Багуслаў Рэйнэк (1892-1971)

“Душу мне цешыць ціша дзіваў...”

Сказаць, што Багуслаў Рэйнэк—мой любімы чэскі паэт, азначае нічога не сказаць. Магчыма (я сам яшчэ ня здольны сабе ў гэтым дарэшты прызнацца), Рэйнэк—мой самы любімы паэт. Чаму—няздольны? Таму што сам не магу да канца паверыць, што гэты сьціплы разьбяр манатонных строфаў і наіўных гравюраў, гэты глыбокі вернік-каталік (вялікаму паэту даруецца ўсё), вершы якога немагчыма чытаць іначай чым шэптам, гэты зацыклены на вясковым краявідзе дасканалы і бязгрэшны (у адрозьненьне ад маіх перакладаў) манах-мініятурыст, гэты сьлепа закаханы ў жыцьцё архаічны майстра, чыё зьяўленьне ў ХХ стагодзьдзі было хутчэй выпадковым і недарэчным, можа быць прадметам маёй зайздрасьці і амаль што абагаўленьня, якое ён без сумневу палічыў бы герэтычным. Чаму б я іначай цягам вось ужо трох гадоў біўся над перакладамі ягоных практычна непадуладных чужому, іншаму чым чэскаму слову вершаў, над першым зь якіх я пакутаваў на працягу двух тыдняў, за якія мог бы перакласьці ладны кавалак якога заўгодна іншага тэксту?

Перакладаць Рэйнэка—гэта ў чымсьці як перакладаць Кліму: трэба стацца ім, іначай нічога не атрымаецца. І калі стацца Клімам прасьцей, то стацца Рэйнэкам—нашмат большая рызыка, як што людзі і аўтары ягонага кшталту—нашмат большая загадка для мяне. Верагодна, для такога, як я, прасьцей адчуць сябе ў ролі Бога, як Кліма, ня кажучы ўжо пра ролю ягонага спакусьніка... Чым іначай, як ня гэтым пераўвасабленьнем, ільга патлумачыць тую глыбокую безвыходнасьць, якая апаноўвае кожную думку і кожны крок на працягу ўсяе працы над перакладам? Але створанае Рэйнэкам хараство ёсьць больш чым дастатковай узнагародай за тыя дні й тыдні дэпрэсіі, якую ў мяне чамусьці непазьбежна выклікае судакрананьне зь веліччу ягонай паэзіі. Дай Бог, каб у мяне атрымалася дапамагчы вам адчуць гэтае хараство і гэтую безвыходнасьць. Аман.

М.Шч.

*
Лістапад душы прынёс
Дождж, частунак незаможны.
Кволым голасам мароз
Загукаў з маркотных пожняў.

Вецер б’ецца ў шкло калюж.
Паміж хмарамі праменьне
Зазіхцела, быццам ключ
Мудрагельны, патаемны.

Ганак цемры затрымцеў.
Хмары хмарамі закуты.
У анёлавай руцэ
Жахам шчасьця ключ сагнуты.

(Сейбіт самотаў, 1930)

На куцьцю

Адзіноту прасякнула
Адчуваньне, што пакой
Поўняць ціхаю хадой
Цені, госьці зь ніадкульля.

На стале—арэхаў жменя.
На сьцяне цень коткі сьціх.
Скура яблыкаў старых,
Бледных, позьніх—румянее.

Не шукаюць яны многіх
У шчасьлівым забыцьці.
Хату поўніць пах куцьці,
Што яднае між сабой іх.

Строем радасьці зіхоткім
Убярэ чаканьня змрок
Таямнічае, чый крок
Вечна мроіцца самотным.

(П’ета, 1940)

Гусь у імгле

Не пажар, ня звону граньне—
Гусь зь імглы гукае раньняй.
Гусь гагоча за сьцяною,
Вараты перад зімою

Адчыняе. Апрытомнеў
Двор пусты і сад пры доме,
На самоту, на каменьне
Абаперліся калені.

