Альфонсіна Сторні (1892-1938)

 

ВЫБРАНЫЯ ВЕРШЫ

 

 

Жыцьцё

Нэрвы мае зшалелі, ў маіх жылах
Кроў шумным вадкім полымем віруе,
Шугае з вуснаў, на якіх красуе
Радасьць забытых сьвятаў старажытных.

Мне хочацца сьмяяцца, боль пражыты,
Што ўтаймаваць намогі мне бракуе
Мяне пакінуў, зьнікнуў у нікуды—
Застаўся толькі суму перажытак.

Сьвет патыхае, прыгажосьць ягоная
Ўва мне вібруе й робіцца маёю
Ўся, колькі ёсьць яе ў вядзьмарскай песьні.

Хвілю таму зірнула з падваконьня я:
На тонкіх крылах ветру над зямлёю
Нясе нарэшце сонца мне прадвесьне!

 

Новы Год

Хадзі, створым новыя жыцьці, голаў твой на грудзёх маіх,
Чэрань гожых тваіх валасоў, пранізаных срэбнымі ніткамі,
Хадзі, створым новыя жыцьці, а з амаль што мінулага году
І з памяці выкінем смутак, пакінем толькі каханьне,
Эліксір жыцьця мы здабудзем зь яго дзеля новай расы.
Як мы стомленыя адлучнасьцю, які невыносны боль!
Боль, што зрабіў мяне тваёю, боль, што сэрца тваё параніў.
Боль, якому мы не паддаліся, памятаеш?.. Сказаны ўголас,
Ён маё разрывае сэрца, усярэдзіне б’е кавадлам,
Раніць мае ўспаміны
Што душу ахінаюць палымянай зьмяёю...
Як мы стомленыя адлучнасьцю, які невыносны боль!
Сёньня ўночы цябе я сьніла ў іншым жыцьці, іншым годзе,
Палі сябе аддавалі цалкам
Зерню,
А тое, сьпелае, сьмеючыся, абвяшчала зь ейных вантробаў
Аб пачатку ўсяго жывога, і зь зямлі мне чулася песьня.
Квітнеючыя сады, пасрэбраныя крыніцы,
Крышацца каляровыя хвалі, нібы дзявочыя прымхі.
І зьнянацку—хацінка з кветкамі на вакенцы.
Яна прынесла ў мой сон кавалачак дабрыні.

Колькі красак, колькі сьвятла!
Больш сьвятла—яшчэ, яшчэ трошку!
Мы—нібы на сужэнскім ложку,
Сад навокал накшталт жытла.
І ўсьмешка скача на вуснах
Тваіх, што мараць аб вуснах,
вуснах маіх спакусных,
вуснах маіх распусных!

Хадзі, жыцьцё новае створым, бо я баюся мінуўшчыны,
Што пяшчоты твае ў мяне адабрала, пакінула без тваіх пацалункаў
Што хацела кінуць мяне адну на жыцьцёвай сьцяжыне...
Ступні мае палаюць, шлях далёкі, і шмат на ім
Церняў і вострых каменьняў, адылі твая пяшчота—
Лек ад маіх пакутаў. Хадзі, створым новыя жыцьці,
Хай нашыя душы сплятуцца,
З каханьня зробім эліксір жыцьця для новай расы.

 

Бывай!

Памерлыя рэчы не ўваскрасаюць,
Пачуцьці памерлыя—дык пагатоў,
Калі ўдрузгі шклянкі няўзнак разьбіваюць
Шкляныя аськепкі ня клеяцца зноў.

Калі ападаюць з галінкі суквецьці,
То ведаюць—двойчы ім не красаваць,
Суквецьці, што ломіць бязьлітасны вецер,
Ня будуць ніколі ўжо больш існаваць!

Мінулыя дні, што прайшлі незваротна,
Бясплённыя, страчаны вы назаўжды!
І пошугі крылаў дрымоты самотнай
На долі секундаў разьбілі гады.

Маркотныя цені, журботныя цені,
Страхотныя вырабы нашага зла!
Пабляклыя рэчы, пабляклыя ймгненьні,
Пацеха нябёская з вамі сыйшла!

О, сэрца... заціхні! Схавайся ад ранаў,
Ад шнараў заразных—схавайся ад зла!
Усё, што даткнецца цябе—памірае,
Праклятае сэрца, дзе жарсьць аджыла!

