Макс Шчур

Каб не стварыць сабе куміраў

Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, 2002 г.

Калі сумленны навуковец бярэцца за ўдзячную (у нашым выпадку, да таго ж—мала распрацаваную) тэму, вынік заўсёды варты таго, каб зьвярнуць на яго ўвагу, у тым ліку й крытычную. Ня буду пералічваць, у чым палягаюць аб’ектыўныя вартасьці зьяўленьня кнігі Лявона Юрэвіча “Літаратурны рух на эміграцыі”, з наяўнасьцю якіх пагодзіцца, бадай, кожны. Запынюся на тым, што з майго суб’ектыўнага гледзішча зьяўляецца ейнай найвялікшай каштоўнасьцю: нягледзячы на ўсю далікатнасьць і памяркоўнасьць аўтарава стылю, кніга, як і ўсялякая добрая навуковая праца, выразна праблематызуе некаторыя моманты гісторыі беларускай літаратуры мінулага стагодзьдзя. Аднак перш чым перайсьці да пераліку гэтых момантаў, запынюся на адной рэчы, якая, на мой погляд, зьяўляецца ў кнізе заганнай.

А менавіта: аўтар ня робіць выразнага адрозьненьня паміж літаратурай на эміграцыі (лепш казаць—у замежжы) й эмігранцкай літаратурай, што вядзе яго да такіх вось занадта хуткіх і неабгрунтаваных высноваў: “Канчаецца літаратура? Наўрад ці. Хутчэй, канчаецца (а мо й скончыўся сапраўды) усяго толькі этап літаратуры. Эміграцыйны этап беларускае літаратуры.” Даволі цьмяная выснова, ня вартая такога добрага дасьледаваньня. Зразумела, што ніякага “эміграцыйнага этапу” ў гісторыі беларускай літаратуры не было. Каб разабрацца, у чым тут справа, варта, на маю думку, адрозьніць гісторыю беларускай літаратуры на эміграцыі (у замежжы), якая, на аўтараву думку, пачынаецца Каратынскім1, ад літаратурнай гісторыі апошняй на сёньняшні момант хвалі беларускай палітычнай эміграцыі—пасьляваеннай. Менавіта гэтую гісторыю маюць на ўвазе сёньня яшчэ жывыя прадстаўнікі гэтай хвалі, калі даюць станоўчы адказ на пытаньне аўтара кнігі “ці можна 1995 год (умоўна) лічыць канцом беларускае літаратуры на эміграцыі? Пераважная большасьць адказала станоўча.” Канечне, бо ніхто зь іх не заўважыў, што само пытаньне пастаўлена няслушна: канец пасьляваеннай генерацыі эмігрантаў-літаратараў не азначае дый ня можа азначаць “канец беларускай літаратуры на эміграцыі”.2

У такім непаразуменьні, на маю думку, вінаватая ненаўмысная падмена поймаў “эміграцыя” й “замежжа”. У чым прычына такой блытаніны? Яна, як маніцца, паходзіць з савецкіх часоў, калі сьцьвярджалася, што пеставаньне раней прыгнечанай беларускай культуры магчымае толькі ў "самай лепшай" і "самай свабоднай" краіне сьвету—СССР, а пад словам “замежжа” меўся на ўвазе перадусім капіталістычны сьвет, а патрапіць туды ільга было толькі адным шляхам: уцячы, альбо быць высланы за недабранадзейнасьць і палітычную несьвядомасьць. Таму “эміграцыя” (перадусім, палітычная) й “замежжа” зарэгістраваныя ў сьвядомасьці бальшыні беларусаў як сынонімы.3 Шкада, што Лявон Юрэвіч, хочучы, напэўна, дагадзіць асноўнай масе сваіх чытачоў у сёньняшняй постсавецкай Беларусі, падупадае ўплыву такой мэнтальнасьці й ня робіць кроку наперад, каб зь ёю парваць. Фактычна, ён прымае калісьці навязаны афіцыйнай беларускай літаратурай падзел на “нашых” і “ня-нашых” (які ў далейшым сам і крытыкуе), адно што займае бок былых “ня-нашых”, хаця й вельмі дбае аб тым, каб гэта схаваць—што ў яго не заўжды атрымліваецца.

