Ялмар
Сёдэрберг (Hjalmar Soderberg)—швэдзкі пісьменьнік канца ХІХ—пачатку
ХХ стагодзьдзяў, класік швэдзкай літаратуры, які, мажліва, саступае
Стрындбергу паводле значнасьці й унівэрсальнасьці, але не паводле таленту.
Што да тэмаў і тэхнікі пісьма, яго, бадай, ільга сьмела залічыць да
папярэднікаў Кафкі й Гамсуна. Найбольш славуты ягоны раман—“Доктар Глас”
(1905), на якім найбольш выраўна адбіўся ўплыў Фёдара Дастаеўскага й
Фрыдрыха Ніцшэ. Перакладзеныя тут аповеды ўзятыя зь ягонай другой кнігі
“Кароткія гісторыі” (Historietter, 1897).
Кашмар
Сёньня
ўначы я сьніў.
—
Бясконцы шэраг пакояў; з высокай стольлю, маўклівых пакояў. Наўкол нікога,
пуста—тлусты слой пылу на мэблі й ашалёўцы—сьмешныя старыя гравюры на
сьценах. Глухая ціша, як быццам адняло слых; я марна намагаюся ўчуць
хоць які-небудзь гук паблізу. Усё выглядае так занядбана, так бязвольна;
у мяне пачынае складвацца ўяўленьне аб нейкім вельмі багатым чалавеку,
якому належыць такое мноства маёнткаў і замкаў, што ён ня можа ўзгадаць
усе іхныя назвы, і гэтая сядзіба—адная з тых, на якія ён забыўся. Таксама
магчыма, што ён ужо стары, і яму пачынае здраджваць памяць... Але я
сам, што я тут раблю, і як я сюды патрапіў? Я ня памятаю. І гэта мне
трэба было вырашыць у месьце нейкую вельмі важную справу, хаця я ўжо
ня памятаю, якую... І яшчэ тут такі нязвыклы, жаўтаваты паўзмрок. Зараз
жа недзе палудзень, як можа быць так цёмна?
Прыцемкі
прыносяць мне неспакой.
Я
намагаюся прыгледзецца да прадметаў на сьценах; я спрабую зарыентавацца.
Справа ў тым, што мне здаецца, быццам я быў тут раней, шмат разоў, і
што я павінен быў бы пачуваць тут сябе як удома; але ўпарадкаваць мае
згадкі немагчыма. Такое пачуцьцё, як калі хтосьці спрабуе ўзгадаць нечае
ймя, тэрмін, выраз, які ўжываў, магчыма, шмат разоў; гэтае слова сьвярбіць
у яго на языку, здаецца яму, але ён ня можа яго прыгадаць.
—
Шыхты зьнерухомелых крэслаў з высокімі сьпінкамі. Стары раяль здалёк
шчэрыць белыя зубы ў паўзмроку. Я падыходжу бліжэй і хачу ўзяць акорд;
але струны не выдаюць ніякага гуку, а на клавішах ляжыць тлусты слой
пылу. На раялі стаіць стары запылены капялюш—цыліндр. Як сьмешна: у
яго ўсярэдзіне—мае ініцыялы. Я прыглядаюся да цыліндра. Але ж гэта мой
цыліндр, той самы, які я нядаўна набыў на вуліцы Фрэдсготан; як ён тут
апынуўся, і як ён мог так састарэць? І яшчэ ён стаўся надзіва нямодным.
Ён такі вузкі наверсе, і ў яго такія сьмешныя шырокія брылі!
Мне
здаецца, што я зараз заплачу, але не магу. — Але цішэй... Хтосьці гукае
маё ймя аднекуль здалечыні.
Я
рушу далей. Гэты шэраг пакояў ня мае канца, да апошняга зь іх мне ніколі
не дайсьці, няўжо адсюль няма выхаду?
Ізноўку
чуецца маё ймя. Гэта мусіць быць дзесьці паблізу, на гэтым паверсе.
Я хачу прысьпешыць хаду, пабегчы; аднак мае ногі настолькі цяжэюць,
што толькі зь вялікай намогай мне ўдаецца іх валачы.
Гэта
павінна быць з таго пакою, што знаходзіцца ў самай глыбіні. Ён ці то
круглявы, ці то васьмігранны, па-над ім уздымаецца вежа. Але ў пакоі
няма ніякіх дзьвярэй. Такім чынам, іду назад тым самым шляхам, праз
усе тыя пустыя пакоі.
