Безумоўна, Ю.Шаўцоў,
на мой погляд, шмат у чым маю рацыю—але ён памыляецца ў адным, прычым
у самой назве сваёй кнігі: Беларусь, магчыма, і ёсьць фэномэнам, але
ні ў якім разе не аб’яднанай нацыяй. Паспрабую выказаць некалькі сваіх
заўвагаў і меркаваньняў наконт таго, чаму аўтар выдае жаданае за сапраўднае.
Па-першае, нельга не заўважыць у яго пэўнай прафэсійнай дэфармацыі:
на супольнасьць ён пазірае выключна вачыма палітэканома. Пры гэтым,
палітыка й эканоміка рэчы ўзаемаабумоўленыя, але не ідэнтычныя: эканамічны
лад дзяржавы вызначаюць хутчэй папярэднія генерацыі, тым часам як палітычны
(у дэмакратычнай дзяржаве)—тыя, хто жыве тут і цяпер. І мэтай палітычнага
ладу ёсьць ня проста біялагічнае выжываньне, геапалітычная бясьпека
й матэрыяльны дабрабыт, але й стварэньне ўмоваў для разьвіцьця кожнага
паасобку. Аднак гэтая пэрспэктыва—назавем яе экзістэнцыяльнай, онталагічнай
ці індывідуалісцкай—аўтарам у разьлік папросту не бярэцца. Ствараецца
ўражаньне, што, паводле Шаўцова, індывідуальныя лёсы ў гісторыі дзяржавы
адыграюць тую ж ролю, што й выключэньні ў пацьверджаньні агульнага правіла
(гэтак, і чарнобыльцы хвалююць яго перадусім як дэстабілізацыйны фактар
у жыцьці дзяржавы). Цяперашні посьпех беларускай эканамічнай мадэлі
для яго—выдатны вынік, і зусім ня важна, коштам якіх індывідуальных
ахвяраў і зламаных лёсаў ён дасягнуты. Гэтая тыранія большасьці над
меншасьцю ў імя фізічнага выжываньня большасьці, якая прэзэнтуецца ўладай
як “дэмакратыя” і якая дарэчная хіба толькі на вайне, палягае ў падмурку
эканамічнага дзяржаўніцкага мысьленьня Лукашэнкі, якое і Шаўцоў, і сам
Лукашэнка прэзэнтуюць як гэткі гуманістычны, “цэнтралізаваны” бацькоўскі
клопат пра свой вечна пубэртальны народ. Таму няма дзіва, што кніжка
Шаўцова выглядае як апалогія Лукашэнкі—хаця яна ёю, у прынцыпе, быць
не імкнецца. Ужо ў самым пачатку Шаўцоў ставіць мэту: не займацца асобай
(у дадзеным выпадку—Лукашэнкам), а эканамічна-палітычнымі абставінамі
яе ўзьнікненьня й дзейнасьці. У выніку “Лукашэнка” (зразуметы цяпер
ня як канкрэтная гістарычная асоба ці пагатоў праблема, а як гэткі зборны
Гобсаў Левіяфан беларускага грамадзтва, які непазьбежна стварыўся ў
выніку яго постсавецкага разьвіцьця) атрымліваецца надзвычай лагічным
і ўстойлівым. Недахопы лукашэнкавай палітыкі крытыкуюцца мімаходзь,
амаль незаўважна—перадусім, гэта “недастаткова чульлівая” пазіцыя дзяржавы
ў чарнобыльскім пытаньні, нядоўгатэрміновасьць вынікаў захаваньня беларускай
буйной прамысловасьці, і як вынік—супярэчлівы характар арыентацыі на
інтэграцыю з Расеяй, якая выгадная для разьвіцьця прамысловасьці ў самой
Расеі, тым часам як Беларусі не прапаноўвае нічога радыкальна новага,
калі толькі не лічыць уцягненьня ў сфэру расейскіх зьнешнепалітычных
інтарэсаў і нутрапалітычных праблемаў. Прычына такога мала, на маю думку,
крытычнага стаўленьня—у нейкім апрыёрным апраўданьні самой “бацькоўскай”
ролі кіраўніка дзяржавы, якая разглядаецца як выключна пазітыўная, і
зусім не разглядаецца як тармазны фактар у будучым сталеньні й асамастойваньні
“дзіцяці”.
