Макс Шчур

 

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА

(разьдзелы з раману)

 

О вы, людзі, нябожчыкі зь дзіцячым абрысам вачэй, азмрочаных жыцьцём! Вам усьміхаюцца й вас вітаюць усе, хто дыхае спакойным і салодкім паветрам немагчымай краіны.

Грын, “Зіхатлівы сьвет”

І хаця мы (нашая сьвядомасьць, нашыя пачуцьці, наш суворы досьвед) паступова зьмяняемся з гадамі, гэтаксама як нашая скура й моршчыны паступова ператвараюцца ў сьведкаў гэтай зьмены, ёсьць штосьці ў нас, дзесьці глыбока ўсярэдзіне, у найбольш цёмных закуткох, учэпленае кіпцюрамі й зубамі ў дзяцінства й мінуўшчыну, у нацыю й радзіму, у традыцыю й сны, што, як здаецца, чыніць супраціў гэтаму трагічнаму працэсу: памяць, таямнічая памяць аб нас саміх, аб тым, чым мы ёсьць і чым былі.

Сабато, “Пра герояў і магілы”

0.

Няўжо гісторыі жыцьця, акрамя таго, што яны адбываюцца, што яны існуюць, таксама аб нечым апавядаюць? Няма, напэўна, нават патрэбы падкрэсьліваць, што я чалавек цьвярозай развагі. Але, магчыма, штосьці яшчэ засталося ўва мне з ірацыянальных забабонаў, напрыклад—сама гэтая дзіўная вера ў тое, што ўсе жыцьцёвыя гісторыі, якія са мной здараюцца, маюць яшчэ й нейкі іншы сэнс, нешта азначаюць; што само жыцьцё ёсьць гісторыяй, якая сама сабою нешта апавядае, паступова выяўляе нам нейкую сваю таямніцу, паўстае перад намі як рэбус, сэнс якога трэба разгадаць, што перажываныя намі гісторыі ёсьць міталогіяй гэтага жыцьця, і што ў гэтай міталогіі схаваны ключ да праўды й да таямніцы. Скажаце, што гэта самападман? Магчыма, нават вельмі верагодна, што гэта так, але я ўсё адно не магу пазбавіцца гэтай няўнікнай патрэбы разгадваць сваё ўласнае жыцьцё (як быццам у ім насамрэч можа быць схаваны нейкі сэнс, значаньне, праўда), ніяк не магу пазбавіцца гэтай патрэбы, нават калі яна ёсьць ня болей чым патрэбай нейкай забавы (гэтаксама як ёсьць забавай разгадваньне рэбусаў).

Кундэра, “Жарт”

Пачатак звычайнага летняга дня атрымаўся надзіва ладны: неба было ледзь не абсалютна сіняе, сонцу не было куды дзець лішак свайго сьляпучага праменьня, таму яно марнавала яго па-над нечульлівым да любога надвор’я й абыякавым да ўсялякага хараства Другарадам. Адзіны-адзінюткі прамень зь неабсяжнай масы сонечнага сьвятла распаленым набела лязом шпагі лёгка працяў выцьвілую фіранку, пакінуўшы на памяць аб сабе акуратную дзірку ў тканіне, і засяродзіўся на воку аднаго з трох часовых гаспадароў пакою, навушэнца трэцяга курсу Апанаса Бэйбаса, які ў той час усё яшчэ незьбянтэжна спаў. Маленькая белая пляма, крыху падобная да снайпэрскага прыцэлу, прымусіла ягонае вока замітусіцца, затрымцець і покнуць пад ейнай гарачынёю, маўляў сьпелая вустрыца. Покнуўшы, вока яшчэ некаторы час спрабавала чыніць супраціў непахіснай волі аргомністай жоўтай зоркі, а таксама свавольству дзіркі, якая была зусім невыпадкова пракалупаная на гэтым месцы фіранкі самім Бэйбасам і ад таго часу слугавала яму будзільнікам. Нарэшце, Бэйбас сказаў сабе, што гэта ня мае ніякага сэнсу, бо надыйшоў час уставаць.


Дыхаць у пакоі было немагчыма—ня толькі з-за Бэйбасавай там прысутнасьці, але й з-за гарачыні, таму, ледзьве ўстаўшы на ногі, Бэйбас адразу ж адчыніў вакно, запаліў цыгарэту й пачаў замілавана, як заўсёды, сузіраць тую частку вядомага яму Другараду, якая яму найбольш падабалася, бо была нязьменнай і ў любы час для яго дасяжнай: шырокія ростані перад калетчам (так называлі між сабой інтэрнат ягоныя жыхары), дзе сыходзіліся шляхі некалькіх маршрутаў другарадзкіх трамваяў з шляхамі міжгародных аўтобусных рэйсаў, што кіраваліся ў невядома якія часткі краіны, таксовак, што кіраваліся з ускраінаў у цэнтар, вагавозаў, што ўвесь час езьдзілі сюды-туды бязь нейкае асаблівай мэты, і прыватных машын, што імкнуліся як мага хутчэй з усім пералічаным разьмінуцца. Дзень, уласна, хіліўся да абеду. Трамвайныя рэйкі яскрава зьзялі на сонцы, самі трамваі няўхільна паварочвалі ў адным і тым самым месцы, з буркатлівым старэчым зьвяганьнем перапаўзаючы шашу, за якой была мутная й шырокая, як ува ўсіх сталіцах Яўропы, рэчка, а яшчэ далей—помнік Разваліцелям і панэльныя пагоды ў тыя часы яшчэ прэстыжнага мікрараёну. Каля самага помніку, невідочны кіроўцам з-за павароту, стаяў на варце парадку ўпрыгожаны бэзавым гузаком сірэны нізкалобага выгляду браневік, які падпільноўваў тых, хто падумаў бы перавысіць усталяваную правіламі хуткасьць, альбо тых, марка чыёй машыны навейшая й лепшая за марку консульскага лімузіну—аднак такія звычайна ведалі аб месцы знаходжаньня браневіка й агіналі пост за тры кіламэтры, таму ахоўнікі нізкай хуткасьці, уласна, ня мелі чаго рабіць і падпякаліся на сонцы, расклаўшыся на гарачай брані, а некаторыя спрабавалі свае плывецкія сілы ў каламутнай рацэ, што была ў найбліжэйшым да калетчу месцы такой сама плыткай, як і паўсюль.

Некаторы час Бэйбас зь пяшчотай назіраў за рухам транспартных сродкаў: той нагадваў яму дарагую цацку, якой ён хацеў валодаць калісьці ў дзяцінстве—мініятурную мадэль чыгункі зь цягнічкамі, рэечкамі, семафорчыкамі, стрэлачкамі, шлагбаўмчыкамі, пластыкавымі краявідзікамі, хаціначкамі й чалавечыкамі. Так, Бэйбас зь дзяцінства хацеў мець, так бы мовіць, уласную краіну ў мініятуры, ды толькі ягоныя бацькі казалі: “Мы ня можам гэтага сабе дазволіць.” Маленькі Бэйбас тады яшчэ не разумеў сэнсу гэтых словаў і спрабаваў зь імі спрачацца: “Але ж вам гэтая цацка непатрэбная! Дазвольце мець яе мне!”, на што злыдні-бацькі толькі пасьміхаліся. Відаць-такі, штосьці іншае, ці можа нават хтосьці іншы не дазваляў ім тады набыць свайму сыну Бэйбасу жаданую мадэль—аднак цяпер, у такім сталым веку, яна была яму ўжо, бадай, непатрэбная. Цяпер перад ягонымі вачыма, ды што там, амаль на далоні ляжалі сапраўдныя скрыжаваныя дарогі, залітыя сапраўдным асфальтам і ўмацаваныя сапраўднымі рэйкамі, і варта яму было толькі працягнуць у іхным кірунку руку...

Не пасьпеў Бэйбас гэтага зрабіць, як цікунскі браневік раптам заракатаў, крануўся зь месца й пачаў імкліва рухацца ў накірунку канцовага прыпынку трамваяў, які мясьціўся на беразе возера Неглыбокага, у адным з найцішэйшых другарадзкіх раёнаў: жэўжык ягонай міргалкі завёўся й заверашчаў, і неўзабаве ейны ёкат падхапілі сірэны іншых цікунскіх машынаў, што пачалі адна за адной вылазіць з усіх закуткоў гарадзкога краявіду, маўляў прусы з кутоў Бэйбасавага пакою. Дзьве зь іх, што былі толькі-толькі во канфіскаваныя ў насельніцтва другарадзкай дарожнай аховай на карысьць дзяржавы, абагналі браневік і пранесьліся ў бок возера. Потым іхным прыкладам натхнілася карыта (як казала новая генерацыя, а не “карэта”, як казалі старажылы) хуткай дапамогі. “Няўжо ж будуць ахвяры?”, амаль радасна запытаўся ў сябе Бэйбас, і яшчэ больш радасна сабе адказаў: “Напэўна, калі дагэтуль іх не было, дык цяпер будуць дакладна.”