У
трэці раз гучыць маё ймя!
Хто
мяне кліча, хто? Вунь ён, у самым далёкім рогу, у паўзмроку. Шырокі
ложак зь цяжкім балдахінам. Стары з воскава-жоўтым тварам ляжыць і пазірае
на мяне шырока адкрытымі, згаслымі вачыма, матавымі, як шкло — як шкло—
Чаму
гэты стары ляжыць тут у самоце, усімі пакінуты? Чаму гэты стары ляжыць...
Я
адчуваю, што ўсе мае сусчэпы скамянелі; напэўна, мяне дакладна паралізавала.
Я не раблю ніякай спробы адтуль сыйсьці. Я нават няздольны выпусьціць
крысо балдахіна, якое я толькі што адхінуў левай рукой.
Я—малады,
ён—стары. Я—гэта я, а ён—гэта ён. І ўсё адно, ён—гэта я.
Чалавек
у ложку—гэта ж я! Гэта я.
І
цэлую вечнасьць я нерухома стаяў каля ложку й пазіраў на сябе самога.
Цяпер
я зноў знадворку.
Імглісты
краявід з бледна-зялёнымі палямі, дзе збажына хвалюецца як быццам сама
па сабе, бо ветру, здаецца, зусім няма; цішыня, як уночы.
Я
крочыў, жуючы сьцяблінку саломы, і аб чымсьці думаў. Жоўтая й вузкая
сьцяжынка вывівалася між палёў. Паабапал сьцяжыны ў чалавечую вышыню
паўставала збожжа.
Але
раптам я пачуў, як непадалёк нехта стогне й наракае. Я крочыў далей,
адчуваючы штосьці між боязьзю й абыякавасьцю, і спрабаваў пераканаць
сябе ў тым, што я нічога ня чуў, што гук быў вынікам нейкай галюцынацыі.
Але
енк узмацніўся, і цяпер чуўся зусім паблізу. Я ня мог крочыць далей.
Ногі не хацелі мяне трымаць. У мяне было адчуваньне таго, што мяне чакае
нейкая непрыемная сцэна, якую я, да таго ж, вельмі даўно ўжо быў аднойчы
перажыў.
Я
расхінуў рукамі жыта. На зямлі ляжаў нейкі дзядок і скаланаўся ў сутаргах.
Ягоны твар быў мне незнаёмы, я ня мог прыгадаць, каб бачыў яго некалі
даўней. Я ўзяў яго пад пахі й дапамог яму ўзьняцца, каб сесьці. Нейкі
момант ён моўчкі сядзеў у маіх руках, з павіслай галавой і нерухомымі
вачыма; але зьнянацку ён выкрыкнуў зноў—пранізьліва, жудасна—вырваўся
з маіх рук і ўпаў на зямлю, цяжкі й няўклюдны, як комель дрэва.
Я
азірнуўся вакол і ўбачыў са зьдзіўленьнем, што ня быў сам; вакол мяне
стаяла шмат людзей, якія сьмяяліся зь мяне. Тлусты стары спадар, які
выглядаў вельмі заможна й задаволена, лупіў сябе па каленях і рагатаў
да чырвані ў твары.
Я
злаваў ад таго, што быў засьпеты імі. Я зусім ня мог зразумець, з чаго
яны сьмяюцца. Тут я выпадкова кінуў пагляд на нябожчыка, які ціха й
нерухома ляжаў на зямлі, пялячыся белымі як шкло пустымі вачыма ў неба.
Гэта
быў я—я—я—.
1892
Сплін
У
майго жыцьця—цьмяны й незвычайна выцьвілы колер сна.
Ужо
зазіхцелі першыя ліхтары, калі я ўчора ўвечары пакінуў сваё жытло, праразважаўшы
ўвесь дзень над таямніцай жыцьця. У роспачы ад таго, што не знайшоў
ніякага вырашэньня, я сказаў сабе: блазан, ты прамарнаваў цэлы дзень
свайго жыцьця на бясплённыя роздумы над тым, веданьне чаго дакладна
не зрабіла б цябе шчасьнейшым—і вырашыў скіраваць лепей свае намаганьні
на чатырохкрокавую шаховую камбінацыю. Але паколькі мой досьціп выявіў
сябе недадстатковым нават для гэтага, я шпурнуў шаховую дошку праз вакно
ў галаву старому з пратэзам, для якога сьмерць была б толькі міласьцінай,
і кінуўся прэч адтуль у вір жыцьця, пагарджаючы сам сабой.
