Амадо Нэрво

(1870-1919)

ЧОРНЫЯ ПЕРЛІНЫ

(выбраныя вершы)

 

 

“Сьмерць засьпела яго ў Монтэвідэо 14 травеня 1919 году. Ягонае цела стала аб’ектам афіцыйных урачыстасьцяў неверагоднага кшталту. Браняносец “Уругвай”, у суправаджэньні аргентынскага карабля “9 ліпеня”, прывёз ягоныя парэшткі ў порт Вэракрус. Па дарозе ён запыняўся ў Рыё дэ Жанэйро, Ля Гуайры, Гаване, і ўсюды аддавалася пашана ягонай памяці. У Гаване да эскорту далучыліся браняносец “Куба” і мэксіканскі карабель “Сарагоса”. Амадо Нэрво быў пахаваны ў мэксіканскай сталіцы, у Ратондзе Выбітных Асобаў”. (Макс Энрыкэс Урэньня, “Кароткая гісторыя мадэрнізму”)

Амадо Нэрво - мэксіканскі паэт, выбітны прадстаўнік гішпанамоўнага мадэрнізму (які ў адрозьненьне ад мадэрнізму эўрапейскага адпавядае таму, што ў іншых літаратурах атаясамляецца з сімвалізмам і дэкадансам), сябра й калега Рубэна Дарыё, аднак больш сугучны з мэланхалічным калюмбійцам Хосэ Асунсьён Сільвай; большасьць жыцьця правёў у Эўропе, аднак у ягонай творчасьці адбіліся ня толькі ўплывы сучаснай і эўрапейскай паэзіі, але таксама старажытнамэксіканскія і ўсходнія матывы. Ягоную паэзію адрозьнівае ня толькі высокае вэрсіфікацыйнае майстэрства, уласьцівае мадэрнізму як такому, але перадусім філасофская глыбіня, паводле якой яго папярэднікамі могуць быць хіба толькі гішпанскія містыкі і Кэвэдо, а пасьлядоўнікам—на генэрацыю маладзейшы Борхэс. Асобныя вершы Нэрво, якія ўзьніклі адначасова з творамі Рылькэ, сугучныя ня толькі з мысьленьнем Ніцшэ, але й з пазьнейшым Гайдэгераўскім экзістэнцыялізмам.


*
Маланка—бізун пагрозны,
Што карае хмары ў нябёсах.
Калі гурт жывёл неўтаймаваны
Ад удараў збавіцца дрымоты,
Заіржэ квадрыга раззлаваных
Гіпагрыфаў: вось яны, грымоты!

Бліскавіца, што сьвятловым снопам
Па нябеснай чэрані блукае—
Вока незаўважнага цыклопа,
Што ў ліхі пярэдадзень патопа
Пад брывом нахмураным міргае.

*
Узьняўшыся на край скалы магутнае,
Што ценем пену мора пакрывае,
Я ўбачыў: узыходзіць поўня смутная,
Ў вандроўку выпраўляецца па хвалях.

Гэтак па-над жыцьця майго глыбінямі,
Па-над ягоным непраглядным змрокам
Згадка твая ўздымаецца, багіняю
Апранутая, пуцяводнай зоркай.

*
Чаму? Калі б я ведаў! Дух мой звычна
Адлюднены, нібыта хворы птах,
Паэзію шукае ў таямнічым,
Любіць халодны, змрочны неф гатычны,
Блукае ў хомары, у спляжаных палях.

Тугою ён выхоўваўся з маленства
І сёньня любіць заставацца сам,
Там дзе блукаюць прывіды шаленства...
З грыфам яму ўласьціва падабенства,
Які ўцякае ў занядбаны храм.

Такім стварыць схацеў мой нумэн Творца,
Ня мне—яму балючы твой папрок.
Недаспадобы я табе? Забудзься проста,
Але дазволь вярнуцца мне на ростань
Зблукалых душаў, што хавае змрок!

*
Маладосьць твая чэзьне і занепадае,
Ты ня можаш кахаць—урачыстая фраза,
Маргарыта русявая—толькі пустая,
Бо каханьне ёсьць вечным, нібыта той Лазар:
Не пасьпеўшы памерці, ізноў ускрасае.

Азраэль

Now I must sleep…(Byron)

To die, to sleep… to sleep…
perchance to dream. (Hamlet, III, IV)

Азраэль, раскрый свой плашч глыбокі, чорны,
Агарні мяне крылом сваім бясьпечна,
Хай схаваецца ў яго цяні лагодным
Існаваньня майго смутак невылечны.

