ў заходнім друку супраць палітычных поглядаў свайго бацькі й адраклася ад яго, праз што кар’ера апошняга ў міністэрстве рэзка пайшла ўніз. (Паводле зьвестак з канфідэнцыйных бататуйскіх крыніцаў, ён скончыў самагубствам пасьля публікацыі прысьвечанага яму доччынага раману “Тропікі ўсюды”—у чаканьні амаль непазьбежнага арышту органамі дзяржбясьпекі на сваім лецішчы пад Мэгаполыскам.) Скончыла Мэгаполысскую Акадэмію прыгожых мастацтваў у 1963 г. Выкладала харэаграфію, нейкі час працавала як прафэсійная танцорка ў Нацыянальным тэатры опэры й балету, падпрацоўвала ў падпольных сталічных кабарэ, прызначаных для партыйных босаў і замежных дыпляматаў. Пазнаёмілася з мужам у 1970 г. у часе гастроляў танцавальнай трупы Нацтэатру ў Гамбургу, прыняла ягоную прапанову рукі й сэрца й засталася за мяжой. Ад таго часу сталася хатняй гаспадыняй—хаця сама называла сябе ў нешматлікіх вядомых нам інтэрвію “мастацкай кіраўніцай зладжанай трупы адданых пакаёвак”, якіх насамрэч навучыла выконваць у часе хатніх працаў розныя танцы, у тым ліку і танец жывата. Пасьля напісаньня свайго адзінага (прынамсі, у мінулым стагодзьдзі) раману “Тропікі ўсюды” і перакладу яго на нямецкую мову сталася (у тым ліку і дзякуючы мужавым намаганьням) літаратурнай зоркай, атрымала прэмію зямлі Памэраніі “Літаратурнае адкрыцьцё году”, сыйшла ад мужа (судовы працэс у справе разводу працягваўся да самай ягонай сьмерці й скончыўся нічым) і пераехала ў ЗША.
Уласьцівая першапачатковай прафэсіі Д.А. чульлівасьць ёсьць галоўнай характарыстыкай ейнага невялікага па аб’ёме, але вялікага паводле задумы раману. Твор ільга характарызаваць як бесьсюжэтны і бесстароньне-сатырычны, аднак некаторыя дэталі ў тэксьце (апісаньне полавага жыцьця дэльфінаў) дазваляюць зь вялікай доляй пэўнасьці выказаць здагадку, што ягонае дзеяньне адбываецца на караблі. Апісаньне ўяўнага марскога падарожжа стылізаванае пад свайго кшталту дзёньнік, які галоўная гераіня вядзе спаміж радкоў капітанскага журналу (таямнічы Капітан, які ніколі не выходзіць на палубу—сымбаль патрыярхальнай мужчынскай улады, які прадстаўляе ў рамане антытэтычны фалялёгацэнтрычны дыскурс).
Факт напісаньня раману ў бататуйскай мове, чый лексыкон ня самым лепшым чынам прыстасаваны да апісаньня трапічных рэалій і пагатоў не вызначаецца багатай марацкай тэрміналёгіяй, крытыкі тлумачаць перадусім недастатковым веданьнем Д.А. іншых моваў. Як вядома, лёс бататуйскага арыгіналу раману быў незайздросны з прычыны перадузятага стаўленьня да тэксту ідэалягічна і лінгвістычна пільных рэдактароў эмігранцкіх выданьняў, якія фактычна не пакінулі ад раману жывога месца. Вось толькі некаторыя ўрыўкі, якія былі выкінутыя з эмігранцкага выданьня “Выгнаньнік” цэнзурай:
“Яна не магла не адчуваць, што гэтае салёнае мора было створанае для яе, ягоны смак нагадваў ёй смак мужчынскай хуці, і яна выплюнула ваду з такой сама агідай, як рабіла гэта звычайна з насеньнем сваіх каханкаў”.
“Як вядома, пах мэнструальнай крыві нагадвае смурод, які пакідае нараніцу ў роце спажытая ўвечары сялёдка з цыбуляй. Таму заўжды, калі ў Адэлі пачыналіся месячныя, гэта нагадвала Пятру аб незваротна страчанай Бацькаўшчыне”.
“Нараджэньне дзіцяці пакінула яе халоднай. Яна ляжала ў паўнепрытомнасьці пасьля наркозу і ціха радавалася таму, што вялізны штурхлівы камяк, які не даваў ёй жыцьця на працягу апошніх дзевяці месяцаў, нарэшце пакінуў ейнае цела ў невядомым кірунку”.
Пасьля бязбожна скарочанай да васьмі старонак публікацыі ў “Выгнаньніку” раман быў выдадзены аўтаркай прыватным коштам у агульным накладзе 100 тысяч асобнікаў, бальшыня зь якіх цяпер захоўваецца ў наўмысна пабудаваным з гэтай мэтай сьвіране. На радзіме раман быў сустрэты з натхненьнем як прыклад маральнага раскладу эмігранцкай культуры.
Маці траіх дзяцей, жыве ў Каліфорніі. Пасьля сьмерці мужа са зьдзіўленьнем даведалася, што пры жыцьці ён быў заўзятым наведвальнікам казіно і не пакінуў ёй у спадчыну нічога, апроч тытулу. У дадзены момант перакладае свой раман на ангельскую мову зь нямецкай—злыя языкі ў мэтраполіі сьцьвярджаюць, быццам узровень ейнай і дагэтуль нягеглай бататуйскай мовы ўпаў за акіянам настолькі, што аўтарка сама перастала разумець створаны ёю ў гады маладосьці раман.

Варштат, Пятро (нар. 1928)—выдавец найбуйнейшай эмігранцкай газэты “Ня ваша дзела”, якая выходзіла на створаным і кадыфікаваным ім самім варыянце бататуйскай мовы, яскравы публіцыст, паліглёт. Асабісты сакратар А.Канона і перакладчык ягонага эпасу “Вечная Ідэя” на ангельскую, лацінскую і кітайскую мовы, а таксама на ўласнаручна кадыфікаваны літаратурны варыянт бататуйскай. Паводле сьведчаньня жонкі А.Канона, працаваў над перакладам паралельна са стварэньнем эпасу, што надзвычайна раздражняла самога аўтара, тым больш што параўнаць пераклады П.В. з арыгіналам ён быў няздольны з-за няведаньня моваў перакладу.
П.В. нарадзіўся ў сям’і вясковага настаўніка, у якасьці дабраахвотніка пасьпеў паўдзельнічаць у стварэньні школьных аддзелаў Бататуйскай гаёвай абароны незадоўга да адступленьня з краіны гітлераўскіх войскаў—з мэтай стацца ў атрадзе старэйшым штучна завысіў у дакумэнтах свой узрост на 10 гадоў, спрытна пераправіўшы ў даце свайго нараджэньня двойку на адзінку. Гэта стала для хлопца лёсавызначальным: неўзабаве ён быў вымушаны пакінуць сваю любую бацькаўшчыну ў адзіным магчымым кірунку—заходнім. Атэстат сталасьці атрымаў у лягеры для перамешчаных асобаў толькі ў 1948 г., калі яму паводле ягоных афіцыйных дакумэнтаў было ўжо трыццаць—чатыры гады спатрэбіліся яму на вывучэньне літаратурнага варыянту бататуйскай мовы, зь якім ён ніколі так унутрана й не пагадзіўся, а пагатоў не атаясаміўся. Пасьля свайго звальненьня з радыё “Падбухторшчык” празь нязгоду зь ягонай навязанай заходнімі спонсарамі назвай заснаваў у 1954 годзе ў Лёндане першую сур’ёзную эмігранцкую газэту “Ня ваша дзела” (яе папярэдніцы, сатырычныя газэты “Перабежчык” і “Апартуніст”, збанкрутавалі, паводле адной вэрсіі, празь недахоп друкарскіх машынак з кірылічнымі літарамі, паводле іншай—празь недахоп некаторых уласьцівых бататуйскаму альфабэту кірылічных літараў у раскладзе друкарскіх машынак), чыім нязьменным рэдактарам заставаўся яшчэ і нейкі час пасьля зьмяшчэньня ў псыхіятрычную лякарню, то бок на працягу амаль сарака гадоў.
У літаратуры найбольш выявіў сябе як крытык, чый патрабавальны вытанчаны густ знаходзіў сярод аўтараў-суайчыньнікаў мала ўлюбёнцаў. Найвялікшым паэтам усіх часоў ён лічыў, зразумела, свайго духоўнага сына А.Канона, на другое месца ставіў грамадзянскую лірыку М.Кулака, тым часам як Я.Волату закідаў схільнасьць да фармалізму, А.Пераможнаму—схільнасьць да палітычнага авантурызму і поўную адсутнасьць усялякага ўменьня абыходзіцца з мовай (маецца на ўвазе ў кадыфікаваным П.В. варыянце), А.Лемеш—залішні эратызм ейнага каханьня да бацькаўшчыны, распуснасьць нораваў і адсутнасьць здаровых мацярынскіх інстынктаў. Зразумела, што найбольш ад П.В. даставалася мужу Анісы Лемеш Васілю Васілевічу, якога П.В. кляў на кожным кроку як камуністычнага агента, што сустракаецца ў парыскай “Ратондзе” зь левымі інтэлектуаламі, а ў сваіх гермэтычных вершах дасылае са старонак некаторых эмігранцкіх выданьняў шыфраваныя паведамленьні ў Маскву. Пасьля таго, як Васілевіч абвінаваціў яго ў тым самым, П.В. публічна выклікаў яго на двабой, у якім атрымаў цяжкое цялеснае пашкоджаньне бэйсбольнай бітай (пазьнейшыя дасьледчыкі назавуць гэты паядынак першым у гісторыі бататуйскай эміграцыі літаратурным гэпэнінгам, які меўся сымбалізаваць, паводле іх, перамогу маладой генэрацыі літаратараў над старой). Улюбёных празаікаў у П.В. наагул не было—калі нават Ігнат Кабздыр зь ягонай пяцітомнай эпапэяй здаваўся П.В. усяго толькі непераканаўчым нападабненьнем Віктора Гюго, то казаць пра Дзяніса Скулу, Дэлію Арахновіч і Антося Халімонава наагул не выпадае... Зрэшты, П.В. прытрымліваўся думкі, што проза як жанр даўно памерла і нікому больш не цікавая, тым часам як сынтэзам сапраўднага мастацтва зьяўляецца эпічная паэма. (Асноўныя крытычныя артыкулы: “Вечная Ідэя” А.Канона і “Песьня пра Нібэлунгаў” невядомага аўтара: паралелі і пэрпэндыкуляры”; “Васіль Васілевіч—хто ён?”; “Псыха-Дэлія і Арахна-фобія”; “Асаблівасьці правапісу ў паэзіі Я.Волата”; “Пераможны ці Недалужны?”; “88 прычынаў, празь якія немагчыма чытаць І.Кабздыра” і інш.)
Вядомы быў і як арганізатар культурнага жыцьця дыяспары, а таксама востры палітычны прамоўца. Асобным айсбэргам па-над неабсяжным маладасьледаваным мацерыком ягонай творчасьці ўзвышаюцца ягоныя перадавіцы ў “Ня вашым дзеле”, у якіх ён рэагаваў на падзеі ў Бататуі й за ейнымі межамі. Вось характэрны ўрывак адной зь іх:
“Напругі навесіць нам іншачужную таяжсамаснасьць з бачва мясьцейскіх пабывакаў мы абматаныя стракаць аднаякотнай непагодай. Тутакашнія “скарбовасьці” нямоглыя спадмяніць нам нашэцкіх уласьцяцкіх скарбовасьцяў, іміж ясуць папярод нашэцкая татуйшчына, нашэцкі мацерын гамон, непадлягайнасьць ай валявосьць. Вотжась, прапазыцыяную ўсчыначваць прывуку мацерыну сьпісоваму гамону з малечых рачкоў у выдарожніцкіх дзяцёвых абсяродках. Гэнто быціцьме нашэцкім найляпейшым высказам усецкім выпробам адасобных магутасьцяў засіліць татуйскую ўзаранку ў гайданцы”. (Пераклад: “Намаганьні накінуць нам чужую тоеснасьць з боку мясцовых жыхароў мы абавязаныя сустракаць аднагалоснай нязгодай. Тутэйшыя “каштоўнасьці” няздольныя замяніць нам нашых уласных каштоўнасьцяў, якімі ёсьць перадусім нашая бацькаўшчына, наша матчына мова, незалежнасьць і свабода. Вось жа, прапаную пачынаць навучаньне літаратурнай матчынай мове з малых гадоў у эмігранцкіх дзіцячых школках. Гэта будзе нашым найлепшым адказам на ўсе спробы асобных сілаў задушыць нацыянальную культуру ў калысцы”.)
Жыцьцё П.В. у замежжы было надзвычайна сьціплым і малазабясьпечаным: паводле ўспамінаў, ён надзвычай рэдка “адыходзіў ад варштату”, то бок—выходзіў са свайго габінэту. І тым ня менш, ягоная пакаёўка прыгадвае, што было ў ім штосьці накшталт падваеньня асобы—раз на месяц П.В. выходзіў са свайго пакою позна ўвечары, пераапрануты ў іншага чалавека, з вусамі і барадой, і накіроўваўся ў гарадзкі бардэль. Там ён выгульваўся і напіваўся ў зюзю, пасьля чаго звычайна нічога ня памятаў, а паліцыя прывозіла яго дамоў на наступную раніцу. Афіцыйная бататуйская прапаганда, які доўгі час сачыла за домам П.В., сьцьвярджала, што чалавек, які выходзіў па вечарох ад П.В.—гэта ягоны каханак, і ўвесь час намагалася здабыць каштоўныя кадры гомасэксуальнага кантакту з удзелам П.В., але гэта ёй ніяк не ўдавалася. Таму ўсе гэтыя показкі ільга сьмела лічыць сфабрыкаванымі, тым больш што бардэль, які П.В. наведваў з такою любоўю, быў цалкам традыцыйнай арыентацыі.
Зьехаў з глузду з тугі па радзіме, дажывае век у Вялікай Брытаніі.

