| Макс
Шчур РАСчыраванЬНЕ НАВАРЫЧам Што прымушае людзей пісаць гістарычныя раманы? Я думаю, што ў бальшыні выпадкаў—ня столькі цікавасьць да мінуўшчыны, колькі нецікавасьць да сучаснасьці, альбо нежаданьне ці немагчымасьць ёю цікавіцца. Альбо ўсё-ткі—залішняя цікавасьць да яе? Другое справядліва ў выпадку Алеся Наварыча і ягонага раману “Літоўскі воўк”. Анатацыя на апошняй старонцы кнігі, якая вызначае твор як “гістарычны” і “вострасюжэтны”, ягонаму зьместу, на мой погляд, абсалютна не адпавядае—гэта паклёп. Раман пра нешта іншае. Недахопы Спачатку пра вострасюжэтнасьць.
Наўрад ці можна напісаць “вострасюжэтны” твор без уменьня пабудаваць самы
звычайны, нават ня востры сюжэт. Ды яшчэ са спробай спалучыць два ўзроўні
апавяданьня: пра ваўка Інсургента і пра (не)інсургентаў-людзей. Артур
Буевіч зьяўляецца на месца сустрэчы з Аксанай, нягледзячы на тое, што
цыдулку перахапіў аканом; прыстаў і капітан Фогель ня могуць пазнаць у
ангельцы “Кастуся”, хаця сядзяць зь ім за адным сталом, а дагэтуль сядзелі
зь ім разам у карчме, гэтаксама як фурман Цімох ня можа пазнаць у “настаўніку”
самога Артура Буевіча—затое Ясь Кавалец зь першага погляду пазнае ў ваўчыне
свайго Інсургента, якога бачыў ужо даволі даўно... Ствараецца ўражаньне,
што ў месцах, дзе пісьменьнік піша “Чытач, увага!”, павінна было б стаяць
“Аўтар, асьцярожна!” Пра арытмію апавяданьня казаць наагул няма патрэбы—твор
хацелася б прачытаць на адным дыханьні, аднак дэманстрацыя пэйзажнага
ўменьня аўтара (заўважым, вельмі пераканаўчага і сталага) і бясконца доўгія
(а галоўнае—нефункцыянальныя) апавяданьні пра тое, каго за час дзеі пасьпеў
зжэрці воўк, запавольваюць разьвіцьцё падзей. Пра тыдзень жыцьця ваўка
аўтар здольны распавядаць на працягу пяці старонак, пра месяц жыцьця пэрсанажаў—на
адной. Зрэшты, няма дзіва—распавядаць пра такіх пэрсанажаў, добрая палова
якіх мне ўяўляецца папросту збытнай і непатрэбнай, павінна быць надзвычай
нецікавым заняткам. Лепшыя старонкі: падарожжа “настаўніка” на Палесьсе,
сцэна з птушкамі ў маёнтку Бароўскіх (няхай сабе царскія жандары і паказаныя
там поўнымі прыдуркамі), гістарычная рэмінісцэнцыя пра падзеі 1812 году... Але вернемся да пэрсанажаў: калісьці ангельскі пісьменьнік і тэарэтык раману Эдвард Форстэр у сваёй кнізе “Аспэкты раману” падзяляў іх на “пляскатыя” і “круглыя”, “аб’ёмныя”. “Аб’ёмны пэрсанаж выяўляецца ў тым, што ён здольны зьдзівіць пераканаўчым чынам. Калі ён ніколі нас не зьдзіўляе, ён пляскаты. Калі ён не пераконвае—значыцца, гэта пляскаты пэрсанаж, які прыкідваецца аб’ёмным”, пісаў Форстэр. Амаль усе пэрсанажы Наварыча—пляскатыя. “Гэта не героі, гэта ідэі”, кажучы словамі Форстэра. А вось Аксана, якая спрабуе ўратаваць свайго мужа (“Мужны ўчынак жанчыны”)—пляскаты характар, які прыкідваецца аб’ёмным. Што азначае гэтая пляскатасьць? А тое, што пэрсанажы на працягу дзеі не разьвіваюцца. Яны, уласна кажучы, нават ня ўдзельнікі падзей—яны папросту іх сьведкі. Аўтар не дае ім шанцу выявіць сябе: уцягваць іх у нейкую рэальную дзею і ператвараць іх у канвэнцыйных “герояў” ён баіцца—хаця тлумачыць, што гэта яны, насамрэч, увесь час баяцца. Калі ж казаць пра галоўных герояў, іх у рамане два: гэта аканом Урбановіч і воўк Інсургент. Чалавек і драпежнік. Сякія-такія тлумачэньні Насамрэч, у рамана
дзьве тэмы, дзьве маралі, два погляды. Гэта—мараль чалавечая і “мараль”
ваўчыная. Чалавечая частка раману напісаная нібыта з пазіцыі ваўка—з драпежнай
абыякавасьцю да людзей, якая ёсьць крыніцай аўтаравай іроніі. Людзі, маўляў,
толькі й робяць, што дрыжаць за сваю чалавечую “скуру”. Сымбаль такога
чалавечага падыходу—рацыянальны “эканаміст” Урбановіч (дарэчы, адна з
наймацнейшых сцэнаў—калі ён выганяе “паўстанцаў” з хаты: адзіны момант,
калі нехта ў рамане рэальна змагаецца за сваю свабоду). Каронная фраза:
“Мы вашых раманаў не чыталі”. Затое воўк—ідэалізаванае стварэньне, для
якога свабода—адзінае памкненьне, дзеля яе воўк гатовы на любыя ахвяры,
а ў канцы раману помсьціць здраднікам за сваю няволю і прыніжэньне. Ваўчыная
мараль выяўляецца ў выказваньні “Разумееш, ваяваць—гэта забіваць людзей.
