(з
прадмовы да кнігі “Стары рэжым і рэвалюцыя”, 1856 г.)
Многія,
магчыма, будуць закідаць мне, што ў гэтай кнізе я выяўляю залішне недарэчную
прыхільнасьць да свабоды, якая, як мяне пераконваюць, у Францыі ўжо
нікога не абыходзіць.
Ласкава
папрашу ў тых, хто будзе адрасаваць мне гэтую вымову, каб яны прыгадалі,
што гэтую прыхільнасьць я маю вельмі даўно. Вось ужо больш за 20 гадоў
прайшло з таго часу, як я пачаў весьці гаворку аб іншым грамадзтве й
напісаў усё тое, што яны будуць чытаць толькі зараз.
Ужо
сёньня ў цемры будучыні ільга разгледзець тры вельмі ясныя ісьціны.
Першая зь іх: што ўсе людзі нашай эпохі апанаваныя невядомай сілай,
якую, як ільга спадзявацца, мы можам скіроўваць альбо запавольваць,
але якую мы ня можам адолець, і што гэтая сіла набліжае нас—калі павольна,
а калі й рэзка падштурхвае—да зьнішчэньня арыстакратыі. Другая ісьціна:
што сярод усіх грамадзтваў сьвету заўжды будуць з найбольшай цяжкасьцю
імкнуцца на доўгі час пазбавіцца абсалютнай улады тыя грамадзтвы, у
якіх ужо няма й ня можа быць арыстакратыі. І нарэшце, трэцяя ісьціна:
што ніводны кшталт дэспатыі няздольны нідзе прынесьці горшыя наступствы,
як у вышэйзгаданых грамадзтвах, бо ў іх дэспатыя больш за якую іншую
форму кіраваньня спрыяе разьвіцьцю заганаў, да якіх гэтыя грамадзтвы
найбольш схільныя й якія такім чынам прыводзяць іх туды, куды яны ўжо
дагэтуль кіраваліся ў адпаведнасьці са сваймі натуральнымі схільнасьцямі.
Таму
што людзі ў такіх грамадзтвах, не прывязаныя болей адзін да аднаго злучвом
якіх-небудзь кастаў, класаў, карпарацыяў альбо сем’яў, маюць празьмерную
схільнасьць прысьвячаць сябе толькі сваім прыватным інтарэсам; яны заўсёды
вельмі спакушаюцца магчымасьцю дбаць толькі пра сябе й ўпадаюць у вузкі
індывідуалізм, які падаўляе кожную грамадзкую вартасьць. Дэспатыя зусім
не змагаецца з гэтай тэндэнцыяй, і гэтым робіць яе непераадольнай, таму
што пазбаўляе грамадзянаў якога-заўгодна супольнага імпэту, якой-заўгодна
ўзаемнай дапамогі, усялякай неабходнасьці паразуменьня, усялякай магчымасьці
супольнага дзеяньня; так бы мовіць, замуроўвае іх у іхным прыватным
жыцьці. Пакуль у іх ужо дагэтуль была тэндэнцыя апынуцца па-за грамадзкім
жыцьцём, дэспатыя іх ізалюе; калі яны выяўлялі халоднасьць адзін да
аднаго, дык дэспатыя іх замарожвае.
У
гэткіх грамадзтвах, у якіх няма нічога пэўнага, кожнага несупынна падзужвае
боязь, што ягонае становішча пагоршыцца, гэтаксама як і памкненьне сягнуць
вышэй. Грошы зрабіліся тут галоўным крытэрам, паводле якога класіфікуюцца
й адрозьніваюцца між сабой людзі, і адначасова здабылі сабе унікальную
мабільнасьць—яны несупынна пераходзяць з рук у рукі, зьмяняюць жыцьцёвыя
ўмовы людзей, узвышаюць і паніжаюць цэлыя сем’і, такім чынам не існуе
амаль нікога, хто б ня быў змушаны да адчайных і бясконцых намаганьняў
з мэтай захаваць ужо здабытую альбо здабыць хоць нейкую пазіцыю ў грамадзтве.
Жаданьне збагацець любым коштам, прага гандляваць, любоў да прыбытку,
пошук дабрабыту й матэрыяльных асалодаў зьяўляюцца, такім чынам, найбольш
распаўсюджанымі ў такіх грамадзтвах жарсьцямі. Гэтыя жарсьці лёгка шырацца
ўва ўсіх ягоных класах і дасягаюць нават тых, каму яны былі дагэтуль
чужыя. Неўзабаве яны зойдуць так далёка, што ў выпадку, калі іх нічога
не спыніць, яны прывядуць да нэўратызацыі й дэградацыі цэлай нацыі.
