Выказваць сёньня пратэст
супраць вайны надзвычай складана, бо пасьля мадрыдзкай трагедыі супраць
вайны пратэстуюць практычна ўсе: анархісты, камуністы, лібэралы, дэмакраты,
сацыял-дэмакраты, фундамэнталісты, антысеміты. У кожнага зь іх—свая
прычына для пратэсту. Як зрабіць так, каб радыкальная крытыка вайны
з пазіцыяў прыхільнікаў дэмакратыі не згубілася ў гэтым гомане?
“Тэрарызм”—настолькі
вялікая абстракцыя, што ён мог бы быць дэфінаваны хіба толькі ў выніку
сваёй паразы, бо ў пэўным сэнсе, толькі ў выніку перамогі насамрэч даведваесься,
супраць каго ваяваў. Таму лепш адразу паставіць пытаньне: ці ільга перамагчы
тэрарызм? Магчыма толькі паставіць пад жорсткі кантроль прыватныя грамадзянскія
ініцыятывы. Невыпадкова, што менавіта ў Амэрыцы, краіне з шырокімі грамадзянскімі
свабодамі, адной з праяваў свабоды ёсьць “індывідуальны тэрарызм” (Унабомбэр,
Коламбайн, Вашынгтонскі снайпэр і г.д.).
Тэрарызм ёсьць прыватнай
(што азначае—недзяржаўнай) ініцыятывай. Прыватны гвалт уступае ў дзеяньне
тады, калі легітымізаваны, дзяржаўны гвалт зьяўляецца недастатковым
для дасягненьня нейкіх глабальных зьнешнепалітычных мэтаў. Ільга сказаць,
што на сёньняшні дзень ніводная ісламская краіна ня мае такога тэхнічна-вайсковага
патэнцыялу, каб быць здольнай праводзіць палітыку ў інтарэсах ісламскага
сьвету. Прычынаў гэтаму шмат, і першая зь іх—гэта не паранджа ці шарыят,
а тэхнічная й эканамічная адсталасьць краінаў арабскага Ўсходу. Хаця,
безумоўна, з нашага эўрапейскага гледзішча нельга ня бачыць сувязі між
шарыятам і тэхнічнай адсталасьцю—аднак сказаць аб гэтым уголас азначала
б абразіць рэлігійныя пачуцьці мусульманаў.
Такім чынам, ва ўмовах
няздольнасьці дзяржаваў зьяўляюцца недзяржаўныя арганізацыі, якія рэпрэзэнтуюць
незадаволеныя народныя масы “непасрэдна”: то бок, ня ёсьць абранымі,
на заходні капыл, а самавольна вылучаюцца з масаў падчас кароткага пэрыяду
іхнай радыкалізацыі й бяруць на сябе абавязкі й функцыі “народнага прадстаўніцтва”.
З аднаго боку, у выніку такой “самавылучанасьці” масы першапачаткова
маюць да іх большы давер—з другога, у дачыненьні адно да адных гэтыя
структуры ня маюць ніякіх трывалых абавязкаў. Таму нягледзячы на тое,
што такая арганізацыя перастае карыстацца шырокай падтрымкай насельніцтва,
яна ўсё адно працягвае дзейнічаць і выдаваць сябе за ягоную прадстаўніцу
(прыклад—Аль Кайда, БНФ і г.д.). Гэтыя арганізацыі не заклікаюць да
вырашэньня аб’ектыўных прычынаў наяўнай сітуацыі (як што нават дзяржава
ня можа даць рады такой складанай задачы), а прапануюць прасьцейшыя
й кожнаму зразумелыя вырашэньні: шукаюць вінаватага. У выпадку ісламскіх
тэрарыстычных арганізацыяў “вінаватых” два: Амэрыка й Ізраіль (дзіўлюся,
чаму ў гэты шэраг усё яшчэ не патрапіла Расія). Уласныя ўрады абвяшчаюцца
скарумпаванымі й здрадніцкімі, абвінавачваюцца ў калабарацыі з “сатаной”.