Словы пра канец “літаратуры на эміграцыі” й падмена дзяленьня геаграфічнага часавым (эмігранцкая літаратура ператвараецца ў “этап гісторыі літаратуры”) ня маюць пад сабой падставы. Літаратура на эміграцыі заўжды існавала й будзе існаваць. Эміграцыя папросту спрыяе літаратурнай творчасьці, гэтаксама, як ёй спрыяе, прыкладам, палавое дасьпяваньне. Хто з нас не пісаў вершы, будучы ўпершыню закаханым? Эмігрант, як вядома, трапляе ў новае, нязвыклае асяродзьдзе, дзе ня мае шмат магчымасьцяў карыстацца сваёй роднай мовай, каб “паскардзіцца” на свой “гаротны лёс”, які змусіў яго пакінуць сваю каханую айчыну. Натуральна, што ў новых умовах яму прыстасавацца цяжка, з-за чаго ў ім абуджаецца сум па роднай старонцы—тыя, каму няма на што скардзіцца, рэдка ўзгадваюць аб “радзіме”. Да таго ж, ён сутыкаецца з новай для бальшыні ягоных суайчыньнікаў рэчаіснасьцю, якая ў ягонай роднай мове збольшага ня ёсьць кадыфікаванай. Усё гэта вядзе да таго, што літаратура на эміграцыі не каласіцца, а папросту буяе. З маіх лацінаамэрыканскіх знаёмых у Празе, напрыклад, няма, бадай, ніводнага, хто б не пісаў вершы альбо прозу. Найвялікшыя творы літаратураў сьвету ў мінулым стагодзьдзі —ірландскай, паўночна- й лацінаамэрыканскай, нямецкай—былі створаныя ў эміграцыі. У той жа час, трэба памятаць, што далёка ня ўсё, што напісана на эміграцыі—літаратура: менавіта ў эміграцыі нараджаецца вялікая колькасьць графаманаў, і тут беларуская літаратура не ўдае сабой ніякага выключэньня з агульнага шэрагу. Як заўважае Лявон Юрэвіч на конт беларускай эміграцыі мінулага стагодзьдзя, “пераважная большасьць пісьменьнікаў на эміграцыі—паэты, у адрозьненьне ад сытуацыі ў сучасных ім літаратурах Амэрыкі, Францыі, Англіі, дзе заўважная перавага празаікаў над паэтамі. Па сутнасьці, толькі лічаныя зь пісьменьнікаў у дыяспары ніколі не пісалі вершаў.” Зразумела, што пераважная большасьць гэтых аўтараў з часам перастала пісаць, што таксама зьяўляецца цалкам заканамерным. Звычайна для такіх аўтараў факт іхнай эміграцыі зьяўляецца папросту лёсавызначальным у іхнай творчасьці, што перадусім заўважна паводле іхнай тэматыкі. Наадварот, для сталага літаратара факт адарванасьці ад радзімы, наколькі ільга меркаваць з досьведу іншых літаратур, зьяўляецца значным, але ўсё-ткі не настолькі значным, каб быць лёсавызначальным. Невыпадкова, што найбольш значныя пастаці эмігранцкай літаратуры пачыналі друкавацца ўжо на Беларусі. Таму “эмігранцкі пісьменьнік” альбо “эмігранцкі паэт”—настолькі ж другасная зьява, як, прыкладам, “эмігранцкі сьпявак”. Іншая справа, што на эміграцыі могуць жыць добрыя сьпевакі, такія як Забэйда-Суміцкі, альбо літаратары, такія як Жылка.

Кажучы словамі Кастуся Акулы, “Паводле мастацкіх парамэтраў эміграцыйная літаратура—вельмі пярэстае стварэньне, ад вышыняў да глыбокіх ухабаў ці далінаў.” З гэтага выплывае, што ўласна літаратура й “літаратурны рух”—рэчы розныя, і ня трэба іх блытаць. Наадварот, варта іх ад сябе аддзяліць, як збожжа ад лушпіньня. З гледзішча літаратурнай гісторыі гэта, можа быць, і ня так істотна, але з гледзішча літаратурнай крытыкі—якраз наадварот. А ці можа добрая літаратурная гісторыя ня ўлічваць меркаваньня літаратурнай крытыкі? Упэўнены, што не зрабіўшы вышэйзгаданага падзелу, нельга вызначыць узровень і ўнёсак літаратуры пасьляваеннай беларускай эміграцыі ў беларускую літаратуру як гэткую (ня блытаць з тагачаснай беларускай савецкай літаратурай).

Здаецца, што аўтар несьвядома шмат у чым дзейнічае паводле ўзору крытыкаваных ім беларускіх анталогіяў “літаратуры беларускага замежжа”, якія мяшаюць высокаякасныя творы аўтараў-эмігрантаў з выразна аматарскімі паводле ўзроўню й тэхнікі вершамі, як быццам з мэтай наўмысна прынізіць значнасьць першых і “падагнаць” іх пад узровень апошніх, а ў выніку—пераканаць чытача ў “пасярэднасьці” самой штучна створанай імі з дапамогай такой анталогіі “зьявы”. Анталогія—гэта такі кшталт “брацкай магілы”, якая ёсьць найлепшым сродкам забыцца пра тых, хто ў ёй ляжыць, адначасова аддаўшы ім фармальную пашану. Калі пераймаць такі погляд, дык атрымаецца, што сапраўды, хваліцца няма чым, бо сярэдні ўзровень нашай эмігранцкай літаратуры немагчыма параўнаць, напрыклад, з узроўнем літаратуры рускай пасьлярэвалюцыйнай эміграцыі. Але калі замест таго, каб займацца гісторыяй агульнай масы, вылучыць зь яе імёны Юхнаўца, Сяднёва, Салаўя, Кавыля й заняцца вывучэньнем іхнага літаратурнага лёсу, дык тады атрымаецца, што і ў нас былі свае волаты, якія ў дадатак мелі іншыя палітычныя погляды, чымся бальшыня беларускіх пісьменьнікаў таго часу, што й змусіла іх апынуцца ў эміграцыі, і ня трэба чакаць, пакуль іх “афіцыйна” прызнаюць за гэткіх на Радзіме, асабліва зараз. А так вынікае, быццам у ХХ стагодзьдзі ў нас, па вялікім рахунку, не было літаратуры на эміграцыі—быў толькі якісьці “літаратурны рух”. Зразумела, канечне, што займацца кімсьці адным азначае абыйсьці ўвагай астатніх... А быць абыйдзеным ня любіць ніхто: усё хочуць патрапіць “у гісторыю”, ніхто ня хоча застацца па-за.

