Макс Шчур

РАЗБУРЫЦЬ МЕНСК,

альбо яшчэ раз пра мае нязгоды з Хадановічам

 

 

1.Пра любоў

“Не ў апошнюю чаргу ўзьнёсласьць душаў спазнаецца паводле чароўнага й фанабэрыстага глупства, зь якім яны нападаюць—наўпрост.”

Ніцшэ, “Духоўны арыстакратызм”

“За што ты ня любіш Хадановіча?”, кажа мне почасту адзін мой знаёмы беларускі інтэлектуал. “Ён жа такі харошы хлопец. І вершы добрыя піша...” “Ды люблю, люблю,” звычайна адказваю я. “Проста я зь ім нязгодны”. “Дарма ты так, дарма...”

А можа, уся справа ў тым, што я—хлопец “нехарошы”? Ці, як сказаў бы сам Хадановіч—“гоблін” (у адрозьненьне ад яго самога, які лічыць сябе “эльфам”)? Напэўна: як казаў Фуко, філосаф павінен мець дастаткова злой волі. Акрамя таго, я лічу, што права на нязгоду—мінімальны элемэнт дэмакратычнасьці ў любым асяродзьдзі, а ў творчым дык пагатоў. Так што на кожнага эльфа ці гвэльфа павінен знайсьціся свой гібэлін. І хаця ніводнае з палярных меркаваньняў (як у Палп Фікшн—“Элвіс ці Бітлз?”, “Макдональдс ці Бюргер-Кінг?”), магчыма, ня мае сэнсу само па сабе, бо “перад тварам вечнасьці яны аднолькавыя” (сказаў бы Борхэс), але сэнс, несумнеўна, мае сама спрэчка, якая, накшталт дробнай навальніцы, аздараўляе застаялае паветра літаратурных колаў.

У сваім артыкуле, які быў калісьці зьявіўся ў “Архэ”, я спрабаваў крытыкаваць не самога Хадановіча, а культ Хадановіча, які, як і кожны культ, ёсьць зьявай брыдкаватай і вельмі часта неабгрунтаванай. У гэтым артыкуле я паспрабую (на жаль, вельмі запозьнена) адрэагаваць на выказанае ім у артыкуле “Эпоха вялікай рэтардацыі” (2001 г.) бачаньне сучаснага беларускага літаратурнага працэсу—натуральна, адрознае ад майго.

2.Пра авангард і постмадэрн

“Калісьці і я на працягу некаторага часу лічыў, што ў сусьвета няма іншай мэты, як толькі спараджаць час ад часу паэта, здольнага ўсьпець яго ў бездакорных строфах.”

Х.А.Сільва, “Гутарка пры стале”

Я не лічу сябе знаўцам “Бумбамліта”. Тым ня менш, зь цікавасьцю сачу за творчымі праявамі гэтай банды болей і меней таленавітых таварышаў, у чымсьці ім зайздрошчу, у чымсьці наадварот. Але ў любым выпадку не магу пагадзіцца з ацэнкай, якую ім дае Хадановіч у сваім артыкуле “Эпоха Вялікай Рэтардацыі, альбо Беларуская паэзія заўтра”. Палямантаваўшы над тым, што “постмадэрнісцкай літаратуры ў нас ня склалася” (што, магчыма, самому Хадановічу неяк і замінае), ён амаль гвалтам, так бы мовіць, у прымусовым парадку запісвае “Бумбамліт” у постмадэрністы, аплікуючы такім чынам на іх калісьці модны і ўсё яшчэ мала каму зразумелы тэрмін, аб неабходнасьці ўжываньня якога так доўга гаварыў Акудовіч. Як мне здаецца, дык у постмадэрне разьбіраецца і постмадэрнам сур’ёзна цікавіцца толькі сам згаданы філосаф—прычым разумее яго таксама на свой капыл, з пэўнай адвольнасьцю. Менавіта ён і працуе над тым, каб экс-пост прыдумаць якуюсьці ідэялогію для “Бумбамліта”—тым часам як самі ягоныя сябры працуюць хутчэй над адваротнай задачай: над выслабаненьнем ад ідэялогіі. І ў гэтым, мне маніцца, палягае галоўная рыса, якая дазваляе мне аднесьці “Бумбамліт” хутчэй да позьняй праявы авангарду. Што да постмадэрністаў, дык іх у беларускай літаратуры сапраўды ня так і шмат (сябе я да іх, крый бог, не стасую)—найбольш яскравым зь іх зьяўляецца, як іначай, сам Хадановіч.