Васілевіч, Васіль (нар. у 1935 г.)—выбітны паэт-сюррэаліст, адзіны кавалер францускага ордэну Прыгожых мастацтваў з шэрагу выхадцаў з Бататуі. Эміграваў разам з бацькамі пасьля вайны ў Парыж, дзе спачатку зарабляў на жыцьцё як афіцыянт у славутай “Ратондзе”, а пасьля доўгі час працаваў як страхавы агент. Да сёньняшняга дня зьяўляецца таксама адзіным бататуйскім літаратарам, якому пашанцавала выйграць у лятэрэю (1970 г.), пасьля чаго адыйшоў ад паэзіі і заняўся пчалярствам (аўтар шэрагу падручнікаў у гэтай галіне, сярод іншага—спэцыяліст па пчалінай камунікацыі, якую выкладаў нейкі час на Калеж-дэ-Франс). Муж літаратаркі Анісы Лемеш, зь якою пазнаёміўся ў часе свайго выступу на сьвяткаваньні ўгодкаў абвяшчэньня Бататуйскай Няроднай Рэспублікі ў Мюнхэне, які скончыўся скандалам: выступоўцу закідалі загостранымі на канцох нацыянальнымі сьцяжкамі й складзенымі з праграмак урачыстасьцяў самалёцікамі. Паводле ўспамінаў А.Лемеш, пасьля прачытаньня сваёй “Оды Рэспубліцы” паэт з мужнай усьмешкай працягваў стаяць на сцэне, ухіляючыся ад скіраваных у ягоны бок прадметаў з такой віртуознасьцю, што запрошаныя на вечарыну замежныя госьці палічылі ўсю сцэну часткай якойсьці бататуйскай нацыянальнай традыцыі—адмысловым кшталтам народнага тэатру. Што ж выклікала такое абурэньне прысутных? Усяго толькі наступны пасаж оды, якім яна, на няшчасьце для аўтара, завяршалася:

“Кінь, кінь! Паболей кін, кін!
Паболей кпін, кпін! Айчына—згінь, згінь!
Кан-кан!!!”

Менавіта пасьля гэтага выступу Аніса Лемеш не змагла ўстаяць перад шармам паэта і павалілася на падлогу ў нахлыне пачуцьцяў. На наступны дзень удзячны бард прыйшоў адведаць яе ў мюнхэнскі шпіталь, і першым, што яна ўбачыла пасьля дэтаксыкацыі, сталася боскае сваёй прыгажосьцю (як ёй тады падалося) аблічча В.В. Дзяўчына ўспрыняла гэта як знак звыш і ад таго часу пачала размаўляць вершамі, а неўзабаве яны ажаніліся, аднак гэта ўжо крыху іншая гісторыя.
У сьвеце В.В. вядомы перадусім як аўтар прысьвечанай суайчыньнікам паэмы “Каб вас”, напісанай (за выключэньнем назвы) з выкарыстаньнем толькі трох гукаў бататуйскай мовы, але надзіва традыцыйным і нетыповым для яго правільным мэтрам. Прыводзім тут ужо слынны пачатак паэмы, які яшчэ сяк-так паддаецца ўразуменьню, праз што і быў перакладзены на бальшыню эўрапейскіх моў, тым часам як наступных дваццаць старонак твору ўдаюць сабою чысты гукавы экспэрымэнт.

“Каб баб сааб кааб
каб бакс абак кабак
каб как сабак каса
каб абба каса сас
каб каска асака...”

і г.д. Зламысьнікі з шэрагу айчынных крытыкаў у мэтраполіі жартавалі, што мова Васілевіча ў эміграцыі абяднела і звузілася менавіта да гэтых трох гукаў, на што ён у свой час адрэагаваў пагатовым акравершам:

“Баіцеся?
Рыхтуйцеся
Уломкі
Дэбілы” (БРУД)

Прароцтва паэта спраўдзілася. Прызнаньне на радзіме (прынамсі, у творчых колах, аднолькава блізкіх як да палітычных апанэнтаў, так і да апалягетаў рэжыму) прыйшло да Васілевіча адразу ж пасьля атрыманьня францускага ордэну. Тым ня менш, ён не прыняў афіцыйнага запрашэньня ўладаў стацца пажыцьцёвым членам-карэспандэнтам Бататуйскай нацыянальнай акадэміі навук і прынамсі завочна ўзначаліць у Інстытуце мовазнаўства Аддзел апісак і цяжкасьцяў вымаўленьня. Паводле афіцыйнай вэрсіі бататуйскай крытыкі, гэтага не дазволіла яму зрабіць напружанае чаканьне намінацыі на Нобэлеўскую прэмію, перадумовай атрыманьня якой была абсалютная адсутнасьць кантактаў з айчынным дыктатарскім рэжымам. Парадаксальна, прадстаўнікі бататуйскай дыяспары так і не даравалі В.В. таго, што ён адносна мала ангажаваўся ў нацыянальным руху і ў выніку Нобэлеўскай прэміі (якая магла б стацца першай у гісторыі Бататуі) да сёньня так і не атрымаў, а пасьля афіцыйнага сыходу з паэзіі ў пчалярства наўрад-ці ўжо калі атрымае.
Перакладаў з расейскай С.Ясеніна і летапісы “Чылам Балам” з старажытнамайскай.

Волат, Янка (1920-1998)—без сумневу, найбуйнейшы (як па колькасьці, так і па якасьці твораў) і найбольш унівэрсальны паводле таленту паэт эміграцыі, галоўны канкурэнт Адальбэрта Пераможнага ў змаганьні за права насіць ганаровае званьне голасу свайго пакаленьня (тытул быў заснаваны Сэнатам Бататуйскай рэспублікі ў выгнаньні, але ніводнага разу так і ня быў нікому прысвоены праз адсутнасьць у бюджэце Сэнату сродкаў на выплату зьвязанай з уганараваньнем буйной грашовай прэміі). На радзіме працаваў настаўнікам, у гады вайны меў неасьцярожнасьць супрацоўнічаць з фашыстоўскімі акупантамі (удзельнічаў разам з І.Кабздыром і П.Варштатам у стварэньні Бататуйскай гаёвай абароны)—менавіта тады ім былі зробленыя першыя “пробы пяра” ў жанры патрыятычнай лірыкі. Пасьля эміграцыі на Захад у 1944 годзе неаднаразова вяртаўся дадому ляснымі сьцежкамі з мэтай узнавіць тамтэйшую антысавецкую партызанку, але шторазу даходзіў толькі да Фінляндыі (з канца 1940-х гг. Я.В. трывала жыў у Нарвэгіі, паводле ягоных уласных словаў—“бязвыездна, хаця і не безвыходна”). Спачатку працаваў інструктарам па адстрэлу дзікіх гусей, потым—экскурсаводам у музэі Фрыцьёфа Нансэна. Сям’і не стварыў, але зь дзяцінства любіў хатнюю жывёлу. Рана сыйшоў на пэнсію па стане здароўя, падарванага саматужнымі пошукамі нафты і дакладных выразаў для перадачы хараства нарвэскай прыроды, жыў сьціпла і адлюднена, а ўвесь свой час прысьвячаў выключна паэтычнай творчасьці. Ягоныя вершы адрозьніваюцца ад вершаў іншых паэтаў эміграцыі перадусім багацьцем мовы, шырынёй тэмаў і жанраў, арыгінальнасьцю рыфмоўкі і інш.

“Сутана сутак. Сутанее.
Сучасны горад сатанее,
І сутэнёрская прысутнасьць
Зноў выяўляе сваю сутнасьць.
А я адзін, бяз роднай вёскі
І бабы, верш ствараю собскі.”

Зьвярнуў на сябе ўвагу ўжо сваёй першай паэтычнай кнігай “Навылёт” (1950), за якой у хуткім часе сьледавалі зборнікі “Возгры” (1952), “Сплюнь на Парыж” (1956), “Капец надзеі” (1959) і іншыя. Разнастайнасьць паэтычнага голасу Я.В. нават спарадзіла ў крытыкаў сумневы, што ягоныя творы належаць аднаму аўтару, але ён сам канчаткова абверг гэтыя надуманыя тэорыі ў сваёй адзінай літаратуразнаўчай працы “Як мы пішу” (1974). Дамінуючай тэмай вершаў, гэтаксама як і нешматлікіх апавяданьняў Я.В. зьяўляюцца духоўныя пошукі інтэлектуала ў замежжы.

“Вокала, вокала, вокала—
ворагі, ворагі, ворагі.
Покала сэрца сокала,
Крылаў згадаўшы промахі...”

У выніку глыбокіх развагаў над сваім лёсам аўтар пад канец практычна кожнага вершу прыходзіць да высновы, што ад’езд з Бацькаўшчыны быў галоўнай і адзінай памылкай ягонага жыцьця (“Я не хачу батата й рататуя—адну цябе, сьвятая Бататуя!”). На трапную заўвагу Пятра Варштата, што калі б Я.В. застаўся на Бацькаўшчыне, ён быў бы асуджаны на сьмерць у бататуйскім астрозе за сваю патрыятычную лірыку ваенных часоў, паэт публічна адрокся ад гэтай лірыкі і назваў яе “нясьпелым плёнам юначага максымалізму”. Тым ня менш, некаторыя радкі таго пэрыяду вартыя таго, каб іх працытаваць:

“Чытаю з раніцы “Майн Кампф”—
Які неапісальны кайф!
Я дарагую Бататую
З вэрмахтам разам уратую.”