Непадобна было, каб уся гэтая паўдзённая мітусьня была выкліканая пажарам, бо пажарнікаў не было відаць, але галоўнае, што не было дыму, хаця лёгкі ветрык дзьмуў якраз з таго самага боку, куды адно за адным перасоўваліся ўсе вышэйзгаданыя сродкі службовага перасоўваньня. У кожным выпадку, штосьці здарылася—а ў Другарадзе, дзе, нягледзячы на ягоную разьсягласьць, нячаста штосьці здараецца (прынамсі, афіцыйна), любая падзея ледзь не адразу робіцца роўнай скандалу. Варта было б уключыць тэлевізію й паглядзець, што такое, падумаў Бэйбас, толькі вось тэлевізіі ў яго не было—вось ужо два тыдні, як ён мусіў вярнуць яе ў пракат, бо грошай у яго ў апошні час ледзьве хапала на цыгарэты. Зараз Бэйбас упершыню за два тыдні вельмі пашкадаваў аб сваім вырашэньні, бо вылазіць у такую пякельную сьпёку з хаты ў яго не было абсалютна ніякай ахвоты.

Аднак даведацца, у чым там справа, яму ўсё-ткі карцела. Гонар быць сьведкам адной зь нешматлікіх другарадзкіх падзей здаваўся яму вартым таго, каб рызыкнуць-такі парушыць свае звычкі—а паколькі йначай рабіць Бэйбасу, як ён лічыў, не было чаго, то ён пачаў памалу зьбірацца на шпацыр у кірунку найцішэйшага другарадзкага бульвару, дзе затухаў гук службовых машын. Афіцыйнай мэтай Бэйбасава шпацыра павінна была стацца ўжо традыцыйная бутэлечка сьветлага піўка зь лядоўні тамтэйшай кулінарыі.

Сам шпацыр заняў бы ў яго хвілінаў дзесяць—адылі Бэйбас не сьпяшаўся пакідаць лагоднага ценю шматпавярховага калецкага будынку й дазволіў сабе ў якасьці прэміі (“За адвагу на пажары”, падумаў ён) выпаліць адну-дзьве цыгарэты на зэдліку перад ягоным ганкам, мілуючыся шыльдай

Ордэна Дзяржаўнага Сьцягу
Ўзорны Калетч № 1
Другарадзкай Акадэмічнай Дзяржаўнай Установы
па Падрыхтоўцы Ынтэлектуалаў
(ДАДУПЫ)

—шыльда была бліскучай і падабалася Бэйбасу ня меней за саму назву Другарадзкай Акадэмічнай Дзяржаўнай Установы й нават болей за непрыстойны надпіс зьлева ад яе. У сузіраньні залатой шыльды й крывых адлюстраваньняў у ёй, улучна свайго ўласнага, якое нагадвала яму аб адным даўнім наведваньні залі сьмеху з наўмысна няроўнымі люстэркамі, Бэйбас выпаліў яшчэ дзьве цыгарэткі.

Карацей, не прайшло й паўгадзіны, як Бэйбас быў ужо на месцы. Каля будынку раённага дзіцячага садку ён угледзеў надзіва нешматлюдны натоўп: згуртаваныя цікавасьцю людзі, учапіўшыся пальцамі (“Што тыя малпы ў заапарку”, падумаў Бэйбас) у жалезную сетку невысокай, на дзіцячы рост разьлічанай агароджы, нерухома й маўкліва пазіралі на шэры паралелепіпед з шклянымі вокнамі, у якім клапатлівыя выхавацелькі цярпліва высіджвалі маленькіх цыпляняткаў да памераў бройлераў. Паколькі быў звычайны працоўны дзень (“Здаецца, серада,” падумаў Бэйбас), то натоўп утваралі спрэс мясцовыя жыхары ў непрацоўным веку альбо стане: старыя дзяды й бабулькі, алкаголікі ды маладыя маткі на адпачынку зь дзецьмі. У выразе іхных твараў было штосьці, што сьведчыла: нічога падобнага яны ў сваім жыцьці яшчэ ня бачылі. Мажліва, яны й цяпер нічога ня бачылі—прынамсі, зь іхных размоваў цяжка было зразумець, што тут якіх пятнаццаць хвілін таму сталася—альбо незвычайнасьць здарэньня настолькі адбілася на іхнай памяці, што яны ўмомант усё пазабывалі. Цяпер уся іхная ўвага была засяроджаная на адным з вокнаў шэрага будынку—як быццам тое было карцінай якогасьці слыннага мастака-абстракцыяніста. Бэйбас таксама зьвярнуў на яго ўвагу і ўбачыў агромністую дзірку, што зьзяла амаль пасярэдзіне бруднага ваконнага шкла й крыху нагадала Бэйбасу павука, зробленага з чорнай пустэчы, ад тлустага цела якога ва ўсе бакі разыходзіліся крывыя ніткі раськепінаў. За шклом, у дзірцы, не было нічога вартага ўвагі: звычайная цішыня паўпустой дзяржаўнае ўстановы ўлетку, падобная да прахалоднае цішыні касьцёла—які, зрэшты, таксама ёсьць установай, толькі ня сьвецкай, а нейкай іншай дзяржавы, падумаў Бэйбас.

Здавалася, зусім нічога такога не адбылося—хаця штосьці, безумоўна, павінна было адбыцца, і гэтае штосьці Бэйбас, як заўжды, прапусьціў, таму цяпер ня мог сабе гэтага дараваць. Што здарылася? Чаму так ціха? Куды падзеліся дзеці? У вакольным надзвычай прыцішаным гомане, па якім ільга было здагадацца, што без ахвяраў, як і прадказваў Бэйбас, не абыйшлося, ён патрапіў ухапіць асобныя словы: “Прыехалі... правільна... прычым тут дзеці... са страхі... адразу патрапіў... а што было рабіць... дзякуй богу... навылёт прайшла... зусім падурэлі...” Не пасьпеў Бэйбас запытацца ў нейкага дзядка, а што ўласна тут такое зда, як аднекуль зьявіўся тлусты маленькі мужычок у цікунскай уніформе зь вялізнымі, ледзь не генеральскімі пагонамі й пачаў моцна напружваць горла, зьвяртаючыся да ўсіх, але ня гледзячы ні на каго канкрэтна: “Ну што вы тут стаіцё? Няма чаго рабіць? То я вам зараз знайду работу! Ану, разыходзьцеся!” Пачуўшы слова “работа”, якое ў вуснах тлустага цікунскага генерала магло азначаць што заўгодна, у тым ліку й прымусовыя працы на будоўлі другарадзкага мэтро, Бэйбас хуценька пашкандыбаў прэч, зразумеўшы, што тут ён болей нічога не даведаецца.