Азраэль, анёл біблейны, дух магутны,
Збаўца мой і абаронца лёсу змрочны,
Час, каб сьмерці ў жбан пусты шпурнуў ты
Розум мой сьляпы, пусты аброчнік...

Азраэль, мне роспач труціць кроў і душу,
Маёй веры дзень сканчаецца прымхлівы,
Мне зьяві сябе, бо спаць цяпер я мушу...
Спаць, заснуць, памерці... сьніць, мажліва?

Паціху

Рэха надзвычай далёкае,
Рэха надзвычай сьціплае,
Рэха надзвычай ціхае:
Здань рэха прывідная...

Уздых надзвычай слабы,
Уздых надзвычай нячутны,
Уздых надзвычай рахманы:
Цень уздыху адзіна...

Водар надзвычай цьмяны,
Водар п’янкі надзвычай,
Водар надзвычай лёгкі:
Дух водару толькі—
Вось патаемныя знакі
Сьвятла невымоўнай прысутнасьці.

Гора мне, калі я ня ўчую
Рэха таго далёкага,
Уздыху таго нячутнага,
Водару таго цьмянага!

Сьвятло зноў робіцца фібрай месяцу,
У праменьчык ператвараючыся!

“En panne”*

Нецярплівасьцю гнаны,
філасофіяй я пераеўся,
ды забыўся й два грамы
рэчаў тых, што быў ведаў аб сьвеце.

Час на роспыты знаўцаў,
што мяне па дарозе міналі,
я згубіў і на месцы застаўся,
пакуль дурні мяне абганялі.

*у бязладзьдзі

*
Я прыходжу з туманнай краіны дальняй,
дзе кіруе сівы імпэратар сумны...
Дух мой вабіць тое, што незьнішчальна,
і ўлагоджвае тое, што не існуе.

Ты раняеш сьлёзы па мроі дальняй,
ты чакаеш пяшчоты, што не існуе,
твае зрэнкі губляюцца ў незьнішчальным,
бы два чорныя крылы; табе так сумна.

Ты мая: мы народжаныя ў незьнішчальным
і жывем, пагарджаючы тым, што існуе,
пад аховай туманнай краіны дальняй,
дзе кіруе сівы імпэратар сумны...

Ты

І нарэшце зьяўляесься ты, і мяккай
закранаеш пасмай мой лоб гарачы,
і на вуха шэпчаш мне: “Небарака,
маёй вабы сутнасьць—быць прымхай бляклай,
толькі рэхам, нічым, аганьком нязначным...”

Ты ўздыхаеш: “Бывай!” і ў цішы блакітнай
да сузор’яў-брошак імкнеш упрочкі,
дзе стаесься праз вадкі крышталь нябытнай,
пакуль ветах зьяўляецца й гільятынай
галаву адсякае чарговай ночы.

“Novissima verba”

Ня ведаю, ці сьмерць уганаруе
Напісанае мной сваёй пячаткай;
Ці заслужу я выкрык захапленьня:
“Тым, што памёр ён, гэта напісаўшы,
ён свайму будучаму сну падушку
стварыў—гэтую кнігу.”

Але жывы ці мёртвы, я ёсьць прымхай,
Мы толькі прымхі й больш нічога, дружа!
Душа сусьветная, што нас адушаўляе,
Увасабляецца ў нас несупынна, каб
Сябе адчуць і слухаць у нашых целах,
І існаваньні—толькі эфэмэрныя
“Я тут”, няўлоўныя ўрэчаўленьні,
Таемны маскарад
Чагосьці, што жыве ў цяні, за ценем,
Што вэлюмам прадоньня захінута,
Што ўвесь сусьвет зьмяшчае ў сваіх нетрах,
Чагосьці невымоўнага, што ёсьць, было
Й перадусім—заўсёды будзе...
Добры браце,
Уважліва паслухай мае словы,
Адылі не бянтэсься. Бог—існуе!
...Бо гэта мы—тыя, каго няма!

Пасярэдніцтва

Калі вершы мае ёсьць прыгожымі,
фанабэрыцца імі нягожа мне,
бо самому
мне ніколі яны не належалі—
іх на вуха ўвесь час хтосьці шэпча мне
невядомы.

Я ёсьць арфы ўсяго толькі водгукам,
што, вятрыска спароджаны дотыкам,
хутка чэзьне,
я ўсяго толькі рэха нячутнае,
калі радаснае, калі смутнае,
нечай песьні...