Такім чынам, сутнасьць дэспатыі палягае ў падтрымцы й пашырэньні гэтых
зьнясільных жарсьцяў, як што яны дапамагаюць ёй: займаюць ды адцягваюць
чалавечую фантазію далёка ад грамадзкіх справаў і прыводзяць да таго,
што людзі трымцяць ад адной думкі пра рэвалюцыю. Толькі дэспатыя можа
прапанаваць гэтым людзям канфідэнцыйнасьць і цень, якія надаюць пэўнасьці
іхнай хцівасьці й даюць магчымасьць дасягаць несумленных прыбыткаў бяз
боязі страціць гонар. Без дэспатыі яны былі б моцныя, пры дэспатыі яны
ўладараць разам зь ёй.
У
супярэчнасьці з гэтым толькі свабода ў такіх грамадзтвах можа эфектыўна
змагацца супраць заганаў, якія ёсьць для іх натуральнымі, і затрымаць
гэтыя грамадзтвы на коўзкай паверхні, па якой яны сьлізгаюць уніз. Таму
што толькі свабода можа выцягнуць грамадзянаў з ізаляцыі, у якой яны
жывуць незалежна ад сваіх жыцьцёвых умоваў, і прымусіць іх, каб яны
зноўку наблізіліся адзін да аднаго, толькі яна сагравае іх і штодня
збліжае іх між сабою ў неабходнасьці прыслухоўвацца адзін да аднаго,
пераконваць адзін аднаго, выходзіць адзін аднаму насустрач пры вырашэньні
супольных пытаньняў. Толькі яна здольная адарваць іх ад культу грошай
і ад дробных штодзённых клопатаў, якія паходзяць зь іхных прыватных
справаў, ды навучыць іх у кожны момант успрымаць і адчуваць радзіму
па-над сабой і поруч з сабой. Толькі яна здольная час ад часу замяніць
любоў да дабрабыту больш энэргічным і больш высокім імпэтам, толькі
яна прапануе для іхных амбіцыяў вышэйшыя мэты, чымся здабыцьцё багацьця,
і стаецца сьвятлом, якое дае ім магчымасьць спазнаваць і судзіць людзкія
заганы й даброці.
Дэмакратычныя
грамадзтвы, якія ня ёсьць свабоднымі, могуць быць багатымі, выкшталцонымі,
прыгожымі з выгляду, нават шыкоўнымі й моцнымі дзякуючы вазе сваёй гомагеннай
масы. Мы можам знайсьці ў іх сія-тыя асабістыя якасьці, добрых бацькоў
сямействаў, сумленных гандляроў і вартых усялякай пашаны ўласьнікаў
нерухомай маёмасьці. Сярод іх мы сустрэнем нават добрых хрысьціян, то
ж бо радзіма іхная не ад гэтага сьвету, а слава іхнай рэлігіі палягае
менавіта ў здольнасьці культываваць добрыя норавы ў асяродзьдзі найгоршай
сапсаванасьці й пры найгоршай уладзе. У Рымскай імпэрыі іх было поўна
ў часы ейнага заняпаду. Наважваюся, усяляк, сьцьвярджаць, што ў падобных
грамадзтвах ніколі ня знойдуцца вялікія грамадзяне, а вялікі народ дык
пагатоў. Не пабаюся сьцьвярджаць, што агульны ўзровень разьвіцьця сэрца
й духу ў такіх грамадзтвах не перастане зьніжацца ніколі, пакуль роўнасьць
у іх будзе спалучацца з дэспатыяй.
Гэтак я лічыў і гэтак казаў дзесяць гадоў таму. Прызнаюся, што ад таго
часу ў сьвеце не здарылася нічога, што прымусіла б мяне думаць і гаварыць
іначай. Калі я выявіў сваё добрае меркаваньне аб свабодзе ў час, калі
яна карысталася пашанай, дык спадзяюся, што не палічыцца дрэнным трываць
на гэтым меркаваньні ў час, калі ад яе ўсе адвярнуліся.
Зважце,
калі ласка, што менавіта ў гэтым я менш адрозьніваюся ад сваіх апанентаў,
чымся яны самі лічаць. Што гэта быў бы за чалавек, які ад прыроды меў
бы настолькі нізкую душу, што аддаваў бы перавагу залежнасьці на капрызах
некага са сваіх бліжніх, чымся выкананьню законаў, у ўвядзеньні якіх
удзельнічаў, і пры гэтым быў таго меркаваньня, што ягоны народ мае ўсе
вартасьці, неабходныя для таго, каб карыстацца свабодай належным чынам?
Думаю, што такога чалавека не існуе. Самі дэспаты не адмаўляюць, што
свабода—цудоўная рэч; яны проста хочуць мець яе выключна для сябе, сьцьвярджаючы,
што ўсе астатнія ёсьць нявартымі яе. У такім выпадку, мы не адрозьніваемся
між сабою сваймі меркаваньнямі наконт свабоды, але лепшым ці горшым
меркаваньнем наконт людзей, а таму можам з упэўненасьцю сказаць, што
любоў, якую чалавек мае да абсалютнай улады, наўпрост залежыць ад ступені
пагарды, якую ён пачувае да сваёй краіны.