1.Памятай, што паэзія—толькі
адна. Супрацьлегласьцю паэзіі ёсьць адмыслоўства прафэсіяналаў.
Перш чым пачаць здымаць
фільм, напішы верш, намалюй карціну, склей калаж, напішы раман, эсэ
й г.д. Таму што толькі клопат аб унівэрсальнасьці выразу гарантуе табе,
што ты здымеш добры фільм.
2.Цалкам падпарадкуйся
сваім маніям. Усё адно ў цябе няма нічога лепшага. Маніі ёсьць рэліктамі
дзяцінства. Менавіта з глыбіняў дзяцінства паходзяць найвялікшыя скарбы.
Трэба несупынна мець браму адчыненай у гэтым кірунку. Я маю на ўвазе
ня згадкі, а адчуваньні. Хай гэтая падземная рака вольна працякае тваім
нутром. Засяродзься на ёй, але адначасова—максімальна разьняволься.
Калі здымаеш фільм, ты павінен думаць аб ім 24 гадзіны. Толькі тады
ўсе твае маніі, усё тваё дзяцінства перасунецца ў фільм, а ты гэтага
нават не заўважыш. Гэтак твой фільм станецца трыюмфам інфантылізму.
А менавіта гэта ёсьць тваёй мэтай.
3.Выкарыстоўвай мультыплікацыю
як магічную апэрацыю. Мультыплікацыя ня ёсьць руханьне нежывымі рэчамі,
а іх ажыўленьнем (анімацыяй). Лепш кажучы, іх абуджэньнем да жыцьця.
Перш чым ажывіць у фільме нейкі спакмень, імкніся спачатку яго зразумець.
Не ягоную утылітарную функцыю, а ягонае нутраное жыцьцё. Спакмяні, асабліва
старыя, былі сьведкамі розных падзеяў, лёсаў, якія пакінулі ў іх водціскі.
Іх краналі людзі ў розных сітуацыях, апанаваныя рознымі эмоцыямі, і
перадалі спакмяням свае псіхічныя станы. Калі ты хочаш пасярэдніцтвам
камэры зрабіць гэтыя схаваныя зьместы відочнымі, ты павінен да іх прыслухоўвацца.
Часам і некалькі гадоў запар. Спачатку зрабіся калекцыянэрам, і толькі
потым—кінематаграфістам. Ажыўленьне шляхам мультыплікацыі павінна адбывацца
натуральна. Яно павінна сыходзіць з рэчаў, а не з твайго жаданьня. Ніколі
ня гвалці рэчы! Распавядай з дапамогай рэчаў (аб’ектаў) не свае гісторыі,
а іхныя.
4.Несупынна падмяняй
сон рэчаіснасьцю і наадварот. Ніякіх лагічных пераходаў не існуе. Між
сном і рэчаіснасьцю ёсьць толькі адзін нязначны фізічны акт: уздыманьне
альбо апусканьне павекаў. Што да дзённага сьненьня, дык тут адпадае
і ён.
5.Калі ня ведаеш,
чаму аддаць перавагу, погляду вока альбо адчуваньню цела, заўсёды аддай
перавагу целу, таму што дотык ёсьць старэйшым адчуваньнем, чым зрок,
і ягоны досьвед ёсьць больш фундамэнтальным. Акрамя таго, вока ў сучаснай
аўдыёвізуальнай цывілізацыі значна стомленае й “сапсаванае”. Досьвед
цела ёсьць больш аўтэнтычным, усё яшчэ не абцяжараным эстэтызацыяй.
Зразумела, што даляглядам, які ты не павінен губляць з догляду, ёсьць
сінэстэзія.
6.Чым больш заглыбляесься
ў фантастычны сюжэт, тым больш рэалістычны ты павінен быць у дэталі.
Тут трэба цалкам абаперціся на досьвед сна. Ня бойся з дапамогай “нуднага
апісальніцтва”, пэдантычнай апантанасьці “нязначнай дэтальлю”, калі
заўгодна, дакумэнтальнасьці пераканаць гледача, што ўсё, што ён бачыць
у фільме, датычыцца яго, што там няма нічога, што не паходзіла б зь
ягонага сьвету, а толькі тое, у чым ён сядзіць па самую макаўку, хоць
гэтага і не ўсьведамляе. Ты павінен з дапамогай усіх падуладных табе
штукаў пераканаць яго ў гэтым.
7.Уяўленьне ёсьць
субвэрсіўным, таму што супрацьпастаўляе магчымае рэчаіснаму. Таму заўсёды
ўжывай самыя шалёныя ўявы. Уяўленьне ёсьць найвялікшым дарам, які атрымала
чалавецтва. Уяўленьне, а ня праца, зрабіла чалавека чалавекам. Уяўленьне,
уяўленьне, уяўленьне...
8.Прынцыпова абірай
тэмы, да якіх у цябе амбівалентнае стаўленьне. Гэтая амбівалентнасьць
павінна быць досыць моцнай (глыбіннай), непераадольнай, каб ты мог крочыць
па ейным лязе і ня ўпасьці ані на адзін, ані на другі бок, альбо наадварот
падаць на абодва бакі адначасова. Толькі так ты пазьбегнеш найвялікшай
памылкі: фільму паводле тэзісу.
9.Карыстайся творчасьцю
як сродкам аўтатэрапіі. Бо гэтая антыэстэтычная пазіцыя набліжае творчасьць
да брамы свабоды. Калі творчасьць мае наогул нейкі сэнс, дык толькі
той, што яна нас вызваляе. Ніводны фільм (карціна, верш) ня можа вызваліць
гледача, калі не прыносіць гэтую палёгку самому аўтару. Усё астатняе
належыць да “агульнай суб’ектыўнасьці”. Творчасьць як пэрманэнтнае выслабаненьне.
10.Заўсёды аддавай
перавагу творчасьці, неперарыўнасьці ўнутранай мадэлі ці псіхічнага
аўтаматызму над імгненнай ідэяй. Ідэя—нават самая лепшая—ня можа быць
дастатковай матывацыяй для таго, каб сесьці за камэру. Творчасьць ня
ёсьць бадзяньнем ад ідэі да ідэі. Ідэя мае сваё месца ў творчасьці,
але толькі ў той момант, калі тэма, якую ты хочаш выразіць, цалкам табой
засвоеная. Толькі тады прыйдуць патрэбныя ідэі. Ідэя ёсьць часткай творчага
працэсу, а ні ў якім разе ня імпульсам да яго.
Ніколі не працуй,
заўсёды імправізуй. Сцэнар важны для прадусара, а не для цябе. Гэта
дакумэнт, які цябе ні да чаго не абавязвае, таму зьвяртайся да яго толькі
ў моманты, калі перастане дзейнічаць натхненьне. Калі гэта станецца
з табой больш чым тры разы на працягу здымак, гэта ёсьць знакам таго,
што ты альбо робіш “ня той” фільм, альбо табе як творцу прыйшлі капцы.
* * *
Тое, што я сфармуляваў гэтыя “Дзесяць запаветаў”, не азначае, што я
імі сьвядома кіруюся. Гэтыя правілы самі ўзьніклі з маёй творчасьці,
а не папярэднічалі ёй.
Канец канцоў, усе
правілы й запаветы існуюць для таго, каб іх перасягаць (а не абмінаць).
Зрэшты, існуе яшчэ адно правіла, перасяганьне (а пагатоў абмінаньне)
якога ёсьць згубай для кожнага творцы: “Ніколі ня стаў сваю творчасьць
на службу чамусьці іншаму, апроч свабоды”.