Макс Шчур

ЛЮБІЦЬ ПАПСУ — ПРАВА ДЗІВАКОЎ

(Ю.Станкевіч. “Любіць ноч—права пацукоў”)

Пра гэтую кніжку столькі казалі пазітыўнага, што я адразу адчуў да яе нейкі нутраны недавер: ну не давяраю я густу сваіх суайчыньнікаў. Але прачытаць прыйшлося. І што: не памыліўся.

Фільм, так бы мовіць, чорна-белы. Гэта надае яму антуражу “мастацкасьці”—усё ж такі зроблены ў наш час! Але ад гэтай стылізацыі (ну, абчытаўся чалавек Грабалаў-Маркэсаў-Бэкетаў—усё ж такі пісьменьнік) ён не перастае быць лёгкім чытвом. Не пабаюся гэтага слова—камэрцыйным. Але ў ім няма разьліку: напішу і накашу паболей грошай. Не, ён—абсалютна шчырая праява абмежаванага сьветаўспрыманьня і дрэннага густу.

Усё ў ім карыкатурна. Дрэнныя, добрыя. Гэта адрозьнівае яго ад легенды ці там прыпавесьці і набліжае да народнай казкі. У гэтым выпадку—да дзіцячага гарадзкога фальклёру ў стылі “чорнай ноччу чорны кот скочыў у чорны дымаход”. Жанр: баявік, а ў добрым баевіку без крывішчы не абыйсьціся. Даніла Прусак уяўляецца мне як Мэл Гібсан.

Але адначасова: ніякай паэтычнасьці, ніякага барока, ніякай мастацкасьці. Голае, прымітыўнае апісаньне, замаскаванае пад самамэтны графічны бзік. Пра ідэі тут ня будзем: няма сэнсу размаўляць пра іх з чалавекам, якому ўсё ясна. Ты гандон і ты гандон, а я віконт дэ Бражэлон. Распуста, усюды распуста! Усе блядзі, сукі, садысты, і толькі я—у бел-чырвона-белым.

Насьцярожвае адно: натуралістычная любоў да садызму. Хрысьціянскія сьвятыя таксама вельмі яскрава апісвалі пекла, якога насамрэч нідзе ў прыродзе не існуе, апроч як у галаве аўтара. Гэтая “фантазія” (голы відэашэраг нічым не абгрунтаваных вычварэньняў) змушае паверыць у небеспадстаўнасьць дыягназу пра псіхаў і даўнаў. Прачытаньне гэтай кнігі на нейкі момант набліжае чытача да нэўрозу—як якасны фільм жахаў. У мяне асабіста гэты кароткачасовы нэўроз быў выкліканы згрызотамі сумленьня за страчаны час.

НЕ ХАДЗІЦЕ, ДЖЭЦІ, У ЛІРЫКУ ГУЛЯЦЬ...

Цяжка быць жанчынай-паэтам. Напішы штосьці “сур’ёзнае”—усё адно пачнуць вышукваць эратычныя падтэксты, сэксуальную незадаволенасьць, сьмяяцца, карацей, ды яшчэ й “паэткай” абзавуць, ці яшчэ горш—паэцесай...

Насамрэч, паэзія—справа не жаночая. Асабліва чыстая. А вось на “брудную”, на шчасьце, цяпер вялікі попыт... Што ж, наступ—лепшая абарона. Выйграе той, хто першы засьмяецца ўласнаму жарту.

“Далоў эстэтыкаў!” “Свабоду графаманам!”

“Не, я не лірык, крый мяне хто можа”, піша Джэці. Каб пісаць калыханкі, сапраўды, ня трэба быць лірыкам—трэба быць жанчынай-маці, закаханай у свой уласны плён. Джэці і піша, закалыхваючы нас, сваіх дзетак, сваімі простымі, як кожная калыханка, рытмамі і рыфмамі, сваімі крыху жахлівымі і крыху абсурднымі, як кожная казка, гісторыямі на любую тэму. Напэўна, Джэці лічыць, што ў жанчыне, як і ў дзіцяці, балбатаньне павінна глядзецца міла...

Што ж, гэтая шматслоўнасьць—лепшы бок яе творчасьці. І дзіцяці ўласьцівае памкненьне да экспэрымэнтаў з мовай (у нашым выпадку—зь літаратурай). У гэтым сэнсе Джэці—годны нашчадак Бонды, Яндля і Парры. А яшчэ ў нейкім сэнсе—Умкі... Зрэшты, да яе паэтычнай кваліфікацыі я прэтэнзій ня маю: яна надзвычай здатны гулец. Дзякуй богу, што гэта не гульня з сур’ёзным тварам, як у якіх-небудзь сюррэалістаў: Джэці ведае, што ў гульні павінна падкупаць менавіта ейная аўтэнтычнасьць, разьняволенасьць, беспасярэднасьць—менавіта як у дзяцей.

