Франсіско дэ Кэвэдо (1580-1645)

ВЫБРАНЫЯ САНЭТЫ

Й ПЕСЬНІ

 

 

Аўтаграф аднаго з Кэвэдавых санэтаў

 

Аўтар спазнае сілу часу й сутнасьць сьмерці,
спагоншчыцы пазыкаў

Як паміж пальцаў час мой выцякае—
Пясок так хутка не бруіць, паверце!
Які ж ціхуткі крок у жорсткай сьмерці,
Што ступаком усё зь зямлёй зраўняе!

Як дзік, яна мур цела падрывае,
Хоць маладосьць схавацца спадзяецца
За ім, але наперад бачыць сэрца
Апошні дзень, што ў будучым лунае.

О, лёс! Сьмяротнасьці наканаваньне!
Хацець дажыць да заўтра немагчымасьць,
Каб не спрыяць пры гэтым уміраньню!

Жыцьцё ёсьць канфіскацыяю, чым даць
Сьмерць зразумець імкнецца існаваньню
Крохкасьць ягоную, мізэрнасьць і нікчымнасьць.

Наконт жаночага ўзросту

Зь пятнаццаці да дваццаці—яшчэ падлетак,
У дваццаць пяць—дзяўчына, радасьць воку,
У трыццаць год—кабета ў самым соку.
Шчасьлівы той, хто зь ёй наробіць дзетак.

У трыццаць пяць ужо ня ўсьцешыць гэтак;
Ды зь перцам-сольлю пойдзе без папроку;
Адылі ў сорак год—пачне патроху
Зьбірацца ў кляштар да анахорэтак.

У сорак пяць—самотніца, празь меру
Бурчыць, гугнявіць, раніць словам кожным.
Зь пятым дзесяткам кідаецца ў веру,

А праз пяць год яна—сама набожнасьць:
Дзяўчо, кабету, бабцю ды мегеру,
Сьвятую й ведзьму чорт бярэ на рожны.


Рыму, ператворанаму ў руіны

Шукаеш Рым у Рыме ты, паломнік,
І ў Рыме не знаходзіш Рым стары:
Памерлі ганарыстыя муры,
І Авентын—свой надмагільны помнік.

Больш Палатын ня княжыць векапомны;
Час рымскія манеты зазубрыў,
Загнаў у іх глыбока пазуры,
Бы ў латаў медзь, калісьці непраломных.

Застаўся толькі Тыбр, якога хвалям
Жывіць цябе калісьці давялося,
Як зараз над табой сыходзіць жалем.

О, Рым! З таго, што ўткала тваю ўзьнёсласьць,
Зькніла ўсё тое, што было трывалым,
Няўлоўнае адзіна засталося.


Сэнэка вяртае Нэрону скарб,
які той даў яму ў падарунак

Спадар, гэтай заганнай рэчы цноту,
Гэтую душу ўсіх людзкіх памкненьняў;
Узнагароды гэтай прыніжэньне,
Нікчэмнасьць ейную, салодкую турботу,

Мэталу гэтага мізэрную вабноту,
Уяўнай усемагутнасьці зіхценьне,
Вяртаю, бо любое надзяленьне
Зайздрасьць людзей ператварае ў псоту.

Вазьмі яго, Нэрон: мудры нашчадак
Уцяміць, што прыняць яго больш варта
Чым даць было, а мне—вярнуць дар царскі,

Бо вырашыць, што ты быў неашчадны
З тым, хто да грошай не хаваў пагарды,
І гэтым варты быў царовай ласкі.

Паказвае, як усё прадвяшчае нам сьмерць

Я на муры зірнуў сваёй айчыны
Калісьці моцныя, што зараз з кожным годам
Ваююць з часу хуткім карагодам,
Які ім дадае адно маршчыны.

У поле выйшаў: сонейка з лагчыны
Піло ручай халодны, яшчэ зь лёдам;
Спускаліся з гор статкі цяжкім ходам,
І дня сьвятло скрадалі гор вяршыні.

Прыйшоў дадому: мой утульны дом
Нібы варожы перажыў напад;
Цела на крохкі кій не абаперці.