Канечне, усялякая навука і ўсялякая гісторыя—гэта памкненьне да абагульненьня. Той факт, што сам аўтар, паводле ўласных словаў,—не літаратар і ня крытык, а гісторык літаратуры, змушае яго ў памкненьні да ўсёабсяжнасьці й аб’ектыўнасьці заставацца “па-над бойкай”, што замінае (ці забараняе) яму бачыць розьніцу паміж, умоўна кажучы, літаратурай і не-літаратурай. У гэтым выпадку такая “нестароннасьць”, на маю думку, зьяўляецца шкоднай—але ў астатнім гэтая аўтарава рыса ідзе толькі на карысьць дасьледаваньню. Наогул кажучы, ягоная кніга дае найбольш поўнае на сёньняшні дзень вобраз таго, што ўдавала сабой літаратурнае жыцьцё на эміграцыі, і пры гэтым праблематызуе некаторыя асабліва важныя, з майго гледзішча, моманты гэтага жыцьця. Вось яны:

Момант 1. Месца літаратуры ў дзейнасьці беларускай палітычнай эміграцыі.

Пасьляваенная хваля беларускай эміграцыі была эміграцыяй перадусім палітычнай, і ўспрымала сябе як гэткую. Цытаваная Л.Юрэвічам «Дэклярацыя Беларускага літаратурнага згуртаваньня „Шыпшына”» фармулюе сваю задачу наступным чынам: “Працаваць над стварэньнем вялікай літаратуры, годнай нашага вялікага народу.” Як паказаў гістарычны досьвед, тэзіс аб “вялікім народзе” (?) ня здолеў стацца падмуркам для стварэньня “вялікай літаратуры”. Больш рэалістычна й шчыра гучыць фармулёўка эмігранцкага дзеяча А.Галубіцкага, які не хавае, што “нашая паэзія «на дадзеным этапе» павінная быць падпарадкаваная ўтылітарнай мэце—беларускай справе.” Гэтая й шматлікія іншыя прыведзеныя ў кнізе цытаты сьведчаць аб тым, што літаратура разглядалася беларускімі эмігрантамі як уздапаможны сродак ідэялагічнай барацьбы, а найбольш на эміграцыі цаніліся такія творы, як верш Сяргея Хмары «Беларусь», “які зьяўляецца клясычным узорам палітычнае паэзіі, патрыятычнага мастацтва.” (Юрка Віцьбіч).

Беларуская пасьляваенная эміграцыя была ў значнай ступені вынікам сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гг., рэштай спачатку прыдуманага, а потым зьнішчанага Сталіным нацыянал-дэмакратычнага руху. Цікава, што прадстаўнікі пасьляваеннай хвалі эміграцыі ўспрымаюць гэты нядаўні гістарычны міт як праўду: “Гэтак вельмі важная падзея ў навейшай гісторыі беларускага народу—гэтак званы нацыянальны дэмакратызм з цэнзурных прычынаў ня магла быць поўнасьцяй паказаная й праўдзіва асэнсаваная ў беларускай савецкай літаратуры. Таму важна й цікава пабачыць, якое–ж мастацкае ўцелаўленьне знайшла гэная тэма ў творах беларускае літаратуры ў заходнім сьвеце.” (Станіслаў Станкевіч.)

Момант 2. Эстэтычная праграма літаратуры беларускай пасьляваеннай эміграцыі.

Пасьляваенная хваля бел. эміграцыі не стварыла ў літаратуры ніякай школы альбо плыні, але засталася ў ёй дзякуючы некалькім імёнам, асобам, якія былі ёю незаўважаныя з-за ейнай уласнай палітычнае сьлепаты. Таму цудоўна, што Лявон Юрэвіч зьвяртае ўвагу на “непрыманьне пераважнаю большасьцю эміграцыі ягоных твораў як занадта мадэрновых, нібыта па­збаўленых патрыятычнага гучаньня й наагул «незразумелых». Прычым папрокі выказваліся ня толькі з боку «шэраговых» чытачоў, але й чытачоў «прафэсійных» — пісьменьнікаў, такіх як А. Бярозка (што надта па–савецку заклікаў пляваць на паэзію Юхнаўца), М. Сяднёў, М. Кавыль.”

