Макс Шчур

ЗЬВЯЗ ПАТРЫЁТАЎ

У адрозьненьне ад вершаў, я зь неахвотаю публікую свае празаічныя практыкаваньні, як што лічу іх (за выключэньнем, бадай, раману) зусім не мастацтвам, а сродкам забавы і адпачынку. Аднак у гэтым годзе адзін з маіх аповедаў, “Сола Rennt”, быў апублікаваны (дзякуючы намаганьням Віталя Воранава і Марата Клакоцкага, за што ім падзяка) у альманаху эмігранцкай літаратуры—ну што ж, калі “пякельная машына завялася”, то хачу прапанаваць вашай увазе навэлку 4-гадовай даўніны, таксама на “эмігранцкую” тэму. У ёй вельмі шмат запазычанасьці аповедам майго дзеда пра Аргентыну, а яшчэ болей—аповедам Борхэса, і ў пэўным сэнсе—тэкстам Гамбровіча. Загадзя прашу прабачэньня за фактаграфічныя і эстэтычныя хібы ды грахі супраць законаў малавядомага мне жанру. Аўтар.

1.

Абсяг пад блакітным небасхілам быў падзелены напалам: палову займаў зялёны акіян, палову—белае места. У месцы сутыкненьня двух мораў, мора хваляў і мора стрэхаў, якія абое займалі ўвесь акаём і сягалі ажно да далягляду, зь берагу на карабель быў пракладзены тонкі масток, які на кароткі час злучыў між сабою два сьветы: тутэйшы сьвет міру й цішыні й далёкі сьвет, напалову зруйнаваны, спапялёны й вылюднелы ад мору вайны. На людзей, якія скіраваліся з карабля ў порт, пазіралі зь недаверам, нібы тыя былі носьбітамі гэтага мору й зьбіраліся занесьці яго сюды, у шчасную й бестурботную краіну пад субтрапічным сонцам. Партовая ахова была на ўсялякі выпадак узброеная карабінамі.
Людзі пачалі памалу спускацца ўніз, цягнучы на сабе й за сабою, у руках і пад пахамі свае валізы й клункі. Выгляд места й порту іх натхніў, нават крыху напалохаў сваёй бязьмежнасьцю. Яны крочылі асьцярожна, увесь час пазіраючы ўніз і баючыся ступіць не туды. Сярод іх не было жанчын ані дзяцей—гэта былі амаль адны мужчыны сярэдняга веку, некаторыя вельмі маладыя, у кірзавых ботах з запраўленымі пад халяўкі нагавіцамі, у каптурках, у зрэбных кашулях, расшпіленых сьпінжаках—ім было відавочна горача й нязвыкла.
Адзін зь іх, які йшоў наперадзе зь невялічкай зграбнай валізкай, запыніўся, прыклаўшы далонь да твару, каб захіліць пякучае сонца, і ўбачыў унізе вялікі гурт людзей: тыя трымалі ў руках кавалкі чырвонай тканіны й махалі імі, як быццам адганяючы гарачыню. Ён заплюшчыў вочы—чырвоныя анучы не зьнікалі. Уздыхнуўшы, ён рушыў уніз.
З натоўпу пачуліся сьвіст і крыкі на нейкай незразумелай мове:
—Гэй, вы! Фашысты! Чаго прыехалі?
—Едзьце назад! Тут вам месца няма!
—Здраднікі! Дамоў! Пад суд!
У адказ ім пачалі азывацца незадаволеныя крыкі.
—Чаго ж вы ня едзеце?
—Мы тут удома!—крыкнуў хтосьці, але яго заглушылі крыкі:
—Канечне, паедзем! А што? Чаму не?
Першы з падарожных, той што з валізкай, ужо дакрануўся зямлі, упершыню за тры доўгія тыдні—але не пасьпеў ён стаць на яе абедзьвюма нагамі, як нейкі чалавек зь першага шэрагу (магчыма, не зусім цьвярозы), падскочыў да яго й не зірнуўшы яму ў вочы плюнуў у твар.
—Вось табе, падла фашысцкае!
Чалавек зьбялеў. Нічога не адказаўшы, ён павольна ўзьняў руку, выцер рукавом сьліну з твару, выцер руку аб нагавіцы, пасьміхнуўся й нечакана рэзкім рухам заляпіў крыўдзіцелю ў морду. Той ад нечаканасьці не ўтрымаўся на нагах і сеў на сраку. Такога нахабства ад новапрыезджага ніхто не чакаў. Убачыўшы гэткую наравістасьць, сябры пакрыўджанага падляцелі да падарожнага й наваліліся на яго. Бабы ўзьнялі гвалт, чырвоныя сьцягі замітусіліся ў паветры яшчэ больш, чым дагэтуль. Ля самага трапу ўтварылася гурба народу, замінаючы праходу астатніх. Паліцыянты паспрабавалі страляць у паветра, але лезьці ў натоўп не хацелі.
Неўзабаве з другога краю натоўпу скрозь енк і гвалт да трапу пачаў прадзірацца агромністы чалавек пад два мэтры ростам, у белым капелюшы й такім сама гарнітуры—натоўп нечакана лёгка прапускаў яго, таму здалёк ён быў падобны да магутнага плыўца, што расьсякае ўзмахамі рук хвалі людзкіх галоваў. Ён кіраваў да эпіцэнтру сутычкі, дзе чацьвёра дужых малайцоў ўсё яшчэ тузаліся з новапрыбылым хуліганам: з вышыні свайго росту волат добра мог бачыць усю сцэну ад самага пачатку.
—Ану, прэч ад яго, сволачы!—узьняў ён голас.—Зараз усіх у паліцыю паздаю! Я вам дам, сваяка майго лупцаваць! Офіс’яль!
Адзін з нападнікаў, узяты двухмэтровым чалавекам за шкірку, адразу перастаў тузацца й бездапаможна прахрыпеў:
—Прабачце... Я ня ведаў, што гэта ваш сваяк, сэнёр Мялешка...
Усе тыя, што трымаліся ад сцэны наводдаль, з чырвонымі сьцягамі, зарагаталі:
—Бач ты яго... Сэнёр Мялешка... Які ён табе сэнёр? Такі сама беларус, як і ты...

2.

