Выбярыце
ноту, якую вы хочаце пачуць.
Іграйце яе пад наступны акампанемэнт:
Лясы
ад 5-й да 8-й раніцы
Ўлетку
СЬМЕХАВЫ
ТВОР
Сьмейцеся
на працягу тыдня
БУДЫНКАВЫ
ТВОР ДЛЯ АРКЕСТРУ
Пераходзьце
з аднаго пакою ў другі
Адчыняйце й зачыняйце пры гэтым дзьверы
Бязгучна
Прайдзіце ўвесь дом ад апошняга паверху
Да першага
СТУЖКАВЫ
ТВОР І: Камянёвы твор
Запісвайце,
як старэе камень
СТУЖКАВЫ
ТВОР ІІ: Пакоевы твор
Запісвайце,
як дыхае пакой
1)
на золку
2) раніцай
3) апоўдні
4) увечары
5) на досьвітку
Закупорвайце
ў бутэлькі таксама пах
Пакою ў кожную з гэтых часінаў
СТУЖКАВЫ
ТВОР ІІІ: Сьнегавы твор
Запісвайце,
як падае сьнег.
Гэта варта рабіць увечары.
Стужку не праслухвайце.
Разрэжце яе і выкарыстоўвайце
Для перавязваньня падарункаў.
Абгортачную паперу згатуйце тым жа
Спосабам з нотнай паперы.
СТУЖКАВЫ
ТВОР ІV: Рухавы твор
Запісвайце,
як рухаюцца
Зоры.
Стужку не праслухвайце.
Разрэжце яе й раздавайце людзям
На вуліцы.
Альбо прадавайце яе па ўмераным кошце.
СТУЖКАВЫ
ТВОР V: Грэбневы твор
(а)
Запісвайце,
як вашая жонка штодня
Расчэсвае валасы.
Захоўвайце стужку.
Спаліце яе разам зь целам жонкі, калі яна памрэ.
(б)
Запісвайце,
як ваш муж штодня
Расчэсвае валасы.
Захоўвайце стужку.
Праслухайце яе пасьля яго сьмерці.
(в)
Запісвайце,
як вашая дачка расчэсвае валасы.
Дайце ёй паслухаць гэтую стужку,
Калі яна будзе ляжаць хворая ў ложку.
ЗЬБІРАЛЬНЫ ТВОР
Зьбярыце
ў думках гукі
Якія вы недачулі на працягу тыдня.
Паўтарайце іх пра сябе аднаго дня
Ў рознай пасьлядоўнасьці.
ТЭЛЕФОННА-РЭХАВЫ
ТВОР
Прыдбайце
тэлефон, які толькі паўтарае
Вашыя словы, як рэха.
Штодня тэлефануйце й размаўляйце
Аб чым заўгодна.
ВАДЗЯНЫ
ТВОР
Зачарпніце
палонікам месяц у вадзе.
Працягвайце чэрпаць, пакуль месяц
Ня зьнікне.
СЬВІТАЛЬНЫ ТВОР
Вазьміце
першае слова, якое трапіцца
Ў вашых думках.
Паўтарайце яго да сьвітаньня.
СЬПІННЫ
ТВОР І
Выключые
сьвятло.
Чатыры гадзіны стойце ў некага за сьпіной.
СЬПІННЫ
ТВОР ІІ
Выключыце
сьвятло.
Чатыры гадзіны хадзіце за некім крок у крок.
КРОКАВЫ
ТВОР
Крочце
па сьлядох таго, хто йдзе перад вамі.
1) па зямлі
2) па слаце
3) па сьнезе
4) па лёдзе
5) па вадзе
Імкніцеся рабіць гэта бязгучна.
ГАРАДЗКІ
ТВОР
Хадзіце
па ўсім горадзе
З пустой дзіцячай каляскай.
СЬНЕГАВЫ
ТВОР
Уявіце,
што падае сьнег.
Уявіце, што сьнег падае паўсюдна
І ўвесь час.
Калі вы размаўляеце зь кімсьці, уявіце,
Што паміж вамі падае сьнег.
Спыніце гутарку, калі вам падасца, што
Ваш суразмоўца цалкам пакрыты сьнегам.
ЯШЧЭ
ТРЫ СЬНЕГАВЫХ ТВОРЫ
(для саліста альбо аркестра)
№1
Дашліце гукі сьнегу таму, каго вы любіце.
№2
Крочце па сьнезе, не пакідаючы сьлядоў.
№3
Знайдзіце ў сьнезе руку.
ТУМАКОВА-БУТЭРБРОДАВЫ
ТВОР
Уявіце
тысячу сонцаў у небе
Адначасова.
Пакіньце іх зьзяць на працягу гадзіны.