Такія арганізацыі існуюць да тае пары, пакуль іх ёсьць каму фінансаваць,
таму крок ЗША, скіраваны супраць фінансавай імпэрыі Бін Ладэна, быў
вельмі разумным.
Чаму арганізацыі такога
кшталту ўзьнікаюць менавіта ў ісламскіх краінах? Адной з прычынаў ёсьць,
безумоўна, культурны падмурак. Ісламская рэлігія ня можа трапіць пад
кантроль дзяржавы ўжо таму, што ня мае трывалай структуры ані ерархіі—наадварот,
дзяржава ўвесь час знаходзіцца пад пільным вокам ісламскіх сьвятароў.
На Ўсходзе дзяржава ўсё яшчэ разглядаецца як штосьці чужыннае, заходняе,
посткаланіяльнае: насельніцтва нашмат больш моцна адчувае сваё атаясамленьне
з рэлігіяй, чымся з адпачатна “сьвецкай” інстытуцыяй, якая толькі “прыкрываецца”
рэлігіяй і культурай. Рэлігія дае, такім чынам, кожнаму шараговаму жыхару
магчымасьць адчуваць сябе “больш справядлівым”, “больш дасьведчаным”
і ў выніку “больш вартым” таго, каб кіраваць дзяржавай, чымся наяўнае
кіраўніцтва. Думаць так дае шараговаму жыхару факт ягонай прыналежнасьці
да масы (факт ягонага мусульманства), а не ягонай прыналежнасьці да
дзяржавы (факт ягонага грамадзянства). Такім чынам, пакуль на Ўсходзе
“умма” будзе панаваць над дзяржавай, а маса над асобай, гаварыць аб
нейкіх перспэктывах дэмакратыі ў заходнім сэнсе гэтага слова там ня
мае сэнсу.
Аднак “умма” ёсьць
для мусульманаў усім. Адмовіцца ад “уммы” азначае перагледзець мараль
і філасофію ісламскай супольнасьці ад самых падмуркаў. У сваю чаргу,
Захад адмаўляецца весьці перамовы з кімсьці, хто не гаворыць ягонай
мовай—мовай вольнага гандлю й дэмакратыі. У гэтым сэнсе, усе, хто не
падзяляе заходнія каштоўнасьці, апынаюцца ў ролі патэнцыйных тэрарыстаў,
зь якімі перамовы таксама не вядуцца. У якасьці альтэрнатыўнага выйсьця
прапаноўваецца толькі адно: “здаць зброю”, перайсьці на сістэму духоўных
каштоўнасьцяў заходняга сьвету.
Аднак якім ёсьць заходняе
грамадзтва—хрысьціянскім ці сэкулярным? Прыняты нядаўна ўва Францыі
закон мае, бадай, толькі адну станоўчую рысу: ён дае мусульманам зразумець,
што дзяржава на Захадзе ставіцца аднолькава да прадстаўнікоў любой рэлігіі—як
хрысьціянскай, так і нехрысьціянскай. Менавіта таму ў абарону гэтага
закону выступілі афіцыйныя прадстаўнікі францускай мусульманскай супольнасьці.
Што да сучаснай пазіцыі ЗША, дык тут мае месца спроба стварэньня паводле
ўзору амэрыканскага шматканфэсійнага хрысьціянства нейкай экумэнічнай
монатэістычнай рэлігіі (ці прынамсі маралі), спалучальнай зь ідэямі
дэмакратыі, вольнага гандлю й г.д. Амэрыканскі падыход мае як свае плюсы,
так і мінусы. Безумоўным плюсам зьяўляецца ўтрыманьне маральнасьці такой
супольнасьці на дастаткова высокім узроўні, які дазваляў бы заплюшчваць
вочы на існаваньне порнабізнэсу й адначасова чырванець пры выглядзе
аголенай цыцкі Джэнэт Джэксон. Мінусам зьяўляецца практычная незьдзяйсьняльнасьць
такой мадэлі ў найбліжэйшы час—галоўнымі перашкодамі тут зьяўляюцца
ня толькі кітайскі марксізм, але й фундамэнтальная ўпартасьць практычна
ўсіх сусьветных рэлігіяў, ісламу, праваслаўя й каталіцызму, для якіх
палітычныя й эканамічныя выгады іхнай рэлігійнай і культурнай гегемоніі
ёсьць нашмат больш істотнымі за бога й за пытаньне, ці патрапіць нейкі
асобны вернік у пекла ці ў рай. Галоўнае для такіх цэркваў—гэта захаваць
манаполію на права абвяшчаць, што ёсьць добрым, а што благім. У амэрыканскім
варыянце гэтае права яны былі б вымушаныя перадаць Найвышэйшаму суду,
што азначала б: прыняць, канец канцоў, амэрыканскую мадэль дэмакратыі—калі
не празь дзьверы, дык хоць праз вакно.
