Макс
Шчур
НЕКЛАСІФІКАВАЛЬНЫ
КЛАСІК: АЛЕСЬ РАЗАНАЎ
Сяргей Дубавец неяк
сказаў пра Алеся Разанава, што паэты генерацыі “Тутэйшых” напрыканцы
80-х гг. рушылі ў літаратуру ягоным шляхам. Гэта, бадай, бясспрэчна
- калі разумець ролю Разанава перадусім як ролю рэфарматара паэзіі.
Аднак Разанаў ня быў бы Разанавым, калі б вызначэньне значнасьці ягонай
творчасьці ня ўтрымлівала пэўнага парадоксу: мне чамусьці здаецца, што
адначасова шлях Разанава ёсьць у нейкім сэнсе і адваротным шляхам -
шляхам не ў літаратуру, а зь літаратуры - кудысьці па-за ейныя межы.
Куды ён вядзе—на ўсход, на захад? У сьвет? Хутчэй, “палову жыцьця ў
сьвет, палову—са сьвету”, то бок, у бязьмежжа. Бязьмежжа, зразуметае
літаральна як адсутнасьць Мяжы—а таксама фігуратыўна як іррацыянальнасьць.(Пра
важнасьць слова Мяжа: калі адзін сучасны кампазітар-авангардыст папрасіў
паэтаў многіх эўрапейскіх моваў выбраць у сваёй мове адзінае слова,
на падставе якіх ён потым зьбіраўся напісаць сімфонію, Разанаў параіў
яму менавіта беларускае слова Мяжа—нездарма ён сам апавядаў пра гэта
са змоўніцкай усьмешкай уваччу...)
У Разанаве ўражвае,
перадусім, ягоная некампраміснасьць. Ён супрацьпастаўляе сябе традыцыі
з усёй рашучасьцю і з усёй сур’ёзнасьцю. Мяжа, якую Разанаў імкнецца
пераступіць—гэта мяжа сьвядомасьці, мяжа логікі. Нездарма ягоныя вершаказы
нагадваюць сны, ствараюць гіпнатычную атмасфэру сну—гэта тэкст чалавека,
які праграмова пазбавіўся ўсялякай “асабістасьці”, “адметнасьці”, каб
стацца голасам “трансцэндэнтальнага суб’екту”...
Менавіта радыкальнасьць
павароту ад чыстай літаратуры да пераадоленьня літаратуры зрабіла з
Алеся Разанава найбуйнейшага беларускага авангардыста сучаснасьці. У
адрозьненьне ад “бумбамлітаўцаў”, гэта авангардыст крыху “састарэлага”
ўзору, амбасадар эпохі Апалінэра і Брэтона ў сучаснасьці, якому чужы
постмадэрнісцкі гумарок ягоных маладых калег (іх Разанаў, дарэчы, вельмі
цэніць), які мае неадольную схільнасьць да сур’ёзнага ўспрыняцьця жыцьця,
сябе, сьвету, вакольнага хаосу... “У Эўропе мне няма роўных”, кажа ён,
і мае рацыю—постмадэрн пасьпеў прывучыць заходніх літаратараў да скепсісу
ў дачыненьні да творчага пачатку, які зьяўляецца для Разанава самым
галоўным. Таму сёньня, у пару ўсеагульнай творчай расхлябанасьці, далёка
ня кожны здольны вытрымаць усёразбуральны інтэлектуальны тэмп, дыктаваны
ім.
Вершы Разанава, як
кнігі ў апавяданьні Борхэса пра “Тлён” альбо ў радкох Дао-Дэ-Цзын, утрымліваюць
сваю супрацьлегласьць, сваё абвяржэньне, адлюстраваньне. Разанаў увесь
час гуляецца з апазіцыямі таму, што сьвядома імкнецца да ўсёабдымнасьці
Абсалюту. Ягоная фрагмэнтызаваная паасобным жанравым выданьнем творчасьць
насамрэч мае ўсе рысы татальнай—гэта адмысловы таталітарызм: Абсалютны
Дыктат Абсалютнай Свабоды. Яшчэ таму, на маю думку, Разанаў паэт вельмі
вэрбальны, слухацкі—у часе чытаньня ягоныя словы, глыбока срослыя зь
ім самім, сустракаюць толькі супраціў паветра, тым часам як у друкаваным
выглядзе абмяжоўваюць самі сябе, абмяжоўваюцца старонкамі, знакамі прыпынку...
Калі Разанаў і пагаджаецца на нейкія рамкі, дык толькі на рамкі прыдуманых
ім самім (!) жанраў. “Літаратура”, “традыцыя” ці “авангард” для яго—словы,
якія нічога не азначаюць. Творчае “Я”, ягоны дыктат—для Разанава ўсё.
Менавіта таму няма
сэнсу нагадваць Разанаву пра ягоных папярэднікаў—ад “Заратустры” Ніцшэ
да Гомэса дэ ля Сэрны, чые грэгэрыі, як на мой погляд, ня меней блізкія
да Разанаўскіх пункціраў за японскія хайку, ці там пра Вісэнтэ Ўідобра,
стваральніка блізкага разанаўскаму духу “крэацыянізму”... Яго самога
гэта няздольнае зацікавіць, хаця для літаратуразнаўцы гэтыя паралелі
могуць быць надзвычайна прывабнымі. Напрыклад, той факт, што Разанаў
імкнецца пазьбягаць некаторых словаў, перадусім абстракцый—ягоны стыль
мысьленьня, здаецца, з дакладнасьцю капіруе стыль Брэтонаўскіх маніфэстаў,
дзе абстракцыі перадаюцца з дапамогай апісаньняў, пабочных сказаў кшталту
“тое, што...” і г.д. Нелюбоў Разанава да абстракцый і ягоная любоў да
рэчаў маюць штосьці агульнае таксама і зь любоўю імаджыстаў да канкрэтыкі,
і асабіста Паўнда—да дакладных вобразаў “раскладных” абстрактных поймаў
кітайскага пісьма...
Але галоўнае, бадай, што ніводная з гэтых рэчаў ня можа растлумачыць
Разанава—ён увабраў у сябе ўвесь заходні літаратурны авангард не ў ягонай
зьнешняй, агульнадаступнай тэкстуальнай форме, а як Ідэю, да разуменьня
ўсемагутнасьці якой дайшоў сам у выніку свайго самастойнага духоўнага
разьвіцьця (у гэтым, бадай, ягоная галоўная розьніца з “Тутэйшымі”).
Калісьці ў “Нашай
Ніве” быў апублікаваны тэкст, які называў Васіля Быкава “апошнім пісьменьнікам
Эўропы”—тэкст быў адным з эпізодаў у спробе намінаваць яго на Нобэлеўскую
прэмію. Дык вось, сёньня ў беларускай літаратуры адзіным сапраўдным
эўрапейцам, які размаўляе з эўрапейскай паэзіяй ейнаю мовай, ці прынамсі
яе найбольш пашыраным дыялектам—мовай авангарду ХХ стагодзьдзя, і менавіта
таму мог бы мець рэальныя шанцы на атрыманьне вышэйзгаданай прэміі,
зьяўляецца менавіта Разанаў. Гэта паэт, які зьядноўвае нас з Эўропай
не пасярэдніцтвам колькасьці перакладаў, а пасярэдніцтвам самога свайго
творчага спосабу мысьленьня. Разанава можна было б “раскруціць” зь вялікім
посьпехам, калі б толькі ён ня быў настолькі складаны, апалітычны, непрыстасоўны...
Усё вышэйшае—пра вартасьці Разанава як жывога класіка авангарду, сустрэцца
зь якім—гэта тое самае, што сустрэцца з самім Трыстанам Царам ці Паўндам...
А цяпер пра тое, што я асабіста яму закідаю: гэта ня столькі ягоная
бязьмежная вера ва ўласны творчы пачатак і ў заўсёдную плённасьць Разьняволенасьці
і Нязмушанасьці (гэтую веру я сам страціў гадоў 15 таму і не шкадую
аб гэтым), колькі ягонае абсалютнае супрацьпастаўленьне творчага Я і
традыцыі, якое падаецца надзвычай лагічным на першы погляд, але я пакідаю
за сабой права лічыць гэтае супрацьпастаўленьне недыялектычным і ў чымсьці
сафістычным—да такой высновы я прыйшоў даволі даўно, парадаксальна,
недзе ў той самы год, калі атрымаў ад самога Разанава ў часе нашай першай
сустрэчы аўтограф у асобніку “Вастрыя стралы”...
Прызнаюся, што цяпер, якімі 15 гадамі пазьней, я нашмат больш кансэрватыўны
за свайго старэйшага калегу—хоць, магчыма, гэтым яго і расчарую. Але
ў мяне ёсьць, я думаю, грунтоўныя падставы для такога перакананьня.
Як пісаў Борхэс, чужыя кнігі лепей перадаюць мяне; маё творчае Я таксама
можа ўбіраць у сябе традыцыю, выплываць зь яе і быць яе часткай—больш
таго, калі гэта насамрэч Творчае Я, яно ня можа зь ёю не камунікаваць
(гэтаксама я камунікую з тэкстамі самога Разанава). Пішучы нашмат больш
традыцыйныя ў параўнаньні з разанаўскімі вершы, я зусім не адчуваю,
што выказваю сябе горш альбо ў меншай ступені, альбо што выказваю не
сябе. Магчыма, у адрозьненьне ад Разанава, я вяду дыялог са сьветам
не наўпрост, а збольшага пасярэдніцтвам іншых тэкстаў, артэфактаў—магчыма,
я не настолькі замілаваны сьветам, як ён, не настолькі адчуваю сябе
яго часткай... Але, як вядома, менавіта паэтам наканавана “адобрыць
сьвет”, і ў гэтым сэнсе Алесь Разанаў быў, ёсьць і будзе паэтам par
excellence.
Паэзія, паводле Нортрапа
Фрая, мае ў сваім падмурку ідэю еднасьці ўсіх рэчаў сусьвету. Паводле
іншых, у яе падмурку ляжыць ідэя чыстай Красы. У Разанава прысутныя
абодва гэтыя разуменьні паэзіі: першая—у вялікіх тэкстах, другая—у карацейшых.
І калі першыя я разумею меней, то некаторым з другіх папросту зайздрошчу.