Сп.
Юрку Станкевічу,
грамадзяніну Злучаных Штатаў Амэрыкі,
з павагай і падзякай
“Калі
мы маем мужнасьць прыняць вынікі сваіх мараў... дык і сёньня трэба пазіраць
на Амэрыку з такім самым наіўным захапленьнем, зь якім пазіралі на яе
тыя, хто адкрыў Новы Сьвет. З тым самым захапленьнем, зь якім амэрыканцы
ўспрымаюць сваю шанцавітасьць, сваё варварства й сваю магутнасьць. Калі
вы да гэтага няздольны, вы нічога не разумееце й не зразумееце нават
уласнай гісторыі ці нават канца ўласнай гісторыі. Бо Эўропа сёньня няздольная
зразумець саму сябе зь сябе самой.”
Бодрыяр,
“Амэрыка”
ІІ.
Амэрыка + Эўропа = ?
1.
Ужо
на працягу 15 гадоў амэрыканскі міф захоўвае вядучыя пазіцыі ў сьвеце.
Амэрыканская ўпэўненасьць у перамозе выклікае зайздрасьць, гэтаксама
як жах, абурэньне й пратэсты па ўсім сьвеце. Амэрыканскі “нацыяналізм”
ёсьць усеабдымным і сягае ад спартовых спаборніцтваў да кампутарных
гульняў. З дапамогай Галівуду Амэрыка ператварыла пасьляваенны міф аб
неабходнасьці абароны буржуазнага дэмакратычнага грамадзтва, Заходняга
сьвету, ад зьнешняй небясьпекі, у тым ліку й іншапланетнай, у найбольш
магутны міф часоў постмадэрнізму—менавіта ў такім выглядзе, як ні парадаксальна,
яго спрабуюць пераймаць іншыя ідэялогіі, напрыклад, вялікаруская.
Адной
з таямніцаў амэрыканскага посьпеху ёсьць амэрыканскі фанатызм і ўсеагульная
(за выключэньнем некалькіх левых інтэлектуалаў) апантанасьць ідэяй перамогі
дэмакратыі—адным з галоўных падмуркаў (а таксама ідэйных заганаў) гэтага
фанатызму ёсьць, як ні парадаксальна, амэрыканская рэлігійнасьць, адкуль
паходзіць ідэя зьяднаньня ўсіх нацыяў зямлі ў адной дзяржаве (царкве
й г.д.). Пры гэтым амэрыканскі фанатызм вельмі часта мяжуе з абмежаванасьцю
й наіўнасьцю (якія дзяржава ўдала скарыстоўвае ў сваіх інтарэсах), а
таксама зь нячуйнасьцю дзяржавы ў дачыненьні да спэцыфікі іншых нацыянальных
міфаў, тым часам як амэрыканскі прагматызм—зь нечульлівасьцю, жорсткасьцю
й бесчалавечнасьцю. Менавіта гэта выклікае такое рознамаітае стаўленьне
да Амэрыкі ў сьвеце: на асабістым узроўні мала хто мае штосьці супраць
амэрыканскага ладу жыцьця, аднак адкрыта падтрымліваць Амэрыку на ўзроўні
грамады чамусьці адразу азначае апраўдваць ейныя памылкі.
Пры
гэтым, быць гіпэрдзяржавай зусім ня так лёгка, як можа камусьці падацца.
У Амэрыкі сёньня ёсьць дзьве магчымасьці: ізаляцыянізм, які быў бы роўны
прызнаньню беспадстаўнасьці крыху паранаічнай амэрыканскай мроі аб дэмакратызацыі
сьвета, і ў гэтым сэнсе быў бы здрадай амэрыканскай рэвалюцыі—альбо
працяг рэалізацыі сваёй геапалітычнай праграмы, распачатай у часы халоднай
вайны. Ці існуе наогул шанец ажыцьцявіць гэтую праграму негвалтоўным,
чыста эканамічным шляхам, які ў апошні час называюць “глабалізацыяй”?
Невядома, але ў кожным выпадку іншага шляху няма: вайсковы шлях, нават
пры наяўнай сёньня тэхнічнай перавазе ЗША, не прывядзе да сусьветнай
гегемоніі, а толькі да сусьветнай катастрофы. Акрамя таго, амэрыканскі
імпэт стрымліваецца перадусім недастатковасьцю энэргетычных рэсурсаў,
а таксама—самастойнай палітыкай ейных “хаўрусьнікаў-канкурэнтаў”, Эўропы
й Японіі. “Японія ўжо цяпер ёсьць спадарожнікам планеты Зямля. Амэрыка
калісьці была спадарожнікам Эўропы. Хочам мы гэтага ці не, але будучыня—
за штучнымі спадарожнікамі,” піша Бодрыяр.1 Насамрэч, калі паспрабаваць
знайсьці адпаведную эпосе постмадэрнізму краіну-сімвал, дык ім будзе
не Амэрыка й не Эўропа, а менавіта Японія—хаця ўсё, што ў Японіі “мадэрновага”,
ёсьць вынікам менавіта амэрыканскага ўплыву.