Я шпагу здаў тады сваім гадом,
І не знайшоў нічога мой пагляд,
Што не нагадвала б яму аб сьмерці.

Бестурботнасьць вясёлага жыцьця,
якое зьнянацку засьпявае сьмерць

Жыцьцё—шпацыр, што доўга не трывае,
Ліко, яно—ўміраньне твайго цела,
Дзе маладосьць шчэ ўчора толькі днела,
І дзе штомоманту яно сябе хавае.

Жыцьцё—толькі нішто, што забывае
Ўва што яно ператварыцца б мела
Так хутка; самаўпэўненасьць хацела б
Ягоная заўсёды быць жывая.

Падманута надзеяй-жартаўніцай,
Ва ўласных заблукалае хімерах,
Яно на рыф наткнецца раптам, быццам

Марак, што бестурботна мкне наперад,
І так і не пасьпее прахапіцца,
Калі раней чаканьня ўбачыць бераг.

Выкрыцьцё падманлівай зьнешнасьці
шляхам разгляду праўдзівай сутнасьці

Гігант надзьмуты твой пагляд чаруе,
Што з гонарам выкрочвае цяжэнна?
Ведай: нутро ягонае—анучы й сена,
Ім парабак зьсярэдзіны кіруе.

На свой капыл жыве ён і царуе,
Куды заўгодна павярне імгненна,
Але зірнуўшы зблізку, несумненна
Ты ўбачыш, што ён веліч сімулюе.

Такой тыранаў слава абярнецца,
Выток самападману невычэрпны,
Зіхоткасьць пазалочанага сьмецьця,

Што ў перлах і барве сьмяецца чэрні.
Няўжо табе ён велічным здаецца?
Ведай: нутром ён гнюс, дзірван і чэрві.

Тлумачыць, чаму той, хто мае шмат грошай,
яшчэ ня ёсьць багатым

Збаўленьне сквапнасьці, не прыбаўленьне злотых,
Мой Казімір, дае людзям багацьце.
У Тыравых сапфірах можаш зьзяць ты
І не знайсьці сапраўднай асалоды.

Ты кажаш, што ты пан сабе? Ды што ты!
Зьсярэдзіны цябе хацеў бы ўзяць я:
Я бачу, што ты раб уласных жарсьцяў,
Вязень уласнае грахоўнае прыроды.

Грошы дапяць павінны трона духу;
Ня дух спусьціцца ў золата нару,
З Богам раўняць дарэмна пацяруху.

Адкрый падман багацьця, паўтару:
Бракуе (неба шэпча мне на вуха)
Беднаму—шмат, і ўсё—багатыру.

Сябру, што правёў сваё жыцьцё
ўдалечы ад каралеўскага двара

Шчасьлівы ты, які ў сваёй пячоры
Ўвесь век прадыхаў аўрай духу блізкай,
Тваёй магілай і тваёй калыскай
Ёсьць саламяны дах, пакой суворы.

У гэтым ціхім закутку, каторы
Сонца азорвае нязьменным бліскам,
Дзе ціша—лепей рады таварыскай,
І дзень, здаецца, мае больш прасторы.

Не, не лічы гады паводле ўлады,
Твой календар—сялянскіх дзён сувой,
Ты свайго сьвету гаспадар сапраўдны.

Няведаньне дае табе спакой;
Ня ўзнагародам ты, пагодзе рады,
І чым ты меней, зьмест тым большы твой.

Наконт жыцьця, заўжды кароткага й няўлоўнага

Усё ў нас назаўсёды адбірае
Жыцьцё кароткае, нягледзячы на збожнасьць,
На сталі цьвердзь, на мармуру сьвяточнасьць,
Што супраць часу біцца дзёрзкасьць мае.

Моц пары ног шчэ цела не трымае,
А ўжо насустрач сьмерці яны крочаць
Дарогаю жыцьцёвай, чый цурочак
Нарэшце чэрань мора выпівае.

Кожны кароткі момант—доўгі крок,
Што я раблю да болю таго дня,
Стаю ці сплю—насустрач пасьпяшаю

Я ўздыху кволаму, што спадчынны сурок
Мусовай сьмерці прынясе, але ж яна
Толькі прысуд, ня кара—што ж я дбаю?

