Эдгар Алан По (1809-1849)

“КРУМКАЧ” і іншыя вершы

Крумкач

Нейкай доўгай змрочнай ночы я ня мог заплюшчыць вочы,
Шляхам згадак розум крочыў з тым, што зьнікла назаўжды,
Ды зьнянацку схамянуўся: стук якісьці мне пачуўся,
Быццам хто ўвайсьці імкнуўся з чорнай вуліцы сюды—
“Што за госьць”, я сьцепануўся, “ў час такі прыйшоў сюды?”,
Гук быў дзіўны, сапраўды.

Гэта здарылася ў сьнежні, прысак крэсьліў ценяў сьцежкі
На падлозе, вецер сьвежы нёс з сабою халады.
Прагнуў я, каб бліснуў золак, бо між кніг дарэмна сродак
Я шукаў, каб выгнаць морак, скрушны цень маёй бяды—
Маёй мілае Леноры, што я страціў малады
Назаўсёды, назаўжды.

І шаўковых, каляровых, трапяткіх фіранак подых
Унукае, прадракае сэрцу вобразы жуды;
Я стаяў пад грукат сэрца і ня мог крануцца зь месца:
“Гэта нейкі госьць, здаецца, уначы прыйшоў сюды—
Нейкі позьні госьць імкнецца да мяне ўвайсьці сюды—
Адчыню, няма бяды.”

І тады, з рашучай воляй, не вагаючыся болей,
“Пане”, я сказаў “ці пані, выбачайце, сапраўды,
Мяне сон ужо загушкаў, калі хтосьці ў дом пагрукаў,
Зразумець было з тых гукаў цяжка мне, што гэта вы,”
Я сказаў і адным рухам дзьверы адчыніў тады—
Дзе адведнік? Зьнік куды?

Узіраючыся ў цемрадзь я стаяў, ня мог паверыць,
У сумневах, што ня зьведаць анікому ў сьвеце, ды
Ані гуку ў змроку скрушным, нерухомым, непарушным,
Толькі хтось сказаў “Ленора!” шэптам, я пачуў тады,
Гэта быў мой шэпт уласны, невыразны і слабы—
Рэха колішняй журбы.

Калі я ў пакой вярнуўся, гук ізноўку мне пачуўся,
Грукат гэты, я лякнуўся, быў гучнейшы, чым тады.
“Безумоўна, гэта нібы штосьці б’ецца ў мае шыбы,
Гэта вецер, няма хібы,” я прамовіў, “сапраўды,
Каб ня быў ты палахлівы, дык пабачыў бы тады—
Вецер дзьме, такой бяды.”

Я вакно адкрыў, і раптам з шаргатаньнем, шумам, гвалтам
У пакой Крумкач убіўся, ўвесь бы з чорнае руды,
Бы зь якой сівой балады, пасланец начы крылаты,
І ўзьляцеў на бюст Палады, што ў мяне стаяў гады:
Бы ўладальнік гэтай хаты, быццам ён тут жыў заўжды,
Уварваўся птах сюды.

Чорны колер строгіх строяў зь мяне быццам кпіны строіў,
І мой смутак абяззброіў: “Хоць на выгляд змрочны ты,
Але ў скоках вельмі спрытны, крумкачына старажытны,
Мне імя сваё скажы ты: калі трапіў ты сюды,
Дык імя слугі Плутона я хацеў бы чуць тады!”
Птах прамовіў: “Назаўжды.”

Я зьдзівіўся нечувана, бо гучала нечакана
Слова людзкае ад птушкі: не было ў ім сэнсу, ды
Між людзей сустрэць, панове, мала хто напагатове
Крумкача, што ўмее мове, зь дзіўным імем “Назаўжды”,
Які сеў на бюст Палады й не зьнікае нікуды,
Быццам там сядзеў гады.

Не пачуў я больш нічога зь цемры роту крумкачова:
Бы ў тым слове адмыслова ўсё ён выказаў тады.
Ён сядзеў услупянела, я ж сказаў сабе нясьмела:
“На сьвітаньні, зразумела, зьнікне ён у нікуды,
Як і мары: ці ж надоўга прыляцеў прывід сюды?”
Птах прамовіў: “Назаўжды”.

Я зьбянтэжыўся: “Аднекуль гэты птах, нямы адвеку,
Словаў, свомых чалавеку, мае ў памяці сьляды,
Гэта водгук, гэта подых сьпеваў колішніх жалобных,
Ў ім Надзея нарачоных пахавана назаўжды,
Гэта водгук, гэта подых сьмерці ў веку маладым,
Палкай жарсьці горкі дым.”

Зьзяе чорны зрок птушыны, быццам зноўку строіць кпіны:
Я насупраць крумкачыны на канапе сеў тады
І гадаў, што ў такім разе ў тым загадкавым адказе
Птах паўночны меў на ўвазе, калі мовіў “Назаўжды”,
Змрочны, злосны, зпахмурнелы, скамянелы ад жуды
Птах, сказаўшы “Назаўжды”.

Так сядзеў я задуменны, бы ў глыбокім аняменьні,
А крумкач пагляд каменны ў грудзі ўткнуў мне, і тады
Зрок канапы дакрануўся—вось!, я раптам схамянуўся,
Сам сядзець я застануся на канапе назаўжды,
Бо Леноры не вярнуцца, не прысесьці зноў сюды,
Вось што значыць назаўжды!

Тут паветра стала вохкім, пах далёкім быў і лёгкім,
Хтосьці быццам крокам крохкім патрывожыў дываны,
“Здань!” я крыкнуў, “дзеля Бога, як, скажы мне, яшчэ доўга
Будзе жыць мая трывога, што ты зноў прынёс сюды,
Колькі часу застанецца ў сэрцы цень маёй бяды?”
Птах прамовіў: “Назаўжды.”

