Маніцца
кожнай жарсьцю, каб маёй
Душы зрабіцца ветраў гучнай лютняй—
Ці дзеля гэтай долі шматпакутнай
Я здрадзіў розуму й кантролю над сабой?
Маё жыцьцё—папірусу сувой,
Пашкрабаны нікчэмнасьцю атрутнай,
Дзіцячай песенькай вядомай і нясутнай,
Што зьмест марнуе таямніцы ўсёй.
Быў час калісьці дадзены ўжо мне
Сягнуць вяршыняў, з вэрхалу жыцьця
Здабыць акорд, што Боскі слых кране:
Хіба ня вернецца той час ніколі? Не!
Я паспытаў ледзь мёду пачуцьця—
І скарб душы павінен страціць я?
Санэт
да Свабоды
Ня тое каб былі мне твае дзеці даспадобы—
У іхных позірках тупых—адзіна ўласны боль,
У розуме—няведаньне й адчай, нічога больш,
Але веліч Анархіяў тваіх, бездань Жалобы,
Гвалт Дэмакратыяў тваіх поўныя асалоды
Й люструюць жарсьці найглыбейшыя мае,
Як мора—толькі з гэтае прычыны аднае
Няхай гучыць паўсюль нязладны енк Свабоды,
Маёй душы зацішша цешачы: каб мог
Яе тыран гэтак узрушыць, кананады,
Правоў людзей і нацыяў крадзёж,
Несправядлівасьць—немагчыма, але ўсё ж
З Хрыстамі, што вядуць рабоў на барыкады,
Я ў некаторых рэчах разам, бачыць Бог.
Theoreticos
Мая магутная
імпэрыя—на гліняных нагах:
Ад колішняе дужасьці й шляхецтва
Сьціплая выспа наша толькі застаецца,
Скраў нейкі злодзей ейны герб і сьцяг—
І голас зь ейных берагоў заняў прасьцяг
Забытым сьпевам аб Свабодзе: о, пакінь
Яе, душа мая, ня тут шукай багінь,
Твайму мастацтву не пасуе ейны жах,
Тут розум з гонарам штодня на продаж
На кірмашы, і цемрашальскі люд бунтуе,
Стагодзьдзяў нішчыць спадчыну сьвятую,
Што не дае мне спаць: хоць між варожых
Дзьвюх партыяў, слуг д’яблавых і божых,
Я б ні за тую мусіў быць, ані за тую.
Requiescat
Лягчэй, тут белы пух
Танкі зусім.
Цішэй, ёй кожны рух
Чуваць пад ім.
Бляск
залацісты згас
У валасох.
Дзявоцтва шчасны час
Цяпер—пясок.
Цнатлівая
як сьнег,
Яна бязь сьлёз
Расла: яе пазьбег
Жаночы лёс.
Камень,
ахоўвай сон
У той труне,
Ейны спакой хай стогн
Не закране.
Ёй не
пачуць таго,
Хто ладзіць ліру.
На скарб жыцьця майго
Кінь жменю жвіру.
Urbs Sacra
Aeterna
Рым! Сьпіс падзей гісторыі тваёй
Даўжэзны: як рэспубліка, спачатку
Ты сьвету барбараў шпурнуў пальчатку,
І ён прызнаў цябе сталіцаю сваёй,
А потым Гот усё заліў крывёй,
І сёньня над табою—сьцяг варожы
(О, чалавекам зрынуты град Божы!)
Італіі лунае маладой.
Калісь арлы твае ўзыход віталі сонечны,
Перад табой схіляліся ільвы—
Той час быў велічным мінуўшчыны этапам.
Адылі слава аджывае ў часе сёньняшнім,
Калі паломнікі зноў кленчаць перад Папам,
Пастырам-вязьнем Божае Царквы.
San Miniato
Вось я й адужаў схіл гары,
Дзе боскі трон стаіць здавён,
І дзе хадзіў Мастак-Анёл,
Што ўгледзеў рай адсюль згары
І на пасад
маладзіковы
Марыю, Панну Дабрыні
Зьмясьціў: ейны пагляд, зірні,
Гожасьцю здужаў сьмерці ковы.
О, цяжкі
кон матуляй быць
Хрыста, містычнаю жанчынай!
Твой позірк маё сэрца ўшчыміў—
Як страшна й цяжка гэтак жыць!
О, шчасная
сярод кабет,
Абраньніца сьвятой Любові!—
Маю рашчуленую споведзь
Табе хай чуе цэлы сьвет.