Супраць двудушнікаў і фальшывай цноты,
увасобленых у алегорыі ракеты

Не, не кажы, калі ўгару шпурляе
Сьвяточную ракету порах шэры,
Маўляў яна кіруе ў неба сфэры,
Бо што ўзьлятае, не заўжды трапляе.

Прамень сьвяточны, што натоўп страляе:
Ягонаму натхненьню даўшы веры,
Яна ў сабе набой хавае серы,
Што бачаньне палёту ў нас стварае.

Калі ты ўгледзіш, як яна ўгары
Імкнецца ў небасхіле затрымацца,
Да сэрца гэта надта не бяры—

Яшчэ адной каметай ёй ня стацца.
На тое й фэервэрк ён пры двары,
Што дымам ёсьць, а хоча зоркай здацца.

Каханак, удзячны сну за прымхлівыя радасьці

Флоральва, о! Я сьніў, што мы з табой...
Скажу, бо сон саромецца ня стане:
Кахаліся. Хто быў у маім стане,
Рай пасярод прадоньня зьведаў той.

Зьмяшаў ён мой агонь з тваёй зімой,
Нібыта стрэлы розныя ў калчане
Мяшае справядлівае каханьне—
Ня спаў адно імпэт натхёны мой.

І я сказаў: о, каб Амур ці лёс зрабіў
Каб я, калі ня сплю я, сну пазбыўся,
А калі сплю, каб да зьнікненьня сьніў;

І тут ад роспачы салодкай прахапіўся
І зьведаў, што як спаў глыбока—жыў,
І што памёр, як толькі абудзіўся.

Паказвае, чым ёсьць пакінутая жанчына

Наждак раскручаны, паранены цялец,
Агонь, што спапяляе стрэхі хатаў,
Мядзьведзіца ўвадлук мядзьведзянятаў,
Маланка, што плюе нябёс сьвінец.

Гад, што сабе адцяў хваста канец;
Леў, што зламаў жалеза моцных кратаў,
Арліца, што вартуе арлянятаў,
Крылаты неўтаймоўны жарабец.

Шпага, рукою кіраваная вар’ята;
Крэмень мушкета, што ўжо хтосьці зарадзіў,
Порах, якому не стае адно агня.

Тыран магутны, крывасмок багаты,
Кайман, гадзюка, кобра, кракадзіл—
Жанчына, што засталася адна.

Сатырычная песенька

Праўда—горкая. Хачу
Рот яе таму пазбавіць;
А калі яна вас бавіць—
Буду дурань, як змаўчу.
На ўвесь сьвет вам абвяшчу:
Давяло мяне лайдацтва
Да жабрацтва.

Што дае сьляпому зрок,
Робіць кемістым дурнога?
Што для сквапнага старога—
Бы Ярдану гойны ток?
Што змушае, як сам Бог,
Камні ў хлеб ператварацца?
То—багацьце.

Што палохае сабой
Караля ў цяжкой кароне?
Што ў пачэснасьці й законе
Фору дасьць царкве сьвятой?
Ад цярплівасьці чыёй
Неба здольна скаланацца?
То—жабрацтва.

Што судзьдзю, ільва правоў,
Зачыняць змушае зяпу,
Як у ім намочыць лапу—
Гнеў зьмякчаецца ізноў?
Што пускае яму кроў
Лепей чымся скальпель, браце?
То—багацьце.

Што раптоўна нас усіх
Падстаўляе лёсу ўдарам?
Што, хаця й схізматык тварам,
Больш сьвятое за трыпціх?
Што змушае нас саміх
І астатніх нас цурацца?
То—жабрацтва.

Што зрынае ў пыл гару,
Прыгажуню дасьць пачвары,
Што любыя спраўдзіць мары
Хоць султану, хоць цару?
Што ня супраць угару-
Ўніз сусьветам аббягацца?
То—багацьце.