Вечар
быў цёплы, сьветлы й заварожна ціхі. Дакладна па-над палацам стаяў месяц,
адкормлены як стары сьвятар, жоўта-чырвоны й казачна вялікі. Грукат
людзкіх крокаў па бруку нагадваў дзёўбаньне тысячы гадзіньнікаў і прымусіў
мяне здрыгануцца ад думкі наконт той хуткасьці, зь якой секунды вырываюцца
з маіх рук... Побач некуды сьпяшаўся трамвай: я ўскочыў у яго й некалькі
разоў аб’ехаў вакол места. Гэтая забава, трэба сказаць, мае рэдкую здольнасьць
адганяць маю азмрочанасьць: у такія моманты мне здаецца, што цэлы сьвет
круціцца вакол мяне, як карусель, і атрымліваецца, што я—дзіця, якое
едзе на каруселі, што заўжды выклікае ў мяне прыступ нястрымнага сьмеху.
Гэтаксама было і зараз: не пасьпеў я тройчы аб’ехаць места па трамвайным
маршруту, як гучна разрагатаўся.
—Добры
вечар, сказаў нечы голас цесна побач са мной, і чалавек на сядачцы перада
мной азірнуўся, павярнуўшыся да мяне свой бледны й выцягнуты твар, які
я марна спрабаваў прыгадаць. Я пазнаў вас паводле вашага сьмеху, працягваў
ён. Вы гэтаксама ж сьмяяліся сем гадоў таму, на хаўтурах маёй цёткі,
калі сьвятар казаў нам, нашчадкам нябожчыцы, аб нашай жалобе. Пачуўшы
ваш сьмех, мы ўсе пачалі сьмяяцца, уключна сьвятара, магчыма нават сьмяялася
мая цётка. У вас вельмі вясёлая натура.
—Так,
адказаў я ветліва, у мяне вельмі вясёлая натура. А ў вас хіба не, шаноўны?
—Ах,
давайце ня будзем пра мяне, я невылечны зануда. Я зрабіўся такім ад
тых часоў, як я атрымаў ад цёткі-нябожчыцы спадчыну.
—Так,
вядома ж, сказаў я незасяроджана.
—Вам
аб гэтым вядома?, спытаўся ён і вылупіў на мяне вялізныя, наіўныя й
меланхалічныя вочы.—Але хто вам аб гэтым сказаў?
—Гэта
ж ясна само сабой. Да таго, як памерла вашая цётка, вы былі шчасны й
вясёлы, бо чакалі ейнай сьмерці, у выніку якой павінны былі атрымаць
спадчыну. Потым яна памерла, вы атрымалі спадчыну, і цяпер у вас няма
цёткі, ад якой вы б маглі штосьці ўспадкаваць. Такім чынам, у вас няма
больш на што спадзявацца, таму вам гэтак сумна. Усё вельмі проста.
Небарака
разявіў на мяне цяпер ня толькі вочы, але й рот. Сама ягоная душа вылупілася
цяпер на мяне скрозь тры вялізныя адтуліны ягонага твару.
—Вы
маеце рацыю, адказаў ён нарэшце.—Вы выказалі менавіта тое, аб чым я
даўно ўжо здагадваўся. Дзякуй вам, сардэчнае дзякуй.
У
расчуленасьці ён паціснуў маю руку й працягваў:
—Вы
зьнялі камень з маёй душы. Няма нічога непрыемнейшага, як маркоціцца
й ня ведаць прычыны гэтай маркоты. Але цяпер усё прайшло, і вы зрабілі
мне вялізную паслугу. Давайце разам выедзем куды-небудзь і павячэраем.
Гэтая
новая прапанова вабіла мяне зь некалькіх гледзішчаў. Праўда, я ня мог
прыгадаць імя гэтага чалавека, але я ўжо даўно навучыўся не прыдаваць
значаньня неістотным дробязям; а якое значаньне мае імя?
