2003 год у (рок?-)музыцы вачыма (вушыма?) Глухамана

PINK, “Try This”. Прызнаюся ў адным: гэты альбом прабіў мяне да сьлёз. Прыкмета старэчага маразму? Сэнтымэнтальнасьць? Як сабе хочаце, але лепшага, рознастайнейшага й больш напампаванага энэргетыкай альбома я ня чуў ад часоў “Innuendo”!!! Той, хто мяркуе аб Пінк толькі паводле ейных першых альбомаў і зьнешняга выгляду (які можа здацца занадта пралічаным, але гэта не азначае, што ён ёй не пасуе!), хай пацалуе яе ў ейную тлустую фэміністычную срачку! “And you’re nothing but a hooker/ selling your fucking soul!”—гэта называецца тэкст. А што казаць пра шэдэўры кшталту “Oh My God” альбо “Last To Know” альбо “Humble Neighbourhood”? Прычым рэшта—нічым ня горшая! Я ўжо маўчу пра вокладку, якая з мастацкага гледзішча можа зраўнацца зь лепшымі нумарамі “Плэйбой”! Pink, merry us!

GUANO APES, “Walking on a Thin Line”. Калі я быў маленькі, я хацеў іграць дакладна такую музыку! Сандра Назік—абсалютны геній і сьветлы анёл цяжкага року, які нясе з сабой сьмерць нью-мэталу і ўсялякай іншай камэрцыйнай лухце. Ейныя мэлодыі пазбавіліся залішняй класічнасьці й "пяшчотнасьці", аранжыроўка—залішняй празрыстасьці. У таго, хто прынамсі аднойчы бачыў жывы выступ “Гўано Эйпс”, не павінна застацца сумневаў у тым, наколькі гэта шчыры, аўтэнтычны, некамэрцыйны гурт! Гэта вам не які-небудзь лажовы “Evanescence” альбо “Linking Park”! Так што раім абавязкова прыдбаць новую калекцыю "Guano Apes Live" (гл. фота)!

RADIOHEAD, “Hail to the Thief”. Вяртаньне старога добрага Рэйдыёхэд! Альбом, на маю думку, надзвычай падобны да “ОК. Кампутару”—у чым няма нічога дрэннага, хутчэй наадварот. А яшчэ лепей усё гэта гучыць на канцэрту! Бачыў відэа зь летняга фэстывалю ў Гластонбэры—браткі, гэта рэч! Той, хто быў на жывым Тому Ёрку ў Бэрліне, казаў тое самае. Том Ёрк, маўляў—гэта творчы дэман, якому найбольш устаўляе электроніка! Найлепш будзе пераканацца на ўласныя вочы.

PLACEBO, “Sleeping With Ghosts”. Застаўшыся ў сваім рэпэртуары, “Плэйсібо” значна ўзвысілі якасьць гуку й прадуманасьць аранжыровак. “Bulletproof Cupid”, “English Summer Rain”, “This Picture”, “The Bitter End”—шэдэўры, прычым бязь лішніх элемэнтаў папсоты. Рэшта альбому, як звычайна, адпрацаваная з крыху меншай адказнасьцю. Кавэрвэрсіі, асабліва “Where Is My Mind” ад “The Pixies”, таксама зробленыя сумленна. Без сумневу, лепшы іхны альбом!

MARILYN MANSON, “The Golden Age of Grotesque”. Натхніўшыся Бэрлінам і сьветлай мінуўшчынай ягоных даваенных кабарэ, Мэнсан стварыў адзін са сваіх лепшых дапасюлешніх альбомаў. Мажліва, на ім бракуе яўных гітоў—але тым лепей! Стыль запісу надзвычай прадуманы й сьвежы. Якасная стылізацыя, у тым ліку й сама-. Але хто ўтрымаецца ад аргазму пры “This Is a New Shit” і ня пойдзе таньчыць вальс пад тытульную песеньку? Акрамя таго, “Tainted Love”—кавэрвэрсія году! Гэтаксама як радок зь песенькі “(s)AINT”: “Now I’m not an artist, I’m a fucking work of art! I’ve got an F and a C and I’ve got a K too, and the only thing that’s missing is a BITCH LIKE U!” Упэўнены, што наступны альбом Мэнсана будзе поўны парафін, як што на гэты альбом ён павінен быў скарыстаць мала ня ўсю сваю вычварэнскую фантазію.

IGGY POP, “Skull Ring”. Іггі жыў, Іггі жывы, Іггі будзе жыць! Між іншым, альбом—вельмі якасная рэч. Добры панк рабіць, аказваецца—таксама цяпер навука! І не сказаць, каб адказная праца ў студыі залішне шкодзіла музыцы. Асабліва даспадобы супрацоўніцтва з ”Green Day” і ”SUM 41”. Панкі ўсіх часоў, яднайцеся! Любімыя трэкі: “Private Hell”, “Blood on My Cool”—і многія іншыя. Дзякуй, Іггі!

THE STROKES, “Room on Fire” Асабліва рэкамэндуем аматарам мяккага й немудрагелістага, меладычнага “пост-панку”. Хлапцы адрываюцца на сваіх трох нотах, аднак камбінуюць іх з даволі нечаканай вынаходлівасьцю, не даючы вам заснуць. “I wanna be forgotten/ and I don’t wanna be admired…”—ня дрэнна сказана. Паслухаем іх яшчэ гадоў праз 10. Між іншым, сайт іхны мне надзвычай даспадобы!

LAIBACH, “WAT”. Класічны “Лайбах”. Мажліва, замала сюрпрызаў. Аднак пару песенек вартыя таго, каб застацца ў памяці чалавецтва. Зрэшты, аб гэтым мы ўжо пісалі ў “Навінатары”.

JETHRO TULL, “Christmas Album”. Чаго яшчэ чакаць ад “Джэтро Талл”? Сторазовыя перапевы саміх сябе не абрыдлі яшчэ, мабыць, толькі самым адданым фанатам іхнай музыкі. І ўсё адно гэта—музыка!!! Ах, калі б я ніколі раней ня чуў “Джэтро Талл”! Упэўнены, што ў гэты альбом закахаўся б зь першага послыху! Аднак мне не 15, і нават ня 10, таму, на жаль, мая “беларуская савецкая энцыклапедыя” (Эко) замінае мне забыцца на ўсе папярэднія альбомы гэтага гурта. І ўсё адно—думаю, што Андэрсан заслугоўвае таго, каб памерці на сцэне з флейтай у зубах.

DAVID BOWIE, “Reality”. Што-што, а гук—выдатны! Месцамі чуваць і лёгкі панкавы характар маладога Боўі, які аднак патанае ў абавязковай для яго й вось ужо гадоў 10 як непрагрэсіўнай (а можа, зноў—прагрэсіўнай?) электроніцы. Акрамя таго, мне заўсёды замінала эгацэнтрычнасьць Боўі й ягоная гульня ў вытанчанага інтэлектуала (якім ён ня ёсьць—гл. любое інтэрв’ю). Пры гэтым, такія папсовыя хады як трансляцыя канцэрту ў мегакінатэартах усяго сьвету—ну што на гэта сказаць? Сімулякры, сімулякры... Дзесьці мы ўжо гэта чулі.

BLACKMORE’S NIGHT, “Ghost of a Rose”. Альбом як альбом. Я б нават сказаў, што неблагі. Гук—чысты, сьвежы, прыемны, без асаблівага понту. Фантазія музычная ў Рычы таксама яшчэ крыху працуе. Канечне, на электрычнай гітары ён іграе ўсё-ткі нашмат лепей, чым на акустычнай, што асабліва чуваць у некалькіх (супэровых!) электронных трэках напрыканцы альбому (у прыватнасьці, “Rainbow Blues”). Жонка ягоная сьпявае, што ні кажы, з пачуцьцём—перадусім, з пачуцьцём адказнасьці за ўкладзеныя ў праект грошы. Карацей, калі вы аматар сэнільных кельцкіх вычварэньняў старога добрага Рычы—чые дні нараджэньня калісьці з такой радасьцю, памятаю, сьвяткаваліся ў Менску, і які чым далей, тым больш нагадвае мне звар’яцелага на сваёй геніяльнасьці Сальвадора Далі—дык лепшага альбома для вас прыдумаць цяжка. Скажы, Рычы?

IRON MAIDEN, “The Dance of Death”. Ня ведаю як вам, а мне альбом ня торкнуў. Што прынцыпова новага зьявілася на ім ад часоў “Fear of the Dark”, апрача кампутарам накрэсьленай (ды яшчэ й пагана) вокладкі? Нічога. А ці ёсьць наогул рацыя чакаць штосьці новае ад вядучага прадстаўніка стылю, які спыніў сваё разьвіцьцё недзе ў мінулым тысячагодзьдзі? Мабыць, няма. Шкада. Між тым альбому “Fear of the Dark”, пад які мы так апантана таньчылі на школьнай дыскатэцы, неўзабаве будзе якіх 10 гадоў. Трэба будзе адзначыць—выпіць, узгадаць старыя добрыя часы...

METALLICA, “Saint Anger”. Альбом пацьвердзіў той факт, што за некалькі год поўнага даўну “Мэталіка” цалкам забылася на тое, як іграць хэві-мэтал. Гурт упаў пад узровень 1983 году й альбому “Kill’em All”. Сёньня Мэталліка—зноў пачатковец у стылі, які калісьці сама запачаткавала. Але для пачатку—няблага... Дзе толькі тая канцэптуальная, мудрагелістая, не пабаюся гэтага слова—інтэлектуальная “Мэталліка”, што запісала “...And Justice For All”? У мяне падазрэньне, што іхны сучасны прад’юсэр, які рабіў зь імі альбом “Мэталліка” і астатнія альбомы камэрцыйнага пэрыяду 90-х гг., папросту не сячэ ў гуку, а самі хлапцы ўжо зусім аглухлі, альбо баяцца яму аб гэтым сказаць! Новы басіст Роб Трухільё—без праблем, хаця крыху шкада Ньюстэда.

Карысная інфармацыя: і летась у Польшчы адбыўся летні музычны фэст “Przystanek Woodstock”. Каму цікава, што будзе ў наступным годзе і што адбываецца зараз, зазірніце на іхны вэб.