Гурт
у Бэрлінскім S-Bahn'е, Аляксандар Гакэ—трэці
зьлева ў акулярах
Што
вы можаце сказаць аб філасофіі новага альбома? У ім шмат прыродных матываў:
згадак аб дажджы, буры й г.д...
Пераважнай
стыхіяй гэтага запісу ёсьць паветра. Папярэднія тэксты “EN” і іхная
вобразнасьць былі заснаваныя на стыхіі агня.
Што
да тэкстаў, там шмат наконт алкаголю...
Там
ёсьць адна песьня, што называецца “Аўтапартрэт з бадуна”, гэтая песьня
дакладна аб алкаголі й аб бадуне. Але гэта адзінае месца, дзе аб гэтым
узгадваецца.
Як
на працягу апошніх год разьвіваўся працэс стварэньня вашай музыкі?
Калі
мы былі маладзейшымі й меней дасьведчанымі, нашая музыка была выбухам
чыстых эмоцыяў. Я думаю, што з гадамі наш падыход рабіўся ўсё больш
і больш навуковым. Цяпер, апрача нашай працы ў забаўным мастацтве, мы
займаемся ў асноўным дасьледваньнямі ў самых розных галінах: дасьледаваньнем
новых матэрыялаў, новых тэхналогіяў, розных спосабаў стварэньня песень
і драматургіі, спосабаў драматычнага ўпарадкаваньня розных элемэнтаў.
Заўсёды, калі выходіць новы альбом “EN”, людзі звычайна кажуць, што
ён больш даступны за папярэдні, і што ён нашмат мякчэйшы за папярэднія
альбомы. На апошнім альбоме шмат папросту традыцыйных песень. Але гэтым
разам гэта амаль што нагадвае саўндтрэк да нейкага фільма. Нашая музыка
заўжды была вельмі кіношнай... Звычайна такія рэчы любяць скарыстоўваць
для саўндтрэкаў. Яна вельмі пасуе да кіно. Але на маю думку, найбольш
цікавым аспэктам стварэньня й прадукаваньня гэтага альбому было тое,
што пасьля турнэ ў 2000 годзе, прысьвечанага нашаму 20-цігодзьдзю, мы
ўсё больш і больш пачалі стамляцца ад скаргаў з боку музычных кампаніяў
і з боку нашых сяброў-музыкаў, якія скардзіліся на музычныя кампаніі.
Таксама нам пачаў абрыдаць наш уласны спосаб прадукцыі запісаў: звычайна
ў нас займала 3 гады каб запісаць альбом і выканаць кантракт са студыяй,
плюс яшчэ год на раскрутку альбому. Карацей, мы амаль былі гатовыя разыйсьціся
й на час адкласьці “EN” убок. Тады зьявілася ідэя стварыць інтэрнэтавы
праект. Гэта такі вэб-сайт, чыя структура вельмі нагадвае порна-сайт,
у тым сэнсе, што людзі павінны заплаціць, каб падыйсьці да нас бліжэй.
За гэта яны набываюць віртуальную інтымнасьць. У іх ёсьць шанец назіраць,
як мы працуем, камунікаваць з намі пасярэдніцтвам чатаў і форумаў, атрымліваць
экслюзіўныя выданьні нашых твораў поштай. Гэты альбом мы дарабілі й
разаслалі яшчэ ўлетку 2003 г. Гэта першы з шэрагу нашых альбомаў для
ўдзельнікаў праекта, ён называецца “Supporters’ Album #1". Дзьве
трэціх часткі матэрыялу з гэтага запісу вы ня знойдзеце на афіцыйным
выданьні фірмы “Mute”, а адну трэцюю частку ўдаюць сабой кавэр-вэрсіі
Mute’аўскага рэлізу. Мы паабяцалі, што гэты матэрыял ніколі ня будзе
распаўсюджвацца праз афіцыйныя каналы. Такім чынам, гэты запіс прызначаны
недзе дзьвюм тысячам людзей, што далучыліся да гэтага праекту й падтрымалі
нас унёскам у 35 эўро. У арыгінале план быў такі, што мы зробім альбом
і выдадзім яго цалкам самі, у абыход музычнай індустрыі, але чым больш
мы над ім працавалі, тым больш нам падабалася тое, што мы робім, і нам
закарцела зрабіць турнэ з гэтым матэрыялам, каб зрабіць яго даступным
тым, у каго няма доступу на інтэрнэт. Але для таго, каб зрабіць тур,
вам патрэбная лагістычная падтрымка гуказапіснай кампаніі, каб рабіць
усю тую арганізацыйную працу, якой ніхто ня хоча займацца. Такім чынам,
нам трэба было скарыстаць музычную машынэрыю ў сваіх мэтах. Таму мы
вырашылі працаваць з “Mute”, якіх мы даўно ведаем. (...)