Потым няхай яны паступова
Распусьцяцца ў небе.
Зрабіце бутэрброд з тумаком і ежце.
МУРАВЫ
ТВОР І
Сьпіце,
аддзеленыя двума мурамі.
Прамаўляце шэптам адзін да аднаго.
Выяўленчыя
творы
КАРЦІНА
ПА ЧАСТКАХ
Выпуск
пяты
віншуем!
вы
адзін з 10.000 чалавек, якіх мы выбралі для таго, каб даслаць ім гэтую
частковую карціну ёко оно. кожны з вас атрымаў кавалак гэтай карціны.
у будучыні мы плануем сустрэцца ўсе разам, каб скласьці ўсе часткі і
магчы ацаніць карціну ў ейнай першапачатковай форме. але пакуль што
вы можаце рэкамэндаваць нам некалькі імёнаў, каб мы маглі разаслаць
ім рэшту частак карціны, якія ў нас яшчэ засталіся. калі ласка, пазначце
ў сваім лісьце сацыяльнае становішча вашага знаёмага, у адпаведнасьці
зь якім будзе вызначаны памер ягонай часткі карціны.
Сэрыйны
№ 9331.
КАРЦІНА
ДЛЯ ВЕТРУ
Выражце
дзірку ў торбе, напоўненай
Якім заўгодна зернем, і павесьце яе недзе,
Дзе дзьме вецер.
КАРЦІНА
ДЛЯ СУЗІРАНЬНЯ НЕБА
Высьвідруйце
ў зрэб’і дзьве дзіркі.
Павесьце яго так, каб скрозь дзіркі было відаць неба.
(Перавесьце
карціну.
Паспрабуйце вокны з абодвух бакоў
Дому, каб параўнаць, чым адрозьніваюцца
Нябёсы.)
КАРЦІНА
ДЛЯ НЕБА
Высьвідруйце
ў небе дзірку.
Выражце з паперы аднолькавы зь дзіркай
Кавалак.
Спаліце яго.
Неба павінна быць абсалютна блакітным.
ЦЕНЕВЫ
ТВОР
Злучайце
вашыя цені
Пакуль яны ня стануць адным.
КАРЦІНА,
ШТО ПАВІННА ІСНАВАЦЬ ТОЛЬКІ Ў ВЫГЛЯДЗЕ КОПІІ ЦІ ФОТАЗДЫМКУ
Дазвольце
народу капіяваць альбо фоткаць вашыя карціны.
Зьнішчыце арыгіналы.
КАРЦІНА
ДЛЯ ЎБІВАНЬНЯ ЦЬВІКА
Убівайце
цьвікі ў люстэрка, кавалак шкла,
Зрэб’е, дрэва альбо мэтал штораніцы.
Акрамя таго, бярыце валасы, што застаюцца
На грэбні пасьля ранішняга расчэсваньня,
І абвязвайце імі цьвікі. Карціна лічыцца
Скончанай, калі ўся паверхня пакрытая цьвікамі.
КРЫВАВЫ
ТВОР
Малюйце
ўласнай крывёй.
Не спыняйцеся, пакуль не самлееце (а).
Не спыняйцеся, пакуль не памрэце (б).
Творы-падзеі
ДЗЬВЕ
ТЭЛЕГРАМЫ
1)
СЁНЬНЯ РАНІЦАЙ АД’ЯЖДЖАЮ ЗЬ ВЯСНОВЫМ ВЕТРЫКАМ КАХАЮ
2)
НЕ МАГУ ПАВЕРЫЦЬ ШТО ТЫ ТАКІ ДУРАНЬ МОГ ПАДУМАЦЬ ШТО Я НАСАМРЭЧ АД’ЯЖДЖАЮ
КРПК ТЫ ВЕДАЕШ ШТО Ў МЯНЕ НЯМА НІ КАПЕЙКІ КРПК АД’ЯЖДЖАЮ АЗНАЧАЕ АД’ЯЖДЖАЮ
АД АРГАЗМУ КРПК НЕ ТЭЛЕФАНУЙ БОЛЬШ РАХУНКІ ЗА ТЭЛЕФОН БЯЗБОЖНЫЯ
ТВОР
З ГАРОХАМ
Насіце
з сабою торбу з гарохам.
Куды б вы ні йшлі, пакіньце там гарошыну.
ПАХАВЫ
ТВОР І
Дасылайце
пах месяцу.
ТВОР-ШЭПТ
А)
Прамаўляйце шэптам. Папрасіце ў ветра занесьці ваш шэпт на край сьвету.
Б) Прамаўляйце шэптам да аблокаў. Папрасіце ў іх аб гэтым памятаць.
В) Прамаўляйце шэптам да трысьнягу аб тым, што сталася цягам дня. Спляціце
з трысьнягу пару сандаляў і дашліце іх свайму сябру.
