Графаман

Як

робіцца

рэвалюцыя

 

(гутарка з чэскім журналістам—“жывым сьведкам” украінскай аранжавай рэвалюцыі)

 

Наш госьць—чэскі журналіст, які ўжо некалькі год супрацоўнічае са славацкай газэтай “SME”. Гэтае выданьне цягам падзеяў на Ўкраіне паслала ў Кіеў адразу трох (!) сваіх журналістаў, сярод іх—і вядомую Пэтру Прохазкову. Ільга сказаць, што з усіх чэскіх і славацкіх мэдыяў “SME” надзяляла аранжавай рэвалюцыі, бадай, найбольш увагі, а таксама мела аб ёй найлепшую інфармацыю.

—З чаго пачаўся Ваш удзел у ўкраінскіх падзеях?

—Я прыехаў у Кіеў яшчэ 25 кастрычніка, і ўвечары таго ж дня даведаўся, што бастуе “Пяты канал”, куды адразу й накіраваўся... Мушу сказаць, што спачатку цікавасьць чэскіх СМІ да падзеяў у Ўкраіне была практычна нулёвая, але радыкальна звысілася пасьля другога тура, пасьля 21 лістапада. На жаль, чэскія мэдыі зусім не былі падрыхтаваныя да гэтых падзеяў, толькі тэлевізія і газэта “МФ Днэс” паслалі ў Кіеў сваіх карэспандэнтаў.

Атмасфэра на “Пятым канале” была цудоўнай—гэта была ў той час адзіная тэлевізія, што падтрымлівала апазіцыю. Справа ў тым, што ім заблакавалі банкаўскія рахункі на падставе пададзенай у суд скаргі. Забастоўшчыкі патрабавалі размарожваньня рахункаў і вяртаньня ім ліцэнзіі для трансьляцыі на Кіеў, якая ў іх таксама была адабраная. Страйк доўжыўся недзе тыдзень, нарэшце, усе іхныя патрабаваньні былі выкананыя. Нават той, хто падаваў на іх у суд, сам папрасіў судзьдзю размарозіць рахункі.

—Увесь час цягам выбараў Вы былі ў Кіеве?

—Не, пасьля першага туру, які з розьніцай у паўпрацэнта выйграў Юшчанка, я паехаў у Львоў, пабыў там два дні. Мушу сказаць, што Львоў мне вельмі нагадаў чэскія месты. Таксама жыхары Заходняй Украіны нагадалі мне чэхаў—як і мы, напрыклад, яны звыклыя наведваць кавярні й чытаць штораніцы пры сьняданку газэты. Наадварот, у Кіеве ў параўнаньні з Прагай вельмі мала кавярняў і бараў...

—Як Вы лічыце, ці ільга было прадказаць разьвіцьцё падзеяў за месяц-два перад другім турам выбараў?

—Так. Ільга было прадбачыць, што людзі выйдуць на вуліцу, але наўрад-ці хтосьці мог прадказаць, што яны выйдуць у такой колькасьці. Думаю, што ў штабе Юшчанкі былі зьдзіўленыя тым, што ўсё адбывалася так хутка і што на іхны бок перайшло столькі дзяржаўных установаў і СМІ, бальшыня якіх да таго часу была супраць Юшчанкі.

—Што выклікала зьмену іхнага стаўленьня?

—У СМІ бачылі, што Юшчанка карыстаецца падтрымкай людзей, і што немагчыма далей слухацца інструкцыяў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

—Якой, наогул, была роля СМІ?

—Думаю, што вельмі значная, хаця не магу сказаць—рашучая. Людзі выйшлі на плошчу яшчэ да таго, як мэдыі перайшлі на іхны бок. Вялікую ролю згуляў “Пяты канал” тэлебачаньня, а таксама радыё “Эра”—кіеўская FM-станцыя. Тут ільга бачыць вялікую розьніцу між Украінай і Беларусьсю—у Беларусі не існуе свабодных электранічных мэдыяў. Там палітыкі пасярэдніцтвам “Пятага каналу” і некалькіх радыёстанцыяў маглі заклікаць да грамадзянскага непадпарадкаваньня на пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.

—Якім было Вашае ўражаньне ад намётавага мястэчка?

