Тое,
што пакутнікі могуць даказаць праўдзівасьць нейкага факту, ёсьць
настолькі непраўдападобным, што я наогул сумняюся, каб нейкі пакутнік
меў калі нешта агульнае з праўдай. Ужо ў тоне, якім пакутнік кідае ў
твар сьвету сваю перакананасьць у праўдзе, выказваецца настолькі нізкая
ступень інтэлектуальнай сумленнасьці, такое неразуменьне самой
праблемы праўды, што пакутніка няма нават патрэбы абвяргаць. Праўда
ня ёсьць чымсьці, чым хтосьці валодае, а хтосьці не: гэтак аб праўдзе
могуць думаць у лепшым выпадку сяляне, альбо сялянскія апосталы кшталту
Лютэра. Будзьма пэўныя, што вышэйшай ступені строгасьці сумленьня ў
пытаньнях сьвядомасьці адпавядае большая сьціпласьць, стрыманасьць
у гэтым пункту. Быць дасьведчаным у пяці рэчах, і далікатным
жэстам рукі адрынаць іншыя... “Праўда” ў разуменьні любога з
прарокаў, любога сектанта, любога вальнадумцы, любога сацыяліста, любога
царкоўніка ёсьць доказам таго, што яны ўсё яшчэ нават не пачаткоўцы
ў гэтай дысцыпліне духу й пераадоленьні сябе, неабходных для таго каб
знайсьці хоць нейкую, нават самую маленькую праўду. Мімаходзь кажучы,
сьмерці пакутнікаў былі для гісторыі пошасьцю: яны спакусілі
многіх... Выснова, зробленая зь іх усімі без выключэньня ідыётамі, улучна
жанчын і плебса, быццам справа, за якую хтосьці йдзе на сьмерць (ці
якая стварае, гэтаксама як раньняе хрысьціянства, эпідэміі жаданьня
памерці) мае нейкую вартасьць—гэтая выснова ператварылася ў агромністую
перашкоду для дасьледаваньня, для духу навуковых пошукаў і абачлівасьці.
Пакутнікі прынесьлі праўдзе шкоду... Нават сёньня ўсё яшчэ дастаткова
падвергнуць любога сэктанта строгаму перасьледаваньню, каб надзяліць
яго азначэньнем “варты павагі”. Якім чынам? Хіба той факт, што
хтосьці ахвяруе сваё жыцьцё за нейкую ідэю, зьмяняе саму па сабе вартасьць
гэтай ідэі? Памылка, якая робіцца вартай павагі, больш прывабная за
спакусу: няўжо вы, спадары тэалогі, думаеце, што мы дамо вам магчымасьць
гуляць ролю пакутнікаў дзеля вашай хлусьні? Ідэя абвяргаецца, калі яе
з усёй асьцярожнасьцю пакласьці ў лёд—гэтаксама ж абвяргаюцца тэалогі...
У гісторыі сьвету тупасьць усіх перасьледнікаў была тым, што надзяляла
перасьледаваныя ідэі ўяўнай узьнёсласьцю—гэтая тупасьць падаравала ім
выгляд пакутніцтва... Жанчына ўсё яшчэ кленчыць перад заблытам, таму
што яго вымавіў хтосьці, хто памёр на крыжы. Няўжо ж крыж ёсьць аргумэнтам?
Але аб усім гэтым толькі адзін чалавек сказаў тое, што трэба было сказаць
ужо тысячагодзьдзі таму—Заратустра.
Крывавыя
знакі напісалі яны на сваім шляху, і ў глупстве сваім вучылі, што кроўю
даказваецца праўда.
Але
ж кроў ёсьць найгоршым сьведчаньнем праўды: кроў атручвае нават самае
чыстае вучэньне, ператвараючы яе ў трызьненьне й нянавісьць у сэрцах.
І
калі хтосьці пройдзе скрозь агонь, каб абараніць сваё вучэньне—што ён
гэтым даказвае? Было б нашмат лепей, калі б ягонае вучэньне выйшла з
агню самога сябе.
54.
Але
ж не дамо ўвесьці сябе ў аблуду: вялікія духі—скептыкі. Заратустра—скептык.
Пэўнасьць, свабода, што нараджаюцца з сілы й надбытку сілы духа
даказваюцца гэтым скептыцызмам. Што да людзей перакананьня, зь
імі ня варта лічыцца ў фундамэнтальных пытаньнях, датычных вартасьці
й нявартасьці. Перакананьне ёсьць астрогам. Яны ня бачаць дастаткова
далёка, ня бачаць нічога па-за сабой: але каб мець права размаўляць
аб вартасьці й нявартасьці трэба бачыць пяцьдзесят розных перакананьняў
пад сабой—за сабой... Дух, што прагне нечага вялікага, і патрабуе
таксама сродкаў для ягонага дасягненьня, неабходна ёсьць скептыкам.