Увечары таго самага дня аб усіх падрабязнасьцях трагічнай падзеі было вядома ня толькі ў цэлым Другарадзе і ў цэлай краіне, але й дзе-нідзе па-за ейнымі межамі—усім, акрамя Бэйбаса, які цэлы дзень бяз пэўнай мэты прашвэндаўся па месьце і гэтак стаўся апошнім, да каго дайшла афіцыйная інфармацыя аб здарэньні. Як выявілася, нейкі тэрарыст, узброены валізаю з дваццацьцю кілаграмамі трацілу, пераняў дзьвюх выхавацелек дзіцячага садку разам зь дзецьмі й нейкі час трымаў іх у шэрым будынку, патрабуючы выклікаць здымачную групу адной замежнай тэлекампаніі, менавіта замежнай, бо здымачнай групы тутэйшай тэлекампаніі яму было, відавочна, мала. Як перадалі айчынныя сродкі масавай інфармацыі, тэрарыст (русявы мужчына гадоў трыццаці пяці на пашпартным фотаздымку, які зьявіўся на экране айчынных тэлевізараў роўна на дзьве секунды), быў, паводле ўсіх прыкметаў і дакумэнтаў, мэнтальна непаўнавартым. Апошняе было відаць ужо з таго, што ён не патрабаваў ад дзяржавы грошай і не выстаўляў ніякіх палітычных патрабаваньняў: як ні дзіўна, тэрарыст не патрабаваў нічога іншага, як менавіта прызнаньня сябе мэнтальна паўнавартым! Як перадала тая замежная кампанія, увагі якой ён марна дамагаўся пры жыцьці, тэрарыст правёў у рознага кшталту выпраўленчых установах, пачынаючы ад астрогу й сканчаючы вар’ятняй, большую частку свайго жыцьця, і ўсё па віне адмысловай дзяржаўнай камісіі па прэвэнтыўных рэпрэсіях, якой нібыта заміналі ягоныя палітычныя перакананьні. Пасьля выхаду на волю ў выніку нядаўняй консульскай амністыі няўдалы тэрарыст так і не патрапіў знайсьці сабе ніякай працы, бо ўсюды яму адмаўлялі як шызафрэніку й клінічнаму псіхапату, таму ніякай магчымасьці ўтрымліваць сям’ю, жонку й дваіх дзяцей, ён ня меў. Улады, натуральна ж, адмовіліся выдаць яму пасьведчаньне аб мэдычнай рэабілітацыі, нягледзячы на ўсе ягоныя скаргі ў суд і іншыя вышэйшыя інстанцыі. Даведзены да роспачы, гэты асацыяльны псіхапат пачаў на ўсялякі выпадак назапашваць траціл, і сёньня раніцай нібы выпадкова завітаў у мясцовы дзіцячы садок, каб з дапамогай плачучых дзяцей і напалоханых да ўсёру выхавацелек запатрабаваць магчымасьці выступіць па тэлебачаньні й прыцягнуць такім чынам увагу шырокай грамадзкасьці да свайго выпадку. У рэшце рэшт, сваёй мэты ён дасягнуў—на шчасьце, пасьмяротна. Пакуль пераапранутыя ў тэлежурналістаў агенты Сакрэтнай Службы вялі зь ім загадзя асуджаныя на безвыніковасьць перамовы, штохвіліны абяцаючы неадкладна зьвязацца зь мясцовым штабам замежнай тэлекампаніі, іншы штаб пад старшынством генерала Мазгаўнюка вырашаў, што рабіць і хто вінаваты ў такой сітуацыі. Нарэшце, на страсе суседняга будынку ўладкаваўся добрасумленны снайпэр, і з тэрарыстам абыйшліся, як з тэрарыстам. З тэлевізійных кадраў Бэйбас зразумеў, што наступствы гэтага стрэлу ён сам меў магчымасьць сузіраць сёньня раніцай у выглядзе дзіркі ў ваконным шкле: тая была знакам месца, дзе прайшла куля за ймгненьне да таго, як апынулася ў галаве тэрарыста. Гук разьбітага шкла быў апошнім, што той пачуў на гэтым сьвеце.

У адрозьненьне ад самога здарэньня (якое ў гісторыі такога добрасумленнага места як Другарад было выключна рэдкім, ільга нават сказаць—нечуваным), сама па сабе гісторыя тэрарыста-псіхапата была даволі банальнай і нават нуднай, таму выпадак ня выклікаў ніякіх асаблівых эмоцыяў бадай што ні ў кога, акрамя чамусьці Бэйбаса: даведаўшыся аб усіх акалічнасьцях падзеі, сьведкам якой ён ледзь-ледзь быў ня стаўся, ён адразу пашкадаваў, што ворганы бясьпекі канфіскавалі валізу з трацілам, якая належала псіхапату, і што ў яго самога няма другой такой цудадзейнай валізы, якую ільга было б скарыстаць у падобных мэтах. Востры боль, які заўсёды нагадваў Бэйбасу аб наступствах агульнанацыянальнай катастрофы, рэзка працяў ягоныя непрыгожыя худыя рукі ў плячах і локцях—аднак гэтым разам, зразумеў Бэйбас, ішлося хутчэй пра ягоную асабістую катастрофу. Не, яму не было шкада ані паўсцыканых выхавацелек, ані паабсіраных дзетак, ані іхных ашалелых бацькоў, ані нават безыменнай ахвяры безыменнага героя-снайпэра, схаванага ад залішне цікаўнага грамадзтва пад фантамаскай ката-прафэсіянала. Яму было шкада вар’ятавай удавы з двума дзецьмі, а таксама—невядома чаму, але як заўсёды ў такіх выпадках—самога сябе, чалавека, які ня меў да гэтага ўсяго найменшага дачыненьня. Бэйбас з задавальненьнем адзначыў, што пачувае зараз да самога сябе яшчэ большую агіду, чымся звычайна. Зь цяжкасьцю прымусіўшы сябе зглынуць нясмачны камяк свайго абурэньня, ён адвярнуўся ад суседзкай тэлевізіі, у якой адразу ж пачаўся прагноз надвор’я на заўтра (павінна было быць сонечна, каля 30 цяпла, вецер слабы, паўночна-заходні), дастаў цыгарэту й запаліў.

За паўгады пасьля гэтага выпадку адбылося ўсё далейшае.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

ДРУГАРАД

Горад Пэтэрунія мяняў сваю назву разам з тым, як вецер мяняў свой кірунак. Час ад часу ён называўся Санта Марыя Лілейная; час ад часу Сярыбрат, час ад часу Сьвятакаўчэск, час ад часу Філагока, і гэтак далей.

У той момант, калі пачыналася нашая гісторыя, дзьмуў паўднёва-ўсходні вецер, і таму горад называўся Пэтэрунія. Каб палегчыць нашым дарагім чытачам разуменьне гэтай гісторыі, мы будзем прытрымлівацца гэтага назову на працягу ўсяго нашага аповеду, хай сабе вятры мяняюцца, як хочуць.

Пэтэрунія была вялікай ультрасучаснай, ультрафіялетавай, ультрамарынавай, ультрагарыстай і ультрамагільнай мэтраполіяй. Гэта быў горад, што вельмі спрыяў вучобе й духоўным практыкаваньням. Сотні цягнікоў, тысячы трамваяў, міліёны аўтамабіляў, трыліёны матацыклаў поўнілі ягоныя вуліцы, плошчы й праспэкты, гойсалі ў вас па-над носам, у адно вуха ўляталі, а ў другое выляталі—крышку запэцкаўшыся серай у выпадку, што вушы не былі яшчэ ў гэтым месяцы чышчаныя—бегалі, скакалі й паглыналі адлегласьці, як антропафаг паглынае місіянэра, са спэцыямі альбо ўжо як ёсьць.

Горад Пэтэрунія, як і ўся краіна, вялікай мэтраполіяй якой ён быў, удаваў сабой інтэлектуальны й гандлёвы цэнтар сусьветнай значнасьці й адно з найбольш перадавых дасягненьняў прагрэсу ў гэтым прагрэсіўным стагодзьдзі.

Ўідобро, “Гангстэрская місія, альбо Чарадзейная Лямпа”

1.

Такім чынам атрымліваецца, што на наступны дзень мы ёсьць і ня ёсьць тымі самымі, што ўчора, бо на нас цісьне таямнічасьць і ганебнасьць усяго, што мы перажылі ўночы. Таму нам таксама крыху ўласьцівая тая рыса, якая яднае ўваскрослых з прывідамі.

Сабато, “Пра герояў і магілы”

Узімку бацька прачынаўся яшчэ пазьней, чым улетку: прычынай гэтага былі ягоныя начныя забоі, альбо, як ён іх сам называў, спірытычныя сэансы, падчас якіх бацька размаўляў з Богам. Няма, аднак, ведама, ці Бог бацьку нешта адказваў: звычайна “Ён” адкладаў размову зь ім да раніцы. Менавіта каб аддаліць гэтую непрыемную працэдуру, падчас якой учорашні субутэльнік, а сёньня абстынент Бог працэджваў бацькава бруднае сумленьне скрозь сіцейка сваіх строгіх маральных запаветаў, нагадваючы яму аб усіх учора нанесеных гаспадару, веры й айчыне крыўдах, бацька й замаруджваў радасны момант сваёй сустрэчы з кожным новым зімовым днём, імкнучыся перадусім як сьлед праспацца—што ў яго ўсё адно амаль ніколі не атрымлівалася.

Тым часам як людзі на досьвітку ўставалі, адчайна кідаліся ў (ці часам таксама пад) гарадзкі транспарт ды спрабавалі пратаўкціся скрозь ягоныя вузкія вантробы на ненавісную працу, бацька яшчэ толькі пачынаў другую бутэльку. Звычайна, пасьля гэтага ён адразу падаў там, дзе стаяў альбо сядзеў, канчаткова згубіўшы ня толькі сумленьне й пачуцьцё рэчаіснасьці, але й прытомнасьць. Часам, ужо цяжка параненаму сьляпучым боскім сьвятлом атамовага выбуху, які непазьбежна адбываўся ў ягонай фантазіі, яму ўдавалася адпаўзьці ў свой пакой і там нарэшце забыцца глыбокім сном бязгрэшніка, які толькі што прадаў пшаніцу зь вялікай выгадай для сябе.