— Наогул, у Кіеве было некалькі намётавых мястэчак. Першае зь іх узьнікла на Падоле, на Кантрактавай плошчы яшчэ перад другім турам выбараў. Было там якіх 20 намётаў у такім невялічкім парку... Там адпачатку былі, апроч украінцаў, беларусы, грузіны... Трэба сказаць, што некаторых украінцаў раздражняла, што там беларускіх сьцягоў было ледзьве ня больш, чым украінскіх... Напачатку стасункі між імі не былі, скажам так, самымі ідэальнымі. Аднак можна зразумець беларусаў: прымаць удзел у чымсьці падобным у Беларусі ў іх няма магчымасьці, яны “згаладаліся” па вулічнай дэмакратыі...

Намётавае мястэчка на Храшчаціку пачало расьці непасрэдна пасьля другога тура. Цімашэнка выйшла на плошчу адразу ў панядзелак, 22-га лістапада, і абвясьціла: заставайцеся на плошчы, кожны прывядзіце 10 сваякоў і сяброў, і стаўце тут намёты. На наступны дзень на Храшчаціку стаяла больш за сотню намётаў. Пачалі прыяжджаць людзі з рэгіёнаў—зь Беларусі іх там за месяц перабывалі, бадай, сотні людзей. Мястэчка абгарадзілі, на загароджах праз кожныя дзесяць-дваццаць мэтраў стаяла ахова. Гэта было правіла, што кожны мусіў ахоўваць свой участак агароджы. Вартавалі яго таксама і беларусы, хаця памятаю, у маю прысутнасьць двойчы прыходзіў галава мястэчка й крычаў на іх, што яны сыйшлі з агароджы... Відаць, ім ня надта хацелася вылазіць з намётаў, бо намёты абаграваліся (людзям раздалі газавыя абагравальнікі), а знадворку было даволі сьцюдзёна...

—Як рэагавалі людзі на прысутнасьць беларускіх апазыцыйных палітыкаў?

—Увогуле—прыязна, хаця некаторыя ўкраінцы не маглі зразумець, што там, уласна, хочуць усе гэтыя госьці зь Беларусі, Расеі, Чэхіі, Польшчы, якія зьмянялі адзін аднаго на трыбуне... Наадварот, украінскія й замежныя СМІ выявілі вялікую цікавасьць да прысутнасьці беларусаў на Майдане—беларусы былі на “Пятым канале”, у газэтах...

—Які настрой быў на Майдане, калі пайшла чутка, што на Кіеў кіруюцца войскі?

—Калі на плошчы—300 тысяч чалавек, дык нейкія там танкі здаюцца сьмешнымі. Мэдыі кожны дзень прыносілі паведамленьні, што на Кіеў нібыта кіруюцца войскі і паліцыя... Гэтая інфармацыя магла шырыцца і наўмысна, таму што гэта мабілізавала людзей: пасьля гэтага на Майдан іх прыйшло яшчэ больш.

—Калі на Ўсходзе Ўкраіны сыйшоўся зьезд прыхільнікаў Януковіча, Вы таксама паехалі туды...

—Я прыехаў у Данецк, каб даведацца настрояў людзей, якія ў іх погляды. Атрымаў акрэдытацыю ў штабе Януковіча. Якраз у той дзень павінна была адбыцца дэманстрацыя “аранжавых”. Аднак я аб гэтым ня ведаў—я чуў толькі аб тым, што нібыта плянуецца дэманстрацыя “сініх”. Калі я туды прыйшоў, прыхільнікі Януковіча (а іх было якіх дзьве тысячы) сказалі, што сабраліся толькі дзеля таго, каб забараніць у дэманстрацыі “аранжавым”. Дэманстрацыя “аранжавых” пачыналася а першай гадзіне дня. Сыйшлося іх там недзе 15 чалавек. Не пасьпелі яны прыйсьці, як іх пачалі лупцаваць: зрывалі зь іх курткі, адбіралі аранжавыя сімбалы. Нас там было чалавек 10 журналістаў, мы пачалі здымаць гэта на камэру, фатаграфаваць... Пасьля таго, як “сінія” разабраліся з прыхільнікамі Юшчанкі й ня ведалі, каго біць далей, дык кінуліся на нас, на журналістаў. Мяне абкружылі, пачалі крычаць што я правакатар, штурхаць. Сарвалі акрэдытацыю, атрыманую ў штабе Януковіча—я ім спрабаваў давесьці, што я ад Януковіча, а яны—“Какой Янукович!” Я крычу: “Я из Чехословакии!”, а з натоўпу хтосьці азваўся: “НАТОвский шакал!” Пачалі забіраць у мяне фотаапарат—у мяне яго спрабаваў вырваць недзе 25-гадовы галагаловы бамбіза, на дзьве галавы вышэйшы за мяне... Мяне ўратавалі нейкія два спадары старэйшага ўзросту, якія вывелі мяне прэч.

Потым яшчэ быў у Луганску. Там была акцыя прыхільнікаў Януковіча, якая вельмі нагадвала ланцуг неабыякавых людзей—усе стаялі ў ланцугу, трымалі ў руках партрэты Януковіча й запаленыя сьвечкі. Даволі сьмешна выглядала—як быццам Януковіча ўжо няма між жывых... Я прыйшоў туды з дыктафонам, каб запісаць гукі дэманстрацыі—але да мяне падыйшлі людзі з Януковічавай “эскадры”, абкружылі і адабралі дыктафон...

—Ці ільга, на Вашую думку, параўнаць Усходнюю Ўкраіну зь Беларусьсю?

—Бадай, не. Усходняя Ўкраіна ёсьць гэткай савецкай тэрыторыяй, мне гэта нагадала Паднястроўе, дзе я таксама колькі разоў быў. У Данецку людзі ўважаюць сябе за Расею, а не за Ўкраіну. У Беларусі такога няма.

—Калі настаў пераломны момант у разьвіцьці падзеяў?

—Ня ведаю, ці быў там наогул нейкі пераломны момант... Галоўная прычына перамогі—у тым, што дзяржаўныя структуры здрадзілі Кучму зь Януковічам... Усе паўтараюць, што адбылася нейкая рэвалюцыя. Але на Ўкраіне ўжо й перад тым была нармальная грамадзянская супольнасьць, людзі там маюць эўрапейскае мысьленьне, езьдзяць працаваць на Захад. Беларусам таксама ня варта было б сядзець удома, а адправіць хоць аднаго чалавека зь сям’і у Эўропу... Мне здаецца, сам Кучма інфікаваў украінскае грамадзтва заходняй культурай, у тым ліку й тым, што эканамічна яе расхістаў... Можа, гэта ў яго было так запланавана? :-)

—Наколькі апраўданы, на Вашую думку, лёзунг “Сёньня Ўкраіна—заўтра Беларусь”?

—Думаю, што гэта ілюзія. У Беларусі ўладу пэўна трымае ў руках вэртыкаль, тым часам як на Ўкраіне існавалі розныя супрацьпастаўленыя палітычныя і фінансавыя групоўкі... Калі ў Беларусі і здарацца перамены, дык толькі тады, калі людзі, скажам, на трэцім выканаўчым узроўні адмовяцца слухацца загадаў свайго начальства. Здаецца неверагодным, што ў Беларусі ані на Захадзе гэтага не разумеюць. Апазіцыя мусіць камунікаваць з намэнклатурай. Калі ў Беларусі штосьці здарыцца, апазіцыя будзе засьпетая зьнянацку. Напрыклад, Юшчанка, людзі зь ягонага штабу—яны ведалі, куды патэлефанаваць і зь кім зьвязацца ў дзяржаўных структурах. Юшчанка быў 2 гады прэм’ерам, 3 гады дэпутатам, таму ў яго былі кантакты на намэнклатуру, ён САМ паходзіць з намэнклатуры. У беларускай апазіцыі бракуе людзей гэтага тыпу—з намэнклатуры

Акрамя таго, на Ўкраіне Захад павёў сябе слушна—ён падтрымліваў грашыма рэальныя палітычныя сілы, раскладаў рэжым зьсярэдзіны... Плюс, украінская эміграцыя нармалёва дзейнічае—у адрозьненьне ад беларускай, якая займаецца другаснымі рэчамі... Мне здаецца, некаторым недзяржаўным арганізацыям на Захадзе папросту выгадна ізаляваць Беларусь, каб потым атрымліваць пад гэта гранты...

—Дзякуй за гутарку.

© Графаман , 2005

HA POCTAHI