—Дык як вас зваць?—спытаўся Мялешка ў новапрыезджага.
—Паскевіч,—адказаў той. На выгляд яму было гадоў сорак, ня меней.—Скажыце—чаму вы вырашылі за мяне заступіцца?
—Чаму?—зьдзівіўся Мялешка.—А вы б за мяне не заступіліся? Вы былі адзін, іх чацьвёра... Пашанцавала вам, што я там выпадкова апынуўся, ад няма чаго рабіць. На сваіх во вырашыў паглядзець—што за людзі... Пайду, думаю, зірну. Кажуць—адны паліцыянты, калабаранты, фашысты... Уяўляеце, мы тут у сваёй Аргентыне ніколі жывога фашыста ня бачылі! Вы не фашыст, часам? Жартую, жартую... Есьці, дарэчы, хочаце?
Паскевіч паціснуў плячыма.
—Няблага было б...
—То хадземце да аднаго знаёмага італьянца... Тут побач у яго рэстарацыя.
Рэстарацыя была сапраўды побач: праз хвілінаў якіх дзесяць Мялешка ўжо мог з задавальненьнем назіраць, як суайчыньнік наядаецца мінэстрай у чаканьні спагецці.
—Падабаецца?
—Угу,—прамыкаў Паскевіч, гледзячы ў талерку з супам, які ён прагна, але бязгучна глынаў, кладучы мокрую лыжку на кавалак белага хлеба. Ягоныя закарэлыя пальцы крыху трымцелі.
—Доўга ехалі?—амаль ласкава запытаўся Мялешка.
—Вельмі. Я думаў, ніколі не прыедзем. Тры тыдні. Сядалі ў Лівэрпулі. Заходзілі ў Сант’яго-дэ-Куба, у Сан-Паўлу.
—Вось як... І я там быў таксама, калі сюды ехаў. Ажно ня верыцца!
—А вы—даўно прыехалі?—запытаўся Паскевіч, зглынуўшы хлеб.
—Я? О, вельмі даўно! У трыццаць пятым. Мне тады было дваццаць год.
—Малады...—пахітаў галавой Паскевіч, нібы не ўхваляючы ягонага ўчынку.
Мялешка пасьміхнуўся.
—Усе так кажуць. Я тут даўжэй за ўсіх нашых. Уцёк, прызнаюся шчыра, перад Войскам Польскім. Мне гэтага мой гаспадар усё яшчэ дараваць ня можа—паляк. Кажа, ты паляк, мусіў быў за Вэлькон Польскон змагацца, а не ўцякаць. А я яму кажу, што я, па-першае, не паляк, а бланко русо—беларус, значыцца. Па-другое, кажу, чаму ж вы сам за яе не змагаліся? А па-трэцяе, кажу, каб мяне тут не было, дык на кім бы вы цяпер, пане Сікорскі, грошы зараблялі?
Пры слове “грошы” Паскевіч крыху пасур’ёзьнеў і насьцярожыў слых.
—Даруйце за нясьціпласьць... А чым вы тут займаецеся?
—Я? За мяне не хвалюйцеся. Я—прафэсійны баксёр. Эль Грынго, як мяне тут называюць. Таму й ня п’ю—трэнер не дазваляе,—засьмяяўся Мялешка.—Хаця ёсьць тут і лепшыя рэчы. Во, глядзіце: ведаеце, што гэта такое? Кока. Проста з Балівіі—паміж намі...
Паскевіч зірнуў на яго са зьдзіўленьнем і працягваў есьці.
—Мяне тут усе ведаюць!—балаболіў далей Мялешка, які відавочна быў у добрым гуморы.—Эль Грынго, браце—гэта клас. Стаў грошы—ніколі не прайграеш! Ведаеце, колькі ўсе тут вінаватыя гэтым во кулакам? Ня верыце? Хочаце сам пераканацца? Тады прыходзьце ўвечары ў клуб “Арэна”—у мяне там сёньня бой з Эль Рабьёсо. Прыйдуць усе вядомыя тут суайчыньнікі—палякі, украінцы, рускія... У каго грошы ёсьць, зразумела. Таксама, дарэчы, можаце паставіць! Хаця, насамрэч, ня раю,—шапянуў ён і дадаў:—Сёньня я павінен прайграць.
Паскевіч толькі стрымана пасьміхаўся ягонай узбуджанасьці й ахвочасьці да размовы.
—Наогул, тут праца ёсьць?—спытаўся ён, даеўшы й запіўшы ежу смачным, моцным віном.
Мялешка пахітаў галавой.
—Амаль няма. Толькі чорная работа. Але вы не хвалюйцеся. Спадзяюся, у вас ёсьць нейкія сродкі на першы час? Вось і выдатна. Жыць можаце пакуль што ў мяне...
—Дзякуй, канечне... Вялікі дзякуй. Але можа, я ўсё-ткі ў гатэль...
—Кіньце, які гатэль! У мяне месца хопіць. Будзеце мне за кампанію... Толькі ў мяне будзе да вас адна просьба,—дадаў ён пасьля кароткага роздуму.
—Якая?—зь недаверам зірнуў на яго Паскевіч.
—Ведаеце, вельмі мне той ваш удар спадабаўся!—натхнёна й крыху нясьмела сказаў Мялешка.—Зьнізу, у ськівіцу—вельмі разумна, і добра выканана! Дык вось, я й падумаў... Можа, зойдзеце са мной на трэнінг? Я вас трэнеру пакажу. Таксама баксаваць паспрабуеце—от і будзе вам праца... Га?
—Згода,—паціснуў плячыма Паскевіч.—А калі—трэнінг?
—Заўтра раніцай. Але спачатку—бой!

3.