Бывайце, прысьнёныя мною кунегі!
Бывай, мая радасьць мінулых гадоў!
Пабляклыя рэчы, пабляклыя ймгненьні
Ня вернуцца—радасьці дык пагатоў.

 

Стома


Усім нам, усім знаёмы той невыносны жаль,
Час невытлумнай стомы, калі дзень памёр амаль,

Калі сыходзіць наш сябар, які нам прынёс цяпло,
Маўляў чараўнік—зьнікае, нібы яго не было.

Калі благія ўспаміны зьбіраюцца ўсе ў адзін,
Калі душа—быццам крылаў празрыстых адзіны ўздым,

Калі гаворыцца лёгка: шанец роўны нулю,
Што зробленае мной сёньня я некалі зноў зраблю.

Значыцца, гэта боязь сілкуе маю тугу
Зьнікнуць, зь якой нічога я зрабіць не магу.

Гэта няіснаваньне гаворыць маё са мной,
Палохае мяне, раніць, шпурляе мяне на дно й

Падпарадкоўвае. Гэткай сама я стацца хачу—
бязглуздай, марнай, манэрнай рэччу ва ўсіх уваччу.

Дробязь, якую нехта хавае сабе ў кішэнь,
гадзіньнік, пярсьцёнак, цацка, якая заўгодна дрэнь...

Быць непрытомнай рэччу, якую нясуць кудысь,
Якая ня ведае болей, як і навошта жыць.
.................................................................................

Усім нам, усім знаёмы той невыносны жаль,
Час невытлумнай стомы, калі дзень памёр амаль.

 

Трагічная часіна

Пасьля таго як я вып’ю кубачак кавы, нэрвы
Мае стаюцца наэлектрызаванымі правадамі.

Я пачынаю імгненна верыць, далоў сумневы,
І тканіны цела майго адчуваюць і думаюць самі.

Гэта час, калі мне жыцьцё наскрозь працінае цела
Й крыламі лупіць аб лёд сьмерці ўва мне атрутнай,
Калі я раблюся кволай, робячыся ўсемагутнай,
У вытокі жыцьця, Ўсё й Нішто, закаханая звар’яцела.

Матэрыя майго цела перажывае ўздым,
Набліжаючыся да спазнаньня таго, чаго я ня ведаю,
І пад ціскам уласнай істэрыкі я яднаюся з тым
Што бясконцае, быццам я—якісьці паганскі мэдыюм

На агромністым цьвінтары нацыяў, якія сыйшлі ў нябыт,
Якім належыць гісторыя, нібы калісьці—сапраўднасьць,
Нягледзячы на магутнасьці іхнае незраўнанасьць,
Нягледзячы на багацьце, веліч і дабрабыт,

У венах маіх дзьме вецер Грэцыі старажытнай,
Грэцыі непераможнай Аспасіяна й Пэрыкла,
І Фідый стварае зноўку з камню рукою спрытнай
Век залаты культуры, што ўжо незваротна зьнікла.

Потым агучвае кроў мне нястрымнай хваляю рокат:
Рым! Збуранымі калюмнамі, нібыта касьцямі голымі,
Зіхціць ён, і паляць грудзі мае шматлікія полымі,
Якія ў сьнягі ўвагналі ягоны колішні росквіт.

Мора, гігант магутны, крычыць мне александрыйскім
Голасам, у якім—пірацкія інтанацыі,
На які вязуць золата й срэбра, бурацца, патанаюць і
Зноў выпраўляюцца чоўны па іншыя відарысы.
................................................................................

Гэта час, калі мне жыцьцё наскрозь працінае цела
Й крыламі лупіць аб лёд сьмерці ўва мне атрутнай,
Калі я раблюся кволай, робячыся ўсемагутнай,
У вытокі жыцьця, Ўсё й Нішто, закаханая звар’яцела.

 

Прагнасьць

Спрут, што іртамі сваймі мне ўпіваецца ў цела,
Прага крычаць, прыдушаная спрутавымі хвастамі…
Немач, пераможаная драпежніца змаганьня,
Вось яна, прагнасьць мая, выказаная дарэшты.

Крылы мае—здаровая, няўрымсная энэргія;
Так, я з радасьцю рушыла б на заваёву трыбуны,
Каб выліць на ёй увесь палын маёй горычы,
Што зьбіраецца й паўстае ў глыбінях маёй душы!