Перамога над адной
тэрарыстычнай сеткай не азначае перамогу над “тэрарызмам”. Перамагчы
тэрарызм азначае абмежаваць прыватныя ініцыятывы толькі на мірныя, негвалтоўныя
ініцыятывы. У такім выпадку, першым крокам амэрыканскага кіраўніцтва
на гэтым шляху павінна была б быць забарона вольнага продажу зброі—прычым
ня толькі ў межах краіны, але і ў сусьветным маштабе. Зрэшты, захады
ў другім кірунку робяцца. Што да першага кірунку, дык Амэрыка хутчэй
завядзе таталітарызм, чымся адмовіцца ад вольнага продажу зброі.
Такім чынам, вайна
супраць тэрарызму адпачатна ёсьць перадусім вайной супраць арганізаванага
тэрарызму (які разглядаецца як аналог арганізаванай злачыннасьці, мафіі),
і перадусім—супраць ісламскага тэрарызму. Наогул, варта быць асьцярожным
з карыстаньнем словам “вайна” ў ягоных розных значаньнях: ільга весьці
вайну супраць кагосьці (war against Iraque), але ільга таксама абвясьціць
вайну нечаму (war on something)—наркотыкам, саранчы, п’янству, тэрарызму
й іншым абстрактным фэномэнам. У другім выпадку слова “вайна” ўжываецца
ў пераносным, а ня ў простым сэнсе. Бушава адміністрацыя здолела зьдзейсьніць
неверагодную лінгвістычную штуку: скарыстаць двухсэнсоўнасьць слова
“вайна” й спалучыць неспалучальнае: спосаб вайны 1 з мэтамі й лозунгамі
вайны 2. Ці мае сэнс абвяшчаць вайну мафіі? Акупаваць Сіцылію? Зьнішчаць
Палермо толькі таму, што дзесьці там, маўляў, хаваецца некалькі каппо?
Ператвараючы вайну 2 ў вайну 1, ЗША зноў ствараюць няісную сувязь паміж
насельніцтвам і ягонымі самазванымі “прадстаўнікамі”, партызанамі, настройваюць
супраць сябе мірных жыхароў, што азначае—ствараюць глебу для стварэньня
новых тэрарыстычных арганізацыяў. Галоўная праблема амэрыканскіх жаўнераў—ня
жорсткасьць, а іхная фанабэрыя й неадукаванасьць.
Аднак галоўная праблема
ЗША ў гэтай “вайне”, на маю думку, палягае ў тым, што яны насамрэч ня
хочуць змагацца з ісламам, ня хочуць змагацца з монатэізмам, ня хочуць
змагацца за сэкулярную дзяржаву—яны хочуць толькі ўтаймаваць і паставіць
пад кантроль заходняга Розуму, Ratio, экстрэмальныя, іррацыянальныя
праявы ўсходняй рэлігійнасьці (як гэта зрабіла на Захадзе Рэфармацыя).
Аднак гэтыя экстрэмальныя праявы ня ёсьць “пабочнымі эфэктамі” ісламу—яны
ёсьць ягонай сутнасьцю, “дзівосамі веры”, якія ўмацоўваюць гэтую веру.