У канцы свайго адносна небагатага на падзеі жыцьця (дакладней, пасьля сьмерці Адальбэрта Пераможнага ў 1985 г., што спарадзіла чуткі, быццам ненавісны канкурэнт Адальбэрт на адлегласьці выконваў ролю Волатава сумленьня) Я.В. усё-ткі вярнуўся на радзіму (гэтым разам на аўтобусе, за кошт бататуйскага ўраду) і стаўся адным з найбольш зацятых абаронцаў пануючага рэжыму, чаго палітычна сьвядомыя эміграцыйныя колы (П.Варштат, А.Канон) яму ніколі не даравалі. Перакладаў сябе на расейскую, у якасьці адзінага аўтара-эмігранта трапіў у школьныя падручнікі. Пасьля сьмерці Я.В. у шуфлядзе ягонага стала была знойдзеная нізка паэтычных твораў пахабнага зьместу, шырокая падборка якіх прасачылася ў неафіцыйную прэсу толькі нядаўна (бальшыня выданьняў, якія перадрукавалі матэрыял, была неўзабаве зачыненая). Цытаваны тут верш належыць да самых цнатлівых зь іх:

“Дарагая, калі я памру,
Не цалуй мяне ў лоб, але ў пэніс—
Няхай плебс тваю вернасьць ацэніць
Неўміручай душы песьняру”.

Аднак скандальная знаходка не адмяніла рашэньня ўладаў пайменаваць імем Янкі Волата ягоную родную вёску (раней Каратышкіна, цяпер Валатоўка), дзе неўзабаве быў адкрыты ягоны хлеў-музей (у дзяцінстве Я.В. быў вялікім гарэзьнікам, і ў знак пакараньня ягоныя бацькі пакідалі яго спаць у хляве, тым часам як парог роднай хаты ён пераступіў упершыню ў 24-гадовым узросьце для таго, каб разьвітацца з бацькамі перад ад’ездам у эміграцыю). Пахаваны ў сталіцы Бататуі Мэгаполыску ў брацкай магіле разам зь іншымі вялікімі палітычнымі і культурнымі дзеячамі краіны. Выданьне 20-томнага збору ягоных твораў, фінансаванае Бататуйскім таварыствам аматараў сельскагаспадарчых жывёлаў, не завершанае да сёньняшняга дня.

Жываглот, Тодар (уласным імем Хведар Набілкін, 1919-1994)—нарадзіўся ў сям’і бататуйскага рабочага і ўзбэцкай настаўніцы матэматыкі ў Баку, рана далучыўся да камуністычнага руху і нейкі час быў песьняром калектывізацыі ў Бататуі, пакуль у 1938 годзе яго не арыштавалі за празьмерную стараннасьць і не адправілі ў Варкуту. Адтуль яму ўдалося ўцячы праз Паўночны полюс у Канаду, дзе ён і жыў да самай сваёй сьмерці. Напачатку працаваў правай рукой індэйскага правадыра Бязрукага Грызьлі, потым—левым абаронцам хакейнага клюбу “Манрэаль Канэдзіянс”. Псэўданім “Жываглот”, паводле меркаваньня Пятра Варштата, быў прыдуманы ім падчас ягонага арктычнага паходу, калі Т.Ж. мусіў насамрэч жыўцом глытаць марскую рыбу, каб выжыць (у сваю чаргу, афіцыйная бататуйская крытыка дала яму пагардлівую мянушку “Адмарозак”). З 1957 г.—галоўны рэдактар літаратурнага часопісу “Выгнаньнік”. Як рэдактар адзначаўся выключным лібэралізмам што да формы публікаваных твораў і надзвычайнай строгасьцю ў ацэнцы іхнага зьместу. Дзякуючы такому падыходу тэксты бататуйскіх аўтараў друкаваліся ў часопісе “Выгнаньнік” усімі правапісамі, альфабэтамі і мовамі сьвету, але былі прысьвечаныя адной тэме—ролі гумару ў падвышэньні нацыянальнай самасьвядомасьці бататуйцаў, што выклікала ў кансэрватыўнай часткі дыяспары пратэсты і абвінавачаньні ў залішняй “гермэтычнасьці” выданьня. Тым ня менш, да сваіх аўтараў Т.Ж. быў вельмі патрабавальным: звычайна за публікацыю ў сваім элітарным часопісе ён патрабаваў ад іх ад пяці да пяці тысяч канадзкіх даляраў, у залежнасьці ад аб’ёму матэрыялу і ягонай адпаведнасьці тэме і поглядам самога Т.Ж.
Як літаратар Т.Ж. вядомы перадусім як аўтар побытавых апавяданьняў і п’ес, у якіх ён высьмейваў тых, каго называў “выраджэнцамі”—асыміляваных прадстаўнікоў дыяспары, якія забыліся пра асноўную мэту кожнага эмігранта—змагацца за вызваленьне Бацькаўшчыны. Гэтак, у алегарычнай п’есе “Паглядзі, сава, якая сама” (дарэчы, адзінай у сваім жанры ў гісторыі бататуйскай эмігранцкай літаратуры) у якасьці дзейных асобаў выступаюць Сава, Заяц і Воўк, хаця любому чытачу зразумела, што гаворка вядзецца зусім не пра захаваньне рэдкіх прадстаўнікоў айчыннай фаўны:
“Заяц: Сава!
Сава: Са ва. Э туа – са ва?
Заяц: Я не сава, я заяц. Што ж ты, сава, змагаесься за незалежнасьць Квэбэку? А хто за незалежнасьць Бататуі змагацца будзе? Дзе твая мудрасьць? Сумленьне? Гонар? Выглядае, што ты мне ўжо і не таварыш?
Сава: Шэры воўк табе таварыш.
Воўк: Добры дзень, таварышы. Што за разборкі ў бататуйскім асяродзьдзі? Ці не пара нам усім траім вярнуцца на радзіму?
Заяц: Што гэта ты сёньня не ў авечай скуры? Легалізаваўся, агент камуняцкі?
Воўк: Ну, заяц, пагадзі!”
Заснавальнік першай у замежжы тэатральнай трупы “Каму пляж?”, якая славілася пастаноўкамі клясыкаў айчыннай драматургіі, але таксама твораў самога Т.Ж.—”Во дзе цьвіль”, “Хто апошні?”, “Жыцьцё комі-ваяджэра” і інш. Паводле ўспамінаў сучасьнікаў, Т.Ж. вызначаўся выкшлтацоным пачуцьцём гумару і ў звычайных жыцьцёвых сытуацыях. Часта ўзгадваецца эпізод на адной зь вечарынак у рэдакцыі “Выгнаньніка”: калі Т.Ж. не хапіла крэсла каля сьвяточнага стала, ён з уласьцівым яму нязмушаным досьціпам падсунуў да стала раяль і сеў на яго, прычым якраз у момант, калі на раялі выконваўся нацыянальны гімн, сказаўшы пры гэтым легендарную фразу: “Я за раялізм у літаратуры!”. Гэтае і іншыя дасьціпныя выслоўі Т.Ж. яшчэ пры ягоным жыцьці сталіся крылатымі фразамі, а некаторыя—анэкдотамі (непрыхільныя да Т.Ж. тэатральныя крытыкі сьцьвярджалі, што ўсё было якраз наадварот, і што гэта сам Т.Ж. кампіляваў свае п’есы з чужых крылатых фразаў і народных анэкдотаў). На жаль, апрача тых, якія былі скарыстаныя ў тэкстах ягоных п’есаў, ніводнага зь іх не захавалася.
Памёр ад сьмеху у часе вычыткі рукапісу ўласных успамінаў “Жыцьцё—ня цукар” на фразе “Калі б не пачуцьцё гумару, зь якім я заўжды ўзгадваў Бацькаўшчыну, да Канады я б ніколі не дайшоў”.

Кабздыр, Ігнат (1910-1993)—гістарычны раманіст, які здолеў па-новаму зірнуць на гісторыю бататуйскай эміграцыі, аўтар пэнталёгіі “Сага роду Агасьфяровічаў” (том першы—”Хто куды”, том другі—”Пад прымусам”, том трэці—”У гады ліхалецьця”, том чацьвёрты—”Маланка зь неба”, том пяты—”Дамавіна”). Няпростае й бурлівае жыцьцё І.К. і ягонай сям’і лягло ў аснову ягонага эпічнага раману, таму няма рацыі запыняцца на ім асобна: паводле выказваньня А.Пераможнага, “кожны радок на любой зь пяці тысячаў старонак эпапеі пражыты і адчуты аўтарам на ўласнай скуры”.
Дзеяньне першага тому адбываецца ў гады Першай сусьветнай вайны і непасрэдна пасьля яе. Малады Сымон Агасьфяровіч вяртаецца з фронту (дзе ў зямлянцы чытаў параненым “Нашу вярбу” з мэтай палегчыць іхныя перадсьмяротныя пакуты) каб паўдзельнічаць ва Ўсебататуйскім сходзе. Прыход бальшавікоў прымушае яго задумацца над пэрспэктывамі нацыянальнай ідэі на бацькаўшчыне. Ратуючы жыцьцё ад перасьледу, ён зьяжджае спачатку ў Літву, адтуль—у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Там ён навяртаецца ў мармонскую веру і вырашае заснаваць у штаце Юта калёнію па разьвядзеньні бататуйскіх патрыётаў. Нелюбоў вакольных мармонаў, якія не разумеюць патрыятычных ідэй Агасьфяровіча і ўвесь час даказваюць яму, што ўсе людзі—браты і сёстры, незалежна ад нацыянальнасьці, прыводзіць да ўзброенага канфлікту, у выніку якога Агасьфяровіч разам з усёй сям’ёй уцякае ў Чыкага. Там яго засьпявае трагічная вестка аб перадачы паўнамоцтваў Бататуйскай Няроднай Рэспублікі ўраду Бататуйскай ССР... Кніга выйшла ў нямецкім перакладзе і натхніла, паводле Макса Брода, Франца Кафку на напісаньне раману “Амэрыка”, што зьяўляецца адзіным зарэгістраваным у гісторыі фактам уплыву бататуйскай літаратуры на літаратуры іншых народаў.
Героем другога тому зьяўляецца малодшы брат Агасьфяровіча Мацей. На працягу раману ён чытае братавы лісты, якія той пасылае яму з Амэрыкі, дзе яшчэ няма прыкметаў эканамічнага крызісу. Сымон пераконвае Мацея паехаць у Амэрыку і далучыцца да створанага ім адгалінаваньня мармонскай веры, каб разам гадаваць будучых патрыётаў. Мацей вагаецца, бо спадзяецца, што здолее вытрымаць прыгнёт буржуазнай Польшчы і правесьці свайго кандыдата на выбарах у Сойм. Аднак ягоныя мары руйнуюцца разам зь ягонай гаспадаркай. Тым часам памірае бацька абодвух братоў Сьцяпан. Пасьля ягонага пахаваньня Мацей выбіраецца-такі ў падарожжа за акіян. Тым часам іхная сястра Аўгіньня выходзіць замуж за цыркавога артыста з чэскай Прагі і пераяжджае туды. Даехаўшы да Амэрыкі, Мацей бачыць, што ЗША больш не прымаюць эмігрантаў і вырашае зьехаць у Паўднёвую Амэрыку—у Аргентыну.
У трэцім томе пэнталёгіі ўсе героі зьяжджаюцца на бацькаўшчыну, каб удзельнічаць у адраджэньні бататуйскага жыцьця—стварэньні Бататуйскай гаёвай абароны, Саюзу бататуйскай моладзі, нацыянальнай школы і друку. Адначасова яны спрабуюць выйсьці на сувязь з партызанскім падпольлем з мэтай аб’яднаць створаныя немцамі і саветамі атрады ў Нацыянальную вызваленчую армію. Падступныя партызаны бяруць у палон Аўгіньню Агасьфяровіч, але той удаецца ўцячы. Немцы з падазорам пачынаюць ставіцца да нашых герояў, аднак ад вернай сьмерці іх ратуе створаны наступленьнем Чырвонай арміі хаос. Пасьля вайны ўся сям’я знаходзіць прытулак у Нямеччыне. Тыя, хто не пасьпеў уцячы, зьнікаюць у сталінскім ГУЛАГу.
Чацьвёрты том распавядае пра адчайную спробу Сымона Агасьфяровіча трапіць на паветраным шары на тэрыторыю паняволенай краіны, якая сканчаецца ягонай сьмерцю (балён выходзіць з-пад ягонага кіраваньня і адлятае на Месяц, дзе Сымон пасьпявае яшчэ на апошнім дыханьні ўсталяваць бататуйскі сьцяг задоўга да зьяўленьня там амэрыканцаў), а таксама пра пачатак працы Мацея і Аўгіньні на радыё “Прыгожыя галасы”. Героі паступова старэюць, і аўтар прысьвячае большую частку кнігі лёсам шматлікіх асірацелых дзяцей Сымона Агасьфяровіча, адаптаваных халастым і бязьдзетным дзядзькам Мацеем—дзеці параскіданыя па сьвеце і ствараюць у Аўстраліі, Канадзе, Новай Зэляндыі й Ізраілі мармонска-патрыятычныя асяродкі. Аўгіньня застаецца ўдавой пасьля таго, як яе мужа, цыркавога дрэсіроўшчыка, разрывае тыгр, і прысьвячае ўсю энэргію і вольны час нацыянальна-вызваленчай працы. Сын Аўгіньні Алесь пачынае пісаць хроніку роду—толькі, на жаль, бацькавага роду цыркачоў, а ня матчынага роду змагароў...
Няскончаны пяты том удае сабой бэлетрызаваны дзёньнік падарожжа самога Ігната Кабздыра на Бацькаўшчыну ў 1993 годзе. У гэтым томе Мацей вяртаецца ў родныя мясьціны і прыходзіць да высновы, што ягонае жыцьцё было недарэмным.
Падчас працы над пятым томам у Мэгаполыскім гатэлі “Бататуя” ў Ігната Кабздыра ня вытрымала сэрца, паколькі ён усьвядоміў, што ягоная творчасьць на радзіме цалкам невядомая, а на мове ягонага дзяцінства болей ніхто не размаўляе. Пахаваны ў роднай вёсцы за грошы бататуйскіх уладаў.

Канон, Аўген (1934-1996)—эпічны паэт усясьветнага значэньня, абсалютна нетыповы для сваёй эпохі, паводле сваіх апалягетаў—пазачасовы, паводле зайздросьнікаў—анахранічны. Як выказаўся ягоны духоўны мэнтар П.Варштат, “гэтага яскравага паэта можна толькі альбо любіць, альбо ненавідзець”. Удасканаліў спосаб пісьма Карласа Архентына, апісаны X.Л.Борхэсам у аповедзе “Алеф”— то бок быў здольны фізычна перанесьціся ў любую кропку ня толькі прасторы, але і часу. Містык, зарабляў на жыцьцё астралягічнымі прагнозамі. Памёр ад разрыву сэрца, выкліканага нянавісьцю да ворагаў Бацькаўшчыны. Галоўным і адзіным творам А.К. застаецца паэма “Вечная Ідэя”, выдадзеная ў трох тамах і трох тысячах асобнікаў уласным коштам за два гады да ягонай сьмерці. Крытыкі параўноўваюць яе з “Фаўстам”. Асабліва ўдаліся аўтару шматлікія батальныя сцэны, апісаныя зь ня меншым натуралізмам, чым у Гамэра, і з патасам Тассо:

“Куды ж ты павёў сваё войска, скаціна?
Вачом адкрываецца бітвы карціна:
3 пагоркаў імчаць пераможныя воі
Ў запале, натхненьні і жудасным воі.
Ну хто б не лякнуўся распаленай раці?
Дрыжы, акупанце! Дрыжы, супараце!
За вечную мару, за вечную мрою
Цябе даганю, затапчу, абяззброю
Й на крыж насаджу пад Славутай гарою.
Аднак высьпявае між вершнікаў здрада—
Замест каб давыціснуць ворага-гада,
Узяць яго ззаду, паводле загаду,
Загад адступаць аддаецца атраду!
Мядовы запал маладых патрыётаў
Паскуднік як лыжкаю дзёгця збаёдаў.
Нашчадак, хіба мы такое даруем?
Ніколі ў жыцьці! Ні за што! Насяру ім!
Хай смажацца ў пекле падручныя катаў,
I быць тут ня можа ніякіх дэбатаў”.

Дадамо, што спробы крытыкаў чытаць паэму паводле таемнага ключа, нібыта схаванага ў складзеным аўтарам незадоўга да сьмерці ўласным гараскопе, як сьцьвярджаў П.Варштат, пакуль плёну не прынесьлі.
У жыцьці А.К. быў надзвычай актыўным, можна нават сказаць—нармалёвым чалавекам, сярод іншага ён стаўся чэмпіёнам краіны па більярдзе. Вядомы эпізод, калі ў якасьці чальца нацыянальнай зборнай ён быў павінен рэпрэзэнтаваць сваю новую радзіму на спаборніцтвах у сталіцы Бататуі Мэгаполыску—у апошні момант ён здолеў выскачыць з самалёту, баючыся перасьледу ўладаў Бататуі за пэрманэнтнае парушэньне сынтаксісу і склонаў у тэксьце ягонага эпічнага твору. Гэтая гісторыя і сталася нагодай для колкай эпіграмы Максіма Кулака:

“Канон більярднай куляй лётаў
Па сьвеце, толькі ў родны кут
Ні цягніком, ні самалётам
На ланцугу не зацягнуць.”

Аднак сапраўднае стаўленьне А.К. да сваёй айчыны (якое, ня будзем спрачацца, мела рысы вытанчанага мазахізму, якім псыхааналітыкі тлумачаць ягонае аскетычнае адмаўленьне фізычнага кантакту зь ёю) як мага лепш перадаюць ягоныя ўласныя радкі, што не пакідаюць сумневу ў палымянасьці ягоных пачуцьцяў:

“Любі айчыну, маць тваю!
Каб як было—было заўсёды.
Я за цаной не пастаю,
А ўбараню свае гароды,
Свае авечыя чароды,
Дзівосы нашае прыроды,
Дзядоў калматыя бароды,
Няхай яны і выйшлі з моды,
Што мне сучасныя дрэс-коды!
Удзячны Богу за выгоды
Нашай шляхотнае пароды,
Іншай ня прагну ўзнагароды—
Толькі айчыннае пітво, ды
Магіла ў вёскі на краю”.

Уласнымі сіламі аднавяскоўцаў А.К. пасьля ягонай сьмерці на ягонай радзіме насамрэч пачаў узводзіцца маўзалей, аднак бататуйскія ўлады да сёньняшняга дня несупынна перашкаджаюць працы патрыётаў. Да канчатковай пабудовы маўзалея цела А.К. захоўваецца ў Інстытуце крыянічных дасьледаваньняў у штаце Масачусэтс, што дае падставу ягоным прыхільнікам на радзіме верыць у ягонае другое прышэсьце.

Касьцяк, Канстанцін (1945-1977)—вядомы выключна як аўтар афарызмаў, сабраных у кнізе “Хітрамудрасьці”, надрукаванай накладам у 200 асобнікаў незадоўга да ягонай сьмерці. Выглядае на тое, што К.К. пры жыцьці сам гэтыя афарызмы не запісваў—гэта было зроблена за яго невядомым дабразычліўцам, які фінансаваў таксама і выданьне кнігі. Паводле іншых цьверджаньняў, аўтарам усіх афарызмаў зьяўляецца Юрка Расчавіў, а К.К. зьяўляецца толькі прыдуманым ім фіктыўным пэрсанажам, чымсьці накшталт ягонага альтэр-эга. Што ж, Ю.Расчавіў сапраўды меў дастаткова грошай, каб магчы сабе дазволіць стварыць “зь нічога” новага аўтара, які б адпавядаў ягонаму густу. Аднак параўнаньне ляканічнага стылю афарызмаў К.К. і праставатага стылю разьсяглых мэмуараў Ю.Расчавіла прыводзяць хутчэй да высновы, што Расчавіў быць аўтарам гэтых афарызмаў ня мог ні за якія грошы, то бок—ні ў якім выпадку. Пагатоў што існуе дакумэнтальнае сьведчаньне Васіля Васілевіча, які пацьвярджае той факт, што К.К. насамрэч быў рэальнай асобай, якая на працягу 1967-69 гг. здымала зь ім у Парыжы агульны пакойчык на вуліцы Важырар. Большая частка накладу “Хітрамудрасьцяў” зьнікла пры пажары Бататуйскага цэнтру ў Парыжы ў 1979 г., закладзенага Анісай Лемеш. Да аўтара гэтай энцыкляпэдыі дайшоў толькі адзін асобнік кнігі, на абгарэлых старонках якога захавалі сюю-тую чытэльнасьць наступныя выказваньні К.К.:
“-Быць ці ня быць? Пытаньне—кім.
-Будзем жыць, як набяжыць—сапраўды, бярозавік з бадуна дапамагае.
-Вяртацца на радзіму—самагубства. Гэтаксама як і зьяжджаць.
-Найцяжэй выжываць у “сьвеце мужчын” не жанчынам, а самім мужчынам.
-Ня вер мужчыну пасьля трыццаці гадоў; жанчыне—да.
-Па-бататуйску—як пачуваецца, так і пішацца...
-Перажыць бацькоў варта толькі дзеля таго, каб не расчароўваць іх сваёй сьмерцю. Пасьля можна адразу ж скончыць жыцьцё самагубствам.
-Самае прыгожае, што пакідае папярэдняе пакаленьне наступнаму—свае
нязьдзейсьненыя пляны.
-Сапраўдны дэнды пазірае ў вочы іншым, толькі каб пабачыць у іх сваё ўласнае
адлюстраваньне.
-Свой розум май, а людзей слухай.
-У некаторых сытуацыях выпусьціць газы—менш непрыстойна, чым пазяхнуць. Напрыклад, падчас сэксу.
-Ці існуе жаночае сяброўства? Цікава, што адказала б на гэтае пытаньне Сапфо—думаю, ейны адказ бы мне спадабаўся.
-Чым больш думаеш пра дзейнасьць мазгоў, тым горш яны дзейнічаюць.
-Чын чынам вышыбаюць.
-Эміграцыя – найбольш выкшталцоны зь вядомых мне спосабаў самагубства, якое ў сваю чаргу заўжды ёсьць помстай сваім бліжнім”.
Пра жыцьцё К.К. вядома надзвычай мала. Тыя, хто ведаў яго ў Парыжы, прыгадваюць, што ён быў дзіваком—усе грошы растрачваў на вопратку ўзору дзевятнаццатага стагодзьдзя, жанчын і алкаголь. Першы час зарабляў на жыцьцё разносам газэт. Паводле непацьверджаных зьвестак, супрацоўнічаў з сакрэтнымі службамі мэтраполіі і быў адным з ініцыятараў няскончанага працэсу вяртаньня Васіля Васілевіча на радзіму. Як мяркуе Ю.Расчавіў, прычынай пераходу К.К. у шэрагі бататуйскіх агентаў стала празьмерная творчая актыўнасьць ягонага суседа па пакоі Васілевіча, якая не давала яму жыцьця, таму К.К. спрабаваў зрабіцца пасярэднікам паміж ім і спэцслужбамі бальшавіцкай Бататуі з мэтай арганізаваць яму творчую камандзіроўку ў Сібір. Аднак плёну высілкі К.К. не прынесьлі: да Васілевіча неўзабаве вярнуліся жонка з сынам, і той замест Сібіры зьехаў на прыгарадную вілу пад Парыжам, дзе жыве да сёньняшняга дня. Хутчэй за ўсё, бататуйскія спэцслужбы так і не даравалі К.К. краху апэрацыі, праз што ён мусіў хавацца ад іх да канца сваіх дзён, пераапрануты ў аднаго з парыскіх кляшараў.
Апрача “Хітрамудрасьцяў”, стварыў бататуйска-францускі слоўнік паронімаў, сынонімаў і блізказначных словаў, ганарар за які дазволіў яму жыць адносна бязьбедна да самай сьмерці, то бок з кастрычніка па лістапад 1977 году. Паводле адных зьвестак, памёр ад перадазіроўкі абсэнтам, паводле іншых—пасьля выхаду сваёй кнігі “Хітрамудрасьці” ад сораму перад сьветам зьмяніў імя на францускае і жыве да сёньня недзе ў Брэтані.