Такі стыль жыцьця бацька называў “багенным” (ад слова “багна”, ня йначай) і лічыў яго для сябе, як для чалавека творчага, надзвычайна карысным. Сапраўды, як яшчэ ў Інфляччыне ільга спазнаць Бога, як не пасярэдніцтвам нацыянальнага спірытычнага напою—вопіюму? “Гарэлка творчаму чалавеку неабходная, як віягра,” казаў ён. А тое, што бацька творчым чалавекам быў—прынамсі, калісьці—у гэтым не магло быць ніякага сумневу. Дый хто ў ягонай роднай Інфляччыне ім калісьці ня быў? “Кожны чалавек—каваль ланцугоў уласнага шчасьця,” казалі тут.

Акрамя алкагалізму, бацька зь дзяцінства цярпеў яшчэ й графаманіяй. Тым часам як алкагалізм не прыносіў яму ніякіх матэрыяльных выгодаў, графаманія, як бацька своечасова скеміў, прынесьці нейкія матэрыяльныя выгады магла, і ад таго часу, як ён гэта зразумеў, ён зрабіўся прафэсійным графаманам—пісьменьнікам. Бацькава пісьменьніцкая прадуктыўнасьць, трэба аддаць ёй належнае, была наўпроста прапарцыянальная колькасьці выпітага ім алкаголю й набліжалася да недасяжнай: толькі за апошнія пяць гадоў ён напісаў восем раманаў, чатыры аповесьці, дванаццаць апавяданьняў, дзевяць артыкулаў, тры запаветы (адзін уласны), пятнаццаць заяваў на павышэньне ганарару, незьлічона скаргаў на выдаўцоў ды рэдактароў за наўмысную затрымку ганарару, але пры гэтым ніводнага асабістага ліста й ніводнага даносу. Пісаць лісты ён ня меў каму, а даносы ня меў на каго—хіба што на сваю дачку, зь якой застаўся быў жыць у кватэры пасьля сьмерці жонкі—але не, на такую гнюснасьць ён быў няздольны. Да таго ж, нават са сваім унівэрсальным талентам бацька наўрад-ці б здолеў зрабіць нейкі арыгінальны ўнёсак у гэты папулярны жанр, як што даносы пісалі цяпер практычна ўсе: для даносаў ужо гадоў пяць як існаваў нават адмысловы фармуляр, куды трэба было ўпісаць толькі прозьвішча й адрас падазронага (напрыклад, нялюбага суседа), а потым, прыклаўшы дзеля посьпеху хадайніцтва замежную банкноту, укінуць фармуляр у паштовую скрыню ў цэнтры горада, каля сядзібы Дуумвірата. Куды ўжо прасьцей: пішы—не хачу! Але бацька якраз і не хацеў: быць нечым эпігонам ён быў нязгодны. У яго хапала сваёй працы—да таго ж, за даносы, у адрозьненьне ад яе, даўно ўжо нічога не плацілі, бо даносчыкаў зараз разьвялося столькі, што выплата ім ганарараў зруйнавала б гаспадарку краіны яшчэ хутчэй, чымся эканамічная праграма ўраду.

Як сапраўдны майстар свайго рамяства, бацька працаваў у самых розных літаратурных жанрах. Яму замаўлялі дэтэктывы, фэнтэзі, парнаграфію, трылеры, фэльетоны, сайнс і палп фікшн, жаночыя й гістарычныя раманы, успаміны, біяграфіі, аўтабіяграфіі, падручнікі, інструкцыі, зборнікі анэкдотаў, гараскопаў, школьных і дарожных правілаў—большасьць гэтых замоваў ён выконваў са стараннай пільнасьцю, якой мала хто з тых, хто яго ведаў, мог ад яго чакаць. Але ж бацьку, на шчасьце, ніхто ня ведаў—і ён нікога ня ведаў, дый не хацеў ведаць. Ён ня ведаў нават таго, што за апошнія пяць гадоў ягонай актыўнай пісьменьніцкай дзейнасьці колькасьць ягоных канкурэнтаў скарацілася роўна ў дзесяць разоў. Прасьцей кажучы, у сваім цэху ён застаўся адзіным манапалістам: усе астатнія, меней пладавітыя калегі-графаманы ня вытрымалі канкурэнцыі з бацькам і канчаткова сьпіліся альбо сыйшлі ў журналістыку—што ў Інфляччыне азначае адное й тое ж. Таму ільга сьмела сказаць, што на той зімовы дзень, у межах якога разварочваюцца апісаныя тут падзеі, бацька зьяўляўся, бадай, найбольш чытаным і шырокараспаўсюджаным інфлянцкім пісьменьнікам—аб чым не здагадваўся й не павінен быў здагадвацца ня толькі ён сам, але й ніхто з чытачоў, бо ў бацькавым кантракту з выдавецтвам была нават адмысловая ўмова: кожны новы твор ён павінен быў падпісваць новым псэўданімам, каб дапамагчы сваім выдаўцам стварыць адчуваньне рознастайнасьці й усебаковага разьвіцьця айчыннага літаратурнага працэсу. Такім чынам, за свой кароткі пісьменьніцкі век бацька навыдумляў сабе столькі несапраўдных імёнаў, што часам ужо забываўся на сваё ймя сапраўднае. Бадай, пасьля такой колькасьці зьмененых ініцыялаў адзіным ягоным сапраўдным імем магло б быць хіба што Аліяс (гэтак ён і падпісваўся, дарэчы, у карэспандэнцыі з рэдакцыямі), хаця сам сябе ён называў у думках па-свойску: “Ёнжа”. Употайкі бацька, канечне ж, ганарыўся тым, што ў кнігарнях ягоныя кніжкі пераважалі, прынамсі па колькасьці, творы ўсіх астатніх разам узятых аўтараў—але з часам ён ужо ня быў здольны адрозьніваць сваіх кніг ад чужых, бо чым далей, тым часьцей забываўся, што за гучным імем замежнага паходжаньня хаваецца ніхто іншы, як ён сам, і ў вольныя хвілінкі зь цікавасьцю перачытваў свае ўласныя творы, а часам і дазваляў сабе цішком сёе-тое зь іх перадраць, зь цяжкасьцю пераадольваючы свае прыродныя сарамлівасьць і добрасумленнасьць. Такая нечалавечая плённасьць, трэба сказаць, прыносіла яму стабільны даход у памеры скрыні гарэлкі ў месяц, плюс колькі тых міліёнаў інфлянцкіх талераў на кішэнныя выдаткі, цыгарэты, кнігі ды хлеб надзённы. Усё астатняе ў хату прыносіла ягоная дачка, невядома адкуль—але аб ейных занятках бацька ніколі ў яе не пытаўся, а яна сама ня вельмі любіла аб іх распавядаць. Паміж бацькам і дачкой панавала ў гэтых пытаньнях поўнае ўзаемнае непаразуменьне: аб кім аб кім, а аб іх сапраўды ільга было з поўнай рацыяй сказаць, што яны жывуць душа ў душу, як у той казцы.

Афіцыйна будучы беспрацоўным, бацька працаваў з абеду да вечара, калі яму толькі не бракавала натхненьня. А натхненьня яму, сапраўды, апошнім часам бракавала. Дый што тут дзіўнага: пры такім шалёным тэмпе працы бацька за пяць апошніх гадоў канчаткова, што называецца, выпісаўся, аднак сьпісваць сябе з рахункаў дзяржаўных выдавецтваў усё яшчэ не хацеў, бо ня мог уявіць сябе ў якасьці выканаўцы нейкае іншай працы. Калісьці, пакуль жонка была яшчэ жывая, бацька быў працаваў на адным сакрэтным абарончым прадпрыемстве, але адтуль яго выгналі за ідэялагічную ненадзейнасьць і схільнасьць да ўстрыманьня ад піцьця ў працоўны час. Выгнаньне бацькі з працы значна падкасіла жончына здароўе, бо цяпер яна мусіла бачыць свайго мужа часьцей, і неўзабаве ягоная беспрацоўная прысутнасьць у хаце канчаткова яе даканала. З таго часу, як жонка пакінула іх з дачкой адных, у бацькі зьявілася ўсьведамленьне свайго мужчынскага абавязку карміць сям’ю й паіць вадою кветку на вакне, якая за столькі гадоў катаваньня безнадзейнаю смагай таксама магла прэтэндаваць на статус члена сям’і. У апошні час кветка зноў нечакана закрасавала нейкім нездарова яскравым кветам, як быццам у яе пачалася другая маладосьць. “Перад здыхатою,” думаў бацька, якому мроілася ў кветцы ягонае ўласнае падабенства. Натхненьне было яму зараз неабходнае, як кветцы ўгнаеньні. Таму ён ужо некаторы час інтэнсіўна лячыўся ад бясплённасьці з дапамогаю моцнага й раней заўжды дзейнага сялянскага валідолу, набытага на гарадзкім кірмашы. Да таго ж, ён быў крыху захварэў, а тутэйшы вопіюм, як вядома, зьяўляецца найлепшым народным лекам супраць любой заразы.