У ідэялагічным сэнсе ў ЗША на сёньняшні дзень толькі два сур’ёзныя супернікі:
Кітай і арабскі сьвет. Першага зь іх, верагодна, чакаў бы лёс СССР і
постсавецкіх краінаў, калі б толькі Кітай быў духоўна больш блізкі да
Захаду—але Кітай мае ўласную старажытную цывілізацыю, якая хутчэй за
ўсё яшчэ цягам доўгага часу захавае сваю культурную самастойнасьць,
хаця па сутнасьці будзе ўсё больш блізіцца да Захаду. Спадзяваймася,
што аднойчы Кітай ператворыцца з канкурэнта ў роўнапраўнага партнэра
Заходняга сьвету: разам яны маглі б удаваць сабой штосьці накшталт Лаўразіі
й Гондваны будучага глабалізаванага сьвету. Што да ісламу, дык пытаньне
зь ягоным стаўленьнем да Захаду ёсьць даволі складаным. Ісламская цывілізацыя
закладзеная на каштоўнасьцях, якія Заходні сьвет аднойчы сьвядома адрынуў
і якія з гэтай прычыны ёсьць з заходнім ладам жыцьця несумяшчальнымі.
Адсутнасьць агульнага для ўсіх маральнага імпэратыву на Захадзе палохае
мусульман: як можа грахоўны чалавек быць свабодным і вырашаць сам за
сябе? Што ў такім выпадку можа ўтрымаць яго ад таго, каб ён узяў снайпэрку
й пайшоў страляць сваіх суграмадзянаў? Ці ня ёсьць адсутнасьць ідэялагічнай
пэўнасьці, пэўных маральных крытэраў і запаветаў, шляхам да загубы,
знакам слабасьці філасофіі? Акрамя таго, ісламскі фундамэнталізм і “дэмакратычны
фундамэнталізм” ЗША (які часам нельга адрозьніць ад фундамэнталізму
хрысьціянскага, асабліва з ісламскай перспэктывы) маюць, на жаль, адну
агульную рысу—фанатычную адданасьць свайму міфу, што выключае магчымасьць
усялякага кампрамісу. Хацелася б думаць, што вырашэньне стасункаў між
Захадам і ісламскім сьветам палягае ў нутраных пераўтварэньнях у рамках
самога ісламскага сьвету.
Аднак
інтэрпрэтацыя афіцыйнымі амэрыканскімі коламі падзеяў 11 верасьня сьведчыць,
гэтаксама як і калісьці Хірасіма, аб амэрыканскай рашучасьці давесьці
свой праект да пераможнага (?) канца трэцім шляхам—шляхам спалучэньня
эканамічнай і вайсковай экспансіяў. Тое, што адбываецца сёньня ў сьвеце
пад выглядам “вайны супраць тэрарызму”, ёсьць толькі лагічным працягам
“напалеёнаўскіх планаў” ЗША па ажыцьцяўленьні іхнага дэмакратычнага
міфу. “Вайна супраць тэрарызму” ёсьць працягам вайны супраць таталітарызму,
альбо гарачым працягам халоднай вайны. На сёньняшні момант ЗША маюць
у 10 разоў больш узбраеньняў, чым рэшта разьвітых краінаў сьвету, і
з гэтага гледзішча ў іх няма ніякіх падставаў “згортваць” свой праект
“вызваленьня сьвету”, у рэалізацыі якога яны бачаць сваю місію й сэнс
самога існаваньня сваёй дзяржавы. Як і кожны “моцны” дыскурс, ЗША шукаюць
сабе хаўрусьнікаў паводле прынцыпу “з намі альбо супраць нас”.
Адначасова,
як і кожная моцная ідэялогія, амэрыканскі міф ёсьць аб’ектам палітычных
спэкуляцыяў з боку тых, хто хоча сабе яго прысвойтаць і зарабіць на
ім ня столькі палітычны, колькі рэальны капітал—гэтаксама як хрысьціянская
рэлігія была аб’ектам эканамічна матываваных палітычных спэкуляцыяў
з боку эўрапейскіх манархаў на ўсім працягу эўрапейскай гісторыі. Аднак
гэтаксама як хрысьціянская ідэя перавышала эканамічныя й палітычныя
інтарэсы тых, хто яе ажыцьцяўляў, гэтаксама й амэрыканскі дэмакратычны
міф перавышае інтарэсы тых, хто спрабуе сёньня апраўдваць ягоным імем
свае палітычныя памылкі й злачынствы. Веліч Амэрыкі ня ёсьць тоеснай
магутнасьці рэспубліканскай партыі альбо ейнага эканамічнага лоббі—нягледзячы
на тое, што рэспубліканская партыя імкнецца, каб усе так думалі.
2.
“Калі
б Амэрыка згубіла гэты маральны погляд на саму сябе, яна прыйшла б у
заняпад. Гэта не настолькі ясна для эўрапейцаў, для якіх Амэрыка ўдае
сабой цынічную гіпэрдзяржаву, чыю мараль яны лічаць толькі двудушнай
ідэялогіяй. Мы ня хочам верыць у гэты маральны погляд амэрыканцаў на
саміх сябе, але гэта памылка. Калі амэрыканцы пытаюцца, чаму іншыя іх
ня любяць, мы не павінны гэтаму сьмяяцца, бо менавіта гэтае пытаньне
прывяло да Ўотэргейту й да няўмольнага выкрыцьця карупцыі й іншых плямаў
на рэпутацыі амэрыканскага грамадзтве ў кіно і іншых мэдыях—вось свабода,
у якой нашыя насамрэч двудушныя грамадзтвы ёй зайздросьцяць.”
