Дылетант

ПОСТМАДЭРН

НА ПЭРЫФЭРЫІ: ЛАЦІНААМЭРЫКАНСКАЕ ПАДАНЬНЕ

Музей сучаснага лацінаамэрыканскага мастацтва ў Бадахосу, што знаходзіцца ў Гішпаніі на памежжы дзьвюх братніх культураў-каланізатарак, нагадвае бомбасховішча ў стылі постмадэрн—схованку ад вонкавых фінансавых непарадкаў, палітычных і прыродных катаклізмаў, якія заўжды даймалі неангламоўную частку Новага Сьвету. У музеі знайшлі прытулак для сваіх працаў маладыя творцы з усёй Лацінскай Амэрыкі, што займаюцца ўсім, ад вэб-мастацтва да пэрфомансу, але часам не пагарджаюць і класічным жывапісам. Калі раней Гішпанія экспартавала з Новага сьвету ў асноўным золата й працоўную сілу, дык у ХХ стагодзьдзі настала чарга мастацкіх ідэяў.

На працягу мінулых месяцаў частку экспазіцыі музея ільга было бачыць у праскім інстытуце Сэрвантэса. Паколькі прастора, прызначаная для выставы, была ня самай разьсяглай, дык большую частку экспазіцыі стваралі кампактныя творы відэарту, для выстаўленьня якіх дастаткова экрана й двд-прайгральніка. Менавіта гэты жанр, як выявілася, можа быць надзвычай цікавым у лацінаамэрыканскім паданьні—дапасюль бачаныя мною творы відэаарту ўдавалі сабой відэазапісы нечых садыстычна-тэатральных экспэрымэнтаў, тым часам як лацінаамэрыканскі відэаарт прыхіляецца хутчэй да экспэрымэнтальнага фільму.

“Лацінаамэрыканскае паданьне”—менавіта так называецца відэатвор наймаладзейшага і найбольш “постмадэрновага” з прадстаўленых творцаў, уругвайца Марціна Састрэ. У 16-хвілінным фільме, чые падзеі адбываюцца недзе ў 2342 годзе, аўтарава “мумія”, пахаваная ў саборы, распавядае нам легенду ці хутчэй байку аб тым, як лацінаамэрыканскае мастацтва заваявала сьвет. “Лічыцца, што гісторыя мастацтва ёсьць сумнай,” кажа Састрэ, “але гісторыя ібэраамэрыканскага мастацтва ёсьць адной з найбольш эпічных падзеяў у гісторыі, параўнальнай з крыжовымі паходамі.” Аўтар выкарыстоўвае тэле- й кінакадры, кампутарную мультыплікацыю, хатняе відэа, калаж—і пры гэтым стварае арганічны стылевы цалак, у якім не баіцца прыпісаць сабе ня толькі галоўную ролю, але і ўсе заслугі за разьвіцьцё відэаарту, які, паводле ягонага меркаваньня, у “хуткім” часе (на працягу ХХІ стагодзьдзя) павінен замяніць сабой Галівуд. Менавіта гумар ёсьць у Састрэ самым сімпатычным: насамрэч, ня толькі гісторыя мастацтва, але й само мастацтва безь яго бывае сумным.

У адрозьненьне ад Састрэ, аргентынка Габрыэла Гольдэр зьвяртаецца да гісторыі сапраўднай—гісторыі сваёй краіны ў другой палове 70-х гг. мінулага стагодзьдзя, калі сама аўтарка цешылася са шчаснага дзяцінства, тым часам як навокал падчас ваеннай дыктатуры зьнікалі людзі. На кантрасту паміж двума вобразамі рэчаіснасьці, суб’ектыўнымі ўспамінамі й гістарычнымі відэадакумэнтамі, заснаваны фільм “У памяці птушак”. У левай частцы падзеленага напалову экрана мы бачым чорна-белыя гістарычныя кадры, чуем галасы сьведкаў падзей—у правай сочым за каляровай хатняй кінастужкай, на якой бачым саму аўтарку ў час, калі ёй было самае большае шэсьць год і калі яна яшчэ ня ведала ні пра якую палітыку. У якасьці бягучага радку відэашэрагі суправаджае штосьці накшталт верша. Створаны кантраст паміж драмай палітычнага й ідыліяй прыватнага жыцьця тычыцца, безумоўна, ня толькі Аргентыны—магчыма, празь некалькі год многія жыхары Беларусі таксама маглі б падпісацца пад нейкі падобны твор.