Г) Пашапчыце дрэву ўсе вашыя таямніцы. Зрабіце зь яго гітару й дашліце
яе якой-небудзь жанчыне.
Д) Пашапчыце вашыя таямніцы маладому дрэўцу. Зрабіце зь яго крэсла й
дашліце якому-небудзь мужчыну.
Е) Шапніце сваё імя камяню. Дашліце камень незнаёмцу.
Ж) Шапніце першае слова, якое прыйдзе вам на думку, чалавеку побач з
вамі.
ТВОР
З ПАХАМ
Карыстайцеся
безыменнай візітоўкай.
Замест імя побач з адрасам пакіньце пах.
ТВОР-ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ
І
Паведамляйце
аб сваёй сьмерці
Шторазу як будзеце пераяжджаць,
Замест таго каб паведаміць
Новы адрас.
Тое ж самае зрабіце, калі памрэце.
ТВОР-ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ
ІІ
Паведамляйце
аб зьмене адразу шторазу, як будзеце паміраць.
ЛЁТНЫ
ТВОР
Лётайце.
ТВОР
З МАПАЙ
Нарысуйце
мапу так, каб згубіцца.
РАЗМОЎНЫ
ТВОР
Забінтуйце
любую частку вашага цела.
Калі вас спытаюцца, што сталася, прыдумайце
Й распавядзіце.
Калі вас не спытаюцца, што сталася,
Прыцягніце да забінтаванай часткі агульную ўвагу
Й распавядзіце, што сталася.
Калі людзі аб гэтым забудуцца, нагадайце ім,
Што сталася, і працягвайце распавядаць аб гэтым.
Не размаўляйце ні аб чым іншым.
СОНЕЧНЫ
ТВОР
Пазірайце
на сонца, пакуль яно не ператворыцца ў квадрат.
БЯЛІЗНАВЫ
ТВОР
Каб
пазабаўляць вашых гасьцёў, прынясіце нявыпраную бялізну за ўвесь дзень
і падайце ім тлумачэньні наконт кожнай часткі адзеньня: як, калі яна
забрудзілася, чаму й г.д.
ЛІЧЭБНЫ
ТВОР
Штодня
падлічвайце колькасьць агнёў у месьце.
Напішыце сьпіс і павесьце яго на сьцяне.
КУРЫЛЬНЫ
ТВОР
Паліце
ўсё, што толькі можна.
У тым ліку й валасы з улоньня.
ТВОР
ЗЬ ІМЕМ
Зьмяніце
сваё імя адпаведна вашаму веку.
Адпаведна году.
Адпаведна дню.
Адпаведна выпадку.
Адпаведна колеру вашай вопраткі.
РАЗМОЎНЫ
ТВОР
Размаўляйце
аб сьмерці прыдуманай асобы.
Калі хтосьці зацікавіцца, прынясіце
Фотаздымак гэтай асобы ў чорнай рамцы і пакажыце яго.
Калі вас запросяць у госьці, адмоўцеся на падставе таго,
Што прыдуманая вамі асоба памёрла.
Паэтычныя
творы
СКЛАДОВЫ
ТВОР
Вырашыце,
што да канца свайго жыцьця
Ня будзеце карыстацца пэўным складам.
Занатоўвайце рэчы, што ў выніку з вамі адбудуцца.
ТВОР
З КЛАДОЎКАЙ
Зачыніце
пэўную згадку ў адной з паловаў свайго мозгу.
Зачыніце яе й забудзьцеся.
Прымусьце другую палову мозгу шукаць гэтую згадку.
ВЕРШ-ДОТЫК
Запрасіце
гасьцей.
Запрашайце толькі тых, хто памёр.
Кінатворы
КІНАСЦЭНАР
3
Папрасіце
публіку выразаць з экрану частку кадру, якая ім не падабаецца.
Раздайце
нажніцы.
СЬМЕРЦЬ
(Шлях спадара Со ад калыскі да труны)
Павольны
фільм даўжынёй у 60 гадоў, які назірае за чалавекам, што спачатку нараджаецца,
а потым памірае. Недзе ад 30-га году фільм ператвараецца ў фільм аб
двух чалавеках, бо ў галоўнага героя зьяўляецца жонка. Чым бліжэй да
канца, тым фільм усё больш ператвараецца ў “фільм-чаканьне”, бо праца
камэры відавочна стаецца ўсё больш і больш сэнільнай, хаця герой выглядае
ўсё яшчэ даволі энэргічна. Неверагодна, што сьмерць засьпявае героя
зьнянацку ў выглядзе мычкі. Насамрэч, неверагодны фільм, які прымушае
вас задумацца: ніхто з нас ня ведае, калі памрэ.