Кулак, Максім (уласным імем Максім Гарэцкі, 1905-1981)—паэт, бард, пераважна грамадзянскі лірык. Паводле ўласнай біяграфіі “Жыцьцяпіс змагара”—вэтэран баёў “Зялёнага буку” і Першай усясьветнай вайны, паводле іншых крыніцаў—адзін з бататуйскіх крымінальных аўтарытэтаў, які скарыстаўся тоеснасьцю загіблага ў грамадзянскую вайну маладога паўстанцкага камандзіра з мэтай легалізацыі й атрыманьня палітычнага прытулку ў ЗША. Паводле тых жа крыніцаў (Ю.Расчавіў), біяграфія “Жыцьцяпіс змагара” была напісаная на ягоную замову Тодарам Жываглотам у суаўтарстве зь Дзянісам Скулам. Як бы там ні было, Максім Кулак быў адным зь нямногіх бататуйскіх літаратараў, якія маглі сабе дазволіць фінансаваць сваю літаратурную дзейнасьць самастойна, бо зарабіў неблагі капітал яшчэ да вайны на гандлі мыльнымі вяроўкамі ў гады вялікай дэпрэсіі. З пачаткам баявых дзеяньняў на тэрыторыі Бататуі ў 1939 годзе пачаў трызьніць вершамі, якія зьяўляліся яму ў гатовым выглядзе, напісаныя вогненнымі літарамі на сьцяне ягонай прыватнай пляцоўкі для гульні ў сквош:

“Мы йшлі пад грукат кананады,
мы сьмерці пазіралі ў твар.
Між нас быў юны барабаншчык—
Іначай кажучы, бубнар...”

“Хлопцу быў загад—”На захад”,
а дзяўчыне—ў іншы бок.
На змаганьне з акупантам
Выпраўляйся, галубок.”

Часьцяком разам з гэтымі радкамі, прасякнутымі вобразамі маладых бататуйскіх герояў, якія змагаюцца за свабоду бацькаўшчыны супраць бальшавіцкага прыгнёту, яму зьяўлялася і музыка да ўласных тэкстаў, якую ён запісваў адразу на Эдысанаў грамафон з мэтай перадаць пасьля кружэлку на фронт:

“Па лагчынах і па ўзгорках
шла дывізія наўпрост,
каб заняць мястэчка Горкі—
гнюсных сталінцаў фарпост”.

“Рушыў зьвяз на беразе,
рушыў ён здалек.
Хтось ішоў наперадзе—
Ногі ледзь валок.

Галава абвязана,
Кроў на рукаве,
Сьлед крывавы сьцелецца
Па сырой траве”.

Аднак натхнёныя “Ваярскія сьпевы” (назва афіцыйнага песеньніка аддзелаў Бататуйскай гаёвай абароны) М.К. не падабаліся ўладам Злучаных Штатаў. Калі паліцыя даведалася пра ягоную патрыятычную творчасьць, якая фактычна ліла ваду на млын краінаў Восі (у часе нямецкай акупацыі кружэлкі зь песьнямі М.К. выходзілі ў Мэгаполыску шматтысячнымі накладамі), ён быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Японіі й інтэрнаваны як прадстаўнік несяброўскага этнасу ў адным з створаных для гэтай мэты лягероў. Цудам яму ўдалося пазьбегчы прымусовай і памылковай рэпатрыяцыі ў Японію на борце самалёта “Энола Гэй” у 1945 г., пасьля чаго ён арганічна ўліўся ў новую хвалю пасьляваеннай эміграцыі з Бататуі, стаўшыся на волі нязьменным старшынём згуртаваньня “Зямеля”. Гэта забясьпечыла яму недатыкальнасьць і імунітэт ад усялякіх патрабаваньняў выдачы з боку бальшавіцкіх бататуйскіх уладаў. Аднак пэрыяд ягонага кіраваньня “Зямелям” характарызаваўся шматлікімі разладамі ў эмігранцкім асяродзьдзі, частка якога ўспрымала М.К. як махляра і выйшла з аб’яднаньня, стварыўшы ўласнае таварыства “Безьзямелькі”. Шматлікія кпіны няўдзячных суайчыньнікаў з псэўданіму М.К. падарвалі ягонае здароўе. Урэшце, пясьняр ня вытрымаў абвінавачаньняў у плягіяце і фальсыфікацыях сваёй біяграфіі і скончыў жыцьцё самагубствам. Многія зь ягоных вершаў-песьняў сталі народнымі.
Пісаў таксама прыгодніцкія і гатычныя “раманы жахаў”, аднак рукапіс ніводнага зь іх не захаваўся. Пасьля сьмерці М.К. быў знойдзены ягоны інтымны дзёньнік, у якім ён запісваў выключна сны, акорды сваіх песьняў і цэны на прадукты ў вакольных крамах. Дзёньнік быў шыфраваны, таму да сёньняшняга дня літаратуразнаўцам вядомыя толькі ягоныя першыя разьдзелы. Цікава, што яны не вытрымліваюць храналягічнай пасьлядоўнасьці, што спарадзіла ў некаторых спэкуляцыі наконт таго, што М.К., як і Аўген Канон, валодаў здольнасьцю перамяшчэньня ў часе (адсюль іхная ўзаемная нелюбоў і зайздрасьць—верагодна, ім нярэдка выпадала асабіста сутыкацца на палёх шматлікіх бітваў сусьветнай гісторыі, у якіх абодва ўдзельнічалі ў якасьці інтэндантаў варагуючых бакоў, каб магчы пасьля пераплавіць уражаньні ад назіраньня за батальнымі сцэнамі ў свае творы). Паводле іншых, М.К. прадаў душу д’яблу ў абмен на дасягненьне ўсенароднай папулярнасьці сваіх твораў у прафашысцкіх колах і квіток на фінал чэмпіянату сьвету па футболе ў 1986 годзе ў Мэксыцы, на якім, верагодна, хацеў ажыцьцявіць якуюсьці процібататуйскую прапагандыскую акцыю пратэсту накшталт самаспаленьня, але да чэмпіянату не дажыў пяці гадоў, таму ў дадзены момант, хутчэй за ўсё, ажыцьцяўляе гэтую сваю задуму ў пекле.

Лемеш, Аніса (уласным імем Ядзьвіга Лемяшэўская, нар. 1942)—паэтка, фэміністка, добрая знаёмая і нейкі час каханка сумнавядомай Валерыі Саланас, жонка паэта Васіля Васілевіча. Сапраўднай падзеяй літаратурнага жыцьця эміграцыі стаўся выхад ейнай дэбютнай паэтычнай кнігі “Комплекс кастрацыі” (1959, Мюнхен), напісанай пад уплывам чытаньня Вірджыніі Вулф і Сымон дэ Бавуар, дзе ўпершыню ўва ўсёй бататуйскай літаратуры прагучалі прарочыя ноткі хуткай жаночай эмансыпацыі і сэксуальнай рэвалюцыі, арганічна спалучаныя зь дзявочай марай аб вызваленьні Бацькаўшчыны (якую А.Л. пасьлядоўна называла Мацькаўшчынай, гэтаксама як Айчыну—Мамчынай):

“Казёл сьмярдзючы, лапы прэч!
Раю кіроўцам самазвалаў
са мною пазьбягаць сустрэч,
а то пазбаўлю прычындалаў.

Я думкай аб адным гару:
Каб сінявокая дзяўчына
Кахаць Мамчыну, як сястру,
Мяне аднойчы навучыла”.

Жыцьцё юнай бунтаркі і нон-канфармісткі пасьля ейнага адносна раньняга замужжа (эпізод знаёмства А.Л. з будучым мужам у Мюнхэне апісаны ў артыкуле пра Васіля Васілевіча) на працягу некалькіх гадоў падазрона нагадвала тое, што называецца “звычайным жаночым шчасьцем”. Як вядома, пад мужавым уплывам яна перастала пісаць вершы і пачала імі размаўляць, што цягнулася да самага нараджэньня іхнага першага сына, Апалёна, калі А.Л. перайшла зь вершаў на дзіцячыя песенькі і калыханкі. Доўгі час лічылася, што паэтка раўнавала да мужавай славы й перастала займацца літаратурай, за выключэньнем складаньня кулінарных кніг (адна зь іх, “Гатуем з аныжам”, вытрымала некалькі выданьняў і сталася настольнай кнігай бататуйскіх жанчын на эміграцыі). Аднак у 1964 г. адной з бататуйскіх студэнтак у Парыжы пашчасьціла ў часе наведваньня ейнага дому ўкрасьці зь пісьмовага стала сьвежую падборку ейных твораў—палымяная чытачка (у сапраўднасьці тайная літагентка выдавецтва “Галімар”) спадзявалася, што гэта будуць творы ейнага мужа Васіля Васілевіча, аднак хутка пераканалася, што замест іх прысабечыла найноўшую нізку А.Л. “Ненавіджу й асуджаю”, якую неўзабаве апублікавала ў “Нюёркскім псыхалягічным месячніку”. Нізка ёсьць крыкам душы, бескампрамісным сьведчаньнем пра прыніжанае становішча маладой маці ў нечалавечых умовах патрыярхальнай сям’і:

“Муж—чуж—аб’еўся груш...
Вершаў маіх не расьцяруш!
Маўчы, кажу табе, ня руш,
Бо я пішу ж! Бо я твару ж!

Працуй, дыяспару мацуй!
На маім целе пагарцуй,
Але ў душу ня суй мне шнобеля—
Я верш пішу ня дзеля Нобэля...”

Пасьля сямейнага скандалу, выкліканага публікацыяй вершаў, часова сыйшла ад мужа ў калёнію хіпі, зь якой вандравала па сьвеце, але ў 1969 г. вярнулася ў Парыж з шэрагам новых сяброў і багатым жыцьцёвым досьведам, а неўзабаве пасьля вяртаньня нарадзіла другога сына, Джона. Злыя языкі (Юрка Расчавіў) спэкулююць, быццам Джон (гл. Сьцяпан Юнак) быў народжаны не ад В.Васілевіча, а ад іншага бацькі—амэрыканскага рокера Іггі Попа. Да канца жыцьця зарабляла на сябе сама літаратурнымі, але, на жаль, зусім не паэтычнымі публікацыямі. Апроч новых кулінарных кніг напісала па-француску некалькі дэтэктыўных раманаў, у якіх звычайна маладая юная красуня, якая воляю лёсу і злых бацькоў выйшла замуж за багатага пэнсіянэра, дамагаецца ягонай сьмерці з дапамогай самых розных спосабаў, і заўжды пасьпяхова. У канцы гераіня звычайна сама выкрывае сябе перад публікай, якая пад пагрозай сьмерці клянецца не выдаваць злачынку.