Піў бацька звычайна сам, як што прысутнасьць трэцяга ў размове з Богам, самі разумееце, зусім неабавязковая, нават, можна сказаць, лішняя. Часам ён спрабаваў падыйсьці да якога-небудзь інтэлектуальнага выгляду вулічнага нячысьціка й прапанаваць яму “трэцім будзеце?”, але той, ня бачачы побач з бацькам другога субутэльніка, звычайна адхрышчваўся ад бацькі, як мог. Некалі бацьку таксама мроілася, што пры іхных з Богам размовах прысутнічае ягоная жонка-нябожчыца, аднак бацька натрэніраваным яшчэ пры ейным жыцьці рухам праганяў яе прэч з кухні. Зрэдку яму здавалася, што ён па ёй сумуе, але гэтае адчуваньне хутка праходзіла, варта яму было толькі зірнуць на ейны фотаздымак. Невядома, ці здраджвала яму жонка: ён не трываў яе, хутчэй за ўсё, з-за таго, што сам быў няздольны ёй здрадзіць—ні маральна, ні тым больш фізычна. Нейкі час суседзі падазравалі яго ў тым, што ён яе забіў: магчыма, у іх былі на гэта свае падставы. Карацей, людзі бацьку не любілі, і ён адплочваў ім узаемнасьцю.

У пэрыяд зімовай сьпячкі, які звычайна супадаў з пэрыядам пошукаў страчанага натхненьня, бацькаў дзень пачынаўся з чытаньня другарадзкіх газэтаў. Разам з болем у пячонцы і ў галаве адразу па прабуджэньні яго раптам пачынаў даймаць адмысловы геапалітычны неспакой, празь які яму карцела даведацца, як праходзіла гераічнае супрацьстаяньне роднай Інфляччыны астатняму сьвету пакуль ён спаў і працаваў, на працягу мінулага коладня. Сам ён традыцыйна лічыў сябе адным з галоўных удзельнікаў гэтага супрацьстаяньня, толькі што часам вагаўся наконт таго, на якім баку барыкадаў знаходзіцца. Усяляк, толькі пераканаўшыся ў тым, што Інфляччына ўсё яшчэ існуе, ён супакойваўся й мог з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што сэнс ягонага існаваньня—большы за проста лакальны.

Выпіўшы адну-дзьве чаркі з учора пачатай бутэлькі, бацька насоўваў на ногі шызыя тэпці й толькі пасьля гэтага наважваўся высунуць нос з абабітых чорт ведама чым дзьвярэй сваёй кватэры. Папярэдне зірнуўшы ў вочка й дадаткова запэўніўшыся, што на лесьвіцы нікога няма, ён шлёпаў на два паверхі ўніз па старажытнай, скручанай як мокрая бялізна лесьвіцы, адчыняў маленькім ключыкам патаемную скрынку, у якой паштальён пакінуў яму й толькі яму (апроч бацькі, ніхто ў цэлым доме газэты не чытаў) важнае паведамленьне дзяржаўнай значнасьці, вызваляў скамячаны стос газэтнай паперы з вузенькага астрогу паштовай скрынкі, маўляў параненую птушку з клеткі, акуратна браў яе ў рукі й прыносіў яе дахаты.

Газэтаў бацька выпісваў шмат. Беручы да ўвагі тое, што ён рэдка размаўляў зь кім-небудзь апроч сваёй дачкі, то ў ейную адсутнасьць ягоным адзіным суразмоўцам магло быць друкаванае на жоўтай паперы нямое слова. З газэтамі бацька, як ні дзіўна, не супрацоўнічаў, грэбуючы пэрыёдыкай, пра якую ён казаў, што тая губляе сьвежасьць нават хутчэй за хлеб ці малако—таму гонар супрацоўнічаць з газэтамі пакідаў іншым, меней значным і меней таленавітым за яго аўтарам. У сваю чаргу, каб у каторы раз запэўніцца ў іхнай нязначнасьці й неталенавітасьці, бацька лічыў сябе абавязаным рэгулярна цікавіцца тым, што пішуць гэтыя ягоныя “па-пяровыя браты”, усе гэтыя аматары, брахуны, духазлодзеі, дылетанты, імбіцылы, марнаграфы, махляры, недарэкі, нікчэмнікі, паперапсуі, плагіаўтары, прапагандоны, пэцкалы, скапірайтары, трыньдзюлі, убоствы, унтэркінды, хаўтуршчыкі, шалбяры, шарлатаны, шэльмакі й эпігоны. Акрамя гэтага, трэба прызнацца, цяпер бацька яшчэ й патаемна спадзяваўся вылавіць у газэтах які-небудзь займальны сюжэт, які б мог распрацаваць і давесьці да ўзроўню літаратурнага твору. “Распрацаваць” азначала сказіць да непазнавальнасьці, бо напісаць кнігу на дакумэнтальнай аснове, ці ўжо зусім крый бог паводле сапраўдных падзеяў, азначала ў гэтай краіне асудзіць сябе добраахвотна ня толькі на пагарду з боку чытача альбо байкот з боку выдавецтваў, але й на нагляд з боку Сакрэтнай Службы й перасьлед з боку суседзяў: рэалізм як зьява ў айчыннай літаратуры быў даўно ўжо асуджаны, пераадолены, выкаранены й афіцыйна забаронены як турковы, памылковы й псэўдамастацкі кірунак. У модзе зараз былі, якраз наадварот, гергетызм і парапсіхалагізм, якія бацька папросту не страваваў—як і шмат чаго астатняга, бо страўнік у яго быў хворы.

Вось і цяпер, як толькі ён узыйшоў на апошнюю прыступку перад сваймі дзьвярыма, у страўніку ў яго закалола, і бацьку падалося, што гэта нейкае благое прадчуваньне. Выпадкова кінуўшы погляд на газету

“ПА ТОЙ БОК ДАБРА І ЗЛА”

(гэта была ягоная ўлюбёначка, якую выдавала Згуртаваньне Другарадзкіх Ынтэлектуалаў), бацька убачыў назву артыкулу на першай старонцы, і яму зрабілася млосна: тая бязьлітасна роўнымі й востракутнымі літарамі паведамляла:

“ВЯЛІКІ КОМТУР ЗАБІТЫ”

Невядома, ці то гэтая навіна так падкасіла бацьку, ці то стан ягонага здароўя, як лёгка здагадацца, сам па сабе быў у той дзень не найлепшы, аднак ён мусіў схапіцца за сэрца й абаперціся ўсёй даланёй на брудную сьценку лесьвічнай пляцоўкі. “Забіты?”, не паверыў бацька. “ЗАБІТЫ”, адказалі яму тлустыя белыя літары на чорнай паперы. Толькі цяпер бацька зьвярнуў увагу на тое, што газэта выглядае зусім ня так, як звычайна, а цалкам наадварот: ейныя літары й матар’ял памяняліся колерамі. Такая тэхнічна складаная й матэрыяльна стратная замена магла быць зьдзейсьненая толькі з нагоды нейкай трагедыі, як мінімум—нацыянальнай, калі не сусьветнай, альбо таксама з нагоды нейкага сьвята. Насамрэч, так адразу цяжка было сказаць, чым была для інфлянцкага народа сьмерць Вялікага Комтура—трагедыяй альбо нацыянальным сьвятам.

Шчыльна зачыніўшы за сабой дзьверы спачатку ў кватэру, а потым у кухню, бацька кульнуў у сябе мінімальную для сябе лекавую дозу напаўпразрыстай утаймавальнай вадкасьці, напружыў зрок і зь вялікім намаганьнем здолеў выціснуць зь першых радкоў газэты наступнае:

“Учора, на самым пярэдадні перавыбараў у Дуумвірат, быў па-здрадніцку забіты дапасюлешні першы консул нашай краіны, пажыцьцёвы сябра Дуумвірату Абалдуй Калгасенка.”