Мы
выскачылі з трамвая, ускочылі ў фурманку й шалёным кар’ерам паймчаліся
ў адну маленькую карчму далёка па-за межамі места. У гэтым ідылічным
гнёздачку мы забівалі час паяданьнем селядцоў, рэдзькі й сьвежай бульбы,
а таксама піцьцём нарвэскай самагонкі й трох кшталтаў шампанскага. Пасьля
гэтага мы вылезлі вонкі праз вакно, узяўшы з сабой пляшку віскі й крыху
мінералкі; прысеўшы, мы ўбачылі, да нашай радасьці, што знаходзімся
на крыху нахіленай бляшанай страсе, адкуль адкрываецца чароўны выгляд
на надзвычайна ідылічнае азярцо, аблямаванае чаротам і вербамі. Мы налілі
адзін аднаму віскі з содавай і працягвалі гутарыць.
—Так,
сказаў я, багацьцё ёсьць крыніцай многіх людзкіх турботаў. У мяне аднойчы
быў сябра, такі вечна мярзьлявы. Дык ён іграў у латэрэю й спадзяваўся,
што здолее выйграць вялікую сумму грошай, каб магчы набыць сабе кажух.
І выйграў трыста тысяч крон. Такі вялікі выйгрыш ён ня мог утрымаць
у сакрэце: усе ягоныя сябры дачуліся аб гэтым і пачалі ў яго пазычаць,
так што неўзабаве ў яго засталося якраз столькі, каб магчы набыць сабе
кажух з фальшывай андатры—але ён яго так і не набыў. А як ён мог яго
набыць? Усе ведалі аб тым, што ён выйграў свае грошы ў латэрэі; ня будзе
ж ён, ліха бяры, лётаць па вуліцах у латэрэйным кажуху!
—Не,
гэта абсалютна немагчыма.
—Ясна што не.
—Бач ты...
Нейкі
час мы сядзелі моўчкі, абодва заглыбленыя ў свае ўласныя думкі.
Тут
раптоўна спадар Кільбэрг (за пятым фужэрам трэцяй бутэлькі шампанскага
ён прызнаўся мне ў тым, што яго гэтак зваць) узьняўся і зь нечаканым
зіхценьнем уваччу спытаўся ў мяне:
—Колькі
грошай можна найбольш выйграць у латэрэі?
—Здаецца,
ці то пяцьсот, ці то семсот тысячаў,—адказаў я.—Прынамсі, я цалкам упэўнены,
што не шэсьцьсот, як што арганізатары вельмі добра ведаюць аб магічнай
уладзе, якую над чалавечай фантазіяй маюць няцотныя лічбы, у адрозьненьне
ад цотных.
—Дык
значыцца, пяцьсот тысячаў як мінімум—працягваў спадар Кільбэрг.—А я
ўспадкаваў ад цёткі толькі дзьвесьце тысячаў. Калі я буду йграць у латэрэі,
дык магу спадзявацца, што маё багацьцё павялічыцца больш чым у два разы:
я магу спадзявацца, такім чынам, на спадчыну яшчэ ад паўтарох цётак.
Значыцца, у мяне яшчэ ёсьць дзеля чаго жыць!
—Безумоўна.
Будучыня ўсьміхаецца вам зноўку.
—Так,
у мяне яшчэ ёсьць надзея. Цяпер я буду йграць у латэрэю; але што калі
я выйграю? Тады ўсё страчана, тады мне застанецца толькі памерці!
1897
Сон
аб вечнасьці
Калі
я быў яшчэ вельмі малады, я з надзвычайнай пэўнасьцю верыў у неўміручасьць
сваёй душы. Я лічыў гэта сьвятым і вельмі дарагім падарункам, быў шчасны
й ганарыўся ім.
Часта
я казаў сам сабе:
—Гэтае жыцьцё, якое я жыву, ёсьць толькі цьмяным і блытаным сном. Аднойчы
я прачнуся й апынуся ў яшчэ адным сьне, які будзе больш набліжаны да
сапраўднасьці й будзе мець больш глыбокі сэнс, чымся гэты. І з таго
сна я таксама прачнуся, каб апынуцца ў трэцім сьне, а потым у чацьвёртым,
і кожны новы сон будзе бліжэйшы да праўды за папярэдні. Гэтае набліжэньне
да праўды ўдае сабой сэнс жыцьця, які ёсьць вельмі значным і глыбокім.
І
з радасьці ад таго веданьня, што ў маёй неўміручай душы я валодаю пэўным
капіталам, які ня можа быць прайграны ў карты альбо канфіскаваны за
пазыкі, я вёў распуснае жыцьцё й раскідаўся налева й направа, як той
князь, як сваім, так і чужым майном.