Аўтар робіць даволі каштоўнае, з майго гледзішча, адкрыцьцё: “Далейшая гісторыя паказала, што літаратура на выгнаньні фармавалася пераважна як літаратура рэалізму, хоць у падсавецкай літаратуры, за разьвіцьцём якой пільна сачылася (у першую чаргу Станіславам Станкевічам, творчасьць якога, што была пачалася з арыгінальных досьледаў, скончылася фактычна адно назіраньнем і канстатацыяй), праявы мадэрнізму, нягледзячы на ідэалягічныя ды й мастацкія забароны ў Беларусі, несумненна былі, ня кажучы ўжо пра літаратуры краінаў, даўшых прытулак, дзе мадэрнізм на той час быў амаль пануючай плыняй; аднак заходняя літаратура, літаратура амэрыканская фактычна ня мелі аніякага ўплыву на творчасьць пісьменьнікаў беларускага замежжа (вылучана мной—М.Шч.). Адзіным доказам знаёмства зь літаратураю Захаду тут зьяўляюцца нешматлікія пераклады, пераважна клясычных твораў амэрыканскай, ангельскай і нямецкай літаратур. Нават болей, мадэрнізм актыўна не ўспрымаўся й не прымаўся, пра што гаворыць творчасьць Янкі Юхнаўца, ейны лёс ды рэакцыя крытыкаў.”

Патрабаваньні, якія эміграцыйныя крытыкі выстаўлялі да літаратуры, мала чым, па сваёй сутнасьці, адрозьніваліся ад жданаўскіх—хіба толькі ідэялагічным знакам—і паходзілі зь неразуменьня сутнасьці мастацтва й літаратуры ўвогуле. Як пісаў А.Галубіцкі, “куды горш, калі паэзіі вызначаюцца рамкі, па–за якімі яна ўжо ня толькі «анамалія», але часта й праступства, як гэта мы бачым там, дзе пануе «сацыялістычны рэалізм».”

Эмігранцкая літаратура ставіць перад сабой, па сутнасьці, чыста адраджэнскія задачы. Доказам гэтага могуць быць наступныя выказваньні, у якіх утрыманыя элемэнты мастацкай праграмы ўсяе эмігранцкай літаратуры: “Знаць душу, інакш псыхалёгію собскага народу, павінен імкнуцца кажны Беларус, а асабліва той, які працуе на грамадзка–палітычнай ніве. Гэтая знаёмасьць паможа яму ў працы для свайго народу ісьці за яго хаценьнямі, а не наадварот. Першы–лепшы прыклад можа пацьвердзіць правільнасьць гэтага вываду. Беларус, каторы ведае собскую літаратуру, а значыцца, душу народу, хочучы, прыкладам, разьвязаць зямельнае пытаньне ў Беларусі, ніколі не наважыцца на заводжаньне нейкай камунізацыі, бо адбітым у літаратуры жаданьнем нашага народу ёсьць дастаць больш зямлі й справядліва яе падзяліць між працуючымі на ей. Але, каб літаратура была гэтым люстрам душы, яна павінна стаяць на адпаведнай вышыні і адзначацца глыбокім рэалізмам. Пісьменьнікі павінны ў творсьтве сваім ніколі не разьмінацца з праўдай. Яны павінны вывесьці на дзённы сьвет нашу запраўднасьць добрую й благую, так, якой яна ёсьць. Нічога ня варта літаратура, каторая не адказвае гэтаму вымаганьню. Нічога ня варта, прыкладам, савецкая літаратура (за малымі выняткамі), бо яна малюе жыцьцё такім, якім хацелі яго бачыць камуністычныя кіраўнікі, а не такім, якім яно ёсьць у запраўднасьці. Вывучэньне гэтакай літаратуры не дае нічога. Яна можа быць цікавым матар’ялам, скажам, для псыхіятра дзеля вывучэньня розных паталёгічных адхілаў людзкога розуму ад нармальнага стану, але нічога не дае самому народу, нават горш — прызвычайвае яго найлепшых сыноў маніць сабе й другім.” (Мікалай Шкялёнак, “Аб заданьнях літаратуры”).

Лявон Юрэвіч падае яшчэ два цудоўныя, на маю думку, прыклады стаўленьня беларускай эміграцыйнай крытыкі да ўласна літаратуры. Першым зь іх зьяўляецца рэцэнзія Я. Сыманчука (Антона Адамовіча) на зборнік вершаў М. Сяднёва «Ля ціхае брамы» (1955): “І вось, апынуўшыся, у сілу выніклых абставін, на эміграцыі, з разьбітым карытам сваіх прэтэнсыянальных мрояў, аўтар, бачачы, што ня можа стацца ляўрэатам багатых прэміяў, пераканаўшыся, што тут няма каму для яго ставіць помнікаў, пачынае сваю жоўць выліваць на сваіх–жа суродзічаў. Ён з нянавісьцяй кідае масе эміграцыі словы зласьлівых дакораў:

Адкуль–жа будзе брацца і ў мяне
да вас любоў, спагада і замілаваньне?
Так сама, як і вы, я дыхаю адным
сваім маленькім Я, зласьлівым і зайздросным.
Адкуль–жа будзе брацца і ў мяне
Ня толькі ў заўтрае, а ў сяньняшняе вера..