Наогул, у мадэлі Шаўцова
ўлічваюцца дзьве галоўныя вобласьці: эканоміка і (!) рэлігія. Месца
ўласна палітыцы ў класічным, арыстотэлеўскім разуменьні гэтага слова
ў ёй як бы й няма—яна ёсьць толькі вытворнай дзьвюх згаданых сфэраў,
сфэры эканамічнай і сфэры рэлігійнай. Апошняя ў Шаўцова ёсьць гэткім
займеньнікам сфэры асабістай: Богу богава, кесару кесарава. Гэтая рэлігійная
сфэра ў Беларусі ёсьць сфэрай выбару між “трыма касьцёламі”, “двума
цэрквамі” й “адзіным” неапратэстантызмам. Галоўная выгада мультыканфэсійнасьці
й сьвецкасьці беларускай дзяржавы палягае нібыта не ў самой па сабе
сьвецкасьці, а ў тым, што пры такіх умовах неапратэстантызм у пэрспэктыве
набірае найбольшую колькасьць ачкоў, а пры зьбліжэньні з Расеяй атрымлівае
(праўда, разам з каталікамі) магчымасьць экспансіі на ўсю рускамоўную
прастору. Альтэрнатыўная мадэль нібыта нясе з сабой нарастаньне міжканфэсійнай
напружанасьці, “замкнёнасьць у клетцы” “прымітыўнага ўсходнеэўрапейскага
нацыяналізму”, нават апраўданьне “нацыстычных” плыняў нацыянальнага
руху—але ўсё гэта, паводле Шаўцова, у традыцыйна талерантнай і антынацысцкай
Беларусі немагчыма, і дзякуй Богу. Шаўцоў нават адкрыта ставіць пытаньне:
мова альбо вера, і такое ўражаньне, што абірае менавіта веру, то бок,
“унівэрсальную” рэлігійную сьвядомасьць (якая стаецца падмуркам нацыянальнай)
надакор “прымітыўнай” сьвядомасьці культурна-этнічнай (дадамо: альбо
грамадзянскай). Уласна грамадзянская сьвядомасьць застаецца рэдукаванай
на “тутэйшасьць”, зразуметую як мастацтва выжываньня ў постсавецкіх
і постчарнобыльскіх умовах. Цудоўная карцінка. Нават Чарнобыльская катастрофа
ў такім кантэксьце набывае ранг “кары гасподняй”, параўнальнай зь біблейным
патопам, і дае беларускаму грамадзтву маральнае права ацэньваць культурныя
каштоўнасьці іншых грамадзтваў. Але як наконт тых, для каго грамадзкія
каштоўнасьці дэмакратычнай сьвецкай дзяржавы зьяўляюцца яшчэ больш унівэрсальнымі,
чымся ідэі рэлігійнага экумэнізму й хрысьціянскага гуманізму? Як наконт
неправаслаўных атэістаў? Як наконт моладзі, якая не ідзе й не зьбіраецца
ісьці ў малельныя дамы? Як наконт тых, для каго асоба грамадзяніна ёсьць
сапраўднай каштоўнасьцю, безуважна да ступені ягонай грэшнасьці й гатовасьці
ў ёй пакаяцца?
Перадусім, ані праваслаўе,
ані каталіцтва, ані так званы неапратэстантызм ня могуць быць эрзацам
грамадзянскай сьвядомасьці—аднак апошні ў частцы Беларусі насамрэч ім
зьяўляецца, і гэта бясспрэчна. І сам Шаўцоў ускосна паказвае на “апалітычнасьць”
беларускіх (ці то беларуска-ўкраінскіх) баптыстаў. Як казаў у размове
са мной беларускамоўны прадстаўнік адной менскай пратэстанцкай царквы:
калі яны пратэстанты, дык дзе ж іхныя пратэсты? У гэтай фразе, на жаль,
шмат праўды: неапратэстантам на Берасьцейшчыне (якіх ня трэба блытаць
з традыцыйнымі пратэстантамі ў Галяндыі, Швайцарыі, Швэцыі, Нямеччыне
з характэрнай для іх высокай ступеньню грамадзянскай сьвядомасьці) сапраўды
ўласьцівая надзвычайная палітычная пасіўнасьць, якая паходзіць ужо зь
іхнай культурнай нявызначанасьці: хто яны—беларусы? украінцы? яцьвягі?