“Стаіць статуя, рука паднята...”

Усё было б нічога, калі б гэтая дзяцінскасьць у яе не была, на маю думку, крыху вымушанай—вынікам пэўнай зайздрасьці мужчынскаму сьвету, няхай і добра прыхаванай. Гэтая зайздрасьць прымушае Джэці зьдзеквацца, напрыклад, з архетыпу творцы—Ван Гога, які ператвараецца ў яе ў карыкатуру—як творца і як мужчына.

Наагул, мужчына, як мне падалося, прысутны ў яе вершах выключна як цела, хай сабе і ня самае агіднае. Гэтая цялеснасьць канцэтруецца ў сакральным вобразе Марата Казея—героя вышэй цытаванага народнага вершыка, і ў гэтым сэнсе—сімвала мужчынскай патэнцыі, сэксуальнага ідала беларускіх піянэрак. Джэці спрабуе яго скінуць з пастамэнту—але, я б сказаў, ня вельмі ўдала. Гэткія ж працэдуры аплікуюцца (прычым мэтадычна) на Купалу й іншых фаласаў. “Высокая” культура, “чыстая краса”—усё гэта прыдумкі сэксуальна незадаволеных самцоў. Змаганьне з высокай культурай у Джэці ёсьць змаганьнем за права жаночай крытыкі гэтай культуры.

Хацелася б верыць, што ў гэтым прамаўляе гэткая адмысловая, амаль фэміністычная жаночая самадастатковасьць, якую ніхто, у прынцыпе, ня ставіць пад сумнеў. Яшчэ ў кітайцаў жанчына зь дзіцём былі сінонімам “дабра”. Аказваецца, і такі нішцяк можа быць крыніцай паэзіі. Па-добраму зайздрошчу—чаму б і не? Чаму ў беларускіх умовах трэба ўвесь час пісаць пра штосьці экстра-экзістэнцыяльнае? За здаровы лад жыцьця! Жыцьцё—гэта здорава ўсюды, нават тут і цяпер. У гэтым вымушаным, мне падаецца, канфармізме—крыніца сімпатычнай мне ў Джэці чыста жаночай мэланхоліі.

“Як можна есьці дрэнь такую?”

Гэтая фраза—сьведчаньне, што Джэці нельга абвінаваціць у самазамілаваньні, як некаторых ейных мужчынскіх калег. Ёй самой добра вядома, чаму і каму падабаюцца ейныя вершы. Ня будзем патрабаваць ад паэзіі і ад мастацтва зашмат: гэта азначала б успрымаць іх і сябе залішне для нашых часоў сур’ёзна. А гэтага сапраўднаму постмадэрністу, які па вызначэньні павінен быць у курсе таго, што адбываецца ў вакольным сьвеце моды, рэлігія не дазваляе.

Дзіцячую “слабадумнасьць” як творчую мэтоду авангард папулярызаваў з часоў Тцары і Паўнда, але шыльда “постмадэрну” дала гэтай мэтодзе новае алібі. Тыя самыя рэчы вымаўляюцца цяпер “па-новаму”, як у рэкляме: болей, прасьцей, даступней. Гэта называецца прагрэс. Лічыцца, што ў працэсе вытворчасьці й спажываньня адбываецца самарэалізацыя яго ўдзельнікаў. Гэта дазваляе бальшыні грамадзтва выжываць, не ствараючы нічога прынцыпова новага, а толькі падтрымліваючы статус-кво.

У “хуліганістай” Джэці таксама ёсьць свая марка, свой стыль, які, як кожны стыль, прадугледжвае і стварае свайго мадэльнага спажыўца. Для кагосьці гэтага дастаткова—яе прадукцыя мае ня самую нізкую якасьць. Яна займае сваю нішу, незанятую “сур’ёзнымі” паэткамі-лірыкамі. Джэці, у адрозьненьне ад іх, ведае межы сваіх магчымасьцяў і самога мастацтва—у гэтым яе перавага. Яна не спрабуе іх перасягнуць. Гэта справа Маратаў Казеяў і ім падобных куцюр’е. Ня будзем строга судзіць яе за ейную папулярнасьць—яна ж не вінаватая, што ёй пашанцавала “трапіць у вену” нашага часу. Ня будзем чытаць лекцый аб яе папярэдніках, якія нікога не цікавяць. Пажадаем ёй не згубіць драйву і быць задаволенай сваёй працай (выбачайце, гульнёй), і галоўнае—каб гэтае задавальненьне не прыходзіла залішне лёгка.