Відэатворы Прысцылы Монхэ, прадстаўніцы Коста-Рыкі, уражваюць сваёй стылістычнай сталасьцю й экспрэсіўнай шчыльнасьцю. Апісаць іх нашмат цяжэй, чым творы ейных калегаў—гэта трэба папросту бачыць. Сэрыя “Лекцыі макіяжу”, складзеная з 6 кароткіх відэафільмаў, была, з майго гледзішча, найлепшай прадстаўніцай жанру ў кантэксьце выставы. Чаго толькі вартая чорна-белая колькіхвілінная стужка “Як (р)а(с)пранацца”, што выкарыстаньнем досыць простай штукі, паралельным і запаволеным пракручваньнем у адваротнай пасьлядоўнасьці кадраў музычнай скрынкі й жанчыны, якая распранаецца, дасягае амаль гіпнатычнага ўзьдзеяньня (хаця небясьпекі заснуць таксама, бадай, нельга выключыць).

Аргентынец Хорхэ Маккі падыйшоў да справы прасьцей: замест таго каб здымаць уласны фільм, ён пакрамсаў фільм чужы, але зрабіў гэта з элегантнасьцю й досьціпам. Як вы лічыце, ці ільга прагледзець Дрэеравы “Пакуты Жанны Д’Арк” за дзесяць хвілін? Маккі пакідае ад фільму толькі музыку й субтытры (Дрэераў фільм, зьняты ў 1933 годзе, быў нямы), а ў кульмінацыйных момантах на долю секунды прабліскваюць абліччы галоўных пэрсанажаў. Такім чынам, атрымаўся своеасаблівы відэакомікс (амаль) без малюнкаў, зь якога ільга хутка й эканамічна даведацца ўсю гісторыю францускай нацыянальнай гераіні. Што ж, калі гукавыя фільмы маюць саўндтрэк, дык чаму б нямому фільму ня мець “тэкстатрэк”?

Аднак ёсьць у межах відэаарту месца і для традыцыйнага мастацтва—іхная камбінацыя можа быць надзвычайна ўражлівай. Гэта выпадак калумбійскага творцы Оскара Мунёса й ягонай відэаінсталяцыі “Праект аднаго мэмарыялу”. На пяці экранах адначасова мы бачым на працягу якіх 8 хвілінаў, як рука мастака малюе на роўнай бэтоннай паверхні звычайным пэндзлем з дапамогай вады (!) шэраг схематычных рэалістычных партрэтаў, што нагадваюць нярэзкія чорна-белыя фотаздымкі—за нейкі час твар пачынае расплывацца, ператвараючыся ў прывідную маску, а як толькі вада высыхае, мастак пачынае маляваць на ягоным месцы зусім іншы твар. Уражаньне ад такой галерэі зьніклых (фіктыўных?сапраўдных?) мужчынскіх і жаночых абліччаў ёсьць сапраўды незабыўным.

Апрача апісаных твораў у калекцыі знойдзецца ўсё што заўгодна: фотаздымкі, мапы ў выглядзе матрацаў, класічныя карціны—а уругваец Браян Маккэрн нават падараваў музею свой кампутар, на якім на працягу дзесяці гадоў рэалізоўваў сябе ў якасьці піянэра лацінаамэрыканскага вэб-арту... Карацей кажучы, будзеце ў нас у Бадахосе—заходзьце.

© Дылетант, 2005

HA POCTAHI