Не
пасьпеў Рональд Рэйган сыйсьці ў магілу, як дух Савецкага Саюзу пачаў
уваскрасаць: у Менску адбыўся вайсковы парад, які прымаў падпалкоўнік
Лукашэнка, апрануты ў “маршальскую” форму. Прагучалі велягорныя словы
аб нечуванай падрыхтаванасьці й абароназдольнасьці беларускага войска.
Як добры знак спрабавалі некаторыя трактаваць той факт, што на парадзе
не прысутнічалі Пуцін ані Кучма—тыя тым часам прыймалі ў Маскве дэклярацыю
пратэста супраць умяшаньня АБСЭ ў нутраныя справы краінаў СНД. Дэклярацыю
падпісалі ўсе, аднак найбольшую карысьць яна прынесла таму, хто ў Маскве
ня быў—Лукашэнку: амаль адначасова ў Эдынбургу распачалася канфэрэнцыя
Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, на якой першапачаткова плянавалася прыняць
вельмі рэзкую дэклярацыю супраць Лукашэнкі. Аднак з Масквы прагучаў рэзкі
пратэст, і Эўропа адразу ж зьменшыла свой баявы імпэт. Вынікам было падпісаньне
якогасьці двухбаковага пагадненьня між АБСЭ і Лукашэнкаўскай дэлегацыяй.
Прысутным у Эдынбургу прадстаўнікам беларускай апазіцыі яшчэ раз паказалі
іхнае сапраўднае месца.
Сітуацыя,
на маю думку, надзвычайна нагадвае старыя “добрыя” савецкія часы—хіба
што цяпер кантраляваны Расіяй “сацыялістычны” лагер зьменшыўся выключна
да постсавецкіх краінаў. І тады камуністы казалі аб “дэмакратыі” ў СССР
і аб парушэньнях правоў чалавека на Захадзе, аб “двайным стандарту”,
час ад часу выступаючы з афіцыйным пратэстам з нагоды перасьледу некага
з рэвалюцыянэраў трэцяга сьвету. Менавіта на такіх узаемных абвінавачаньнях
трымаўся (ў вачох заходняй і ўсходняй грамадзкасьці) ідэялагічны парытэт
двух палітычных блокаў.
Усходнеэўрапейскія
краіны, вызваленыя (як і Беларусь) з-пад нямецкай акупацыі, таксама
былі фармальна незалежнымі ад СССР, мелі некаторыя “лібэральныя” адметнасьці
ў эканоміцы, таксама час ад часу ўступалі зь ім у ідэялагічныя спрэчкі
і нават выходзілі з падпарадкаваньня, што традыцыйна вырашалася “ўводам
войскаў” на падставе згоды ўсіх астатніх “братніх краінаў”. Таксама
вызваленьне (заўважым, далёка не канчатковае) гэтых краінаў ад рускага
ўплыву (але не ад рускіх прэтэнзіяў) сталася магчымым у выніку глыбокага
ня столькі палітычнага, колькі эканамічнага крызісу ў самой Расіі.
Так
што падабенства новай “супольнасьці” са старым сацыялістычным блокам
не абмяжоўваецца толькі “правадырызмам” мясцовых каўдыльё, савецкай
сімволікай, падаўленьнем свабоды слова і татальнай рэ-ідэялагізацыяй
грамадзтва. Што да новага гаспадарчага курсу расійскага кіраўніцтва,
дык ён можа дзейнічаць пад страхой дзяржавы і ў таталітарным грамадзтве:
у часы НЭПу ў Савецкім саюзе таксама разьвярнуўся гандаль з Захадам,
а тым часам поўным ходам ішлі рэпрэсіі, судзілі за гаспадарчую злачыннасьць,
адбывалася змаганьне за ўладу і ўплыў у Камуністычнай партыі, ладзіліся
вайсковыя парады й гучала камуністычная рэторыка. Як і ў сталінскія
часы, дзяржава (тут маецца на ўвазе постсавецкая дзяржава як установа,
якая існуе як у Беларусі, так і ў Расеі, Украіне ці Таджыкістане) змагаецца
сёньня супраць сваіх грамадзянаў з дапамогай тэрору—практычна неабмежаванага
гвалту—якому пазьней даецца “законнае” абгрунтаваньне. Такім чынам,
Пуцін, які хацеў быць новым Пятром Першым, апынуўся ў ролі новага Брэжнева,
абкружанага сваймі Чаўшэску, Гусакамі, Ярузэльскімі, Кастро... Адно
што “варшаўскі блок” быў нашмат больш інтэрнацыянальным—цяпер ён абмяжоўваецца
на прастору з панаваньнем рускай мовы, і ў ягоным падмурку ляжыць не
камуністычная утопія, а звычайны, імпэрскі, вялікадзяржаўны шавінізм—міф
аб “абранасьці”, якая ёсьць гарантам распаўсюджаньня нейкай цьмянай,
незразумелай “велічы” на ўсіх і кожнага з прадстаўнікоў рускай культуры.