У Вэроне
Зацьвёрдыя на лесьвіцы ў палацы
Прыступкі ўцекачом, сыном няўдачы—
Такім як я тутэйшы хлеб нясмачны,
Нібы сабаку, кінуты—застацца
На полі бітвы лепш было, альбо гайдацца
На шыбеніцы, вечна сьмерці ўдзячны,
Чым пад наглядам рэчаў жыць нябачным
У згубнай для душы каменнай пастцы.
“Памерці
ў Бозе—лепшы ёсьць спадзеў?
З пасаду залатога праглядзеў
У вечнасьці Ён лёс мой безназоўны.”
Ды не: за кратамі нязломнымі жуды
Ў мяне ёсьць штосьці, што маё заўжды:
Каханьне й недасяжныя сузор’і.
Impression
du matin
Начное Тэмзы калярыт
Блакітны стаўся шэрым днём:
Лайбе з засланым сенам дном
Панылы порт ужо абрыд,
Жоўты
туман апоўз уніз,
Бліжэй да рэчкі, пад масты,
Муры расталі, і Сьвяты
Паўла над горадам узьнік.
Жыцьцё
гучнее пакрысе,
Абуджанае: на мастах—
Вазы вяскоўцаў сталі. Птах
Пяе на мокрае страсе.
Ды ноч
сядзела напралёт
Над лямпай газавай адна
Жанчына, што чакала дня:
Вусны—вагонь, і сэрца—лёд.
Chanson
Голуб,
пярсьцёнак залаты—
Дарункі для цябе,
Мяне ж у меху з асаты
Павесяць на вярбе.
Табе—слановай
косьці дом,
Альтанка, ружы пах.
Я ў вузкім ложку вечным сном
Дрымацьму ў верасах.
Мірты
й язьміны твой абрыс
Аздобяць хараством,
Мне—толькі рута й кіпарыс
Змайструюць парасон.
На такты
мора шторм сячэ,
Выводзіць вецер гукаў фальш,
І ад затокі дальш і дальш
Месяцу лісьцік валачэ.
На белым
тле пяску відзён
Зчарнелы човен: ад бяды
Зуха хаваецца туды
Рыбарскі хлопец-маладзён.
Крык птушак
крэсьліць піруэт,
І цераз шэрыя хмызы
Ідуць смуглявыя жняцы—
Я іхны бачу сілуэт.
II
La
Fuite de la Lune
Нішто
ня ўзрушыць пачуцьця
Вандроўніка ў тутэйшым сьне—
У ценю скалаў адпачне
Ён ад няўрымснага жыцьця.
Адно адказ
крыкам на крык
Самотнай птушкі скалане
Вакольле й душу закране,
Ды нечакана маладзік
З-пад
хмараў выцягне свой серп
У жоўтай газавай тканіне,
А потым нас адных пакіне—
Хутчэй дамоў яму нясьцерп.
Над магілай
Кітса
Збаўлены
сьвету жорсткага й пакуты ўласнай,
Пад боскім вэлюмам блакітным ён ляжыць:
Сыйшоў з жыцьця, калі кахаць і жыць
Быў час, каб сьмерці не было заўчаснай.
Гожы, бы Себасьцьян, і з доляю няшчаснай,
Як той. Цень па-над ім нічога не дзяржыць,
Адно ў вачох фіёлкаў плач дрыжыць:
Цела аплеценае квеценьню нязгаснай.
О, сэрца годнае, што гора не сьцярпела!
Паэт-мастак нашай зямлі ангельскай,
Славу тваю нішто не затуманіць!
Твая прывабнасьць—роўня мітыленскай.
Сьлёзы такіх, як я, тваю ўтрымаюць памяць
Зялёнаю, як дрэва Базылёва—Ізабэлла.
Santa
Decca
Багі памерлі:
шэравокае Атэне
Вянкі з аліваў больш ніхто не прысьвячае,
Дзіця Дэмэтры больш снапоў ад нас ня мае,
І Пана больш ніхто з нас не сустрэне,
Бо ён памёр, і болей не дурэе
Ў лясох таемных, скончыліся ловы,
Гілас ручай ня знойдзе сабе новы,
Бо Божы Сын зьявіўся на арэне.
Адылі
тут, на гэтым сумным востраве,
Жуючы горкі плён маркотнай памяці,
Бажок ляжыць дзе-небудзь у траве:
Каханьне! Як мы ўдзячныя табе,
Што не ўцякло ад нас яшчэ ты ў паніцы!
Вочы шукальнікаў тваіх хай будуць вострымі.
Над магілай
Шэлі
Як згаслыя
паходні каля хворага,
Дрэвы пачэзлыя паўсталі над плітой,
Белай ад сонца, дзе пугач парой начной
Сьпіць; яшчарка, аздобленая дорага,
Шмыгае. Мак—бы келіх, п’е з каторага
Наглядчык змрочны піраміды той,
Сфінкс старадаўні, што ахоўвае спакой
Нябожчыка, нібы ў астрозе—ворага.
Салодка
спаць у чэраве зямным,
Улоньні матчыным сьмяротнага спачыну.
Ды лепш табе была б за дамавіну
Марская глыб, дзе хваляў спад і ўздым,
І дзе ў тумане б’юцца караблі
Аб скалы неспазнанае зямлі.
Ля Арно
Барвовым
стаўся алеандр
У вечаровым асьвятленьні,
Бы мерцьвяку, начныя цені
Флорэнцыі закрылі твар.
Раса пакрыла
горны схіл,
І кветкі перламі зазьзялі,
А конікі ўсе паўцякалі,
І ціхі сьпеў аттычны сьціх.
Адно лістота
шапаціць,
Ускалыханая вятрыскам,
Ды з далечы мігдалу прысмак
І сьпеў салоўкі даляціць.
Дзень
сьцішыць хутка гэты сьпеў!
О, салавей, успой каханьне,
Пакуль маладзікова зьзяньне
Над лесам золак не засьпеў.
Па поплаве
крадзецца ён,
Як мора, колеру смарагду,
І закаханаму пагляду
Ўзьбег белых пальцаў рук відзён
На штурм
з усходу, каб засьпець
І зьнішчыць ноч, што ўся трасецца.
Што ім лагода майго сэрца,
Ці салаўя жыцьцё ці сьмерць?
Phedre
Сары
Бэрнар
Якім,
напэўна, марным для істоты,
Такой як Вы, мусіць наш сьвет здавацца:
Маглі Вы зь Мірандолам сустракацца,
З Платонам крочыць у ценю лістоты,
Для флейты Пана ў рэчцы йрваць чароты,
Гуляць зь дзяўчаткамі бялюткімі на сонцы
Сярод паляны ў Фэскае старонцы,
Дзе здужаў Адысэй заклён дрымоты.
Няма сумневу,
некалі Ваш прах
У вурне грэцкай спаў, ды Вы паўсталі
Зь яго ізноў, каб апынуцца з намі,
Бо Вас прыводзіў дзень бяз сонца ў жах,
Маркоціў цяжкі асфадэляў пах
І вусны, што бяз жарсьці цалавалі.
Сімфонія
ў жоўтым
Омнібус
жоўтым матылём
Паўзе праз мост, ды сям ці там
Людзі, падобна камарам,
Патрапяць зрэдку ў акаём.
Лайбы,
узьняўшы сена жоўць,
Шэраму порту засьцяць даль,
І як шаўковы жоўты шаль
Імгла вісіць берагу ўдоўж.
Ля храму—жоўтых
дрэў парад,
Ліст іхны засыпае лог,
І толькі Тэмза тут, ля ног—
Нібыта хвалісты смарагд.
Мой голас
У гэтым
сьвеце зьменаў і нявернасьці
Праплылі мы пачуцьцяў бурным морам,
І зараз белыя ўжо згортваюцца ветразі,
І карабля пустым застаўся кораб.
Мой твар
збляднеў, пакуты душу вырвалі,
Страціла квецень водар адмысловы,
Туга пазбавіла мой рот юнацкай чырвані,
Ля ложку Зьніч растульвае заслоны.
Табе ж
я быў адзіна мімалётнаю
Песенькай скрыпкі, ліры альбо лютні,
Што акіянскую нагадвае мэлёдыю,
Чый гук у ракавінцы дрэмле, ледзьве чутны.
Праўдзівае
веданьне
Табе вядома
ўсё; мой пошук марны
Зямлі, якую я б мог ралам зьмераць—
На ёй растуць адно асот ды верас,
Хоць паліваюць яе вочы й хмары.
Табе вядома
ўсё; я ўсё чакаю,
Ад сьлёз асьлеплы, змардаваны працай,
Калі заслона перастане ўжо ўздымацца
І я пабачу ўрэшце брамы раю.