Бацька прыгледзеўся да даты: не, сёньня ня першае красавіка, сёньня першае сьнежня. Загалоўкі іншых газэтаў, якія бацька, як ынтэлектуал, ніяк ня мог сабе дазволіць не выпісваць для аб’ектыўнасьці свайго погляду на сьвет, пераказвалі тую самую навіну іншымі словамі:

“АБВЕШЧАНАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЖАЛОБА”

“ЗДРАДНІЦКАЯ ЦЭГЛА АБАРВАЛА ЖЫЦЬЦЁ ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА”

“СЬМЕРЦЬ НА ВЯРШЫНІ КАР’ЕРЫ”

“ТРАГЕДЫЯ НА БУДОЎЛІ”

Прабегшы вачыма загалоўкі, бацька зноў наліў сабе шклянку, насунуў акуляры й заглыбіўся ў падрабязьнейшае вывучэньне непрадказальнай палітычнай сытуацыі ў гэтай да сёньняшняга дня яшчэ цалкам прадказальнай краіне. Найперш яго зацікавіла заўжды нестароньняя й аб’ектыўная вэрсія газэты

“АДНАДУМЦА”,

друкаванага воргана консульскай канцылярыі. Тая гучала гэтак:

“Учора а восьмай гадзіне вечара белы лімузін другога консула й Вялікага Комтура інфлянцкіх узброеных сілаў Абалдуя Гегемонавіча Калгасенкі прыпаркаваўся каля будоўлі ягонай новай палацавай сядзібы на ўсходняй ускраіне Другараду. У суправодзе свайго бліжэйшага целаахоўніка й супрацоўніка Базыля Бамбізы ўлюбёны правадыр, шаноўны кум Вялікі Комтур Абалдуй Гегемонавіч Калгасенка падыйшоў да новазбудаванага мура свайго палацу й зь цікавасьцю задзёр угару галаву. У гэты самы момант на яго з вышыні, проста зь неба, так бы мовіць, сярод белага дня, упаў нейкі цяжкі спакмень, верагодна—цэгла. Першы консул Інфляччыны й Вялікі Комтур не пасьпеў ані войкнуць, як на месцы аддаў богу душу, так і не прыходзячы ў цьвярозы стан. У той самы момант, ці нават яшчэ раней, ягоны целаахоўнік Базыль Бамбіза, паводле ягоных уласных словаў, быў удыраны ззаду па галаве чымсьці доўгім, важкім і мэталічным. У дадзены момант Базыль Бамбіза знаходзіцца ў шпіталі з мазгатрусам й ня можа дакладна сказаць, калі атрымаў гэты мозгатрус—учора ўвечары ці нашмат раней. У афіцыйнай рэакцыі на паведамленьне сваіх падначаленых аб трагедыі брат забітага, першы консул Інфляччыныны Абакула Гегемонавіч Калгасенка, які на самым пярэдадні заўтрашніх перавыбараў застаўся без адзінага суперніка, што яшчэ мог стварыць яму канкурэцыю ня толькі ў ваговай, але і ў разумовай катэгорыі, ня мог стрымаць сваіх шчырых сьлёз, цытую: “Я ж яму казаў: ня лётай бяз шлёма, Абалдуй! Не паслухаўся...”, сказаў, сярод іншага, Абакула Гегемонавіч. Акрамя таго, кум Абакула Гегемонавіч Калгасенка выказаў меркаваньне, што сьмерць ягонага старэйшага брата ёсьць, без сумневу, вынікам супрацоўніцтва антыўсярускіх і антыінфлянцкіх сілаў, змовы замежных спэцслужбаў з айчыннай апазіцыяй. Кіраўнік нашай дзяржавы паабяцаў “крута разабрацца” з арганізатарамі замаху. Як вядома, па Абалдуі Гегемонавічы Калгасенку засталася ўдава й сын Уладзя, курсант-выдатнік мядзьвежай акадэміі. Абаім выказваем нашыя шчырыя спачуваньні.”

Ніжэй дробным шрыфтам стаяла невялічкая прыпіска:

“З нагоды заўчаснай сьмерці Абалдуя Гегемонавіча Калгасенкі, першага консула й Вялікага Комтура Інфляччыны, кавалера ордэна Вершніка без Галавы, рыцара Залатога Ашыйніка, пажыцьцёвага носьбіта Срэбнага Ланцуга, медаля “Ні за што ні пра што”, ганаровага прафэсара ДАДУПЫ й іншых ВНУ, ганаровага выхавацеля Другарадзкага дзіцячага садку нумар адзін, і прочая, прочая й прочая, перавыбары Дуумвірату адмяняюцца і ўводзіцца дадатковае надзвычайнае становішча. Абакула Гегемонавіч Калгасенка паабяцаў згадзіцца ўзяць на сябе далейшае кіраваньне краінай і уладарыць самастойна, як што знайсьці замену свайму дарагому старэйшаму брату й напарніку па Дуумвіраце не спадзяецца.”

Астатнія газэты амаль тымі самымі словамі пераказвалі афіцыйную вэрсію. Усюды, натуральна ж, узгадвалася пра шчырыя сьлёзы брата забітага, другога консула Абакулы Калгасенкі, у сувязі з чым бацьку ў галаву нечакана прыйшла даволі герэтычная думка: “А што, калі ён сам гэта ўсё зварганізаваў?” Як ні спрабаваў бацька гэтай неадчэпнай думкі пазбавіцца, у яго гэта не атрымлівалася. “З гэтага мог бы атрымацца неблагі палітычны дэтэктыў,” у рэшце рэшт неахвотна пагадзіўся бацька. “Толькі каб прататып забойцы не здагадаўся, што ён—прататып, бо ад мяне тады застанецца толькі дагерратып, альбо й зусім нічога.”

На малаякасных, як заўжды, але гэтым разам нібы наўмысна малаякасных газэтных фотаздымках, Абалдуй Калгасенка ляжаў у сьвежазробленай труне, а Абакула Калгасенка выціраў хустачкай вочы, аднак цяжка было зразумець, хто зь іх ёсьць хто: браты Калгасенкі былі аднаяйкавымі блізьнюкамі, якія ў Дуумвіраце вось ужо на працягу дзесяці (ці нават пятнаццаці?) гадоў—карацей, ад часоў падзеньня старога рэжыму—кіравалі краінай. Раз на пяць гадоў праводзіліся перавыбары Дуумвірату, на якіх народ вырашаў, хто з братоў на працягу наступнага тэрміну паўнамоцтваў будзе першым, а хто—другім консулам. Як адзінагалосна сьцьвярджалі ўсе яшчэ не забароненыя сродкі масавай інфармацыі, такая мадэль кіраваньня дзяржавай выявіла сябе як найбольш адпаведная псіхалагічным асаблівасьцям інфлянцкага народу, як і ягоным традыцыйным уяўленьням аб дэмакратыі. Зараз, зразумела, правядзеньне перавыбараў стаяла пад пагрозай, таму што са сьмерцю першага консула, які замыкаў алфавітны сьпіс кандыдатаў, упершыню ў гісторыі краіны не было, так бы мовіць, з каго выбіраць. Справа тхніла канстытуцыйным крызісам. Галасаваць за нябожчыка ня мела ніякага сэнсу, таму што той ніяк ня змог бы выконваць свае консульскія абавязкі, нават калі б і ўпершыню ў гісторыі Дуумвірату дасягнуў перамогі над сваім малодшым братам і быў нарэшце абраны другім консулам: наўрад-ці аднаго, хоць бы й адзінадушнага жаданьня інфлянцкага народа хапіла б на тое, каб узьняць Абалдуя Калгасенку з магілы й пасадзіць яго ў крэсла першага чалавека ў краіне—другога консула. “Небарака Абалдуй!”, падумаў бацька. Што ні кажы, а ягоная трагічная сьмерць будзе цяжкім ударам па сэрцах тых інфлянцаў, якія ўсё яшчэ ходзяць на выбары й якім неабыякавы лёс іхнай любай краіны—хаця, на шчасьце, такія тут заўсёды складалі ледзьве заўважную меншасьць.