Можа быць, што маім пасярэдніцтвам
Дзьве душы ўвайшлі ў субяседніцтва
аб любові,
а я сам, нечай воляй няўцямнаю—
толькі провад, між імі нацягнуты,
і ня болей.

Гарт

Я перад сьмерцю загартаваны,
да вечнасьці выкаваны нямой,
я маю сілу, таму й рахманы,
бо толькі сіла дае спакой.

У чым мая сіла? У замірэньні,
у абыякавасьці бяз праг
да лёсу хуткіх пераўтварэньняў
і да балючых яго зьняваг,

у непахісным перакананьні,
што жыць ня ёсьць нічым, акрамя
як быць гайданай вятрамі зданьню
паміж вялікімі “да” й “пасьля”.

Кляштар

О, кляштар маіх мараў,
дзе догмаў не было б,
а толькі мноства цішы...
Веліч бібліятэкі,
агромністага саду,
цяністых закуткоў
спакою й таямніцы,
на вежы—тэлескоп,
каб дацягнуцца неба,
каб хоць здалёк
Радзіму ўбачыць,
пакуль ня прыйдзе момант
у вечнае вярнуцца!

*
Так, бедная бабулька, няма ў цябе слухацтва—
бясконцасьцю ўспамінаў усіх ты раздражняеш,
павольнасьцю гаворкі, а ім бы ўсё сьмяяцца...
Сыходзяць, бо ўсё тое ж ты ім апавядаеш.

Адылі я—цярплівы: сяду ў цябе на ганку
й паслухаю—ня бойся, ніхто цябе ня гоніць,
пакуль кудлаціць вецер гальлё па-над дзялянкай,
і ў далечы барвовай знаходзіць сьмерць сутоньне.

Няхай яны сыходзяць; аб тым, што не пачуюць,
няхай апавядаюць знаёмым і сяброўкам,
а ты ж пачні ізноўку гісторыю старую,
пад жэсты рук стамлёных у рытме нетаропкім.

Неўміручасьць

Мы, што ёсьць толькі зданямі, ня болей,
Імкнемся ў памяці застацца
Іншае здані: прышласьці,
Што заўтра ўзьнікне зь цемры, у якой нам
Наканавана распусьціцца,
І існавацьме толькі некалькі гадзінаў,
Каб потым быць паваленаю ветрам...
Гэткая будучыня ў нас завецца славай!

Мы хочам высілкаў, каб захавалі
Нас людзі ў сваёй памяці, тым часам
Як іхныя шалёныя галовы
Штомоманту руйнуе змрок злавесны...

Мы марым захаваць у тым віры,
Што падхапляе рэчы і істоты,
На момант нашу прывідную зорку...
У вэрхале заблытаным і дзіўным
Выкрыкаў болю, мы імкнемся іншых
Прымусіць выслухаць нашу гісторыю,
Каб хоць імя наша хаця б аднойчы
Яны, між енкаў жалю, паўтарылі...
І гэтым ёсьць, сябры, вядомасьць!
Вось, неўміручыя, якая ваша слава!

Стома

Ад крыку голас мой ужо стаміўся,
гукаючы да кожнае з галяктык,
і розум зьнемагае ад загадак,
прызначаных негаваркому Сфінксу.

Што думаць, што Нязнанае папрокам
трывожыць! Смагу й голад лепш спатолім!
Мо й лепш, каб мы ня ўведалі ніколі
бязьмежны сэнс, што тоіць бездань змроку!

Кальпа

-Вы хочаце, каб гэта ўсё зноўку распачалося?
-Так!-адказваюць яны хорам...

“Так казаў Заратустра”

У вечнасьцях усіх, якія
па часе нас апераджалі—
як адмаўляць, што існавалі
іншыя лучнасьці людзкія?

І што Гамэры праслаўлялі
ўчынкі герояў баявыя,
і што Шэйкспіры выкрывалі
глыбіні душаў трапяткія?

Зьмяя, што ўласны хвост глынула,
нягнуткі круг, чорная куля,
чый калаўрот ня ўзяць на змор,

вечнага сьпеву манатонны
прыпеў, млосьць на мяжы прадоньня—
таго ж аповеду паўтор?

Дзея

Паэт, рабі вершы гучныя,
Вершы, што даюць пэўнасьць,
Вершы, што заахвочваюць:
Людзі ня маюць надзеі, людзі зашмат баяцца...