Табе вядома
ўсё, а мне нічога,
Але я веру, што ня жыў дарэмна,
І што пазьней сустрэнемся, напэўна,
Мы ў вечнасьці з табой, нібы два бога.
Silentium
Amoris
Як часам
сонца надта зыркае зганяе
Месяц зіхотка-бледны ў морак чорны
Раней яшчэ, чым зьзяньнем той натхняе
Хоць на адну баладу салаўя,
Гэтак ад Гожасьці тваёй змаўкаю я,
Разладжваецца голас мой пяшчотны.
Як часам
нейкім зь летніх вечароў
Вецер парывісты на крылах прылятае
І пацалункамі сваймі ірве чарот,
Які інструмантам ягонай песьні быцьме,
Так жарсьці не даюць спакойна жыць мне,
І моц Каханьня сьпеў перамагае.
Адылі
пэўна ў позірку маім
Відаць Табе, чаму ўвесь час маўчу я;
Мо, лепей разыйсьціся нам дваім:
Табе—да саладзейшых вуснаў шлях,
Мне ж—неспазнаных пацалункаў смак
І песьняў гук, што я ўжо не пачую.
Le Jardin
des Tuileries
Зімовы
холад рэжа дых,
А сонца студзеньскае—зрок.
Вакол мяне—дзяцей гурток,
Бы россып пацер залатых.
Часам
жаўнераў пройдзе шыхт
Альтанкі кідкае вакол,
Часам хаваецца ваўком
Злодзей у зарасьцях густых,
А калі
няньку зморыць сон—
Дзеці кідаюцца ўцякаць,
Чаўны з паперы запускаць
Туды, дзе бронзавы трытон
Пазелянелы
круціць хвост.
Яны нясуцца стрымгалоў,
На дрэве, між старых камлёў,
Свой ладзяць назіральны пост.
Дрэва
бяздушнае! Калі б
На мне паселі так яны,
Я, хоць далёка да вясны,
Ужо б квітнеў, як эўкаліпт!
Канцонэт
Вякоў
спакон
Усё майно маё—
Пусты загон.
Каштоўных камянёў
Я не здабыў,
Каб стан аздобіць твой,
Ды любы быў
Дзяўчатам голас мой.
Сарві
чарот,
Зайграю я табе
Палёў сярод,
Каб не аддаць журбе
Той, што танчэй
Лілеі на вадзе,
Чыіх вачэй
Глыб з розуму зьвядзе.
Баяцца
нам
З табою—марны чын.
Бо зьнік бог Пан,
загінуў Гіяцынт.
Фаўн, два ражка,
Ня топча болей ніў.
Няма бажка,
Што ў вецьці б з нас пакпіў.
Зьбёг
Гілас прэч,
І тваіх вуснаў плён
Больш насамрэч
Не пакаштуе ён,
І не відно
Дрыядаў анідзе—
Ціха на дно
Дзень восенькі ідзе.
На продаж
з аўкцыёна
Кітсавых допісаў каханай
Лісты
пісаў калісь Эндыміён
Да той, каго кахаў употайкі.
А зараз згаладалыя ваўкі
Іх выставілі на аукцыён.
Высокі ж мае кошт каханьня плён
У гандляроў! Той чалавек, які
Дзярэ паэты сэрца на шматкі—
Як жа мастацтва ненавідзіць ён!
Ці не
таксама ў тлуме гарадзкім,
Шмат год таму, жаўнеры-груганы
Ў косьці гуляліся на лахманы
Гаротніка-гэбрая, аб якім
Нічога больш ня ведалі яны—
За што памёр Ён, ані быў Ён кім?
Desespoir
Поры прыроды
пакідаюць па сабе
Сьляды: нарцыс квітнее на прадвесьні,
І пакуль ружа не распусьціцца, ня чэзьне,
А ўвосені фіёлак час праб’е,
Пралеска сьнег узімку прадзяўбе,
І вільгацьцю нальюцца дрэвы плённай,
З шэрае станецца зямля мая зялёнай,
І квецень тую закаханы абскубе.
А што
сказаць мы можам аб жыцьці,
Што накрывае, як марскі прыбой,
Змрокам зіхценьне незваротных дзён?
Каханьне, мары, думак нашых плён—
Усё мы згубім, каб пасьля знайсьці
Супакаеньне ў згадцы нежывой.