Акрамя гэтай жудаснай навіны ў газэтах, як ні дзіўна, былі яшчэ й іншыя, меней нечаканыя паведамленьні, на чыім тоне, здавалася, ніяк не адбілася ўсьведамленьне ўчорашняй трагедыі, хаця ўсе яны атрымлівалі ў ейным кантэксту крыху іншае, сьвежае й больш драматычнае прачытаньне:

“АФІЦЫЙНЫ ВІЗЫТ ПАРТЫЯРХА ЎСЯРУСКАГА Ў ІНФЛЯЧЧЫНУ

Заўтра ў рамках сьвяточнай праграмы, прыўрочанай да пахаваньня й кананізацыі кума нябожчыка першага консула Абалдуя Гегемонавіча Калгасенкі, хай за сьвятымі спачывае, адбудзецца сустрэча другога й часовага выканаўцы абавязкаў першага консула Абакулы Гегемонавіча Калгасенкі з партыярхам Усярусіі й вялікім сябрам Інфляччыны Яго Свацейшаствам Педафілам Першым. Паводле народнага ўсярускага звычая, падчас хаўтурнай цырымоніі Яго Свацейшаства партыярх Педафіл пад гукі фанфараў павінен урачыста ўбіць у сэрца наўца залачоны асінавы крыж. Акрамя гэтага, кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў у чарговы раз падпішуць Пакт аб Ненападзеньні і заключаць Вечную Хунію—дамову аб экстрэнным і тэрміновым аб’яднаньні нашых братніх краінаў тэрмінам на векі вечныя ў адну вялікую, ды што ўжо там прыбядняцца, папросту вялізарную дзяржаву—Усяруска-Інфлянцкі Партыярхат. Ня трэба казаць, што сваім візітам у такі цяжкі для нашага народа дзень партыярх Педафіл робіць нашай краіне надзвычайны гонар. У размове з нашым карэспандэнтам Яго Свацейшаства падкрэсьліла мірны характар свайго наведваньня Інфляччыны й яшчэ раз пацьвердзіла ня толькі спрадвечнае права Ўсярусіі на Інфлянцкія тэрыторыі, але й сябе самога ў ролі гаранта палітычнай стабільнасьці ў рэгіёне.”

“Можа, пайсьці пабляваць,” падумаў бацька, па інэрцыі мужна працягваючы сядзець на месцы і ўзірацца ў газэту без усялякага ўдзелу ўяўленьня й пры маўклівым патуральніцтве розуму. Шкельцы ягоных акуляраў успацелі, яму было горача, на носе ў яго зьявіліся кропелькі поту. Ён зноў зашаргатаў паперай і не бязь цяжкасьцяў апынуўся на тым баку тонкай папяровай шырмы, што аддзяляла яго ад наступнага артыкулу:

“СЕМ ЗЛАЧЫНСТВАЎ—АДНО ПАКАРАНЬНЕ

Ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў хатняга арышту з канфіскацыяй маёмасьці: такую ёмістую й безапэляцыйную фармулёўку далі найноўшаму новаўведзеньню ў крымінальны кодэкс айчынныя крымінальнікі зь Міністэрства Калоніяў. Прыняцьце гэтага рашэньня сталася важкім крокам на шляху да гуманізацыі пэнітэнцыярнай сістэмы й падрыхтоўкі нашай краіны да канчатковага выхаду са складу Яўропы. Адразу ж пасьля адзінадушнага галасаваньня ў падтрымку гэтай рэвалюцыйнай зьмены ў заканадаўстве мы зьвярнуліся да намесьніка міністра Калоніяў Адольфа Рудольфавіча Вульфа з просьбай пракамэнтаваць такую радасную для ўсіх нас падзею. Чым было выклікана ўвядзеньне гэтае новай меры пакараньня?—запыталіся мы ў яго.

—Перадусім, недахопам месцаў у месцах упарадкаванага ўтрыманьня грамадзянаў,—адказаў нам Рудольф Адольфавіч.—Тым часам як дзяржаўнае жыльлёвае будаўніцтва ў гэтым годзе перавыканала леташні план па ўсіх паказчыках, дык нашае міністэрства сутыкнулася якраз з адваротнай праблемай: фактычна, нам болей няма дзе разьмяшчаць усіх жадаючых прайсьці цяжкім шляхам каяты ў сваіх колішніх антыдзяржаўных злачынствах альбо паводзінах. На апошняй супольнай нарадзе двух нашых ведамстваў, МінКалу й МінПляБуду, мы ўзьнялі гэтае пытаньне, у выніку чаго была створаная надзвычайная камісія па вырашэньні гэтай прыкрай сытуацыі.

—І якія былі вынікі ейнай працы?
—Я б ацаніў іх як вельмі прадуктыўныя. Па-першае, мы падрыхтавалі пакет дакументаў для прыняцьця пастановы аб зьяднаньні двух нашых установаў у адну.

—Нашыя віншаваньні! Неверагодна! Вось гэта сапраўды называецца барацьба зь бюракратызацыяй на справе, а не на словах!
—Дзякую. Цалкам з вамі згодны. Ужо ў наступным месяцы Міністэрства Плянаваньня й Будаўніцтва пераедзе ў наш будынак, а свой такім чынам ахвяруе Ўзорнай Дзіцячай Калоніі нумар адзін імя Недасяжнае Будучыні. Але што да вашага пытаньня: увядзеньне новай меры пакараньня, хатняга арышту з канфіскацыяй маёмасьці, зробіць у дадатак магчымым выкананьне праграмаў як у галіне дзяржаўнага будаваньня, так і ў справе спрашчэньня працэдуры судовага працэсу. Фактычна, абцяжараны, як вы трапна адзначылі, бюракратычным замаруджваньнем пераход кватэры зь ведамства аднога міністэрства ў ведамства другога цяперака будзе скасаваны дзякуючы нашаму зьяднаньню. Зараз пры арышце злачынцы яму ня будзе, як раней, загадзя вядома, што ён ужо ў чымьсці абвінавачаны альбо асуджаны—гэта толькі дапамагло б яму схавацца, альбо ўзяць сабе адваката-найміта, зь якіх у нас яшчэ сёй-той, трэбакі прызнацца, застаўся. Наступная выгода палягае ў тым, што ня трэба будзе й везьці яго ў астрог—гэта зьніжае верагоднасьць уцёкаў ад суда, што ў бальшыні выпадкаў адбываюцца па дарозе.

—І якой будзе цяпер працэдура самога арышту, калі не сакрэт?
—Не сакрэт. Ня будзе затрыманьня, зьбіцьця, наручнікаў там, іншых лішніх непрыемнасьцяў альбо пагрозаў жыцьцю супрацоўнікаў ЦК. Проста аднойчы раніцай злачынца прачынаецца ў сваім ложку й бачыць краты на вокнах, пустую кватэру й новыя, умацаваныя дзьверы з новым замком. Вось і ўсё. Запэўніваю Вас, з такога астрогу ніколі й нікому ня прыйдзе ў галаву ўцякаць—бо куды ж уцячэш з уласнае хаты? Прычым мы прыйшлі да высновы, што ў сувязі з падаўжэньнем тэрміну затрыманьня, які цяперака складацьме... ці то пяцьдзесят, выбачайце, ня памятаю дакладных лічбаў... ці то семдзесят год, недзе так—дык вось, у сувязі з гэтым варта было б падбаць наконт паляпшэньня ўмоваў утрыманьня вязьняў. Усё-ткі нашая краіна стаіць на шляху паступовай лібэралізацыі й глыбокіх зьменаў у мэханізмах кіраваньня. Таму дзеля таго, каб падацца сьвету болей дэмакратычнымі, намі вырашана не адымаць болей у затрыманых пры хатнім арышце гострыя прадметы, матузкі, ланцужкі, не адламваць у лыжак чаранкі... А вось з мэблі ў хатах будуць, напэўна, апрача ложкаў, пакінутыя толькі люстэркі. Шмат хто з асуджаных пажыцьцёва зьвярнуўся ў нашае міністэрства з просьбай таксама пакінуць і тэлевізары; што ж, магу сказаць, што вырашэньне гэтага пытаньня наўпрост залежыць ад паводзінаў вязьня, якія будуць разглядацца адмысловай камісіяй.

—Скажыце, а што калі вязень, уявім сабе, дажыве да канца тэрміну свайго пакараньня пры такіх камфортных умовах... Як будзе выглядаць ягоны выхад на свабоду, вяртаньне да нармалёвага жыцьця, да сям’і?
—Па-першае, сям’і будзе дазволена застацца разам зь ім—мы ж не зьвяры, канец канцоў. Дастаткова перагарадзіць кратамі ў некалькіх месцах звычайную стандартную аднапакаёвую кватэру, каб атрымаць дзьве, тры, пяць... ды колькі заўгодна маленькіх камэраў. Па-другое, выхаду на свабоду як гэткага ня будзе. Гэта, безумоўна, не азначае, што падсуднаму будзе вернутая ягоная маёмасьць зноўку—што, выбачайце, застанецца ад той ад мэблі якімі трыццацьцю гадамі пазьней? Фактычна, мы папярэдне вырашылі выкарыстоўваць пакуль што так званае штучнае перапыненьне тэрміну пакараньня—то бок, калі заўгодна, эфтаназію—аднак потым, магчыма, штосьці ў гэтым пункце новага закону зьменіцца. У кожным выпадку, МінПляБудКал неўзабаве бярэ ў арэнду найбуйнейшыя могілкі сталіцы й абавязваецца прынамсі часткова аплочваць пахаваньні вязьняў, каб хоць неяк дапамагчы іхным сем’ям. Так што праблемаў зь пераходам да новага жыцьця ў вязьняў зусім ня будзе.

