Наш урад вядзе вайну
супраць наркотыкаў. Але паслухайце, што я вам скажу: два найбольш шырока
распаўсюджаныя, найбольш прызвычныя й найбольш разбуральныя з усіх рэчываў
ёсьць у нас цалкам законнымі.
Адным зь іх, натуральна,
ёсьць этынол—алкаголь. І сам прэзыдэнт Джордж Ў. Буш, як ён сам прыпускае,
у свой час не адставаў у гэтай справе ад іншых і прахадзіў паддаты,
наклюканы ці пад газам ладны кавалак жыцьця ў пэрыяд ад сваіх 16 да
41 году. Калі, кажа ён, яму было 41, яму зьявіўся Ісус Хрыстос і прымусіў
яго завязаць і перастаць заліваць вочы.
Іншыя алканаўты бачылі
ружовых сланоў.
І ведаеце, чаму ён
так злуе на арабаў, мне здаецца? Яны прыдумалі альгэбру. Таксама арабы
прыдумалі лічбы, якімі мы карыстаемся, улучна з сімболем для нішто,
якога да іх ні ў кога не было. Вы лічыце арабаў дурнямі? Паспрабуйце
дзяліць у слупок з дапамогай рымскіх лічбаў.
Мы шырым дэмакратыю,
ці ня праўда? Тым самым чынам, як эўрапейскія падарожнікі прыносілі
хрысьціянства індэйцам, якіх мы сёньня называем “аўтахотннымі амэрыканцамі”.
Якімі ж тыя былі няўдзячнымі! Якія няўдзячныя сёньня жыхары Багдаду!
Дык давайце дамо яшчэ адну агромністую падатковую выгаду багацеям. Гэта
будзе для Бін Ладэна незабыўнай навукай. Жыве Правадыр!
Гэты правадыр і ягоныя
кагорты ня маюць нічога агульнага з Дэмакратыяй, гэтаксама як эўрапейцы
тады ня мелі нічога агульнага з Хрысьціянствам. Мы, народ, ня маем абсалютна
ніякага ўплыву на тое, што ім закарціць зрабіць у наступны момант. Калі
вы гэтага не заўважылі, дык нагадаю, што яны ўжо спустошылі дзяржаўную
скарбонку, раздаўшы яе на шумныя гульні хлапцоў з узброеных сілаў і
нацыянальнай бясьпекі, і пакінулі вашую й наступную генерацыі твар у
твар з папросту агромністай запазычанасьцю, якую вы будзеце вымушаныя
сплочваць.
Ніхто нават ня пікнуў,
калі яны гэта рабілі, таму што гэтыя злодзеі загадзя адключылі любую
прадугледжаную Канстытуцыяй сігналізацыю: Палату прадстаўнікоў, Сэнат,
Найвышэйшы Суд, Эф-Бі-Ай, свабодную прэсу (якая, добра ўладкаваўшыся,
забылася на Першую папраўку) і нават “Мы, Народ...”
А зараз наконт майго асабістага досьведу злоўжываньня й залежнасьці
ад рэчываў замежнага паходжаньня. Мяне надта палохалі гераін, какаін,
ЛСД і іншыя такія рэчы, бо я баяўся, што яны могуць сарваць мне дах.
Я выпаліў аднойчы касяк травы з Джэрры Гарсіяй і “The Grateful Dead”,
чыста каб падтрымаць кампанію. Здаецца, гэта на мяне ніяк не падзейнічала,
ані добра ані дрэнна, таму я больш да гэтага не вяртаўся. І дзякуючы
Богу ці яшчэ каму, я не алкаголік, што ёсьць у вялікай ступені генэтычнай
спадчынай. Час ад часу я выпіваю колькі кілішкаў, і сёньня ўвечары таксама
дазволю сабе гэта зрабіць. Але два—мая норма. У парадку.
Натуральна, я папросту
не магу жыць без цыгарэт. І ўсё яшчэ спадзяюся, што аднойчы яны мяне
заб’юць. На адным канцы агонь, на другім—дурань.
Але я скажу вам вось
што: аднойчы я атрымаў такі кайф, які вам ня дасьць нават крэк ці кокс.
Гэта было тады, калі я ўпершыню атрымаў правы на машыну! Зірніце, вы
ўсе, едзе Курт Воннэгут!
І мая тагачасная машына—памятаю, гэта быў Студэбэкэр—працавала, як амаль
усе сёньняшнія транспартныя сродкі й іншыя прылады, а таксама электра-
й цяплоэлектрастанцыі, на самым злоўжываным, прызвычным і шкодным з
усіх наркотыкаў: на выкапнёвым паліве.
Калі вы прыйшлі ў
гэты сьвет, калі нават я прыйшоў у гэты сьвет, гэты індустрыальны сьвет
быў ужо безнадзейна залежны ад выкапнёвых паліваў, і вельмі хутка іх
у нас зусім не застанецца. Атхадняк. Дазволіце сказаць вам праўду? Я
маю на ўвазе, мы ж не ў тэлевізіі, ці як?
Дык вось якой, я думаю,
ёсьць праўда: мы ўсе наркаманы, залежныя ад выкапнёвых паліваў, і знаходзімся
зараз у стане іхнага недахопу, а неўзабаве немінуча надыйдзе атхадняк—выхад.
І як столькі наркаманаў
на парозе выхаду, нашыя лідэры зьдзяйсьняюць зараз жорсткія злачынствы,
каб здабыць тую невялікую колькасьць неабходнага нам рэчыва, якая яшчэ
засталася ў сьвеце.