Бодрыяр,
“Амэрыка”
Супярэчлівая
роля ЗША ў сучасным сьвеце крыху нагадвае, мне здаецца, ролю напалеёнаўскай
Францыі пасьля Вялікай Францускай рэвалюцыі. Сучасны амэрыканскі мэсіянізм
мае ў сабе бадай што вельмі шмат ад тагачаснага мэсіянізму францускага,
які таксама нёс свабоду народам Эўропы на крылах францускага імпэрыялізму.
У нашым выпадку, ЗША нясуць сьвету перадусім здабыткі рэвалюцыі навукова-тэхнічнай
і інфармацыйнай, што звонку выглядае як эканамічная экспансія ЗША й
амэрыканскага ладу жыцьця, вядомая сёньня пад словам “глабалізацыя”.
“Калі нашая эўрапейская рэвалюцыя ня ўпэўненая сёньня ў сваёй мэце,
дык гэтага нельга сказаць аб рэвалюцыі “іманентнай”, аб амэрыканскім
ладзе жыцьця, аб гэтым маральным і прагматычным падмурку, які сёньня,
гэтаксама як і ўчора, ёсьць пафосам Новага Сьвета.”2
У
чым моц амэрыканскай ідэялогіі, амэрыканскага міфу? Няўжо толькі ў непахіснай
веры ў створаную ёю эканамічную й палітычную мадэль? Зусім наадварот:
“То ж бо амэрыканцы—людзі перакананьня, перакананыя ўва ўсім, якія
ўвесь час імкнуцца вас пераканаць.” 3 Сярод іншага, гэта азначае,
што патрыятызм амэрыканцаў закладзены не на нейкай афэктыўнай веры,
а на лагічных, рацыянальных, практычных, і што самае “страшнае”—усім
у сьвеце (нават французам і рускім) зразумелых аргумэнтах.
Як
пісаў яшчэ Токвіль, сутнасьцю амэрыканскай рэвалюцыі зьяўляецца менавіта
рэвалюцыя ў норавах.“У Амэрыцы вас зьдзіўляе натуральнасьць, зь якой
тут забываюцца аб грамадзкім становішчы, зьдзіўляе свабода й вольнасьць
у стасунках між людзьмі. Гэтая разьняволенасьць можа здавацца банальнай
альбо вульгарнай, але ніколі ня ёсьць сьмешнай. Бо сьмешнай ёсьць нашая
афэктаванасьць... Француз... сьцеражэ пасярэднасьць свайго местачкоўскага
прастору. І няхай аб амэрыканцах ільга сказаць што-заўгодна, але яны
ніколі ня ёсьць пасярэднымі й ня ёсьць местачкоўцамі. Безумоўна, ім
бракуе арыстакратычная (вылучана мной—М.Шч.) узьнёсласьць, але
ім уласьцівая тая лёгкасьць, якая выходзіць з прасторы... цялесная разьняволенасьць.”
4
Галоўнае
ў Амэрыцы ня тое, што ў яе, як лічаць у Эўропе, не было “гісторыі”,
але тое, што амэрыканскаму капіталізму, па сутнасьці, не папярэднічала
ніякага аграрнага грамадзтва—перамога Поўначы над Поўднем была ня толькі
перамогай дэмакратыі над рабаўладальніцтвам, але й перамогай індустрыяльнага
грамадзтва над грамадзтвам аграрным, над “Эўропай у Амэрыцы”. Гэтая
адпачатная роўнасьць амэрыканцаў між сабой сталася галоўным фактарам,
які вызначаў і вызначае разьвіцьцё Амэрыкі (гл. Токвіль, “Дэмакратыя
ў Амэрыцы”).
Роўнасьць
у Амэрыцы разумеюць менавіта як роўнасьць першапачатковую. “Дэмакратыя
вымагае, каб усе ейныя грамадзяне пачыналі гонку ў аднолькавых умовах.
Эгалітарызм настойвае на тым, каб усе яны аднолькава фінішавалі.”
5 Менавіта ў гэтым карэніцца амэрыканская нецікавасьць да losers, пераможаных,
тых хто прайграў: пры роўных умовах старту вінаваціць у паразе ільга
толькі самога сябе. Шкадаваць пераможанага ня мае ніякага практычнага
сэнсу: шкадаваньне нічым яму не дапаможа, а толькі паглыбіць ягоную
роспач, самаагіду альбо мазахістычную самазамілаванасьць. Шкадаваньне
можа мець нейкі сэнс толькі з гледзішча каталіцызму альбо праваслаўя,
але не пратэстантызму. Адсюль нецікавасьць Амэрыкі да эўрапейскага праекту
сацыяльнага грамадзтва—і адначасова ейная цікавасьць да Галівуду й да
казцы аб Папялушцы. Жыцьцё—гэта штодзённы бой за існаваньне, галоўная
асалода якога палягае менавіта ў рызыцы, у азарту, у стаўленьні ўсяго
на адну карту. Вера ў шанец, шых, фартуну яднае амэрыканцаў са старажытнымі
рымлянамі.