Як берасьцеец і зямляк Шаўцова, я зь дзяцінства ведаў даволі шмат прадстаўнікоў
гэтай канфэсіі ў сваім атачэньні—гэтаксама як і пазьней у Менску. Скажу
адно: для мяне, як для нехрысьціяніна, “неапратэстант” ёсьць сінонімам
правінцыйнасьці, затурканасьці й абмежаванасьці ў палітычнай і інтэлектуальнай
сфэрах—пры пэўных неаспрэчных вартасьцях у сфэры маральнай і эканамічнай.
Неапратэстантызм адкрыта й цынічна паразітуе як на беларускай “тутэйшасьці”
(якую я, у адрозьненьне ад Шаўцова, разумею не як грамадзянскую сьвядомасьць,
а як адсутнасьць такой), гэтак і на недахопах ды праблемах традыцыйных
беларускіх канфэсіяў. Яшчэ й таму я, у адрозьненьне ад Шаўцова, не магу
быць у захапленьні ад існага кірунку разьвіцьця Беларусі толькі з той
прычыны, што гэты кірунак спрыяе пашырэньню якіхсьці нібыта “унівэрсальных”
каштоўнасьцяў, пад уплывам якіх людзі пераўтвараюцца ў рахманы статак,
дзе праявы індывідуальнага меркаваньня, нязгоды ці крый бог непаслухмянасьці
сустракаюцца з катэгарычным непрыняцьцем з боку гэтага статку. На падставе
такой грамады дэмакратычная супольнасьць ніколі ня ўзьнікне. Аднак,
наколькі я разумею, стварэньне дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі—гэта
зусім ня тое, што турбуе сп. Шаўцова, які спрытна знаходзіць у сьвецкім
жыцьці беларусаў “аддушыну” хрысьціянства зь ягонымі “унівэрсальнымі”
для кагосьці каштоўнасьцямі, для кагосьці падробкамі гэтых каштоўнасьцяў.
Магчыма, прафэсійная дэфармацыя сп. Шаўцова ёсьць толькі ягонай асабістай
ідэялагічнай дэфармацыяй? У кожным разе, ня толькі як не-тутэйшы беларускі
патрыёт, але і як атэіст на капыл маркіза дэ Сада, вымушаны заявіць:
так, сытуацыя вельмі падобная да той, якую Шаўцоў апісвае ў сваёй кнізе
(хоць і, заўважце, амаль без спасылак: некаторыя фразы проста змушаюць
зьдзіўляцца, адкуль у аўтара бярэцца пэўнасьць у іх аб’ектыўнасьці),
але сэнс палягае ў тым, каб зьмяніць гэтую сытуацыю, а не сьпяваць на
яе апартунісцкую асанну.