Каб зрабіць больш выразнай розьніцу між сучасным беларускім авангардам і постмадэрнам, параўнайма, напрыклад, тэарэтычныя погляды постмадэрніста Хадановіча з тым, што робіць “Бумбамліт”. У сваім артыкуле з 2001 г. Хадановіч, у прынцыпе, сыходзіць з артыкулу Джона Барта “Літаратура вычарпанасьці”, напісанага ў 1967 годзе—то бок, калі падумаць, даволі даўно, калі ані Хадановіча, ані бумбамлітаўцаў яшчэ не было на сьвеце—і заклікае беларускіх літаратараў да большага выкарыстаньня інтэртэкстуальнасьці: тая, як вядома, існавала ў літаратуры заўсёды, задоўга да Эліёта ці Джойса, але ж у беларускім асяродку, маўляў, праявіла сябе яшчэ недастаткова. Менавіта гэтая інтэртэкстуальнасьць ёсьць адной з найбольш характэрных рысаў літаратурнага постмадэрну.

Усё гэта было б цудоўна—калі б было не настолькі яўна, што Хадановіч, у адрозьненьне ад сваіх калегаў-авангардыстаў, разглядае беларускі літаратурны працэс як самамэту. З шаманскай апантанасьцю ён заклікае беларускага творцу быць “проста паэтам”, паводле прыкладу Малярмэ (алюзія на анэкдот пра “проста лася”, спадзяюся, зразумелая чытачам-постмадэрністам), і “далучацца”, уключыцца ў гульню па будаваньні нейкага свайго беларускага літаратурнага Буда-Кашалёва. Тут жа ён прапаноўвае маладым беларускім літаратарам шэраг рэцэптаў, паводле якіх, ён лічыць, павінна гатавацца ўсебакова насычаная страва будучай беларускай літаратуры. Нельга не пазайздросьціць ягонаму будаўнічаму імпэту: усе праблемы тэорыі вырашаныя, рэцэпты прыдуманыя даўно і ня Хадановічам, трэба толькі іх выконваць. А што калі “глыбока па Гільдэрстэрну” ўсе пакемоны? Значыцца, не адпавядаеш аўтараву бачаньню “сьветлай будучыні”. Атрымай наганяй:

“Вось толькі на чым грунтуецца сьвятая перакананасьць аўтара, што ягоная ўласная творчая прыбіральня цікавая ўсяму засталаму сьвету?”,

піша Хадановіч пра Жыбуля. І тлумачыць, пяшчотна-бацькоўскім тонам добрага дзядзечкі псіхіятра:

“...беларускі постмадэрнізм, як кожны падлетак на пэўным этапе свайго сталеньня, перажывае складанасьці, характэрныя для пераходнага ўзросту. Глісты, мерцьвякі, кава са спэрмаю й кроў, кроў, кроў, якія зрабілі сваёй зброяй маладыя літаратары, прынесьлі пэўную вядомасьць іхным аўтарам, але наўрад ці надалі папулярнасьці беларускаму слову... Творчасьць нашых маладых літаратараў—безумоўна, варыянт постмадэрнізму, але ж, так бы мовіць, варыянт дзіцячы.”

Тут павінен умяшацца й сказаць: ёсьць такія, якім, як напрыклад мне, нашмат больш цікавыя тэксты Жыбуля, чымся перапіска Хадановіча й Чакраборці са Шварцнэгерам. Чаму? Таму што, на маю думку, гульні авангарду—больш азартныя й рызыкоўныя за прыстойныя й цнатлівыя “вялікія гульні” постмадэрну, прапанаваныя Хадановічам: іхны сэнс ня ў тым, каб пахваліцца ўласнай начытанасьцю, а ў тым каб разбурыць зьмест дыскурсу тут і цяпер—шляхам разбурэньня ягонай формы, што ёсьць справай зусім не дзіцячай. Гэтага Хадановіч, які дбае пра “папулярнасьць беларускага слова”, зразумець ці то ня можа, ці то, хутчэй, ня хоча. Бо ў адрозьненьне ад постмадэрну ў паданьні Хадановіча, беларускі авангард разумее эсэнцыяльную бязмэтнасьць культуры (гэтае разуменьне таксама ёсьць часткай эўрапейскай традыцыі, ад Рэмбо да Томаса Бэрнарда), якую цудоўна выяўляе ў сваіх тэкстах, пагарджаючы ня толькі культурай масавай, але й так званай “высокай”—з дапамогай якіх заклікае “ратавацца” Хадановіч. Таму я б назваў увасоблены ў “Бумбамліце” беларускі авангард (наперакор Акудовічу) хутчэй контр-постмадэрнам ці пара-постмадэрнам—зьявай хоць і саматужнай, але, калі задумацца, дык даволі унікальнай і для беларускай літаратуры жыцьцёва важнай. Гэтая зьява абавязаная, магчыма, менавіта недакультываванасьці беларускай літаратурнай прасторы ў другой палове ХХ стагодзьдзя, аб якой (недахоп перакладаў) гаворыць і Хадановіч. Гэта не азначае, што ў нас у свой час не было сваіх постмадэрністаў: “Дзікае паляваньне” Караткевіча ёсьць, на маю думку, адмысловым прыстасаваньнем “Баскервільскага сабакі” да беларускай мінуўшчыны, а Янка Маўр яшчэ ў 1947 годзе напісаў апавяданьне “Васька Жукаў”, якое ёсьць папросту акадэмічным прыкладам інтэртэкстуальнасьці. Што да “дзяцінскасьці” маладой беларускай літаратуры 90-х гг. мінулага стагодзьдзя, дык варта нагадаць сп. Андрэю, што Менск—гэта яшчэ ня ўся Беларусь. Гэтаксама і беларуская літаратура пры нармалёвых умовах яе разьвіцьця нядоўга застанецца абмежаванай на толькі тое, што ствараецца й выдаецца ў Беларусі.

Зразумела, што існуе процьма кропак судакрананьня між авангардам і постмадэрнам—апошні пераняў ад першага некаторыя ягоныя рысы, якія асабліва выразна выяўляюцца ў мастацтве, што ў сваім цалку, ільга сказаць з пэўным перабольшаньнем, выйшла з шынэлю Марсэля Дзюшана. Акрамя таго, менавіта авангард пачатку ХХ стагодзьдзя, разам з фройдызмам і франкфурцкай школай, паўплываў на фармаваньне постмадэрнісцкай філасофіі й літаратурнай тэорыі. Таксама ў літаратуры постмадэрнізм ёсьць працягам аналітычных тэндэнцыяў мадэрнізму-авангарду, хіба толькі на іншым узроўні мовы—(інтэр-)тэкстуальным (гл. мой ювэнальны артыкул “Росквіт і заняпад беларускага літ.авангарду” ў тым самым зборніку). Што да “моднага цытаваньня Борхэса”, дык мімаходзь адзначу, што літаратурны постмадэрнізм сыходзіць ня столькі з Борхэса, колькі зь неразуменьня Борхэса (гэтак лічыць, апроч мяне, і вядомы чэскі літаратуразнаўца Эміль Волэк—артыкул “Борхэс-постмадэрніст?” у 25 нумары часопісу “Svet literatury” за 2004 год), ці з абмежаванага веданьня Борхэса (прыклад—ужо згаданы Джон Барт). У прыватнасьці, забываецца ці недаацэньваецца той факт, што перад тым як стацца “бацькам постмадэрну” Борхэс быў выбітным прадстаўніком гішпанамоўнага авангарду—“бацькам аргентынскага ультраізму”. Дзякуючы гэтаму тую ж інтэртэкстуальнасьць Борхэс у сапраўднасьці разумее нашмат шырэй (хутчэй у духу “Бумбамліта”, чым у духу Хадановіча), аб чым у свой час казаў прафэсар Гільермо дэ Торо: Борхэс сам стварае сваіх папярэднікаў, а не нападабняе іх. Але гэта ўжо тэма для больш сур’ёзнай дыскусіі, вольнай ад папярэдне дадзеных і “агульнапрынятых” аксіёмаў.

Дадам: і я далёкі ад таго, каб сёньня капіяваць экспэрымэнты пачатку ці канца мінулага стагодзьдзя. Таму й мая рэакцыя на “Бумбамліт” была падобная, крытычная—але з палярна іншых прычынаў, чым у Хадановіча. З гледзішча Х. яны перагібаюць палку, з майго—недагібаюць. Х. заклікае іх пісаць па-беларуску лімэрыкі—я заклікаю іх зусім не пісаць!

Як я спрабаваў цьмяна давесьці ў артыкуле пра “Росквіт і заняпад”, на чыста фармальным узроўні авангард займаецца ўзаемадачыненьнямі абсурду й логікі: рацыяналізацыяй абсурду, а з другога боку—выяўленьнем абсурднасьці рэчаіснасьці й самога розуму. Асабіста я лічу, што гэта—першапачатна не зусім мастацкая задача, а калі й так, дык чыста фармальная, то бок, задача другога плану. Але хтосьці быў папросту павінен выклікаць з прадоньня пачварны прывід ненароджанага беларускага авангарду! Таму—слава Жыбулю! Гэтаксама як хтосьці павінен быў напісаць лімэрык пра “камсамольца з Чачэрску”... (дарэчы, апошнія публікацыі Хадановіча ў ягоным "прыдворным" ARCHE сьведчаць аб усё большым адхіле ў бок менавіта авангарду).

Постмадэрнізм схільны разглядаць згаданыя выразовыя пошукі авангарду як гульню, і менавіта гэтая гульлівасьць/гульнёвасьць = гульлёвасьць (ці гульнівасьць?) імпануе Хадановічу ў бумбамлітаўцаў. Аднак як толькі хтосьці дазваляе сабе ў гэтых гульнях “зашмат” (Жыбуль, Морт), Хадановіч адразу паказвае яму “сваё месца”, урэзвае—з пазіцыі якогасьці акадэмізму, як у анэкдоце пра віконта дэ Бражэлона, на што ў Хадановіча, мне здаецца, няма ні права, ні абгрунтаваных падставаў. А як ужо абрыдлі гэтыя вечныя расчуленыя возгры з нагоды “нясталасьці” й “маладосьці”! Рэкамэндую ў гэтым пытаньні зрабіць паварот на 180 градусаў—ад Хадановіча да Гомбровіча.

3.Пра нацыянал-аптымізм і нацыянал-пэсімізм

“Я падыходжу да паляка й кажу яму: -Перад Ёй ты кленчыў усё жыцьцё. Паспрабуй зрабіць усё наадварот. Паўстань. Падумай аб тым, што ня толькі ты павінен служыць Ёй, але й яна павінна служыць табе, твайму разьвіцьцю. Таму пазбаўся празьмернай любові й пашаны, якія цябе зьвязваюць, і паспрабуй вызваліцца ад нацыі... Ты павінен вырашыць (таму што іначай сёньня ўжо немагчыма), што ёсць для цябе найвышэйшай каштоўнасьцю: Польшча альбо ты сам.”

“А яшчэ мне ясна, што з панам Гётэлем мы ніколі не паразумеемся, таму што яго турбуе Польшча, тым часам як мяне—палякі. Гётэль да такой ступені абцяжараны Польшчай, што нават аб посьпеху Конрада ці Кюры-Складоўскай разважае выключна з гледзішча прапагандысцкай значнасьці—наколькі яны спрычыніліся да папулярызацыі Польшчы ў замежжы.”

Гомбровіч, “Дзёньнік”

Думаю, што галоўная розьніца ў нашых з Хадановічам пазіцыях мае палітычную прычыну. Было б дзіўна, што ў эпоху “крызісу апавяданьня” постмадэрніст Хадановіч усьпявае ў якасьці прыкметы “вытанчанага густу” наратыўны прыём рэтардацыі—калі б гэта не было ясным доказам ягонага памкненьня самому пабудаваць нейкае татальнае апавяданьне. Назва гэтага апавяданьня—“Беларуская літаратура заўтра”, і яно ёсьць неад’емнай часткай праекту “Будучай Беларусі”. Мэтай гэтага праекту ёсьць стварэньне “нармалёвага” грамадзтва, “нармалёвай” культуры, “нармалёвай” дзяржавы. Як ні прыкра, але здаецца, што менавіта ідэолагам гэткага “ўра-будаваньня” ў літаратуры й зьяўляецца Хадановіч, заклікаючы ўсіх астатніх стацца часткай гэтага апавяданьня. Ствараецца новы істэблішмэнт, які сам рэпрадукуе сябе, сам фармуе свой імідж. Аптымізм ягоных прадстаўнікоў ня мае іншага вытоку, чым сама прыналежнасьць да гэтага істэблішмэнту.

Сумна ня тое, што існуе гэткі нацыянальны праект—сумна, што ён прэтэндуе на ўсеабдымнасьць, традыцыйна імкнучыся не заўважаць наяўнага ў беларускіх колах нацыянал-пэсімізму. Пэсімізм гэты грунтуецца на дзьвюх рэчах: 1) на скепсісе да культурнай канцэпцыі нацыі (культурнага нацыяналізму), які дамінуе зараз у беларускім інтэлектуальным асяродзьдзі; 2) наогул, на недаверы да ўсялякай нацыі, усялякага грамадзтва, усялякага дыскурсу—адной з галоўных рысаў контаркультуры.

Сапраўды, чым ёсьць “нармалёвыя” нацыянальныя літаратуры сёньня? Клюбамі па інтарэсах, якія кантралююцца выдавецтвамі. Індустрыяй. Мы жывем у пару заняпаду культуры, нягледзячы на ўсе гранты й пэрфомансы. Вось яно, сапраўднае аблічча эпохі постмадэрнізму. Грамадзкая значнасьць “высокай” культуры непараўнальная са значнасьцю Галівуду—у гэтым сапраўдная прычына як нутраной, так і вонкавай “неканвэртабельнасьці” беларускай літаратуры, аб якой гэтак клапоціцца Хадановіч і якая, адзначым, таксама ня ёсьць найвялікшай мэтай (гл. вышэй цытату з Гомбровіча).

Задача ня ў тым, каб ствараць беларускі клон “эўрапейскага духу” ці “ўсясьветнага постмадэрнізму”, ня ў тым, каб прыдумляць беларускі інтэрфэйс для ўжо існай (і састарэлай) праграмы. Задача ў тым, каб ствараць—але пры гэтым празьмерна ня давярайма “вясёлым ідэялагемам” мінулага стагодзьдзя: давярайма ўласнай творчай інтуіцыі, калі яна толькі ў вас ёсьць. “Ствараць азначае крочыць наперад выключна сваім шляхам, і нішто апроч гэтага”, сказаў Ладыслаў Кліма. Будуйма паводле ўласных рысункаў—ці не будуйма зусім. А калі й трэба нешта разбурыць, дык пакіньма Парыж французам альбо тамтэйшым імігрантам: нашай задачай ёсьць перадусім разбурэньне Менску.

 

© Макс Шчур, 2005

HA POCTAHI