Некаторым
у Эўропе замінае амэрыканская рэлігійнасьць, якая часам мяжуе з дэвотнасьцю.
Аднак тут варта зноў працытаваць Бодрыяра: “Рэлігійнасьць тут сталася
часткай маралі, што азначае, што яно ня можа ставіцца пад сумнеў ці
дасьледавацца што да ягоных падмуркаў, бо ня мае ніякай трансцэндэнтальнай
каштоўнасьці. Гэта рэлігійнасьць як спосаб жыцьця.” 6
Хрысьціянскія
арганізацыі (цэрквы, секты й г.д.) выконваюць у Амэрыцы ролю адмысловых
“тайных супольнасьцяў”, існаваньне якіх, паводле Габэрмаса, ёсьць такім
сама старым, як і існаваньне буржуазнага грамадзтва: “Сакрэтнае шыраньне
асьветніцтва, якое было тыповым для ложаў, але таксама шырока практыкавалася
“застольнымі таварыствамі” й іншымі згуртаваньнямі, мела дыялектычны
характар. Сам па сабе розум, які пасярэдніцтвам прылюднага карыстаньня
разумовымі здольнасьцямі ўсьведамляў сябе ў рацыянальнай камунікацыі
складзенай з адукаваных людзей публікі, было неабходна бараніць ад шырокай
разгалоскі, бо ён удаваў сабой пагрозу ўсім і кожнаму з падпарадкоўных
стасункаў у грамадзтве... Сфэра ягонай публічнасьці мусіла ўсё яшчэ
спадзявацца на патаемнасьць; публіка, хаця гэта й была ўжо якаясьці
публіка, заставалася недаступнай. Сьвятло розуму, захіленае ў мэтах
самааховы, адкрывала сябе паступова. Гэта змушае нас узгадаць славутую
фразу Лессінга наконт масонства, якое ў той час сталася найбольш распаўсюджаным
у Эўропе фэномэнам: яно ўзьнікла разам з самім буржуазным грамадзтвам—“калі
толькі само буржуазнае грамадзтва ня ёсьць усяготкі адгалінаваньнем
масонства”.” 7 Магчыма, якраз гэта мае на ўвазе Бодрыяр, калі піша:
“У пэўным сэнсе ільга сказаць, што секты ёсьць мікраскапічнай формай
таго, што апанавала ўсю Амэрыку. Ад самага пачатку секты йгралі вялікую
ролю пры пераходзе да ажыцьцяўлёнай утопіі... Секты жывуць утопіяй (што
царква разглядае як магчымую герась) і імкнуцца пабудаваць царства божае
на зямлі, там часам як царква абмяжоўваецца на веру ў уратаваньне й
тэалагічныя каштоўнасьці.” 8
На
маю думку, галоўнае адрозьненьне між амэрыканскай ідэялогіяй і ідэялогіямі
таталітарных грамадзтваў палягае ў тым, што амэрыканцы ня вераць у агульначалавечую
сутнасьць: існуе мноства адрозных між сабой індывідуўмаў, кожны зь якіх
мае права самастойна вызначаць (ці выдумляць) сваю ўласную сутнасьць
і культурную тоеснасьць, што і ёсьць, уласна, галоўнай перадумовай шчаснага
чалавечага існаваньня—свабода самавызначэньня, ад якой паходзяць свабода
сумленьня, свабода слова, права свабодных выбараў і іншыя асноўныя правы
чалавека, якія ёсьць ягонай неадчужнай прыватнай (а не калектыўнай)
маёмасьцю. Адсюльсама паходзіць і амэрыканскі федэралізм, талерантасьць
да іншых культураў, спалучаныя з аднолькавай патрабавальнасьцю да ўсіх
і зь іхнай роўнасьцю перад законам. “У Злучаных Штатах не існуе невырашальнай
праблемы з федэрацыяй, бо ад самага пачатку сваёй гісторыі яны ёсьць
культурай праміскуітэту, зьмяшаньня, народнай і расавай сумесі, спадужаньня
й рознастайнасьці. ...У Амэрыцы кожная этнічная група й кожная раса
разьвіваюць сваю мову, сваю канкурэнтназдольную культуру, якая часта
ёсьць вышэйшай за культуру “аўтахтоннага” насельніцтва.” 9
Гэтаксама,
паводле амэрыканскай мадэлі, не існуе ніякага чалавецтва, бо не існуе
ніякай агульначалавечай сутнасьці (а калі й існуе, дык кожны з нас можа
яе свабодна адрынуць), а існуе толькі мноства самых розных створаных
людзьмі культураў, якія паводле блізкасьці й сваяцтва зьядноўваюцца
ў розныя цывілізацыі. Некаму можа падацца, што такая ідэялогія зьнешне
вельмі нагадвае ідэялогію нацыстаў, аднак насамрэч гэта зусім ня так,
бо нацызм быў закладзены на біялагічным дэтэрмінізме, нападабненьні
прыроды, расавых адрозьненьнях: нацызм таксама верыў у “агульную сутнасьць”
прадстаўнікоў адной расы. Наадварот, руская (усходне-хрысьціянская),
ісламская, каталіцкая й іншыя ідэі вераць у наяўнасьць нейкай агульначалавечай
сутнасьці, нейкай агульнапрыдатнай нормы, ад якой час ад часу адхіляюцца
“ворагі”, мэтай якіх ёсьць яе парушыць і дэстабілізаваць грамадзтва,
закладзенае на ейным датрыманьні. Закон тут не ў вялікай пашане, затое
ў вялікай пашане “вера” й адданасьць грамадзтву, дзяржаве, гаспадару.