“Птах ты,” крыкнуў я, “ці дэман, пасланец багоў нядрэмных?
Пакараньня майго тэрмін прыляцеў падоўжыць ты
Ў дом закінуты, закляты, верны д’яблаў памагаты?
Не глынуць мне Гілеады больш гаючае вады—
Мне спакой цяпер адняты на як доўгія гады?”
Птах прамовіў: “Назаўжды.”

“Птах”, зноў крыкнуў я, “ці кат ты, майго лёсу прыганяты?
На пытаньне жабрака ты мусіш даць адказ тады:
Адкажы душы маркотнай, ці сустрэнуся зь пяшчотнай
Я Ленораю шляхотнай, што быў страціў малады,
Ці асуджаны шукаць я ўсюды ейныя сьляды?”
Птах прамовіў: “Назаўжды”.

“Досыць!” крыкнуў я, “відаць нам выпадае разьвітацца
Гэтым словам: час вяртацца, змрочны птах, табе туды,
Дзе ты быў, прэч з маёй хаты, кінь мяне, прарок пракляты
Наплявузгаў тут дарма ты столькі жудаснай лухты—
Ці навечна ты на бюсту ўладкаваўся, сапраўды?”
Птах прамовіў: “Назаўжды”.

Так сядзіць Крумкач маўклівы, птах жахлівы, птах прымхлівы,
Сьцяўшы дзюбу, склаўшы крылы, нерухомы і нямы,
І ягоны д’яблаў позірк кроў у жылах мне марозіць,
Цень ягоны на падлозе не зьнікае нікуды,
І душа мая з тым ценем, знакам чорнае жуды,
Паяднана назаўжды.


Эннабэл Лі

Гэта сталася вельмі шмат год таму
Ў гаспадарстве чужой зямлі,
Там дзяўчына жыла, вы імя б маглі
Ведаць ейнае—Эннабэл Лі,
І аб тым, каб каханаю быць маёй
Думкі ейныя ўсе былі.

У дзяцінстве мы зь ёю ўдваіх расьлі
Ў гаспадарстве чужой зямлі,
І кахалі каханьнем, што больш было
За каханьне, я й Эннабэл Лі,
І зайздросьціць нам у каханьні тым
Сэрафімы адно маглі.

І ад зайдзрасьці гэтай шмат год таму
Ў гаспадарстве чужой зямлі
Падзьмуў з хмары сьцюдзёны вецер, які
Працяў сэрца Эннабэл Лі,
Прыйшлі шляхціцы, ейныя сваякі,
І яе ад мяне ўзялі,
Каб пакласьці ў труну й пахаваць яе
Ў гаспадарстве чужой зямлі.

Так, анёлы й паловы ў раі спазнаць
Шчасьця нашага не маглі,
І ад зайздрасьці іхнай, вядома ўсім,
У далёкай чужой зямлі
Падзьмуў з хмары сьцюдзёны вецер, які
Ўзяў жыцьцё маёй Эннабэл Лі.

Ды каханьне нашае мела моц,
Што ня меў яшчэ на зямлі
Ніхто з тых, што да нас былі:
Ані ў небе анёлы, ні дэманы
На дне мора альбо ў зямлі
Не адымуць душу маю ад душы
Незраўнанай Эннабэл Лі.

Месяц ледзьве ўстае, мару я пра яе
Маю гожую Эннабэл Лі,
І як зоры мігцяць, не магу не ўзгадаць
Зьзяньне ў позірку Эннабэл Лі,
Там, дзе чуцен прыбой я парою начной
Заўжды побач з каханай, нявестай маёй
Ляжу ў цемры глыбока ў зямлі,
Пахаваны ў далёкай зямлі.

Эльдарада

На сонцы іскрыцца
Аздобамі рыцар,
Ды шлях перад ім бязрадны.
Ім едзе ён
Ужо шмат дзён
На пошукі Эльдарада.

Духам панік
Стары ваяўнік
У сэрцы—настрой бязрадны,
За доўгія дні
Ня ўбачыў ані
Водбліску Эльдарада.

Сьсівелы, панылы
Губляе ён сілы,
Насустрач—прывід бязрадны.
“Скажы мне, цень,
Шукаць мне дзе
Чароўны край—Эльдарада?”

“Пад тую гару
Каня кіруй,
У Край Памерлых бязрадны”,
Цень мовіў ледзь,
“Едзь, мужна едзь,
Шукай сваё Эльдарада.”


Толькі мроя, толькі сон

Перад тым, як прэч скірую,
Ў лоб цябе я пацалую
Й рэч скажу табе такую:
Маеш рацыю ты ў тым,
Што цяг дзён—адзіна дым;
Хай апошняя з надзей,
Што сыйшла ўначы ці ўдзень,
Была прымхай, альбо не—
Ўсё адно няма яе.
Бачым мы вякоў спакон
Толькі мрою, толькі сон.
Пад бурлівых хваляў крык,
Дзе зьнікае мацярык,
Я стаю на ўскрайку сушы,
Пяску жменю зачарпнуўшы—
Застаецца мала ў жмені,
Рэшта ўніз цячэ струменем.
Сум на сэрца лёг каменем:
Божа мой, я наракаю,
Можа, слаба я сьціскаю?
Божа, дай каб я зацяў
Пескаўку адну хаця б!
Няўжо ўсё вякоў спакон—
Толькі мроя, толькі сон?

© Пераклад - Макс Шчур, 2001

HA POCTAHI