Але
аднаго вечара я апынуўся разам зь некаторымі маймі застольнымі сябрамі
ў вялікай залі, якая зіхцела золатам і электрычным сьвятлом, і скрозь
шчыліны ў ейнай падлозе ўздымаўся гнілы смурод. Дзьве маладыя дзяўчыны
з размаляванымі абліччамі, і яшчэ адна старая жанчына з залепленымі
гіпсам моршчынамі таньчылі на сцэне пад акампанэмент п’янкога аркестру,
ухвальнага шуму мужчынаў і грукату разьбітага шкла. Мы назіралі за гэтымі
жанчынамі, шмат пілі й размаўлялі аб неўміручасьці душы.
—Думаць,
што мець неўміручую душу ёсьць шчасьцем,—сказаў адзін з маіх сяброў,
старэйшы за мяне,—гэта шаленства. Зірніце на тую старую бабцю, што там
таньчыць, у якой трымцяць галава й рукі, як толькі яна на імгненьне
перастане скакаць. Адразу відаць, што гэта злоснае, агіднае й цалкам
пазбаўленае вартасьці стварэньне, і што з кожным днём яна будзе такой
усё болей. Няўжо ж ня сьмешна думаць, быццам яна магла б мець неўміручую
душу! Але тое ж самае датычыцца мяне, вас і ўсіх нас наогул. Якім благім
жартам было б падараваць нам вечнасьць!
—Што
мне не падабаецца ў тваіх словах,—сказаў я,—дык гэта ня тое, што ты
адмаўляеш неўміручасьць душы, але тое, што для цябе ўдае сабой радасьць
гэта адмаўляць. Людзі нагадваюць дзяцей, які гуляюцца ў садзе, абкружаным
высокім муром. Час ад часу ў муры адчыняецца брама, і адзін зь дзяцей
у ёй зьнікае. Тады астатнія кажуць сабе, што гэтае дзіця сыйшло ў іншы
сад, большы й прыгажэйшы за гэты: нейкі час яны прыслухоўваюцца да цішы,
а потым вяртаюцца да сваіх гульняў між кветкамі. Прыпусьцім цяпер, што
адзін з хлапчукоў ёсьць цікаўнейшым за астатніх, і ўскараскаецца на
мур, каб паглядзець, куды сыходзяць ягоныя сябры; а калі ён зноў зьлезе
ўніз, дык распавядае астатнім аб усім, што ён бачыў: на тым баку брамы
сядзіць гігант, які зьядае адведзеных дзяцей. І ўсе яны, адзін за адным,
павінны па чарзе прайсьці гэтай брамай! Ты, Марцін—той хлопчык, які
залез на мур; і мне здаецца неверагодна сьмешным, што ты распавядаеш
аб тым, што ты нібыта бачыў, без усялякіх дрыжыкаў, а наадварот, з гонарам
і радасьцю ад таго, што ведаеш больш за астатніх.
—Наймаладзейшая
зь дзяўчатаў надзвычайна прыгожая,—адказаў Марцін.
—Загінуць—гэтаксама
жахліва, як і не загінуць,—сказаў адзін з маіх сяброў.
Марцін
працягваў разьвіваць сваю думку:
—Так,—сказаў ён,—павінен быць нейкі сярэдні шлях. Бяры лахі пад пахі,
ідзі ў сьвет і паспрабуй знайсьці нейкую залатую сярэдзіну між часам
і вечнасьцю. Той, хто яе знойдзе, можа заснаваць новую рэлігію, бо ў
ягонай моцы будзе найлепшая прынада з усіх, якія толькі мелі ў карыстаньні
лоўцы чалавекаў.
Аркестар
зь віскам змоўк. Скрозь тытунёвы дым золата залі зьзяла больш цьмяна,
і з шчылінаў у падлозе несупынна ўздымаўся той гнілы смурод.
Мы
ўзьняліся з-за стала й разыйшліся, кожны ў сваім кірунку. Прабадзяўшыся
цягам доўгага часу й абыйшоўшы места некалькі разоў, я апынуўся ў вуліцах,
якія ня мог пазнаць і якіх яшчэ сёньня ня бачыў, гэта былі дзіўна вылюднелыя
вуліцы, чые дамы расступаліся перада мною, каб прапусьціць мяне, куды
б я ні скіраваў крок, а потым зноў сыходзіліся ў мяне за сьпіной. Я
ня ведаў, дзе знаходжуся, але неўзабаве апынуўся перад дзьвярыма свайго
ўласнага дому. Тыя былі адчыненыя наросхрыст. Я ўвайшоў і рушыў угару
па лесьвіцы. Ля аднаго зь лесьвічных вакенцаў я запыніўся й зірнуў на
месяц; дагэтуль я не зьвярнуў увагі на тое, што ў той вечар зіхцеў месяц.