Паэт добра знае, што тое, што ён робіць, мяжуе з здрадай. Нацыянальнай здрадай! Ён гэтага і не ўкрывае. Ён ужо дайшоў і да гэтакага цынізму, каб гаварыць аб гэтым адкрыта. Ён і верш, дзе аб гэтым гаворыць, назваў словам «Здрада»:

Вунь і цяпер тых дзён настыглая чарга,
нібы на подступах, стаіць за мною.
І абясьсіленая, як мага
завець мяне стаць перадам, а не сьпіною.
Ды днём пражытым страшна паказаць - аблічча
няма на ім ні мужнасьці і ні адвагі.

Азьвярэлы за няўрэчаісьненьне сваіх славалюбівых прэтэнсіяў, ён кідае масе з позаю недачалавека Ніцшэ лайлівыя словы «нікчэмных душ патоп», не адчуваючы ўсёй нікчэмнасьці гэтага вярзеньня з вуснаў паэты.

Ён, як і кожная мізэра, выабражаючая сябе вышэйшым за простых сьмяротных («надчалавек», па­крыўджаны лёсам «геній»), адмяжоўваецца ад масы сваіх суродзічаў, ён іх ня хоча знаць,

каб у натхнёным адзіноцтве зноў
Вас абмінаць і не спыняцца…

Вось гэтае самаізаляваньне ад народу, ад ягонай барацьбы за вызваленьне, ізаляваньне ад свайго прошлага, зьвязанага з нацыянальным рухам, і ёсьць тая «Ціхая Брама» паэты.”

Шкада толькі, што Лявон пакідае без камэнтару словы свайго вельмі шанаванага за мяжой калегі й не зьвяртае ўвагі на тон і стыль Антона Адамовіча—мне асабіста ён нагадвае “крытыку” Лукаша Бэндэ, толькі вядзецца яна не з бальшавіцкіх пазыцыяў, а з нацыяналістычных.

Другі характэрны прыклад—цытата з артыкулу К. Рамановіча (Рыгора Крушыны) «Думкі аб паэзіі», у якім паэт разважае на тэмы “мастацтва ў сабе” й “сябе ў мастацтве”: “Не разумеюць… Пішу для нікога. А яшчэ горш — будучыня маўкліва павернецца да яго сьпіной. Выдадзеныя пры жыцьці аўтара кнігі з часам пакрыюцца густым пылам, і ніхто не дакранецца да пажоўклых бачынак, не прачытае радкі, на якіх хвалявалася паэтава сэрца...”

У наступных радках Крушына выяўляецца нам як ахвяра свайго ўласнага неразуменьня таго, што паэзія й мастацтва (зрэшты, як і гісторыя) ідуць наперад і, на вялікі жаль для яго, ня могуць вечна заставацца на ўзроўні класічных узораў і рамантычных уяўленьняў адраджэнскай пары. Крушына, як чалавек папярэдняй эпохі беларускай культуры, не разумее, ня можа й ня хоча зразумець таго, што адбываецца ў жыцьці і ў мастацтве сёньня: “Жанглёры слоў даходзяць часам да духовай анамаліі. Адзін хоча схапіць месяц, як мячык, і гуляць у валейбол, другі запэўнівае, што ён ня Будда і ня пойдзе ў нэрвану, а трэйці ў экзальтацыі крычыць: згорнем у шапку зару! Ці–ж такія хваравітыя думкі ўзварушаць каго–небудзь з чытачоў? Міжволі прыгадваецца, як у трыццатых гадох адзін паэта–шызафрэнік усклікнуў: «Мне хочацца сонца смактаць, як цукерку». Крытык знайшоў у гэтым радку пэрлу мастацтва, а дактары—вынік далейшага працэсу цяжкой хваробы.” З сучаснага гледзішча носьбітам “цяжкой хваробы” выўляецца ніхто іншы, як сам Крушына, і сымптомы гэтай хваробы—цемрашальства, саматужнасьць, неразьвітасьць, мысьленьня, ідэялагічная абмежаванасьць “нацыянальнымі” штампамі, якія свомыя беларускай літаратуры наогул і наяўнасьць якіх ёсьць прычынай адвечнай нецікавасьці да беларускай літаратуры, што й цяпер пануе па-за межамі нашай краіны, хочацца нам у гэтым сабе прызнавацца альбо не.

Момант 3. Стасункі эміграцыйнай літаратуры з афіцыйнай “савецкай” літаратурай.