Гуска белая, сівая,
Хомар крыльле расхінае,
Сьмерць пад пахай нож хавае,
Маладзік аб цемру гострыць.

Выйдуць. Нож з сабой ня возьмуць.

На сьцяне—маршчыны дрэваў
Цёплай спырснуты аблевай.

За сьцяной—сад таямніцаў.
Дрэва сохне. Кроў бруіцца.

1969

Каляды 1970

Ад Адвэнту мінуў месяц.
Час анёлам уваскрэснуць.

Пойдзем!—іхны хор завёў
Зь лесу, стайняў і палёў.

Мы ідзем. Рука пустая
Ясьлі пальцамі кранае.

Ім ня цёпла, не халодна.
Безнадзейная далоня.

Што ёй горыч ці мароз—
Не бярэ, хто не прынёс.

Толькі кліча хтось аднекуль—
Зоркі зь неба? Жвір з-пад сьнегу?

Хто пачуе—твар паверне.
У руцэ малога—церне.

Сярнічка ў лужыне

Човен напаўбелы,
Напаўчорны болю
З вогненнай душою,
Што ўжо дазіхцела.

Даўна? Невядома.
Мо, каб хто дазнаўся
Ў цемры грэху часу
На шляху дадому.

Пёры. Птушка, дзе ты?
Пеніць белым чорны
Шып у цемры соннай,
Кінуты бяз мэты.

Чэрап з цыгарэты.

Гадзіньнік

Гадзіньнік. Дзён твар счэзлы, нудны.
Вясьнянкі ў люстарку, сэкунды.

Твар па-над молатам прысудным.

Твар скамянелы. Рот бяз кпіны
Глынае зерне й шалупіньне.

Чуе прышэсьця крок няспынны.

Пот часу—надпіс на сьцяне.
За ёй нямы штось шапяне.

Мо ўцяміць можна праз глухоту
Калючкі стрэлак, цішы дотык.

Варожы твар, асьцём закляты,
Цьвікамі ціканьня працяты.
Бязвокі. Сьлёз у ім багата.

Стрэлак павук ашчадны, прагны,
Як мы, чакае, згаладалы.

Дванаццаць матылёў у сьліны
Замотвае. Перадхрысьціны.

Мо, рыкне цьмяная хвіліна.

Стрэлка рукамі заламіла.

Сьвяты Марцін

Лёд у валасох, на скуры,
Сьнег на вопратцы, на плоце,
На надзеі, на натуры.
На заклятым забалоцьці.

Крые чалавечы голад,
На камень ідзе астылы,
На сабакі змоўклы голаў,
Вераб’ёў ціхія крылы.

Хмары выканалі клятву.
Студзяць сьнегу апранахі.
Ноч. Надзеі ўсе пабляклі.
Пахне сьнег. Надзеяй пахне.

Паўплашча. Вісіць, дзе трэба.
На касьцях. На кратах рэбраў.
На памёрлай радасьці.
Радасьць мусіш сам знайсьці.

Белы палец на страсе
Крэмзае пра рай навіны.
Плашч, згарнуты на руцэ,
Жабракамі заваліла.

Калы ў плоце

Самотныя калочкі ў плоце
Нямымі струнамі прыбілі.
Ведаюць толькі аб самоце,
Бо не казалі ім аб крыльлі.

З вас, як сьцябліны па калосьсі,
Ніхто па ўчуцьці не галосіць.
Вы—без аблічча, без натхненьня,
Нібы лякнутая пустэльня.

Зхуднелых год голыя ногі
Ў чаканьня вечнага палоне.
Пяткі ў зямлі. Сукі ў далонях.
Ня стаць каленямі на ўслоне.

Кропля дажджу

Кропля зь неба на калюжы
Сьвежую малюе ружу.

З чорных хмараў бель зьлятае—
Зорка клятвы, стрэлка зьзяньня.

Сэрца яснага кавалкі
Крылы хваляў пахавалі.

Колы на вадзе растуць, і
Цемра кліча з каламуці.

Кату трапіла ў сіло
Непазнанае чало.

Вар’ят

Я—вар’ят на вёсцы,
Тут мае знаёмцы—
Сумных цюцькаў зграя,
Сонная, сівая,
Што кіруе ўпрочкі
Й шле вітаньне моўчкі.
Хто яны? Аблочкі,
Што бягуць нячутна.
Мы п’яныя смуткам,
Рушым без кірунку.
Будзь мне паратункам,
Пастыр старадаўні,
Што падараваў нам
Месяц і бяссоньне,
Зь цернем у кароне,
Лоб адкрыты ранам,
Нібы сэрца. Аман.

Засьнежаны парог

Хто анёл, які пад дзьверы
Мне ліста падсунуў бель?
Адчыняю ў недаверы:
Прачытаю нечы боль?

Адчыніў. Усё ахутаў
Бліск Калядаў, не відаць
Зор зусім; сьнег вымеў хутар:
Ён забудзе, каб згадаць.

Хораша на ганку, бела.
Зоркі, райскія адціны
Ў сьледзе птушкі, што прабегла—
Почырк сумнае хвіліны.

Мароз

Лысіны ўзгоркаў,
Сьнег—нібы зоры,
У небе—гонка:
Зорныя тхоры.

Туліць хацінка
Цень, каб ня плакаў.
Фарбуе сінька
Рты садоў, паркаў.

Лёд ночы новай,
Яснай. Сачэльнік.
Здольны—ўцям словаў
Зыркіх, чытэльных.

Успамін

Сьнег нёс нясьмелым супакой,
Пакору ўладарам.
Двор, поўны хворасту і хвой,
Належаў вераб’ям.

Драбненькія адцінкі ног
У сьнезе—шмат разоў.
Сьнег—веры ў лепшае аблок
На строме маразоў.

Зьзяла ў сумётах зорак шмат,
Ні сьледу ног людзкіх.
Цьвілі шляхі птушыных пят,
Кудысьці хутар зьнік.

Адно дзіцячы сьлед гібеў
Галінкаю вярбы,
Асуджаны, як тая бель,
Вясною на нябыт.

Зімовы ранак

У гурткі зіма зьмяла,
Гаспадарлівая жонка,
Сьветлы людзкага жытла,
Жалю й спадзяваньня вокны.

Зьзяюць на сьвітаньні хаткі,
Бы на сонцы зьзяюць гронкі,
Бы нясьпелыя зярняткі
Локцем зьмецены зіхоткім.

Зыркатам віна і збожжа
Сад замерзлы прыварожа
Любых птушанятаў веры,

Ды пакуль зьлятуцца зь церняў,
У нябыт пшаніцы зерне
Твары сонныя разьвеюць.

Журавы

Зноўку зь лесу на палі
Пераехалі вароны.
Разадраны аб камлі
Покрыў лета выкшталцоны.

Гожым срэбрам на страсе
Вырастае зноўку шэрань,
Пацалункам губ нясе
Ўсаматнелым суцяшэньне.

З-пад нявер’я зьмерзлай коркі
Попел выграбу даўнінны.
Можа, выбухне зь іскоркі
Слаўны полыск жураўліны,

Арку лес над сьцежкай зьвяжа,
Кроў сваяцтвам адзавецца,
Дапаможа сэрцу цяжар
Майго несьці чалавецтва.

Кастрычніцкі ранак

Удоўж стаўка блукаюць рыбакі
Зь ліхтарыкамі ў лісьці абляцелым.
Раз-пораз бліснуць там два аганькі,
У пахкі змрок прынадзяць нас мігценьнем.

Плывуць два аганькі разам па краі,
Па сьцежцы брат, сястрыца—па вадзе,
Па-над абуджанымі цёмнымі дамкамі:
Сястра зьнікае, брат зь людзьмі ідзе.

Самотны крочыць, асьвятляе ганкі,
А вір углыб зацягвае сястрыцу.
Ломіцца повязь казачнай маланкі,
Сэрца самотнае крывёй зь імглы бруіцца.