Свабода ў перакананьнях любога кшталту, уменьне свабоднага погляду
ёсьць неад’емнай часткай пэўнасьці духу... Вялікая жарсьць, падмурак
і выток магутнасьці самога быцьця, больш асьвечанага й больш дэспатычнага
чымся дух, ставіць сабе на службу ўсе разумовыя здольнасьці; пазбаўляе
дух усялякіх забаронаў; дае духу мужнасьць карыстацца грэшнымі сродкамі;
у пэўных абставінах дазваляе яму мець перакананьні. Перакананьне
як сродак: шмат чаго ільга дасягнуць толькі перакананьнем. Вялікая
жарсьць карыстаецца перакананьнямі паводле сваёй патрэбы, але не падпарадкоўваецца
ім, застаючыся сувэрэннай. Наадварот, патрэба веры, патрэба нейкага
безумоўнага “так” і “не”, карлайлізм, калі дазволіце скарыстаць такі
выраз, ёсьць патрэбай слабасьці. Праведнік, вернік любога кшталту
неабходна зьяўляецца чалавекам залежным—кімсьці, хто ня можа зьявіцца
самому сабе як мэта, хто ня можа прыдумаць сабе мэту на падставе
сябе самога. “Вернік” не належыць сабе, ён можа быць толькі пасярэднікам,
ён павінен быць скарыстаным, яму трэба, каб хтосьці ім карыстаўся.
Ягоны інстынкт прыпісвае найвышэйшую вартасьць маралі дэпэрсаналізацыі:
усё схіляе яго да яе, ягоны розум, ягоны досьвед, ягоная фанабэрыя.
Усялякая вера ёсьць сама па сабе выразьнікам дэпэрсаналізацыі, самаадчужэньня...
Калі ўзяць да ўвагі, наколькі патрэбным ёсьць для большасьці нейкі рэгуляцыйны
элемэнт, які б зьвязваў іх і прымацоўваў іх звонку, і наколькі прыгнёт,
у самым горшым сэнсе слова рабства, ёсьць адзінай умовай, пры
якім разьвіваецца самы слабавольны чалавек, і перадусім жанчына, тады
ільга зразумець сэнс перакананьня, “веры”. Вера ёсьць хрыбтом чалавека
перакананьня. Ня бачыць мноства рэчаў, ня мець прадбачаньня ў чым-заўгодна,
нязьменна належаць да адной партыі, мець строгую й нязьменную оптыку
ўва ўсіх пытаньнях—гэта адзіны лёс, для якога існуе гэты кшталт людзей.
Але такі лёс ёсьць антытэзай, такі чалавек—антаганістам сапраўднага
чалавека і праўды... Вернік ня мае свабоды сумленьня дзеля таго,
каб узьняць пытаньне наконт “праўдзівага” і “непраўдзівага”: калі б
ён быў у гэтым пункту шчырым, гэта было б ягонай імгненнай катастрофай.
Паталагічная абумоўленасьць ягонай оптыкі ператварае чалавека перакананьня
ў фанатыка—Савонарола, Лютэр, Руссо, Робэсп’ер, Сэн-Сімон—у супярэчнасьць
моцнага духу, які стаўся свабодным. Адылі шырокія жэсты гэтых
хворых духаў, гэтых эпілептыкаў ідэі, узьдзейнічаюць на шырокія
масы—фанатыкам уласьцівая маляўнічасьць, чалавецтву больш даспадобы
бачыць жэсты, чымся выслухваць рацыі...
55.
