Чаму
Джойс назваў свой раман “Уліс”? Таму што кніга грунтуецца на паралелях
з Гомэравай “Одысэяй” і можа быць зразумелай толькі на ейным тле—гэтак
гучыць стандартны адказ, які выплывае са славутай рэцэнзіі Эліёта.1
Аднак гэтае тлумачэньне ня можа нас задаволіць з дзьвюх прычынаў. Па-першае,
у рамане нашмат часьцей трапляюцца алюзіі на Шэйкспіра ці каталіцкую
імшу, чымся на Гомэра; а па-другое— няпраўда, быццам Джойс у нейкім
сэнсе пераймае структуру “Одысэі”: ён скарыстоўвае толькі некаторыя
эпізоды, прычым выразна зьмяняе іхную пасьлядоўнасьць. Ці магчыма, у
такім выпадку, высьветліць, чаму Джойс імкнуўся вылучыць менавіта Одысэевы
прыгоды з усёй колькасьці крыніцаў, якімі ён багата карыстаўся?
Без
усялякай прэтэнзіі на ўсебаковасьць паспрабуем прывесьці прынамсі некалькі
прычынаў для такога кроку. Гэтыя прычыны ільга разьмеркаваць да трох
груповак: у першай яны будуць датычыцца самога Гамэравага эпосу, у другой—ягоных
перакладаў і інтэрпрэтацыяў, і нарэшце ў трэцяй—пазьнейшых распрацовак
вобразу Одысэя.
Найстарэйшым
эўрапейскім раманам звычайна лічыцца “Дон Кіхот”—перадусім таму, што
Сэрвантэс у якасьці першага пабудаваў свой апавядальны твор на сьвядомай,
іранізуючай канфрантацыі зь іншымі тэкстамі (“рыцарскімі раманамі”).
Калі ўзяць гэты аспэкт за крытэр, ільга канстатаваць, што найстарэйшы
сьлед “раманнасьці” ў эўрапейскім пісьменстве ўтрымлівае “Одысэя”. Калі
Пэнэлопа, апанаваная жалем, спрабуе забараніць песьняру Фэмію ў аповедзе
аб вяртаньні Ахейцаў, Тэлемах нагадвае ёй: “Ідзі ў жаночы пакой і займайся
сваймі справамі,/ верацяном і кудзеляй, загадай сваіх служкам, хай усе
яны пільна / займаюцца сваёй працай, а размова будзе клопатам / усіх
жаніхоў, перадусім жа—маім, як што я гаспадар у хаце.” (І, 356-359).
Гэтыя вершы удаюць сабой цытату зь “Іліяды”, канкрэтна—з той незабыўнай
сцэны, дзе Гектор перад бітвай разьвітваецца са сваёй жонкай і малым
сынам і загадвае Андромасе: “Ты ж вярніся ў хату й займайся сваймі справамі,
/ верацяном і кудзеляй, загадай сваіх служкам, хай усе яны пільна /
займаюцца сваёй працай, а бой будзе клопатам/ перадусім маім, і ўсіх
мужчынаў, каму Троя—родная калыска!” (VI, 490-493). У “Іліядзе” прамаўляе
герой, які загіне трагічнай сьмерцю, а мужчынскім клопатам абвяшчаецца
бой, polemos. У “Одысэі” зь некаторай нахабнасьцю прамаўляе маладзён,
які ня мае яшчэ нават паўнамоцтваў загадваць служкам, а клопатам мужчынаў
абвяшчае размову, mythos. Гэтак “Одысэя” стаецца адной зь першых эўрапейскіх
“перапісак”, re-ecritures, і выходзіць з традыцыі, якую да крайнасьці
даводзіць Джойсаў “Уліс”.
Аб
гэтай цытаце Джойс дакладна ведаў дзякуючы самому Сэм’юэлу Батлэру.
Батлэр
вядомы перадусім як раманапісец і эсэіст, але да ягоных твораў належыць
і “Аўтарка Одысэі”—адна зь дзьвюх навуковых працаў на гэтую тэму, якія
Джойс, паводле сьведчаньня свайго брата Станіслауса, чытаў. Другім гомэраўскім
камэнтаром, якім Джойс сістэматычна карыстаўся, быў “Les Pheniciens
et l’Odysee” (“Фінікійцы й Одысэя”) Віктора Бэрарда. Абодва, Батлэр
і Бэрард, таксама былі перакладчыкамі “Одысэі”.
У
Бэрарда й Батлэра ёсьць дзьве агульныя рысы, якія Джойс пераймае й разьвівае
ў “Улісе”—а выбар назвы раману ільга ўспрымаць як дадатковае сьведчаньне
гэтага агульнага грунту. Па-першае, Батлэр і Бэрард падкрэсьліваюць
значнасьць топаграфіі гомэраўскага эпосу. Батлэр накрэсьліў план дому
Одысэя, які дазваляе зразумець усе перасоўваньні пэрсанажаў, і абвясьціў,
што ў аснове апісаньня ўсіх мясцовых рэаліяў палягае вобласьць Трапані
на Сіцыліі; Бэрард, які называў сам сябе “топалогам”, падрабязна вывучаў
геаграфію одысэевых падарожжаў па Міжземнамор’і. Джойс пабудаваў свой
раман на падобнай сугучнасьці месцаў, кірункаў і хуткасьцяў, якая дасягае
найвялікшай бліскучасьці ў эпізоду “Рухомыя скалы”, аднак грае сваю
ролю амаль ува ўсіх разьдзелах кнігі. “Уліс” ёсьць перадусім апісаньнем
шляхоў—пешых, у экіпажы ці ў трамваі.