А гэтаму трэба ву-чыц-ца!”. У таго ж ваўка (тут згадка пра чачэнскую ваўчыцу—таксама
паказальная). Аўтар прапануе чытачу
выбраць паміж гэтымі двума падыходамі. Спроба сінтэзу ў асобе непераканаўчага
Яся Кавальца, гэткага мужыцкага калі не Хрыста, то Гандзі, у лік ня йдзе.
Які падыход бліжэйшы самому аўтару, ён далікатна замоўчвае, застаючыся
“па-над канфліктам”. То бок, ён насамрэч “ні да чаго не заклікае беларуса”,
як заўважыў адзін з крытыкаў у часопісе “Архэ”. Аднак гэта яшчэ не азначае,
што тэкст не імплікуе нейкай высновы. А выснова такая: чалавек у прынцыпе
ня можа быць свабодны—проста таму, што ён чалавек. У непераадольнасьці
вышэйзгаданай дылемы і ў залішняй сучаснасьці гэтай высновы якраз і выяўляецца
агістарычнасьць раману. Паўстанцы 1863 году не маглі падзяляць такой высновы,
як не маглі загадзя ведаць пра паразу паўстаньня. Яны сапраўды, у адрозьненьне
ад аўтара, былі рамантыкамі—таму нават нягледзячы на паразу былі сапраўднымі
героямі, у сапраўднасьць якіх аўтар ня верыць, таму імкнецца пераканаць
у іхнай несапраўднасьці і чытача. Праўда, робіць ён гэта залішне няўмела,
карыкатурна, а прыёры ператвараючы сваіх пэрсанажаў у лялькі, а іхныя
лёсы—у раман a la thйse. Іхная памылка, даводзіць аўтар, была ў тым, што
яны яшчэ верылі ў чалавека—як ні дзіўна, у таго ж мужыка—тым часам як
нам застаецца верыць... Ува што? У нейкі цуд, пераўтварэньне ў ваўкалакаў,
у няісную выспу свабоды пасярод Графскай пушчы, у папараць-кветку... Факт паразы паўстаньня
ператвараецца для аўтара ў сымбаль паразы вечнай. То бок, Наварыч карыстаецца
маскай гістарычнага жанру, каб паразважаць аб сучаснасьці й чалавечай
прыродзе. Няма дзіва, што людзі ХІХ стагодзьдзя, апісаныя з погляду стагодзьдзя
ХХІ і падагнаныя пад бачаньне гэтага стагодзьдзя, ператвараюцца ў пародыю
на саміх сябе: гэта адвечная праблема гістарычнага раману як жанру, ля
калыскі якога ў часы рамантызму ўжо стаяла памкненьне да гераізацыі—тое,
што ў рамане Наварыча прамаўляе адваротнае памкненьне, ёсьць характэрнай
прыкметай нашай эпохі, і выдатна, што гэты пэсімізм знайшоў сваё адлюстраваньне
ў літаратуры. Аднак, дзіўным чынам, сам факт існаваньня раману Наварыча абвяргае ягоны скептыцызм. Калі б у часы паўстаньня беларусы насамрэч разважалі так, як апісана ў Наварыча, то наўрад-ці ён бы напісаў сёньня свой раман па-беларуску. Мова, дарэчы, якраз і не дае аўтару спакою: адсюль непатрэбныя, здавалася б, анахранічныя мовазнаўчыя экскурсы, адсюль спроба даць волю як барбарызмам і дыялектызмам, так і ўласнай моватворчасьці... Мовы ў час дзеяньня раману нібыта “яшчэ” няма—і тым ня менш яна б’е ў вочы сваёй сталасьцю, багацьцем, у той самы час як абмяркоўвае права на сваё існаваньне. Раман сваёй наяўнасьцю нібыта сьведчыць: беларусы здольныя цяпер сьмяяцца і са сваіх уласных вытокаў, а гэта азначае, што ім, у прынцыпе, нічога не пагражае. Зрэшты, з гэтай высновай я таксама ня згодны. Калі беларуская літаратура—свабодная, як воўк, то небясьпека трапіць у пастку заўсёды прысутная. Адна з гэтых пастак—самазамілаваньне, пераацэнка моўнай эквілібрыстыкі і недаацэнка іншых фармальных бакоў рамяства, недастаткова крытычнае стаўленьне да ўласнага тэксту, а галоўнае—недаацэнка чытача, хай сабе нават гіпатэтычнага, тым больш—ідэальнага. Каб быць літоўскім ваўком (а пагатоў зубрам ці ваўкалакам), мала цяпнуць чытача за руку. Трэба ўсё-ткі паспрабаваць знайсьці зь ім агульную мову, прамаўляць да ягонага розуму, пачуцьцяў і сумленьня. Думаю, што Алесь Наварыч зробіць гэта ў сваіх будучых творах.
© Макс Шчур, 2007 |