Але
ніколі ані дагэтуль, ані потым я ня бачыў такога месяцу. Нельга было
сказаць, што ён зіхціць. Месяц быў попельна-шэры, бледны й ненатуральна
вялікі. Я доўга стаяў і пазіраў на яго, таму што быў страшэнна стомлены
й вельмі хацеў спаць.
Я
жыву на трэцім паверсе. Такім чынам, мне трэба было прайсьці дзьве лесьвіцы,
і я падзякаваў Богу, што мне застаецца яшчэ адна. Але калі я ўзьняўся
па гэтай лесьвіцы, мяне ўразіла, што на пляцоўцы не было цёмна, як гэта
звычайна заўжды было, але яе асьвятляла слабое зіхценьне, такое самае,
як на папярэдняй пляцоўцы, дзе месяц сьвяціў у вакенца. Але ў гэтым
доме ўсяго тры паверхі, калі не лічыць паддашша; і на вышэйшай пляцоўцы
было заўсёды цёмна.
—Хтосьці
пакінуў адчыненымі дзьверы на паддашша,—сказаў я сабе.—Сьвятло трапляе
сюды з гарышча. Як толькі вартаўнікі маглі пакінуць дзьверы на гарышча
адчыненымі—са страхі ў дом могуць жа пралезьці злодзеі.
Але
я ня ўбачыў ніякіх дзьвярэй на гарышча. Заместа іх нагару вяла звычайная
лесьвіца, такая ж самая, як астатнія.
Значыцца,
я памыліўся, калі лічыў; мне застаецца яшчэ адна лесьвіца.
Але
калі я ўзьняўся па гэтай лесьвіцы й апынуўся на яшчэ адной пляцоўцы,
я ледзьве не закрычаў на ўвесь голас. Бо нават на той пляцоўцы было
сьвятло, і не было ніякіх адчыненых дзьвярэй на паддашша, а на гару
вяла яшчэ адна лесьвіца, такая самая як папярэднія. А зь лесьвічнага
вакенца сьвяціў месяц—попельна-шэры, неяскравы й ненатуральна вялікі.
Я
рынуўся ўгару па лесьвіцы. Я быў ужо няздольны думаць. Хісткім крокам
я агораў яшчэ адну, потым яшчэ адну лесьвіцу; я перастаў іх лічыць.
Мяне
рупіла крычаць, я хацеў узьняць на ногі ўвесь гэты зачараваны дом і
ўбачыць людзей вакол сябе; але маё горла было нібы чым пераціснутае.
Раптам
мне ў галаву прыйшла думка пачаць чытаць імёны на шыльдачках кватэраў.
Што ж за людзі могуць жыць у гэтай Вавілонскай вежы? Месячнае сьвятло
было заслабое, я чыркануў запалкай і паднёс яе да адной з масяжных шыльдачак.
На
ёй стаяла імя аднаго майго сябра, які памёр.
Тады
вузел на маім языку разьвязаўся, і я закрычаў:
—Памажыце!
Памажыце! Памажыце!
*
Гэты
крык уратаваў мяне, абудзіўшы мяне з жудаснага сна аб вечнасьці.
1897
Імжа
Зноўку
надыйшла восень і змрочныя дні, і сонца схавалася ў найцямнейшы кут
сусьвету, каб ніхто ня бачыў, як яно зьбляднела, састарэла й схуднела
за апошні час. Але тым часам, пакуль вецер сьвішча ў шчылінах шыбаў,
дождж булькоча ў жалабох, мокры сабака вые на вуліцы перад зачыненымі
дзьвярыма, а першы восеньскі агонь разгараецца ў нашай печцы, я распавяду
вам казку аб імжы.
Дык
слухайце:
Так
доўга добры бог злаваў на нядобрых людзей, што вырашыў пакараць іх,
зрабіўшы іх яшчэ горшымі. У сваёй невымернай даброці ён палічыў, што
найлепей будзе іх усіх утапіць у новым патопе: ён не забыўся, як прыемна
было назіраць, як усё жывое захлынаецца ў вадзе. Аднак, на жаль, неяк
аднойчы ў прыступе сэнтымэнтальнасьці ён паабяцаў Ною ніколі больш так
не рабіць.