Макатоўша, Андрусь (1935-2000)—аўтар пакуль яшчэ ня выдадзенага (верагодна, страчанага) аўтабіяграфічнага памфлету “Прайдзісьвет”. Тыя, хто быў знаёмы з аўтарам і каму ён сам у значна падпітым стане зачытваў урыўкі свайго рукапісу, аднагалосна сьцьвярджаюць, што публікацыя ягонага твору павінна была б адбыцца не раней чым праз пяцьдзясят гадоў пасьля аўтаравай сьмерці (у тым няшчасным выпадку, калі б ягоны тэкст захаваўся). Адным са сьведкаў адзінага публічнага чытаньня твору, якое адбылося ў 1991 годзе ў Празе, быў госьць з-за акіяну Тодар Жываглот, які ўзгадвае пра гэтую падзею наступным чынам:
“Ужо збольшага сэнільны Макатоўша запрасіў нас не да сябе дадому (дзе, паводле непацьверджаных зьвестак, трымаў закладніцай і бязьлітасна эксплюатаваў уласную маці), а ў сваю ўлюбёную піўную. Там было настолькі шумна, што прысутныя на вечарыне (пераважна непісьменьнныя падстаўнікі ніжэйшых слаёў тутэйшага насельніцтва, якія прыйшлі паласавацца дармовымі бутэрбродамі) не маглі зразумець зь ягонага чытаньня практычна нічога, апроч песенных уставак, якія ён выконваў сам пад акампанэмэнт наўмысна нанятага з гэтай мэтай мясцовага піяніста. Скончылася вечарына бойкай між Макатоўшам і ягонай публікай, у якой Макатоўша перамог з дапамогай сваіх верных сяброў з шэрагу сталых наведнікаў піўной. Я сам захоўваю цёплы ўспамін пра гэтую сустрэчу разам з выбітым мне ў запале ідэйных і творчых спрэчак зубам.”
Застаецца загадкай, што магло гэтак абурыць суайчыньнікаў у памфлеце. Магчыма, рэч у тым, што ў адрозьненьне ад бальшыні зь іх, А.М. эміграваў не ў Заходнюю, а ў Усходнюю Эўропу, дакладней—застаўся служыць у Празе пасьля 1968 году, калі ў якасьці капітана танкавых войскаў прыняў актыўны ўдзел у аказаньні інтэрнацыянальнай дапамогі Чэхаславаччыне. З гэтай прычыны бальшыня прадстаўнікоў бататуйскай дыяспары да сёньняшняга дня лічыць А.М. акупантам і здраднікам. Паводле іх, памфлет “Прайдзісьвет” пісаўся ім па заданьні камандаваньня дзеля чытаньня на занятках палітінфармацыяй у савецкіх акупацыйных частках. Т.Жываглот намякае, што тэкст наскрозь прасякнуты імпэрскай ідэалёгіяй і прапагандуе вайсковае ўварваньне як самы танны і захапляльны кшталт экстрэмальнага турызму. Жываглот прыгадвае, што “галоўная ідэя твору—пераможнае шэсьце бататуйскага жаўнера ўпоплеч з маскоўскім салдатам на Захад, якому яны нясуць тысячагадовую праваслаўную культуру, панацэю ад распусты, дэгенэрацыі, атамізацыі й адчужэньня заходняга чалавека. Сканчаецца твор заснаваньнем царквы Сьвятой Эўфрасіньні на вяршыні Джамалунгмы”. Згодна зь непацьверджанымі зьвесткамі, у 1987 г. А.М. сустракаўся ў Празе з расейскім пісьменьнікам Паўлам Пэпэрштэйнам, якому распавёў прыблізны зьмест свайго твору. Менавіта пасьля гэтай сустрэчы Пэпэрштэйн узяўся за напісаньне раману “Міфагенная любоў каст”...
Пад канец жыцьця А.М. зьдзівіў крытыку і сябе самога навукова-фантастычным раманам “Няўмёрлы”, дзеяньне якога адбываецца на плянэце Зямля пасьля атамнай катастрофы. Племя дзікуноў знаходзіць невядомую магілу, у якой побач са шкілетам пахаваны стары зыржавелы кампутар. Нейкім дзіўным чынам дзікунам удаецца яго запусьціць, і з гэтага кампутара яны даведваюцца пра папярэднюю гісторыю чалавецтва. Зламысныя жрацы вырашаюць схаваць гэтае каштоўнае веданьне ад масаў і засноўваюць на падставе тэкстаў даўно мёртвага пісьменьніка новую рэлігію, галоўным боствам якой стаецца ён сам. Далейшае дзеяньне нагадвае хутчэй прыгодніцкі раман, чым навуковую фантастыку. Самым фантастычным у рамане зьяўляецца, бадай, тое, што кампутар за час знаходжаньня ў магіле не сапсаваўся, што дзікуны яго запусьцілі, навучыліся ім карыстацца і здолелі зразумець мову і сэнс аўтаравых тэкстаў. Усё астатняе ў рамане абавязанае празьмернаму чытаньню Жуля Вэрна ў дзіцячым веку.
Памёр жахлівай сьмерцю, калі заснуў падчас інгаляцыі і ўпаў тварам у адвар траў, які лічыў эліксірам неўміручасьці.

Мітрафан, брат (у міры Міхаіл Карамазаў, 1938-1988)—рэлігійны мысьляр, філёзаф, публіцыст, пэдагог. Аўтар і перакладчык літаратуры для дзяцей. Пра тое, якім ён быў чалавекам, патрыётам і гуманістам, найлепш сьведчыць тыповы ўрывак зь ягоных “Маральных чытаньняў для дзетак-вісусаў”:
“3 раніцы ў школку прыйшла чарнаскурая Алеся. Ніхто з бататуйскіх дзетак ня мог паверыць, што дзяўчынка—адна зь іх. Яны датыкаліся да яе скуры і аблізвалі ёй нос, каб паспрабаваць, якая яна на смак. Алеся разгублена маўчала, ня ведаючы, чаму дзеці сябе гэтак дзіўна паводзяць. Ёй захацелася плакаць. Калі ў клясу ўвайшоў Настаўнік, яна адразу пабегла да яго ў абдымкі, гэтаксама як мы, калі трывога, прыбягаем да Бога, як кажа народная мудрасьць. Настаўнік прытуліў яе да сябе і ласкава спытаўся:
-Што здарылася, Алеся?
-Яны ня вераць, што я—адна зь іх, - сумна адказала Алеся.
Пачуўшы яе чыстую, як воды Высьцязі, бататуйскую мову, дзеці сумеліся—ім зрабілася сорамна, што яны былі такімі недаверлівымі, як той апостал Тамаш.
-Хіба колер скуры ў вызначэньні нацыі галоўны, Пятрок?—спытаўся Настаўнік, гладзячы хлопчыка па галоўцы.—Галоўнае—мова, як казаў наш клясык. Бо мова—гэта душа. I на матчынай мове размаўляе душа з Госпадам. А бачыш, як цудоўна размаўляе
па-бататуйску Алеся... Госпад стварыў усіх людзей аднолькавымі і даў ім роўныя
правы, а нас, бататуйцаў, да таго ж яшчэ надзяліў самым унівэрсальным сродкам
зносінаў—мовай нашых продкаў...
-Хіба нашы продкі не былі паганцамі?—падаў голас дапытлівы Кастусь.
-Усім уласьціва рабіць памылкі,—адказаў мудры Настаўнік,—пакуль яны не спазнаюць
правільнага шляху... Вось і вы зрабілі памылку, не прызнаўшы Алесю сваёй, але цяпер
усё, на шчасьце, Воляю Божай выпраўлена... А можа, гэта быў такі Божы плян—
дазволіць і вашым продкам, і вам цяпер памыліцца, каб потым аднойчы і назаўжды
стаць на шлях Ісьціны? Бо калі б мы засталіся на няправільным шляху, куды б мы
трапілі?
-У пекла!—хорам адказалі дзеці.
-Вось так і радзіма нашая ў чарадзе эурапейскіх народаў, як тая чорная аўца, - працягваў Настаўнік. – Таму што няздольныя яны ў нас прызнаць свайго суродзіча. А мы—такія ж, як і яны, толькі можа крыху іншыя... Але душы нашы гавораць зь імі адной моваю—мовай Бібліі, мовай хрысьціянскай цывілізацыі...”
У М. было цяжкое ваеннае дзяцінства—ягоны бацька быў уласаўскім камандзірам, які дэзэртаваў на радзіму, тым часам як маці—партызанскай сувязной. У 1944 годзе сям’я апынулася на тэрыторыі Польшчы, адтуль праз Чэхію трапіла ў амэрыканскую акупацыйную зону. Пасьля раньняй сьмерці бацькоў у цяжкіх умовах чыкагскага гета, М. спрабаваў зарабляць на жыцьцё продажам індульгенцый і чышчэньнем бот, добра спазнаў матэрыяльныя цяжкасьці ніжніх слаёў амэрыканскага грамадзтва. Канец канцоў настаўнік бататуйскай царкоўнай школы прапанаваў яму стацца ягонай пакаёўкай, і брат М. пагадзіўся. Неўзабаве зрабіўся дзякам у адным з праваслаўных прыходаў і ў вольны ад працы час пісаў свае рэлігійна-павучальныя творы, якія пасьля перакладаў на царкоўнаславянскую. Не без дапамогі брудных камбінацый айчынных спэцслужбаў быў абвінавачаны ў распаўсюджанай сярод духавенства схільнасьці да пэдафіліі, аднак ачышчаны судом як сьвецкім, так і царкоўным. Нягледзячы на гэта, працяглы працэс і зьвязаныя з паклёпам духоўныя пакуты моцна адбіліся на стане ягонага здароўя. Паводле ўспамінаў сьведкаў, адышоў ад грамадзкага жыцьця і цішком аддаваўся алкагалізму. Памёр у веку 50 гадоў у кляштары Сьвятога Пракопа-Заступніка ў Чыкага, так і не пабачыўшы ні Бацькаўшчыны, ні яе татальнай хрысьціянізацыі. Калі яго хавалі, у ягоную труну, паводле ягонага запавету, паклалі некалькі пустых бутэлек ад славутага лікёру айчыннага вырабу “Батат” і некалькі лялек у нацыянальных касьцюмах.

Пераможны, Адальбэрт (уласным імем Антон Аўсянка, 1925-1985)—паэт, публіцыст, эсэіст, драматург. Насуперак гучаньню свайго псэўданіму, пад якім пачаў публікавацца яшчэ на радзіме ў пачатку 1940-х гг., застаўся ў гісторыі эмігранцкай літаратуры як тонкі лірык. Пісаў надзвычай мала, бо быў, у адрозьненьне ад свайго галоўнага суперніка па ўзыходжаньні на Парнас, Я.Волата, пэрфэкцыяністам: над некаторымі радкамі і рыфмамі быў здольны працаваць цягам доўгіх гадоў. Працытуем тут ягоны хрэстаматыйны ўжо верш “Сасёнка” зь нізкі “Песьні душы”, безь якога не абыходзіўся яшчэ ніводны падручнік эмігранцкай літаратуры для дзяцей дыяспары:

“Я ўстаў зраньня і выйшаў вонкі,
І ўбачыў побач ля стаўка
Абрыс нягеглае сасёнкі,
Яна—нібыта мне дачка.

Узяць сьпіліць? Зрабіць Пінок’я,
Каб татам Карлам яму быць?
Але ж сваёй зямлі сынок я,
Адну яе магу любіць”.