НАШЧАДАК ЛАНГАБАРДАЎ

(Славамір Адамовіч)

Маё стаўленьне да Адамовіча як да паэта наўпрост супрацьлеглае майму стаўленьню да яго як да грамадзкай асобы: у пытаньнях паэтыкі я разумею яго, здаецца, надзвычай добра, у пытаньнях палітыкі—не разумею зусім. Зрэшты, менавіта ва ўзаемадзеяньні паэтыкі і палітыкі карэніцца загадка Адамовіча й ягонага мной успрыняцьця.

Адамовіч, з майго гледзішча—ня самы цікавы, але, без сумневу, найбольш значны беларускі паэт 90-х гадоў (хай Сыс, сьвятой памяці, даруе). Прынамсі, нічые вершы ў мяне не выклікалі такога захапленьня, каб прымушалі чытаць іх запоем. Магчыма, таму, што Адамовіч нашмат больш цікавы мне як чалавек, чым як паэт. Магчыма, тым, што, у адрозьненьне ад Сыса, узьнік ён ня дзякуючы, а хутчэй насуперак папярэдняй беларускай паэтычнай традыцыі: думаю, што на філфаку Адамовіч навучыўся не як трэба пісаць, а перадусім—як пісаць ня трэба. Аднак перадусім Адамовіч блізкі мне тым, што ён—паэт гарадзкі. Ён належыць да тых вяскоўцаў-почвеньнікаў, якія нагадваюць таго Борхэсава лангабарда, што перайшоў на бок цывілізацыі і стаўся яе найбольш зацятым абаронцам. Аднак, на жаль, канец канцоў “дзікасьць” у Адамовічы перамагла цывілізацыю, “плавільшчык расы” перамог паэта, плавільшчыка красы*.

Зрэшты, у горадзе ад паэта да хулігана—адзін крок. Той жа Борхэс калісьці напісаў пра Шэйкспіра: “Ён абраў сабе дзіўны лёс”. Лёс Адамовіча, як на мой густ, быў дзіўны яшчэ да першага зьезда нацыяналістаў, аднак менавіта гэтаму “дзіўнаму лёсу” (заўважым, суцэльна банальнаму для беларуса ў савецкім грамадзтве) Адамовіч абавязаны геніяльнасьцю сваіх першых, даўбейпрэзідзентаўскіх нізак. Ён—прыклад таго, як важна для творцы быць героем (але неабавязкова аўтарам) нейкіх сапраўдных падзей, штосьці перажыць і перабачыць. Аднак яшчэ больш дзіўны лёс ён абраў сабе сам, стаўшыся песьняром вельмі сумнеўнай, а ў той час папросту моднай ідэялогіі. Зрэшты, ня ён першы—мы неяк звыкліся лічыць, што паэту з часам даруюцца ягоныя “грахі”. Даравалі ж Марынэці, Маякоўскаму, Паўнду... Аднак ці пазбавіліся яны да канца сваіх палітычных ценяў? Дзіўна, што ў Беларусі чалавек з рамантычнымі, мякка кажучы, палітычнымі поглядамі Адамовіча мог быць прэзэнтаваны ў якасьці барацьбіта за дэмакратыю ці свабоду. Упэўнены, што як паэт ён заслугоўваў бы нашмат большай увагі. Але што зробіш: цікавасьць да беларускай паэзіі невялікая. Задаволіць свае амбіцыі, будучы проста паэтам, Адамовіч ніколі б ня змог, нарадзіўшыся ў нашыя часы. Як Нэрон, які прагнуў быць артыстам, ён мусіў спаліць Рым—бо яго не ўспрымалі сур’ёзна.

Аднак, калі Нэрону Нэронава, дык аддамо і Адамовічу належнае: каб не ягонае няўрымсьлівае “дзікунства”, наўрад ці б ягоныя вершы гучалі калісьці гэтак апантана, нахабна, сьвежа. За ягонымі бравурнымі эпітэтамі і вайсковымі мэтафарамі, якія сёньня, у часы постмадэрну, могуць выглядаць крыху старавата, стаіць менавіта гарадзкі хуліган. Аднак з часам дзікунства перанеслася са зьместу ў форму—тая сталася самазамілавана-нехлямяжай. Адамовіч, так бы мовіць, “выпісаўся”, зрабіўся малацікавы—прынамсі, для паэтаў. Затое ў шмат разоў узрасла цікавасьць да яго з боку людзей, палонным чыёй хвалы ён застаецца да сёньняшняга дня—з боку тых, хто любіць беларускую паэзію толькі за тое, што яна беларуская.

Я чуў вершы Славаміра Адамовіча ў аўтарскім выкананьні на сьвяткаваньні 25-га сакавіка ў Празе некалькі год таму, і мне зрабілася за яго крыху крыўдна. Я прыгадаў, зь якой асалодай я спрабаваў перакладасьці на ангельскую “Каляды. Посная куцьця...” і падобную гарадзкую лірыку, створаную ў часы, калі Адамовіч, магчыма, ня скончыў жыцьцё самагубствам толькі таму, што ніхто б пра гэта не даведаўся...