Рэлігія, як і дыктатура,
пазбаўляе нас аднаго—фантазіі. Кніга Шаўцова не пазбаўленая фантазіі
што да далейшых сцэнароў разьвіцьця сытуацыі, але пазбаўленая ілюзіяў,
і ймкнецца пазбавіць гэтых ілюзіяў чытача. У гэтым ейны плюс (як навуковай
працы—нягледзячы на згаданыя недахопы) і адначасова мінус (як кнігі,
прысьвечанай больш шырокаму чытачу). Перадусім, гэта ілюзіі наконт каштоўнасьцяў
шараговага беларуса, уласьцівыя дэмакратычнай апазіцыі, якая імкнецца
бачыць у беларусе перадусім Чалавека зь ягонымі правамі, а ня толькі
гістарычна й канфэсійна дэтэрмінаванага постсавецкага насельніка забруджаных
тэрыторыяў. Тут Шаўцоў бліжэйшы да праўды, і няма дзіва: у сучаснасьці
згаданыя каштоўнасьці ў вельмі значнай ступені фармуюцца дзяржаўнай
прапагандай, з блаславеньня афіцыйнай праваслаўнай царквы й пры абыякавасьці
“неапратэстантаў”. Рэлігія, як і дыктатура, традыцыйна імкнецца дыктаваць
нам, хто мы ёсьць, пазбаўляючы нас свабоды абіраць уласную тоеснасьць—замест
гэтага яна прапаноўвае нам пэўнасьць у духоўным жыцьці, гэтаксама як
дыктатура прапаноўвае якую-ніякую пэўнасьць у жыцьці сацыяльным. Менавіта
фантазія ёсьць найбольш небясьпечнай як для дыктатуры, так і для рэлігіі—маўляў,
ня трэба фантазіяў, ня трэба “ідэялагічна матываваных” палітычных рашэньняў,
трымаймася існых традыцыяў. Дыктатура Лукашэнкі пазбавіла нас усіх фантазіяў
аб свабодзе й дэмакратыі (ня кажучы ўжо пра беларускасьць ці Балтыйска-Чарнаморскі
зьвяз) і прапанавала нам пэўнасьць сёньняшняй нібыта і сваёй, але ў
першую чаргу ўсё-ткі ягонай, а ня нашай дзяржавы. Я б ня стаў з гэтага
рабіць высновы, што беларусы—рэлігійны народ. Хутчэй, гэта народ без
фантазіі. Ужо сама няздольнасьць уявіць сабе на месцы Лукашэнкі некага
іншага ёсьць гэтага доказам. У сучаснай Беларусі могуць пачуваць сябе
добра толькі такія пазбаўленыя фантазіі людзі.
Дзяржава без сістэмы
каштоўнасьцяў, на якіх грунтавалася б яе ідэялогія—нонсэнс. У выпадку
беларускай дзяржавы гэтыя каштоўнасьці—выключна сацыяльныя, а ўсе астатнія
каштоўнасьці, у тым ліку духоўныя, прысьцябаныя да іх самым празрыстым
спосабам. Тут Шаўцоў прапануе карысную зьмену: ролю маральнага, “гуманістычнага”
абгрунтаваньня існаваньня беларускай дзяржавы павінен згуляць Чарнобыль.
Праўда, гэтая рэарыентацыя крыху разыходзіцца з палітыкай сучаснай беларускай
улады: куды прасьцей карыстаць з ужо існых дачарнобыльскіх традыцый
і эксплюатаваць рэторыку вялікай перамогі, славянскай еднасьці й супрацьстаяньня
заходняму імпэрыялізму. Але і ў выпадку прапанаванай Шаўцовым зьмены
ў цэнтры постчарнобыльскай сістэмы каштоўнасьцяў апынуўся б чалавек-маса,
зразуметы па-хрысьціянску як слабое цела, якое пакутуе праз свае грахі,
а мэтай такой канцэпцыі сталася б калектыўнае “ўратаваньне”. Ані такая
канцэпцыя ня ёсьць падмуркам дэмакратычнай дзяржавы—што яшчэ не азначае,
што такая дзяржава ў Беларусі прынцыпова немагчымая. Але сказаўшы А,
скажам і Б: будаваць у Беларусі дэмакратычную дзяржаву ў інтарэсах адной
толькі меншасьці ня мае сэнсу—усё адно яна доўга не пратрывае. Таму
пакуль беларусы ў сваёй бальшыні не адчуюць неабходнасьці чыста палітычных,
“ідэялагічна матываваных” пераменаў, не адчуюць патрэбы “людзьмі звацца”,
дэмакратычная Беларусь застанецца толькі марай апазіцыі. Спадзяваймася,
што далейшае эканамічнае і геапалітычнае разьвіцьцё разам з прарасейскай
палітыкай Лукашэнкі не пазбавяць нас магчымасьці стварэньня такой дзяржавы.