Нездарма былы агент КГБ Рыдыгер (ён жа Драздоў) ня хоча пускаць былога
спонсара польскай “Салідарнасьці” Вайтылу на тэрыторыю сваёй канфэсіі...
Цяпер
Лукашэнка, як адзін з “сувэрэнаў” новай Варшаўскай дамовы, будучы васалам
Масквы (што для яго зусім не ганебна, а галоўнае—выгадна), будзе размаўляць
з заходнімі дзяржавамі (у тым ліку й з краінамі Эўразьвязу) так, як
быццам яны ёсьць васаламі (зь ягонага гледзішча—“ахвярамі”) ЗША, а сам
тым часам, пад геапалітычным прыкрыцьцем Масквы, будзе меней-болей адкрыта
падтрымліваць усіх ворагаў “імпэрыялістычнага блоку”—перадусім, камуністычныя
й ісламскія рэжымы па ўсім сьвеце, прыклад—Судан. Гэта азначае, што
з “паднявольнай” Эўропай будзе весьціся якісьці псэўда-дыялог (цалкам
у духу “залатых” камуністычных часоў), тым часам як дэманізацыя ЗША
як галоўнай імпэрскай пагрозы (то бок, адзінай краіны сьвету, практычна
некранутай ідэялагічным уплывам марксізму) будзе паглыбляцца.
За
10 год кіраваньня (дакладней кажучы, за 2 гады прэзідэнцтва й 8 год
дыктатуры) Лукашэнка ня толькі пасівеў і пастарэў—ён паразумнеў. Цяпер
ён ужо ня хоча, каб народ падтрымліваў яго з уласнай волі, “па любові”—ён
зразумеў, што народ прыватных уласьнікаў ніколі ня будзе падтрымліваць
постсавецкага дыктатара, якімі б узьнёслымі словамі ён не прыкрываўся.
Таму ён зрабіў усё для таго, каб прымусіць народ сябе падтрымліваць:
каб ня даць яму стацца народам прыватных уласьнікаў, а зноўку зрабіць
яго народам дзяржаўных служачых, як за савецкімі часамі. Мэханізмы—кантракты,
ліцэнзіі, перасьлед вольных прафсаюзаў і іншыя рэчы, якія ўмацоўваюць
гаспадарчую манаполію дзяржавы. Такім чынам народ зь беларускага ператвараецца
ў лукашэнкаўскі: гэта і ёсьць тая глыбінная рэсаветызацыя, якая адбываецца
на Беларусі ўжо на працягу 10 гадоў. Завяршыць яе Лукашэнка імкнецца
продажам беларускай маёмасьці ў рукі... дзяржавы!—крыху іншай, крыху
капіталізаванай, але ўсё-ткі па духу й спосабу кіраваньня ўсё яшчэ шмат
у чым савецкай дзяржавы—Расіі. Такім чынам, рускія (як паводле духу,
так і паводле пашпарту) павінны зрабіцца ў Беларусі ўласьнікамі, гэткай
шляхтай, тым часам як беларусы—іхнымі служкамі, людзьмі другога гатунку,
бадай што як пры цары. Сітуацыя нагадвае 200-гадовай даўніны становішча
ў лацінаамэрыканскіх калоніях Гішпаніі, дзе найвышэйшую касту ўдавалі
сабой тыя, хто нарадзіўся на Пірэнэйскай паўвыспе—менавіта ім належала
бальшыня тамтэйшай маёмасьці. Ня трэба, аднак, нагадваць, да чаго такая
штучная дыскрымінацыя прывяла.
Але
што, калі беларусы ня прымуць рускі пашпарт у якасьці “кампэнсацыі”
за сваю маёмасьць? Што, калі фармальнае зраўнаньне ў правох з грамадзянамі
Расіі, якое павінна адбыцца пост-фактум, ужо пасьля таго, як большая
частка беларускага багацьця апынецца ў руках расійскіх элітаў, падасца
беларусам недастатковым, альбо проста—падманам, якім яно і ёсьць насамрэч?