Што ж сталася з Адамовічам? Публічная асоба, на маю думку, забіла ў ім мастака. Ён вырашыў стацца гэткім беларускім Юкіё Місімай—з той істотнай розьніцай, што ўчыніў хутчэй мастацкае, а не сапраўднае самагубства. Калі Сыса загубіла няўвага, Адамовіча—яе празьмернасьць. Калі да турмы ён усё яшчэ марыў быць героем, дык пасьля яе канчаткова пачаў успрымаць сам сябе як героя. Адамовіча дарэшты разбэсьцілі публікацыі, адносная вядомасьць, адным словам—улада. Ён стаўся (прынамсі, на паперы) “ўладаром дум” і, па-мойму, ня вытрымаў гэтай ролі. Менавіта гэта зашыла яму рот. Прагрэс, які адбыўся ў ягоным мэдыяльным становішчы, ня быў ураўнаважаны такім жа сама прагрэсам інтэлектуальным. (Калі я ў сярэдзіне 90-х лічыў публікацыю грахом, я, верагодна, інстынктыўна баяўся менавіта гэтай небясьпекі: стаць зь нікога ўсім.) А пры гэтым, як ільга здагадацца зь вершаў Адамовіча, яму самому бракуе якраз ня гэтага—ён сам інстынктыўна адчувае, што яму патрэбная хутчэй якаясьці гармонія, якісьці нутраны спакой. Спадзяюся, што ён знайшоў яго ў Нарвэгіі—заслужана, як чалавек, бо як паэт на эміграцыі Адамовіч апынуўся ў яшчэ больш складаным становішчы: немагчыма з Захаду пісаць вершы пра ўсё тое, што ён любіць і што дае яму права клясьціся ў гэтай любові на крыві. Гучыць непераканаўча. Трэба асвойтвацца ў новай рэчаіснасьці, засвойваць яе паэтычна—а ня хочацца... “Паэт ня можа без радзімы”, як напісала “НН”—незадоўга да ягонага ад’езду. Пры гэтым, як паэту яму сыходзіць у адпачынак, мне здаецца, яшчэ рана...

Прага да зьдзяйсьненьняў у Адамовіча невыпадковая—яна часткова паходзіць менавіта з расчараваньня ў паэзіі як у сродку здабыць сабе ўсеагульную павагу і славу. Гэты скепсіс да паэзіі, на жаль, рана ці позна немінуча гэтую паэзію забівае. Перадусім, ён заўсёды прагнуў быць “дзікім мужчынам”—а вось паэтам, на жаль, ужо ў другую чаргу... Але мне здаецца, што паэзія памятае толькі тых, хто аддаецца ёй цалкам. Менавіта таму вершы, якія Адамовіч дае ў свае кнігі, я з уласных публікацыяў звычайна выкідаю.

Але, нягледзячы на гэта, мне здаецца, я Адамовіча разумею. Магчыма, у пэўны час аднойчы хочацца стаць Мужчынам. Нешта азначаць. Быць прызнаваным публікай, сваймі ворагамі і г.д. Магчыма, аднойчы прыходзіць мудрасьць, што жыцьцё ў сырым выглядзе прыямнейшае за культуру—мудрасьць Рэмбо, Хэмінгуэя... Адзінае, што гэта звычайна ня лепшым чынам адбіваецца на творчасьці, таму я раіў бы тым, хто стае на гэты шлях, перастаць пісаць, як Рэмбо. Канец канцоў, кожнаму сваё**. Тым ня менш, была б шкода, калі б гэтага таленавітага беларускага паэта памяталі не за ягоныя зборнікі, а за якісьці другарадны верш на расейскай мове. Гэткай славы я б нікому не пажадаў.

...Борхэс дадае, што да лангабардавых нашчадкаў у Равэне мог належаць Дантэ Аліг’еры. Хацелася б пажадаць таго самага і нашаму “дзікаму” Славаміру Адамовічу.

————————
*Гэтым калямбурам, здаецца, я зноў (хоць і сам не без граху) адкрываю дыскусію яшчэ нашаніўскай пары, якая, як вядома, ні да чаго не вядзе, бо кожны ў ёй трымаецца сваіх зыходных пазіцый. Дадам толькі, што, на маю думку, менавіта “плавільшчыкі чыстай красы” выяўляюцца ў пэрспэктыве наймацнейшымі плавільшчыкамі нацыі (каб не ўжываць агіднага слова “расы”).
** Jedem das seine


© Макс Шчур, 2007

HA POCTAHI