Паэт, малю богам, кінь
Нарэшце ўсялякія хітрыкі
Й прыстрэшша рыторыкі:
Усьпявай дзеяньне, пой намогу!

Намогу, якая валодае
Ўсемагчымымі чарамі,
Дзею, “што была напачатку”
Замест Слова, паводле доктара Фаўста.

Дзея не была напачатку:
Дзея ёсьць, заўжды была й будзе...
Усё—дзея, апроч яе не існуе
Нічога: праўда, індыйскія філосафы?

Думка—дзея й нішто іншае;
Жыцьцё—віраваньне.
У сусьвеце няма статычнасьці,
Усё вібруе бясконца.

Вобраз Брахмана,
Што мігціць, бы празрыстае
Возера—гэта Космас.
Брахман мроіць у пустой бездані!

Паэт, пішы строфы шчырыя,
Заўсёды немудрагельныя,
І таму геніяльныя:
Геній ёсьць шчырасьцю par excellence!

Калі ты памрэш, хай тыя,
Што чытацьмуць цябе, падумаюць:
“У яго не было нічога, апроч
веры, і ўсю яе ён пакінуў нам!”

Перліна

Штоночы ты закідваеш сьвядомасьць
у бездані загадкавыя сьненьня,
і штосьвітаньня выбіраеш нерат
мозгу й яе выцягваеш на бераг;

але аднойчы згубіцца ў празьмерных
яна глыбінях... Акіян маўклівы
й загадкавы, бы перліну з Усходу
яе ў сваім улоньні пахавае.

Глядач

Маё быцьцё быцьцём ёсьць, і ня больш,
каб я сказаць “Я ЁСЬЦЬ!” мог проста так;
ты майму ўчора закідаеш сэнсу брак,
але ж, як і тады, я й сёньня той ж.

Я ёсьць вялікім будучым адным.
Пераўтварэньня не спыніць працэс,
ані на міг. Жыцьцё ёсьць зменаў плынь,
і ў зьмене—існаваньня майго сэнс.

Вышэй за незгасаючы агонь,
прылівы і адлівы вечных хваль,
за болю крык і асалоды стогн
мой дух глядзіць на велічны спэктакль,
ня думаючы, праўда ён ці сон.

*
Карабельшчык таямнічы, задуменны,
ты з сабою мяне клічаш у выправу:
акіян жыцьця людзкога бурапенны
пераплыць на караблі тваім яскравым.

Мы на ім любых краёў дасягнем,
дзе яны—ня так і важна, зрэшты.
Мне вядома: шлях наш ёсьць вяртаньнем,
і Радзіма—там, куды плывеш ты.

Галоўкі

Ах, дзяўчаты, гожыя, бяздумныя
галоўкі!
Падпіраючы іх гэтак маляўніча,
вы, здаецца, сузіраеце аблокі
альбо зоркі—ды цікаўнасьць ваша ў іншым.

Вашых розумаў крышталь нябёскі
як нямнога думак напаткала!
У вас ёсьць крыніцаў цымус боскі,
што люструюць сонечныя ўсплёскі,
дзе нага людзкая не ступала.

Слупы роду, жарсным лабірынтам
вы вядзеце нас, як Арыядны;
душы юныя засьвечаны інстынктам
першасным, не мудрагельствам здрадным!

Бог прызначыў вас быцьця інструмантам:
калі роцік гэткай прыгажуні
скажа “так”, жыцьцё ўзбуяе цуднае—
ці ж галоўцы гожае, бяздумнае
я скажу “не”?

У думках

*
У жанчыне глядзіцца
Вельмі вабна крыху таямніцы.
Безь яе жанчына—як страва,
Пазбаўленая прыправы.
Прызнаймася, што бяз тайны
Не смакуюць прысмакі каханьня.

*
Прыгожая і загадкавая, як сямёрка...

*
Каб датыкнуцца загадкі,
Адзіныя дзьверы—сьмерць...

*
О, гадзіньнік літасьцівы, што нам шэпча
Гучным, грубым звонам свайго бою:
“На гадзіну смутку час паменшаў;
пыл імгненьні робяць з твайго болю.
Дзынь ды дзынь... Нішто ў жыцьці ня вечна...
Заўтра прыйдзе сьмерць і за табою!”

*
Чым іншым ёсьць маё жыцьцё, апроч згадкі?

*
Паколькі я не з табою,
Я хачу аднаго: быць адзін.

*
Сумна жыць, як сёньня вырывае
Ідэал, што ўчора вабіў нас!
Сплін жыцьця: мы забіваем час,
А тым часам ён нас забівае.