Трэба прызнаць, што вялікая частка зь іх ня бачыць розьніцы паміж фармальнай
лукашэнкаўскай самастойнасьцю і юрыдычнай несамастойнасьцю ў складзе
Расіі: у абодвух выпадках, уплываць на ўладу й ейную палітыку яны практычна
няздольныя.
Аднак
самае дрэннае, што за гэты час зьмяніліся беларусы: хай ня ўсе, але
вялікая іх частка замірылася з гэтым становішчам дзяржаўных наймітаў
у нэасавецкай краіне, як і з самім рэжымам Лукашэнкі. Рэвалюцыйны імпэт
канца 80-х—пачатку 90-х у масах выпарыўся, і існуе цяпер яшчэ толькі
ў асяродку грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, інтэлігенцыі, прадпрымальнікаў,
лік і ўплыў якіх дзяржава трымае пад жорсткім кантролем.
Такім
чынам, “аксамітнай” буржуазнай рэвалюцыі не атрымалася: ахвяры камуністычнага
тэрору засталіся недпомшчанымі. Эўропа наіўна чакае, што Лукашэнка “зьменіцца”
альбо будзе пераабраны, што зь ім магчымы якісьці “дыялог”—адылі гэты
“дыялог”, аб якім гавораць прадстаўнікі афіцыйнага Менску, вёўся і ў
камуністычная часы, хаця так нічога й не прынёс.
Аднак
Захад—гэта ня толькі Эўропа, якая цягам мінулага стагодзьдзя пасьпела
“звыкнуцца” з суседзтвам рускага мядзьведзя, і нават саступіла была
яму на нейкі час сваю вялікую частку. Застаецца яшчэ Амэрыка, якая цягам
апошняга месяцу пасьпела прыняць некалькі недвухсэнсоўных заяваў аб
становішчы ў Беларусі. Таксама дэмакратычны кандыдат Джон Кэрры падтрымаў
“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”—тым часам як варта было б прыняць перадусім
“Акт аб дэмакратыі ў Расіі”: няўжо ж невядома кім прызначаны ў якасьці
наступніка Ельцына Пуцін ёсьць больш дэмакратычным прэзідэнтам, чымся
Лукашэнка? Як тут зноў не ўзгадаць Рэйгана і ягоныя словы аб “імпэрыі
Зла”—тады амэрыканцы маглі назваць рэчы сваймі імёнамі. Зараз яны гэтага
сабе дазволіць ня могуць, будучы занадта занятымі праблемамі Блізкага
Ўсходу. Аднак тыя, хто (небеспадстаўна) крытыкуе амэрыканскую зьнешнюю
палітыку, павінен памятаць аб існаваньні імпэрыі Зла і ейным энэргетычным,
вайсковым і эканамічным патэнцыяле: яна адступіла, каб магчы перабудаваць
свае шыхты і ўмацавацца. Што з таго, што афіцыйна дзяржава не вызнае
камуністычную ідэялогію: дзяржавы заходняй Эўропы таксама ёсьць сэкулярнымі,
што не перашкодзіла ўпісаць у Эўрапейскую канстытуцыю пасаж аб “рэлігійнай
спадчыне”...
Ролю
менавіта такой рэлігіі для постсавецкай “цывілізацыі” ўсё яшчэ адыграе
марксісцкая ідэялогія. Гэтаксама як нацызм вучыў “арыйцаў”, што яны
ёсьць самай моцнай і хітрай нацыяй у сьвеце, папросту “асуджанай” на
перамогу, гэтаксама савецкі сталінскі марксізм утрымлівае ў сабе фашыстоўскую
па сутнасьці думку аб сусьветнай місіі рускай “рэвалюцыі”, якая павінна
быць першым крокам да рэвалюцыі сусьветнай. Цяпер руская дзяржава й
ейныя сатэліты, здаецца, ня ставяць сабе такіх мэтаў: ёй дастаткова
адчувальнага ўплыву на капіталістычны сьвет замест усясьветнага панаваньня.
У сітуацыі набліжэньня сусьветнага энэргетычнага крызісу гэтыя словы
могуць неўзабаве азначаць адное й тое ж.
Толькі
адно незразумела ў Лукашэнкаўскай ваяўнічай прамове да ветэранаў: чаго
ён зьдзіўляецца пашырэньню НАТО? Сам жа кажа, што 65 год таму эўрапейскія
краіны недастаткова бараніліся ад фашыстаў—выглядае, што ў другі раз
яны такой памылкі ня зробяць.
P.S.:
Надакор абяцаньням генерала Фралова, акцыя 21 ліпеня, якую ільга лічыць
кульмінацыяй перадвыбарчай палітычнай актыўнасьці гэтага лета, скончылася
маральнай перамогай Лукашэнкі. Па-першае, прыйшло ня “30-40 тысячаў”,
а ў лепшым выпадку толькі 5, па-другое—гвалт супраць дэманстрантаў (як
прадчувалі многія, ня толькі аўтар гэтага артыкулу), натуральна, быў
скарыстаны, бо іначай у наступны раз на такую акцыю магло прыйсьці нашмат
больш людзей. Лукашэнка паказаў, што ёсьць панам сітуацыі й трымае яе
пад кантролем.
Што
рабіць у такім становішчы? Як ільга эфэктыўна змагацца з нэасавецкай
сістэмай? Бадай, ніяк. Як паказаў у сваім рамане Гарсія Маркэс, жыцьцёвасьць
дыктатуры абмяжоўваецца толькі векам дыктатара. 10 гадоў страчана, кажа
Акудовіч—будзе страчана яшчэ 10. Як сказаў у інтэрвію чэскаму радыё
супрацоўнік фундацыі “Чалавек у бядзе” Ондржэй Соўкуп, маладым людзям
застаецца толькі эміграваць...
З
другога боку, размовы аб трэцім тэрміну сьведчаць, што Лукашэнка пакуль
не падрыхтаваў сабе наступніка—гэта азначае, што ніякага наступніка
пасьля 7 год новага тэрміну можа зусім ня быць. Усё залежыць ад Расіі
і ад таго, які ціск на Расію ў пытаньні Беларусі будзе зьдзяйсьняць
Захад—аднак ці зьменіць гэта штосьці ў самой Расіі? Ці стане яна цягам
такога кароткага часу больш дэмакратычнай? Наўрад-ці. Хутчэй за ўсё,
Лукашэнкаў падарунак у выглядзе Беларусі будзе ёю прыняты зь іранічнай
усьмешкай.
Як
доўга прыйдзецца чакаць новай “перабудовы”, новай “адлігі”? Як вядома
са школьнай праграмы, у Кітаі “Жоўтага неба”—паўстаньня “жоўтых павязак”—чакалі
дзесяцігодзьдзямі. Такім чынам, час—не галоўнае. Галоўнае—ня проста
“верыць” у перамогу, а набліжаць яе, быць падрыхтаванымі да будучых
зьменаў, ня даць падзеям гісторыі засьпець сябе зьнянацку, як напрыканцы
80-х. Для беларускіх дэмакратычных актывістаў гэта азначае, перадусім—захаваць
кантакт і ідэйную сугучнасьць з прадэмакратычна наладжанымі грамадзянамі
Беларусі, на якой бы мове яны ні размаўлялі. Досьвед паказаў, што стаўка
на “этнічных беларусаў” напрыканцы 80-х была ня проста памылковай, а
ідыятычнай: этнічныя беларусы вясковага паходжаньня (гэтаксама як і
пераважная частка афіцыйнай беларускамоўнай інтэлігенцыі) выявіліся
найбольш кансэрватыўнымі й няздольнымі заняць актыўную грамадзянскую
пазіцыю элемэнтамі беларускага грамадзтва, тым часам як прагрэсіўная
й за нязначнымі выключэньнямі рускамоўная буржуазія была як бы “выдаленая”
з працэсаў дэмакратычных пераўтварэньняў у грамадзтве, а пазьней і часткова
перацягнутая ў стан камуна-рэваншыстаў. Іначай кажучы, рускамоўная буржуазія
не пажадала ўхваліць правадырскія амбіцыі беларускамоўнай апазіцыі.
Толькі зараз, пасьля 14 гадоў існаваньня незалежнай дзяржавы Беларусь,
уласьцівая гарадзкому насельніцтву й нядаўна сфармаваная ў яго грамадзянская
сьвядомасьць прадстаўнікоў беларускай нацыі можа адыграць рашучую ролю
ў будучай дэмакратычнай рэвалюцыі.