Я не хачу, каб гінулі ў нястачы шматлікія
Людзі старога веку й бездапаможнага выгляду,
Тыя, што адкрывалі зямлі-карміцелькі чэрава,
Альбо пракладвалі рэйкі чыгунак ва ўсе кірункі…

Не хачу ўсюды бачыць дзяцей, апранутых у рызманы!
Зь белазубых іхных усьмешак я б вершы ствараць хацела!
Пусьціце іх да мяне! У бездань іхных крыніцаў
Я б выпусьціла толькі адну-адзіную горкую сьлязу.

Адылі спрут мяне душыць, смокча ўсю кроў зь мяне;
Імя таму спруту—жыцьцё, што мяне кайданамі скула.
Гэтак, кропля па кроплі, сэрца маё выцякае,
І ў глыбіні душы заходзіцца плачам прагнасьць.

 

Тры словы

Сёньня ўночы ты шапнуў мне на вуха
Тры звычайныя словы, стомленыя
Іхным частым паўтораньнем. Словы,
Што са старых зноў сталіся новымі.

Тры словы, такія салодкія, што нават месяц,
Працэджаны скрозь галіны, спыніўся
На вуснах маіх. Тры жаданыя словы,
Ад якіх бы мурашка пабег па маёй шыі,
Але я зьнерухомела й не магла яго скінуць.

Тры такія салодкія словы.
—Што я сказаў мімаволі—о жыцьцё, ты такое прыгожае!
Жаданыя і рахманыя,
Што духмяны алей разьліваюць па целе.

Ад іхнае прыгажосьці
Мае нэрвовыя пальцы
Ператварыліся ў нажніцы

І ўзьняліся ў неба,
Зразаючы зоркі.

 

Калі б сьмерць захацела

І.

І я, і ты, падарожны, прыходзім у той ці гэты
Дзень выпадковай сьцежкай на шлях, што ня мае мэты.
Мы апранаем строі, што ўсе ў навакольлі носяць,
І набываем агульны выгляд, звычкі, прыстойнасьць.
Мы бадзяліся доўга на ланцугу невідочным,
І ад павязкі цеснай стаміліся нашы вочы.
На нашых руках з табою міргаюць кроплі цыкуты,
Замест салодкага смаку—у роце прысмак атруты.
Мы ведаем, што аднойчы пра нас абаіх забудуць,
І нашых целаў парэшткі жыцьцём адмецены будуць.

І мне, і табе вядомы голас гушчараў дужы...
Ні ты, ні я не здалеем наважыцца зрэзаць ружы.

ІІ.

Ведаеш, падарожны, позна гушкаць надзею
Рушыць нязнаным шляхам неадбытых падзеяў.
Рот мой зь дзікунскай смагай горнай крыніцы прагне,
Вільгаць струменяў ейных цела нястрымна цягне
Змыць зь сябе пыл і стому, цалкам аддацца водам,
Ружамі наталяцца ды ласавацца мёдам.
Спаць на імхах духмяных, мовы людзкой ня ведаць,
Каб са мной сябравалі козачка з гор ды лебедзь.

Можа аднойчы прыйдзеш ты ў мой прытулак росны,
Зьменіцца на зьдзіўленьне твой скептыцызм няўпросны,
Калі ты з дрэва Спазнаньня са мной пакаштуеш грозны.

ІІІ.

О, падарожны, вандроўнік, пагавары са Сьмерцю,
Хай яна не чапае мяне пад маёй павецьцю,
Дасьць мне знайсьці дарогу, што мары мне паказалі,
Каб слодыч замест атруты вусны мае спазналі,
О, падарожны, вандроўнік, пагавары са Сьмерцю,
Хай мне пакрые рукі ружамі, не аблецьцю,
Каб у маіх далонях сарваных ружаў бутоны
Ператварыліся ў квецень зыркую на сутоньні.

Як толькі яна, вандроўнік, мяне нячутна пакіне
Пад сонцам, нясьцерпна палкім, у белым вянку багіні,
Я зноўку ў вандроўку рушу—па іншай ужо сьцяжыне.

 

Ты мяне хочаш—новай

Ты мяне хочаш—новай,
Ты мяне хочаш—чыстай,
Перлінай альбо пенай,
Белай, нібы лілея,
Іншымі недаткнёнай,
Вытанчана-духмянай,
Зь кветкаю нераскрытай.

Каб нават месяцовы
Прамень у мяне ня трапіў,
Каб нават маргарытка
Мяне сястрой не назвала.
Ты мяне хочаш—цнотнай,
Ты мяне хочаш—белай,
Ты мяне хочаш—новай.