Па-другое,
абодва камэнтатары шукалі выток “Одысэі” “на пэрыфэрыі”. Тым часам як
Бэрард лічыў, што грэкі перанялі гісторыю Одысэя ад фінікійцаў, Батлэр
прыпісваў аўтарства эпосу маладой адукаванай жанчыне, якая была захаплялася
мастацтвам “Іліяды”, але адначасова захоўвала дыстанцыю да ейнага скрайняга
“хлапецтва”. Джойса—ірландца, што пісаў па-ангельску, атэіста між каталікоў—безумоўна
прыцягвала ідэя вялікага й ключовага твору, які мае “нетутэйшае”, “маргінальнае”
паходжаньне.
Усяляк,
ёсьць вельмі праўдападобным, што галоўнай крыніцай Джойсавага “Улісу”
першапачаткова зусім ня быў ані Гомэр, ані ягоныя камэнтатары. Паэтам,
зь якога Джойс увесь час чэрпаў і якога дасканала ведаў, быў Дантэ—а
менавіта Дантаў Одысэй насамрэч грунтоўна дапамагае зразумець Джойсава
Блума. Прычым самога Дантэ трэба чытаць на тле сярэднявечнага вобразу
Одысэя, які распаўсюджваўся зусім бязь веданьня Гомэравага тэксту: за
свае хітрыкі Одысэй быў асуджаны на бясконцыя блуканьні, гэтаксама як
Вечны Жыд.
У
дваццаць шостым сьпеве “Пекла” Дантэ апісвае сваю сустрэчу з Одысэем.
Пасьля таго, як Одысэй уцёк ад Цырцэі, якая ўвасабляе цялесную пачуцьцёвасьць,
ён, нягледзячы на абяцаньне вярнуцца дамоў, паводле ўласных словаў,
скіраваў у адкрытае мора з мэтай даведацца “якім ёсьць сьвет зь ягонымі
любоўю, жалем, / заганамі, цнотамі, спрадвечнымі повязямі” (вершы 98-99).
Пасьля таго, як ён дасьледуе ўсе зрухі чалавечай душы, ён апынаецца,
ужо ў старасьці, “на мяжы чалавека” й зьвяртаецца да сваіх спадарожнікаў
з заклікам: “вы не павінны адмаўляць (пачуцьцям) / ісьці сонечным шляхам
і дасьледаваць/ той сьвет, у які не ўвайшоў яшчэ ніводны чалавек./ Задумайцеся
над сваім паходжаньнем, вы не былі народжаныя / для таго, каб жыць як
тупыя жывёлы,/ але для таго, каб знайсьці цноту й веданьне.” (вершы
115-120). Карабель плыве наперад, і перад маракамі паўстае агромністая
гара, зямны рай—аднак адразу пасьля гэтага іх губяць разьюшаныя хвалі.
Буру спасылае Бог, аб існаваньні якога Одысэй, народжаны перад прышэсьцем,
можа толькі здагадвацца, называючы яго “Іншы”—altrui (верш 141).
У
падмурку гэтай гісторыі ільга разгледзець сярэднявечныя дыскусіі аб
ідэале разважлівага жыцьця, якое дазволіла б чалавеку дасягнуць шчасьця
ўжо на зямлі. Дантаў Одысэй удае сабой вяршыню дахрысьціянскага чалавецтва,
якое кіруецца толькі прагай веданьня й даброці, але ні ў якім разе ня
верай—вяршыню чалавецтва ў ягонай чалавецкасьці.
У
Дантэ апошняй мяжой Одысэева падарожжа ёсьць звышнатуральнае ўмяшаньне
звыш. Джойс адмаўляецца ад гэтага моманту; Одысэеў шлях працягваецца
й пазбываецца ерэтычнасьці й трагічнасьці, але не глыбіні. У Дантэ ўзьнёсласьць
палягае ў неадлучнай рознасьці ўзроўняў: у зьніжэньні Бога да чалавечай
цялеснай прыроды, у Дантавым шляху да найвышэйшай Ружы, а таксама ў
Одысэевай няздольнасьці дасягнуць раю. У Джойса радыкальнае, адвечнае
прыніжэньне чалавека зьнікае й замяняецца чалавечымі слабасьцямі ўва
ўсім іхным мностве. Одысэй ёсьць для Джойса вечным падарожнікам, які
шукае й спазнае, паломнікам, чыя цнота палягае ў спачуваньні, рахманасьці
й здольнасьці да паразуменьня, паломнікам, які памірае, але зусім ня
ў выніку нейкай кары.