Такая мадэль ёсьць безумоўна больш архаічнай і больш гвалтоўнай, з большымі
шанцамі на перамогу над культурна больш разьвітым супернікам (выпадак
Рымскай імпэрыі). ЗША ведаюць аб небясьпецы, якая пагражае больш разьвітай
цывілізацыі з боку меней разьвітай, гэтаксама як ведаюць, што лепшай
абаронай ёсьць напад, таму практычна несупынна знаходзяцца ў стане вайны
з усім сьветам: агрэсіўнасьць амэрыканскіх грамадзянаў наўмысна падтрымліваецца
з дапамогай галівудзкіх баявікоў, вольнага продажу зброі, культу фізічнай
моцы. Pax Americana ёсьць першай заходняй цывілізацыяй (пасьля мексіканскіх
майя й ацтэкаў), якая ведае аб непазьбежнасьці свайго заняпаду й імкнецца
гэтаму заняпаду запабегчы. Пры гэтым ЗША не зважаюць на інтарэсы іншых
цывілізацыяў альбо на тэмп іхнага разьвіцьця: выжыць можна толькі тады,
калі дзейнічаць паводле прынцыпу “альбо мы, альбо яны”.
Нельга ня бачыць, такім чынам, заганнасьці ўсялякага імпэрыялізму, у
тым ліку й напалеёнаўскага, нельга забывацца аб небясьпецы дыктату й
ператварэньня ў “цмока пасьля забіцьця цмока”, аб непазьбежнасьці экалагічнай
катастрофы, якую нясе з сабою эканамічная глабалізацыя й непадкантрольнае
разьвіцьцё капіталізму—таму нельга не крытыкаваць залішні й неабгрунтаваны
ідэялізм уяваў Амэрыкі аб сабе. Аднак крытыка амэрыканскіх сродкаў не
павінна, я лічу, быць крытыкай амэрыканскай мэты: магчыма, усталяваньне
дэмакратыі ў сьвеце сапраўды ёсьць апошнім вялікім прадпрыемствам чалавечай
гісторыі, якое распачалося зусім нядаўна, якія тры стагодзьдзі таму,
і якое будзе зусім ня лёгка ажыцьцявіць. Шкада, што гэтае ажыцьцяўленьне
зацягнулася ажно да цяперашніх часоў энэргетычнага й экалагічнага крызісу,
спрычыненага самім капіталізмам. Таму пры ўсёй рацыі сучаснага антыглабалістычнага
руху, трэба канстатаваць, што ягоная ідэялагічная платформа, на жаль,
усё яшчэ ўтрымлівае рэлікты антыдэмакратычнай ідэялогіі былых супернікаў
ЗША—у прыватнасьці, рускай дзяржаўнай ідэялогіі, складнікам якой традыцыйна
зьяўляецца сталінізм, нацыянальная трансфармацыя эўрапейскага марксізму.
Гэтая ўласьцівая сёньня маладым людзям ілюзія альтэрнатывы, падобная
да эклектычнага колажу, складзенага з аскепкаў самых розных антызаходніх
ідэялогіяў, ад анархізму да крышнаізму, грунтуецца хутчэй на патрэбе,
а не на рэальнай магчымасьці альтэрнатывы. Гэтая ілюзія толькі запавольвае
палітычнае разьвіцьцё Заходняга сьвету, дробіць яго на кавалкі й ператварае
ў пазбаўленую сэнсу спрэчку аб “праве на першынство”.
3.
“Аддамо
гэтай краіне належнае й зьвернем увагу лепей на сьмешнасьць нашых уласных
нораваў, бо гэта якраз тая карысьць, якую прыносяць падарожжы.”
Бодрыяр,
“Амэрыка”
Як
намі было паказана, латэнтны канфлікт паміж ідэялогіямі Амэрыкі-вызваліцелькі
й вызваленай Эўропы існуе ад канца другой сусьветнай вайны. Ідэя аб’яднанай
Эўропы пачала ажыцьцяўляцца ўсяго толькі якіх 15 гадоў таму, што сталася
магчымым толькі дзякуючы ідэйнай паразе Савецкага Саюзу ў супрацьстаяньні
з Амэрыкай—то бок, сталася заканамерным вынікам халоднай вайны. Сёньня
Амэрыка, якая дала Эўропе (і перадусім, найбуйнейшым краінам Эўропы—Францыі
й Нямеччыне) магчымасьць ажыцьцявіць свае даўнія мары аб гіпэрдзяржаўнасьці,
аб узнаўленьні “Рымскага сьвету”, сталася Эўропе крыху непатрэбнай.