Ты, хто сваймі рукамі
Келіхі ўсе абмацаў,
Вусны змачыў у мёдзе
Й соку з кожнага плёну,
Ты, хто на сьвятах таньчыў
У вінаградным лісьці,
Ты, хто згубіў прытомнасьць
Зь безьлічы вакханалій.
Ты, хто ў садох Падману,
Чырваньню апрануты,
Сам сябе падпільноўваў,
Бег у абдымкі Сьмерці,
Ты, чые косьці толькі
Дотыку не спазналі.

Мне ўсё яшчэ няўцямна,
Зь якога такога дзіва
Ты мяне хочаш—белай,
(Хай табе Бог даруе),
Ты мяне хочаш—цнотнай,
(Хай табе Бог даруе),
Ты мяне хочаш—чыстай!

Лепш уцякай кудысьці
Ў горы, у гушчу лесу,
Вусны свае ачысьці
Ды пажыві ў пячорах,
Зноў даткніся рукамі
Чорнай зямлі вільготнай,
Выкармі сваё цела
Горкім карэньнем ейным,
Горнай вады напіся,
Сьпі на расе халоднай,
Цела сваё ачысьці
Водамі ды селітрай;

Слухай размовы птушак,
З досьвіткам прачынайся.
А калі тваё цела
Ўзновіцца ў сваёй цноце,
І калі ў тваёй плоці
Зноўку душа ўваскрэсьне,
Якая ў сіле альковаў
Заблыталася калісьці,
Можаш тады, чалавеча,
Хацець мяне новай,
Хацець мяне цнотнай,
Хацець мяне чыстай.

 

Залева

Сьвеце, задуха мая; сьпёка, паводка мая—
Паэзіяй адужаная, каханьнем зьняможаная,
Я ўздрыгваю зараз, нібы землятрус
Мяне працінае, ці іншая сіла;
Нібы маё цела вясна прымасьціла
Бутонам на чайнае ружы куст.

Зьнянацку адкрыліся ўсе мае поры
Зіхценьню чароўнаму вашаму, зоры,
Багацьцям фальшывым бяздонных нябёс;
Напятай струной я сябе пачуваю,
І дотыку, быццам укусу, чакаю,
Каб песьняй залевы агучыць плёс

Хваляў марскіх—падхапі маю душу,
Мора, бо ў прыкрай самоце я мушу
Шукаць збавеньне з маіх пакут,
Я зараз хачу, каб адначасова
Былі ўва мне цішыня і слова,
Крумкач і голуб, крышталь і бруд.

Пачуй мяне, ночка, мая надзея,
Хай зьзяе месяц заўжды там, дзе я,
Няхай ягоны лашчыць прамень
Мяне, бо ў ягоным сьвятле празрыстым
Стаюся я скрыпкай, чый голас чысты—
Маёй самоты журботны цень.

Няісны Божа, якія сьветы
Ўва мне зь дзяцінства гукаюць, дзе ты,
І просяць крылаў, каб залунаць?
Чаму мне часам нібы вядома,
Што я—спрадвечнае Думкі форма,
Загаду водгалас: жыць, ствараць?

Чаму з жывым я жыву на сьвеце,
Чаму няўмольна памру са сьмерцю
Ўсяго сьмяротнага, калі я—
Таксама рэч, як і ўсё навокал,
Як рост расьлінаў, як бег аблокаў,
І цень няўважны—пастаць мая?

Сьвеце, задуха мая; сьпёка, паводка мая—
Паэзіяй зьняможаная, каханьнем адужаная,
Я ўздрыгваю зараз, нібы землятрус
Мяне працінае, ці іншая сіла;
Нібы маё цела вясна прымасьціла
Бутонам на чайнае ружы куст.

 

Што б сказалі?

Што б сказалі ўсе тыя людзі бяз сэрца й цела,
Калі б апрануць аднойчы пэплум мне закарцела
Замест звычайнай сукенкі, ды строіць пачаць гарэзу:
Пафарбаваць кудзеры ў колеры срэбра й бэзу,
Вянок зрабіць сабе з кветак, язьмінаў і міязотаў,
Пазбавіць сваё сумленьне ягоных старых згрызотаў,
Сьпяваць на вуліцах места пад скрыпак і флейтаў пошчак,
Дэклямаваць уголас вершы свае на плошчах?
Ішлі б увасьлед за мною, шпурлялі ў мяне б каменьмі?
Спалілі б нібы вядзьмарку, згнаілі б у сутарэньні?
Склікаць пачалі б званамі на суд над душою грэшнай?

Па праўдзе, ад гэтых думак мне робіцца троху сьмешна.

 

Самаадчуваньне

Людзі праходзяць міма.—Шкода людзей.
Раптам у месцы, дзе
Я стаю, зямля задрыжала, бы ўдыранае дзіця—
Бы напамін аб сьмерці ў самай гушчы жыцьця.

Сьціскаю адна ў адной што моцы свае далоні—
Гарачыя, быццам магма жыцьця, што мяне ў палоне
Трымае й рухае бездань сусьвету. Мой жах сьціхае.
Хрумснулі косткі пальцаў. Божухна, я жывая!

 

Мур

Мае амфары поўніць спакуса віна,
Водар кліча ўсіх выпіць каханьне да дна,
Але рот не змачу я, хоць смагай памру.
Вам вядома, што я насамрэч—толькі мур?
Неадольны, глухі—але вам увесь час
Іншы бок выстаўляю, як мне кожны з вас?

 

Мікробы

Я ніколі ня думала, быццам у Бога ёсьць формы.
Ягонае абсалютнае існаваньне ня ведае нормы.
Вочы яму непатрэбныя: ён зоркамі пазірае.
Рукі яму непатрэбныя: ён хвалямі мора б’е.
Язык яму непатрэбны: ён маланкамі прамаўляе.
Адылі, скажу табе,
Хоць табе й дзіўна будзе,
Мне вядома, што ў ім—мікробы. Гэта рэчы і людзі.

 

Дзіўнае жаданьне

Быць цалкам зробленай з золата, бы казачнае руно,
З вусенкамі рубінавымі й сапфіравымі вачыма,
З зубкамі мармуровымі, вытачанымі плячыма,
Смарагдамі замест лаўраў на лбе—ці ня ўсё адно?

За выключэньнем жорсткасьці каб не было відно
Нічога ў абліччы жудасным, што вытлуміць немагчыма—
Нагадвала б сваім выглядам аголеная жанчына
Д’ябла, які заглыблены ў Рафаэлева палатно.

Бяздушная, бессардэчная, халодная таямніца.
Нябожчыца непахаваная—няма ёй дзе прытуліцца.
Нябожчыца, што ня можа канца Вечнасьці дачакацца,

Чые зіхоткія вочы з каштоўных, ды ўсё ж каменяў—
Два ліхтары нерухомыя, вытокі сьляпых праменяў,
Сымбалі неспазнанага, нечалавечага шчасьця.

 

Боязь

У цябе на грудзях я баюся ўсяго—
Прытулі мяне моцна, бы ластаўку тую,
Скажы мне толькі слова: я ўся закрасую,
Калі з вуснаў тваіх зноў пачую яго.

Голас твой—калыханка для слыху майго,
Размаўляй са мной: толькі цябе я пачую—
Забываюся, як на зямлі пакутую
Ад свайго існаваньня й нікчэмства свайго.

Сьвет так жорсткі! Драпежнікі ходзяць на волі!..
Не, прыгожай вясны я ня мела ніколі,
Як жанчыны, каторым на ўсё напляваць.

У руках тваіх, любы, я мару аб дотыку,
Пакуль рукі мае цябе лашчаць употайку,
Пакуль вусны цалуюць і сьлёзы бруяць.



Забяры мяне

Жыцьцё для мяне—пакута: забяры мяне, куды хочаш;
Душа твая—мая пастка; сыходзяць прывіды ночы.

Вазьмі мяне ў свае рукі, нібыта квету галоўку
Бялюткую, пахваліся багам хараством сяброўкі.

Забяры мяне! Змрок гусьцее, пагрозна чарнеюць здані;
Сьмерць на кані выязджае на дзікае паляваньне.

Забыцца дапамажы мне на ўсё, што лягло цяжарам
На плечы мае: аськепкі маіх нязьдзейсненых мараў.

Вызваль мяне! Хачу я ў руках тваіх важыць меней
Добрых намераў і думак, электрычных праменяў.

Быць лёгкай, нібы паветра, нібыта паветра, лёгкай,
Зьнікаць, бы ў смузе сьвітальнай духмянай пары аблокі.

 

Скруха

О, сьмерць, я цябе кахаю, адылі жыцьцё—мой бог...
Калі мяне дамавіна апошняй з маіх дарог
Памкне, хай на разьвітаньне
Ў вочы мне зазірне праменем сваім сьвітаньне.