На сучасным узроўні разьвіцьця мусульманскай супольнасьці ўвядзеньне
сэкулярнай ідэялогіі ёсьць немагчымым, бо сэкулярнасьць (бязьвер’е)
можа быць успрынятая й перастрававаная толькі моцнымі, сталымі, адукаванымі
асобамі—для гэтага трэба як мінімум дыскрэдытаваць архаічную ідэю “масы”
ў вачох ісламскай супольнасьці, паставіць рэлігію на ўзровень асабістага
перажываньня й справы сумленьня кожнага. Менавіта гэта зацята адмаўляюць
усе вядомыя мне прававерныя мусульмане—за выключэньнем хіба якога Салмана
Рушдзі.
Лепшым інструмантам
барацьбы супраць тэрарызму зьяўляюцца самі ўжо існыя ісламскія дзяржавы.
Каб паслабіць гвалт прыватны, варта ўзмацніць гвалт легітымны. Аднак
як зьмяніць стаўленьне грамадзянаў ісламскіх краінаў да сваіх дзяржаваў—і
пры гэтым не ператварыць іх у дыктатуры паводле ўзору Гусэйнава Іраку?
У гэтым—найвялікшая праблема ісламскага Ўсходу. У адрозьненьне ад скептычнай
і рэлатывісцкай дэмакратыі, ідэя “уммы” не абяцае ідэальную супольнасьць
у будучыні (як, напрыклад, марксізм), а абвяшчае ідэальнай ужо існую
супольнасьць! Такім чынам, патрэбу чалавека жыць у ідэальнай супольнасьці
іслам ставіць на першае месца сярод усіх чалавечых патрэбаў—улучна з
тымі, якія такая супольнасьць павінна была б забясьпечваць.
Тыя, хто змагаецца
сёньня з тэрарызмам на баку ЗША, змагаецца не з прычынамі хваробы, а
зь ейнымі сімптомамі. Таму стрыманая пазіцыя Эўропы (перадусім, Францыі
й Нямеччыны) ў дачыненьні да вайны ў Іраку ёсьць больш чым абгрунтаванай
і ў ідэйным сэнсе больш радыкальнай за пазіцыю ЗША. Якая рацыя змагацца
з тэрарызмам на чужой тэрыторыі, калі тэрарызм дзейнічае й квітнее на
тэрыторыі ўласнай? ЗША апынаюцца ў сітуацыі Ганібала, які за паходам
на Рым забыўся на абарону роднага Карфагена. Ці ня лепей засяродзіць
увагу на нутраной бясьпецы краіны, а самім мацаваць стасункі зь дзяржавамі
арабскага сьвету? Аднак у сучаснай энэргетычнай сітуацыі гэта азначала
б патрапіць ад іх у залежнасьць. Як з гэтага ўсяго выплывае, ЗША аддаюць
перавагу барацьбе за нафту й энэргетычную незалежнасьць перад барацьбой
за дэмакратыю. Як гэта называецца—рэальная палітыка? Прагматызм? Безумоўна—у
спалучэньні з двудушнасьцю й хлусьнёй. Зрэшты, адно без другога немагчымае.
Таму варта было раней пачаць рыхтавацца да таго, што рана ці позна абсурднасьць
лозунгу аб “вайне з тэрарызмам” выйшла б на паверхню, і ад яго б пачалі
дыстанцыявацца. Гэта, як выглядае, неўзабаве зробіць Гішпанія, аб гэтым
гавораць у Польшчы. Калі так пойдзе далей, у ЗША застануцца толькі два
хаўрусьнікі—Брытанія й Расія. Тады “антытэрарыстычная кааліцыя” можа
ўзяць сабе найменьне “імпэрскай кааліцыі”, альбо адразу “Траістага хаўрусу”.
Бракавацьме толькі крыжа на ягоным сьцягу.
Увогуле, ільга сказаць,
што вайна супраць Іраку значна дыскрэдытавала й ня толькі матэрыяльна,
але й ідэйна паслабіла заходнія дэмакратыі. Магчыма, уратаваць іхны
гонар сёньня можа толькі новая палітыка ЗША. Бо ў пацыфісцкай Эўропы
недастаткова сілы нават на тое, каб усталяваць мір на ўласным кантынэнце.