Заснавальнік адзінай за мяжой палітычнай партыі, “Руху за вызваленьне айчыны” (так званага “ЗаВА”-руху), якая нейкі час спрабавала канкураваць са створанымі П.Варштатам і Ю.Расчавілам культурна-асьветніцкімі структурамі, але ў выніку была вымушаная самараспусьціцца. Усе намогі А.П. далучыцца да бататуйскага літаратурнага жыцьця ў Амэрыцы і ў Эўропе не прынесьлі плёну, таму што сам ён баяўся лётаць самалётам і плаваць на караблі, а ехаць да яго ў Аўстралію ні ў кога не было магчымасьці ані асаблівага жаданьня. Ягоная ідэя арганізаваць у Сыднэі буйны Фэстываль Прыгожага Пісьменства Паняволеных Народаў (ФПППН “За волю”), фінансаваны з асабістых сродкаў А.П., не была падтрыманая нікім з калегаў па пяры. Доўгі час А.П. ліставаўся з А.Канонам (употайкі ад Пятра Варштата, які ніколі не дараваў бы Канону такога адыходу ад сваіх палітычных прынцыпаў, калі б даведаўся пра факт ліставаньня), скардзячыся ў сваіх допісах на аўстралійскі клімат і няўвагу чытацкіх і крытычных колаў, як мясцовых, так і бататуйскіх. Верагодна, праз А.Канона ён спадзяваўся паўплываць на П.Варштата, каб той надрукаваў некаторыя зь ягоных санэтаў у “Ня вашым дзеле”, аднак паколькі А.Канон баяўся нават вымавіць імя А.П. перад Варштатам, як што яму забараніў гэта рабіць раўнівы Янка Волат, то таленавіты паэт так і не дачакаўся публікацыі ў згаданым выданьні. З тым большым імпэтам ён публікаваўся ў “Выгнаньніку” Тодара Жываглота, які цаніў у А.П. перадусім ягоны псэўданім, які лічыў даволі сугучным свайму. Пад канец жыцьця атрымаў стыпэндыю ад Фонду Ю.Расчавіла на выданьне Поўнага збору сваіх твораў у 2 тамах (Першы том—вершы, эсэ, п’еса “Раскепленае лязо”, палітычныя маніфэсты й дакумэнты “ЗаВа-руху”; другі том— ліставаньне з Аўгенам Канонам. Трэці том, у які А.П. хацеў уключыць творчасьць даэміграцыйнай пары, быў выкінуты з праекту на рэкамэндацыю Ю.Расчавіла).
Скончыў самагубствам у адным з сыднэйскіх гатэляў ва ўзросьце 60 гадоў, спрабуючы паўтарыць жыцьцёвы подзьвіг клясыка нацыянальнай літаратуры, зь якім у апошнія гады жыцьця, паводле ўспамінаў суседзяў, атаясамляўся ўсё мацней. Разьвітальны вершаваны допіс, над якім ён пільна працаваў на працягу апошніх дзесяці гадоў жыцьця (захавалася каля 200 ягоных чарнавікоў, што былі выдадзеныя пасьля ягонай сьмерці асобнай кнігай у якасьці дадатку да згаданага двухтомніку), поўны прыкрага асуджэньня няўважлівых суайчыньнікаў:

“Ах, качканос, ах, кенгуру—
Правобраз слухачоў няўдзячных...
Ці ж з вамі я пагавару,
На сьмерць асуджаны няўдачнік?

Лепш быць нічым, чым быць нікім,
Ня мець імя, ня выйсьці рангам...
Хай іншых на мяне пляўкі
Ляцяць у твар ім бумэрангам!”

Расчавіў, Юрка (1930-2002)—апошні прадстаўнік слыннага бататуйскага магнацкага роду, вядомы збольшага як мэцэнат, мэмуарыст і аўтар анэкдотаў з жыцьця нью-ёркскага бамонду. Фінансаваў дзейнасьць “ЗаВА-руху”, выданьне газэты “Ня ваша дзела” і часопісу “Выгнаньнік”, публікацыю твораў шэрагу эмігранцкіх аўтараў, такіх як А.Канон, А.Пераможны, Я.Волат. Аўтар успамінаў “Жабракі духу”, выданьне якіх нечакана выклікала хвалю абурэньня ў эмігранцкім асяродзьдзі. Выйграў усе зьвязаныя з публікацыяй судовыя працэсы паводле абвінавачаньняў у паклёпе. Для разуменьня кантравэрсійнасьці згаданых мэмуараў і аўтаравага палемічнага стылю падамо тут толькі ўрыўкі зь ягонай прадмовы (як што цытаваць рэшту нам замінае добры густ і пачуцьцё адказнасьці перад навукай і будучыняй бататуйскай нацыі):
“Кажуць, пра мёртвых альбо добра, альбо нічога. Ну, ня ведаю. Я з гэтым пагадзіцца не магу. Што б гэта былі за ўспаміны, калі б там пісалі пра адзін пазытыў? Чым бы яны адрозьніваліся ад прарэжымных газэт? Лухта гэта ўсё—абы ня сумна было. Тым больш што самім памерлым гэта ўсё да аднаго месца. Хопіць таго, што гэтыя так званыя пісьменьнікі на працягу жыцьця выстаўлялі сябе героямі і геніямі: прынамсі пасьля сьмерці надыйшоў час расплюшчыць вочы грамадзкасьці на іхную дзейнасьць. Сядайце, дзеткі, распавяду вам ня казку, а быль...”
Сваім зьместам успаміны Ю.Р. нагадваюць хутчэй фантастычны раман, што дазваляе клясыфікаваць жанр гэтага твору як раманізаваную аўтабіяграфію (адзіны канкурэнтназдольны аналяг у гісторыі бататуйскага эмігранцкага пісьменства—“Прайдзісьвет” А.Макатоўшы, да зьнікненьня тэксту якога, паводле сьведчаньня В.Васілевіча, прыклаў немалыя намаганьні Ю.Р.). Але ж чаму фантастычны?, спытаецца чытач. Мяркуйце самі: хто б мог паверыць, што Аніса Лемеш, паводле Ю.Р., да канца жыцьця засталася паннай, а Дэлія Арахновіч насамрэч ніколі не жыла ў эміграцыі, а напісала свае “Тропікі ўсюды”, не вылазячы з роднай вёскі на мілімэтар (доказам яму служыць той факт, што ён ніколі зь ёю асабіста не сустракаўся, а ніякага графа фон Богена не існавала ў прыродзе)? Што ідэоляг нацыянальнай барацьбы Янка Волат у сям’і размаўляў выключна па-старажытнагрэцку з кокні-акцэнтам, а Ігнат Кабздыр перакладаў сваю эпахальную пэнталёгію з напісаных па-расейску ўспамінаў Максіма Кулака? Што брат Мітрафан ніколі ў жыцьці не чытаў Бібліі, а выкладаў дзеткам сутнасьць хрысьціянскага вучэньня паводле часопісу “Вартавая вежа”, тайным падпісчыкам якога зьяўляўся? Што Васіль Васілевіч біў сваю жонку Анісу Лемеш, калі яна была яшчэ цяжарнай сваім бязгрэшна запачатым сынам Сьцяпанам Юнаком, а апошні (то бок, аўтар гэтай энцыкляпэдыі) складаў яшчэ ў маціцы геніяльныя вершы, якія ягоная матка падслухвала, запісвала і пазьней выдала пад сваім імем, фактычна дапусьціўшы найгоршы плягіят, які магчыма сабе ўявіць, і пазбавіўшы гэтым сына ня толькі ягонай духоўнай уласнасьці, але і ўсялякага жаданьня вяртацца да паэзіі ў пазьнейшы час? (Магу пацьвердзіць, што, наколькі памятаю, ніякіх вершаў я ні да нараджэньня, ні пасьля яго ніколі не пісаў, ня кажучы пра тое, што не адчуваў у матчыных вантробах ніякіх асаблівых штуршкоў, якія можна было кваліфікаваць як зьбіцьцё—хутчэй, ішлося пра звычайны полавы кантакт між маімі бацькамі. Аўтар). І як пасьля ўсяго гэтага растлумачыць, што такім нізкім і амаральным людзям Ю.Р. даваў грошы на іхную літаратурную дзейнасьць, фактычна гарантуючы іхнае алібі і будуючы за свае грошы іхныя рэпутацыі, ад якіх пасьля не пакінуў камня на камні ў сваіх мэмуарах? Гэта застаецца загадкай, гэтаксама як і сьмерць самога Ю.Р.—паводле адных, ён папіхнуўся труфэлем у часе банкету з нагоды атрыманьня В.Васілевічам Ордэну кавалера прыгожых мастацтваў, пасьля чаго выкінуўся з вакна, прычым ягонай адсутнасьці на банкеце ніхто не заўважыў; паводле іншых, яго падстрэлілі на сафары ў часе экскурсіі па Хэмінгуэеўскіх мясьцінах у Афрыцы, памылкова прыняўшы за слана.

Скула, Дзяніс (пазьней—Дзіна Скуола?, 1944-1997)—эміграваў за мяжу памылкова, перайшоўшы памежную рэчку ў час рыбалкі, пасьля чаго быў усыноўлены каталіцкім ксяндзом і таемна адпраўлены навучацца ў Італію, адкуль болей не вярнуўся. Аўтар да сёньня цалкам не дэшыфраванага гермэтычнага раману “Фатальвэрк”, які пачаў пісаць у веку 7 гадоў і які ў момант публікацыі складаў пяць тысяч старонак. Ляўрэат прэміі часопісу “Выгнаньнік” “Літаратурная катастрофа году” (1966 г.).
Дзеяньне раману (паводле вэрсіі аўтара энцыкляпэдыі): маленькі хлопчык знаходзіць у сваёй кішэні плястыкавую фігурку каня і ўсьведамляе, што ён—дзяўчынка. Паступова мы пазнаем у дзяўчынцы аўтара раману. Апавяданьне вядзецца ў трох часавых пластах: пласьце дзяцінства, пласьце сучаснасьці й пласьце будучыні пасьля сьмерці, дзе дзяўчынка-аўтар вядзе доўгія дыялёгі зь Сьвятым Пятром, які адмаўляецца пускаць яго ў рай (Сьвяты Пётра зашыфраваны ў рамане ў вобразе вадаправодчыка, які прыходзіць на аўтараву кватэру пад выглядам пачынкі ягонай друкарскай машынкі). Тэкст не структураваны па разьдзелах і пазбаўлены знакаў прыпынку, месцамі таксама—прабелаў паміж словамі, таму аддзяленьне ад сябе часавых пластоў (часам адна “фраза” належыць да аднаго пласта, наступная—да другога і ці трэцяга, і так увесь час) патрабуе значнай інтэлектуальнай намогі. Падзеі першага пласта зводзяцца да сутыкненьня хлопчыка-дзяўчынкі з пахамі дзетсадаўскай прыбіральні, якія ён антрапамарфізуе і зь якімі размаўляе на працягу свайго дысцыплінарнага арышту ў дзіцячым клязэце (сымбалічнае ўвасабленьне пекла), дзе нечульлівая нянечка зачыніла яго за нежаданьне публічна прызнаваць сябе хлопчыкам і за няведаньне тэксту акупацыйнай песьні “В лясу радзілась воблачка”. Менавіта пад арыштам дзяўчынка-хлопчык набывае першы сэксуальны досьвед са знойдзеным у кішэні каньком. Падзеі другога пласта раману нагадваюць дэтэктыў: дарослы мужчына з вышэйшай адукацыяй вырашае стацца садоўнікам, хаця ня ведае пра садавіну абсалютна нічога й нават пакутуе ад алергіі на яе. Патаемным матывам ягонага вырашэньня ёсьць жаданьне завалодаць вялікімі нажніцамі (ягоная маці забараняла яму дакранацца да нажніцаў на працягу ўсяго дзяцінства). Трэці пласт раману, згаданы дыялёг з вадаправодчыкам Пётрам, завяршаецца забойствам апошняга з дапамогай згаданых садовых нажніцаў і згвалтаваньнем ягонага мёртвага цела, якое пасьля разразаецца на кавалкі (асобныя моманты апошніх разьдзелаў выдаюць значны ўплыў маркіза Дэ Сада, але нашмат перавышаюць яго што да гнюснасьці й няўмеласьці апісаньня). Відавочны таксама ўплыў “Боскай камэдыі” Дантэ на структуру раману: першы часовы пласт адпавядае “Пеклу”, другі—“Чысьцяцу”, трэці—“Раю”, які сканчаецца непазьбежным грэхападзеньнем і выгнаньнем назад у рэчаіснасьць. Тэкст характарызуецца хваравітым ужываньнем дымінутываў, якія ўскладняюць ягонае ўспрыняцьце, асабліва для асобаў старэйшых за восемдзесят гадоў.
Дзеяньне раману (паводле вэрсіі рэдактара “Выгнаньніка” Тодара Жываглота): усе апісаныя падзеі адбываюцца ў адным-адзіным часавым пласьце і ўвасабляюць дакумэнтальны дзёньнік аўтара, які кароткі час (з 1960 па 1964 гг.) знаходзіўся ў вар’ятні ў мілым ягонаму сэрцу Мілане. Раман поўны алюзіяў на канкрэтных асобаў (гаспадар саду, у якім герой працуе садоўнікам—гэта загадчык вар’ятні, Сьвяты Пётра—ніхто іншы, як Пятро Варштат, рэдактар “Ня вашага дзела”, які сымбалічна ўвасабляе ўсю бататуйскую справу як такую, плястыкавы канёк у кішэні—успамін пра страчаную радзіму, тыпова юнгіянскі сымбаль).
Пасьля атрыманьня згаданай літаратурнай прэміі (якая складала 1000 канадзкіх даляраў, спагнаных з аўтара Тодарам Жываглотам у касу “Выгнаньніка”) Д.С. нібыта зьмяніў імя на італьянскае і пачаў пісаць сцэнары для фільмаў заснаванай ім асабіста на ўскрайку “Чынэчытта” парнаграфічнай кінастудыі, даходы якой дазволілі яму рэшту жыцьця не працаваць і прысьвячаць свой час вольнаму пісьмоваму пераказу “Фатальвэрку” для дзяцей. Аднак, калі не пагаджацца з гіпотэзай пра тоеснасьць Д.С. і Дзіна Скуолы, то апошнія трыццаць гадоў жыцьця аўтара пасьля публікацыі ягонага раману застаюцца загадкай. Ёсьць зьвесткі аб тым, што ён насамрэч стаўся пажыцьцёвым Ганаровым садоўнікам у аднаго таямнічага арыстакрата (невядома, ці ня быў гэта Юрка Расчавіў), паводле іншай вэрсіі—быў асуджаны да пажыцьцёвага астрогу за сувязі з мафіяй і згвалтаваньне рэдкай пароды марскога канька проста ў рыбнай рэстарацыі.