—Паслухай,
дружа,—сказаў ён тады неяк д’яблу.—Ты хаця й не сьвятоша, але часам
у цябе бываюць добрыя ідэі, і з табой ільга прынамсі дыскутаваць. Людзі
ёсьць благімі й не жадаюць паляпшацца. Маёй цярплівасьці, якая ня мае
межаў, надыйшоў канец, і я вырашыў пакараць іх тым, што зраблю іх яшчэ
горшымі. Такім чынам, я спадзяюся, яны самі дарэшты адзін аднаго пераб’юць.
Я тут падумаў, што ў нашых з табой інтарэсах—хаця яны ў нас і цалкам
розныя—мы маглі б тут знайсьці агульную мову; што б ты мне мог параіць?
Д’ябал
задуменна сьцяў зубамі канец свайго хваста.
—Божа,—сказаў
ён нарэшце,—твая мудрасьць ёсьць такой самай, як і твая дабрыня. Паводле
статыстыкі, найвялікшая колькасьць злачынстваў здараецца ўвосені, у
час цёмных дзён і шэрага неба, калі зямля захутаная ў дождж і туман.
Добры
бог доўга думаў над гэтымі словамі.
—Разумею,—сказаў
ён канец канцоў.—Гэта добрая парада, і я ўсё зраблю паводле яе. У цябе
вялікія здольнасьці, сябра, але ты павінен быў бы лепей імі карыстацца.
Д’ябал
усьміхнуўся й завіляў хвастом, бо яго ўлагодзілі й расчулілі гэтыя словы,
а потым пакульгаў дахаты.
Але
добры бог сказаў сабе:
—Адцяпер заўжды будзе імжэць дробны дождж. Хмары ніколі не разыйдуцца,
туман ніколі не разьвеецца, сонца ніколі больш ня будзе сьвяціць. І
будзе змрочна й шэра да канца дзён.
І
так і было.
Напачатку
выробнікі парасонаў і галёшаў радаваліся, але занядоўга радасьць скамянела
на іхных вуснах. Людзі ня ведалі, як шмат азначала для іх пагода, пакуль
аднойчы не былі вымушаныя па ёй сумаваць. Радасныя сталіся сумнымі.
Тугадумы звар’яцелі й вешаліся ў доўгіх шэрагах, альбо зьбіраліся на
нарады. Неўзабаве людзі перасталі працаваць, і настала вялікая галеча.
Шкала злачынстваў невераемна ўзьляцела ўгару, астрогі былі перапоўненыя,
месца ў вар’ятнях хапіла б цяпер толькі на нешматлікіх здаровых. Лік
жывых зьменшыўся, і дамы памерлых стаялі закінутыя. Увялі пакараньне
сьмерцю за самагубства; не дапамагло.
Чалавецтва,
якое цягам столькіх генерацыяў марыла аб вечнай вясьне, праводзіла свае
апошнія часы ў вечнай восені.
Дзень
па дні вынішчэньне пасоўвалася наперад. Правінцыі вылюднелі, месты былі
зруйнаваныя. На плошчах зьбіраліся сабакі й скавыталі, а па вуліцах
ад дому да дому хадзіў кульгавы стары зь мехам за сьпіной, зьбіраючы
душы. Кожны вечар ён вяртаўся дахаты з поўным мехам.
Але
аднаго вечара ён пакульгаў не дадому, а замест гэтага выправіўся да
брамы раю, а адтуль—проста да трону добрага бога. Ён пакланіўся перад
тронам і сказаў:
—Божа, апошнім часам ты пастарэў. Мы абодва пастарэлі, і ўсё гэта таму,
што нам гэтак сумна. Ах, божа, я даў табе вельмі благую параду. Грэшнікам,
якія мяне цікавяць, трэба час ад часу трошку сонца, каб пачуваць сябе
лепей. Зірні, ты ператварыў мяне ў нябогага зьбіральніка анучаў!
І
з гэтымі словамі ён так рэзка кінуў свой брудны мех да прыступак трону,
што завязкі парваліся, і душы выляцелі зь яго. Яны былі ня чорныя, а
шэрыя.
—Гэта
душы апошніх людзей,—сказаў д’ябал.—Я дару іх табе, божа. Толькі глядзі,
скарыстай іх належным чынам, калі ў цябе зьявіцца жаданьне стварыць
новы сьвет!