*
Ці жылі мы для таго, каб напаткалі,
Пасьля столькіх радасных імгненьняў,
Што найлепшыя гадзіны, несумненна,
Мы перажылі, пакуль мы спалі?

*
Скажы мне, дружа: гэта жыцьцё такое
Сумнае, ці я такі сам?

*
Вар’ят сьпяваў папеўку:
“Голад лячы ядою,
смагу лячы вадою,
любоў да дзеўкі... дзеўкай”.

*
Некалькі зарыфмаваных уяваў
Ня здолеюць запабегчы забыцьцю.

*
Людзі будучыні, калі плянэта
Пасталее й душа стане невыдумнаю
І ня будзе жарсьцю болей заета,
Засушаць апошняга між паэтаў
І ў музэі выставяць, быццам мумію.

*
Не пішы: навошта? Тое, што ты ўяўляеш,
Ужо павінен быў сказаць нехта іншы.
Маўчы. Навошта далучаць марныя ўявы
Да бясконцае гурбы
Тых, што ўжо фальшуюць існаваньне?
Не стамляй дыханьня
Сваймі прамовамі: кахай як кахаеш,
Пакутуй як пакутуеш... Толькі моўчкі!

*
Непрадбачанае робіць жыцьцё шляхотным.

*
Дзяўчыначка смуглявая
Гвазьдзік кусае й з выклікам
Глядзіць мне ў вочы... Лета.
Пясок дыміцца параю
Ў алеях. Усё дыхае...

*
Дзьве велічы мне вядомыя,
Пры двары іх ня будзеш сьведкам:
Веліч зорак спакойная,
Веліч вольнага чалавека.

Такі холад і цішу сустрэнеш зрэдку
Уначы—як сьнег на вяршыні зьзяе!
Сузірае поўня мяне, як зрэнка
Таямніцы, у перлах мяне купае,
І ківач у доме маім—як сэрца,
Што мяне заўсёды суправаджае.

*
Я сам—свой вечны суразмоўца.

*
Мае грошы належаць усім, але мой час—не!

*
Няма лепшага суцяшэньня, чым не чакаць нічога.

*
Я не стасую вершаў да той ці іншае моды:
Я хачу, каб яны трывалі так доўга, як чалавецтва...

*
Ісьці і кветкі паліваць
Штодня, зь літасьці нібы.
Усіх каханых аздабляць
Сьвятасьці зыркім німбам.

*
Хай будзе тваёй малітвай:
“Збаў мяне ад мяне самога!”

*
О, Гасподзь, я люблю цябе перадусім за тое,
Што ты стварыў месяц!

Адной францужанцы

Зло, каторае паўпраўдамі й няпраўдамі
Дасягне свайго—пародыя даброці:
Мэфістофэль мне, дальбог, Хрыста нагадвае,
Што вусы адно канцамі ўгору носіць.

І ў цябе, грахом ніякім неазмрочанай,
Простае, нібыта кветка нарда,
Скура агнём пекла пазалочана,
І ўваччу—жоўць зрэнак леапарда.

Пасьля

Я цябе ненавіджу ахвяры нянавісьцю—
Адыйдзіся! Я келіх твой выпіў, таму
Рот ня мае, чаго дакрануцца яму—
Маё цела забіта празьмернаю радасьцю,

Магдаленай, Сапфо, Афрадытай, Аспасіяй—
Ты была ўсім скажонаму юру майму.
Дзе яшчэ я вяршыню ці слодыч знайду,
Што ты мне не дала б у сваёй сапсаванасьці?

Прэч! Мяне невымоўныя поўняць згрызоты,
Шчыры гнеў і балючага сораму стогны,
Калі бачу я палкасьць няўрымсных вабнотаў.

Ліры стану твайго не магу слухаць ноты:
Дай аплакаць мне сьмерць сваіх колішніх цнотаў,
Што ляжаць засталіся паміж тваіх сьцёгнаў.

Найбольш натуральнае

Ты пакінула, мільгнуўшы мімаходам,
Мне найбольш няўлоўнае—свой погляд.

Я табе пакінуў у той сьпешцы,
Самае няўлоўнае—усьмешку.

Ды між поглядам і ўсьмешкай майго твару
Мы пакінулі адную й тую ж мару.

Усьпяваньне сьнегу

Прырода—што за велічнае дзіва!
Хіба сьнег не дае сьвятла? Наўрад!
Ён падае, загадкавы й цнатлівы,
Нібыта негалосная малітва,
Зьлятае з вышыні... О, сьнегапад!