Як і прадказваў Мялешка, матч скончыўся ягонай паразай. Эль Раб’ёсо адным ударам паклаў яго ў шостым раўндзе—як падалося некаторым, непраўдападобна лёгка. Абураны натоўп роў, як шалёны—Паскевіч ня мог гэтага вытрымаць: гэта нагадвала яму гук бамбёжкі, таму ён выйшаў на паветра, запаліць. На двары было цёмна й цёпла. Па шырокім праспэкце перад будовай “Арэны” праязджала мноства машын, сям-там ішлі парамі прыгожа апранутыя цёмнаскурыя людзі, што сакаталі на незразумелай, але прыгожай мове. Места Паскевічу падабалася.
—А во дзе ён!—гукнуў яго Мялешка.—Ты дзе хаваесься? Куды зьнік? Бой хоць бачылі?
—Часткова...—паціснуў плячыма Паскевіч.—Яны так крычалі...
—Незадаволеныя! Усе, ведама ж, паставілі на мяне. А скулу ім у бок! Прайграваць таксама трэба ўмець. Мне гаспадар ужо зусім хутка плаціць перастане, калі ўвесь час буду выйграваць...—Мялешка быў пасьля душу, але ўсё яшчэ разгарачаны.—Сёньня ўсе знакамітасьці былі—шкада, што я не пасьпеў вам нікога паказаць... Ды нічога, яшчэ пасьпеем. Заўтра будзе вечарына нейкага там іхнага Зьвязу Патрыётаў, казаў Галавач, там нібыта павінны быць усе нашыя... Уф, намучыўся я зь ім, з гэтым Рабьёсо! Але ж нарэшце—вольны! Хадземце, Паскевіч—зойдзем у адну пульпэрыю...
—А гэта што? Бардэль, так?
Мялешка разрагатаўся.
—Ну, не зусім—бардэлі тут забароненыя... Не, пульпэрыя—гэта кшталт карчмы. Там можна пасядзець, піва выпіць ці яшчэ чаго... Хадземце, адзначым мой фінансавы посьпех! Сёньня я зарабіў дастаткова...
Пасьля бою Мялешка мог сабе дазволіць крыху падпіць. Відаць было, што яго тут сапраўды ледзьве ня ўсе ведалі, бо ледзьве ня з кожным ён здароўкаўся, рукаўся й перакідваўся колькімі словамі ў тутэйшай мове. Верагодна, усе яму спачувалі, таму што час ад часу Мялешка зьмяняў усьмешку ў твары на скрушны выраз пакаяннага грэшніка. На размову з Паскевічам у яго амаль не было часу, але той быў гэтаму, шчыра кажучы, рады. Яму падабалася сядзець тут і памалу сёрбаць піва. Тут было спакайней, чымся ў “Арэне”, і не было столькі сьвяточна апранутых людзей—усе выглядалі звычайна, сьціпла, амаль як да вайны ў іх у Маладэчне.
—А, Росіта!—зьвярнуўся Мялешка да прывабнай чарнявай красуні, апранутай, на Паскевічаў густ, крыху занадта адважна.—Кэ асэс ака? Бэн, тэ прэсэнто а м’яміго Ніколас...
Росіта паслухмяна падыйшла да Мялешкі—той адразу ж абняў яе за стан і засьпяваў опэрным голасам:
“Кон эста сэнёрыта мэ к’еро касар,
кон эста сэнёрыта дэ Сан Ніколас.
Кон эста сі, кон эста но,
кон эста сэнёрыта мэ касо жо...”
Неўзабаве яны пачалі цалавацца, і Паскевічу зрабілася крыху няёмка побач зь імі. Ён пачуваў сябе тут насамрэч чужым—яму не было зь кім размаўляць, бо ён ня ведаў тутэйшай мовы. Мялешка заўважыў гэта, зьлітаваўся над ім і адпусьціў ад сябе Росіту, якая адразу ж перайшла да нейкага іншага дзецюка за суседнім столікам.
—Ну, чаго такі сумны?—паклаў Мялешка руку на плячо Паскевічу.—Калі вам патрэбная жанчына, дарэчы—не саромцеся,—шапянуў ён на вуха суайчыньніку.—Росіта зробіць для мяне ўсё. Значыцца—і для вас таксама.
Паскевіч крыху сумеўся й пакруціў галавой, нічога не адказаўшы.
—Дарэмна, дарэмна...—крыху расчаравана ўздыхнуў Мялешка, але адразу ж зьмяніў настрой.—А вунь, каго я бачу! Рагулін! Блакітная кроў! Ану хадзі сюды, стары чорт! Я сёньня фундую!
Пачуўшы гэтыя словы, ад аднаго са сталоў паслухмяна ўзьняўся немалады ўжо чалавек, апрануты не па-тутэйшаму, дый наогул ня надта зграбна. Ягоны зарослы й падпіты твар выдаваў чалавека славянскага паходжаньня.
—Тут шмат рускіх,—патлумачыў Мялешка.—Змагароў за цара й ацечаства, усё такое. Белагвардзейцы. Мяне былі зь імі часта блыталі на пачатку... “Белы рускі”, казалі. Затое абыходзіліся як з чалавекам—спачувалі... Ну, здароў, здароў, Рагулін! Даўно цябе ня бачыў... Што новага ў сьвеце? Бачыш, казаў я табе, што немцы зь японцамі вайну прайграюць, га? Казаў?
Рагулін нічога не адказаў на ягоныя кепікі, а моўчкі далучыўся да іх. Мялешка хуценька пазнаёміў яго з Паскевічам, замовіў яму шклянку хінэбры, а сам адыйшоўся некуды ўбок, да нейкіх сваіх знаёмых, якіх у яго была процьма. Ані Паскевіч, ані Рагулін, трэба сказаць, ня мелі асаблівай цікавасьці адзін да аднаго, таму сядзелі практычна моўчкі, адзін—папіваючы піва, другі—хінэбру.
Неўзабаве за сталом, да якога падсеў Мялешка, узьняўся нейкі шум. Гучныя галасы мясцовых заўсёднікаў асабліва часта выкрыквалі мянушку “Эль Грынго”. Сярод іх вылучаўся адзін сярэдняга росту мужычок у капелюшы й накінутай на плечы коўдры, які паказваў на Мялешку пальцам і гучна нешта крычаў з зусім не сяброўскім выразам у твары. Мялешка толькі круціў галавой і пасьміхаўся.
—Чаго ён хоча?—запытаўся ў Рагуліна Паскевіч, які пачаў крыху турбавацца за Мялешку.
—Сатысфакцыі,—адказаў Рагулін, але бачачы, што Паскевіч не разумее, зь неахвотай патлумачыў:—Кажа, што сёньняшняя ягоная параза была дамоўленая. Што яны, маўляў, усё ведаюць: паляк падманвае... Шмат хто зь іх сёньня паставілі на Мялешку й засталіся бяз грошай. Адным словам, дурні. Канечне, паляк падманвае. На тое ж ён і паляк...
—І што цяпер будзе?—пацікавіўся Паскевіч.
—Біцца будуць,—абыякава адказаў Рагулін, схіляючыся да шклянкі з хінэбрай і нават не пазіраючы ў той бок.
Сапраўды, той, што чапляўся да Мялешкі, выхапіў аднекуль з-пад пахі доўгі сьцізорык і нешта пачаў крычаць на Мялешку.
—Што ён крычыць?—зноў спытаўся Паскевіч.
—Крычыць, каб Эль Грынго ўзяў наваху. Нож, значыцца.
—Наваху, кажаш?—узьняў тут Мялешка голас на ўсю карчму, падбадзёрваючы сам сябе па-беларуску, і зухавата падміргнуў Паскевічу з Рагуліным.—На халеры мне твая наваха? Я табе зараз і без навахі пакажу, дзе ракі зімуюць!
Падпіты компадрыто зрабіў крок наперад і пачаў махаць навахай перад Мялешкам. Усе адступіліся ад іх, утварыўшы пасярэдзіне карчмы кола. Мялешка крыху сагнуўся, як у баявой пазіцыі, і прыкрыўся рукамі. Ягоныя рухі былі лёгкімі—зусім не такімі, як сёньня падчас бою. Компадрыто, выглядала, таксама ня быў пачатковец—двойчы лязо ягонай навахі мільганула каля самага носу Мялешкі. Аднак тут пад самым ягоным носам мільгануў Мялешкаў кулак, кіруючыся проста ў лоб компадрыто, і той грымнуўся на падлогу як забіты, выпусьціўшы з рук наваху.
—Гатовы,—задаволена адзначыў Мялешка, паціраючы кулак.
Пульпэрыя зараўла ад задавальненьня:
—Віва Эль Грынго! Эль Грынго вэнсэдор! Брындо пор Эль Грынго!
—Сіла ёсьць—розуму ня трэба,—пракамэнтаваў буркатлівы Рагулін, які ў адрозьненьне ад Паскевіча бачыў гэтую сцэну ня ў першы раз.

4.

На наступны дзень Паскевіча пабудзіў голас Мялешкі:
—Уставай, бадзяга! Лежань, піяка! Час заняцца спортам!
—Якім спортам?—не зразумеў Паскевіч.
—Як якім? Боксам! У нас сёньня трэніроўка—забыўся, ці што? Ану, за мной! Бегма!
—А апрануцца?
—Якое апранацца—на вуліцы горача! Бегаць трэба ў сподніках! Ану, раз-два!
Дужацца зь Мялешкам у бегу было катаваньнем: мала таго, што ён быў дужы, як вол, дык яшчэ й даўгалыгі. Беганіна па вуліцах Бўэнос-Айрэсу зусім не была Паскевічу даспадобы.
—А гэта—Тэатро Колон!—крычаў на ўсё места Мялешка, паказваючы ў бок шыкоўнага вялікага будынку.—А гэта—Рывадавія!
Паскевічу было горача. Чужыя назвы мільгалі ў ягонай галаве, як твары сустрэчных, як самі гэтыя месцы. Але ён нічога ня бачыў—пот заліваў яму вочы, дыхаць не было чым. Але самае галоўнае—ён нечувана саромеўся свайго выгляду.
Нарэшце, Мялешка ўбачыў, што Паскевіч адстаў амаль на трыста мэтраў і спыніўся, таму зьлітаваўся над ім, і рэшту шляху яны дайшлі пешкі.
—Для пачатку—добра,—сказаў ён, як быццам зусім не задыхаўшыся.—Галоўнае, што мы ўжо прыйшлі.
Аднак трэніроўка ў Паскевіча ня выйшла. Пасьля такога ранішняга бегу ён здолеў сабрацца зь сілай толькі пад канец, калі ў яго атрымалася даць пару пекных удараў нейкаму вялікаму індэйцу, які пасьля іх захістаўся й нават мусіў абаперціся на тлустыя канаты, каб ня ўпасьці. Хтосьці зааплядаваў—Паскевіч азірнуўся і ўбачыў маленькага чалавека ў кароткіх нагавіцах і тонкім спартовым швэдары.
—Малайчына, Мікола!—гукнуў яго з рогу Мялешка.—Хадзем, пазнаёмлю цябе з гаспадаром нашага клюбу. Вось, пане Сікорскі, гэта мой таварыш зь Беларусі,—сказаў Мялешка, мяшаючы польскія, беларускія й гішпанскія словы.—Прыехаў толькі сёньня, параходам праз Англію. Уцёк ад Саветаў.
—Значыцца, фашыст?—зірнуў на яго зь недаверам паляк.
—Ну што вы, пане Сікорскі! Былы партызан, Армія Краёва! Прывёў вам паказаць, на што ён здольны... Самі бачыце—талент!..
Сікорскі прымружыў вочы:
—Удар неблагі... Але яму ўжо ня дваццаць, сам разумееш. І фізічная кандыцыя ня тая, што трэба...
—Але ён будзе працаваць над сабой! Пад маім кіраўніцтвам! Праўда, Паскевіч?—штурхнуў яго пад бок Мялешка. Аднак Паскевіч нічога не сказаў, а пачаў моўчкі раскручваць бінты на руках.
Гаспадар прымружыў вочы, паціснуў плячыма і сказаў:
—На трэнінгі хай прыходзіць. Але ня ведаю, ці пастаўлю яго калі на бой... У бліжэйшы час—дакладна не. Хай асабліва не спадзяецца...
—Бачыш, як усё добра!—падбадзёрваў Паскевіча Мялешка.—На трэнінгі можаш хадзіць! Плаціць пакуль ён табе ня будзе, але праз год які—пабачыш, які прагрэс будзе! Пакуль, канечне, прыйдзецца знайсьці табе якую працу... Але гэта нічога, ты малайчына—вытрымаеш...
—Дзе мы?—запытаўся ў яго замучаны Паскевіч, якому пачынала паступова абрыдаць цяганьне за Мялешкам па ўсім месьце, гэтаксама як і ягоная аптымістычная балбатня. Яны толькі-толькі былі выйшлі з омнібусу й апынуліся ў мясьцінах, зусім не падобных да рэшты места.
—У Кільмэсе, братка. Ну, чаго такі сумны? Зараз пазнаёмлю цябе з адным цікавым чалавекам... Галоўным тутэйшым камэдыянтам сярод усіх нашых...
Хвілінаў празь дзесяць хады яны наблізіліся да невялічкай хаткі зь нейкай фанеры, якая нагадвала хутчэй будан, чымся хатку, і патанала ў зялёных зарасьцях недагледжаных пладовых кустоў і дрэваў. Плоту не было, толькі калітка—якая вісела на адным-адзіным бэтонным слупе й не зачынялася. Дзьверы ў хатку былі адчыненыя наросхрыст.
—Здароў, Бяляцкі!—гукнуў з парогу Мялешка.—Ола, чэ! Комо эстас, амігасо?
—Мас о мэнос,—буркатліва адказаў чалавек, якога было напалову не відаць з-за вялікай шафы, што стаяла дакладна пасярэдзіне адзінага ў хатцы пакою.—Добры дзень.
—Горача сёньня, га? Во, пазнаёмся! Гэта Мікола Паскевіч—баксёр-пачатковец. Учора прыехаў з Эўропы.
—А, добры дзень!—захітаў галавой Бяляцкі, высоўваючы твар з-за шафы.—Выбачайце, рукі брудныя, не павітаюся як сьлед...
Паскевіч заўважыў, што гаспадар хацінкі схіляецца над нейкім дзіўным прыстасаваньнем, што нагадвае сабой невялічкае піяніна: у скрынках, парасстаўляных перад ім, былі маленькія чорныя літары.
—Што набіраеш? Зноў сам сябе?
Бяляцкі паціснуў плячыма.
—Гэтым разам не. Во,—і працягнуў Мялешку рукапіс у невядомай мове.
—Па-японску?
—Па-латыску. Мушу друкаваць. Іншых замоваў няма. Што зробіш. А вы адкуль прыехалі?—зьвярнуўся гаспадар да Паскевіча.
—З Англіі, чэ,—адказаў за Паскевіча Мялешка.—Не абы што.
—Дык вы па-ангельску ўмееце?—зацікаўлена спытаўся Бяляцкі.
—Крыху ўмею,—сьціпла адказаў Паскевіч.—Пару словаў...
—Сапраўды? То можа, маглі б мне, прынамсі, тэксты для набору дыктаваць?
—Ну, ня ведаю... Можа, і мог бы...
—Ты мне баксёра да сябе не перацягвай!—умяшаўся Мялешка.—Бач ты яго! Бачыш, Паскевіч—працы ні ў кога няма, а ў цябе адразу дзьве! І ні на адной ня плоцяць, што самае цікавае! А ў Бяляцкага яшчэ й сам вінаваты застанесься...—Мялешка ўзяў сабе крэсла й сеў на яго асьцярожна, каб не зламіць яго сваёю вагой. Было відаць, што ён ёсьць у Бяляцкага частым госьцем.
—Дык як там, на радзіме?—запытаўся Бяляцкі Паскевіча.
Паскевіч паціснуў плячыма.
—Ня ведаю, шчыра кажучы. Ня быў там ужо тры гады.
—Тры гады? А дзе ўвесь гэты час?
—У Нямеччыне. На мусовай працы.
—А-а.
—Потым год у Англіі—пасьля вызваленьня...
—Бадзяецца во чалавек...—пакруціў галавой Мялешка.—Вайна тая чортава.
—А ў Беларусі—сваякі засталіся?—запытаўся Бяляцкі.
—Не. Бацькі памёрлі яшчэ за палякаў, перад вайной...
—Карацей, ні кала, ні двара,—зноў умяшаўся Мялешка.—Цудоўны пачатак. Не хвалюйся, тут ува ўсіх так, Мікола. Ува ўсёй Амэрыцы. Да нас, белых людзей, тут таксама ні халеры не было. Адны індэйцы. Дзікуны, значыцца, канібалы...
—Дарма ты так пра індэйцаў, Мялешка,—адзначыў Бяляцкі.—Я сярод іх жыў—дабрэйшых людзей у сьвеце не сустракаў. Вельмі да нашых беларускіх сялянаў падобныя, на мой погляд. І іх таксама эўрапейцы спайваюць, як і нас...
—Навошта нас спайваць? Мы самі каго хочаш споім... Праўда, Мікола?
—Раней, да прыходу маскоўцаў, мы столькі не пілі. Гэтаксама індэйцы зараз сьпіваюцца...
—Ат, індэйцы! Ты яму распавядзі, Мікола, што з намі ўчора было! Не саромся, распавядзі—ён пра цябе апавяданьне напіша.
—Што было?—запытаўся з-пад акуляраў Бяляцкі.—Зноў пабіліся?
—І яшчэ як!..
Як толькі Мялешкаў аповед скончыўся, гэтаксама як і прапанаваная гаспадаром чорная гарбата бяз цукру, настала нязручная паўза. Паскевіч адчуваў, што Бяляцкі імкнецца даць усім сваім выглядам зразумець, што адведкі яму крыху недарэчы, бо ў яго шмат працы й няма часу на балбатню. Але Мялешка ўмеў знайсьці выйсьце зь любой сітуацыі:
—Можа, пачытаеш што, Бяляцкі? Дзеля знаёмства...
Бяляцкі завагаўся. Але паколькі, відаць, іншай нагоды пачытаць свае вершы суайчыньнікам уголас у яго не было й яшчэ доўга не прадбачылася, ён паддаўся гэтай спакусе.
—Ну добра. Прачытаю адзін вершык—з апошняга. Урывак з паэмы “Трансакіянія”...
Калі ён скончыў, ягоныя слухачы ўсё яшчэ, здаецца, чакалі працягу, таму заапладавалі са значным спазьненьнем. Мялешка, каб не падацца невукам, на ўсялякі выпадак удакладніў:
—Гэта—аб чым, наогул?
—Аб радзіме. Беларускі ультраізм. Чулі пра такую плыню? “Проа” трэба чытаць, спадарства...
—Няма нам калі чытаць!—уздыхнуў са шкадаваньнем Мялешка.—Ты лепш скажы: на вечарыну Беларускага Зьвязу Патрыётаў сёньня прыйдзеш?
Бяляцкі гмыкнуў.
—Зноў Галавачу няма куды грошы падзець?
—Гэта ягоная справа, не?
—Не, не пайду. Я зь ім ня ў добрых стасунках.
—Чаму гэта раптам?—зьдзівіўся Мялешка.—Бо не друкуюць твае вершы ў сваіх улётках? Ды наплюй ты на іх! Табе гэта патрэбна? Ты ж вунь, сам сабе друкар! Незалежны чалавек. На во, колькі пэсо, дарэчы... На культуру. Я хоць вершаў тваіх, Бяляцкі, не разумею, але люблю цябе—харошы ты чалавек.
Бяляцкі нахмурыўся й нічога не адказаў, нібы не заўважыўшы Мялешкавай прапановы.
—Хадзем, кажу, хоць пасьмяемся!—працягваў Мялешка.—Чуеш, Скарына?
—Не, не магу,—адказаў Бяляцкі.—Я яму шмат вінаваты.
—От! А хто яму не вінаваты? Я яму таксама вінаваты...
—Ты??
—А ты што думаў, браце? Я не чалавек?
—А чаго тады раскідаесься? О дзе мне мецэнат знайшоўся! Хай даюць тыя, у каго няма куды падзець...
—Не хвалюйся, мы зь ім свае людзі—дамовімся як-небудзь. Хадзем, хоць пад’ямо задарма!
—Не, не пайду.
—Ну, то глядзі, як хочаш,—уздыхнуў Мялешка.—То мы тады пойдзем. Заходзь, калі што.
—Ты ж ведаеш—у мяне працы шмат...
—Ведаю, але на бой які прыйсьці мог бы хоць раз у жыцьці...
—Не люблю я гвалту. Кроў, пот... Ды яшчэ й за грошы... Агідна.
—Ну, глядзі сам. Мая справа цябе запрасіць. Пакуль, бывай здаровы.
—І вы бывайце.

5.

Па-над вячэрнім Палэрмо паўставала вялікая белая віла, чые калюмны былі ўпрыгожаныя двума сьцягамі: аргентынскім і яшчэ адным, які Паскевічу быў добра знаёмы—беларускім. На двары перад ёю стаяла нават некалькі дарагіх аўтамабіляў—такія Паскевіч шмат бачыў у Нямеччыне. Сама віла, трэба сказаць, не зрабіла на яго асаблівага ўражаньня, бо нагадвала сабой звычайны панскі маёнтак, якіх у Заходняй Беларусі было шмат.
—От мы дзе зараз, братка, пад’ямо!—шматабяцальным тонам казаў Мялешка.—Бач, як добра мець багатых знаёмых—усюды цябе запросяць, грошы мець наогул не абавязкова! Гэтая віла належыць самаму багатаму з тутэйшых беларусаў—Галавачу.
—А хто гэта?—спытаўся Паскевіч, без асаблівай цікавасьці.
—Галавач—уладар казіно,—тлумачыў Мялешка.—Я ў яго адзін час рабіў ахоўнікам. Выкідалам, значыцца. Але потым сыйшоў—не пагадзіліся мы зь ім.
—З-за чаго?—пацікавіўся Паскевіч.
—Ат-т... З-за жанчыны, браце. Праўда, даўно было—цяпер ужо ўсё ў парадку. Файны ён, насамрэч, чалавек.
—Даўно ён тут?—спытаўся Паскевіч.
—Ды не. Гады два, ня болей.
—А адкуль прыехаў?
—Ведаеш, я такімі дэталямі не цікаўлюся,—крыху раздражнёна адказаў Мялешка.—Дый справы мне да гэтага ніякай няма. Камуніст, фашыст, каталік, праваслаўны, беларус, кітаец—мне ўсё адно. Прыехаў—і прыехаў. Ці то з Польшчы, ці то з Францыі, ці то зь Італіі. Галоўнае, што грошы ў яго ёсьць. Тут, у Амэрыцы, усё пачынаецца з нуля. Бяляцкі мне распавядаў, што ў Індыі рака такая ёсьць—там раз за сто гадоў ільга ўсе грахі змыць. Дык вось, так і тут. Я ж цябе, напрыклад, не пытаюся, ці праўда ўсё тое, што ты мне тут наконт Нямеччыны нагаварыў? Хто цябе ведае? Камуністы-беларусы між сабой гавораць, што вы ўсе—паліцаі й здраднікі. А мне што? Мне ўсё адно...
Бальшыня гасьцей ужо была на месцы й нецярпліва чакала пачатку ўрачыстасьці. Паскевіча зьдзівіла, што на вечарыне былі амаль усе тыя, хто прыехаў зь ім на адным караблі. Некаторыя зь іх пазналі Паскевіча, падыйшлі.
—Вітаю, вітаю! Ну, як вы? Ня надта яны вас пашматалі?
—Ды не, усё добра. Вунь, сэнёр Мялешка мяне ўратаваў...
—Што, уладкаваліся ўжо дзе-небудзь?
—Ды пакуль што яшчэ не...
У салоне перад лесьвіцай, дзе стаялі гурткі запрошаных, было вельмі шумна. Цэнтрам агульнай увагі ад самага пачатку быў гаспадар дома, які пераходзіў ад аднаго гуртка да другога, з кожным вітаўся й абменьваўся колькімі словамі. Неўзабаве, дайшла чарга й да сьціплага Паскевіча, які стаяў у кутку, так і не далучыўшыся да ніводнага з гурткоў. Калі б не Мялешка, ягоная прысутнасьць, бадай, так і засталася б незаўважанай.
—Вось, сэньёр Галавач, знаёмцеся,—паказаў на яго гаспадару Мялешка, шырокім жэстам адштурхнуўшы сяго-таго з эмігрантаў.—Мікола Паскевіч, беларускі патрыёт. Толькі прыехаў да нас з Англіі.
—Ага, з Англіі!—пахітаў галавой Галавач, невысокі лысаваты чалавек з чэравам і ў пэнснэ, кідком пазіраючы на Паскевіча.—Ведаеце Мерляка?
—Безумоўна,—пацьвердзіў Паскевіч, пасьміхнуўшыся.—Мы зь ім разам у лагеры для ваеннапалонных былі...
—І як у яго там справы?—запытаўся арганізатар вечарыны.
—Нічога, няблага. Хутка зьбіраецца сюды прыехаць, дарэчы...
—Выдатна, выдатна...—паляпаў Паскевіча па плячы гаспадар.—Тут усё толькі пачынаецца. Аснова ёсьць, але працы шмат. Будзе яму чым заняцца... Ну, добра, яшчэ пагаворым. Даруйце, мне трэба...
—Нічога, нічога...—замармытаў Паскевіч.
—А ты зайдзі да мяне, Мялешка,—крануў Галавач за плячо баксёра.—Ня зараз, а потым, як паямо ды танцы пачнуцца...
—Дык і танцы будуць?—узрадаваўся Мялешка.—Ну, гэта ж проста нечувана! Канечне, зайду!
Галавач адыйшоўся ад іх і зьнік у натоўпе гасьцей.
—Ну, віншую, браце!—ляпнуў Паскевіча па плячы Мялешка.—Малайчына, не разгубіўся!
—Чаго мне губляцца?—паціснуў плячыма Паскевіч.
—І Мерляка там нейкага прыплёў! Ну, вялікія ў цябе вялікія перспэктывы! Цяпер ты Галавачоў найлепшы сябра! Я табе кажу—я яго ведаю... Ну, хадзем, бо зараз пачнецца.
Усе перайшлі ў суседняе памяшканьне, дзе іхным поглядам адкрылася зачаравальная перспэктыва ўрачыстай і пышнай вячэры. Пасярод вялікай і добра асьветленай электрычнасьцю залі стаяў даўжэзны стол, на якім былі лангусты, кальмары, мідыі й іншая падобная брыдота, якой Паскевіч раней у вочы ня бачыў, нават у Англіі, ня кажучы ўжо пра Нямеччыну. Паўсюль віселі бел-чырвона-белыя сьцягі, “Пагоні”, блакітныя кветкі. Гаспадар запрасіў усіх сядаць—пачалося невыноснае грукатаньне талерак, прыбораў і шкла. Каля гасьцей пачалі завіхацца пакаёўкі, разьліваючы ім шампанскае—гэта таксама былі беларускі зь мясцовых. Амаль усіх іх Мялешка, зразумела ж, ведаў, таму адразу прычапіўся да адной і пачаў да яе заляцацца. Ягоную забаву, аднак, перапыніла грукатаньне відэльца па крышталёвым фужэры.
—Дарагія суайчыньнікі й госьці!—зьвярнуўся да прысутных Галавач.—Вітаю вас на першым паседжаньні Беларускага Зьвязу Патрыётаў. Мы ўсе сыйшліся тут у цяжкі для нас момант гісторыі, калі нашая Бацькаўшчына стогне пад прыгнётам бальшавіцкай навалы. Краіна спустошаная вайной, але змаганьне працягваецца. Беларуская Цэнтральная Рада не спыніла сваю дзейнасьць. Ейныя філіі ўзьнікаюць зараз па цэлым сьвеце...
Прамова была доўгай і сканчалася заклікам “Вып’ем за незалежную Беларусь!”. Усе выпілі, потым пад’елі, потым зноў выпілі. Потым прамовілі госьці: прадстаўнік аргентынскай улады, за ім прадстаўнік Украінскага зьвязу. Выпілі за сяброўства аргентынскага й беларускага народаў, за здароўе сэнёра прэзідэнта Пэрона. Адзін з тых, што прыехалі разам з Паскевічам, пачаў чытаць свае вершы. Пад чмоканьне якой паўсотні сківіцаў яны гучалі, насамрэч, надзвычай мілагучна.
Пачастунак, трэба сказаць, сапраўды быў нічым ня горшы за паэзію. На стале мяшаліся беларускія й аргентынскія стравы: побач зь цялячым мясам стаялі дранікі, побач з марской рыбай—мачанка... Ад такога мноства Паскевічу рабілася млосна, ды яшчэ й Мялешка шаптаў яму над вухам:
—Пакаштуй смаўжоў, браце! З воцатам—боская рэч! Ад грыбкоў марынаваных не адрозьніш!... Ты не глядзі, што яны яшчэ жывыя—гэта нічога! Ты іх тычкай прапхні, яны й перастануць тузацца...
Паскевічу карцела пакаштаваць дранікаў з мачанкай, аднак Мялешка пераканаў яго ўзяць смаўжоў. Узяўшы іх у рот, Паскевіч адразу захацеў іх выплюнуць, але не было куды, таму ён, душачыся сьлязьмі, мусіў іх праглынуць.
—Ну, як?—цікавіўся Мялешка.—Смачныя?
Пасьля двух-трох кілішкаў гарэлкі Паскевіч крыху разьняволіўся й асьмялеў, пачаўшы есьці ўсё, што было вакол, асабліва не зважаючы на выгляд стравы. Суседзі пазіралі на яго зь некаторым зьдзіўленьнем. Мялешка балбатаў з усімі суседзямі адначасова, на ўсіх мовах—беларускай, гішпанскай, італьянскай...
Няма дзіву, што праз паўгадзіны такога ўсеядзеньня Паскевічу зрабілася зусім блага.
—Млосна мне,—прызнаўся ён Мялешку.—Мушу ў прыбіральню.
—Перабраў ты, браце!—жартаўліва паляпаў яго па плячы Мялешка, які пры сваёй вазе й пастаці мог піць ажно да самае раніцы, прычым усё адно што.
—Пераеў,—удакладніў Паскевіч, якому было зусім не да жартаў.—Дзе тут прыбіральня?
—Спытайся ў дзяўчат, яны табе пакажуць... Ці мне цябе правесьці?
—Ды не, ня трэба... Я ўжо як-небудзь сам...
Неўзабаве вячэра скончылася—гаспадар запрасіў усіх назад у салон зь лесьвіцай, дзе павінны былі адбыцца танцы. Усе, зразумела ж, паслухаліся ягонага гасьціннага загаду. Руска-украінскі белагвардзейскі аркестар зайграў танго. Як і варта было чакаць, ніхто з эмігрантаў ня ўмеў яго таньчыць, таму ўсе напачатку стаялі й толькі слухалі. Мялешка, які спачатку хацеў быў запрасіць адну з пакаёвак, нарэшце ўсё-ткі вырашыў скарыстаць гэты момант, каб узьняцца ў габінэт да Галавача, якога сярод гасьцей не было. Спачатку справы, сказаў ён сабе, забава потым.
Пасьля першага прыпеву танго спынілася й загучала полька. Што тут пачалося! Нават старэйшыя з гасьцей, што спачатку ставіліся да танцаў скептычна, пусьціліся ў скокі. Паны танцавалі са сваймі панямі, новапрыбылыя эмігранты з пакаёўкамі... Карацей, усім было вясёла, а калі полька скончылася, усе аб гэтым вельмі шкадавалі, гучна аддыхваючыся й адфукваючыся ў нязвыклай вячэрняй гарачыні.
Быў абвешчаны перапынак. Пакуль аркестар прыймаў замовы, набіраўся натхненьня з высокіх фужэраў і думаў, што зайграць далей, на сярэдзіну салону выбегла адна з пакаёвак і пракрычала нешта незразумелае. Толькі калі ўсе прыціхлі й прыслухаліся да ейнага дрыготкага высокага голасу, яны змаглі добра пачуць ейныя словы:
—Галавач! Мялешка застрэліў Галавача!
Госьці пачалі азірацца адзін на аднаго, успрыняўшы гэта, зразумела, як дурны жарт. Але тут на лесьвіцы зьявіўся Мялешка: ягоная белая кашуля была ўся ў крыві. Убачыўшы гэта, пакаёўка голасна заякатала й страціла прытомнасьць.
—Грайце, грайце!—махнуў Мялешка рукой на аркестар.—Я выклічу паліцыю!
Ніхто не наважыўся яму супярэчыць.