Вельмі важна, з майго гледзішча, тое, што Лявон Юрэвіч называе ймёны й цытуе тых беларускіх пісьменьнікаў, сёньняшніх “апосталаў нацыянальнага адраджэньня”, што ў свой час думалі аб беларускай эміграцыі тое, што ім загадвалі, то бок—зусім адваротнае ад таго, што кажуць цяпер: “Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў, «Не вам беларусамі звацца!» (Голас Радзімы. № 948; заява была перадрукаваная ў газэтах «Літаратура і мастацтва», «Звяздзе», маскоўскай прэсе): «адшчапенцы, здраднікі, гітлераўскія злачынцы» (разам зь Віцьбічам згадваліся Р. Казак, К. Акула, С. Станкевіч).” 4 А вось як “адказвае на пытаньне пра пісьменьнікаў Заходняй Беларусі, што апынуліся на Захадзе”, Янка Брыль: “З мацнейшых—Сяднёў, Салавей, Арсеньнева. Яна, Ільляшэвіч і Геніюш пачалі друкавацца перад вайной, а іншыя дык там вырасьлі на пісьменьнікаў. Вялікага бляску, на жаль, няма. Яны ня маюць такіх празаікаў, як нашыя (вылучана мною — Л. Ю.) Мележ, Пташ­нікаў ці Караткевіч. А паэты… Ну, Арсеньнева. Але ж нашыя Жэня Янішчыц ды Ніна Мацяш лепей пішуць. А ў Ларысы Антонаўны існуе арэол пакутніцы, сядзела сабе, дык гэта надае асьвятленьне, афарбоўку ейнай творчасьці.” Тут аўтар-публіцыст на ймгненьне выступае зь ценю аўтара-навукоўца, каб даволі тактоўна зьвярнуць увагу чытача на сапраўднае аблічча афіцыйнай беларускай інтэлігенцыі. Мая пашана.

З другога боку, мушу адзначыць, што гэтая дэзавуяцыя афіцыйнай савецкай інтэлігенцыі суправаджаецца некаторай ідэялізацыяй эміграцыі з боку аўтара, што прамаўляе ў крыху наіўным закліку да “соборного”, мітычнага ўзьяднаньня: “З сумам (курсіў мой—М.Шч.) трэба прызнаць, што сапраўднага ўзьяднаньня эміграцыйнай і падсавецкай літаратур не адбылося: занадта розныя, відаць, сьветапогляды — беларускі вольны, што разам з нацыянальнай ідэяй апынуўся на эміграцыі, і падсавецкі. І атрымліваецца, што створанаму эмігрантамі марна шукаць разуменьня, падтрымкі, папулярызацыі ў Беларусі і на Беласточчыне; ды залежыць тое, на жаль, не ад часовай палітычнай сытуацыі. Эміграцыі застаецца разьлічваць адно на самую сябе ў вяртаньні на Беларусь нацыянальнай ідэі, у тым ліку й празь літаратуру, празь веданьне яе гісторыі.” Зноў-такі, несьвядомае прыняцьце навязанага тым самым “падсавецкім” мысьленьнем падзелу на “нашых” і “ня-нашых”, адлюстраванае ў інстынктыўным памкненьні да пераадоленьня гэтага падзелу—“замірэньня” і “ўзьяднаньня”. Аднак такія заклікі самі па сабе не мяняюць сытуацыі: усялякі падзел на “добрых і благіх”, на “чорнае й белае”—спрошчаны, бо мае ў сваім падмурку нейкую ідэялогію, а на мэце—ідэялагічную маніпуляцыю. На жаль, навуковец, мне здаецца, ня можа сабе дазволіць мець ідэялагічныя сымпатыі на тым ці іншым баку. А калі так, дык ці магчымая наогул незалежная ад ідэялогіяў навука, і ці існуе яна ў так званым “свабодным сьвеце”?

Момант 4. Паралелі зь сёньняшнім днём.

Дзіўна чытаць кнігу Лявона Юрэвіча й пераконвацца, што сёньняшняя палітычная эміграцыя захоўвае ўсе тыя заганы, што былі ўласьцівыя пасьляваеннай эміграцыі, галоўныя зь якіх наступныя: 1) кожны імкнецца рэпрэзэнтаваць не самога сябе, а ўсю нацыю, то бок—нейкую групу, зь якой вынікае памкненьне да зьяднаньня ў варожыя між сабою гурты, у якіх пястуюцца ксенафобія, статкавасьць і няздольнасьць да самастойнага мысьленьня па-за рамкамі “нацыянальных” культурных комплексаў; 2) на эміграцыі пануе незьнішчальнае памкненьне ўвесь час азірацца ў бок мэтраполіі, то бок, фактычна, глядзець у мінуўшчыну, вымяраць свае дасягненьні паводле водгукаў на радзіме. Другая з гэтых рысаў віртуозна акрэсьленая ў найлепшым, з майго гледзішча, пасажы з цэлай кнігі, які ёсьць сапраўдным дасягненьнем у гісторыі ўсёй беларускай думкі: “Эміграцыйнае літаратуразнаўства выконвала пераважна палітычныя функцыі, уласьцівыя для несвабоднага грамадзтва—у дадзеным выпадку вольнага геаграфічна, але паняволенага псыхалягічна (вылучана мной—М.Шч.),—калі доказ ідзе ад супрацьлеглага, калі ўсе пасылы і тэзы сыходзілі з БССР, а эміграцыя толькі адказвала.” Так, менавіта гэтая “псыхалягічная паняволенасьць”, гэты нацыяналістычны комплекс “вечных адраджэнцаў” ёсьць уласьцівасьцяй ня толькі сучаснай беларускай эміграцыі, але і ўсяго апазыцыйнага руху, які знаходзіцца пад ейным выразным уплывам. Тым часам як руская эміграцыя савецкіх часоў (Бунін, Набокаў, Салжэніцын, Бродскі) здолела дамагчыся таго, што сама “падсавецкая” мэтраполія дый увесь сьвет азіраліся на яе, дык беларуская палітычная эміграцыя сама ўвесь час азіралася дый азіраецца на пакінутую ззаду “мэтраполію”.