—Ці азначае гэта канчатковую й доўгачаканую адмену сьмяротнага прысуду ў Інфляччыне—апошняй з краінаў Яўропы, дзе ён яшчэ захаваўся й выконваецца публічна?
—Баюся падацца занадта патэтычным, але, безумоўна, гэтае гістарычнае вырашэньне дапаможа нам у хуткім часе цалкам перайсьці на новую сістэму й задаволіць нарэшце так званы цывілізаваны сьвет, які столькі год патрабуе ад нас адмены сьмяротнага прысуду. Як аўтар праекту магу пацьвердзіць, што зрух у гэтым накірунку быў адной з мэтаў, якую мы сабе ставілі. Гэты крок ёсьць неабходным перад абвяшчэньнем гамністыі ўсім асуджаным на сьмерць, якую кум першы консул Абакула Калгасенка мяркуе абвясьціць адразу пасьля ўступленьня ў функцыю першага й галоўнага дарадцы Яго Свацейшаства партыярха Ўсярускага Педафіла ў справах кіраваньня Інфляччынай. Першымі на сабе гэтае пакараньне выпрабуюць, бадай, арганізатары леташняга страйку будаўнікоў другарадзкага мэтрапалітэну, сябры так званага “незалежнага прафсаюзу”.

—Дзякуй Вам, Адольф Рудольфавіч, за гутарку.
—Вам таксама.”

Бацька з агідай адкінуў “Аднадумцу” кудысьці ў кут кухні.

—Ну што ў іх за стылістыка, чэрці дзяры?!—уголас, як заўжды зь перапітку, прабубніў ён раздражнёна, спрабуючы суняць трымценьне рук: бацька размаўляў сам з сабою тады, калі яму было зь нейкай прычыны боязна й няўтульна.—Памылак невядома колькі. Можа, ім карэктар будзе ў хуткім часе патрэбны?—зьвярнуўся ён з надзеяй невядома да каго, як быццам хочучы запэўніцца, што ў кватэры акрамя яго насамрэч нікога няма.

Адказам яму была сумнеўная цішыня, якую наўрад-ці ільга было інтэпрэтаваць як знак згоды. Невядома чаму, але артыкул моцна ўзрушыў бацьку: верагодна, ён уявіў сабе жахлівую пэрспэктыву быць асуджаным на хатні арышт у мурох гэтай ненавіснай кватэры, якую даўно ўжо ўспрымаў як астрог. Але зь яе ён можа ўсё-ткі ў любы момант вольна выйсьці, каб прынамсі схадзіць на піва. Таму ці ня варта яму зараз скарыстаць гэты шанец—хто ведае, можа, ён даецца яму ў апошні раз? Шкада толькі, што шынкі ўсё яшчэ закрытыя. Ну ды нічога, пачакаем—газэтаў яшчэ шмат.

Пасьля такой конскай дозы афіцыёзу бацьку рэзка захацелася прачытаць штосьці свабоднае, недзяржаўнае, пазбаўленае ідэялогіі, катэгарычнага тону і ўсяго такога астатняга. У гэтай сувязі ягоныя дрыготкія рукі самі пацягнуліся да газэты

“САБЕ НА ЎМЕ”:

гэта было чыста камэрцыйнае, ільга нават сказаць—незалежнае выданьне, якое спэцыялізавалася выключна на сэнсацыях і рэкламе. Бацька выпісваў яго замест туалетнай паперы. Неўзабаве ён мусіў схапіцца за сэрца ў другі раз, бо тое зноўку ледзьве не выбухнула ад чарговага неспадзеву, калі ён заўважыў у газэце наступны загаловак:

“КАЛГАСЕНКА-СТАРЭЙШЫ ЖЫВЫ!”

“Ня можа быць”, паспрабаваў узрадавацца бацька й перагарнуў старонку, каб высьветліць, што хаваецца за скандальна сьмелым паведамленьнем, якое, здавалася б, абвяргала папярэдне прачытаную ім у афіцыйных газэтах інфармацыю. Убачыўшы караценькую зацемку, ён супакоіўся:

“...—вырашылі выхаванцы Ўзорнай Другарадзкай Дзіцячай Калоніі імя Недасяжнае Будучыні, якія на ўроку прыкладнога мастацтва ўсе разам змайстравалі са сьнегу трохмерную фігуру Вялікага Комтура ў натуральную велічыню...”

Не, у такім стане мастацтва бацьку не цікавіла, а наадварот раздражняла—тут маецца на ўвазе ня столькі стан мастацтва, колькі стан бацькі. На шчасьце, на другой старонцы газэты быў даволі буйны артыкул у вельмі актуальнай для бацькі рубрыцы “Калі няма здароўя”, назва якога раіла:

“КАЛІ НЯМА ЗДАРОЎЯ—ГАЛАДАЙЦЕ!,

рэкамэндуе нашым чытачам загадчык аддзяленьня невылечных хваробаў Другарадзкага гарадзкога шпіталя Кал Калыч Гастрыцюк.”

—І так увесь час галадаем,—прабуркатаў бацька.—А дзе тое здароўе? Ат, лухта ўсё.

У астатнім у газэце была напалову прыдуманая й спрэс крымінальная кроніка: маўляў, нейкі мастак зь вёскі Недалёкая намаляваў фальшывыя банкноты, якія былі ня толькі нічым не падобныя да сапраўдных, але нават і паміж сабою, што не замінала ім стацца адзінай хадавой валютай на вёсцы—гэта прынесла іхнаму аўтару вялізныя прыбыткі й дваццаць год з канфіскацыяй; беспрытульны ў Народніцку за сістэматычны крадзёж мытай і нямытай жаночай бялізны атрымаў пятнаццаць год будаўніцтва мэтро; у Бзікаве два глухія абакралі касу таварыства сьляпых; у вёсцы Вялікія Вычварэнцы мужык разьвёўся з жонкай і пачаў жыць у неафіцыйным шлюбе са сьвіньнёй; у Ікстлачы мужык з жонкай зьелі немаўлятка; у Другарадзе знойдзены мужчына без галавы, а ў Біцэпску—галава без мужчыны, і гэтак далей.

Ад такіх паведамленьняў бацьку паступова рабілася ўсё больш і больш млосна. Ён каўтануў яшчэ адзін кілішак для мужнасьці й вырашыў зазірнуць на апошнюю старонку. Там было некалькі рэкламаў, праграма дзяржтэлерадыёвішчаньня, надвор’е й некралогі, чытаньне якіх бацьку заўсёды хоць неяк суцяшала. Найбуйнейшы зь некралогаў быў прысьвечаны, як і варта было чакаць, ахвяры ўчорашняга няшчаснага здарэньня на будоўлі, але яго бацька чытаць не хацеў, і перайшоў адразу да рэклямаў, зь якіх яму найбольш спадабаліся дзьве, гэтая:

ТУРЫСТЫЧНАЕ АГЕНЦТВА
“П Р А Й Д З І С Ь В Е Т”
запрашае Вас
у
ПЕШЫ ЭРАТЫЧНЫ ТУР
“Па ваколіцах роднага Другарада”,

а таксама гэтая:

Б ю р о П а х а в а н ь н я ў
“ПРАКОП І СЫНЫ”
пахавае Вас хутка і ўтульна
ў брацкай магіле побач з героямі бітвы за Другарад
Мы хаваем
з панядзелка па пятніцу
ад 8 да 18 гадзін
СЬПЯШАЙЦЕСЯ!

Аднак сьпяшацца паміраць бацьку ніколі асабліва не хацелася—а цяпер, калі ён быў да гэтага найбліжэй, дык пагатоў. Рэкламная абвестка пахавальнага бюро была апошняй кропляй у келіху ягоных душэўных пакутаў, таму пасьля ейнага прачытаньня яму адразу ж закарцела крыху паправіць тое, чаго ў яго дзякуючы парадам прафэсара Гастрыцюка даўно не было, а менавіта здароўе—што ў бацькавай сітуацыі магло азначаць толькі адно: зайсьці ў карчму “Ананімны абстынэнт” ды выпіць піўка. Ня толькі целам, але й розумам бацька быў цяпер перакананы, што сапраўды, найлепей будзе выйсьці ў места й паглядзець, што там адбываецца, паслухаць, хоць і безудзельна, жывую гутарку жывых людзей, падыхаць сьвежым паветрам—а потым ільга будзе вярнуцца дадому й з новымі сіламі распачаць нарэшце працу над задуманым палітычным дэтэктывам.

(працяг будзе)

© Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI