Макс
Шчур
ЛІСТ
ПРА КУЛЬТУРУ КРЫТЫКІ
Год таму выйшла
мая паэтычная анталёгія “Раньні збор”. Нягледзячы на спрэс станоўчыя
рэакцыі, сярод якіх асабліва пацешылі водгукі Бахарэвіча
(які крыху пасьпешліва назваў мяне “беларускім Бродскім”) і Хадановіча
(які паабяцаў узяць гэтую кніжку на бязьлюдную выспу ў агульным кантэйнэры,
які формай і зьместам падазрона нагадвае Нацыянальную бібліятэку), розгаласу
ў мэдыях яна практычна ня мела, калі не лічыць двух інтэрвію—для “Начной
Свабоды” і Радыё Швэцыя. У Беларусі пра кнігу ўзгадалі два выданьні:
“Новы час”, дакладней—яго дадатак “Літаратурная Беларусь”, а
таксама любімы мною “Партызан”. Першы водгук быў прыязны, аднак
хутчэй на ўзроўні эмоцый, тым часам як другі паставіў перад сабою непасільную,
на мой погляд, для ягонага аўтара мэту больш глыбокага і насамрэч крытычнага
аналізу твораў невядомага яму паэта. Прапаную вам ніжэй мой водгук “па
гарачых сьлядох” прачытаньня рэцэнзіі.
*
Хачу выказаць сваю падзяку Канструктыўнаму крытыку за ягоную рэцэнзію
на маю кнігу: даўно я так не сьмяяўся. Перадусім, з самога ягонага псэўданіму:
удалая жартаўлівая мянушка для аўтара, які на працягу ўсяго тэксту займаецца
“дэканструкцыяй” маіх уласных прадмоваў. Дый як можна канструктыўна
крытыкаваць, прачытаўшы толькі першыя старонак 30 кнігі. Пазабавілі
мяне і ягоныя тэарэтычныя веды ў паэзіі, перадусім расейскай, хаця іхнага
дачыненьня да мяне (за выключэньнем згадкі пра Пастэрнака і сюррэалізм)
я так і не зразумеў. Таксама ўдзячны за фразы кшталту “аўтар забыўся
на ўласны стыль” (!—цікавае разуменьне мэты паэзіі як “усьвядомленай
неабходнасьці” будаваньня ўласнага стылю ў поце твару і іншых месцаў)
альбо “там усё-ткі ёсьць сапраўдная паэзія” (маюцца на ўвазе, відаць,
тыя ж самыя першыя 30 старонак). Адным словам, мне падалося, што ў рэцэнзіі
Канструктыўнага крытыка ўсюды там, дзе ёсьць канструктыўнасьць, няма
крытыкі, ня кажучы ўжо пра нейкую крытычную мэтоду, ёсьць толькі асабістыя
чытацкія сымпатыі—і наадварот. Насамрэч, варта было сапсаваць друкарскай
фарбай цэлую старонку якаснай паперы, каб такое спарадзіць.
Не зразумеў я толькі
фразы пра “адсутнасьць нутраной паэтычнай культуры” (“Ого!”, сказаў
я сабе. “Жорсткая размова, заяўка на новы літаратуразнаўчы тэрмін,”)—калі
аўтар разумее пад гэтым тую “паэтычную культуру” ці хутчэй індустрыю,
якая склалася ў апошнія гады ўнутры Беларусі, то я насамрэч маю гонар
да яе (ня толькі як эмігрант) не належаць (незалежнасьць, магчыма, ёсьць
перадусім якраз непрыналежнасьцю—чаго пра майго крытыка сказаць ну ніяк
нельга). Таму, на жаль, і прыходзіцца складаць “прыжыцьцёвы збор твораў”
ды ладзіць для такіх чытачоў і крытыкаў храналягічныя экскурсы ва ўласнае
творчае разьвіцьцё на працягу апошніх 10-15 гадоў, як што за гэты час
практычна немагчыма знайсьці маіх паэтычных публікацый у беларускіх
выданьнях, а тым больш нейкіх іхных разбораў. Зрэшты, ня бачу прычыны,
па якой я б за ўласныя грошы ня мог дазволіць сабе раскошу запоўніць
гэты прабел.
Але рэшта думак, якія
прыходзяць у сувязі з памянёнай рэцэнзіяй, ужо ня ёсьць такой сьмешнай.
Я заўсёды скептычна ставіўся да публічнасьці і публікацый, і насуперак
самым найлепшым спадзяваньням кожны такі “водгук” пераконвае мяне, што
я не памыляўся. Сапраўды, чаму так атрымліваецца, што ўсё часьцей пад
файнай вокладкай хаваецца калі не абсалютная пустата, дык нейкі недасьпелы
плён павярхоўных развагаў? А тым часам патэнцыйны чытач чакае, верагодна,
якогасьці аналізу... Зрэшты, што да майго выпадку, то я лічу, што наяўнасьць
прынамсі якойсьці крытыкі кампэнсуе да пэўнай ступені адсутнасьць крытыкі
канструктыўнай—спадзяваймася, і яе мы неўзабаве дачакаемся. Таму яшчэ
раз дзякую Канструктыўнаму крытыку за тое, што ягоная вялікасьць задала
сабе працу з аналізам маіх твораў. Дзякуючы яму я ў чарговы раз пераканаўся,
што даўгатэрміновае ігнараваньне спараджае ігнаранцыю, то бок—невуцтва.
Таму хоцькі-няхоцькі прыйдзецца вярнуцца да няўдзячнай працы на ніве
азнаямленьня чытачоў з уласнымі творамі, пакуль гэта мне канчаткова
не абрыдне і я ня вырашу заняцца чымсьці больш практычным.
©
Макс Шчур, 2007