Пакінь мне адзіны момант пад неба гарачынёй,
Хай сонца ізноў зайграе ў душы маёй ільдзяной...
Няхай ізноў, як калісьці, сьвітальная зорка выйдзе
Сказаць мне: дабрыдзень.

Спакою я не баюся—патрэбны ўсім адпачынак.
Але няхай пацалуе мяне перад сном мужчына,
Вандроўнік добры, што зранку
За мной падглядаў у вокны штодня, на сьвітанку.

 

Сьвятло

Я крочыла доўга, шукаючы праўды
Са мной—жах сьмяротны, мой жах непапраўны.

Сьмяяліся людзі: чаго я баюся?
Сьвет велькі. Сьмяюцца яны—я сьмяюся....

Я слухала словы—так шмат словаў розных!—
Шмат словаў вясёлых, шмат словаў пагрозных,

І не разумела. Прасіла я зоркі
Даць лепшай мне мовы, чый гук ня так горкі.

Ад іх я ў дарунак цябе атрымала,
І праўду спаткала, якую шукала.

Бо чэрань вачэй тваіх вечную праўду
Ўвабрала аб сьвеце, дзе безьліч арбіт—

У травах тваіх я знайду, што я прагну:
Спакой і нябыт.

 

Прыйдзі

Прыйдзі сёньня ўночы, каханы; сьвет
Лёг мне цяжарам на сэрца... Ушчэнт
Лёс мой разьбіты... Прыйдзі, бо ўва мне
Боязь самой сябе мкне.

Плакаць я больш не магу... Будзе лепш,
Калі ты дасі мне руку й зірнеш,
Як па шчацэ ўніз душа паўзе,
Засяроджаная ў сьлязе.



Што гэта?

Хто гэта там стагнае—
Сьмерць, праходзячы міма?
Сьвету боль, ці імкліва
Каханьне тваё канае?

Што мой дом скаланае?
Хто так стогне жахліва
Там, за маймі дзьвярыма?
Што мяне спапяляе?

Вецер гэты сьцюдзёны...
Месяц у небе цёмным,
Знак немінучай згубы...

Шоргат ценяў, віхура...
Дрэва, што сьцяла бура...
Боязна мне, мой любы.

 

Размова з сабой

Чаму нешта рух маёй жарсьці спыняе?
Чаму сьлепну я, набываючы зрок?
Спытайся лепш зорак, што ў небе віруюць,
Мне—невядома.

Чаму мае кветкі стаюцца каменьмі?
Чаму падаецца мне мёд палыном?
Спытайся вятроў, што мяняюць напрамак,
Мне—невядома.

Чаму штовясны замярзае мне сэрца?
Чаму смага болей, чым болей я п’ю?
Спытайся лепш месяцу й фазаў ягоных,
Мне—невядома.

Чаму я сама сабе зноў наліваю
Распушчу атруты ў мой келіх—за што?
Спытайся лепш дзён, што хаваюцца ў хмарах,
Мне—невядома.

Чаму я, што ад нараджэньня жабрую,
Ані кроплю вільгаці не папрашу?
Спытайся ў надвор’я, чый нораў—няпэўны.
Мне—невядома.

Чаму, хоць мне сьвет лёг цяжарам на плечы,
Я так закаханая ў гэты цяжар?
Спытайся лепш мне незнаёмага Бога.
Мне—невядома.

Чаму я яго ўчора пацалавала,
Нянавісьці даўняй сваёй надакор?
Спытайся ў вачэй лепш глыбокіх ягоных,
Мне—невядома.


Салодкая мроя

Дзе вы, зачараваныя сады,
Дзівосы, на якія я палюю?
Жыцьцё я больш у колер не малюю:
Ёсьць іншы сьвет. Як трапіць мне туды?

У водары сузор’яў, ля вады
Я чую сьпеў Дыяны—той, якую
Я перасьледую, за кім даўно цікую:
Дзе ж ейныя згубіліся сьляды?

Куды мне йсьці: на поўдзень, ці на поўнач?
Мара мая са мною рушыць побач,
Чапляюць мяне ружы за крысо.

Я танец зь імі свой ня ў моцы скончыць,
А за кустамі лёс няўмольны сочыць,
І Паляўнічая раскручвае ласо.


© ПеракладМакс Шчур, 2004

HA POCTAHI