6.

—Чулі, што сталася?—запытаўся на наступны дзень Бяляцкі ў Паскевіча, калі той нечакана зноўку зайшоў наведаць яго на вуліцу Доррэго.—Нашага сябра Мялешку абвінавачваюць у забойстве.
—Жартуеце?—не паверыў Паскевіч.
—Дзе там!—Бяляцкі разгарнуў артыкул у “Ла Насьён” і паказаў Паскевічу. Той вылупіў вочы, як баран на новыя вароты. Бяляцкі ўзгадаў, што ён яшчэ не разумее па-гішпанску.—Будзеце матэ?
—Не, я лепей гарбаты...
Начапіўшы на нос акуляры, Бяляцкі пачаў бегла перакладаць Паскевічу артыкул сваім роўным, незьбянтэжным, невыразным голасам:
—“Правадыр беларускіх патрыётаў забіты. 15-га сьнежня 1947-га года, Бўэнос-Айрэс. Учора ўвечары на віле “Эстрэлья” ў квартале Палэрмо, вуліца Комодоро Рывадавія, 545, падчас урачыстага паседжаньня Беларускага Зьвязу Патрыётаў, на якім прысутнічаў, сярод іншых, прадстаўнік ураду Аргентынскай Рэспублікі сэнёр Домінго Фэррара, здарылася няшчасьце: быў застрэлены старшыня Зьвязу, сэнёр Басільё Галавач. Галоўным падазроным ёсьць знаёмы сэнёра Галавача, баксёр Антоньё Мялешка, вядомы шырокай грамадзкасьці як “Эль Грынго”. Пакаёўка, сэнёрыта Шашалевіч, якая ёсьць галоўным сьведкам абвінавачаньня, засьпела яго, як ён выходзіў з габінэту сэнёра Галавача неўзабаве пасьля стрэлу. Матывы злачынства высьвятляюцца. Паводле эксклюзіўных інфармацыяў, Мялешка быў вінаваты ўласьніку казіно “Пале-Рояль” Галавачу каля 30 тысячаў пэсо. Таксама ня выключана, што ён мог прыняць грошы ад камуністычных агентаў, што даўно шукалі магчымасьці пазбавіцца сэнёра Галавача. Аргентынскі ўрад і асабіста прэзыдэнт Хуан Домінго Пэрон выказваюць спачуваньні беларускім патрыётам.” Што вы на гэта скажаце?
—Жах,—прамовіў агаломшаны Паскевіч.—Небарака Мялешка.
Бяляцкі пакруціў галавой, сёрбаючы траву.
—Не магу паверыць. Каб Мялешка кагосьці забіў? Неверагодна. Шкада, што я ўчора з вамі не пайшоў... Але паслухайце: вы маглі б дасьведчыць на ягоную карысьць! Вы ж там учора былі, не?
—Быў...—няўпэўнена адказаў Паскевіч.—Але я нічога ня бачыў.
—Як гэта?
—Мне зрабілася блага, і я мусіў сыйсьці...
—Сыйсьці? Куды?
—На двор. Каб падыхаць паветрам...
—Так? А сёньня дзе спалі? У Мялешкі?
—Не—я... Я быў у гатэлі. Як выйшаў быў на двор—дык дай, думаю, прайдуся, крыху пашпацырую... Пайшоў бадзяцца па вуліцах і заблукаў. Ніяк ня мог знайсьці дарогу назад. Сорамна, канечне... Потым выпадкова набрыў на нейкі гатэль й вырашыў там застацца—ён быў даволі танны. Дый я быў вельмі стомлены, ведаеце... Усё адно б я не знайшоў адтуль дарогу да Мялешкі...
—Ага. Ну, добра. У кожным выпадку, вам варта пайсьці заявіцца ў паліцыю. Іначай нашаму сябру сапраўды прыйдзецца блага. Разумееце? Абавязкова туды схадзіце.
Паскевіч завагаўся, перамінаючыся з нагі на нагу.
—А што, калі мяне западозраць?—няўпэўнена спытаўся ён.—Як я ім усё патлумачу? Я ж ня ўмею на тутэйшай мове...
Бяляцкі зірнуў на яго ўважліва, потым прамовіў.
—Добра, як хочаце,—уздыхнуў ён, і дадаў напаўуголас:—Трэба туды зьезьдзіць. Паразмаўляць з Шашалевічаўнай. Ня можа таго быць. Нешта тут ня тое.

7.

На наступны дзень а другой гадзіне дня ў дзьверы нумару 112 у гатэлі “Марцін Ф’ерро” пагрукалі. Голас Паскевіча азваўся, нібы скрозь сон:
—Хто там?
—Гэта я, Бяляцкі. Адчыніце, Паскевіч. Мне трэба з вамі паразмаўляць.
Праз колькі хвілінаў яму адчынілі.
—Як вы мяне знайшлі?—запытаўся Паскевіч.
—Проста. У Палермо ня гэтак шмат гатэляў. Ну, як маецеся?
—Як бачыце,—паціснуў плячыма Паскевіч.
—Бачу, вы п’еце?
—А што?—азваўся Паскевіч амаль злосна.
—Нічога. Добра, што ёсьць за што. Толькі вы гэта лепей кіньце.
—Ат... Што чуваць?—запытаўся Паскевіч, не заўважыўшы ягонай парады.—Бачылі Мялешку?
—Бачыў. Ён зараз у астрозе. У камэры папярэдняга затрыманьня. Дурань—яшчэ й клаў супраціў паліцыі, панабіваў ім гузакоў... Прычым яшчэ й сам яе выклікаў. Пасадзяць яго, мне здаецца. Усе доказы супраць яго. Плюс грамадзкае меркаваньне. Таму я лічу, што вам варта абавязкова пайсьці ў паліцыю, дружа.
—Мне? А што я ім скажу?
—Скажаце, што забілі Галавача.
Паскевіч вылупіў на Бяляцкага вочы:
—Што вы вярзеце? Вы з глузду зьехалі?
—Не хвалюйцеся, я жартую,—пасьміхнуўся ён.—Нікуды ісьці ня трэба, яны самі за вамі прыйдуць, раней ці пазьней. Усё-ткі вас бачыла на той вечарыне даволі шмат народу, некаторыя ведаюць вас з карабля. Таму вам трэба не сядзець тут, а тэрмінова зьязджаць. Для пачатку, у Монтэвідэо. Туды ўсе ўцякаюць, як што ня тое. Бо калі вас зловяць, вас хутчэй за ўсё абвінавацяць у шпіянажы й асудзяць як бальшавіцкага агента. Таму з астрогу вы ніколі ня выйдзеце.
—Але Шашалевічаўна...
—Шашалевічаўна—колішняя Мялешкава сяброўка. Канечне, абыйшоўся ён зь ёю ня надта добра, але гэта не падстава, каб падвесьці яго пад шыбеніцу... Зрэшты, я думаю, што ў мяне атрымалася яе ў гэтым пераканаць. Цяпер надыйшла вашая чарга. Паслухайце: я абсалютна ўпэўнены, што гэта вы забілі Галавача. Вы ведалі аб тым, што ў Мялешкі зь ім павінна была адбыцца нейкая размова адразу пасьля вячэры, калі пачнуцца танцы. Пад выглядам таго, што вам блага, вы сыйшлі перад самым пачаткам вячэры, як быццам у прыбіральню. Насамрэч, вы амаль нічога не пілі й былі цьвярозы. Пакаёўка паказала вам, дзе знаходзіцца габінэт сэнёра Галавача. Вы схаваліся ў калідоры й чакалі. Аднак вы ня ведалі, ці Галавач ужо там, ці яшчэ не, а таксама баяліся, што ў самы адказны момант прыйдзе Мялешка. Таму вы вырашылі пачакаць, пакуль яны пагутараць з Галавачом, а пасьля гэтага зрабіць сваю справу. Галавач, аднак, усё ня йшоў, хаця вы чакалі вельмі доўга. Нарэшце зьявіўся Мялешка й пагрукаў у дзьверы габінэту—Галавач яму адчыніў. Увесь гэты час Галавач знаходзіўся ўсярэдзіне, аднак вы ня бачылі, каб ён уваходзіў. Гэта навяло вас на думку аб тым, што ён прыйшоў у габінэт іншымі дзьвярыма... Магу я тут паліць? Дзякую.
Бяляцкі запаліў “Галуаз”, потым працягнуў пачак Паскевічу—той нерашуча пачаставаўся.
—Мялешка затрымаўся ў Галавача нядоўга: цягам размовы яны абмяняліся колькімі словамі, трэба сказаць—ня ў самым сяброўскім духу, і вы гэта таксама павінны былі чуць. Мялешка, як вядома, быў вінаваты Галавачу грошы, і Галавач настойваў на іхным вяртаньні. Потым Мялешка адтуль выйшаў—на вашае шчасьце, адзін—і хуткім крокам скіраваўся да лесьвіцы. Выглядала, што ён быў вельмі раззлаваны. Вам нельга было губляць часу, каб Галавач ад вас ня ўцёк другім выхадам. Таму як толькі Мялешка зьнік за паваротам, вы кінуліся да габінэту й засьпелі Галавача якраз ля тых патаемных дзьвярэй за заслонай, аб якіх Мялешка, паводле ягоных словаў, ня мае найменшай уявы. Вы стрэлілі Галавачу ў галаву—даруйце за каламбур—двойчы, бяз лішніх словаў, кінуліся да адчыненых ім патаемных дзьвярэй і схаваліся ў калідоры, зачыніўшы іх за сабой. Паколькі ўнізе ўсе таньчылі польку, гуку стрэлаў ніхто не пачуў—апроч Мялешкі, які ўсё яшчэ быў на лесьвіцы, і Шашалевічаўны, якая цягам цэлага вечару сачыла за Мялешкам, каб падпільнаваць яго й нарэшце высьветліць свае зь ім адносіны. Тая пабегла нагору, баючыся, што нешта здарылася між Мялешкам і Галавачом, і знайшла там толькі пацьверджаньне таго, што спадзявалася ўбачыць. Яна засьпела Мялешку ў Галавачовым габінэце, усяго запэцканага крывёй—небарака спрабаваў дапамагчы ахвяры—сам-насам зь нябожчыкам і кінутым вамі рэвальвэрам. Калі быць дакладным—не рэвальвэрам, а “Вальтэрам” нямецкага вырабу, які вы прывезьлі з сабой з Эўропы. Гэтае відовішча страшэнна напалохала пакаёўку, і яна стрымгалоў кінулася ў залю, каб абвясьціць усім, што Мялешка забіў Галавача. У тым, што ён быў да гэтага здольны, у яе не было ніякіх сумневаў: пасьля таго, як ён абыйшоўся зь ёю не зусім па-джэнтльмэнску, ён ператварыўся ў ейных вачох у найгоршага мярзотніка ў сьвеце. Тым часам вы ўжо былі на вуліцы, куды трапілі праз чорны ход—мясьціны, у якіх вы апынуліся, былі вам цалкам незнаёмыя. Таму вы кінуліся бегчы, куды вочы глядзелі, і апынуліся каля гэтага вось гатэлю. На наступны дзень вы не хацелі вяртацца да Мялешкі, бо баяліся, а замест гэтага вырашылі наведаць мяне, каб даведацца, што адбылося пасьля.
—А дзе ўвесь гэты час былі вы?
—Я? Удома. Вы ж ведаеце, што я на такія вечарыны не хаджу...
—Тады не разумею, адкуль вы ўсё гэта ведаеце...
—Ведаеце, я таксама аднойчы быў у Галавача на віле “Эстрэлья”. Які год таму, амаль адразу пасьля таго, як ён яе набыў. Тады мы былі ў крыху лепшых адносінах, чым цяпер. Пры гэтым ледзь ня ўсё Палэрмо ведала, што ў гэтай віле ёсьць патаемныя дзьверы. Тады яшчэ мы моцна зь ім паспрачаліся. Наконт палітыкі. Хто ведае, калі б я пайшоў учора з вамі, я, магчыма, таксама б яго застрэліў. Прынамсі, калі б я хацеў яго застрэліць, я б паводзіў сябе менавіта так, як вы. Ад часу той спрэчкі я пачаў крыху цікавіцца ягонай асобай—што за патрыёт такі... Я, бадай, адзіны, хто ад самага пачатку ня верыў у ягоны патрыятызм. Дык вось, сапраўднае прозьвішча Галавача—Бальцаровіч. Падчас акупацыі ён быў кіраўніком гітлераўскай паліцыі ў Маладэчанскай акрузе. Як гэта ні дзіўна, вы таксама паходзіце з-пад Маладэчна, ці ня праўда?
—Адкуль вы ведаеце?
—Учора я не паленаваўся й паслаў тэлеграму ў Англію, аднаму свайму знаёмаму, які вас добра ведаў і імя якога я вам на ўсялякі выпадак называць ня буду: сёньня раніцай ён прыслаў мне адказ.
Паскевіч быў відавочна агаломшаны, але словы наконт Англіі яго супакоілі.
—Дзякуй богу. Значыцца вы, прынамсі, ня лічыце мяне агентам бальшавікоў?
—Крый бог!—усклікнуў Бяляцкі.—Паводле маіх высноваў, у вас з Галавачом былі нейкія асабістыя рахункі—так?
—Вось,—змрочна прамовіў Паскевіч, працягваючы Бяляцкаму шклянку з хінэбрай.—Піце.
—Дзякую,—не адмовіўся Бяляцкі.—Спадзяюся, што вы мяне не атруціце. Вашае здароўе.
Паскевіч перакуліў у сябе шклянку.
—15 красавіка, чатыры гады таму,—сказаў ён.—У сорак трэцім, значыцца. Пасьля Сталінграду. З раніцы да нас у вёску прыйшлі некалькі эсэсаўцаў і аддзел паліцаяў. Усіх мужчын сабралі каля царквы, пашыхтавалі й пагналі на бліжэйшую чыгуначную станцыю. Усіх астатніх—старых, дзяцей, жанчын—сагналі ў хлеў, абклалі сенам і падпалілі.—Паскевіч выцягнуў з-пад падушкі фотаздымак і працягнуў яго Бяляцкаму.—Вось яны: мая Хрысьця з маёй Алесяй... Перад вайной здымаліся, у Маладэчне. Тут яна яшчэ маленькая. Зараз ёй было б шаснаццаць...
Паскевіч адвярнуўся да вакна. Бяляцкі ўзяў фотаздымак. На ім былі жанчына ў простай хустцы й дзяўчынка ў стракатай спаднічцы, абедзьве ў валёнках. Жанчына пасьміхалася, дзяўчо сур’ёзна пазірала ў аб’ектыў. Погляд Бяляцкага затуманіўся: жанчыны нагадалі яму кагосьці зь ягонай уласнай сям’і.
Надламаны голас Паскевіча прыглушана адбіваўся ад шкла:
—Выкананьне загаду было даручанае Бальцаровічу. Мы, мужчыны, даведаліся аб усім яшчэ ўвечары таго самага дня. На наступны дзень усіх вывезлі ў Нямеччыну, на прымусовыя працы. Два гады ў голадзе, холадзе, пад бамбёжкамі—пекла. Зрэшты, аб гэтым я вам ужо распавядаў...
Яны памаўчалі, дапіваючы. Нарэшце, Бяляцкі наважыўся прамовіць:
—Так я й думаў. Зь ягоных поглядаў адразу ільга было здагадацца, што гэта былы паліцай. Прыехаў два гады таму, у 1945-ым. Я заўсёды дзівіўся, адкуль у яго столькі грошай. Казалі, быццам яму пашанцавала ў казіно...
—Пашанцавала...—заскрыгатаў зубамі Паскевіч.—Усё гэта грошы гэбраяў!
—На жаль, сюды зараз едзе шмат былых нацыстаў,—уздыхнуў Бяляцкі.—Пэрон на гэта ўсё заплюшчвае вочы—яму ўсё адно. Як усё дзіўна атрымліваецца: раней золата індыянаў цякло з Амэрыкі ў Эўропу, цяпер золата гэбраяў цячэ з Эўропы ў Амэрыку...
На лесьвіцы пачуліся крокі.
—Зьбірайцеся!—ачомаўся Бяляцкі.—Вам варта сьпяшацца. Параплаў на Монтэвідэо выпраўляецца праз гадзіну.
—Дзякуй вам,—сказаў Паскевіч.—Але я нікуды не паеду. Цяпер мне ўсё адно, што са мной будзе. Дый трэба Мялешку дапамагчы—добры ён хлопец... Куды мне ехаць? Вяртацца? Няма мне куды вяртацца...
Бяляцкі ўважліва зірнуў на Паскевіча, потым уздыхнуў, гледзячы сябе пад ногі.
—Ведаеце, нікому з нас няма куды вяртацца. Дый няма ў гэтым ніякай рацыі. Мы ўсе ўжо тут доўга. Занадта доўга. Я асабіста ўцёк у 1930-м, перад самым пачаткам чыстак. Сямнаццаць гадоў таму—цэлае жыцьцё... Малады яшчэ быў, з рэвалюцыйным запалам, што называецца, іці яго маць. Настаўнічаў пад Барысавам, друкаваў вершы ў раёнцы, перакладаў... Потым пайшлі арышты нацдэмаў. Дзякуй богу, разумныя людзі намовілі мяне ўцячы празь мяжу, да палякаў. А з таго часу—колькі ўсяго зьмянілася! Вайна ўсё памяняла, усё зьнішчыла... Той, хто не прайшоў празь ейнае пекла, назаўсёды страціў сваю повязь з радзімай. А можа, і радзімы болей няма. Які ўжо тут зьвяз патрыётаў...
У дзьверы пагрукалі
.

20.10.-21.12.2003

© Макс Шчур, 2003

HA POCTAHI