Сьвітанак узімку

Лямпа млеючы ўздыхае
Ў шэрай мгле—барво і бель,
Рытм цішы яе ўмыкае,
Нібы хвалі карабель.

Думка стомлена шукае,
Дзе б на ўцеху набрысьці,
Дзе хаця б сьцяна якая,
Каб апірышча знайсьці...

Жоўты плён сьвятла тут сьпее,
Казэматы маразоў.
Пахне мятай хлеб надзеі.
Град нутра вартуе золь.

Паслухмяна ўкрочыць золак,
Быццам прывід, цераз шкло,
Ў вазу ставіць пару кволых
Ружаў, лье на рукі кроў.

Госьця сьнедаць запрасілі
Й пасьцялілі цень-абрус мы:
Іранічны, зьмерзлы, сіні,
Бы нябожчыкавы вусны.

Верасень

У плашч захутанае хмар,
Там, дзе вады й травы граніца,
Глядзіць на твор свой сонца твар—
Божых пакут абразапісца.

На лес, шматлікіх вуліц люд,
На ціхіх вёсак сіні й белі,
Птушкай, што весьціць Страшны суд,
Цень пералётны яно сьцеле.

Сьвятлом ілжывым статак, выган
На два падзелены, жарства,
Блізкі курган фарбуе чырвань,
Замак злуе, зіхціць царква.

Зь ясным абліччам далячыні
Агледзіць нерашучы Ной.
Галубку ў пару з крумкачынай
Ён на каўчэг пакліча свой.

Сьцюжа і вецер

Сястра сьцюжа сухавецьце
Ломіць, і на дно прадоньня,
На край сьвету лісьце гоніць
Братка вецер.

Сястра ломіць сухавецьце,
Брат барво агнёў распаліць
І між хмараў будзе пасьвіць
Свае чорныя авечкі.

Брат агнёў распаліць чырвань,
Возьме ўздых сястры і смутак,
Зь цемры гук вогненных дудак
Заскавыча.

Месячная ноч

Дзе-нідзе зіхцяць хаціны,
Засьціць іх дрэў цёмны вэлюм.
Пабудовы-дамавіны
Саванам прыкрыты белым.

Зімна цюцьцы ў падваротні,
Сьцюжа ў ямінах дрыжыць.
Атуліў сьвятлом гаротны
Месяц чорныя крыжы

Апакаліпсісу—дахаў,
Пабудоў крывыя цені,
Дзе хавае Пан пад пахай
Сваёй роспачы стварэньні.

Сьвітаньне ўвесну

Душу мне цешыць ціша дзіваў;
Ад досьвітку я ў пералеску,
Дзе на галіну голуб сівы
Ўпаў, анібы раса на кветку,

Цьвікі гарачыя пупышкаў
Скрозь цемру зьзяюць на імшарах,
Бы зор агромністасьць увышку,
Бы золата ў дзіцячых тварах.

Сэрца маё—ручай у полі,
Што ў белых кветак трапіў росквіт.
Захмелены пяшчотай болю,
Мой плач—як плач дзяўчынкі простай.

*
Вецер полымем на цэгле
Неба піша весткі-знакі,
Абуджае тых, што счэзьлі,
Не прыняўшы дар падзякі.

Новы верш у кнігу хмараў
Крэсьліць полыскам сьвятла.
Чорных пералётных птахаў
Паслабляецца пятля.

Птахі адляцелі ў госьці,
Зь імі—разьвітаньня ўздых.
Сьмерць нажы марозу гострыць
У глушы кустоў густых.

Імжа ў сьнежні

Ня дождж, адзіна дрэвы ныюць,
Гульні жыцьця гульцы старыя,
Заклятыя... І ўсё ж імгла
Імжыць, яна ярмом лягла
На сэрцы, на зямлю, галовы,
Усхліпы й радасныя словы
Ў абдымках мяккіх душачы.
Імгла: імгненьні вусьцішы,
Што ператвораныя ў сьлёзы...
Плач ціхі дрэваў безвалосых
На ганку сівае зімы,
Убраных стогнамі сваймі,
Яны стаяць, бы на каленях,
Шторазу сьлёзы іх буйнеюць,
Але няма ў іх горычы—
Зьнікла яна ў відовішчы
Неапісальным.

Качкі на двары

Люты, шарэюць вечары,
Качкам штось шэпчуць качары,
Сівыя, быццам сьвежы сьнег,
Люстэркаў сінь у белізьне,
Зялёныя, бы ў лёдзе цені,
Што з глыбі вырвацца б хацелі,
Шызыя, быццам з попелу,
З аранжавасьцю ў колеры,
Качкам, карычневым як совы,
Пра дзівы вод жорсткія словы
Баюць... На змораным падвор’і,
У плынях сумнага надвор’я
Зіма прытульваецца хворая,
Качары зьзяюць сваймі пёрамі,
Нібыта рыбіны пад хваляй.
Іх у крысох сваіх хавае
Лютага рыза завірушная—
Цяжкая, велькая і скрушная.

Дзяды

Усе, што ведалі нас, тыя, што нас грэлі,
Вяртаюцца на нашыя дарогі,
Нясуць свой боль нам тыя, што памерлі,
З надзеяй сесьці на гасьцінныя парогі.

І покліч за вакном птушыны—
Магчыма, напамін аб гэтым.
Мо, надзіць пах крывой галіны
Ўсіх тых, што разьвіталіся са сьветам.

Як што іх мары адышлі ў зіхценьне,
Хай будзе ім суцехай лісьця чырвань,
Погляд на крыж з вакна, родныя сьцены,
Цень хмаркі... Яны рушаць перачытваць,

Што напісана ў тварах і далонях
Тых, хто з жыцьця памерлых узышоў,
Ці ў сьвятках сэрцаў значыцца мяно іх,
Ці шэптам іх прыгадвае нам кроў.

Бо сэрцаў каляндар—сузор’яў сьвітак,
Апавяданьняў, песень, успамінаў.
У пунс цяжар і морак дзён пражытых
Ён апране ў сьмяротную часіну.

Першы сьнег

Твае мары хмаркай сьнежнай
Апусьціліся на дах,
Крэсьліць кветкамі на сьцежцы
Птушка чорная свой шлях.

Сутанее. Сад мой сівы—
У абдымках белізны.
Ён самотны, ганарлівы,
Сьцішаны і велічны.

Нерухомая вавёрка
Між галінаў паглядае
Баязьліва—куля-зорка
Ў пальцах дзеда-Мікалая.

П’ета

Матка туліць да грудзей
Сына, што за грэх людзей
у крыві згасае.
Рудых д’яблаў зграя—
як пажару полыск.
Схіл стаецца голы
палымяным садам.

На Кальварыі той сад,
вокал—сьмерці палісад,
там Мадонна цьмяная,
велькая, духмяная,
неспакушаная Эва,
што сарвала яблык з Дрэва
Першародны.

Валасы

Гожы покрыў валасоў,
які шчодра поіць кроў,
чорны, попельны і русы
вэлюм, ты жанок спакусы
тоіш, як паэт ільсьцівы,
сноў снуеш няісных дзівы;
пуга, пошуг, хваляпады
першароднае пажады;
хохал на касьці кабет,
целаў таямнічы квет,
дым ахвочай плоці іхнае,
з водару якога дыхае
жах з раськепін неспатолі;
валасы, рой мушак кволых,
грэшнасьці сьляпыя чэрві,
волі растрапанай зрэб’е;
голак срэбных, залацістых
трубкі, поўныя труцізны,
цёмных сьцежак бліск ілжывы—
ведзяце мяне куды вы?..
Хітра сплеценыя пасткі,
дзе трапеча вуснаў птаства
фарбай шызай і рудою;
смутак з вас цячэ вадою
быццам па маршчынах сьлёзы.
Апавілі вашы лозы
ўвесь Чысьцец, чый мур з Прадоньня,
потам змыты, ціха стогне.


© Пераклад - Макс Шчур, 2007

HA POCTAHI