Усе ўскосна адлюстраваныя ў кнізе праблемы беларускай эміграцыі застаюцца тымі самымі й сёньня: праблема генерацыяў5, шмат словаў—мала справаў6, нежаданьне выдаваць сродкі на культурна-асьветніцкую дзейнасьць, апроч уласнай7, пасваранасьць між сабою й пагарда да “адлюднікаў”-іншадумцаў 8. Усе гэтыя праблемы маюць толькі адзін агульны назоў: сусьветнай беларускай дыяспары няма, ёсьць толькі папяровае Згуртаваньне беларусаў сьвету й ягоныя паасобныя суполкі ў розных краінах. Не існуе літаратуры беларускай эміграцыі, не існуе нават узгаданага аўтарам напрыканцы “праскага кола”—існуюць меней-болей эпізадычныя кантакты некалькіх энтузіястаў беларускай культуры, прадстаўнікоў розных генерацыяў, агульнае між якімі—хіба што мова. Таму спадзявацца на ўзьнікненьне нейкай новай “хвалі” беларускай эміграцыйнай літаратуры няма рацыі. Нават калі б сёньня эміграцыя зь Беларусі была настолькі ж масавай зьявай, як у гады вайны, гэтага было б папросту недастаткова для таго, каб у ёй узьнік нейкі паўнавартасны літаратурны рух. У кожнай літарататуры існуюць некалькі асобаў, якія ў бальшыні выпадкаў застаюцца незаўважанымі асноўнай “масай” ці там “хваляй”, "грамадой" альбо “кодлай” сваіх былых суайчыньнікаў, заклапочаных лёсамі Радзімы. Зразумела, што гэтыя некалькі асобаў амаль заўсёды ідуць супраць “плыні”, бо не падзяляюць нацыяналістычных поглядаў бальшыні. Як трапна заўважыў Сакрат Яновіч у дачыненьні да Ню-Ёркскай эміграцыі, “Самі яны, эмігранты, мала цікавяцца ды разумеюць,—займаюцца сваімі праблемікамі. Некалі думаў я, што такая безуважнасьць наглядаецца адно ў Скарынінцы, бо ў ёй няма каму. Не дадумаўся тады, што гэта тыповая рыса ўсяе эміграцыі ды, відаць, усіх эміграцыяў. Перш за ўсё змагаюцца яны за быт, а пачуцьцё нейкай місіі мусіць быць пасьля, калі ня цалкам другараднае.” Са свайго асабістага досьведу магу засьведчыць, што гэта—праўда. Нацыянальная ідэя на эміграцыі стаецца прадметам палітычных спэкуляцыяў, сродкам “наладжваньня быту”, з дапамогай якога незаможныя “новаэмігранты” імкнуцца выбіць грошы з заможных “стараэмігрантаў”—для якіх, у сваю чаргу, нацыянальная ідэя з гадамі ператвараецца ў адмысловае “хоббі”, тым часам як “справай жыцьця” стаецца прафэсійная дзейнасьць рознага кшталту: прыватны бізнэс, журналістыка альбо навука, як у выпадку самога Лявона Юрэвіча, якому пашанцавала знайсьці такую магчымасьць—займацца ўлюбёнай справай. Можа, таму й няма ў яго патрэбы пісаць? Можа, таму й бачыцца яму беларуская эмігранцкая літаратура толькі як навуковая “праблема”, якая ўпарта “ня хоча” паддавацца класіфікацыі?

Літаратуру робяць ня “хвалі”, а асобныя творцы. Сяржук Сокалаў-Воюш у Празе, Славамір Адамовіч недзе ў Нарвэгіі, Сакрат Яновіч на Беласточчыне, Уладзімір Някляеў у Польшчы, Лявон Юрэвіч у Амэрыцы, часопіс “Правінцыя”, газэта “Беларус”—усё гэта факты будучай літаратурнай гісторыі беларускага замежжа. Толькі вось пісаць яе яшчэ крыху зарана: найперш наяўнасьць нейкага літаратурнага жыцьця ў сучасным беларускім замежжы павінна пацьвердзіцца, выявіць сябе, стацца неабвержным фактам, які папроста нельга было б ігнараваць ні тут, ні на Беларусі—як нельга было ігнараваць наяўнасьць беларускай “несавецкай” літаратуры пры камуністах. Хто ведае, можа і ўзьнікне з часам нейкая “плыня” альбо “хваля”. Тым больш што найлепшая й найбольш унівэрсальная, на маю думку, фармулёўка ейнай магчымай праграмы ўжо існуе й належыць Уладзімеру Сьцяблевічу: “Перш за ўсё мы, як палітычная эміграцыя, апрача абароны беларускіх інтарэсаў і ймя, маем таксама іншыя задачы. Гэта—тварыць новае (курсіў мой—М.Шч.), даваць свой уклад у нашую нацыянальную скарбніцу, ствараць каштоўнасьці, якія сёньня, на жаль, не заўсёды могуць быць створаныя на паняволенай бацькаўшчыне.” Таму ад свайго ўласнага імя заклікаю беларускіх літаратараў на Радзіме й за мяжой самастойна й самаахвярна сьледаваць гэтаму закліку—замест таго, каб далучацца да нейкай зь літаратурных груповак, школаў, плыняў альбо хваляў.



