З "Нататніку Графамана":

АДВАЁВА ЭЎРОПЫ,

АЛЬБО “ВАРВАРЫ З ЗАХАДУ”

 

 

“—Вы не с Украины?
—Нет, что вы!
—Ну, слава Богу! Значит, всё в порядке!”

(з гутаркі рускіх турыстаў)

Чаму Расея з такой зацятасьцю працягвае бараніць свае інтарэсы ва Ўкраіне ад “эўрапейскага ўплыву”, нягледзячы на вонкавую “сардэчную згоду” зь вядучымі краінамі Заходняй Эўропы? Здаецца, што словы Пуціна пра “цалкам расейскамоўную краіну” выяўляюць, сярод іншага, адзін з комплексаў сучаснай Расеі.

Расейская дзяржаўная ідэялогія, як вядома, адпачатна зьвязаная з прынцыповым адмаўленьнем Захаду й легітымнасьці існаваньня заходніх дзяржаў. Гэтае адмаўленьне ўспадкаванае Расеяй ад Усходняй Рымскай імпэрыі: тая трывала на непрыняцьці рэлігійнага першынства Рымскага біскупа, якое пазьней прывяло да канфрантацыі са Сьвятарнай Рымскай Імпэрыяй нямецкага народа. Такім чынам, з гледзішча Канстантынопаля заходнія франкскія каралі былі варварамі, якія пачалі прымаць хрысьціянства толькі ў 7 стагодзьдзі. (Гэта ж трэба, як яны ад “нас”, “усходнікаў”, адсталі ў духоўным плане!) Тым часам на Ўсходзе, у “другім Рыме”, захоўвалася (з гледзішча некаторых, хутчэй занепадала) антычная грэка-рымская традыцыя. Калі ў 1526 годзе другі Рым быў захоплены туркамі, у галаве аднаго вучонага праваслаўнага манаха нарадзіўся тэзіс пра “Трэці Рым”—Маскву. (З дынастычнага гледзішча маскоўскія цары сапраўды былі сваякамі бізантыйскіх цэзараў).

Аднак рэалізацыя палітыкі “Трэцяга Рыму” мела нашмат большыя посьпехі на Ўсходзе, у Сібіры, і на Поўдні, у Сярэдняй Азіі, чымся на Захадзе. Масква здолела падпарадкаваць сабе вялізную частку Азіі—але ў кірунку свайго галоўнага суперніка й хрысьціянскага канкурэнта, Эўропы, доўгі час “тапталася на месцы”, будучы няздольнай пераадолець “ахоўны бар’ер” Рэчы Паспалітай. Посьпех у заходнім кірунку прыходзіў толькі тады, калі Расея дамаўлялася з Прусіяй і Аўстра-Вугоршчынай (як у 1772 альбо 1939 гг.), то бок, праз саступку Эўропе нейкай часткі “сваіх” заваёваў: нешта за нешта.

Здавалася, што сіла Эўропы палягае менавіта ў тым, што Расея заўсёды ўспрымала як небясьпеку для сябе: у раздробненасьці, разьяднанасьці, а пасьля буржуазных рэвалюцыяў 17-18 стагодзьдзяў—у “безыдэйнасьці” (з гледзішча расейскага праваслаўнага монатэізму), ці то беспадстаўнасьці ўсялякіх імпэрскіх прэтэнзіяў альбо нават адсутнасьці гэткіх. Бо калі такія прэтэнзіі зьяўляліся (Напалеон, Гітлер), то Расея канец канцоў заўсёды давала ім рады—аднак калі ў якасьці суперніка перад ёю апыналіся маленькія буржуазная Польшча альбо буржуазная Фінляндыя, то тут сітуацыя была зусім адваротнай.

Пераадолець “ахоўны бар’ер” маленькіх заходніх суседзяў Расея здолела толькі адносна нядаўна, з дапамогай зусім новай, нерэлігійнай і нават антырэлігійнай унівэрсальнай ідэялогіі, імя якой—марксізм. Праўда, для гэтага ёй прыйшлося прынамсі вонкава адмовіцца на нейкі час ад ідэі Вялікай Расеі й ператварыцца ў Савецкі саюз. Менавіта савецкія танкі вызвалілі Вену, Бэрлін, Белград і ледзь не дайшлі да Парыжа. Дайшло да таго, што Эўропа падаравала Расеі нават прускі Кёнігсбэрг! (Нельга недаацэньваць той факт, што на некаторы час у сфэру расейскага ўплыву трапіла ўсходняя частка Нямеччыны: ці не такую самую мэту перасьледуе ў сваёй замежнай палітыцы колішні ўсходненямецкі рэзідэнт Пуцін?) Так ці йначай, пры Савецкім саюзе, у часы “халоднай вайны”, Заходняя Эўропа ўпершыню перастала быць для Расеі пагрозай ці супернікам, а сталася рэальным аб’ектам ейных геапалітычных прэтэнзій, здабычай, на долю якой Расея заўсёды магла прэтэндаваць. Цэнтр заходняй “імпэрыі варвараў” апынуўся ў той час за акіянам—у адмысловай “Бізантыі Захаду”, ЗША.

Тым больш зьдзіўленымі павінны былі быць адэпты расейскай імпэрскай ідэі, калі канец ХХ стагодзьдзя прынёс з сабой не сусьветнае панаваньне марксізму, а ягонае эканамічнае банкруцтва, разам з умацаваньнем ролі ЗША й адраджэньнем Заходняй (цяпер—аб’яднанай) Эўропы. “Перабудовы”, ці то павольнага пераходу з сацыялізму ў капіталізм і прыстасаваньня да новых эканамічных умоваў, у Савецкім саюзе (у адрозьненьне ад Кітаю) не атрымалася менавіта з-за ягонай шматнацыянальнасьці, якая дрымала пад паверхняй русіфікацыі. Дарэчы, гістарычная роля пагадненьняў у Віскулях ня столькі ў тым, што яны “развалілі” Савецкі саюз, які ўжо і гэтак дыхаў на ладан, колькі ў тым, што яны ўпершыню (!) паставілі Расею ў пазіцыю роўнапраўнага партнэра ейных былых калоніяў—менавіта гэтае “нахабства” з боку “нейкіх там” Беларусі і Ўкраіны і сёньня яшчэ абурае расейскіх шавіністаў улучна з Лукашэнкам, які кажа аб тым, што гэтыя пагадненьні былі Расеі “навязаныя”. Нават такая наіўная спроба замацаваньня на паперы савецкага міфу аб роўнапраўі “брацкіх рэспублік” выявілася вельмі небясьпечным траянскім канём у лягеры Расеі, якая пачала, такім чынам, паціху разьвітвацца са сваёй імпэрскай мінуўшчынай і са сваёй патрэбай несупынна штосьці даказваць “заходнім варварам”.

Гэта не магло не ўсхваляваць тых, хто стаяў ля вытокаў пасьляваенных геапалітычных “посьпехаў” Расеі, хто трымаўся маралі “жыцьцё—гэта бой”, а служэньне дзяржаве—гэта змаганьне зь ейнымі ворагамі. “Мы яшчэ выйграем гэтую вайну”, як кажа ўжо згаданы шараговы жаўнер “рускай ідэі”, які ў 1994 г. прыйшоў да ўлады ў Беларусі, каб адразу адрапартаваць у Маскву: ніякага раўнапраўя! Прынамсі, мы, беларусы, як былі вашымі адданымі халуямі—халуямі і застаемся. Чакаем вашых загадаў і г.д. Гэткая сабачая адданасьць рускай ідэі мусіла была стацца для Лукашэнкі, паводле ягоных падлікаў, пуцёўкай у Крэмль—але ня сталася. Цяпер Лукашэнка значную частку сваіх высілкаў канцэнтруе на тое, каб пазбавіцца здабытай ім самім і цяпер ужо непатрэбнай пазіцыі й рэпутацыі маскоўскага халуя, стварыць сабе арэол “беларускага дзяржаўніка й патрыёта”—але, на маю думку, абсалютна марна. Адначасова ён баіцца і цалкам зачыняць шлях да адступленьня ў Расею—аднак памкненьні ў бок Расеі абмяжоўваюцца “падрыхтоўкай”, перадусім культурнай (што азначае, русіфікацыяй Беларусі й канчатковага выдаленьня яе са сфэры ўплыву “варварскага Захаду”). Тым часам спробы ўсучыць сябе Расеі ў якасьці дармовага “бонусу” пад выглядам “беларуска-расейскага саюзу” пакуль ні да чаго не прывялі. Папросту ня тая цяпер Расея: цяпер яна сапраўды можа праглынуць Беларусь, і зусім не зьбіраецца казаць за гэта “дзякуй” нейкаму там Лукашэнку. Колішні “народны трыбун”, дэмагог і папуліст у якасьці штучнага стымулятара самапавагі ёй ужо не патрэбны.

Справа ў тым, што прадстаўнікі вялікадзяржаўніцкага мэнталітэту прыйшлі тым часам да ўлады і ў самой Маскве. Невыпадкова першы ўдар “рэваншыстаў” быў скіраваны на Ічкерыю: чачэнская вайна 1996 года зноў узнавіла комплекс маленькай непераможнай дзяржавы—Пуцін гэты комплекс пераадолеў, зрабіўшы з генацыду супраць чачэнцаў толькі эпізод сусьветнай “вайны з тэрарызмам”. На жаль, змагары за незалежнасьць і сапраўды чым далей, тым болей ператвараліся ў змагароў за іслам—што толькі ілье ваду на млын Пуціна: Расея любіць вялікіх супернікаў.

Аднак у апошні час маленькія непераможныя суседзі зноў падымаюць галаву. Першым зь іх сталася год таму Грузія, у гэтым годзе прыйшла чарга Ўкраіны (невыпадкова, што менавіта Польшча, колішні “ахоўны бар’ер” Эўропы, імкнецца адыграваць у ўкраінскім канфлікце актыўную ролю). Калі спачатку ў падмурку імпэрскіх прэтэнзіяў Расеі ляжала хрысьціянская ідэя “Трэцяга Рыму”, у ХХ стагодзьдзі—марксісцкая ідэя “сусьветнай рэвалюцыі”, дык цяпер рэлігійна-ідэйныя матывы адыйшлі на другі план, а застаўся толькі адзін аргумэнт: мова, культура. Яна сапраўды ёсьць “страшнай палітычнай сілай”, паводле выказваньня В.Булгакава, варта толькі дадаць—абоевострай. Ці, хутчэй, “абоетупой”. Сапраўды: ці мае сёньня сэнс палохаць рускамоўных і праваслаўных жыхароў усходу Ўкраіны Эўропай, капіталізмам? Не: мае сэнс палохаць іх перадусім “нацыяналістамі”, “бандэраўцамі”, “ворагамі нашай культуры”, “агентамі Вашынгтону й Ватыкану”—карацей, “варварамі з Захаду”. На няшчасьце, менавіта ў рускім дыскурсе гэтая антызаходняя дэмагогія (вядомая нам з апошніх прамоваў Лукашэнкі аб “бездухоўным”, “спажывецкім грамадзтве” й г.д.) ёсьць, на жаль, традыцыйна распрацаванай.

Невядома чаму, але на Ўсходзе ўсё яшчэ лічыцца, што абвінавачаньні ў чужы адрас павінны дадаваць “белізны й пушыстасьці” самім абвінаваўцам. Аднак нават на русіфікаваным усходзе Ўкраіны, гэтаксама як і ў Беларусі, ёсьць людзі, якія, дзякуй богу, бачаць неабгрунтаванасьць і сьмешнасьць такой “культурна матываванай крытыкі”: нельга не заўважыць, што такімі “духоўнымі аргумэнтамі” звычайна карыстаюцца тыя, у каго лепшых аргумэнтаў папросту няма. Тым больш сумна, што да іх усё часьцей прыбягаюць у роспачы нават прыхільнікі дэмакратыі...

© Графаман , 2004

HA POCTAHI