Халімонаў, Антось (нар. 1953)—празаік, у бататуйскай літаратуры застаўся як аўтар дзьвюх кніг псыхалягічнай прозы “Каторую гадзіну капае кран” і “Шрубалёт на даху”. Заснавальнік інтэрнацыянальнай літаратурнай групоўкі абяздоленых пісьменьнікаў “Вігвам”, пазьней ператворанай у групоўку “Ўсіх—хай”. Адпачатна ўражваў неабмежаванасьцю бататуйскай праблематыкай і імпанаваў крытыцы скіраванасьцю сваіх твораў (мове якіх уласьцівыя шматлікія барбарызмы) да замежнага чытача. Літаратуразнаўцы адзначаюць таксама ўплыў францускага “новага раману” на прозу А.Х. Пасьля публікацыі згаданых кніг (першая—цыкль апавяданьняў, другая—вострасюжэтны раман з асяродзьдзя ізраільскіх спэцслужбаў) і практычнай адсутнасьці рэакцыі на іх у бататуйскім эмігранцкім друку, не гатовым успрыняць новыя павевы ў нацыянальным прыгожым пісьменстве, перайшоў на ўкраінскую мову, любоў да якой, паводле ўласных словаў, душыў у сабе ўсё жыцьцё. Цяпер—вядомы ўкраінскі пісьменьнік, жыве ў Кіеве. (Для падрабязьнейшай інфармацыі глядзі даведнік “Пісьменьнікі Ўкраіны й беларускага Палесься”.) На бацькаўшчыну не вярнуўся. У ліставаньні зь Сьцяпанам Юнаком адмаўляў якую-заўгодна прыналежнасьць да бататуйскай літаратуры, а свае раньнія кнігі на бататуйскай мове прыпісваў Дзянісу Скулу.
Урывак з апавяданьня “Кончаны” з кнігі “Каторую гадзіну капае кран”:
“Я бачыў, якой намогі яму каштавала выцягнуць з свайго горла вадаправодную трубу, на якую я выпадкова яго штурхнуў, і тым ня менш не зрабіў у ягоным кірунку ніводнага жэсту, а стаяў, як услупянелы, і напяваў у душы адну зь вядомых сучасных песенек. Выцягнуўшы трубу і распластаўшыся ў лужыне крыві, мая ахвяра ўсёдаравальна пасьміхалася мне, як быццам у апошні момант усьвядоміла ўсю непатрэбнасьць свайго жыцьця і журботным, як у сабакі, зьзяньнем сьлязьлівых вачэй здолела ня толькі дараваць мне, але й пакінуць мне ў спадчыну бальшыню свайго капіталу. Росчырк ягонай крыві якраз упаў на натарыяльна завераны запавет. Я пасьміхнуўся, паляпаў яго па плячы і сышоў, адчыніўшы фортку, каб пазбавіцца прынамсі пасьля сьмерці таго задушлівага смуроду, у якім я мусіў жыць на працягу доўгіх гадоў—ахвяра была маім бацькам”.
Як тэарэтык узбагаціў бататуйскую літаратурную крытыку сваімі філіпікамі супраць чорна-белага бачаньня сьвету, у якіх сьцьвярджаў, што яно павінна быць выключна чорным. Выявіў сябе як пасьлядоўны і зацяты вораг усялякага гумару, апрача, натуральна, чорнага—хаця і той у ягоных творах сустракаецца зрэдку, за выключэньнем папулярнага ў дзяцей і дарослых коміксу “Чарнабог”, у якім невідочная пастаць галоўнага адмоўнага героя самаахвярна змагаецца з увасабленьнем Дабра—жанападобным загадчыкам дзіцячага садку, што жыве двайным жыцьцём філянтропа і галоўнага рэдактара часопісу для калекцыянэраў аленевых рагоў, чыя дабрачынная мафія распусьціла свае мацуны па ўсім сьвеце.

Юнак, Сьцяпан (уласным імем Джон Васілевіч, нар. 1969, іншыя псэўданімы—Юнга, Крот, Матылевіч)—першы народжаны ў эміграцыі бататуйскі літаратар, сын Анісы Лемеш і Васіля Васілевіча (паводле іншых зьвестак—Іггі Попа), прадстаўнік другой генэрацыі творцаў дыяспары. Нягледзячы на абраны яму бацькамі пры нараджэньні літаратурны псэўданім, не пайшоў іхным шляхам, а прысьвяціў сваё жыцьцё ўпарадкаваньню іхнага архіву і дасьледаваньню літаратурнай гісторыі папярэдняй генэрацыі. Паводле адукацыі—патолягаанатам. Аўтар калясальнай энцыкляпэдыі “Бататуйская літаратура ХХ стагодзьдзя ў эміграцыі”, пакуль яшчэ няскончанага і нявыдадзенага шэдэўру літаратуразнаўства, урыўкі зь якой мы тут публікуем. Упершыню падзяліў бататуйскую эмігранцкую літаратуру на дзьве “хвалі”—чырвовую і пікейную—іначай кажучы, на літаратараў грамадзка-ангажаваных (народжаных да 1935 г.) і грамадзка-неангажаваных (народжаных пасьля 1935 г.). У якасьці ўмоўнага “пералому” ў гісторыі разьвіцьця эмігранцкага пісьменства Ю.С. цалкам выпадкова абраў год нараджэньня свайго бацькі Васіля Васілевіча, падкрэсьліўшы гэтым прыналежнасьць апошняга да абедзьвюх плыняў. У прадмове да згаданай энцыкляпэдыі Ю.С. тлумачыць гэты так званы “літаратуразнаўчы закон Сьцяпана—Васілевіча” наступным чынам: “Нельга не адзначыць, што бататуйская эмігранцкая літаратура ёсьць неаднароднай, а дакладней—выразна падзеленай паводле сымпатый і, адпаведна, антыпатый да Бацькаўшчыны на дзьве “хвалі”. Гэтак, пісьменьнікі старэйшага, “чырвовага” (ад знаку сэрца, “чырва”—традыцыйнага сымбалю любові да Бататуі) пакаленьня, якія нарадзіліся да 1935 году, выяўляюць асаблівую заклапочанасьць лёсамі пакінутай Бацькаўшчыны і ўспрымаюць сябе як ейны працяг у вялікім сьвеце, штосьці накшталт мацуноў (П.Варштат сказаў бы “шчупальняў”) вялізнага паліпу сваёй Радзімы, у задачу якіх уваходзіць перадусім 1) прыцягненьне ўвагі шырокай усясьветнай грамадзкасьці да ейнай паняволенай палітычнай і культурнай сытуацыі; 2) прыцягненьне сьвядомасьці насельніцтва памежных з Бататуяю тэрыторый ва ўлоньне агульнанацыянальнай Вялікабататуйскай сьвядомасьці, каб шляхам гэткіх прыцягненьняў сілкаваць Бататую і ейнае культурнае жыцьцё з дапамогай зьнешніх здабыткаў. Наадварот, прадстаўнікі “пікейнага” пакаленьня эміграцыі (народжанага пасьля 1935 году; назва паходзіць ці то ад уласьцівай бальшыні зь іх тэндэнцыі апранацца ў камізэльку-піке ў знак сваёй адасобленасьці ад астатніх, ці то ад таго, што яны вельмі часта “пікіраваліся” з калегамі і потым сканчалі жыцьцё самагубствам, імкнулі ўніз “увайшоўшы ў піке”—адна этымалёгія не выключае другой і трэцяй) зьяўляюцца мацунамі, якія “залішне адарваліся ад народу” і ўсьвядомілі сябе ў якасьці самастойных, збольшага аднаасобных арганізмаў—настолькі адасобленых, што называць іх якойсьці “хваляй” нават не выпадае. На жаль, прадстаўнікі гэтага пакаленьня забыліся пра тое, што мацуны-шчупальцы, гэтаксама як пруты веніку, лёгка зламаць ці пасячы паасобку, бо зьяднацца ў адзіны венік яны да сёньняшняга дня так і ня здолелі. Мала таго, некаторыя зь іх перасталі ўспрымаць Бататую як вышэйзгаданага “паліпа”, то бок галаву і мозаг усялякага літаратурнага руху, цэнтар Богам створанага сусьвету, што ў асобных выпадках прывяло да поўнага разрыву з бататуйскай культурай (ня варты нападабненьня прыклад А.Халімонава). Ці варта казаць, што гэты балючы разрыў так ніколі і не загаіўся—безь яго бататуйская эмігранцкая літаратура засталася толькі галавой бяз чалясоў і зрабілася практычна няздольнай да дзеяньня. Адзін па адным адуміралі флягманы эмігранцкага пісьменства, такія як “Ня ваша дзела” і “Выгнаньнік”—іхны канчатковы скон быў выкліканы збольшага сконам іхных заснавальнікаў у канцы 1990-х гг. Але варта прызнаць, што асобныя папаўзнавеньні згаданых шчупальцаў зазьзялі ў гісторыі нацыянальнай літаратуры як прамяні звышновай зоркі, чыё магутнае сьвятло даходзіць да нас яшчэ некаторы час і пасьля згасаньня ейнага жывільнага ядра. Што ж, пачакайма зьяўленьня новай хвалі эміграцыі, а зь ёю і новай эмігранцкай літаратуры, якая будзе ня проста новай, а БУБ-новай, гэта значыць—надзеленай Безумоўным Усьведамленьнем Бататуйскасьці Новай, іншай, больш яскравай, чым дагэтуль—і ні ў якім разе не “крыжовай”, што змусіла б нас паставіць крыж на эміграцыйнай творчасьці як гэткай. Спадзяваймася, што непазьбежны наступ БУБ-новага пакаленьня станецца дыялектычным сынтэзам намаганьняў абедзьвюх папярэдніх хваляў. Пісаць гісторыю новай хвалі бататуйскай эмігранцкай літаратуры—задача навукоўцаў будучыні, якім ужо сёньня можна шмат у чым пазайздросьціць”.

© Макс Шчур, 2009

HA POCTAHI