Той
факт, што за вамі назіраюць людзі, што вы дапускаеце іх так блізка да
свайго сьвету, ёсьць чымсьці накшталт самадэмістыфікацыі. Шмат гуртоў
губляюць шмат грошай і часу на тое, каб стварыць вакол сябе нейкі містычны
арэол, нейкі міф наконт таго, хто яны, як працуюць і г.д. Тое, што робім
мы—якраз адваротная рэч, тут адкрываеш сваю сапраўдную асобу, паказваеш
сваю сапраўдную працу. І выглядае, што гэта можа быць таксама вялікім
расчараваньнем для таго, хто ўяўляе сабе аб нас бог ведама што, а тут
пераконваецца, што мы проста нармалёвыя людзі, якія часта рушаць ня
тым шляхам, часам іграюць фальшыва... (сьмех) Гэта папросту выглядае
меней пампезна і ўрачыста, чым думае шмат хто з нашым прыхільнікаў.
Такім
чынам, вы зараз дзейнічаеце як аўтаномная сетка. Ці не арганізавалі
вы самі сваё турнэ?
Не,
мы зьвярнуліся да прафэсіяналаў. Але турнэ шмат у якіх аспэктах зьвязанае
з інтэрнэтавым праектам. Ягоныя ўдзельнікі маюць некаторыя прывілеі
падчас жывых канцэртаў. Яны атрымліваюць эксклюзіўныя квіткі, сустракаюцца
з намі. Яшчэ адна рэч, якую мы робім падчас гэтага турнэ, гэта яшчэ
адна пробная куля: мы прадаем запісы жывых выступаў адразу пасьля канцэртаў.
Якім
чынам?
Мы
запісваем увесь канцэрт, а потым размножваем запіс на капіравальнай
вежы, якая робіць 70 кампактаў за 30 хвілін. Пакуль мы выконваем старыя
рэчы на просьбу публікі, за кулісамі адбываецца працэс размножаньня
запісаў, якія мы потым прадаем у шапіку. Удзельнікі інтэрнэт-праекту
маюць гарантаваныя запісы за таньнейшы кошт.
Уяўляю
сабе памеры вашага цяперашняга архіву...
Мы
маем звычку запісваць практычна ўсё—мы рабілі гэта з самага пачатку.
Спачатку мы карысталіся звычайнымі касэтамі, потым перайшлі на ДАТ-касэты,
але так ці йначай, магнітафон у студыі заўсёды запісваў, на ўсялякі
выпадак, нават калі там цягам цэлых гадзінаў была цішыня. Такім чынам,
усё што мы калі-небудзь зайгралі, ёсьць дзесьці на стужцы. Адпачатна
мы зьбіраліся зрабіць на нашым сайту рубрыку “Mole Hole”, “Кратовая
нара”, каб у наведнікаў была магчымасьць пакорпацца ў нашым архіве,
у рэчах, якія мы самі ніколі ня чулі, але дыгіталізацыя ўсяго гэтага
старога матэрыялу заняла б у нас некалькі месяцаў, таму пакуль што гэта
не рэалізавана.
У
нашай працы мы заўсёды былі адарванымі ад зьнешняга сьвету, і раптам—нейкія
людзі за вамі ўвесь час назіраюць. Таму напачатку з гэтай прычыны пачуваеш
сябе даволі знэрваваным і ўзрушаным, але пасьля некалькіх месяцаў аб
гэтым забываесься. Але ведаеш, гэта спрыяе звычайнай дысцыплінаванасьці.
Музыкі не спазьняюцца на рэпэтыцыі, таму што ведаюць, што за імі сочаць
некалькі соцень чалавек. Калі вы працуеце толькі між сабой, дык кожны
можа сказаць “Я не пасьпеў, у мяне быў бадун”, але зараз у нас зьявілася
матывацыя прыходзіць у студыю без спазьненьня. Мы былі вельмі дысцыплінаванымі,
таму мы зрабілі гэты альбом за рэкордна кароткі час, гэта найбольш хутка
запісаны намі альбом.
Як
доўга вы яго запісвалі?
Год.
Звычайна на гэта патрэбна як мінімум тры гады. Безумоўна, мы не працуем
тры гады без перапынку, гэта немагчыма, але на працягу трохгадовага
пэрыяду ўзьнікаў адзін альбом. На апошні альбом спатрэбіўся год, такім
чынам, за тры гады мы зрабілі не адзін, а два альбомы. Так што, калі
меркаваць паводле лічбаў, мы зрабіліся больш эфэктыўнымі.