Наступны
крок у псіхалогіі перакананьня, “веры”. Шмат часу таму я зрабіў прадметам
сваіх развагаў той факт, што, для праўды, перакананьні могуць быць небясьпечнейшымі
за хлусьню (“Чалавечае, занадта чалавечае”, І). Гэтым разам я
хацеў бы задаць вырашальнае пытаньне: ці існуе, наогул, супярэчнасьць
між перакананьнем і хлусьнёй?—Усе лічаць, нібыта так, але што такое
меркаваньне люду?—У кожнага перакананьня свая гісторыя, свае папярэднія
формы, свае спробы й паразы: перакананьне стаецца перакананьнем
пасьля доўгага часу небыцьця перакананьнем, пасьля быцьця амаль
перакананьнем цягам яшчэ больш доўгага часу. Як? Няўжо ў гэтых зародкавых
формах перакананьня ня можа хавацца хлусьня?—Часам усё, што трэба для
ўзьнікненьня перакананьня, ёсьць простая падмена асобаў: у сыне стаецца
перакананьнем тое, што ў бацьку яшчэ было хлусьнёй.—Я называю хлусьнёй
нежаданьне бачыць відочнае, нежаданьне бачыць штосьці такім,
якім яно бачыцца: няважна, адбываецца хлусьня пры сьведках альбо
бяз сьведкаў. Найбольш распаўсюджаная хлусьня—гэта хлусьня самому сабе:
у параўнаньні зь ёю хлусьня астатнім ёсьць рэдкасьцю.—Дык вось, гэтае
нежаданьне бачыць відочнае, нежаданьне бачыць штосьці такім,
якім яно бачыцца ёсьць ледзьве ня першай умовай для ўсіх тых, хто
ў той ці іншай ступені ўдаюць сабой партыю: чалавек партыі мусова
стаецца хлусом. Напрыклад, нямецкая гісторыяграфія перакананая, што
Рым быў тыраніяй, і што германцы прынесьлі сьвету дух свабоды: якая
розьніца між гэтым перакананьнем і хлусьнёй? Калі паводле свайго інстынкту
ўсе партыі, і ў тым ліку нямецкія гісторыкі, прамаўляюць велічныя словы
аб маралі, варта са зьдзіўленьнем адзначыць, што мараль наогул выжывае
дзякуючы той акалічнасьці, што прыхільнік якой-заўгодна партыі ня можа
безь яе абыйсьціся ані ймгненьня. “Гэткім ёсьць нашае перакананьне:
мы вызнаем яго адкрыта перад цэлым сьветам, мы жывем і паміраем за яго—пашана
ўсім, хто мае перакананьні!”—такія рэчы я чуў нават ад антысэмітаў.
Наадварот, спадарства! Антысэміт ня робіцца вартым пашаны з-за таго,
што пачынае ілгаць з самага пачатку... Сьвятары, якія больш праніклівыя
ў гэтых рэчах, і якія вельмі добра разумеюць, у чым палягае слабое месца
перакананьня, ці то сістэматычнага манюцтва, і паколькі ў іх
ёсьць нейкая мэта, успадкавалі ад гэбраяў уменьне дасьціпна падстаўляць
на гэтае месца панятак “Бога”, “божай волі”, “божага вывіду”. Таксама
Кант, зь ягоным катэгарычным імпэратывам, пайшоў тым самым шляхам: у
гэтым пункту ягоны розум стаўся практычным.—“Ёсьць пытаньні,
у якіх чалавеку ня дадзена вырашаць аб праўдзівасьці ці непраўдзівасьці:
усе найвышэйшыя пытаньні, усе найкаштоўнейшыя таямніцы знаходзяцца па-за
межамі чалавечага розуму... Зразумець межы розуму—толькі гэта ёсьць
сапраўднай філасофіяй... Дзеля чаго Бог даў чалавеку вывід? Няўжо Бог
зрабіў штосьці павярхоўнае? Сам па сабе чалавек ня можа ведаць, што
ёсьць добрым, а што благім, таму Бог зьявіў яму сваю волю... Мараль:
сьвятар ня хлусіць—у рэчах, аб якіх гутараць сьвятары, у пытаньні
аб “праўдзівым” і “непраўдзівым” немагчыма схлусіць. Бо, каб схлусіць,
трэба сказаць, што ў гэтых рэчах ёсьць праўдзівым. Але чалавек
гэтага ня можа вырашыць: такім чынам, сьвятар ёсьць толькі боскім
рупарам.”—Гэты сьвятароўскі сілагізм у нейкім сэнсе не зьяўляецца толькі
гэбрайскім альбо хрысьціянскім: права на хлусьню й разумнасьць
“боскага вывіду” пасуе сьвятарам наогул, як сьватарам дэкадансу, так
і паганскім сьвятарам (паганцы—усе тыя, хто гаворыць жыцьцю “так”, для
каго “Бог” ёсьць словам для азначэньня вялікага патаканьня ўсім рэчам).—“Закон”,
“боская воля”, “сьвятарная кніга”, “натхненьне”—адзіныя тэрміны, з дапамогай
якіх ільга патлумачыць умовы, пры якіх сьвятар прыходзіць да
ўлады, на якіх трымаецца ягоная ўлада—гэтыя поймы ўтвараюць падмурак
усіх сьвятарскіх арганізацыяў, усіх структураў сьвятарскай ці філасофа-сьвятарскай
улады. “Сьвятая хлусьня”—агульная для Канфуцыя, кодэкса Ману, Магамету,
хрысьціянскай Царквы—не бракуе ані ў Платона. “Праўда існуе”: дзе б
вы ні пачулі гэты выраз, ён азначае: “сьвятар ілжэ”...