Твая бязважкая й сьцюдзёная спалука
Збавіць няхай мяне жыцьця граху
І душу маю зробіць пакрыху
Зыркаю, белаю, халоднаю, бяз гуку.

Прывід і я

Мая душа—прынцэса ў вежы, дзе мне пяць
Акенцаў дадзеныя, каб за сьветам цікаваць.
Яна—багіня сумная, што паланіла плоць.
Твая ж душа, што перад сьмерцю ўжо задоўга
Лунала—як крыло, пазбаўленае доўгу...
Не, ты ня ёсьць прывідам—я ім ёсьць!

Што разумею ў рэчах я! У іхнай зьяве
Я бачу іншымі іх, чым на самай справе,
Пяцьцю пачуцьцямі абмежаваў Гасподзь
Мой грубы клёк, мізэрнае ўспрыняцьце,
Ты ж ведаеш усё, што не магу спазнаць я,
Не, ты ня ёсьць прывідам—я ім ёсьць!

Rodeuse

Як засьпее цябе вецер лістападу ў задуменьні,
Калі ўсьцяж бульвараў лісьце буры восені мятуць,
Навяваючы табе якісьці смутак патаемны,
І жаданьне горка плакаць, настальгіі каламуць,

Як біцьцё яскравых зорак уваччу цябе марозіць,
Калі сумным невылечна падаецца Сены ток,
І пунсовыя адбіткі маякоў няўмоц адрозьніць
Ад сьлядоў хаўтурных чоўнаў, што тапельцаў перавозяць
У апошні шлях на цьвінтар з сумнай вуліцы Ля Морг,

Бедная! Хадзем са мною: мост пакінь ужо бязьлюдны.
Штось варожае хавае да тыфозных гэты змрок—
Іх вампір паўсюль шукае, кавалерам апрануты,
Што цябе пад руку возьме, і пасьпей адно заснуць ты,
Сваёй трубкай з мармуровых тваіх пелькаў высьсе сок.

*
Яна так цалавала мяне, бы зарана
Адыйсьці мела боязь... Была знэрваванай
Любасьць ейная... Гэткае раньняй навалы
Я ня цяміў, сьляпой была, абмежаванай
Мая грубая палкасьць... Яна прадчувала!

Прадчувала, што час нам нямнога адмераў,
І што сьвечка чакала, задзьмутая ветрам,
Нібы пугай параненая... У той жарсьці
Сваю душу мне даць было ейным намерам,
Вечнасьць у пацалункі гарачыя ўкласьці.

Аўтабіяграфія

Аўтабіяграфічныя вершы? Вось, перад вамі маеце
Паэмы мае і песьні: я, як шчасныя нацыі,
І як жанчыны ўзорныя, ня маю ўласнай гісторыі:
Са мной ніколі нічога ня здарылася непаўторнага.

О, сяброўка нязнаная! Што б табе распавесьці?
Я рытм Мастацтва паэзіі ў сваёй маладосьці дзесьці
Спазнаў і стаўся гармоніі, музаў слугой адданым,
Я шлях песьняра абраў сабе, замест каб стацца магнатам.

-А потым што?
-Як астатнія, пакутаваў, быў закаханы.
-Моцна?
-Бадай, дастаткова, каб мне было даравана.

У разьліку

Перад сьмерцю, Жыцьцё, бласлаўляю цябе я—
Ты ўва мне не жывіла бясплённых надзеяў,
Не змушала цярпець, працаваць да падзеньня,
І я бачу за некалькі крокаў да скону,
Што быў сам інжынэрам уласнага кону,
Што калі я быў слодыч ці горыч спазнаў,
Дык адно столькі, колькі ў цябе сам уклаў,
І, як сеяў быў ружы, дык ружы зьбіраў.
Росквіт мой будзе зьменены сьцюжай, канечне,
Але ж ты не казала, што май будзе вечны!

Так, задоўгімі ночы былі майго жалю,
Але ж ты толькі сьвятаў мне не абяцала,
Хоць спакойных, сьвятых я начэй меў нямала...

Я кахаў, быў каханы, сонца твар цалавала мне—
Мы ў разьліку, Жыцьцё! Ты мне не вінаватае!

*
Старонкі бедныя, што так хацелі
Хаценьнем між усіх найбольшым
Выказаць столькі важных рэчаў...
І ўрэшце не сказалі анічога!

© ПеракладМакс Шчур, 2006

HA POCTAHI