*
Вецер сьвішча ў шчылінах шыбаў, дождж булькоча ў жалабох, а казка сканчаецца.
Той, хто не зразумеў яе, можа закалыхваць сябе надзеяй на тое, што заўтра
будзе добрае надвор’е.
1897
Рэгістратар
Дык
значыцца, ён памёр. Так, мой божа, усіх нас чакае гэты шлях.
Ён
быў ціхі й бяскрыўдны чалавек. Ён дбаў аб сваіх справах, ня лез у чужыя
й ніколі не пазычаў ні ў кога грошай; у гэтым у яго, да таго ж, не было
патрэбы, таму што ён жыў за кошт рэнты.
Але
быў ён крыху прыдуркаваты.
Я
добра памятаю яго зь некалькіх сямейных вечарынаў часоў майго дасьпяваньня.
Ён працаваў рэгістратарам у адной установе. Яму павінна было быць тады
недзе каля пяцідзесяці, гэта быў нізенькі, ахайны й сур’ёзны чалавечак;
не было нікога сур’ёзьнейшага за яго. Звычайна ён нячутна выкрочваў
у мужчынскім пакоі туды-сюды, заклаўшы адну руку за борт сурдуту, а
другую за сьпіну, з засяроджаным выглядам хваравітага чалавека; ён насамрэч
быў невылечным гіпахондрам. Час ад часу ён пракінуў слоўца ў размове,
незалежна ад таго, тычылася тая палітыкі, павышэньня альбо нейкай непрыстойнай
гісторыі. Ён заўсёды пагатоўна сачыў за размовай, хаця здавалася, быццам
ён думае аб нечым сваім; да таго ж, ён амаль нічога ня піў і не паліў.
Аднак
часам у якасьці выключэньня магло стацца, што ён быў у цалкам іншым
гуморы.
Тады
ў яго ўзьнікала жаданьне быць каралём забавы.
Аднойчы
на каляднай вечарыне мы, дзеці, дурэлі як маглі ў нашым асобным пакоі,
дзе нам было дазволена гуляцца й шумець колькі заўгодна. Рэгістратар,
які ў той вечар больш чым звычайна скардзіўся на невыносны боль галавы,
уцёк з мужчынскага пакою да нас, у дзіцячы; там ён нерухома й моўчкі
сядзеў у куце, падпёршы галаву рукамі, і назіраў за намі й нашымі гульнямі.
Ён быў падобны да хваравітага й заўчасна састарэлага хлапчука зь сіваватымі
скронямі й барадой—у яго была барада пад Наполеона ІІІ—які не зусім
утульна пачуваў сябе як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. Нарэшце
нас паклікалі вячэраць, і тут нам прыйшла ідэя пагуляцца ў цягнік. У
доўгім ланцужку мы крокам рушылі ў залю, чырвоныя й разгарачаныя; я
йшоў на чале, бо быў з усіх найвышэйшы. Калі мы ўвайшлі, нас сустрэлі
зь бязьмернай весялосьцю. Я азірнуўся, бо падазраваў, што наўрад-ці
наш цягнік сам па сабе здольны выклікаць такую буру радасьці. Ніколі
не забудуся, што я тады ўбачыў. За намі, замыкаючы ланцужок, ішоў маленькі
рэгістратар, скачучы як варона. Так, гэта ў яго цудоўна атрымлівалася;
акуляры скакалі ўніз-угару на ягоным крывым носе, які быў безумоўна
завялікім для такога дробнага чалавечка. Зірнуўшы на яго, я ўвесь здрыгануўся;
мне было незразумела, як хтосьці можа з гэтага сьмяяцца, і тым ня менш
я сьмяяўся разам з астатнімі. Убачыўшы, колькі весялосьці выклікала
ягоная прыдумка—асабліва ягоная жонка сьмяялася так, што ейны жывот
ажно падскокваў—рэгістратар працягваў яшчэ нейкі час скакаць варону;
гэтак ён двойчы праскакаў вакол стала ў поўзнай адзіноце.
Мае
вочы мімавольна знайшлі ягонага сына, такога ж пятнаццацігадовага падлетка,
як я сам. Той адыйшоўся й стаяў у дальнім куце залі, хаваючыся ў ценю.
Скончыўшы
скакаць, рэгістратар распачаў з маім бацькам гутарку аб сваім дзядзьку,
сябры найвышэйшага суда, пра якога ў газэтах пусьцілі чутку, што яго
хутка павінны прызначыць міністрам.