Жартоўная песенька

Кавалер і дама ягонага сэрца

К.Толькі слова, Леанора—
Дам я вам усю душу!
Д.Хіба ж я так шмат прашу?
Дай лепш грошай, велягора!
К.Болю быццам не было.
Д.А чаму гэта, шаноўны?
К.Пот прабіў мяне раптоўны,
І каханьне ўсё прайшло.
Д.Чым вы тут канцы б аддалі,
Я сама вам лепей дам.
К.Ці ж душы замала вам,
Каб мяне вы пакахалі?
Д.Ці пражыць на душу даме?
К.На душу? Чаму ж і не?
Д.Колькі мэтраў шоўку мне
За яе дадуць у краме?
К.І няўжо ж я, Леанора
Прапаную мала вам?
Д.Божа божа, во дзе хам!
Дай лепш грошай, велягора!
К.Даць вам боль я свой хачу.
Д.Лепш ланцуг мне дай адразу,
Чым душу, ды з болем разам!
К.Ім за жорсткасьць я плачу.
Д.Калі юр каго даймае,
Возьме хай з сабой шастак.
К.Пакахайце мяне так,
Як душой я вас кахаю.
Д.Гук пусты ўся ваша жарсьць.
К.Ваш настрой чамусь псуецца?
Д.Не гарыць мужчыны сэрца,
Калі грошай ён ня дасьць.
К.Што ж яшчэ даць за каханьне,
Як ня сэрца і душу?
Д.Хіба ж я так шмат прашу?
Даў бы лепей грошай, хаме!

Сатырычная песенька

Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Маці, я шалею з грошай:
Капітал—вось мой каханак,
Апрануты, як падпанак,
Залаты мой і харошы,
Проста хлопец маіх мар,
Мае моц і ўплыў спадар,
Дон Даляр.

Нарадзіўся ў Сьвеце Новым,
І прыехаў на карвэце
У Гішпанію памерці
І спакой знайсьці ў Генове.
Той прыгожы з вас, панове,
Хто ягоны гаспадар,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Так і зьзяе пазалотай—
Хай і троху зацяганым,
Але ёсьць ён велькім панам,
Што закон абыйдзе ўпотай,
Хрысьціянскай поўны цнотай,
Быццам турак альбо маўр,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Ён зь сям’і адной шаноўнай
І магнацкае паходзіць,
А яшчэ ў сябе на Ўсходзе
Каралю сваяк ён кроўны;
Перад ім заўсёды роўны
Што маршалак, што пчаляр,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Што з таго, што між гасьцей
У ягоным сьціплым замку,
Донью Бланку-Кастыльянку
Ўбачыць можна ўсё часьцей?
Стаўся волатам пігмей
Дэзэртыр—цяпер ваяр,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

На шчыце ў яго—карона,
Ён—каронаю ўсяго,
Без шчыта, сябры, таго
Шчыт ня ўздыме абарона,
Маюць добрага патрона—
Сквапнасьць—шэрагі баяр,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Празь ягоную заможнасьць
Мае ён вартаўніка,
Каб у дом рабаўніка
Рабаўнік ня ўлез, крый божа;
Ён сабой заўжды ўпрыгожыць
Справядлівасьці алтар,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Хоць і звыклы працаваць,
Пазычаць ён можа веліч,
І нічога тут ня зьменіш,
Хоць яго й расчвартаваць.
Прагнуць зь ім пасябраваць
Што бадзяга, што ліхвяр—
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Дам ня ўбачыш ты ніколі,
Што яго б не ўпадабалі,
Што шчаку б не падстаўлялі,
Як убачаць профіль толькі,
Іхны голад неспатольны
Да ягоных простых чар,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Ён разумнік—як жа не,
Калі шчыт ягоны срэбны
Ў міры нават больш патрэбны,
Чым сапраўдны—на вайне?
Бедната яго кляне,
Не надзячыцца махляр,
Мае моц і ўплыў спадар
Дон Даляр.

Мадрыгал

Птушка найлепей чуецца ў паветры,
Рыба ў вадзе, і саламандра ў нетры
Вагню, а чалавек, чый дух бязь межы—
Зямлі належыць.
І толькі я, народжаны для гора,
Спазнаў з гэтых стыхій усе чацьвёра:
Рот уздыхае й дыхае паветрам,
Цела бадзяецца бязводным кантынентам,
З вачэй вада цячэ ўдзень і ўначы,
А полымя—у сэрцы і ў душы.

 

© Пераклад-Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI