Жыхарам
і абаронцам намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы
1.
Калі Аляксандар Казулін
заклікаў моладзь, што сабралася на Кастрычніцкай плошчы ў намётавым
лягеры, разыйсьціся, у адказ яму выгукнула згоднае, бяз роздуму: “Застаемся!”
Пазьней як заклік, так і рашучае жаданьне юнакоў і дзяўчат застацца
любым коштам на плошчы сустрэліся з цэлым шэрагам інтэрпрэтацыяў і непаразуменьняў.
У рэшце рэшт, Казулін меў рацыю, празь некалькі дзён намёты ліквідавалі,
ягоныя жыхары ня вытрымалі на плошчы да 25-га, як плянавалася—ім не
хапіла аднаго дня і адной ночы—аднак “стаяньне” на плошчы адыграла вялікую
ролю ў далейшых падзеях, паказаўшы нязломнасьць “маладой гвардыі”. Наадварот,
рацыянальны Казулін выклікаў да сябе цэлую хвалю незадаволу: неяк не
стасаваўся гэты заклік з тымі радыкальнымі заявамі, якія Казулін рабіў
па тэлебачаньні, таму ў ім адразу зноў западозрылі правакатара.
Упэўнены, аднак, што
Казуліну было насамрэч шкада “падстаўляць дзяцей”, калі было ясна, што
і іх могуць зьбіць, як і яго 2-га сакавіка. Рэвалюцыя, маўляў—справа
не дзіцячая. Ізноў у Казуліне гаварыў былы марпех, які пасьпеў ужо зірнуць
у вочы ворагу. Аднак гэтым разам—менавіта “былы”, які забыўся, колькі
гадоў яму было, калі ён сам служыў у войску. Марпех, які толькі яшчэ
дарастае да генэрала і пакуль не разумее, што на найцяжэйшыя ўчасткі
фронту заўжды кідаюць маладых, недасьведчаных байцоў, у якіх яшчэ няма
страху сьмерці. І хаця Казулін больш за іншых спрычыніўся да стварэньня
рэвалюцыйнай сітуацыі, гэта—не яго рэвалюцыя. Гэта—іх рэвалюцыя. Бо
іх, насамрэч, ніхто на плошчу не пасылаў, таму загадаць ім адсюль сысьці
ніхто ня можа. Менавіта ў іх, дваццацігадовых, няма страху. Ня зганьбіцца
перад сваймі сябрамі ім нашмат важней, чым не пацярпець ці паслухацца
бацькоў. Зірніце ў іхныя твары—яны толькі што спазналі, што яны неўміручыя.
Адсюль іх прыгажосьць. Яны ня сыйдуць з плошчы: гэтая плошча, нават
болей, чым Каліноўскага—іхная, гэта іхная краіна, іхная жыцьцё, іхны
лёс, іхны сьвет. Быць у іншым месцы зараз для іх—нонсэнс. Яны ня думаюць
пра гісторыю, яны ствараюць яе; яны ня аўтары—яны яе героі.
Аднак ніводнае змаганьне
нельга выйграць з дапамогай аднаго гераізму; ніводная пераможная рэвалюцыя
ня ёсьць справай аднаго пакаленьня.
2.
Мяне спыталіся: калі
б ты быў зараз у Менску, ці быў бы ты зараз у намётавым лягеры? Паціснуўшы
плячыма, я ўявіў сабе сітуацыю і адказаў—напэўна ж, так, бо іншага месца
ў сёньняшняй Беларусі я для сябе ўявіць не магу, дый не жадаю ўяўляць.
Аднак справа ў тым, што самі мае ўявы аб Кастрычніцкай плошчы і наогул
аб Беларусі маюць васьмігадовую даўнасьць, калі мне таксама было дваццаць,
як і ў сярэднім тым, хто быў у намётах. Тады, падчас “Менскай вясны”,
і ў майго пакаленьня было адчуваньне групавой тоеснасьці, лучнасьці,
змаганьня за агульную справу. Ня думаю, што калі б я насамрэч апынуўся
зараз у Менску, гэтае адчуваньне вярнулася б да мяне—ня той узрост.
Узрост дадае пэсімізму і цьвярозасьці ў бачаньні рэчаў, і гэта я назіраў
у гэтыя дні ня толькі на самім сабе. Аднак гэта не азначае, што старэйшай
генэрацыі няма месца ў палітычным жыцьці, і што палітычнае жыцьцё павінна
быць рэдукаваным толькі на вулічныя пратэсты. Пасьпяховая рэвалюцыя
заўсёды мае ў сваёй структуры рацыянальнае разьмеркаваньне працы, як
і ўсялякае разьвітае буржуазнае грамадзтва, таму звычайна менавіта тыя,
хто ёю кіруе, атрымлівае з агульнанароднага імпэту найбольшыя палітычныя
дывідэнды, як гэта бывае і пры капіталізме. Аднак менавіта моладзь удзельнічае
ў рэвалюцыі ня дзеля прыватнай выгады кожнага паасобку, а дзеля выгады
агульнай, выгады ўсёй супольнасьці, якая ёсьць несумненнай. Толькі яны
адны праз сваю маладосьць здольныя ў ахвяру гэтай супольнасьці прынесьці
свае ўласныя, індывідуальныя лёсы.
Маё пакаленьне пасьпела,
дзякаваць богу (таму што некаторыя пакаленьні зусім ня ведаюць, што
гэта такое), ужо тройчы перажыць рэвалюцыйныя падзеі. Упершыню гэта
было ў 1988-1991 гг., ад канца перабудовы, калі пачыналі зьбіраць подпісы
пад новым праектам “Закону аб мовах”, да шматтысячных мітынгаў і падпісаньня
Віскулёўскіх пагадненьняў неўзабаве пасьля жнівеньскага перавароту ў
Маскве. Цягам гэтых гадоў з мапы сьвету зьнікла імпэрыя, у якой мы нарадзіліся
і вырасьлі. Старэйшая і маладзейшая за нас генэрацыі могуць ставіць
пад сумнеў мэтазгоднасьць тых падзеяў, але ўпэўнены, што ў бальшыні
прадстаўнікоў майго пакаленьня нават не ўзьнікае такой думкі. Пры гэтым
нельга сказаць, што хтосьці з нас у той рэвалюцыі ўдзельнічаў—мы былі
фактычна яшчэ дзеці. Мала хто ўваходзіў у рэгіянальную раду Таварыства
беларускай мовы, якое вылучала кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ, альбо выступаў
на мітынгах з патрыятычнымі вершыкамі—бальшыня сачыла разам з бацькамі
за падзеньнем бэрлінскага мура, румынскай рэвалюцыяй, абаронай тэлевізіі
ў Вільні і Белага дому ў Маскве. У гэтым назіраньні палягала тады наша
галоўная і адзіная магчымая роля—і тым ня менш, менавіта тады склаўся
палітычны сьветапогляд маёй генэрацыі.
3.
Нашай "рэвалюцыяй"
была “Менская вясна” 1996-1998 гадоў. Ня буду залішне настальгіраваць
па тым часе, скажу толькі, чаму тая спроба была няўдалай. Думаю, што
справа ня ў тым, што не ўдалося абудзіць дастатковую колькасьць людзей,
а ў тым, што нашыя тагачасныя “правадыры” былі таксама людзьмі свайго
ізаляванага, дысыдэнцкага пакаленьня, у бальшыні выпадкаў абсалютна
глухімі да меркаваньняў моладзі і народу ўвогуле. Гэта былі тыя самыя
людзі, што кіравалі ў часы папярэдняй трансфармацыі, у 1988-1991 гг.,
і ніяк ці то не маглі зразумець, ці то не хацелі пагадзіцца, што час
зьмяніўся і трэба дзейнічаць інакш, мысьліць інакш, гаварыць інакш.
І колькі б хто ні выстаўляўся сваймі заслугамі перад народам у папярэдні
пэрыяд зьменаў, наша пакаленьне не даруе ім гэтай нечульлівасьці і глухоты,
спалучаных зь нерашучасьцю і адсутнасьцю ўсялякага плану дзеяньняў.
Цяпер, як ні парадаксальна,
час зноў прыносіць для тых правадыроў шанец выявіць сябе: сёньняшняя
моладзь пасьпела, я ўпэўнены, зноў засумаваць па народных традыцыях,
па нацыянальным, па ўсім тым, што напачатку 1990-х сталася дзяржаўнай
палітыкай і выклікала ў бальшыні майго пакаленьня хутчэй антаганістычную
рэакцыю. Нават малітвы, якія ў вуснах старых дзядзькаў і цётак выклікалі
ў нас сьмех, у вуснах гэтых маладзейшых за нас людзей гучаць сёньня
пераканаўча. Прычына гэтаму толькі адна—абсалютная рэсаветызацыя ўсёй
краіны, якую зьдзяйсьняе Лукашэнка. Нездарма настрой, уласьцівы моладзі,
якая, фактычна вырасла і сфармавалася ўжо пры Лукашэнку, выказваецца
адным ёмістым словам: “Достал”. Той, хто ўспрымае сваё жыцьцё сур’ёзна,
а не як чырвона-зялёны маскарад ці безрызыкоўнае хуліганства на перадвыбарчых
мітынгах ды перад заходнімі амбасадамі пад аховай міліцэйскіх дубінак,
ня можа не сымпатызаваць з апазіцыяй, таму што разумее: змагацца за
іхную будучыню ня будзе ніхто, апрача іх саміх. Таму яны, у адрозьненьне
ад нас, старэйшых, не сумняюцца ў перамозе, не дапускаюць нават такой
магчымасьці. Што ж, іхнай веры можна толькі зайздросьціць. Падобны імпэт,
адзначу, уласьцівы вечна незадаволенаму насельніцтву арабскіх краінаў,
рабочаму класу, увогуле, простанародзьдзю—пры ўсёй павазе да іх, гэтыя
групы людзей у вялікай ступені застаюцца дзецьмі на працягу ўсяго жыцьця,
адсюль іхны радыкалізм, якога гэтак баяцца ўлады. Дарэчы, даўгачасовая
адсутнасьць такога радыкалізму ня толькі ў беларускага, але і ўвогуле
ў эўрапейскага рабочага класу прымушае задумацца над тым, наколькі гэты
клас паводле сваіх каштоўнасьцяў застаецца рэвалюцыйным і наколькі ў
прынцыпе варта апэляваць сёньня да ягонай калектыўнай тоеснасьці.
Аднак яшчэ раз скажу,
што імпэт—гэта мала. Калі ў радыкалізаванай групы людзей, якой бы яна
ні была, ня будзе кіраўніцтва, якое кажа ім менавіта тое, што яны хочуць
пачуць, і пры гэтым змушае іх рабіць менавіта тое, што трэба, ніякага
выніку іхны рэвалюцыйны імпэт не прынясе. Адкладзеная інаўгурацыя Лукашэнкі—гэта
сімвалічна, але гэтага недастаткова: усё-ткі хацелася б, каб аднойчы
гэты адклад стаўся бестэрміновым.
23 сакавіка 2006
P.S.Усьцешвае, што
правадырамі намётавага лягеру сталіся не прадстаўнікі партыйнай апазыцыі,
а менавіта колішнія шараговыя ўдзельнікі “Менскай вясны”, збольшага—
людзі майго пакаленьня, якое мае досьвед паразы, а празь яго—у чымсьці
і страчанай маладосьці... Як вядома, яны далі партыйнай апазыцыі год
“на роздумы”—паглядзім, да чаго яны дадумаюцца і што з гэтага атрымаецца.
Намётаваму
гарадку
Нібыта ў начным палёце,
нібыта ў Экзюпэры,
у чорным вакольным сьвеце,
у зорным яго намёце
ўся вера—у вас, сябры.
Міргаюць змоўцы-прыборы—
я слухаю ваш экстаз,
чытаю вашыя твары,
ня ведаю вашай зморы,
баюся—за й замест вас.
Вы, пэўна б, зь мяне
сьмяяліся,
каб бачыць мяне маглі.
Ды гэта праз вас я, памятайце,
магу глядзець безь нянавісьці
на мапу сваёй зямлі.