(Footnotes)
1 А можа, ужо Скарынам? Ці нават яшчэ даўней—Гусоўскім? Дый хіба заўсёды беларусы эмігравалі толькі на Захад? Чаму, у такім выпадку, не залічваць да прадстаўнікоў эмігранцкай літаратуры беларускіх інтэлектуалаў 17-га стагодзьдзя ў Масковіі—Сімяёна Полацкага, Стахея Гадзалоўскага ды іншых?
2 Калі аўтар прапанаваў мне месца ў анталогіі літаратуры беларускай эміграцыі, дзе павінны былі быць пераважна рэпрэзэнтаваныя прадстаўнікі ейнай пасьвяваеннай хвалі, я адмовіўся, не жадаючы зьмешваць поймы й “прымазвацца” да пасьляваеннай генерацыі эмігрантаў. Але гэта зусім не азначае, што я “не лічу сябе эміграцыйным аўтарам”, як піша ў канцы кнігі Л.Юрэвіч.
3 Адсюль жа паходзіць асабліва распаўсюджаная сярод прафэсійнай беларускай інтэлігенцыі саўковая звычка думаць, што ўсе “сапраўдныя” й “сьвядомыя” беларусы павінны сядзець у Беларусі й нікуды ня рыпацца. Таму й некаторыя зь іх сьцьвярджаюць, быццам эміграцыя на Захад мае чыста эканамічныя прычыны—маўляў, эмігруюць туды, дзе “цяплей”, дзе “лепш” і г.д. (Гл. у прыватнасьці—Вінцэсь Ліпскі, “Архе” № 1-1999.) Зразумела, што чалавек, які паспрабаваў на Захад зьехаць і там “замацавацца”, можа толькі пасьмяяцца над такімі “дасьведчанымі” выказваньнямі. Да таго ж, упэўнены, што эміграцыя з такой краіны як Беларусь ня можа ня быць палітычна матываванай. А вось жаданьне сядзець у гэтай краіне на срацы ля мамы з татам мае якраз эканамічны падтэкст—бо ў сваім балоце, зразумела ж, зручней уладкавацца.
4 Варта дадаць, што такія “адкрытыя лісты” й выказваньні лішні раз ратавалі афіцыйных беларускіх пісьменьнікаў ад неабходнасьці ганіць і здаваць адзін аднаго. Дзіўна, чаму яны ўсё яшчэ не падзякавалі беларускай эміграцыі за тое, што яна давала ім выдатную нагоду для такіх выступаў.
5 “Нялёгкія адносіны паміж рознымі пакаленьнямі эмігрантаў складваліся нават у такіх гарадах, як Чыкага, дзе былі і беларускія арганізацыі, і беларускія выданьні.”
6 “З гэтаю мэтаю 6 траўня 1946 г. у Рэгенсбургу адбыўся зьезд прадстаўнікоў літаратуры й мастацтва, каб за
­класьці Беларускі (Крывіцкі) фронт літаратуры й мастацтва (ФЛіМ), які мусіў каардынаваць працу паасобных літаратурных ды мастацкіх групаў і садзейнічаць пашырэньню беларускага мастацтва на эміграцыі. Спроба далей за намер не пайшла...”

7 Янка Золак: “...выдавецкія магчымасьці беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў на эміграцыі — мізэрныя: у нас няма сталага беларускага выдавецтва на эміграцыі, і кожны наш літаратар, калі хоча выдаць сваю кнігу, у большасьці выпадкаў павінен карыстацца выдавецтвам «Выдайсам!» (г.зн. выдаць за свой кошт) або чакаць адпаведнае нагоды, пакуль тая ці іншая арганізацыя зьбярэ троху сродкаў і зробіць яму ласку.”
8 Вельмі дзіўна й прыкра, што, баронячы “масу”, то бок, пераважную большасьць прадстаўнікоў пасьляваеннай хвалі, сам аўтар кнігі ставіцца ў дачыненьні да пісьменьніка Сакрата Яновіча ў тую самую пазыцыю, што калісьці Антон Адамовіч у дачыненьні да Масея Сяднёва: імкнецца судзіць ягоныя асабістыя матывы. Гэты недарэчны выпад супраць С. Яновіча зьяўляецца, бадай, найвялікшым “ляпсусам” усёй кнігі.

© Макс Шчур, 2003

HA POCTAHI