У аб’яднанай Нямеччыне ўзнавіліся даўнія мары аб “велічы” (падтрыманыя
статыстычнымі дадзенымі аб велічы прасторавай і дэмаграфічнай), да якіх
далучылася спрэс антыамэрыканізаваная Францыя. Акрамя таго, у апошні
час у “самасьційна” наладжанай Эўропы зьявілася яшчэ адна хаўрусьніца,
якая ня можа дараваць Амэрыцы ейнай велічы—Расія. Нельга, аднак, забывацца,
што гэтая хаўрусьніца адкрыта захоўвае сваю пераемнасьць зь ідэялогіяй
сталінізму—таго самага, які калісьці зьдзейсьніў генацыд на чужым народзе
з мэтай запабегчы ўзьнікненьню дэмакратычнай Эўропы.
У
Эўропе заўсёды існавалі міфы аб Расіі, якія маглі падтрымлівацца пры
жыцьці выключна дзякуючы няведаньню Расіі—гэтаксама як існуюць у ёй
міфы аб Амэрыцы, што жывяцца выключна ейным няведаньнем Амэрыкі. Адзін
з варыянтаў гэтых міфаў, прычым найгоршы, на маю думку—гэта міф, які
кладзе паміж міфічнай Амэрыкай і міфічнай Расіяй знак “роўна” і ў імгненьне
экстазу бачыць на іхным цёмным тле зіхоткі сілуэт такой сама міфічнай
“Новай Эўропы”. Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага міфу шмат хто гатовы ахвяраваць
рэальнымі здабыткамі заходняй цывілізацыі, такімі як свабода і дэмакратыя—гэтаксама
як шмат хто ў Амэрыцы гатовы ахвяраваць грамадзянскімі свабодамі дзеля
ўмацаваньня амэрыканскай геапалітычнай пазіцыі. Аднак тут варта памятаць,
што адно немагчымае без другога.
Старому
варыянту заходняга міфа аб Расіі, “міфа аб рускай душы”, паступова саступае
новы міф аб “дэмакратычнай Расіі”, які ствараецца й распаўсюджваецца
самой рускай дзяржавай. Пры гэтым ствараюць і распаўсюджваюць гэты міф
колішнія сябры арганізацыі, мэтай якой было змаганьне з “класавым ворагам”—савецкага
КГБ. Містыфікацыя, наогул, была адным з галоўных іхных прыёмаў і таямніцаў
іхнай прафэсіі—стварэньне сімулякраў было пастаўленае ў сацыялістычным
блоку на прафэсійную аснову. Аднак праўда ёсьць іншай: кінуўшы выклік
“Старому Сьвету”, Расія ўзяла на сябе вельмі шмат, і цяпер, пасьля 70-ці
з гакам гадоў тэрору, Расія ня можа прапанаваць сьвету ніякай высокай
дэмакратычнай культуры, а толькі сімулякр культуры, “культуру” маніпуляцыі
грамадзтвам і шавіністычную ідэялогію, у якой няма ніякай ідэі, апроч
ідэі “выкупленьня ўласных грахоў” перад прывідам Вялікай Расіі. Пуцін,
калі хочаце—гэткі Гамлет, якому не дае спаць прывід ягонага бацькі (Савецкага
Саюзу), і які паабяцаў усімі сродкамі за яго адпомсьціць. У ролі Клаўдыя
ў дачыненьні да Расіі (Гертруды) мімаволі апынуўся Заходні сьвет і ягоныя
хаўрусьнікі—рускія дэмакраты й алігархі. Без сумневу, шляхотнае памкненьне!
Калі яшчэ ўзгадаць, колькі ў Гамлеце трупаў і нявінных ахвяраў... Зрэшты,
міф, які кладзе між Савецкім Саюзам і Вялікай Расіяй знак “роўна”, таксама
ўзьнік у Эўропе—тым часам як Амэрыка заўсёды лічыла як царскую Расію,
так і Савецкі Саюз двума варыянтамі аднаго й таго самага “астрогу народаў”,
Эўропа (ў тым ліку і Ўсходняя) заўсёды лічыла Расію дзяржавай монаэтнічнай,
дзе жылі выключна міфічныя “рускія”. Эўропа, якая вымушаная была пагадзіцца
з гэтым бачаньнем падчас халоднай вайны, пасьля ейнага сканчэньня зноў
пачала падупадаць адвечнай абайнасьці рускага міфу й “чарам” вялікіх
прастораў вечнай мерзлаты, пад якою хаваецца нафта.
У
апошні час Расія імкнецца пераймаць як мага больш ад Захаду (што само
па сабе няблага), і часткова ад ЗША, аднак здаецца, што пераймае ад
іх ня самае лепшае, і не ў апошнюю чаргу—фанатызм у змаганьні за ажыцьцяўленьне
свайго нацыянальнага бачаньня геапалітычнай сітуацыі. Пры гэтым рускія
ідэялогі не разумеюць, што нацыянальная ідэялогія ЗША, як мы апісалі
яе вышэй, мае карэннае адрозьненьне ад іншых унівэрсалізуючых дыскурсаў
сьвету. Ідэялогія ЗША ня ёсьць ідэялогіяй, заснаванай на нацыяналізме—яна
толькі такой здаецца.
