Джон Уілмат, граф з Рочэстэру (1647-1680)

ВЫБРАНЫЯ ВЕРШЫ

Джон Уілмат ёсьць (разам зь Мільтанам) апошнім выбухам залатога шэйкспіраўскага стагодзьдзя—ангельскага рэнесансу, зьмяшанага з барока. Чытач Сэнэкі, Авідыя, Гобса, але таксама Арэтына, ён нашмат больш падупаў уплыву апошняга, чым, напрыклад, уплыву сваіх славутых землякоў Бэна Джонсана альбо Джона Донна—памершы ва ўзросьце Хрыста, ён, у адрозьненьне ад сваіх згаданых сучасьнікаў, быў ягоным найбольш зацятым апанэнтам, таму няма дзіва, што ня меней вальнадумны Вальтэр назаве яго “геніяльным, вялікім паэтам”. Ягонае стаўленьне да ўласна літаратуры было гэткім панкаўскім (у Шэйкспіра слова punk азначае курву)—навошта намагацца быць сур’ёзным альбо выкшталцоным, калі нічога ў сьвеце ня мае сэнсу, а ўсё вартае завучваньня на памяць ужо было напісана? Бадай, ільга сказаць без іроніі, што Ўілмат пісаў так, як жыў—неўпарадкавана, нехлямяжа, імправізавана, правакацыйна (хаця ў гэтым з адлегласьці часу і адчуваецца своеасаблівая самастылізацыя эпохі маньерызму). І тым ня менш, знойдуцца ў яго і выкшталцоныя паэтычныя гульні, як у Шэйкспіра, і глыбокія а ля Донн развагі, да таго ж яшчэ і без залішняй патэтыкі... Магчыма, у сваёй нібыта праграмнай незацікаўленасьці “чыстай” паэзіяй менавіта Ўілмат ёсьць найбольш сталым, свайго кшталту выніковым паэтам ангельскага 17-га стагодзьдзя, найбольш цэльным у сваім па-раблезіянску разбэшчаным гуманізме, і ўжо без усялякага сумневу—найбольш сучасным, што, напэўна, і зрабіла магчымым адносна нядаўняе зьяўленьне такога фільму як “Лібэртын”... Што ж, думаю, што праз усё гэта беларускаму чытачу будзе цікава пазнаёміцца з аўтэнтычным графам з Рочэстэру—прашу любіць і жалаваць, Джон Уілмат.

М.Шч.

Каханьне й жыцьцё

Гадзін мінулых больш няма,
Сыйшло маё жыцьцё.
Яго я быццам прадрымаў,
Я вобразы яго ўтрымаў
У памяці—і ўсё.

А прышласьці не існуе—
Хіба ж яна мая?
Імгненьні, што мне час дае,
Імгненна робяцца твае—
Бы ўсё, што маю я.

Аб здрадзе, Філіс, не кажы,
Аб снах, што не зьбярог.
У гэтай казачнай ілжы
Хвіліны доўгія пражыць—
Усё, што даў нам бог.

Уздымаючы келіх

Дай келіх мне такі, Вулкан,
Як Нестар меў стары;
З усім майстэрствам, без заган
У золата ўбяры.

Здаровы, каб ня бачыць дна
Ні краю, каб маглі
Плысьці па возеры віна
Прасьвіркі-караблі.

Ня трэба рыцарскіх выяў—
Чужы мне вояў шыхт.
Я Ярмуту не зваяваў,
Ня плюндрыў Маастрыхт.

На ім сузор’яў не хачу,
Сьвяцілаў ці плянэтаў—
Не Сідрафэль я, не лічу
Ні зорак, ні камэтаў.

Лазу там выбі, і дадай
Двух хлопцаў, целам ладных,
Між дзьвюх пагоркаў гожых хай
Скіруе жарсьць прыладу.

Мае сьвятыя—Бакх з Амурам,
Жывуць піцьцё й любоў!
Змыю віном сваю пахмурнасьць,
А там—я...сьціся зноў!

Песьня

Пры ўсёй каханьня моцы лоўкай,
Я б не жадаў нікому, не,
Тапіцца ў месячных з галоўкай,
Альбо ў засраным коміне.

Распусьніца, зрабі мне радасьць,
Будзь чыстай, каб быць любаю:
Паперай карыстайся ззаду,
А паміж губкаў – губкаю.

Было б паўторна болей стойкім
Маё жаданьне палкае,
Каб мой баец ня выйшаў з бойкі
З крываваю хлябалкаю.

Паслухай, маёй рады, Філіс,
Будзь чыстаю прыблудніцай,
Бо толькі дылетантаў чэлес
У брудным ложку ўзбудзіцца.

*
Багі, сваёй удзячныя прыродзе,
Жывуць у вечным міры скрозь стагодзьдзі:
Далёка ад турботаў чалавека
Іх клопат не кране, ні небясьпека.
Сабой багатыя—што мы ім дадамо?
Ім зло й дабро да месца аднаго.

*
Пакінь убраныя падмосткі,
Дзе больш са звычкі, чым для толку
Дурніцы й дурні ўсіх узростаў
Сябе паказваюць натоўпу.

На сцэну закаханых, ложак,
Хай уцякуць краса й юнацтва,
Хоць зь іх нікому пераможных
Лаўраў ня будзе, можа здацца.

У гэтым розьніца паміж каханьнем і вайной:
Каханьне толькі выйграе ў выпадку нічыёй.

Супраць вернасьці

Ня бай мне ўжо аб вернасьці,
Двудушнасьці фрывольнай,
Фрыгіднай, вузкай рэўнасьці,
Шаленстве душ няздольных.

Хай дурні, што распусьніцам,
Сустрэтым раптам, вераць,
Ня вераць сваёй мужнасьці
Й захоўваюць ім вернасьць.

Стары, што ў рэдкім полымі
Выдасьць свае заганы
Й памрэ, як здрадзіць, з сораму,
Хай будзе пастаянны.

Мы ж, чые сэрцы дыхаюць
Агнём, хто з-за каханьня
Гарыць праўдзівай пыхаю—
Прагнем выпрабаваньняў.

Зьмяні начоўкі й просьціны
Мне зноўку па сьцямненьні.
Зьмяняць да сьмерці буду госьцю я,
А сьмерць у чэрві мяне зьменіць.

Песьня

Кахаць жанчыну? Ідыёт!
Абраць найгоршую для шчасьця
Між богам створаных істот—
Найбольш занудная між жарсьцяў.

Між ног Аўрэліі няхай
Рабы адвеку—конюх, лёкай—
Шукаюць, чым трыбух напхаць
Магіле й старасьці глыбокай.

Бывай, жанчына! Часьцяком
Цяпер я буду нецьвярозы
З пажадным, мілым сябруком,
Каб мудрасьцю насыціць розум.

Віна, здароўя, грошай бог
Мне дай—калі ж юр прыйдзе раптам,
Ёсьць у мяне й мякчэйшы бок,
Што сарака прашмондаў варты.

Вершы, напісаныя ў малітоўніку адной лэдзі

Адкінь гэтую кніжку падалей
І пакляніся не маліцца надалей;
Бо неба—справядлівае, і літасьць
Тым, у каго ёсьць літасьць у саміх, дасьць.
З сэрцам тваім, што мае злую схільнасьць
Мноства людзкое спакушаць, не павялічваць,
Дарэмна ўмілажальваць просьбай бога;
Без пакаяньня шчырага людзкога
Ты—незайздросная нябога.
Філіс, каб гнеў нябёс стрымаць
І нашы душы ўратаваць,
Ратуй сьмяротных з роспачы жабрачай,
Каб боствам за красу сваю аддзячыць;
Хай у вачох тваіх глыбокіх
Жарсьцю стаецца жаль залішні,
Каб нам дазволіць лёгкім крокам
Зь зямных узьняцца радасьцяў да вышніх.

Падзеньне

Мужчыны і жанчыны шчасны
Быў стан да іхнага падзеньня,
Калі зраўнаць яго з сучасным;
Баяцца пекла, балазе, нам

Ня трэба. У цяньку ляжалі
Целы, што слухаліся волі,
Чакалі слодычы пажадна—
Такой, што не ўявіць нам болей.

Мы, рабы страху і надзеі,
Ня знойдзем пэўнасьці ў спакусах;
З часам яны ўсё больш радзеюць,
І толькі сум застацца мусіць.

Клорыс, пакуль я налягаю,
Сэрца маё ўшануй належна,
І не кажы, што ты кахаеш
У мне мой чэлес найслабейшы.

*
Хай будзе ў ласцы наш кароль гасподняй,
Чые прысягі й клятвы ў грош цаной.
Ён рэчы глупскай не сказаў ніводнай,
Але й ня зьдзейсьніў мудрай ні адной.

Рочэстэраў экспромт

Пасьля дванаццатага псальму
Вярнуў псалтыр уратавальны
Ён шафе з тварам мілажальным.
Белы як сьмерць, упаўшы ў роспач,
Ён закрычаў: “Мазутны Госпад!
Табе вядома, што я поскудзь.”

Да хлапчука-пасыльнага

Рочэстэр:

Прашмонды сын, я гавару з табой!
Пэру бяз пары пакажы, кудой
У пекла йсьці? Я выпіў больш, чым Бакх,
Клятваў маіх хлусьня ўганяла ў жах
Плютона й Фурыяў. Я болей поз і курваў
Спазнаў, чым у Садоме й рымскай курыі.
На шрамы баявыя кінь пагляд—
Я з галавы ў бінтах і верадах—да пят.
Я бег ад сваёй подласьці ў спалоху,
А той, хто ўратаваў жыцьцё мне, дохнуў,
Я нішчыў роды й цноты, тых, хто мой
Адрынуў юр, я заліваў крывёй.
Пранцы на ўсё, нашто казаць аб дрэні?
Я Бога кляў і ганьбіў сувэрэнаў,
Кажы ж, кудой бліжэй у пекла?

Хлапчук: Сэр,
Бліжэйшы шлях туды—праз Рочэстэр.

Пра Віліс, палюбоўніцу

Які ж мужчынскі род слабы,
Хоць мае сілу ў яйцах,
Калі твае, Віліс, рабы
З нас лёгка могуць стацца!

Яе вам цалкам апішу—
Інстынкт, дапамагай мне,
Я на пракладцы вам пішу
Крывёю мэнструальнай.

Яна агідна любая
І сьціплая нахабна,
Яна шляхотна грубая
І гнюсная прывабна.

Цэлага гораду нявеста,
Ды ўсе яе цураюцца,
Яна кляне, як аддаецца,
А як канчае—лаецца.

Злая, хоць курва, у мазгох—
Брыда, рэзкая ў словах,
Яе жывот—гаўна мяшок,
А потка—пункт канцовы.

Экспромт, прамоўлены да вясковага клерка,
пачуўшы яго выкананьне псальмаў

Стэрнголд і Гопкінс мелі шмат сумневаў,
Перакладаючы цара Давіда сьпевы
Ўсім справядлівым душам на пацеху.
Каб небарака цар магчымасьць меў
Пачуць іх пераклады і твой сьпеў,
Клянуся богам, ён бы з глузду зьехаў.

Песьня

Сварыцца на цябе дазволь, мой
Прывілей гэта, ня болей—
Сказаць табе, што ты прашмонда,
Я твой ня буду дзень ніводны,
Але ж, і не хацеў я каб,
Я ўсё адно твой буду раб.
Дык будзь спагаднай да мяне,
Я не зьмянюся і ў труне.
Спагада мае свомасьць зброі,
Нішто такой ня мае сілы—
Яна любы гнеў абяззброіць,
Каханьню падразае крылы.
Сэрца сабой палоніць гожасьць,
Спагада—пераконваць можа;
Яна ланцуг раба аздобіць,
Зноў заахвоціўшы рабом быць.

Сваёй больш чым узорнай жонцы

Па волі лёсу я—нявольнік твой,
І буду найадданейшым слугой;
Каб сваёй палкасьцю цябе зьдзівіць,
Я на пярсьцёнак твой складу дэвіз,
Дзе апішу быць тваім мужам шчасьце
Й паабяцаю вернасьць захаваць я;
З паклонам і з прамоваю салодкай
Зьняўшы штаны перад тваёю поткай
І пекнай задніцай, я буду без заган
Слуга прыніжаны і паслухмяны—Ян.

Ягонай сьвяшчэннай Вялікасьці

Скарбонка вартасьцяў усіх, воляй якога
Тры каралеўствы рушылі ў дарогу-
Паломніцтва, з падстрэшшаў экстатычна
Й саміх сябе выходзячы, між тым што
Англія—лягер баявы, а Лёндан—
Не мэтраполія ўжо, а народ мільённы,
І верны Кент учыньвае раздраі
Ды лесам дзід гасьцінцы аздабляе,
Прабач, што аўтар допісу сустрэне,
На месцы седзячы, тваё дабраславеньне.
Перад табой зьявіцца ў латах хоць
Яму не дазваляе маладосьць,
Але ўспрымі мой ліст, найлепшы з сэраў,
Як доказ мужнасьці й падданьніцкіх намераў,
Зьняважыў бы я памяць свайго бацькі,
Калі б наважыўся цябе не паважаць я.
Маё памкненьне ёсьць адным адзіным:
Быць верным каралю Ўілмата сынам.

З Сэнэкі, хор з 2-й дзеі “Траянцаў”

Сьмерць ёсьць нішто, пасьля яе—нічога,
Апошні выдах ёсьць жыцьця парогам.
Дэвот хай адкладзе свае павер’і,
Яго спадзеў на вечнасьць—фанабэрыя;
Хай душы рабскія, палонныя жуды,
Гадаюць, якім чынам і куды
Іх зашпурнуць павінны пасьля сьмерці.
Памершы, мы стаемся сьвету сьмецьцем,
І ўсіх мятла нябачная зьмяце
Ў гурбу ламачча, да няспраўджаных дзяцей.
Бяздушны час глынае нас суцэльна,
Душы не аддзяляючы ад цела.
Бо пекла і Ўладар яго пахмурны,
Што вечнага агню вартуе турмы
(Іх прыдумляюць махляры й баяцца дурні),
З сабакам злосным, што вартуе браму—
Бязглуздыя дзіцячыя прыдумкі,
Фантазіі, капрызы, прымхі сама.

Песьня

Далёка ты, я ж без каханьня сьмягну,
Дык лепей не пытайся пра вяртаньне.
Сьмяротныя зшалеламу бадзягу
Ўсяночны жаль, штодзённае жаданьне.

Дык з рук тваіх мне адляцець дазволь,
Бо розум мой прымхлівы спраўдзіць рвецца
Мною заслужаны і несуцешны боль,
Што ад каханай адлучае сэрца.

Стомлены страшным сьветам суму й спліну,
Я хутка на твае вярнуся грудзі—
Праўды, каханьня, міру дамавіна
Хай месцам скону ціхага мне будзе.

Дык хоць разок шчэ адлучуся з раю
Зь бязбожніцай ганебнаю, няўдзячны,
Няварты прабачэньня твайго, здрадны,
Зь якою адпачынак вечны страчу.

 

© Пераклад - Макс Шчур, 2007

HA POCTAHI