Выглядае,
што Расія спадзяецца стварыць калі не альтэрнатыву заходняму сьвету,
дык прынамсі нейкі свой полюс у ягонай галактыцы. Але на маю думку,
у гісторыі не бывае цудаў, таму тое, што ня мае сапраўднай і глыбокай
падставы для існаваньня, апрача жаданьня толькі рускіх патрыётаў, ня
можа пратрымацца занадта доўга. Гістарычныя прыклады дазваляюць меркаваць,
што інстынкт зьяднаньня з Захадам, (абгрунтаваны рэлігійным, культурным
і моўным судачыненьнем зь ім) быў у Расіі заўсёды мацнейшы за інстынкт
уласнай велічы—прынамсі, ад часоў Пятра І. Зьяднаньне гэтае, мірнае
альбо гвалтоўнае, у якасьці пераможцы альбо пераможанага, усё адно ўяўляецца
як непазьбежнае. Жаданьне вызваліць сьвет (але перадусім—заходні сьвет)
палягала ў самім падмурку сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі, якая была
праявай традыцыйнага рускага (ўсходне-хрысьціянскага) мэсіянізму ў дачыненьні
да Захаду. Але гэты мэсіянізм ёсьць ня столькі формай экспансіянізму
й шавінізму, колькі траўматызаванай формай усьведамленьня еднасьці Расіі
з Заходнім сьветам. На працягу нейкага часу Расія здольная вагацца між
Захадам і Кітаем, утрымліваючы гэтым сваю раўнавагу й нацыянальную тоеснасьць.
Аднак сапраўдная рэалізацыя нацыянальнага патэнцыялу Расіі й постсавецкай
прасторы ў цалку, на маю думку, магчымая толькі пры ўмове карэнных дэмакратычных
пераўтварэньняў у гэтых краінах і іхнага далейшага разьвіцьця ў рамках
Заходняга (пост-хрысьціянскага, ці таксама—сэкулярнага, дэ-ідэялагізаванага,
што па-сутнасьці азначае свабоднага) сьвету.
У
рамках гэтага сьвету роля Эўропы й эўрапейскага мысьленьня, як хацеў
таго Льётар, і як таксама лічыць Слотэрдайк, павінна палягаць у карэктыроўцы
й выкрыцьці існых геапалітычных міфаў—таксама таму, што ні ў чым іншым
роля Эўропы палягаць пакуль што ня можа. Ці здолее Эўропа захаваць “цьвярозую
галаву” й сваю ролю бесстароньняй пасярэдніцы ў дыялогу паміж рознымі
культурамі? Стварэньне нейкага “агульнаэўрапейскага” нацыяналістычнага
міфу ў хаўрусе з такім сама беспадстаўным, оказіянальным і перыфэрыйным
міфам “нова-рускім”—утопія, у якой насамрэч няма нічога эўрапейскага
і якая мае выразна антыамэрыканскія карані. Цікава, што саюз між Расіяй
і Нямеччынай быў бы хаўрусам дзьвюх краінаў, якія ўсё яшчэ падсьвядома
прагнуць пазбавіцца ярма (альбо, калі хочаце, комплексу) сваёй жудаснай
таталітарнай мінуўшчыны, якая была адзначаная іхным супрацьстаяньнем.
Здавалася б, новы хаўрус мог бы ім дапамагчы пераадолець памяць аб супрацьстаяньні,
а гэтак—і памяць аб самой таталітарнай мінуўшчыне. Зрэшты, гэтая праблема
ёсьць перадусім праблемай пераможанай Нямеччыны, як што пераможца-Расія
сваёй таталітарнай мінуўшчыны (мінуўшчыны?) ня толькі не саромеецца,
а чым далей, тым болей уздымае яе на шчыт сваёй ідэялогіі. Бадай, менавіта
гэта можа спыніць і працьвярозіць сёньняшнюю дэмакратычную Нямеччыну.
Пакуль
што антыамэрыканізм (як і антысемітызм) лічыцца сёньня ўва ўсім сьвеце
чымсьці цалкам нармалёвым і нават прагрэсіўным (не магу сабе ўявіць,
каб чымсьці прагрэсіўным лічыліся “антырусізм”, “антыкітаізм” ці “антыарабізм”.)
Француска-гэбрайскі філасоф левага накірунку Алэн Фінкелькраўт наогул
лічыць антыамэрыканізм апошнім увасабленьнем антысемітызму. Вось што
ён піша: “Сёньня існуе радыкальны левы рух, зусім незакрануты антытаталітарным
мысьленьнем. Ён не адчувае ніякай адказнасьці за сталінізм, верыць у
рэвалюцыю, утопію й не адмаўляе гвалт. Антыглабалісты не дэкляруюць
нейкую прымітыўную нянавісьць да гэбраяў. Аднак рытуальная д’ябалізацыя
Злучаных Штатаў і Ізраіля паказвае, што ў іхных галовах уладарыць уява
міжнароднай злачыннай змовы. Як быццам працэс глабалізацыі ёсьць вынікам
нейкага камплоту. Цягам усіх вялікіх міжнародных канфэрэнцыяў адбыліся
гвалтоўныя масавыя дэманстрацыі. Антыглабалісты дасягнулі сваёй манаполіі
на крытыку глабалізацыі. Я лічу гэта цяжкай катастрофай сучаснасьці.
Антыглабалісты прыймаюць такі антысемітызм, які нібыта бароніць парыяў
гэтай планеты. Пры гэтым яны першыя выступаюць супраць антысемітызму,
калі ён гучыць з боку неофашыстаў. Той хаця й можа выявіцца сям-там
з новым імпэтам, аднак увогуле ёсьць толькі сутаргай аганізуючага фэномэна.
Небясьпеку ўдае сабой антысемітызм антыфашыстаў, “асьвечаны” антысемітызм.”
10
Шмат
у чым эўрапейскі антыамэрыканізм ёсьць, як было паказана Слотэрдайкам,
пасьляваеннай спадчынай левых інтэлектуалаў Заходняй Эўропы—тым часам
як у Ўсходняй Эўропе сярод інтэлектуалаў пануе гэткісама выразны й часта
сьляпы антырусізм і про-амэрыканізм. Ад таго, якая зь дзьвюх плыняў
будзе мець найбольш выразны ўплыў на эўрапейскую палітыку й рэалізацыю
агульнаэўрапейскага праекту, будзе залежаць ня толькі роля Эўропы ў
сьвеце, але й будучыня дэмакратыі. У супрацьстаяньні Амэрыкі й Захаду
з астатнім сьветам вырашаецца пытаньне: ці чалавек будзе валодаць сьветам
(у тым ліку й магчыма перадусім—сваім уласным, нутраным сьветам), альбо
хтосьці будзе валодаць чалавекам “ад імя” сьвету. Хаўрусьнікам Захаду
ў гэтым супрацьстаяньні можа быць узгаданы інстынкт рускага чалавека
да еднасьці з Захадам—дарэчы, менавіта гэты інстынкт сёньняшняе рускае
кіраўніцтва імкнецца падпарадкаваць сабе й паставіць на службу сваёй
палітыцы, калі дэкляруе сваю падтрымку асноўным накірункам заходняй
палітыкі, і адначасова традыцыйна “крытыкуе” некаторыя пункты іхных
дзеяньняў.
У
апошні час прадстаўнікі антыглабалістычнага руху вельмі шмат гавораць
аб неабходнасьці “дыктату” экалагічнай палітыкі, абмежаваньні прыватнага
сектару, перадусім—вялікіх карпарацыяў. Сапраўды, катастрафічная экалагічная
сітуацыя сьведчыць, здавалася б, на карысьць таталітарнага спосабу кіраваньня
грамадзтвам—на жаль, такія тэндэнцыі ў апошні час усё мацней выяўляюцца
і ў саміх ЗША. Аднак тут варта заўважыць, што аднаго абмежаваньня спажыцьця
й выкарыстаньня энэргетычных рэсурсаў цалкам недастаткова: гэта азначае
прапаноўваць замест лячэньня хваробы ўсяго толькі запаволіць скон. Энэргетычныя
рэсурсы Зямлі сапраўды ня ёсьць бясконцымі—таму неістотна, як доўга
яшчэ працягнецца іхнае вычарпаньне. Галоўная задача чалавецтва ў будучыні—гэта
вынаходжаньне новых энэргетычных рэсурсаў. Упэўнены, што ажыцьцявіць
такую працаёмістую й дарагую задачу здольная сёньня толькі заходняя,
эўра-амэрыканская цывілізацыя—і над гэтым ажыцьцяўленьнем яна напружана
працуе. Безумоўна, гэтая праца павінна спалучацца з палітычнай воляй
дэмакратычных нацыяў захаваць планету для сваіх нашчадкаў, а значыцца—адыйсьці
ад канзумісцкай этыкі, навучыцца самаабмежаваньню й самаадмаўленьню
(узгадваецца тэзіс Маркузэ аб “Вялікай Адмове”). Невядома, ці прывядзе
такая сітуацыя да дзяржаўнай рэгуляцыі рынку—магчыма, што так, але адна
справа ёсьць дзяржаўная рэгуляцыя рынку ў імя дэмакратыі й экалогіі,
другая—у імя ажыцьцяўленьня абстрактнага й абсурднага ідэалу “справядлівага
грамадзтва без прыватнай уласнасьці”.
(Footnotes)
1 Baudrillard, ibid., стар. 96-97.
2 Baudrillard, ibid., стар. 96.
3 Baudrillard, ibid., стар. 54.
4 Baudrillard, ibid., стар. 116.
5 Baudrillard, ibid., стар. 117.
6 Baudrillard, ibid., стар. 113.
7 J.Habermas, The Structural Transformation of the Public Sphere, Cambrige,
1999, стар. 35.
8 Baudrillard, ibid., стар. 112.
9 Baudrillard, ibid., стар. 102-104.
10 Finkielkraut, Alain, “Свастыка заміж Давыдавай зоркі”. У: газета
“SME” (Браціслава) ад 15 лістападу 2003 г.